Малітвы пасля ўзнагараджальнай Святой Камуніі



Малітва ўзнагараджальная
да Беззаганнага Сэрца Марыі
   К. О недавартасцяванае, засмучанае, тысячакроць зняважанае Сэрца Марыі! Кранутыя балеснай думкай пра розныя крыўды, нанесеныя Табе асобамі неразважнымі, абыякавымі, хоць можа і пазбаўленымі добрай волі, прагнем, як здолеем, Табе ўзнагародзіць. Каб кожныя вусны Цябе выхвалялі, кожнае Сэрца кахала,  каб выправіць гэтыя розныя знявагі, якія, як церні, наносяць балесныя раны Твайму матчынаму Сэрцу і напаўняюць Яго горыччу! Заахвочаныя шчырым прагненнем скласці Табе належную ўзнагароду, урачыста запэўніваем і абяцаем, што:
   Чым больш бязбожныя людзі будуць спрабаваць выцягнуць з Тваёй кароны гэтую найцудоўнейшую аздобу, якой з’яўляецца Тваё Беззаганнае Зачацце –
   У. – тым грамчэй мы будзем вызнаваць нашую веру, тым мацней і з большым намашчэннем мы будзем вызнаваць, што Ты, Найсвяцейшая Панна, ад першай хвіліны свайго зачацця, дзякуючы асаблівай ласцы і выбранню, Ты была захаваная Богам ад усялякай змазы граху першароднага і менавіта праз гэта сталася магутнай у барацьбе і Пераможнай Дзевай, якая раздавіла галаву пякельнага змея.
   К. Ты – наша найлепшая Маці, наша Дапаможніца ва ўсе часы, наш пэўны Прытулак у жыцці і смерці.
   У. Амэн.
   К. О Беззаганнае, годнае ўсялякай пашаны Сэрца Марыі, прымі ласкава гэтае нашае ўшанаванне. Прымі яго разам з усёй хвалой, якую Табе некалі прыносілі ў небе і на зямлі. Паглядзі міласэрным позіркам на тых, што ў сваёй несвядомасці ці злосці Цябе зневажаюць. Выпрасі ім у Бога прабачэнне. Будзь для іх і для нас Маці Міласэрнасці.
   У. Амэн.

Малітва ўзнагараджальная
да Беззаганнага Сэрца Марыі, пагружанага ў болю
   Поўнае болю Беззаганнае Сэрца Марыі, у пакоры і жалю з-за нашых правінаў прагнем узнагародзіць і папрасіць прабачэння за ўсе грахі, якімі так моцна было параненае як Найсвяцейшае Сэрца Твайго Боскага Сына так і Тваё ўласнае Сэрца.
   Просім Цябе аб прабачэнні нашых правінаў, нашай няўдзячнасці і холаднасці. Просім Цябе аб прабачэнні для ўсіх няшчасных грэшнікаў, якія былі аслепленыя з-за няведання слабасці ці нядобрай волі.
   Поўнае болю Беззаганнае Сэрца Марыі, просім Цябе, дапамажы нашай веры і выпрасі ў Езуса, каб Ён прыняў яе як узнагароду за бязвер’е такой шматлікай колькасці людзей. Дапамажы нашай любові і нашай удзячнасці да параненага Найсвяцейшага Сэрца Езуса і да Твайго пагружанага ў болю Беззаганнага Сэрца, і выпрасі ў Езуса, каб яны паслужылі узнагародай за ўсю няўдзячнасць грэшнікаў. Беззаганнае Сэрца Марыі, з даверам просім Цябе таксама за ўсіх тых, хто Цябе не любіць і на давярае Тваёй матчынай любові і дабрыні, а таксама не заклікае Цябе. Пракляцці перамяні ў блаславенствы, а абыякавасць да малітвы і ўсялякую нянавісць – у любоў. Дай нам чысціню сумлення, пакору і дух прысвячэння. Амэн.

Перапрашальныя ўскліканні да
Найсвяцейшай Марыі Панны
1.         Святая Марыя, Цябе ўсемагутны Бог стварыў у справядлівасці, каб аб’явіць у Табе сваю вялікую Міласэрнасць і хвалу. Праслаўляем Тваё Беззаганнае Зачацце, у якім Дух Святы абдарыў Цябе поўняй ласкі, і тым самым вызнаем, што Ты годная пашаны і хвалы. Таму як узнагароду Твайму Сэрцу за знявагі Твайго Імя з годнасцю мы паўтараем Анёльскае прывітанне: Ave Maria!

   “Вітай, Марыя” альбо заспяваць рэфрэн песні: “Ave, аve, аve Maria!”

2.         Святая Марыя, Блаславёная Ты паміж жанчынамі як Маці Божага Сына. Ты зачала са справай Духа Святога, калі ў пакоры адказала Арханёлу: “Вось я слуга Божая, няхай мне станецца паводле Твайго слова”. Як Маці Хрыста, Ты – Маці прыгожай любові, якую сам Дух Святы распаліў у Тваім Сэрцы і дасканала зрабіў падобным да Боскага Сэрца Твайго Сына. Таму вызнаючы, што Ты годная пашаны і хвалы, мы нясем Твайму Сэрцу ўзнагароду за ўсе знявагі Твайго Імя і з годнасцю паўтараем Анёльскае Прывітанне: Ave Maria!

     “Вітай, Марыя” альбо заспяваць рэфрэн песні: “Ave, аve, аve Maria!”

3.         Святая Марыя, Наймілейшая Маці наша па волі свайго Сына! Ты ў сваім Сэрцы вецярпела ўсю Яго муку, а меч болю прасякнуў Тваю душу. Таму Езус Табе, сваёй спачуваючай Маці, даверыў скарб ласкаў, якія заслужыў нам праз сваю крыжовую ахвяру. Таму сапраўды Ты годная ўсялякай пашаны і хвалы, бо з Тваіх рук сплывае на нас нябеснае блаславенства. Праслаўляем Цябе, Надзея Збаўлення, а як узнагароду Твайму Сэрцу за ўсе знявагі Твайго Імя з годнасцю паўтараем Анёльскае Прывітанне: Ave Maria!

   “Вітай, Марыя” альбо заспяваць рэфрэн песні: “Ave, аve, аve Maria!”

   К. Імя Тваё будуць узгадваць з пакалення ў пакаленне.
   У. Усе народы на векі праслаўляць Цябе будуць.

   К. Молімся. Божа, які святую Маці свайго Сына зрабіў Блаславёнай праз усе пакаленні і хацеў, каб Яе хвала не сыходзіла з вуснаў людзей, зрабі, просім, каб аддаючы пашану Прачыстаму Сэрцу Марыі, а таксама ўзнагароджваючы Ёй за няўдзячнасць людзей і за ўсе знявагі, мы маглі пад Яе апекай годна Цябе праслаўляць і Табе падабацца. Праз Хрыста Пана нашага. Амэн.

Акт ахвяравання св. Камуніі Беззаганнаму Сэрцу
Марыі ва ўзнагараджальную суботу
       Сёння звяртаюся да Цябе, мая нябесная Маці, каб узнагародзіць Табе за ўсе знявагі Твайго Беззаганнага Сэрца. Так шмат людзей выказвае Табе абыякавасць, холад, няўдзячнасць, а нават адштурхоўваючую варожасць. Так шмат людзей супраціўляецца Твайму прывілею ласкі. Так шмат людзей абражае Цябе і Твайго Боскага Сына свім грэшным жыццём. Гэтыя акты ігнаравання і несправядлівасці напаўняюць Тваё Сэрца горыччу і раняць Яго як вострыя церні.
   О, калі б, аддаючы Табе пашану і выказваючы яшчэ большую любоў, я мог выправіць усё тыя крыўды, што Табе ўчынілі і працягваюць учыняць праз незразуменне, абыякавасць і злосць! У сваёй абмежаванасці і слабасці я сам са сваімі здольнасцямі нічога не магу, але магу гэта ўчыніць праз Твайго Боскага Сына. Паглядзі, вось у святой Камуніі я прыняў да свайго сэрца Адзінароднага Сына Спрадвечнага Айца і Сына народжанага з Твайго ўлоння! Ён пасяліўся ўва мне і цалкам мне аддаўся. У Ім і з Ім усхваляю Цябе, ушаноўваю і праслаўляю, а таксама складаю Яго ў Тваім зраненым Сэрцы, каб суцешыць яго і зрабіць шчаслівым. Гэты паток любові, які выліваецца з Яго Боскага Сэрца, няхай увальецца ў Тваё Сэрца. Няхай цалкам напоўніць Цябе і адорыць радасцю, дазваляючы забыцца пра ўсю несправядлівасць з боку людзей. Гэтае Боскае Сэрца няхай станецца  для Цябе узнагародай, актам пашаны і аддання, і невычарпальнай крыніцай суцяшэння.
   Да гэтага ўшанавання я далучаю свае поўныя даверу просьбы. Так, як некалі Табе было даверана зямное жыццё Хрыста, так цяпер вазьмі ў апеку Яго містычнае Цела – Святы Касцёл. Выпрасі для чалавецтва гэтыя чатыры вялікія ласкі: супакой паміж народамі, вольнасць Касцёла, навяртанне грэшнікаў і новы росквіт хрысціянскіх цнотаў, асабліва чысціні звычаяў.
   О Беззаганнае Сэрца, нястомна складай у ахвяры Найсвяцейшай Тройцы гэтае Найсвяцейшае Цела і Найдаражэйшую Кроў Твайго Сына Езуса Хрыста за збаўленне свету, каб супакоіць гнеў Божы і ўзнагародзіць за грахі ўсяго чалавецтва. Амэн.

Узнагараджальная малітва
 да Беззаганнага Сэрца Марыі
      К. О недавартасцяванае, засмучанае, тысячакроць зняважанае Сэрца Марыі! Кранутыя балеснай думкай пра розныя крыўды, нанесеныя Табе асобамі неразважнымі, абыякавымі, хоць можа і пазбаўленымі добрай волі, прагнем, як здолеем, скласці Табе ўзнагароду. Каб кожныя вусны Цябе праслаўлялі, кожнае Сэрца любіла, каб выправіць гэтыя розныя знявагі, якія, як церні, балесна раняць Тваё матчынае Сэрца і напаўняюць Яго горыччу! Заахвочаныя шчырым прагненнем скласці Табе належную ўзнагароду, мы ўрачыста запэўніваем і абяцаем, што:
   Чым больш бязбожныя людзі будуць спрабаваць выцягнуць з Тваёй кароны гэтую найцудоўнейшую аздобу, якой з’яўляецца Тваё Беззаганнае Зачацце –
   У. – тым грамчэй мы будзем вызнаваць нашую веру, тым мацней і з большым намашчэннем мы будзем вызнаваць, што Ты, Найсвяцейшая Панна, з першай хвіліны свайго зачацця, дзякуючы асаблівай ласцы і абранасці, была захаваная Богам ад усялякай змазы граху першароднага і менавіта праз гэта сталася магутнай у барацьбе і Пераможнай Дзевай, якая раздавіла галаву пякельнага змея.
     К. Чым больш Твае ворагі будуць ставіць Цябе на адным узроўні са слабымі і грэшнымі людзьмі –
     У. – тым старанней і радасней мы будзем Цябе вітаць, як поўную ласкі і блаславёную паміж жанчынамі, веручы, што на працягу ўсяго свайго жыцця Ты не ўчыніла нават найменьшага граху, і таму з’яўляешся  самым дасканалым узорам хрысціянскага жыцця.
    К. Чым больш няверуючыя людзі будуць мець намеры абражаць Тваё непарушнае дзявіцтва –
    У. – тым больш мы будзем праслаўляць Цябе як Беззаганную Дзеву, супольна вызнаючы разам з Каталіцкім Касцёлам, што да нараджэння, у хвіліну нараджэння і пасля нараджэння свайго Боскага Сына Ты заставалася Дзевай – Дзевай целам, Дзевай душой, Блаславёнай Дзевай у душы і ў целе.
   К. Чым больш гэты бязбожны свет будзе сумнявацца ў велічнай Таямніцы Уцелаўлення –
   У. - тым мацней мы будзем верыць і вызнаваць тое, што Ты, о Найсвяцейшая Панна, заўсёды Дзева, зачала ад Духа Святога Адзінароднага Сына Божага і не губляючы бляску дзявоцтва, нарадзіла Езуса Хрыста, нашага Пана, і таму Ты з’яўляешся і Цябе называюць сапраўды Маці Божай і Багародзіцай.
   К. Чым больш грэшнікі будуць пазбягаць Твайго ўшанавання і ўхіляцца ад Твайго панавання –
   У. – тым старанней і радасней мы будзем хваліць Цябе, як гэта было з пакалення ў пакаленне, і тым гарачэй мы будзем служыць Табе, Наймілейшая Спадарыня, перакананыя ў непамыльнасці той праўды, што Ты з душой і целам была ўзятая ў Неба і была ўсталяваная і каранаваная Каларевай ўсіх людзей і анёлаў.
   К. Чым больш змей пякельны будзе нападаць на Цябе і на належную Табе пашану –
   У. – тым з большай упэўненасцю ў перамозе мы будзем трываць пад Тваім штандарам, тым адважней мы будзем змагацца за павялічванне Тваёй хвалы і тым больш вытрывала мы будзем стаяць пры Табе, нашая магутная Пераможніца ўсёй д’ябальскай моцы зла і каварства.
   К. Чым больш няверуючыя людзі і іншавернікі будуць высмейваць давер, любоў і годнасць, якія маюць да Цябе Твае дзеці –
   У. – з тым  большым даверам мы будзем звяртацца да Цябе ва ўсіх нашых цяжкасцях, справах і патрэбах. Бо Ты нашая найлепшая Маці, наша Дапаможніца ў кожную хвіліну, наш верны Прытулак у жыцці і ў смерці. Амэн.   
На заканчэнне

   К. О Беззаганнае, годнае ўсялякай пашаны Сэрца Марыі, прымі ласкава гэтае ўшанаванне. Прымі яго разам з усёй хвалой, якую Табе калісьці прыносілі ў небе і на зямлі. Паглядзі міласэрным позіркам на тых, што ў сваёй несвядомасці ці злосці Цябе зневажаюць. Выпрасі ім у Бога прабачэнне. Будзь для іх і для нас Маці Міласэрнасці.
   У. Амэн.

Малітва да Сэрца Марыі,
якое з’яўляецца нашым прытулкам
   О Сэрца Марыі, Маці Бога і нашай Маці, Ты годнае вельмі вялікай любові, Ты - упадабанне годнае праслаўлення Святой Тройцы, годнае ўсялякай пашаны і любові анёлаў і людзей! Ты найбольш падобнае да Сэрца Езуса і з’яўляешся Яго найдасканалейшым вобразам. Ты поўнае дабрыні і спачування да нашай мізэрнасці.
   Растапі лёд нашых сэрцаў. Зрабі, каб яны цалкам сталіся падобнымі да Сэрца нашага Боскага Збаўцы. Улі ў гэтыя сэрцы любоў да Тваіх цнотаў і распалі ў іх тое святое полымя, што нястомна гарыць у Табе!
    Схавай у Сабе святы Касцёл, захоўвай яго і будзь для яго пажаданым прытулкам і непераможнай абаронай перад усімі атакамі непрыяцеляў. Будзь нашым шляхам, што вядзе да Езуса, Заступніца наша, дзякуючы якой мы атрымліваем усе патрэбныя для збаўлення ласкі. Будзь нашай Дапаможніцай у патрэбе, нашай Суцяшальніцай у смутку, нашай сілай у спакусах, нашым прытулкам у пераследах, нашай падтрымкай ва ўсіх небяспеках, асабліва ў апошнім змаганні ў нашым жыцці, якім з’яўляецца хвіліна нашай смерці.
   Тады, літасцівая Панна Марыя, даволь нам адчуць любоў Твайго мацярынскага Сэрца і велічы Тваёй улады ў валадарстве Езуса. Тады пакажы нам пэўнае месца сховішча ля самай крыніцы любові, каб мы маглі пайсці да неба і там, разам з Табой праслаўляць Езуса на векі вякоў. Амэн.

Акт узнагароды за знявагі
Беззаганнага Сэрца Марыі
   О Беззаганнае Сэрца Марыі, Архістварэнне Божай усемагутнасці, Святыня Найсвяцейшай Тройцы! Нашым шчасцем павінна быць аддаванне Табе пашаны і хвалы. Пасля Бога мы за ўсё дзякуем Табе і праз Цябе прыходзіць да нас Езус. Ты трывала ў еднасці са сваім Сынам, які зносіў цярпенне і муку для нас і нашага збаўлення, а велічы Твайго болю нельга нават параўнаць з бязмежнасцю марскіх водаў.
   Нягледзячы на гэта ў свеце ёсць тыя няшчасныя, што замест таго, каб бязмежна Цябе любіць, зняволеныя шатанам, асмельваюцца знеслаўляць Тваё святое Імя і зневажаць Цябе ў Тваіх найслаўнейшых прывілеях.
   Штодзённа мільёны людзей нават тыя, што ганарацца імем хрысціян, з-за сваіх грахоў аднаўляюць муку Хрыста і балюча раняць Тваё Беззаганнае Сэрца. Мы самі, нажаль, з-за нашых упадкаў, часта павялічваем іх раны.
   Прабач нам, Каралева і Маці Міласэрнасці, усю нявернасць адносна Цябе. З дапамогай Божай ласкі яшчэ мацней, чым раней, мы абяцаем, што будзем ушаноўваць Цябе, любіць і наследаваць. У духу ўзнагароды мы аднаўляем наш акт цалкавітага даручэння Табе, аддаючы Табе ўсё, што мы маем і чым з’яўляемся. Верна трываючы ў адданасці Табе, мы хочам у штодзённым жыцці кіравацца настроем Твайго Беззаганнага Сэрца, нястомна працаваць і дзейнічаць дзеля павялічвання Тваёй хвалы і аб’яўлення трыюмфу Твайго мацярынскага Сэрца, трыюмф якога з’яўляецца заранкай Валадарства Езуса.
   За ўсе знявагі і багахульствы супраць Цябе, мы горача прагнем узнагародзіць Твайму Беззаганнаму Сэрцу, о Марыя!
   За знявагі Тваіх абразоў мы горача прагнем узнагародзіць Твайму Беззаганнаму Сэрцу, о Марыя!
   За знявагі і кожны, нават найменьшы, жэст няўдзячнасці, якім мы зранілі Тваё Беззаганнае Сэрца, мы прагнем Табе ўзнагародзіць, о Марыя!
   За няведанне Цябе і Твайго паслання, а таксама за абыякавасць і нянавісць да Цябе, якую праяўляе так шмат няшчасных людзей, мы прагнем горача ўзнагародзіць Твайму поўнаму слодычы і лагоднасці Сэрцу, о Марыя!
   Узнагароджваючы за гэтыя знявагі Твайго Беззаганнага Сэрца, мы яднаемся з хорамі анёлаў і святымі, якія радуюцца Тваёй хвале ў небе, а таксама з усімі людзьмі на зямлі, якія старанна праслаўляюць Тваё святое Імя.
   Прымі, о Марыя, гэтае праяўленне дзіцячай любові! Пакажы, што Ты нашая Маці і далучы нас да ліку сваіх дзяцей, каб мы маглі праслаўляць незразумелую хвалу Бога, схаваную ў Тваім Беззаганным Сэрцы цяпер і праз усю вечнасць. Амэн.

Малітва ахвяравання сябе і
ўзнагароды Сэрцу Марыі
    Святая Марыя, Бласлаўлёная Маці Збаўцы і Найхвалебнейшая Дзева! Праслаўляем Цябе як спрадвеку выбраную Богам сярод чалавечых дачок на Маці Яго Сына. Праслаўляем Тваё зачацце без змазы граху першароднага. Праслаўляем Тваю годнасць Маці і Дзевы. Праслаўляем Цябе як Пасрэдніцу ўсіх ласкаў. Праслаўляем Тваё Найчысцейшае Сэрца, якое любіць нас матчынай любоўю!
   Дзякуем Спрадвечанаму Айцу, што Ён выбраў Цябе, каб праз свайго Сына Ты раздавіла галаву шатана. Дзякуем Сыну Божаму, што ў Тваім дзявочым лоне Ён стаўся Чалавекам, а як Сын Божы палюбіў Тваё Беззаганнае Сэрца. Дзякуем Духу Святому, што Тваё Прачыстае Сэрца Ён адарыў поўняй ласкі і распаліў Яго найвялікашай любоўю да Бога і людзей.
   Няхай Табе, Святая Маці Божая, усе пакаленні спяваюць песню хвалы, бо Пан з Табою, бо Ты поўная ласкі, бо плодам Твайго ўлоння з’яўляецца Езус, Бог і Збаўца людзей. Разам з актам любові і пашаны мы складваем Твайму Сэрцу ўзнагароду за ўсе знявагі Тваёй годнасці Божай Маці, за ўсе знявагі Твайго Імя, за абыякавасць да Тваёй дабрыні і няўдзячнасць за Тваю матчыную любоў. З узнагародай мы ахвяруем Табе нашыя сэрцы і абяцаем, што на вякі будзем Цябе праслаўляць.

Акт узнагароды Найсвяцейшай Дзеве Марыі
за знявагі Яе Беззаганнага Сэрца
   Найхвалебнейшая Дзева, Маці Бога і нашая Маці, Марыя! Звярні свае поўныя любові вочы на нас, бедных грэшнікаў, якія сярод розных цяжкасцяў і выпрабаванняў змушаныя выслухоўваць ганьбы і знявагі Твайго Беззаганнага Сэрца. О, як жа гэтыя бязбожныя галасы, абражаюць не толькі Цябе, Беззаганная Дзева, але зневажаюць адначасова бязмежную веліч Айца і Адзінароднага Яго Сына, Езуса Хрыста. Абуджаюць яны найвышэйшую справядлівасць да гневу і суровай кары.
   Нягледзячы на ўласную мізэрнасць і няздольнасць мы хочам зрабіць усё, каб спыніць гэтыя знявагі і багахульствы. Мы прагнем, наша найсвяцейшая Маці, шанаваць Цябе і любіць усім сэрцам. Бо менавіта гэтага ад нас чакае Бог. І менавіта таму, што мы Цябе любім, мы зробім усё што толькі будзе ў нашай моцы, каб усе Цябе шанавалі і кахалі.
   Ты ж, наймілейшая наша Маці, Прытулак грэшных, прымі гэты акт узнагароды, які мы складаем ад нашага імя і ад імя нашых супольнасцяў. Прымі яго таксама як акт узнагароды за тых, якія, не ведаючы, што кажуць, бязбожна ругаюць Цябе. Выпрасі ім у Бога навяртанне, каб праз атрыманую ласку яшчэ больш была бачная Твая матчыная дабрыня, моц і міласэрнасць. Няхай і яны далучацца да гэтага акту і разам з намі праслаўляюць Тваю святасць і дабрыню, абвяшчаючы, што Ты блаславёная паміж жанчынамі, Каралева Дзеваў, Маці Бога, Беззаганнае Сэрца якой не стамляецца ў пяшчотнай любові да кожнага чалавека. Амэн.

Кароткія ўздыханні да Найсвяцейшай Дзевы Марыі
 і Яе Беззаганнага Сэрца
   О Марыя без граху зачатая, маліся за нас, хто да Цябе прыбягае!
   Дзева-Маці, якой ніколі не кранулася змаза першароднага і ўчыненага граху, Табе даручаю чысціню майго сэрца.
   О Маці мая, захавай мяне ад смяротнага граху! (тры “Вітай, Марыя”)
   Салодкае Сэрца Марыі, выпрасі мне ў Езуса дар чысціні і пакоры Сэрца!
   О Марыя, зрабі, каб я жыў у Богу, з Богам і для Бога!
   Самая годная Каралева свету, о Марыя заўсёды Дзева, якая нарадзіла Хрыста, Пана і Адкупіцеля свету, выпрасі мне супакой і збаўленне.
   О мой Езу, Міласэрнасці! Беззаганнае Сэрца Марыі, будзь маім паратункам!
   Беззаганнае Сэрца Марыі, заступайся за мяне перад Панам! Найчысцейшае Сэрца Марыі, цалкам Табе давяраюся!
   Маці прыгожай любові, Маці Балесная і міласэрная, маліся за нас!
   О Маці мая, Надзея мая!
   О Пані мая, Каралева мая, ахіні мяне сваім апякунчым плашчом!
   О мая дзявочая Маці, схавай мяне назаўсёды ў сваім чулым, салодкім Беззаганным Сэрцы!

Малітва Анёла з Фацімы
Акт праслаўлення Бога
   О мой Божа, веру ў Цябе,               
   праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе.
   Прашу ў Цябе прабачэння за тых,
   што ў Цябе не вераць, не Праслаўляюць Цябе,
   не давяраюць Табе і не любяць Цябе.