Час смерці Пана Езуса – у тры гадзіны пасля апоўдні – з’яўляецца
часам прывілеяваным у набажэнстве да Божай Міласэрнасці. У гэты час стаім у
духу пад крыжам Хрыста, каб дзеля заслуг Яго мукі прасіць аб міласэрнасці для
сябе і свету. “У тры гадзіны, - гаворыць
Пан Езус да Сястры Фаўстыны, - малі аб
Маёй Міласэрнасці, асабліва для грэшнікаў, і хоць на кароткі момант заглыбляйся
ў Маю муку, асабліва ў Маю адзіноту ў хвіліну канання. Гэта гадзіна вялікай
міласэрнасці для ўсяго свету” (Дз 1320). Тут адразу патрэбна паясніць, што
гаворка не ідзе пра гадзіну гадзінніка (60 хвілін), але пра момант канання
Езуса на крыжы, або пра малітву ў тры гадзіны апоўдні.
Пан Езус не даў нам гатовай формулы малітвы ў 15.00 але
сказаў, што можна прайсці Крыжовую дарогу, наведаць Найсвяцейшы Сакрамэнт, а
калі на гэта не хапае часу, то ў гэтым месцы, дзе нас застане трэцяя гадзіна,
хоць на кароткі момант злучыцца з Ім, канаючым на крыжы. Прадметам гэтай
малітвы з’яўляецца таямніца мукі Панскай. Малітва ў Гадзіну Міласэрнасці
павінна адпавядаць акрэсленым умовам: маліцца патрэбна ў тры гадзіны пасля
апоўдні, калі гадзіннік праб’е гэтую гадзіну, малітва павінна быць скіраваная
напрастакі да Езуса, а ў просьбах належыць звяртацца да вартасці і заслуг Яго
балеснай мукі.
На практыцы і ў публікацыях часта паўтараецца меркаванне,
што ў тры гадзіны пасля апоўдні трэба адмаўляць Каронку да Божай Міласэрнасці і
што Каронка, прамоўленая ў гэты час, мае асаблівую моц. Такое мысленне вынікае
з няведання набажэнства да Божай Міласэрнасці ў формах, пераказаных праз Сястру
Фаўстыну, і можа быць з патрэбы карыстання гатовай малітоўнай формулай. Малітва
ў Гадзіну Міласэрнасці – асобная формула культу Божай Міласэрнасці, з якой Езус
звязаў акрэсленыя абяцанні і спосабы яе практыкавання. Нідзе не сказаў, што ў
гэтую Гадзіну патрэбна адмаўляць Каронку да Божай Міласэрнасці. Зразумела, што
ў тры гадзіны можам адмаўляць Каронку, так як і ў кожную іншую гадзіну дня і
ночы, але тады не практыкуем малітвы ў Гадзіну Міласэрнасці (толькі адмаўляем
Каронку). […] Малітва ў Гадзіну Міласэрнасці павінна быць скіравана проста да
Езуса.
Сістэматычная практыка малітвы ў Гадзіну Міласэрнасці
ўводзіць у асабісты, непасрэдны кантакт з Езусам, бо заклікае разважаць над Яго
міласэрнасцю, аб’яўленую ў муцы, звяртаецца да Яго непасрэдным спосабам як да
кагосьці вельмі блізкага і дзеля заслуг Яго мукі прасіць аб патрэбе ласкі для
сябе і для ўсяго свету. Ад нас залежыць, ці ў тры гадзіны пасля апоўдні хочам
практыкаваць малітву ў Гадзіне Міласэрнасці ці таксама прамаўляць Каронку да
Божай Міласэрнасці. У пераказванні набажэнства да Божай Міласэрнасці і яго
практыцы трэба яго ясна акрэсліць і не блытаць Каронку з Гадзінай Міласэрнасці.
Генезіс,
тлумачэнне і абяцанні
Гадзіна Міласэрнасці – так пра гадзіну сваёй смерці казаў
сам Пан Езус, калі ў кастрычніку 1937 года ў Кракаве пераказваў Сястры Фаўстыне
чарговую форму культу ў набажэнстве да Божай Міласэрнасці. Прыказанне адзначаць
гадзіну сваёй смерці паўтарыў некалькі месяцаў пазней, у лютым 1938 года,
акрэсліваючы мэту, спосаб правядзення і пацвярджаючы абяцанні, звязаныя з ёю. “Напамінаю
табе, дачка Мая, - звяртаўся да Сястры Фаўстыны, - што кожны раз, калі пачуеш,
што гадзіннік прабіў трэцюю гадзіну, пагружайся ў Маю Міласэрнасць і,
усхваляючы і праслаўляючы яе, звяртайся да яе ўсемагутнасці для ўсяго свету,
асабліва для бедных грэшнікаў, бо ў гэтую хвіліну яна насцеж адкрылася для
кожнай душы (…). У гэтую гадзіну з’явілася ласка для ўсяго свету – міласэрнасць
перамагла правасуддзе” (Дз 1572).
У гэты час завяршылася справа збаўлення чалавека. Езус
задаволіў Бога за нашыя грахі сваёю мукаю і паслухмянасцю аж да смерці і такім
спосабам паяднаў нас з Айцом, адкрыў замкнутыя праз Адама брамы неба. На крыжы
міласэрнасць перамагла справядлівасць, не перакрэсліла яе, але, спаўняючы,
перашагнула яе меру.
У хвіліну канання Езуса на крыжы мы павінны болей
разважаць над таямніцай Божай Міласэрнасці, якая найпаўней аб’явілася ў муцы і
смерці Уцелаўлёнага Сына Божага. “Хоць на кароткі момант, - заглыбляйся ў Маю
муку, асабліва ў Маю адзіноту ў хвіліну канання” (Дз 1320). Разважанне над
мукаю Пана павінна весці нас да пакланення і праслаўлення міласэрнасці Езуса, а
таксама – згодна з Яго жаданнем – да просьбы аб Міласэрнасці Бога і для ўсяго
свету, асабліва для грэшнікаў, якія з’яўляюцца ў найвялікшай патрэбе.
Акрамя таго, Пан Езус удзяліў Сястры Фаўстыне канкрэтныя
падказкі спосабу правядзення Гадзіны Міласэрнасці: “Старайся ў гэтую гадзіну
разважаць над стацыямі Крыжовага шляху, наколькі табе дазволяць твае абавязкі;
а калі не можаш трываць на Крыжовым шляху, то, прынамсі, зайдзі хоць на хвіліну
ў капліцу і ўшануй Маё Сэрца, поўнае міласэрнасці ў Найсвяцейшым Сакрамэнце; а
калі не можаш зайсці ў капліцу, пагрузіся ў малітву там, дзе ты знаходзішся, -
хоць на кароткі момант” (Дз 1572).
Каб практыкаваць малітву ў Гадзіну Міласэрнасці,
неабавязкова ісці да Касцёла або мець шмат часу. Калі яго не маем, дастаткова
кароценькай хвілінкі, каб у духу стаць на Галогофе ў падножжа крыжа і
спалучыцца з паміраючым Езусам. Пан Езус – па-за вядомай хрысціянскай
набожнасці Крыжовага шляху – не пакінуў ніякай малітоўнай формулы, але з
аналізу Яго абяцанняў вінкае, што малітва ў Гадзіну Міласэрнасці павінна
спаўняць акрэсленыя ўмовы.
Па-першае, павінна быць адгаворана ў тры гадзіны пасля
апоўдні (а не ўначы), бо гутарка ідзе аб памінанні моманту смерці Езуса на крыжы.
Па-другое, павінна быць скіравана непасрэдна да Пана Езуса, а не да Бога Айца,
Маці Найсвяцейшай ці св. Сястры Фаўстыны. Пан Езус сказаў: “Ні ў чым не адмоўлю
душы, якая просіць Мяне…” (Дз 1320). Мы можам аднак, прасіць аб міласэрнасці
разам з Марыяй, якая стаіць пад крыжам і разам са св. Сястрой Фаўстынай. У
просьбах павінны звяртацца да вартасці і заслугі балеснай мукі Пана Езуса, таму
ў гэтай малітве ўжываем зварот: “Дзеля Тваёй балеснай мукі, просім Цябе, Пане…”
[…] Інтэнцыі, якія скіроўваем падчас Гадзіны Міласэрнасці (малітва
заступніцтва), павінны быць згодны з воляй Божай, што належыць да сутнасці
кожнай малітвы, а сама малітва павінна быць перакананая і злучаная з актамі
міласэрнасці ў суадносінах з бліжнімі, што з’яўляецца ўмовамі сапраўданага
набажэнства да Божай Міласэрнасці.
Да так практыкаванай малітвы ў Гадзіну Міласэрнасці
далучыў Пан Езус абяцанні ўсялякіх ласкаў і мірскіх дабрадзействаў. “У гэтую гадзіну, - казаў Сястры
Фаўстыне, - Я ні ў чым не адмоўлю душы,
якая просіць Мяне праз Маю муку…” (Дз 1320). А іншым разам дадаў: “У гэтую гадзіну ты выпрасіш усё для сябе, і
для інышх” (Дз 1572).
Аўтар: с. М. Альжбета Сепак ZMBM
Крыніца: часопіс “Дыялог” № 2/2016
Крыніца: часопіс “Дыялог” № 2/2016