1.07.2016

Першая субота ліпеня 2016



І. ГЭТАЕ СВЯТА ВЫЙШЛА З ГЛЫБІНІ
МАЁЙ МІЛАСЭРНАСЦІ

“Вы бачылі пекла, куды ідуць душы бедных грэшнікаў. Каб іх збавіць, Бог прагне ўстанавіць у свеце культ Майго Беззаганнага Сэрца” – гэта словы Марыі, скіраваныя да трох дзяцей у Фаціме. Бог прагне выкарыстаць Марыю, Яе Беззаганнае Сэрца поўнае ласкі, каб збавіць грэшнікаў. Яна становіцца пасрэдніцай ласкаў Божых для тых, хто з верай прыбягае пад Яе апеку і абарону. Беззаганнае Сэрца Мары з’яўляецца начыннем поўным Божай любові, якую Бог удзяляе як ласку навяртання і ласку прабачэння кожнаму, хто шчыра і з жалем вяртаецца да Яго і просіць аб міласэрнасці.
Марыя ў хвіліну звеставання была названая нябесным пасланнікам “поўная ласкі”. Гэты тытул сведчыць пра тое, што Яна цалкам аддалася і даверылася Богу, а гэта значыць, што ласка Божая дзейнічала ў Ёй і праз Яе. Калі арханёл Габрыэль кажа Марыі: “Пан з Табою”, гэта азначае, што Бог, які выбірае Яе на Маці свайго Адзінароднага Сына, яднаецца з Ёй, пранікаючы да глыбіні Яе істоту. Запэўніванне арханёла “Пан з Табою” азначае прысутнасць Бога ў Марыі, у Яе Беззаганным Сэрцы, а таксама тое, што Бог прагне даваць сваю ласку праз Марыю. Святы Ян Павел ІІ у энцыкліцы “Redemptoris mater” тлумачыць:
“Гэта праяўляецца ў клопаце Марыі пра людзей, у тым, што Яна выходзіць ім насустрач у шырокім сэнсе іх патрэб і недахопаў. […] Гэта пасрэдніцтва: Марыя становіцца паміж сваім Сынам і людзьмі ў сітуацыі іх недахопаў і цярпенняў. Становіцца паміж, або пасрэднічае, не як чужая, а з пазіцыі Маці, усведамляючы, што як Маці Яна можа – а нават больш: мае права – сказаць Сыну пра патрэбы людзей. Яе пасрэдніцтва мае заступніцкі характар: Марыя заступаецца за людзей. Але не толькі гэта: як Маці Марыя хоча таксама, каб аб’явілся пасланніцкая моц Яе Сына. Гэта збаўчая моц, скіраваная на дапамогу людзкой бездапаможнасці, на вызваленне ад зла, якое ў рознай постаці і розных памерах абцяжарвае людзкое жыццё” (пар. 22). А таму Марыя супрацоўнічае са сваім Сынам Езусам ва ўдзяленні людзям Божых ласкаў. Хрыстос, аднак, застаецца адзіным пасрэднікам паміж Богам і людзьмі. Адсюль “мацярынская роля Марыі адносна людзей ніякім чынам не засланяе і не памяншае таго адзінага пасрэдніцтва Хрыста, а ўказвае на яго моц” (Lumen Gentium, 60).
Культ Беззаганнага Сэрца Марыі ўводзіць нас у глыбіню Божай Міласэрнасці. Яго моц Хрыстос аб’яўляе ў абяцанні, якую звязвае са святам Божай Міласэрнасці, якое выпадае ў другую вялікодную нядзелю. Св. Фаустына запісала ў сваім Дзённіку тое, што сам Езус сказаў ёй пра свята: “Я прагну, каб свята Міласэрнасці было паратункам і прытулкам для ўсіх душаў, і асабліва для бедных грэшнікаў. У гэты дзень адкрытыя глыбіні Маёй міласэрнасці, Я выліваю цэлае мора ласкаў на душы, якія набліжаюцца да крыніцы Маёй міласэрнасці” (Дз. 699).
Гэтае абяцанне і яго выкананне маюць падставу ў прыпавесці пра марнатраўнага сына. Калі малодшы сын растраціў сваю частку маёнтку, жывучы ў далёкай краіне, не маючы сродкаў для жыцця, ён вырашае вярнуцца да дому свайго айца. Ён ідзе туды з надзеяй, што будзе прыняты хоць бы як наёмны рабочы. Ён хоча прызнаць сваю віну, прыніжаны пачуццём страчанай годнасці сына. Ён з жалем прызнае: “Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх” (Лк 15, 18-19). Бацька, бачучы вяртаючагася сына, не зачыняе перад ім дзверы, не нагадвае пра памылкі, не выкідвае з дому, а ўзрушаны, выбягае сыну насустрач. Кідаецца яму на шыю і цалуе яго. Семіцкая традыцыя багатая на жэсты. Пацалунак гаспадара выражаў дабразычлівы настрой да тых, што прыбылі да яго гаспадарства. Пацалунак айца павінен быў пераканаць марнатраўнага сына, што бацька не перастаў адорваць яго сваёй любоўю. Вяртанне сына і яго жаль робяць так, што айцец не нагадвае яму мінулага, а з радасцю забягае ў будучыню, якую хоча забяспечыць сыну. Ён ахвяруе яму сваю шату, персцень і сандалі, якую на мове прыпавесці азначаюць вяртанне грэшніку ласкі Божай.
Такі паварот абставінаў адкрывае сыну вочы на бязмежную любоў айца. Ён жа вяртаўся да дому з надзеяй стаць хаця б наймітам у маёнтку айца, а той у сваю чаргу вярнуў яму страчаную годнасць сына, бо для айца ён ніколі не пераставаў быць дзіцём. Менавіта так Бог любіць чалавека. Дае яму больш, чым той спадзяецца. Для Бога людзкі грэх не робіць перашкоды, каб аказаць чалавеку сваю міласэрнасць. Бог чакае толькі таго, каб ён з даверам звярнуўся да Яго міласэрнасці: “Ніводная душа не знойдзе апраўдання, пакуль не звернецца з даверам да Маёй міласэрнасці, і таму першая нядзеля па Вялікадні павінна быць святам Міласэрнасці, і святары ў гэты дзень павінны гаварыць душам пра гэтую вялікую і неспасцігальную Міласэрнасць” (Дз. 570).
Хрыстос прагне, каб нядзеля па Вялікадні была асаблівым днём усяго года, каб была святам Яго міласэрнасці. “Душы гінуць, нягледзячы на Маю горкую муку. Я даю ім апошні шанец для паратунку, гэта значыць свята Маёй міласэрнасці. Калі яны не ўшануюць Маёй міласэрнасці, то згінуць навекі” (Дз. 965). Свята Божай Міласэрнасці – гэта апошні шанец паратунку, дадзены Богам грэшнаму чалавеку. Кожнага, хто ў гэты дзень прыйдзе да крыніцы Божай ласкі, шчыра прагнучы парваць з грахом і змяніць сваё жыццё, Бог адорыць сваім прабачэннем і міласэрнасцю. Хрыстос прагне для нас жыцця ў шчаслівай вечнасці і таму дае нам сродкі, каб дасягнуць гэтай канчатковай мэты. Ён клапоціцца пра тое, каб мы не згубілі дар збаўлення і не пайшлі на вечнае асуджэнне. Міласэрны Збаўца запэўнівае: “Тая душа, якая прыступіць да споведзі і святой Камуніі, атрымае поўнае адпушчэнне правінаў і караў. У гэты дзень адкрытыя ўсе Божыя каналы, па якіх сыходзяць ласкі; няхай не баіцца наблізіцца да Мяне ніводная душа, нават калі б яе грахі былі, як пурпур” (Дз. 699).
Бог незразумелы ў сваёй міласэрнасці. Ён чакае ад грэшніка так няшмат, каб аказаць яму веліч сваёй міласэрнасці, якую людзкі розум не здольны ў часовым жыцці ні зразумець, ні паглыбіць. Чалавек можа, аднак, сэрцам прыняць гэты дар, калі ў Свята Міласэрнасці або перад ім прыступіць да сакраманту споведзі, а таксама прыме ў гэты дзень св. Камунію. Святая споведзь – гэта акт веры грэшніка, які перад тым, як вызнаць свае грахі, прымае рашэнне канчаткова з імі парваць. Ён абуджае тады жаль за грахі і пастанаўленне выправіцца. Пасля шчырага вызнання грахоў ён выконвае пакуту, каб праз узнагароду выправіць учыненае зло. Касцёл нагадвае нам, што ўчыненыя грахі прыцягваюць за сабой наступствы, гэта значыць за іх трэба адпакутваць, адцярпець за іх. За грахі, за якія мы не паспеем адпакутваць у зямным жыцці, нам прыдзецца цярпець у чыстцы.
У Свята Міласэрнасці Хрыстос прагне дараваць кару за грахі тым, што будуць у стане асвячальнай ласкі і прымуць святую Камунію. Выконваючы гэтыя ўмовы, у Свята Міласэрнасці мы атрымліваем ласку поўнага адпушчэння правінаў і кар. Пан удзяляе нам ласкі невычарпальнай міласэрнасці, каб такім чынам мы былі звольненыя ад цярпення за нашыя грахі ўжо тут на зямлі або ў вечнасці.
Марыя, блаславёная паміж жанчынамі, агарняе нас любоўю свайго Беззаганнага Сэрца, каб дзякуючы ласцы Божай мы вызваліліся ад моцы граху. Найсвяцейшая Дзева вядзе нас да блаславёнага плёну – вяртання да новага жыцця ў Хрысце, Міласэрным Збаўцы.

ІІ. ТАЯМНІЦЫ ХВАЛЕБНЫЯ
(Режанец)

Уваскрашэнне Езуса

Мы моцна трымаемся за часовае жыццё. Пра ўваскрашэнне думаем найчасцей на Вялікдзень. Але і тады думаем хутчэй пра ўваскрашэнне Езуса, а не пра ўваскрашэнне ўласнага цела. Ва ўсім свеце ў клініках пластычнай хірургіі шмат пацыентаў, якія жадаюць зрабіць аперацыю, каб ня гледзячы на гады выглядаць молада і прыгожа. Гэта аблуда, што такім чынам яны затрымаюць час, з’яўляецца ўцёкам ад бегу часу. Гэта свайго роду пратэз даўгавечнасці.
Уваскрашэнне Хрыста адкрывае нам шлях да нашага ўваскрашэння, да жыцця вечнага ў любячым нас Богу. Мы прымаем удзел у вечным жыцці ўжо тут на зямлі, калі жывем у асвячальнай ласцы Божай. Вучні, якія зачыніліся ў Вячэрніку, баяліся толькі габрэяў. Яны адчувалі таксама страх сустрэчы з уваскрослым Настаўнікам. Напэўна думалі, што скажа ім Хрыстос, калі прыйдзе? Як паглядзіць на іх здраду і ўцёкі з саду Аліўнага? А Езус, калі Ён стаў сярод іх, то сказаў словы: “Супакой вам!”. Ніводнага папроку, выгавару, дакору. Ён з’явіўся перад імі без слова асуджэння! Гэта пераўзышло спадзяванні вучняў. Езус даў ім новы шанс, новае жыццё.
Кожны дзень у душы нараджаецца непакой і страх. Ачышчэнне ад грахоў у сакраманце споведзі вяртае страчаны спакой і радасць сэрца. Прымірэнне з Богам з’яўляецца нашым няспынным уваскрашэннем да жыцця ў Яго ласцы.

Унебаўшэсце Езуса

Наша айчына ў небе. Тут на зямлі мы толькі часова. Наша часовае жыццё – гэта толькі шлях, які вядзе да вечнасці. Для адных – гэта толькі сродак для дасягнення мэты, для іншых мэта сама па сабе. Для тых другіх важна, каб шлях гэты быў гладкі і шырокі, без дзюр і ўхабаў. Для іх важна перш за ўсё тое, каб шлях быў няцяжкі, або без скрыжаванняў з цяжкасцямі і праблемамі. У захапленні ад таго, што гэта шлях высокай якасці, яны нават не думаюць, куды і да чаго вядзе гэты шлях.
Уваскрослы Езус увайшоў у неба і паказаў нам мэту нашай жыццёвай вандроўкі. Канчатковай мэтай, да якой мы павінны імкнуцца, з’яўляецца вечнае збаўленне і вечнае жыццё ў Богу. Ад таго, як мы перажываем часовае жыццё – з Богам або супраць Яго; у любові да бліжняга ці ў любові толькі да сябе – будзе залежыць нашая вечнасць. Пасля смерці кожны чалавек пойдзе на Суд Божы. Тады, тыя, што сваё жыццё напоўнілі дабром, пойдуць да ўваскрашэння збаўленых, а тыя, што сваё жыццё аддалі злу – да ўваскршэння асуджаных. Калі мы верым толькі ў неба, гэтага занадта мала. Трэба верыць таксама ў існаванне пекла і рабіць усё, каб да яго не трапіць.

Спасланне Духа Святога

Масавая культура ўвесь час стварае і пускае ў ход сваю прадукцыю. У выніку паўстае свет аднолькавай моды, падобных людзкіх паводзінаў, падобных патрэб і імкненняў. Дух гэтага свету робіць так, што чалавек перастае бачыць нешта за гарызонтам ужывання. Гэта той від духа, які звяртае нашу ўвагу на тое, што матэрыяльнае, і амінае тое, што духоўнае. Калі мы хочам “мець” яшчэ больш, мы пачнем “быць” яшчэ менш!
Спасланне Духа Святога на сабраных у Вячэрніку Марыю і Апосталаў дало ім моц выйсці на двор і адважна несці свету Евангелле. Дух праўды, якім Хрыстос абдараваў сваіх вучняў, вёў іх да вызнання веры, пацверджанага сведчаннем мучаніцтва. Дух Святы вядзе кожнага, хто падпарадкоўваецца Яго дзеянню, да рэчаіснасці будучых дабротаў. Дух Суцяшальнік прыходзіць да нас з надзеяй і дапамогай у нашай слабасці, будзіць у нас прагненне дабра і праўды. Нясе з сабой дары, тыя самыя, што атрымалі Апосталы. Таксама як і яны, у нас ёсць свае падзенні і нявернасці, але Хрыстос таксама і нас выбірае і ўдзяляе нам свайго Духа, каб мы ішлі і плён прыносілі…

Унебаўзяцце Марыі

Збег спрыяльных для нас абставінаў робіць нас вельмі шчаслівымі. Жыццё здаецца нам тады нашмат прасцейшым. Свет мы тады бачым ў ружовых адценях. Праблемы ўжо не такія цяжкія. Усялякія перашкоды ужо для нас не існуюць. Сустраканыя людзі – як самыя лепшыя. Перажываная радасць дае нам уражанне, што мы як бы “ўнебаўзятыя”. Але гэта толькі слабое адлюстраванне рэчаіснасці, якая нас чакае ў вечнасці.
Марыя была ўнебаўзятая з душой і целам і першая дасягнула збаўлення. Для нас пілігрымуючых да вечнай айчыны Яна з’яўляецца крыніцай суцяшэння і знакам надзеі. Бог не хацеў, каб Маці Яго Адзінароднага Сына спазнала сапсавання ў трумне. Таму Створца адарыў Марыю – самае дасканалае стварэнне сярод стварэнняў – ласкай уваскрашэння не спазнаўшы смерці.
Марыя ахоплівае нас сваёй матчынай любоўю і вядзе нас да Хрыста. У Ім нашае збаўленне. Найсвяцейшая Дзева ніколі не засланяе сабой Езуса. Яна заўсёды паказвае на Яго. З’яднаныя з Марыяй праз веру, надзею і любоў мы ідзем да Хрыста, даўцы вечнага жыцця, якое будзе нашым удзелам пасля прыходу да неба.

Укаранаванне Марыі

Мы часта молімся да Марыі як да Каралевы Беларусі. Больш таго, мы звяртаемся да Марыі як да Каралевы неба і зямлі. Мы прагнем, каб Марыя, якая знаходзіцца ў хвале неба, прыйшла нам на дапамогу ў нашых зямных справах. У сваёй малітве мы запэўніваем Марыю, што мы з Ёй, памятаем пра Яе і чуваем кожную хвіліну. Аднак, у сваёй малітве мы, перш за ўсё, просім Марыю, каб Яна была з намі і заступалася за нас сваёй малітвай і любоўю; каб Яна памятала пра нас перад тронам Свайго Сына і пасрэднічала ва ўдзяленні нам ласкаў; каб Яна чувала над намі і сцерагла ад згубленасці ў жыцці.
Для Бога мудрасць гэтага свету з’яўляецца глупствам, а тое, што свет лічыць глупствам, з’яўляецца мудрасцю ў вачах Божых. Таму Марыя – пакорная, ціхая і паслухмяная Богу – для сучасных Ёй людзей здавалася не з гэтага свету. Жыццё Марыі, служабніцы Пана, менавіта таму было ўкаранаванае хвалой Божай. Беззаганная Дезва з’яўляецца Каралевай неба і зямлі, але ці таксама Каралевай нашых сэрцаў? Марыя – Каралева мае права чакаць ад нас выканання яе гарачага прагнення, якое Яна кажа кожнаму з нас: “Зрабіце ўсё, што Сын мой вам скажа!”.

ІІІ. ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЕ РАЗВАЖАННЕ
ТАЯМНІЦА СВЯТЛА
Перамяненне на гары Фавор

Маці, вось я!
Маці Хрыста і мая Беззаганная Маці, вось я з Тваім Сэрцам у гэты асаблівы дзень, які Ты выбрала, каб несці дапамогу свету і бедным грэшнікам. Я добра памятаю, што ў гэты дзень Ты просіш сваіх дзяцей аб споведзі, св. Камуніі, ружанцы, а таксама пятнаццаціхвілёвым разважанні над ружанцовымі таямніцамі. Таму, распачынаючы медытацыю, я нагадваю сабе таксама словы с. Луцыі. Яна падкрэслівала, што ўзнагараджальная інтэнцыя, якая павінна ў гэты час быць у нашым сэрцы, з’яўляецца вельмі важным элементам набажэнства, аб якім Ты просіш. Таму я жадаю таксама ахвяраваць Табе сваё сэрца, жадаю, каб у гэты час яно было толькі для Цябе, каб спачувала Твайму Беззаганнаму Сэрцу. Калі я ўсведамляю гэта і пачынаю адчуваць Тваю прысутнасць, маё сэрца напаўняецца радасцю. Хоць трохі і нясмела, аднак у гэтую першую суботу месяца я прагну вызнаць з с. Луцыяй, што ніколі не адчуваю сябе такім шчаслівым, як тады, калі прыходзіць першая субота месяца.
Сёння Ты вядзеш мяне на Гару Фавор, дзе адбылося нешта незвычайнае, дзе Твой Сын паказаў Сваю хвалу, дзе Ён перамяніўся на вачах трох вучняў. Евангеліст Марк так апісаў гэтую падзею, змяшчаючы у пачатку вельмі красамоўныя словы Езуса.
“І сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць  смерці,  пакуль  не  ўбачаць  Божага  Валадарства,  якое  прыйдзе  ў магуцці». І праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна і асобна павёў іх адных на высокую  гару.  І  перамяніўся  перад  імі.  Адзенне  Ягонае  стала  бліскучым  і вельмі  белым,  як  ніводзін  валюшнік  на  зямлі  не  можа  выбеліць.  І  з’явіўся  ім Ілля  з  Майсеем,  і  размаўлялі  з  Езусам.  Адазваўшыся,  Пётр  сказаў  Езусу: «Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін  Іллі». Бо  не  ведаў,  што  сказаць,  таму  што  яны  спалохаліся.  І  з’явілася воблака, якое закрыла іх, і з воблака пачуўся голас: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце». І адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, толькі аднаго Езуса” (Мк 9, 1-8). 
Пасля абвяшчэння прароцтва пра хуткі надыход Божага Валадарства Езус забірае з сабой трох вучняў і дапускае іх да вельмі блізкага і глыбокага пазнання Яго таямніцы. Падчас перамянення на гары Фавор Езус аб’яўляецца ў сваёй Боскай хвале як Сын Божы. У першыню падчас свайго зямнога жыцця Езус паказвае сябе вучням у “Божай постаці”. Тры выбраныя вучні Пана – Пётр, скала, на якой будзе стаяць Касцёл, Ян – любы вучань, Якуб – які першым павінен памерці за Езуса; гэта тыя, што былі сведкамі ўваскрашэння дачкі Аіра, і якія ўбачаць таксама трывогу Езуса ў садзе Аліўным, а цяпер ім дадзена магчымасць бачыць веліч Хрыста ў хвіліну Яго Перамянення. Колькі ж Бог робіць для чалавека, каб ён паверыў. Езус хоча ўзмацніць веру вучняў, якія няшмат зразумелі з прадказанняў Яго пакуты, але таксама не заўважылі Яго велічы як абяцанага Месіі.
Хоць вучні Езуса ўдзельнічалі ў цудзе памнажэння хлябоў, калі Езус накарміў некалькімі буханкамі хлеба тысячы слухаючых Яго ў пустыні, аднак праз некалькі хвілін яны ўжо самі баяліся, што не хопіць хлеба. Таму Езус такім чынам звяртае іх увагу: “Чаму разважаеце, што не маеце хлеба? Хіба не разумееце і не ведаеце? Ці яшчэ скамянелыя сэрцы вашы?  Маеце вочы і  не  бачыце,  маеце  вушы  і  не  чуеце?  Ці  не  памятаеце,  колькі  поўных  кашоў рэштак сабралі вы, калі Я разламаў пяць хлябоў на пяць тысяч?» Яны адказалі Яму: «Дванаццаць». «А калі Я разламаў сем хлябоў на чатыры тысячы, колькі поўных  кашоў  рэштак  сабралі  вы?»  Адказалі  Яму:  «Сем».  І  сказаў  ім:  «Усё яшчэ не разумееце?»” (Мк 8, 17-21).
Беззаганная Маці, Каралева Апосталаў, поўная клопату пра вечнае збаўленне ўсіх людзей, ці ж такія хвіліны не напаўняюць Тваю душу непакоем, а нават цярпеннем? А можа гэта нам сення толькі здаецца, што бачучы такую ўпартую паставу чалавека, яго асляпленне, можна паддацца сумневу? Калі Езус рабіў так шмат цудаў, столькі працаваў, навучаў, а яны і далей не разумеюць, што тады будзе, калі Яго не стане? Хоць Ты, Маці, да канца засталася вернай і пакорнай Служабніцай Пана, аднак меч болю працяў Тваё Сэрца. Таму я прашу ў Цябе прабачэння за ўсе хвіліны ў маім жыцці і ўсіх Тваіх дзяцей, калі, ня гледзячы на намаганні, мы пачынаем сумнявацца; за тое, што клопаты гэтага свету заглушаюць ўзрост зерня, якое пасеяў Твой Сын.
Гледзячы на апосталаў, асабіста выбраных Хрыстом, на іх недахоп веры, думаю, як падказвае мне сэрца, што Ты і сёння адчуваеш той самы боль, калі мы, хоць і называемся Тваімі дзецьмі, з-за цяжкасцяў сумняваемся ў Тваім Пасрэдніцтве перад Божым Тронам. Ці ж на ўзор Перамянення Езуса, свет не зведаў у шматлікіх пераломных хвілінах сваёй гісторыі сведчанняў Тваёй асаблівай прысутнасці, знакаў Тваёй хвалы? Ці, аднак, дзякуючы гэтаму мы больш Табе давяраем? Не, наша пастава нагадвае хутчэй паводзіны вучняў на Гары Фавор, мы часам спалоханыя і баязлівыя. Маці, ці гэты страх у маім сэрцы не становіцца цернем, якое ўбіваецца ў Тваё Сэрца? Ці сэрца маці не церпіць, калі бачыць, што яе ўласнае дзіця не давярае ёй да канца, калі сумняваецца калі кажа “люблю”, і баіцца любіць да канца? Так, нажаль, часам бывае ў маім жыцці. Прабач мяне за гэта, Маці!
О Беззаганная Дзева з Назарэту! Табе не былі патрэбныя ніякія цуды і знакі, каб адказаць Богу “так” і быць вернай да канца, нават у хвіліны, калі Ты прытуляла да Сэрца мёртвае цела Хрыста. У Тваім Сэрцы не было страху, хоць гледзячы па-людзку, Ты стаяла перад абліччам падзей, якія маглі нарадзіць страх і сумневы. Ты, о Беззаганная, спяваеш, аднак, Магніфікат, а вучні, гледзячы на Боскую хвалу Езуса, адчуваюць страх. Чаму? Можа ў гэтым позірку на Хрыста было зашмат ранейшых людзкіх уяўленняў? Можа яны былі здзіўленыя візіяй, якая адрознівалася ад іх людзкіх спадзяванняў? Я цяпер лепш разумею, Маці, што азначалі Твае словы падчас звеставання. Хоць Ты не разумела, як гэта магчыма, што Ты станеш Маці Сына Божага, хоць па-людзку гэта было незразумелым, Ты, аднак, сказала “так” Богу, бо гэта была Яго воля. Маці ўсіх веруючых, наша Правадніца на шляху збаўлення, ці не прычыняем мы Табе боль, калі, хоць і лічым сябе веруючымі, аднак думаем больш па-людзку, давяраем больш таму, што бачым уласнымі вачыма?
Я задаю сабе пытанне: куды бягуць мае думкі, калі я перажываю цяжкасці ці цярпенні? Што я раблю, калі даведваюся пра хваробу? Ці шукаю спачатку добрага лекара, а калі ўжо няма надзеі, тады пачынаю маліцца? Што я раблю, калі Святы Айцец заклікае мяне да малітвы ў важных справах свету і Касцёла, ці веру я ў моц малітвы і ўчынкамі адказваю на просьбу Намесніка Хрыста?
Падчас Перамянення вучні чуюць голас Айца, які кажа, што Езус – Яго любы Сын, што гэта Яго павінны слухаць. Бог Айцец звяртаецца да сведкаў Хрыстовага Перамянення, каб ва ўсім слухалі Яго Сына! Для Цябе гэтыя словы, Маці, напэўна асаблівыя. Ты прыходзіш у Фаціму з такім самым заклікам: каб людзі, гэта значыць кожны з нас, пакінулі грэх, не абражалі Твайго Сына, слухалі Яго навуку. Ты таксама пасланніца Бога, бо, як Ты сама сказала, гэта “Бог прагне ўстанавіць у свеце набажэнства да Твайго Беззаганнага Сэрца”. Ці свет слухае Твае словы, ці свет слухае словы Езуса? Усё гэта застаецца таямніцай Твайго Сэрца. Калі яшчэ не надышла гадзіна трыюмфу Твайго Баззаганнага Сэрца, можна падумаць, што мала ў нас вернасці навуцы Хрыста, занадта шмат граху ў нашым жыцці, занадта мала ўзнагароды за грахі, якія так раняць Тваё Беззаганнае Сэрца. А гэта значыць, што церні і далей убіваюцца ў Тваё Сэрца, Маці, і далей прычыняюць Табе боль.
Ці людзі слухаюць Тваго Сына і Яго навуку? Як жа горка і трагічна гучаць словы Пія ХІІ, які ў 1943 годзе, падчас другой сусветнай вайны, нагадаў усяму Касцёлу падставовую праўду: “Не хопіць толькі маліцца, заклікаць дапамогі Езуса, пасрэдніцтва Марыі. Трэба, каб усе пазналі і прызналі, што гэта вайна, здаецца, самая вялікая ад пачатку свету, нішто іншае як самая заслужаная кара за зневажанне Божай справядлівасці.
Людзкі розум, занадта ўпэўнены ў сваіх сілах, адмовіў у паслухмянасці Богу. Людзі занядбалі рэлігію, цалкам пра яе забыліся. Загады рэлігіі адкінулі як нягодныя сябе і сваіх часоў. Імкнуліся толькі да выгады, да багацця, раскошы. Гэта адпомсціла, бо калі адкінуць святасць і рэлігію, наступае вялікі хаос у жыцці і нечаканыя хваляванні. Была цемра, патрэбнае святло праўды. Тыя, што адкінулі рэлігію, няхай цяпер да яе вернуцца. Звычаі павінны быць уфармаваныя паводле навукі Хрыста”.
Ці сёння, чуючы пра войны, перавароты ці пераследванні хрысціян, мы ўсведамляем, што нашае жыццё і вернасць навуцы Хрыста не без значэння? Чалавечы розум і яго магчымасці часам здольныя нас засляпіць і тое, што магчыма выканаць тэхнічна, мы часам прызнаем добрым. Мы паддаемся дыктатуры розуму і нашых магчымасцяў, і гэтым самым неаднарозова выказваем паслухмянасць Божаму Праву. Маці, столькі цярпення, войнаў, пераследванняў, катаклізмаў і тэрарызму, а мы і далей часта нічога не разумеем. Мы далей трываем у нашым людзкім уяўленні і перакананні, што на ўсё мы можам знайсці падыходзячы лек. І далей атэізм, які казаў, што “рэлігія – гэта опіум для народу”, прыносіць свае плёны, далей не дазвале слухаць спачатку Бога, і толькі потым людзей. Калі мы зразумеем словы св. Аўгустына, які вучыў, што, калі Бог будзе на першым месцы, то ўсё іншае будзе на сваім месцы? А калі Бог не будзе на першым месцы, усё заўсёды будзе не на сваім. Калі ж скончыцца гэты духоўны беспарадак?
Я ўжо разумею, Маці, што адным са шляхоў выпраўлення свету і яго ўпарадкавання, з’яўляецца шлях узнагароды за грахі. Ты сама нам нагадваеш, што гэта шлях, які вядзе да трыюмфу Твайго Беззаганнага Сэрца. Як Тваё дзіця, Марыя, я прагну быць побач з Тваім Сэрцам, бо від церняў, якія Яго аплятаюць, адкрывае мне вочы. Дзякую Табе, за гэта, о Беззаганная! Я веру, што, калі я сапраўды празрэў і пачынаю глядзець больш па-божаму, Тваё Сэрца менш церпіць. Я хачу, каб так сталася! Таму я дзякую Табе, Маці, за гэтыя хвіліны, якія я правёў ля Твайго Сэрца; дзякую за Тваё запрашэнне да разважання над ружанцовымі таямніцамі. Дзякую Табе, Маці, што Ты прывяла мяне сёння на Гару Фавор, каб паказаць мне Боскую хвалу Твайго Сына і нагадаць, што воля Бога Айца ў тым, каб я заўсёды слухаў Хрыста. Ave Maria!

ІV. АПЭЛЬ МАРЫЙНЫ
Марыя – Маці Міласэрнасці

Святая і Беззаганная, Найчысцейшая і Найхвалебнейшая, Прыгожая і цалкам Дасканалая, бо цалкам Божая. О Марыя, якая ж Ты цудоўная! Фацімская Спадарыня, Каралева Беларусі і Маці Міласэрнасці, будзь прывітаная.
Маці Міласэрнасці, у гэты фацімскі дзень, калі мы ўзгадваем Тваё чарговае аб’яўленне тром пастушкам, мы думаем пра змест Твайго Паслання. Праз дзяцей Ты паказала і нагадала свету праўду пра пекла і пра вечнае асуджэнне грэшнікаў. Іх трагічны лёс напаўняе Тваё Беззаганнае Сэрца болем, а таксама клопатам пра вечны лёс кожнага з нас. Таму мы прагнем, Маці на шляхах нашай веры, вучыцца ў Цябе, яшчэ больш Цябе пазнаваць і яшчэ больш Цябе любіць. Правадніком у сённяшнім разважанні будзе св. Ян Павел ІІ, які як Папа вучыў нас не толькі прыкладам, але такім словам:
Misericordias Domini aeternam cantabo (Я вечна буду ўспяваць міласэрнасць Пана (пар. Пс. 89, 2).
У гэтых пасхальных словах Касцёла поўняй свайго прароцкага зместу гучаць словы Марыі, сказаныя пры наведванні Альжбеты, жонкі Захарыі: міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне (пар. Лк 1, 50). Гэтыя словы ўжо з хвіліны Уцелаўлення адкрываюць новую перспектыву гісторыі збаўлення. Пасля ўваскрашэння Хрыста яна новая гістарычна і адначасова новая эсхаталагічна. З гэтага часу новыя пакаленні людзей праходзяць у няспынна павялічваючайся вялікай людзкой сям’і, праходзяць новыя пакаленні Божага Народу, кранутыя стыгматам крыжа і ўваскрашэння, апячатаныя (2 Кар 1, 21) знакам пасхальнай таямніцы Хрыста, радыкальным аб’яўленнем гэтай міласэрнасці, якое абвясціла Марыя на парозе дому сваёй сваячкі: міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне (пар. Лк 1, 50).
Марыя адначасова тая, што асаблівым чынам, як ніхто іншы, зведала міласэрнасць і адначасова асаблівым чынам адкупіла ахвярай сэрца свой удзел у аб’яўленні Божай міласэрнасці. Гэта ахвяра цесна звязана з крыжам Яе Сына, у стоп якога выпала Ёй стаць на Кальварыі. Гэтая ахвяра – гэта своеасаблівы ўдзел у гэтым аб’яўленні міласэрнасці, або безумоўнай вернасці Бога сваёй любові, Запавету, які Ён планаваў спрадвеку, а потым заключыў з чалавекам, у аб’яўленні, якое канчаткова выканалася праз крыж. Ніхто так, як Маці Укрыжаванага, не зведаў таямніцы крыжа, гэтай жудаснай сустрэчы трансцэндэнтнай Божай справядлівасці з любоўю, гэтага пацалунку, які міласэрнасць удзяліла справядлівасці (пар. Пс 85, 11). Ніхто таксама, як Яна – Марыя – не прыняў сэрцам гэтай таямніцы, Божага вымярэння Адкуплення, якое выканалася на Кальварыі праз смерць Яе Сына разам з ахвярай мацярынскага Сэрца, разам з Яе канчатковым “fiat”.
Таму Марыя адначасова Тая, што найпаўней ведае таямніцы Божай міласэрнасці. Яна ведае, колькі яна каштавала і наколькі яна вялікая. У гэтым сэнсе мы называем Яе таксама Маці міласэрнасці – Маці Божай міласэрнасці або Маці міласэрнасці Божай, і кожны з гэтых тытулаў мае свой глыбокі тэалагічны сэнс. Яны кажуць пра тую асаблівую здольнасць Яе душы, усёй Яе асабовасці, бачыць праз розныя падзеі гісторыі Ізраэля, а таксама кожнага чалавека і ўсяго чалавецтва, гэтую міласэрнасць, якая з пакалення ў пакаленне (пар. Лк 1, 50) становіцца іх удзелам згодна са спрадвечным планам Найсвяцейшай Тройцы.
Перш за ўсё, гэтыя вышэй узгаданыя тытулы, якімі мы называем Багародзіцу, кажуць пра Яе як пра Маці Укрыжаванага і Уваскрослага. Як пра Тую, што дасведчыўшы міласэрнасці асаблівым чынам, такім жа чынам заслугоўвае гэтай міласэрнасці на працягу ўсяго свайго зямнога жыцця, і перш за ўсё, у стоп крыжа свайго Сына. Кажуць пра Яе нарэшце як пра тую, што праз свой укрыты і адначасова незраўнаны ўдзел у апостальскім пакліканні Свайго Сына, асаблівым чынам была пакліканая да таго, каб прыблізіць людзям гэтую любоў, якую Ён прыйшоў ім аб’явіць. Любоў, якая найдакладней пацвярджаецца ў адносінах да тых, што церпяць, у адносінах да ўбогіх, пазбаўленых вольнасці, сляпых, прыгнечаных і грэшнікаў, так як пра гэта, паводле слоў прароцтва Ісаіі, сказаў Хрыстос у назарэтанскай сінагозе (пар. Лк 4, 18), а потым адказваючы на пытанне пасланнікаў Яна Хрысціцеля (пар. Лк 7, 22).
Менавіта гэтая міласэрная любоў, якая пацвярджаецца перш за ўсё ў сутыкненні са злом маральным і фізічным, стала асаблівым чынам удзелам сэрца Той, што была Маці Укрыжаванага і Уваскрослага – удзелам Марыі. І не перастае яна ў Ёй і праз Яе далей аб’яўляцца ў гісторыі Касцёла і ўсяго чалавецтва. Гэта асабліва плённае аб’яўленне, таму што абапіраецца яно ў Багародзіцы на асаблівую падатлівасць матчынага сэрца, на асаблівую ўражлівасць, на асаблівую здольнасць дайсці да ўсіх, што менавіта гэтую міласэрную любоў лягчэй прымаюць ад Маці. Гэта адна з вялікіх і жыцядайных таямніц хрысціянства, якая наймацней звязана з таямніцай Уцелаўлення.
Гэта мацярынства Марыі ў сберажэнні ласкі (як кажа Другі Ватыканскі Сабор) трывае заўсёды – пачынаючы з акту згоды, якую ў хвіліну звеставання Яна верна выразіла і якую моцна захавала пад крыжам, аж да вечнага ажыццяўлення збаўлення ўсіх выбраных. Таму што, узятая ў неба, Яна не спыніла гэтае збаўчае заданне, але дзякуючы свайму няспыннаму заступніцтву Яна выпрошвае нам дары вечнага збаўлення. Дзякуючы сваёй матчынай любові Яна апякуецца братамі i сёстрамi свайго Сына, пілігрымуючымі і спакушанымі цяжкасцямі і небяспекамі, пакуль яны не будуць прыведзеныя да шчаслівай айчыны” (Святы Ян Павел ІІ, Dives in Misericordia, пар. 9).

Паглядзі, ласкавая Спадарыня, на гэты народ, які спрадвеку заставаўся верным Табе і Твайму Сыну.
Паглядзі на гэты народ,
які заўсёды пакладаў надзею ў Тваёй матчынай любові.
Паглядзі, звярні на нас свае міласэрныя вочы,
выпрошвай тое, што Тваім дзецям найбольш патрэбна.
Убогім і церпячым адчыняй дзверы заможных.
Беспрацоўным дай сустрэць працадаўцу.
Выкінутым на вуліцу дапамажы знайсці дах над галовой.
Сем’ям дай любоў,
якая дапамагае перажыць усе цяжкасці.
Маладым паказвай шлях і перспектывы на будучыню.
Дзяцей ахіні плашчом сваёй апекі,
каб яны не паддаліся спакусе.
Манаскія супольнасці ажыўляй ласкай веры, надзеі і любові.
Святароў вучы наследаваць Твайго Сына
у штодзённым аддаванні свайго жыцця за авечак.
Біскупам выпрошвай святло Духа Святога,
каб яны вялі Касцёл адзіным і простым шляхам да брамы Валадарства Твайго Сына.
Маці Найсвяцейшая, Кальварыйская Спадарыня,
выпрошвай таксама і мне сілы і духа,
каб я  выканаў да канца місію,
якую мне даручыў Уваскрослы.
Табе аддаю ўсе плёны майго жыцця і служэння;
Табе даручаю лёс Касцёла;
Табе даручаю мой народ;
Табе давяраю і Табе яшчэ раз кажу:
Totus Tuus, Maria!
Totus Tuus. Амэн.

Св. Ян Павел ІІ,
Кальварыя Зэбжыдоўская 2002.


Перакладзена з польскага выдання
Bóg jest Miłosieny. Ostatnie słowo należy do Boga, który jest Miłością. 
Sekretariat Fatimski 2015