Будзь нам Маці

Ружанцовыя разважанні на падствае
Марыйных актаў прысвячэння Яна Паўла II

РАДАСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

ЗВЕСТАВАННЕ 
  
У студзені 1979 г. падчас свайго першага апостальскага падарожжа, Ян Павел II укленчыў у Санктуарыі ў Гвадэлупе дзе сваю размову з Маці Божай ён пачаў з разважання над сцэнай Звеставання:
   Ave Maria”!
   Кажу гэтыя найпрасцейшыя і той жа час найцудойнейшыя словы. Ніколі і ніхто ўжо не зможа так цудоўна прывітаць Цябе, як тады, у дзень Звеставання, гэта зрабіў Арханёл. “Ave Maria, gratia plena, Dominus Tecum”.
   Паўтараю гэтыя словы, якія няспынна паўтарае столькі вуснаў і захоўвае столькі сэрцаў. Паўтараем іх усе… усведамляючы, што гэта тыя словы, якімі праз свайго пасланніка прывітаў Цябе Сам Бог як Жанчыну, абяцаную ў раі, і спрадвеку абраную на Маці Слова, на Маці Божай Мудрасці, на Маці Божага Сына”.
   Няхай нашае “Вітай Марыя”, словы, якімі мы распачынаем сёння малітву ружанцовую, будуць сказаныя з такой павагай і любоўю, як сказаў іх пасланнік з неба, святы Арханёл Гаўрыіл. Няхай нашыя словы прывітання абудзяць у Сэрцы Найсвяцейшай Маці тую самую радасць, якая была ў Яе Сэрцы ў дзень Звеставання ў Назарэце.

НАВЕДВАННЕ СВЯТОЙ АЛЬЖБЕТЫ

    7 чэрвеня 1981 г., Папа цудам уратаваны падчас замаху, замучаны цяжкім станам, чытаў словы даручэння Марыі ўсяго Касцёла. Спасылаючыся на таямніцу Наведвання, ён казаў:
   “О Ты, што заўсёды жадала служыць! Ты, што служыш як Маці ўсёй сям’і дзяцей Божых! Выпрошвай Касцёлу ласку, каб узбагачаны Духам Святым поўняй дароў… ён нязломна крочыў у будучыню… не дазваляючы сабе збочыць у іншым накірунку і ўважліва адрозніваючы сярод знакаў часу тое, што служыць надыходу Божага Валадарства”.
   Няхай прыклад Маці Найсвяцейшай і вымаленыя Ёй ласкі дапамогуць нам служыць Касцёлу. Няхай нашая пакорная паслуга, нічога нявартая перад людзьмі, але вартая ў вачах Божых , дапамагае супольнасці Касцёла верна крочыць шляхам, які сам Збаўца вызначыў сваім Евангеллем.

НАРАДЖЭННЕ ЕЗУСА

   У 1982 г., у свята Маці Божай Каралевы Польшчы, Святы Айцец казаў пра мацярынства Марыі, у якое ўпісана жыццё кожнага з нас…
   “Яна нашая Маці. А гэтае Яе мацярынства мы расцягваем на ўсе пакаленні, на далёкую і блізкую будучыню. Мы бачым яе знакі і прызнакі ў развіцці тых падзей, якія былі і застаюцца цяжкімі, але на перасталі быць дзеля нас заўсёды поўнымі надзеі. Яны застаюцца нашымі! Застаюцца нашымі таму, што ў нас ёсць Маці. Мацярынства з’яўляецца крыніцай тоеснасці кожнага з нас… І гэтае дзіўнае мацярынства Марыі… дае нам асаблівы досвед тоеснасці. Дазваляе нам жыць надзеяй і заўсёды крочыць у будучыню, дзякуючы за ўсё тое, што ў мінулым было добрае і творчае”.
   Скарыстаем з гэтага цудоўнага дару, які паказвае нам таямніца Божага Нараджэння! Адкрыем у сабе годнасць дзяцей Божых і блізкую прысутнасць Маці, якая любіць нас і не пакіне ў патрэбе.

АХВЯРАВАННЕ ЕЗУСА Ў СВЯТЫНІ

   У свята Беззаганнага Зачацця, у першыя дні свайго пантыфікату, Ян Павел II ахвяраваў Найсвяцейшай Маці сваю паслугу і ўсіх даручаных яму людзей. Мы ўсе аказаліся ў яго акце ахвяравання… Даручым і мы Марыі сваё жыццё, як Яна даручыла Богу сябе і свайго Сына.
   “У пачатку свайго біскупскага служэння ў катэдры св. Пятра ў Рыме [папа] прагне асаблівым чынам даручыць давераны Яму Касцёл Той, у якой здзейснілася перамога дабра над злом. Любові над нянавісцю. Ласкі над грахом. Той, пра якую Павел IV сказаў, што Яна “Пачатак лепшага свету” – пра Беззаганную.
   Даручае Ёй сябе як слугу слугаў і ўсіх, каму служыць; і ўсіх, хто разам з ім служыць”.
   Святы Айцец кажа пра тых, хто мае ў сабе Марыйны дух служэння і ахвяравання сябе Богу. І разам з імі заклікае:Totus tuus ego sum et Omnia mea tua sunt. Accipio in mea Omnia!” Няхай разважанне над таямніцай ахвяравання дапаможа нам увайсці ў кола тых, што служаць і аддаюцца Богу – як Ян Павел II.

ЕЗУСА ЗНАХОДЗЯЦЬ У СВЯТЫНІ

   У апошні дзень мая 1980 г. Ян Павел II наведаў у Парыжы месца аб’яўленняў Цудоўнага Медаліка. Там Ён звярнуў нашу ўвагу на ролю Марыі ў пошуках чалавека шляху да Езуса…
   “Ты чуваеш над кожным са сваіх дзяцей.  Ты дзеля нас  атрымліваеш ад Бога ўсе тыя ласкі, якія сімвалізуюць светлыя промні, сыходзячыя з Тваіх распахнутых далоняў. Але з адной умовай: мы адважымся Цябе аб іх папрасіць і будзем ісці да Цябе з дзіцячым даверам.
   І так увесь час Ты вядзеш нас да Твайго Боскага Сына…”
   Скарыстайма з ласкі сённяшняга ружанца. Усвядомім сабе, што ёсць шмат ласкаў, якія нас чакаюць, але якіх мы не атрымліваем, бо аб іх не просім. Ажывім жа ў сабе веру ў тое, што Марыя чувае над намі, любіць нас і прагне нам нястомна дапамагаць.

ТАЯМНІЦЫ СВЯТЛА

ХРОСТ ЕЗУСА Ў ЯРДАНЕ

   Падчас пілігрымкі ў Англію, 29 мая 1982 г., Ян Павел II паказаў Марыю як Маці, якая пагрузілася ў малітву, якая ўмее маўчаць і слухаць, якая духоўна прысутнічае каля свайго Сына:
   “Гэта Марыя вучыць нас маўчаць і ўслухоўвацца ў голас Бога ў забеганым і шумным свеце. Гэта Марыя можа нам дапамагчы знайсці час на малітву. Нам трэба жыць так, як Яна, у прысутнасці Бога, узносячы нашыя думкі і сэрцы да Яго ў штодзённых цяжкасцях і клопатах”.
   Вучымся ў Марыі, як жыць, каб заўсёды трываць у духоўнай еднасці з Панам і стаць удзельнікамі Яго збаўчых таямніц. Няхай, дзякуючы Яе заступніцтву мы таксама будзем прысутнымі ў першай таямніцы святла. Няхай праз Яе заступніцтва мы атрымаем ласку паслухмянасці навуцы Езуса.

ЦУД У КАНЕ ГАЛІЛЕЙСКАЙ  

   20 лістапада 1982 г. Ян Павел II прамовіў у Сіцыліі наступныя словы, якія паглыбляюць наша ружанцовае разважанне. Папа паказаў, што Езус хоча сёння сказаць сем’ям:
   “Няхай Марыя накрые сваёй шатай кожнага з вас, вашыя супольнасці і кожную сям’ю, няхай Ён захавае ў вашых сэрцах ажыўляючае полымя гарачай веры. Няхай захавае ў дзецях чысціню; няхай абудзіць у моладзі жаданне вялікіх ідэалаў; сужонкаў няхай натхняе жывым пачуццём святасці любові; няхай захавае старэйшых асобаў ад спакусаў згодніцтва і кампраміснасці”.
   Давайце выкарыстаем папскае разважанне над роллю Маці Найсвяцейшай у нашых сем’ях, каб лепш вызначыць сабе заданні, якія ставіць перад намі Збаўца. Калі мы паслухаемся Яго і зробім рэчаіснасцю Яго словы, у нашых дамах адбудзецца цуд.

АБВЯШЧЭННЕ БОЖАГА ВАЛАДАРСТВА

   У кастрычніку 1979 г. у Сарагосе праходзіў Марыйны Кангрэс, на які папа Ян Павел II прыслаў сваё слова. Ён падкрэсліў у ім нашую ролю як сведкаў Евангелля:
   “Увесь Касцёл, асабліва ў нашыя часы, павінен адчуваць абавязак напаўняць евангельскімі каштоўнасцямі людзкое жыццё ва ўсіх яго праяўленнях: у культуры, у спосабах мышлення, у ацэньванні грамадскага жыцця, у грамадскіх, палітычных і эканамічных структурах. Няхай Марыя праз сваю евангельскую шчырасць (…) навучыць нас, як перажываць і паказваць людзям Яго таямніцу, каб яна аднаўляла хрысціянскае жыццё”.
   Просім Найсвяцейшую Панну Марыю, каб Яна выпрасіла нам ласку ўводзіць Евангелле ў кожную сферу людзкога жыцця і, каб мы прыкладам свайго жыцця запрашлі іншых да навяртання сваіх сэрцаў да Бога.

ПЕРАМЯНЕННЕ НА ГАРЫ ФАВОР

   Паслухаем словы Святога Айца Яна Паўла II, якія ён сказаў падчас сваёй першай пілігрымкі на Ясную Гару 4 чэрвеня 1979 г.:
   “Прыходзілі мы да гэтага святога месца, прыкладвалі сваё чуйнае пастырскае вуха, каб пачуць, як б’ецца сэрца Касцёла і Айчыны. (…) Трэба прыкладваць вуха да гэтага святога месца, каб пачуць, як б’ецца сэрца народу ў Сэрцы Маці”.
   Няхай Найсвяцейшая Маці дапаможа нам “прыкласці вуха” да таямніцы перамянення на Гары Фавор, каб пачуць, як б’ецца сэрца Касцёла, сэрца Айчыны, і навошта б’юцца нашыя сэрцы.

УСТАНАЎЛЕННЕ ЭЎХАРЫСТЫІ

   28 мая 1979 г. Святы Айцец прамовіў у Марыйным санктуарыі “Божай любові” казанне, поўнае незвычайных парадаў для нашай ружанцовай пабожнасці. Ён казаў:
   “Вы ведаце, што Марыя злучана з Езусам; што Яна – дзеля Езуса; што Яна ўводзіць Езуса ў свет; таму Яна на вяршыні прызначэння чалавецтва. Гэта Яна, праз ласку Духа Святога, альбо Любові Божай,  робіць Езуса нашым братам. (…) Таму, калі да Нябеснага Айца ўзносіцца хвалебная ахвяра, мы ўзносім да нашай салодкай Маці малітву: (…) “Просім Цябе, прывядзі нас пасля гэтага выгнання да Твайго Сына Езуса.”
   Няхай падчас кожнай ахвяры Святой Імшы суправаджае нас памяць пра Марыю, якая дала Езусу Цела, каб Ён стаўся чалавекам і мог ахвяраваць Яго нам у Сакраманце Эўхарыстыі.

ТАЯМНІЦЫ БАЛЕСНЫЯ
                                                                                                                                                             
МАЛІТВА Ў САДЗЕ АЛІЎНЫМ

    Калі нам трэба пайсці на ахвяру і мы змагаемся падчас малітвы са сваёй слабасцю, молімся тады словамі, якія ў 1979 годзе Святы Айцец узносіў да Маці Божай з Гвадэлупы:
   “Настаўніца ўкрытай і ціхай ахвяры, Табе… аддаем… усю нашую істоту і ўсю нашую любоў. Аддаем Табе нашае жыццё, нашую працу, нашыя радасці, нашыя слабасці і нашыя цярпенні… Усё, што мы маем і чым мы з’яўляемся, давяраем Тваёй апецы, Спадарыня і нашая Маці. Мы хочам цалкам належаць Табе і з Табой ісці шляхам цалкавітай вернасці Хрысту…”
   Няхай словы папы стануць праўдай, сказанай у нашай малітве. Даверым Ёй усё, асабліва тое, што цяжкае...

БІЧАВАННЕ

   Калі ў Польшчы было ваеннае становішча, папа маліўся да Марыі і разважаў з Ёй балесныя таямніцы жыцця Яе Сына. Прасіў у Яе моцы дзеля пераследаваных… Словы яго малітвы мы можам аднесці таксама да нашых часоў, калі ўзмацняецца барацьба паміж дабром і злом.
   “О Маці майго народу! Дапамажы яму, каб “ён не даў злу перамагчы сябе, але перамагаў зло дабром”.
   У гэтым заключаецца сучаснае выпрабаванне гісторыі. Не першае. Кожны раз выпрбоўваюцца сумленне, сэрца і воля, каб не даць перамагчы сябе злом, але зло перамагаць дабром.
   Дзякую Табе, о Маці, за ўсіх, хто так робіць, хто ў сваіх сумленнях, сэрцах і волі знаходзіць сілы, каб у выпрабаваннях і смутку памнажаць і ўзмацняць дабро.
   Дзякую Табе за ўсіх, хто застаецца верным свайму сумленню, хто,  змагаючыся са сваімі слабасцямі, узмацняе іншых…
   Гэтай перамогі ў нас ніхто не можа адабраць!”
   Мы ведаем, што дабро часам бездапаможнае, як Езус, прывязаны да слупа і бічаваны. Просім у малітве аб моцы, якая дапаможа нам вытрываць на хрысціянскім шляху, нягледзячы на пераследванні.

УКАРАНАВАННЕ ЦЕРНЕМ

   У лютым 1981 г., за некалькі месяцаў да замаху, Святы Айцец прамовіў у Манілі, сталіцы Філіпінаў, амаль што прарочыя словы. Ён казаў, што яго паслуга пазначаная вянком пакутніцтва:
   “Прагну Табе, Каралева Мучанікаў і Маці Касцёла, асаблівым чынам даручыць гэтую маю папскую паслугу… З самага пачатку на крыві пакутнікаў нараджаўся і ўзмацняўся на зямлі Касцёл Твайго Сына… Фунамент веры, пазначаны крывёй, здаецца, ўжо ўбудаваны ў глыбіню гісторыі. Не нам, аднак, людзям, вымяраць і вызначаць, ці досыць гэтага фундаменту… Усю гэтую вялікую справу, якая стаіць перад намі, …з поўным адчуваннем сваёй чалавечай слабасці і нягоднасці я прагну… даручыць Табе, Маці…”
   Ці і мы не павінны даверыцца Марыі да канца і ўзбудзіць у сабе гатоўнасць да найвышэйшай ахвяры, калі гэтага патрабуе Хрыстос і Касцёл? Няхай гэтая думка паволі спее ў нашай малітве. 

КРЫЖОВАЯ ДАРОГА

   У сваім рымскім акце прысвячэння 1981 г., Святы Айцец аддае Марыі ўсе цярпенні,  якія, на шляхах сучаснага свету, маюць людзі добрай волі, паслядоўнікі Хрыста. Папа нагадвае нам, што Бог патрабуе ад нас супрацоўніцтва, запрашэння праз Сэрца Марыі, у сваё штодзённае жыццё...
   “О Маці людзей і народаў! Ты ведаеш іх цярпенні і надзеі, Ты адуваеш па-мацярынску ўсе змаганні паміж дабром і злом, светам і цемрай, якія ўстрасаюць свет - …агарні любоўю Маці і Служабніцы тых, хто найбольш гэтага чакае, а таксама тых,  даверу якіх Ты асабліва чакаеш… Няхай дзеля нас усіх наблізіцца час супакою і волі, час праўды, справядлівасці і надзеі”.
   Паразважаем: цалкавітае прысвячэнне Марыі адкрывае нас на дзеянне Божай ласкі, якая прыбліжае збаўленне ў Хрысце. Молімся аб такой паставе сэрца, на якую ўказвае нам папа, які даручае Марыі ўвесь свет.

УКРЫЖАВАННЕ

    Крыж Хрыста гэта знак перамогі. У адной са сваіх малітваў за землякаў папа просіць удзяліць нам гэтую моц, якая выплывае з Крыжа Збаўцы.
   “Маці… што стаіш пад Крыжам, што вучыш нас духоўнай моцы сярод шматлікіх “слабасцяў” – пакажы нам…, чым з’яўляецца гэтая сапраўдная моц, якая нараджаецца з любові. Дапамажы нам адчуць яе…”
   Падумаем, якую паставу сэрца нам трэба мець, каб нашым удзелам сталася адчуванне моцы Касцёла, аб якім моліцца Святы Айцец. 

ХВАЛЕБНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

УВАСКРАШЭННЕ

   За дзесяць дзён да замаху на плошчы Св. Пятра Ян Павел II паказваў на Марыю як на знак надзеі, як на гарантыю поўні жыцця. 13 мая Найсвяцейшая Маці паказала ў яго жыцці сваю моц і дала знак сваёй мацярынскай любові.
   “Сярод тых падзей, узнёслых і цяжкіх, трывае… Маці Хрыста Укрыжаванага і Уваскрослага як знак нашай надзеі. Як знак духоўнага ўваскрашэння, да якога пакліканы чалавек у таямніцы Хрыстовага Уваскрашэння, і да якога пакліканы грамадствы і народы.
   Вера ў Хрыста Укрыжаванга і Уваскрослага вызначае ўнутраны, духоўны шлях жыцця нашых продкаў і іх нашчадкаў у сучасным пакаленні.
   Ці дзеля нас Хрыстовае Уваскрашэнне з’яўляецца Праўдай, якая кранае нашае асабістае жыццё?

УНЕБАЎШЭСЦЕ

   У адным са сваіх вялікіх актаў прысвячэння папа нагадвае пра місію, якую Езус даручыў кожнаму з нас у дзень Унебаўшэсця. У здзяйсненні гэтай місіі ён бачыць асаблівую ролю Марыі.
   “О Ты, якая была з Касцёлам з самага пачатку яго місіі, выпрошвай нам ласку, каб ідучы па свеце, ён нястомна навучаў усе народы і абвяшчаў Евангелле ўсяму стварэнню. Няхай Слова Божай Праўды і дух Любові знойдуць падыход да людзкіх сэрцаў, якія без гэтай Праўды і любові не могуць мець поўні жыцця”.
   Даверым Найсвяцейшай Маці нашае пакліканне да сведчання аб Уваскрашэнні Хрыста і Яго прысутнасці “ва ўсе дні, аж да сканчэння свету”.

СПАСЛАННЕ  ДУХА СВЯТОГА

   Падчас наведвання Марыйнага Санктуарыя ў Альтотынгу, Айцец Святы даручыў Маці Божай абвяшчэнне свету Добрай Навіны, плённасць справы, распачатай у дзень Пяцідзесятніцы моцай Духа Святога.
   “Я адчуваю патрэбу даручыць Табе, Маці, якая ў Вячэрніку прысутнічала пры нараджэнні Касцёла праз спасланне Духа Святога на апосталаў… Даручаю Табе… плённасць яго сведчання сярод сучасных людзей… перад абліччам нарастаючай небяспекі сэкулярызацыі і абыякавасці… Даручаю Табе, о Маці, будучыню веры… і даручаю Табе супакой у свеце”.
   Далучымся да папскай малітвы і папросім аб моцы сведчання, больш магутнай за моц тых, што хочуць, каб гісторыя свету развівалася так, як бы Бог не існаваў…

УНЕБАЎЗЯЦЦЕ МАРЫІ

   Сёння шмат людзей глядзіць не ў неба, а на часовыя справы. У сваіх малітвах папа часта просіць Марыю, каб Яна паказала людзям сапраўдныя каштоўнасці і канчатковую мэту іх жыцця. Ён моліцца да Найсвяцейшай Маці наступнымі словамі:
   “О Маці Езуса, што атрымала ў небе хвалу душы і цела… не пераставай свяціць пілігрымуючаму народу Божаму, як знак пэўнай надзеі і суцяшэння”… “Маці…, я прагну і прашу, каб благаславенства Твайго Унебаўзяцця было над усім тым, што саспела ў думках і сумленнях… Няхай гэта застанецца як трывалы плён! Плён спеласці духа, які нельга знішчыць і растаптаць ніводным прыніжэннем і гвалтам. Няхай гэты плён… даспее.
   Маці Ўнебаўзятая! Я ахвярую Табе гэтыя плёны… зямлі! Яшчэ больш ахвярую Табе… цяжкі плён сталення… душ. Прымі і благаславі!... Няхай чалавек не перастае сталець!”
   Няхай кожны з нас, дзякуючы заступніцтву Марыі, даспявае да свайго “ўнебаўзяцця”. Няхай нашыя сэрцы паселяцца там, дзе нашая Нябесная Маці.

УКАРАНАВАННЕ МАРЫІ

   3 мая 1979 г., падчас першай ўрачыстаці Каралевы Польшы, якую Караль Вайтыла святкаваў як папа, мы пачулі асаблівыя словы, словы падзякі і абавязку:
   “Дзякуем Табе за тое, што ў нас ёсць Каралева, якая з’яўляецца Маці, і за тое, што ў нас ёсць Маці, якая з’яўляецца Каралевай.
   Дзякуем Табе за бязмежную дабрыню, якую спазналі і спазнаюць усе пакаленні нашых родных…
   Дзякуем Табе за Яе мужнасць, калі яе не хапала самым мужным. Яна была Мужнай Жанчынай і была крыніцай мужнасці ў самыя цяжкія хвіліны нашай гісторыі. Таму Яна таксама наша Каралева, Каралева нашых душаў.
   І за Яе мы сёння дзякуем Табе.
   Адначасова, дзякуючы такім чынам, мы не перастаем прасіць, каб мы былі годнымі такой Маці і Каралевы…”
   Так, не перастаем аб гэтым прасіць. Атрымаць гэтую годнасць – азначае атрымаць у абліччы Марыі Заступніцу і Дапаможніцу, дасягнуць святасці, атрымаць права пасяліцца ў Валадарстве Бога. Няхай разважанне над апошняй таямніцай ружанца ўзмоцніць у нашых сэрцах усе нашыя добрыя пастановы, даручаючыся разам з Янам Паўлам II Найсвяцейшай Маці і пастанаўлячы актыўна супрацоўнічаць з Ёю ў здзясненні спраў Яе Сына.