1.17.2016

Абраз Езуса Міласэрнага


Абраз Езуса Міласэрнага належыць да найбольш вядомых у гісторыі Касцёла і ў сучасным свеце выяўленняў Хрыста Укрыжаванага і Змёртвыхпаўсталага. Абраз гэты незвычайны не толькі з погляду таго, што найбольш распаўсюджаны, але перадусім таму, што яго сааўтарам ёсць сам Пан Езус, Які менавіта ў такой постаці паказаўся Сястры Фаўстыне ў келлі Плоцкага кляштара Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці 22 лютага 1931 года і паводле той выявы даручыў намаляваць ёй свой абраз. “Вечарам, калі была ў келлі, - тлумачыць тое здарэнне ў “Дзённіку”, - убачыла Пана Езуса, убранага ў белае адзенне. Адна рука была ўзнятая для благаслаўлення, а другая дакраналася да адзення на грудзях. Са складкі на грудзях выходзілі два вялікія прамяні: адзін чырвоны, а другі – бледны (…). Праз хвіліну Езус мне сказаў: “Намалюй абраз паводле выявы, якую ты бачыш з подпісам: “Езу, давяраю Табе”. Прагну, каб гэты абраз быў шанаваны найперш у вашай капліцы і ва ўсім свеце” (Дз 47).
Абраз з’явіўся па волі самога Езуса. З’яўляецца знакам, адначасова візуальным сінтэзам усяго абвяшчэння Божай Міласэрнасці, якую пераказаў праз св. Сястру Фаустыну, дзе з аднаго боку прамінае аб’яўленую на старонках святога Пісання таямніцу міласэрнай любові Бога да чалавека, кліча да выхавання хрысціянскай паставы даверу паводле Яго і міласэрнасці бліжняга, а таксама выконвае ролю навучання да чэрпання ласкаў, якімі абдарыў праз Езуса многімі абяцаннямі. З даверлівай малітвай перад тым абразом, злучанай з учынкамі міласэрнасці з боку бліжніх, звязаў Езус абяцанне ўсялякіх ласкаў і мірскіх дабротаў (калі яны адпавядаюць волі Бога), а таксама абяцанні дакладныя: ласкі збаўлення, вялікіх поспехаў на дарозе хрысціянскай дасканаласці і ласкі шчаслівай смерці.
Першы абраз Божай Міласэрнасці з’явіўся ў майстэрні віленскага мастака Яўгена Казіміроўскага пад вокам Сястры Фаўстыны ў 1934 годзе. Ад той пары з’явілася мноства розных версій выявы Хрыста Міласэрнага, намаляваных паводле выявы Сястры Фаўстыны, якія ёсць у касцёлах і капліцах ва ўсім свеце. Спецыяльнае месца ў гэтай іканаграфіі і кульце Божай Міласэрнасці ў Санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Кракаве-Лагеўніках. Бо на ім споўніліся словы Езуса: “Прагну, каб гэты абраз быў шанаваны найперш у вашай капліцы і ва ўсім свеце” (Дз 47), хоць і быў гэта не першы абраз, намаляваны пад вокам Сястры Фаўстыны, не першы абраз у капліцах яе Кангрэгацыі. Гэтая выява Хрыста карыстаецца незвычайным шанаваннем у верных, славіцца многімі ласкамі, а яго копіі і рэпрадукцыі можна спаткаць усюды, на ўсіх кантынентах свету.

Малюнак абраза

Рысунак гэтага абраза прынцыпова прадыктаваны Панам Езусам у выяве, якую мела Сястра Фаўстына ў Плоцку 22 лютага 1931 года (Дз 47). Езус у белых шатах. Правая рука ўзнятая для благаслаўлення, левая дакранаецца да адзення на грудзях, адкуль выходзяць два вялікія прамяні: чырвоны і бледны. У подпісу абраза – словы: “Езу, давяраю Табе”.
Змёртвыхпаўсталы Хрыстос мае на сабе белыя шаты. Правая рука ўзносіцца для благаслаўлення. У апісанні выявы гэтага абраза няма мовы аб тым, як высока павінна быць паднятая рука ў жэсце благаслаўлення. На абразе, які намаляваў Яўген Казіміроўскі і якому пазіраваў кс. Сапоцька, Езус прыпадняў правую руку толькі да высаты пляча, бо такі абраз благаслаўлення ў той час быў прыняты. У святле “Дзённіка” ніякага значэння не мае тое, на якую высату ўзнесена правая рука. Важна толькі тое, каб правая рука была ўзнята для благаслаўлення (Дз 47).
Некаторыя элементы рысунка гэтага абраза Пан Езус дадаткова выясніў у некалькіх аб’яўленнях у Вільні ў 1934 годзе, калі ў майстэрні Яўгена Казіміроўскага пад вокам Сястры Фаўстыны вырысоўвалася першая карціна, намаляваная паводле выявы ў Плоцку. На пытанне пра значэнне прамянёў Езус адказаў: “Гэтыя два прамяні азначаюць кроў і ваду. Бледны прамень азначае ваду, якая апраўдвае душу; чырвоны прамень азначае кроў, якая з’яўляецца жыццём душ… Гэтыя два прамяні выйшлі з унутранасці Маёй міласэрнасці, калі Маё канаючае сэрца засталося кап’ём раскрытым на крыжы” (Дз 299). Ненатуральным выдаецца маляванне тых прамянёў, як святла, якое разыходзіцца ва ўсе бакі, а таксама ўверх. Гэтыя прамяні выходзяць са складак адзення каля сэрца, аднак на абразе Сэрца Езуса павінна быць нябачным.
Чарговае падрабязнае тлумачэнне рысунка датычыцца погляду Езуса. “Погляд Мой з гэтага абраза такі, як погляд з крыжа” (Дз 326), - такія словы Пана Езуса занатавала ў “Дзённіку” Сястра Фаўстына. Некаторыя (сярод іх і кс. Сапоцька) інтэрпрэтавалі тыя словы даслоўна: як з крыжа, або зверху ўніз. Іншыя сцвярджаюць, што гэтыя словы патрэбна інтэрпрэтаваць, маючы на ўвазе духоўнасць. Словы “Мой погляд з гэтага абраза такі, як погляд з крыжа” азначаюць погляд міласэрнасці, заклапочаны аб чалавеку, погляд, які чалавека шукае, які наўпаўней аб’явіўся на крыжы Хрыста.
Да істотных элементаў гэтага абраза, звязаных з ім інтэгральна, належаць словы “Езу, давяраю Табе”, якія павінны быць змешчаны ў подпісу. Віленскі спаведнік Сястры Фаўстыны, які стараўся аб стварэнні першага абраза, пытаў Сястры Фаўстыны, ці могуць быць у подпісе іншыя словы, напрыклад, “Хрыстос, Валадар Міласэрнасці” (Дз 88). “Езус прыпомніў мне, - запісала на старонках “Дзённіка” – як мне гаварыў першы раз, гэта значыць, што тры словы павінны быць паказаны. Словы гэтыя такія: Езу, давяраю Табе. Зразумела, што Езус прагне, каб быў змешчаны цэлы выраз” (Дз 327).
Тое, што з’яўляецца істотным для абвяшчэння Міласэрнасці, якую перадаў Езус праз Сястру Фаўстыну, а таксама і для стварэння абраза Божай Міласэрнасці, запісана ў яе “Дзённіку”. У тым пераконваюць словы Езуса, скіраваныя да Сястры Фаўстыны напрыканцы яе жыцця: “Будзь спакойна, дачка Мая, справа міласэрнасці – гэта Мая справа, нічога няма ў ёй твайго; падабаецца Мне, што ты верна спаўняеш тое, што кажу табе, ні аднаго слова не дабавіла, не адкінула” (Дз 1667).
Маючы такую дакладную інструкцыю, вядома, як маляваць абраз Езуса Міласэрнага, аднак, нягледзячы на гэта, з’явілася і многа непраўдзівых карцін. Найчасцей апушчаны словы подпісу абраза: “Езу, давяраю Табе”.
Часам можна сустрэць дамаляванае Сэрца або карону на галаве для падкрэслівання, што прамяні выйшлі з Сэрца, а Езус на абразе – Валадар Міласэрнасці. Можна сустрэць таксама рэпрадукцыі самога аблічча Езуса, пад якім змяшчаецца подпіс: “Езу, давяраю Табе”. Акрамя маляваных абразоў Езуса Міласэрнага, можна таксама сустрэць скульптуры, барэльефы або карціны, выкананыя рознымі сучаснымі тэхнікамі. Да культу, аднак, павінны быць аднесены абразы, бо Пан Езус указаў на такі від свайго выяўлення, калі прамовіў: “Намалюй абраз паводле выявы, якую ты бачыш з подпісам: “Езу, давяраю Табе” (Дз 47).

Тэалагічнае значэнне абраза

Тэалагічнае значэнне гэтага абраза кс. М. Сапоцька звязвае з жаданнем Пана Езуса, каб абраз быў асвечаны і публічна ўшанаваны ў першую нядзелю пасля Вялікадня. У гэтую нядзелю – ад часу Трыдэнцкага Сабору – чытаецца фрагмент Евангелля паводле св. Яна, які гаворыць пра аб’яўленне Пана Езуса Апосталам у Вячэрніку і ўстанаўленне Сакрамэнту пакаяння. Абраз паказвае найперш Змёртвыхпаўсталага Хрыста, які прыносіць мір, спакой, адпушчэнне грахоў і ўсялякія ласкі цаною сваёй мукі і крыжовай смерці, сляды якой носіць на сваім целе і як знак ідэнтычнасці паказвае сваім вучням. Струмені крыві і вады, якія сплываюць з прабітага Сэрца (на абразе не відаць), як і раны на далонях і стопах, прыпамінаюць здарэнні Вялікай Пятніцы. Для гэтага абраза характэрныя два прамяні: чырвоны і бледны. Пан Езус, калі запыталі Яго аб значэнні, паясніў: “Гэтыя два прамяні азначаюць кроў і ваду. Бледны прамень азначае ваду, якая апраўдвае душу; чырвоны прамень азначае кроў, якая з’яўляецца жыццём душ” (Дз 299). Гэтыя два прамяні сімвалізуюць перш за ўсё святыя сакрамэнты, святы Касцёл, народжаны з прабітага боку Хрыста, і дары Святога Духа, біблійным сімвалам якога з’яўляецца вада. “Шчаслівы, хто будзе жыць у іх ценю, - сказаў Пан Езус, - бо не дасягне іх справядлівая рука Бога” (Дз. 299).
Абраз, паводле кракаўскага духоўнага кіраўніка Сястры Фаўстыны, мае больш шырокую інтэрпрэтацыю, бо не адносіцца толькі да пасхальных падзеяў у жыцці Хрыста, але наогул ёсць знакам міласэрнай любові Бога да кожнага чалавека. Гэтая любоў Бога найлепей аб’явілася ў стылі жыцця, цудах і навучанні Езуса, а дакладней – гэта ў муцы смерці і змёртвыхпаўстанні. Абраз, як заўважыў кс. Прафесар І. Ружыцкі, указвае на міласэрнасць Святой Тройцы, таму называецца абразом Божай Міласэрнасці або Езуса Міласэрнага, таму што Ён гэтую таямніцу найпаўней аб’явіў чалавеку.
Абраз становіцца візуальным сінтэзам набажэнства да Божай Міласэрнасці, бо не толькі ўказвае таямніцу Божай Міласэрнасці, якая найпаўней аб’явілася ў жыцці, смерці і змёртрвыхпаўстанні Хрыста, але таксама адказ чалавека, які ён павінен даць Пану Богу, пазнаючы гэтыя таямніцы нашай веры. У подпісе змешчаныя словы: “Езу, давяраю Табе”. Яны гавораць пра першы галоўны адказ чалавека на прадбачную міласэрную любоў Бога. Гэта – давер.
Давер у запісах св. Сястры Фаўстыны азначае ўсяжыццёвую паставу чалавека ў суадносінах з Богам, якая ставіць умовы: словы, веры, надзеі, любові, а з цнотаў маральных – пакоры і пакаяння. Перш за ўсё тут рэч аб паставе дзіцяці ў адносінах да любячага айца, якое без усялякіх умоваў яму паверыць. Пастава даверу Богу, пра якую гаворыць набажэнства да Божай Міласэрнасці, не ёсць якімсьці пабожным пачуццём ці інтэлектуальнай акцэптацыяй праўдаў веры, але моцна канкрэтная пастава, якая адкрыта паказвае спаўненне волі Божай у прыказаннях, абавязках стану ці распазнаных натхненнях Святога Духа. Чалавек давяраючы ведае, што воля Божая для яго – міласэрнасць, таму з любоўю імкнецца яе прыняць і споўніць у сваім жыцці.
Абраз нагадвае таксама аб галоўным хрысціянскім абавязку, якім з’яўляецца актыўная любоў бліжняга. “Будзьце міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны” (Лк 6, 36), - гаварыў Езус. Так абраз, які прадстаўляе Божую Міласэрнасць, перш за ўсё прыпамінае евангелічны прызыў, каб быць “по вобразу Бога” праз спаўненне актаў міласэрнасці ў адносінах да бліжніх. Пан Езус сказаў Сястры Фаўстыне, а праз яе ўсім прыхільнікам Божай Міласэрнасці, што абраз прыпамінае патрабаванні Яго Міласэрнасці, “бо нават наймацнейшая вера нічога не дапаможа без учынкаў (Дз 742). Жадаю ад цябе ўчынкаў міласэрнасці, - гаварыў, - якая павінна выплываць з любові да Мяне. Міласэрнасць павінен аказваць заўсёды і ўсюды бліжнім, не можаш гэтага пазбегнуць або адказацца, ані апраўдаць. Паказваю табе тры спосабы чыніць міласэрнасць бліжнім: першы – учынкам, другі – словам, трэці – малітвай; у гэтых трох ступенях змяшчаецца поўная міласэрнасць і моцны довад міласэрнасці да Мяне. Такім чынам душа праслаўляе і аддае пашану Маёй Міласэрнасці” (Дз 742). Пан Езус прагне, каб Яго прыхільнікі выканалі на працягу дня хоць адзін акт міласэрнасці бліжняму з любові да Яго.

Абяцанні

Пашана абраза Езуса Міласэрнага грунтуецца ў першую чаргу на даверлівай малітве, злучанай з актамі міласэрнасці. Да такім чынам зразумелага культу абраза Пан Езус далучыў вялікае абяцанне. Запэўніў, што душа, якая будзе шанаваць гэты абраз, не загіне (Дз 48), а яшчэ паабяцаў вечнае збаўленне. Абяцаў таксама вялікі поступ на шляху хрысціянскай дасканаласці, ласку шчаслівай смерці, а таксама ўсялякія іншыя ласкі і сучасныя дабрадзействы, аб якім з даверам міласэрныя людзі прасіць Яго будуць. “Падай людзям посуд, - сказаў Сястры Фаўстыне, - з якім павінны прыходзіць па ласку да крыніцы міласэрнасці. Тым посудам ёсць гэты абраз з подпісам: Езу, давяраю Табе (Дз 327). Праз гэты абраз буду ўдзяляць многа ласкаў для душ, таму няхай да яго прыступіцца ўсялякая душа” (Дз 570).
Яшчэ пры жыцці Сястра Фаўстына атрымала запэўненне ад Пана Езуса, што гэты абраз пацягне мноства душ да Бога і праз яго Божая Міласэрнасць дзейнічае ў душах (пар. Дз 1379). У красавіку 1938 г. запісала ў “Дзённіку”: “Сёння ўбачыла хвалу Божую, якая выплывае з гэтага абраза. Мноства душ атрымоўваюць ласкі, хоць аб гэтым і не гавораць услых. І хоць адбываецца рознае, Бог атрымоўвае ў ім хвалу, і намаганні д’ябла і злых людзей разбіваюцца і ператвараюцца ў нішто. Нягледзячы на злосць шатана, Божая Міласэрнасць затрыюмфуе над усім светам і шанавацца будзе ўсімі душамі” (Дз 1789).

Аўтар: с. М. Альжбета Сепак ZMBM

Крыніца: часопіс “Дыялог” № 1/2016.