Фацімскія дзеці

ПАСТУШКІ



ФРАНЦІШАК МАРТА, брат Гіяцынты, нарадзіўся 11 чэрвеня 1908 году ў в. Ал’юстрэль, якая належыла парафіі ў Фаціме. У кастрычніку 1917 году ён пайшоў вучыцца ў школу. Часта па дарозе ў школу заходзіў да парафіяльнага касцёла, каб памаліцца. Ён любіў разважанне і медытацыю. Ён быў добры і ахвотна дапамагаў інышм. Меў здольнасць да самаахвяравання. Пакутваў, каб “суцяшаць Пана”. У ім было вялікае прагненне ўзнагараджаць за правіны грэшнікаў. У верасні 1918 году на Паўвыспе запанавала эпідэмія запалення лёгкіх. Акрамя айца ўсе ў сям’і Марта захварэлі. Францішак цярпліва зносіў хваробу. Пад канец сакавіка 1919 году сам папрасіў і прыняў св. Камунію. Памёр з усмешкай на твары 4 красавіка 1919 году ў боцькоўскім доме і быў пахаваны на парафіяльных могілках. 13 сакавіка 1952 году яго цела перанеслі да базілікі ў Фаціме і пахавалі ў бочнай капліцы з правага боку галоўнага алтара.

ГІЯЦЫНТА МАРТА, сястра Францішка, нарадзілася 11 сакавіка 1910 году ў Ал’юстрэль. Яна адрознівалася ад Фрацнішка тым, што была рухлівая і жывая. Шмат малілася аб навяртанні грэшнікаў і пакутвала ў іх інтэнцыі. Вельмі балесна перажывала смерць Францішка. Свае пакуты ў часе хваробы яна ахвяравала за навяртанне грэшнікаў, за супакой у свеце і ў інтэнцыі Святога Айца. Калі набліжалася хвіліна адыходу Францішка, Гіяцынта яму даручыла: “Сардэчна прывітай ад мяне нашага Пана і нашую Спадарыню, і скажы ім, што я буду пакутваць столькі, сколькі яны пажадаюць, каб навярнуць грэшнікаў”. Гіяцынта настолькі была ўражаная візіяй пекла падчас аб’яўлення 13 ліпеня 1917 году, што ніводная пакута і ўтаймаванне плоці не здаваліся ёй занадта высокім коштам за збаўленне грэшнікаў. Яна памерла 20 лютага 1920 году пасля доўгай хваробы ў Лісабоне. 12 верасня 1935 году яе цела перанеслі з сямейнага склепу барона Альвайзэрэ ў Оўрэм на могілкі ў Фаціме. 1 мая 1951 году яе цела паклалі ў базыліцы ў Фаціме, у бочнай капліцы з левага боку галоўнага алтара.

ЛУЦЫЯ ДОС САНТАС, дваюрадная сястра Францішка і Гіяцынты Марта, нарадзілася 22 сакавіка 1907 году ў Ал’юстрэль. 2 кастрычніка 1926 году распачала навіцыят у Супольнасці Сясцёр св. Дароты ў Туі ў Гішпаніі. 3 кастрычніка 1928 году склала першыя манаскія шлюбы. Тут мела яшчэ адно аб’яўленне Маці Божай. У 1929 годзе Маці Божая прасіла яе аб усталяванні набажэнства Пяці Першых Субот месяца, а таксама аб тым, каб сказаць Касцёлу, што Яна жадае прысвячэння Расіі Яе Беззаганнаму Сэрцу. 2 Снежня 1940 году сястра Луцыя звяртаецца да Пія XII з просьбай аб прысвячэнні Расіі Беззаганнаму Сэрцу Марыі і блаславіць Пяць Першых Субот месяца. 31 жніўня 1941 году яна запісала дзве першыя часткі “таямніцы”, а 3 студзеня 1944 году, па загаду біскупа Лэйрыі, запісвае трэцюю частку “таямніцы” i перадае яе біскупу; 25 сакавіка 1948 году, са згоды Пія XII, яна пакідае Супольнасць Сясцёр св. Дароты і ўступае ў кляштар сясцёр Кармелітанак у Каімбры. Тут 31 мая 1948 году складае першыя ўрачыстыя шлюбы. 13 мая 1982, 1991 i 2000 гадоў с. Луцыя сустракаецца з Янам Паўлам II з нагоды яго пілігрымак да Фацімскага Санктуарыя. Сястра Луцыя памерла ў святасці 13 лютага 2005 г. у Каімбры ў Партугаліі.

УЗНАГАРАДЖАЛЬНАЕ НАБАЖЭНСТВА Ў ЖЫЦЦІ
ПАСТУШКОЎ З ФАЦІМЫ

Іх было трое. Брат і сястра Францішак і Гіяцынта, а таксама іх старэйшая дваюрадная сястра Луцыя. Гэтая апошняя ў размовах з Маці Божай узяла на свае плечы рэпрэзэнтаванне свету. Яе таксама ў чэрвеньскім аб’яўленні Марыя змясціла ў святле, што разлівалася па зямлі. Двое іншых аказаліся ў бляску, што бегла да неба. Марыя абяцала хутка іх забраць. І сапраўды, Фрацнішак памірае ўжо ў красавіку 1919 г., Гіяцынта годам пазней. Згодна з абяцаннем Маці Божай Луцыя застаецца на зяміл “нейкі час”, каб казаць людзям пра набажэнства да Беззаганнага Сэрца. Гэты вызначаны Богам час цягнуўся вельмі, вельмі доўга. Як быццам Бог цягнуў, каб даць свету магчымасць скарыстацца прысутнасцю фацімскага сведкі. Нарэшце забраў і яе. Яна перайшла браму неба ў лютым 2005 г.

Місію Луцыі мы ведаем, можам адкрыць яе ва ўсіх падрабязнасцях. А тая двойца? Якім было іх заданне? Ці толькі быць сведкамі аб’яўленняў у Даліне Супакою? Ці не досць было б толькі Луцыі? Францішак і Гіяцынта мелі дакладнае заданне. Добра ведалі сваё месца. А рэшту іх дзіцячага жыцця запоўніла набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі.

Не заключалася яно – як мы часта сабе ўяўляем – толькі ў тым, каб маліцца дакладныя малітвы ці ўдзельнічаць у касцёльных набажэнствах. Іх набажэнства было іх жыццём! Калі яно было дасканалым, а гэта напэўна, то кожная хвіліна іх жыцця была напоўненая ім да краёў.
Менавіта таму Касцёл беатыфікаваў іх…

Дзеці ведалі, што набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі складаецца з двух элементаў. Яны чулі пра гэта ў ліпені, пасля візіі пекла. Маці Божая прасіла аб „прысвячэнні Расіі Беззаганнаму Сэрцу Марыі Святой узнагараджальнай Камуніі ў першыя суботы”. Пачулі пра гэта і пачалі гэтым жыць.

Прысвячэнне Расіі не было ў іх магчымасцях, але дзеці маглі маліцца і прыносіць ахвяры ў інтэнцыі папы, які гэта зробіць. Пра сувязь Гіяцынты з „біскупам у белым” напісана шмат. Час узгадаць пра набажэнства першых субот, якае было ім дадзена, але не цалкам адкрытае.

Іх першасуботняе набажэнства змешчана ў трох словах, якія сёння з’яўляюцца іх найлепшым акрэсленнем. Гэта ўзнагарода за грэшнікаў. Менавіта гэта з’яўляецца адзінай інтэнцыяй, звязанай з гэтым фацімскім набажэнствам. Яно суправаджала дзяцей кожны дзень і было агульнай назвай усяго, што яны рабілі.

Гэта трэба добра падкрэсліць, бо калі мы не зразумеем гэтай фундаментальнай умовы, калі нас не кране лёс грэшнікаў і мы не захочам аддаваць за іх жыццё, то набажэнства першых субот не дасць абяцаных плёнаў. Трэба толькі падумаць: Навошта прыйшоў у свет Езус і навошта памёр? Ён сам казаў, што ўсё зрабіў, каб уратаваць грэшнікаў. А Найсвяцейшая Маці, чым Яна жыла, як не клопатам зачыніць нам дарогі да пекла і адчыніць усім неба? Марыя добра ведала, што адзінай моцнай перашкодай, якая можа павярнуць грэшніка са шляху асуджэняя, з’яўляецца толькі прынесеная за іх ахвяра! Гэта разумелі тыя, чые сэрцы былі напоўненыя тым самым святлом Божым, якое палала ў Беззаганным Сэрцы Марыі. Францішак і Гіяцынта жылі, каб ратаваць грэшнікаў.

Гэта не былі лёгкія ахвяры ані капрызы дзіцячых сэрцаў. Нагадаем адзін факт. Год 1919. Ужо памёр Францішак, Гіяцынта адчувае сябе ўсё горш. Яе хвароба нагадвае хваробу брата. Дзяўчынка слабее, хутка памрэ. І тады да Яе прыходзіць Марыя. Прыносіць з сабой кароткае пытанне: “Ці Яна ўжо можа забраць яе да неба, ці Гіяцынта хоча яшчэ на год застацца на зямлі, каб сваім цярпеннем узнагараджаць за грэшнікаў? Адказ быў дадзены без вагання: яшчэ год, найцяжэйшы. Гэты апошні год Гіяцынты быў напоўнены вялікай пакутай, дзяўчынка памірала самотна. Пакінула ўсё, што любіла. Суправаджаў яе вялікі боль фізічны, які павялічвалі чарговыя аперацыі. Усё за грэшнікаў!

Так сама выглядала жыццё яе брата. Ён, малы містык, гадзінамі адараваў Езуса, каб узнагародзіць Яму за тых, што Яго не ведаюць, не вераць у Яго, не любяць Яго. Францішка Бог павёў іншым шляхам, але і на гэтай сцежцы кожны крок быў зроблены толькі ў гэтай адзінай, адзінай інтэнцыі…

Падобна павінна быць і на нашых шляхях…

ГІЯЦЫНТА ПРА БЕЗЗАГАННАЕ СЭРЦА МАРЫІ

Гіяцынта пакідае родныя мясціны; ніколі ўжо іх не ўбачыць, не ўбачыць таксама Луцыі. Доўга ў слязах равітваецца з дваюраднай сястрой. І раптам у вачах з’яўляецца святло – тое самае, што асвяціла іх дзяцячыя постаці ў чэрвені 1917 г. Луцыя ўглядаецца ў гэты Марыйны бляск у вачах дваюраднай сястры, а ў сэрцы застаюцца словы, што стануць вялікім тэстамэнтам Гіяцынты: „Хутка ўжо пайду да неба, Ты тут застанешся, каб сказаць людзям, што Бог хоча ўсталяваць у свеце набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі. Калі надыйдзе час, каб пра гэта казаць, не хавайся. Кажы ўсім людзям, што Бог дае ласкі праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі, што людзі мусяць выпрасіць іх праз гэтае Сэрца, што Сэрца Езуса хоча, каб пабач з Ім праслаўлялі Беззаганнае Сэрца Марыі. Няхай просяць Беззаганнае Сэрца Марыі аб супакоі, бо Бог даверыў супакой у свеце менавіта гэтаму Сэрцу.” І сканчае ўскліканнем поўнам радасці: „Калі б я магла ўліць у сэрцы ўсіх людзей полымя, што гарыць у глыбі майго сэрца і робіць так, што я настолькі моцна люблю Сэрца Езуса і Сэрца Марыі!”

Нашыя думкі адразу бягуць да неба. Клічам: “Улі яго, улі гэтае полымя, о блаславёная Гіяцынта! Улі яго ў нашыя сэрцы, каб і мы ўмелі любіць Сэрца Збаўцы і Сэрца Яго Маці. І дай нам пачуць твой вялікі заклік да распаўсюджвання набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі! Нават больш, зрабі, каб усё, што мы чуем сталася часткай нас, перайменавала нашае жыццё з абыякавасці і эгаізму ў жыццё напоўненае любоўю да Бога. І да грэшнікаў, што падаюць у бездань пекла!

А калі трэба, дай і ласку быць сведкамі гэтага набажэнства. Як Луцыя. Да канца нашых дзён.

Дапамажы нам таксама паверыць, што гэта адзіны шлях, які нам паказвае Бог. Бо Гіяцынта паўтарала: „Воля Божая ў тым, каб даць нам ласку праз Найчысцейшае Сэрца Марыі”. Увайсці на іншы шлях – гэта сустракаць па дарозе парасцярогі Марыі, што стаюцца балесным фактам на нашых вачах і вачах нашых дзяцей! Забыццё пра тое, што для Бога найважнейшае, вядзе за сабой упадак наш, нашай айчыны, усяго свету… А мы прагнем дабра, супкою, вясны хрысціянства, вечнай радасці!

Таму просім, дай нашым сэрцам гэтае полымя, што спальвала тваё дзіцячае сэрца.

МЕДЫТАЦЫЯ З МАРЫЯЙ

Гэтыя два бакі маюць быць брамай да сустрэчы з Найсвяцейшай Маці Медытацыйнай. Брама адчыняецца ў першыя суботы. Кожны можа ўвайсці ў яе. Не трэба ніякага ключа, трэба толькі знайсці дарогу. А ўказальнікі даюць нам тыя, што ў яе ўвайшлі. Першай была сястра Луцыя.

Пачнем з разважання над словамі вязяінеркі. Прачытаем іх, засяроджваючы ўвагу над тэкстам, напісаным курсівам. Як доўга? Аж схаваная там праўда не стане для нас яўнай. Больш таго, будзе ўласнасцю нашага сэрца, прагнучага бязмежна любіць. Дапмагчы могуць таксам зноскі ў нізе старонкі.

У 1927 г. сястра Луцыя пісала: „Думаю, мая дарагая хросная маці, што мы будзем шчаслівыя, калі зможам даць нашай найдаражэйшай нябеснай Маці гэты доказ любові, якога, як мы ведаем, Яна ад нас чакае. Што датычыцца мяне, я ніколі не адчувала сябе такой шчаслівай, як тады, калі надыходзіць першая субота. Ці ж няпраўда, што нашае найвялікшае шчасце – гэта быць цалкам для Езуса і Марыі, і кахаць іх, толькі іх, безумоўна? Мы ясна гэта бачым у жыцці святых… Яны былі шчаслівыя, бо кахалі, а мы, мая дарагая хросная маці, павінны імкнуцца кахаць як яны, не толькі дзеля таго, каб цешыцца прысутнасцю Езуса, што не так важна – калі мы не цешымся Яго прысутнасцю тут, то гэта будзе там – але дзеля таго, каб даваць Езусу і Марыі суцяшэнне быць каханымі. Калі мы зможам гэта зрабіць так, што Яны ўбачаць, што каханыя, не ведаючы кім, а праз гэтую маласць шмат душ будзе ўратавана, то думаю, што гэта варта рабіць. Але паколькі гэта для нас немагчыма, то давай будзем іх кахаць так, каб яны маглі быць каханымі.

Давайце паразважаем над гэтымі словамі…

Калі мы іх ужо разумеем і робім сваімі, уступны экзамен ўжо за намі. Час прайсці праз браму, каб на пятнаццаць хвілін пасяліцца ў краіне Марыйных ружанцовых разважанняў. Першая сустрэча з Найсвяцейшай Маці будзе датычыцца тэмы моцы ружанца.

РАЗВАЖАННЕ

Малітва душы:
Маці Найсвяцейшая, Беззаганная Марыя!

З радасцю прымаю Тваё запрашэнне да ўдзелу ў Тваім разважанні. У першыя суботы Ты адкрываеш сваё Беззаганнае Сэрца для кожнага, хто прагне ўліць у сваё сэрца тыя найважнейшыя знакі, што Бог даў нам у Фаціме. Прашу Цябе, адкрый перада мной сваё Сэрца. Я асмельваюся прасіць гэта з усёй пакорай і дзіцячай адвагай, бо хачу Цябе наслядоўваць, бо хачу жыць любоўю да Твайго Сына, бо хачу заўсёды заставацца ў стане ласкі і любіць Твой святы ружанец, бо нарэшце хачу ўсё, што толькі можна, ахвяраваць у духу ўзнагароды за грэшнікаў. Дапамажы мне ўдзельнічаць у Тваім разважанні, а я абяцаю практыкаваць у жыцці слова, якое Ты ўвальеш у маё малое сэрца, каб яно ставалая ўсё больш любым Табе, бліжэйшым да Цябе, больш падобным да Твайго Беззаганнага Сэрца. А калі Ты пажадаеш, то заўсёды можаш забраць маё сэрца, а даць мне сваё – як Ты гэта зрабіла са столькімі сваімі дзецьмі. Тады я буду самай шчаслівай душой у свеце!

Навучанне Марыі:
Мая выбраная душа, што прагнеш Мяне наслядоўваць!

Прытуляю Цябе да майго Сэрца. Паспрабуй паслухаць гэтыя словы як мае, сапраўды мае. Калі ты ў стане ласкі і калі ў цябе ёсць прагненне ўзнагароды за бедных грэшнікаў, ты лёгка адрозніш тое, што паходзіць ад мяне, ад таго, што не выходзіць з глыбіні майго Беззаганнага Сэрца.

Паслухай, як сёння маё Сэрца з трапятаннем разважае пра ружанец. Чаму з трапятаннем? Таму што гэта вялікі дар, які Бог пажадаў даць вам праз заступніцтва майго Сэрца. Ёсць у ім такая моц! У ружанцы ёсць моц, якая забівае зло, узмацняе дабро, вяртае заблукаўшых, дае моц у доўгай вандроўцы. Зачыняе пекла, адчыняе неба! Як не выкарыстаць гэтую моц?

Ты ведаешь пра ружанец? Любіш яго? Не здзіўляйся, што Я пытаю пра гэта цябе, сваё ружанцовае дзіця. Маленькая Гіяцынта малілася шмат палаючых ружанцаў, а Я яшчэ мусіла навучаць яе, як можна маліцца яго яшчэ лепш. Бо ружаец як кожная зброя: не досыць проста трымаць яе ў руцэ, трэба ячшэ навучыцца ёю карыстацца. Менавіта таму ружанцы адных магутныя, а інышх амаль не прыносяць плёнаў.

Ці ты хочашь паслухаць таямніцу майго святога ружанца? Паслухай, што я казала ў размовах са святымі і ў столькіх сваіх ружанцовых аб’яўленнях. Я настойліва прасіла: „Я хачу, каб вы штодзённа маліліся ружанец.” Але свет гэтага не прымае. Не разумее, што ружанец – антыбіотык, які трэба прымаць штодзённа, да канца лячэння. Пакуль зло распаўсюджваецца вакол нас, ружанца замала быць не можа! Не можа!

Як табе трэба маліцца? Гэта проста. Ты павінен мець час, аддадзены толькі Мне. Таму табе не можа „не хапіць супакою духа”. Таму табе трэба маліцца „у гонар Маці Божай Ружанцовай” – перад усім з любові да Мяне, бо ты хочаш прытуліцца да Майго Сэрца, a не таму, што ў маеш іншыя інтэнцыі. Але сёння, калі шатан спрабуе зноў здабыць сабе чалавецтва, Я хочу, каб вы „для павелічэння хвалы Майго Сына і маёй” маліліся ружанец „каб выпрасіць супакой у свеце” i „згоду ў сем’ях”. Гэта вельмі важныя інтэнцыі, пра якія вам нагадаў мой любы папа Ян Павел II.

Калі ты молішся ружанец, рабі гэта „разважаючы таямніцы Святога Пісання” – тады ты адкрываешся на ласку так шырока, а Бог схіляецца над табой як Арханёл Гаўрыіл у таямніцы Звеставання. Тады ты пераканаешся, што „Бог хутка выслухоўвае вашыя малітвы”, a „Мой Сын дазваляе Сябе крануць”.

A калі ты пастукаеш да брамы неба, з радасцю пачуеш, што той, „хто распаўсюджвае ружанец, уратаваны!” Ужо ведаеш чаму. Бо ружанец – гэта прызнанне ў каханні Мне і майму Сыну. Бо гэта малітва, якая выражае прагненне быць падобным да майго Беззаганнага Сэрца. Бо гэта знак паслухмянасці маёй волі. І яшчэ адно: калі молішся ружанец, ты робішся сутворцам дабра ў свеце. Твой штодзённы ружанец у свеце, абыякавым да Бога, з’яўляецца закваскай, якую нічога не можа стрымаць. Ён “заквасіць усё цеста!” Гэта Я праз яго перамагу!

„Гэта абяцанне самой Марыі”. Запэўніваю цябе ў тым Я, Маці Сына Божага і Твая.

Малітва

Сястра Луцыя пісала: „Прыйшлі да мяне наш Пан і Найсвяцейшая Панна Марыя, якая паказала мне сваё Беззаганнае Сэрца, аплеценае цернямі, і папрасіла аб узнагародзе…” Езус сказаў: „Няўдзячныя людзі няспынна яго раняць, і няма нікога, хто б актам узнагароды гэтыя церні павыцягваў.” … А Марыя дадала: „Прынамсі ты імкніся несці мне радасць…”

Найсвяцейшая Маці з Фацімы! Калі Ты аб’явілася партугальскім пастушкам, усё ў Табе было са святла. Твая постаць, шата, нават залатая аздоба плашча – усё было са святла. На магло быць інакш, бо гэтае святло было Богам! Ты ўся ў Богу, з’яднаная з Ім повяззю дасканаласці. Твае словы паходзяць ад Бога і пасланне Тваё ад Яго паходзіць. Таму, калі я кленчу перад Табой, я кленчу перад маім Богам. І гэта не ідалапаклонства. Ты Яго найпрыгажэйшая Ікона! Я адарую Бога ў Табе, Беззаганная Марыя.

А гэтая змрочная карона? Гэтыя церні аплятаюць Тваё сэрца і вострыя шыпы, што ў Яго ўпіваюцца, такія чорныя, як спаленыя. Няма ў іх святла, няма Бога. Гэта карона пекла! Гэта людскі грэх. Няўдзячных людзей, таксама і мой…

Сёння я прашу ў Цябе прабачэння за ўсё, што згашаючы ўва мне Божае святло, раніць Тваё Беззаганнае Сэрца. Я хачу актам узнагароды вымаць церні: свае і столькіх іншых, сколькі змагу. А Тваё Беззаганнае Сэрца няхай будзе для мяне шляхам, поўным святла, які вядзе да Бога, на якім не будзе ўжо месца на нават найменьшы грэх.