І. УЧЫНКІ МІЛАСЭРНАСЦІ
Пахвалёны Езус Хрыстус і Марыя заўсёды Дзева!
Гэта ўжо апошні раз у гэтым годзе мы сустракаемся на
супольнай малітве, каб таксама падчас Літургіі Слова паразважаць над наступнай
тэмай з Паслання Божай Міласэрнасці для чалавецтва, якое аб’явілася ўжо ў Паслінні
з Фацімы ў ХХ ст. Маці Божая Ружанцовая была пасланая ў 1917 годзе з Фацімскім
Пасланнем, каб праз пасрэдніцтва трох пастушкоў, 10-гадовай Луцыі дос Сантос і
яе дваюраднай сястры, 7-гадовай Гіяцынты, і дваюраднага брата, 9-гадовага
Францішка Марто, схіліць чалавецтва да навяртання, захаваць свет ад катастрофы,
душы бедных грэшнікаў – ад вечнага асуджэння, а для душ, церпячых у чысцы,
выпрасіць у Бога палёгку або вечнае шчасце. Цяжка не заўважыць, што ў гэтым
сама сутнасць Божай Міласэрнасці.
Прыглядзімся сёння да таго, якім чынам мы, грэшныя людзі,
павінны быць міласэрнымі, як Бог міласэрны. Чаго чакае ад нас, грэшных людзей,
Бог багаты ў міласэрнасць. Якім дакладна чынам мы можам выпрасіць у Бога, а
таксама праз пасрэдніцтва Беззаганнай Марыі, для нас грэшных і іншых грэшнікаў,
ласку навяртання на Шлях Прыказанняў і Любові, самы кароткі шлях, які вядзе да
вечнага жыцця, ласку ўратавання душ ад вечнага асуджэння, а таксама
ўзнагародзіць за грахі супраць Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі.
Сакратарка Божай Міласэрнасці – св. Фаустына – запісала ў
сваім Дзённіку “Божая Міласэрнасць у маёй душы” такія словы:
“Дачка Мая, калі праз цябе патрабую ад людзей ушанавання Маёй
міласэрнасці, то ты першая павінна вызначацца гэтым даверам да Маёй
міласэрнасці. Я патрабую ад цябе ўчынкаў міласэрнасці, якія павінны сыходзіць з
любові да Мяне. Ты павінна заўсёды і ўсюды праяўляць міласэрнасць да бліжніх,
ты не можаш ад гэтага ані ўхіліцца, ані адмовіцца, ані адрачыся. Я даю табе тры
спосабы ажыццяўлення міласэрнасці ў адносінах да бліжніх: першы – учынак, другі
– слова, трэці – малітва; у гэтых трох ступенях заключаецца ўся паўната
міласэрнасці, якая з’яўляецца неаспрэчным доказам любові да Мяне. Такім чынам
душа праслаўляе Маю міласэрнасць і ўшаноўвае. Так, першая нядзеля па Вялікадні
– гэта свята Міласэрнасці, але павінна быць і дзеянне, Я патрабую ўшанавання
Маёй міласэрнасці праз урачыстае адзначэнне гэтага свята і праз ушанаванне
намаляванага абраза. Праз гэты абраз Я ўдзялю шмат ласкаў душам, ён павінен
нагадваць аб патрабаваннях Маёй міласэрнасці, бо нават самая моцная вера нічым
не дапаможа без учынкаў. О мой Езу, Ты сам дапамагаеш мне ва ўсім, бо Ты бачыш,
якая я малая, і таму разлічваю толькі на Тваю дабрыню, Божа” (Дз. 742).
“20.06.1938. Мы тады найбольш падобныя да Бога, калі
прабачаем бліжнім. Бог – гэта любоў, дабрыня і міласэрнасць…
Маю міласэрнасць
павінна адлюстраваць у сабе кожная душа, і асабліва душа манаская. Маё сэрца
перапоўненае літасцю і міласэрнасцю да ўсіх. Сэрца Маёй абранніцы павінна быць
падобнае да Майго сэрца, з яе сэрца павінна струменіць крыніца Маёй
міласэрнасці для душаў, інакш Я не прызнаю яе сваёю” (Дз. 1148).
“Пан даў мне пазнаць сваю волю як бы ў трох кірунках, але
ўсе яны складаюць адно цэлае.
Першы – гэта тое, што душы, адасобленыя ад свету, будуць
у ахвяры гарэць перад Божым тронам і выпрошваць міласэрнасць для ўсяго свету…
Будуць выпрошваць бласлаўленне для святароў і сваёю малітваю рыхтаваць свет да
апошнягя прыйсця Езуса.
Другі – гэта малітва, паяднаная з учынкам міласэрнасці.
Асабліва яны будуць абараняць душы дзяцей ад злога. Малітва і ўчынак
міласэрнасці заключаюць у сабе ўсё, што гэтыя душы павінны рабіць, а ў іх
супольнасць могуць быць прынятыя нават найбяднейшыя; яны будуць імкнуцца
абудзіць у эгаістычным свеце любоў і міласэрнасць Езуса.
Трэці – гэта малітва і справы міласэрнасці, для выканання
якіх не абавязковае ніякае абяцанне, але за іх выкананне душы будуць мець
дачыненне да ўсіх заслугаў і прывілеяў сваёй супольнасці. Да гэтага кірунку
могуць належаць усе людзі, якія жывуць на свеце.
Удзельнік гэтага кірунку павінен штодзённа здзяйсняць
прынамсі адзін учынак міласэрнасці – зрэшты, іх можа быць шмат, бо кожнаму,
нават найбяднейшаму, лёгка яго здзейсніць, паколькі ёсць тры спосабы ажыццявіць
міласэрнасць: міласэрнае слова – праз прабачэнне і суцяшэнне; другі – калі не
ўдаецца словам, то можна малітваю – гэта таксама міласэрнасць; трэці – учынкі
міласэрнасці. І калі прыйдзе апошні дзень, па гэтаму нас будуць судзіць і
паводле гэтага нам вынесуць вечны прысуд” (Дз. 1155-1158).
“01.10.1937. Дачка, Мне патрэбна ахвяра, поўная любові,
бо толькі такая для Мяне мае значэнне. Вялікія даўгі свет мае перада Мною,
сплаціць іх могуць чыстыя душы сваёю ахвяраю, чынячы міласэрнасць у духу.
Я разумею твае словы, Пане, і паўнату міласэрнасці, якая
павінна ззяць у маёй душы. Езус: Ведаючы, дачка Мая, што ты іх разумееш і робіш
усё, што ў тваіх сілах, але напішы гэта для многіх душаў, якія іншы раз
перажываюць з-за таго, што ў іх няма матэрыяльных рэчаў, каб чыніць міласэрнасць.
Аднак нашмат большую заслугу мае міласэрнасць духу, на якую не трэба мець ані
дазволу, ані свірна, яна даступная для кожнай душы. Калі душа якім-небудзь
чынам не аказвае міласэрнасці, яна не атрымае Маёй міласэрнасці ў Судны дзень;
а калі б душы ўмелі збіраць сабе вечныя скарбы, яны не былі б асуджаныя,
апярэджваючы Мой суд міласэрнасцю” (Дз. 1316-1317).
А шмат гадоў да гэтага Дзеці з Фацімы: Луцыя, бл.
Францішак і бл. Гіяцынта – у 1917 годзе – калі адбылося чарговае аб’яўленне
Анёла, а гэта па словах Луцыі было летам, пачулі наступныя словы:
“У дні самай
вялікай гарачыні, у палудзень мы павялі наш статак да дому, каб вечарам зноў
яго выпусціць на пашы. Гадзіны адпачынку апоўдні мы праводзілі ў ценю дрэў, што
былі вакол студні, пра якую я ўжо шмат разоў згадвала. Раптам мы ўбачылі перад
намі тога ж самага Анёла: - „Што вы робіце? Маліцеся! Шмат маліцеся! Сэрцы
Езуса і Марыі жадаюць аказаць (свету) вялікую міласэрнасць. Нястомна ахвяруйце
Найвышэйшаму малітвы і ўтаймванні". - „Як нам трэба гэта рабіць?" –
запыталася я. - „З усяго, што толькі можаце, складайце ахвяру як узнагароду за
грахі, якімі Ён зняважаны, і каб выпрасіць навяртанне грэшнікаў. Такім чынам вы
прыцягнеце супакой для вашай Айчыны. Я – Анёл Ахоўнік Партугаліі. Перш за ўсё
прыміце і з пакорай зносце ўсе цярпенні, які Бог вам спашле". Гэтыя словы
адбіліся ў нашых розумах як святло, што дазволіла нам зразумець, хто такі Бог,
як Ён нас любіць і як прагне, каб мы Яго любілі. Мы даведаліся пра каштоўнасць
утаймаванняў, як яны прыемныя Богу і як праз іх навяртаюцца грэшнікі. З таго
часу мы пачалі ахвяроўваць Богу ўсё, што нам балела, але мы не шукалі іншых
утаймаванняў і пакуты, апрача гадзін, праведзеных на каленях, паўтараючы
малітву, якой навучыў нас Анёл”.
Дзеці з Фацімы даведаліся, што дзякуючы ўтаймаванням,
цярпенням, якія дабраахвотна аддаюцца міласэрнаму Богу могуць узнагародзіць за
грахі людзей і выпрасіць ласку навяртання грэшнікаў.
13 мая 1917 года Дзецям з Фацімы: Луцыі, бл. Францішку і
бл. Гіяцынце Шаноўная Спадарыня – Маці Божая Ружанцовая – сказала:
“Ці хочаце вы ахвяравацца Богу, каб зносіць усе цярпенні,
якія Ён вам пашле як узнагароду за грахі, якімі Ён зняважаны і як просьбу аб
навяртанні грэшнікаў?” “Так, хочам!” “Вам прыйдзецца шмат цярпець, але ласка
Божая будзе вашай моцай!”
13 ліпеня 1917 года Дзецям з Фацімы Шаноўная Спадрыня –
Маці Божая Ружанцовая – сказала:
“Ахвяруйцеся за грэшнікаў і часта кажыце, асабліва, калі
будзеце складаць ахвяры: О Езу, раблю гэта з любові для Цябе, для навяртання
грэшнікаў і для ўзнагароды за грахі супраць Беззаганнага Сэрца Марыі”.
“Вы бачылі пекла, куды ідуць душы бедных грэшнікаў. Каб
іх уратаваць, Бог хоча распаўсюдзіць па свеце набажэнства да Майго Беззаганнага
Сэрца. Калі будзе выканана тое, што я вам скажу, шмат будзе ўратавана ад пекла
і ў свеце запануе супакой”.
“…прыйду прасіць аб прысвячэнні Расіі Майму Беззаганнаму
Сэрцу і ўзнагараджальнай св. Камуніі ў першыя суботы”.
19 жніўня 1917 года Луцыі, бл. Францішку і бл. Гіяцынце
Маці Божая сказала:
“…пасмутнеўшы: - Маліцеся, маліцеся шмат, прыносце ахвяры
за грэшнікаў, бо шмат душаў ідзе на вечнае асуджэнне, таму што няма нікога хто
б за іх ахвяраваўся і маліўся”.
13 кастрычніка 1917 года з сумным тварам Яна дадала:
“Няхай людзі больш не абражаюць Бога грахамі, Ён і так
ужо вельмі зняважаны”.
10 снежня 1925 года сястры Луцыі аб’явілася Марыя з
Дзіцяткам і паказала Сваё Сэрца, аплеценае цернямі. Марыя сказала: “Дачка мая,
паглядзі, Сэрца Маё аплеценае цернямі, якімі няўдзячныя людзі няспынна Яго
раняць праз багахульствы і нявернасць. Прынамсі ты імкніся несці мне радасць і
скажы ад майго імя, што Я прыйду ў гадзіну смерці з ласкамі, патрэбнымі для
збаўлення да ўсіх тых, што на працягу пяці першых суботаў месяца прыступяць да
споведзі, прымуць св. Камунію, памоляцца адну частку Ружанца і на працягу
пятнаццаці хвілін разважання над ружанцовымі таямніцамі будуць мяне
суправаджаць у інтэнцыі ўзнагароды”.
Дзіцятка Езус сказала:
“Гэта, мая дарагая дачка, той матыў, які прымусіў
Беззаганнае Сэрца Марыі прасіць Мяне аб гэтым маленькім акце ўзнагароды. Акрамя
таго дзеля Яе Я хацеў узрушыць сваю міласэрнасць, каб прабачыць тым душам, якія
мелі няшчасце Яе абразіць. Што датычыцца цябе, імкніся нястомна сваімі
малітвамі і ахвярамі ўзрушаць Мяне да таго, каб Я аказаў гэтым бедным душам
Сваю міласэрнасць.”
Бог, які ёсць Любоўю, міласэрнай Любоўю, ужо Дзецям у
Фаціме праз Марыю аб’явіў, што чакае ад людзей міласэрнасці. Мы павінны яе
аказваць кожнаму чалавеку ўчынкамі, словам і малітвай. Праз узнагароду за грахі
– ахвяруючы ўтаймаванні, цярпенні, малітвы. Аб’яўляючыся св. Сястры Фаустыне,
Ён нагадвае, каб мы былі міласэрнымі, як Бог міласэрны. Ён кажа, якім дакладна
чынам мы павінны быць міласэрнымі – учынкам, словам, малітвай. Мы павінны
любіць бліжняга, якім з’яўляецца для нас кожны чалавек, а асабліва пакрыўджаны
іншымі. Калі мы чакаем міласэрнасці ад Бога, то не можам забыцца, што самі
гэтую міласэрнасць павінны аказваць людзям кожнага дня.
Дарагія Браты і Сёстры!
Пасля прагляду заклікаў і просьбаў Езуса Міласэрнага і
Маці Божай Ружанцовай заахвочваю сябе і Вас кожнага дня аказваць міласэрнасць
нашым блізкім у сям’і, суседзям, знаёмым, а таксама пакрыўджаным людзям,
рознымі спосабамі, а таксама ворагам Касцёла і нашым. Адкажам такім чынам
Міласэрнаму Богу і Маці Божай, якія так клапоцяцца аб навяртанні нас грэшных і
ўсіх грэшнікаў ва ўсім свеце на Шлях Любові, які вядзе да вечнага шчасця, і аб
уратаванні бедных грэшнікаў ад пекла – вечнага асуджэння.
ІІ. ТАЯМНІЦЫ СВЯТЛА
(Ружанец)
Хрост Езуса
Езус прыйшоў з Галілеі да ракі Ярдан да Яна, каб прыняць
ад яго хрост. Езус робіць тое, праз што хоча выканаць і ўдасканаліць
справядлівасць Старога Права. Езус выйшаў з вады і людзі ўбачылі Духа Божага,
як голуба, над Езусам і пачулі голас з неба: “Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я
ўпадабаў” (Мц 3, 17).
Марыя, Ружанцовая Маці, мы так хочам слухаць Езуса,
Валадара Міласэрнасці, Твайго Сына, слухаць усю Яго навуку. Мы хочам слухаць
усе словы Святога Пісання, мы хочам слухаць навучанне нашага любага Каталіцкага
Касцёла. Мы таксама хочам да канца давяраць міласэрнаму Богу, кожнаму Яго
слову. Мы не хочам абражаць Бога грахамі недаверу, бо Ён і так ужо вельмі
зняважаны.
Цуд у Кане Галілейскай
Езуса і Яго вучняў запрасілі на вяселле, дзе была таксама
Яго Маці. У гаспадароў скончылася віно для гасцей. Маці Езуса заўважыла гэта і
просіць Сына дапамагчы вырашыць праблему маладых сужонкаў. Езус чыніць цуд. Ён
перамяняе ваду ў віно. Ратуе добрае імя маладых. Аб’яўляе сваім вучням Божую
моц, якая жыве ў Ім.
Марыя, Беззаганная Дзева, мы дзякуем Табе, што Ты так
клапоцішся пра нас, людзей, так моцна клапоцішся пра нашае збаўленне, нашую
вандроўку ў часовым жыцці Шляхам Любові, самым кароткім шляхам да неба. Ты так
нас любіш, што ўжо шмат разоў у жыцці Касцёла прыходзіла на зямлю. Ты
заахвочвала любіць міласэрнага Бога, любіць іншага чалавека і клапаціцца аб яго
збаўленні малітвай аб навяртанні, пакутай, узнагародай за грахі. Будзь
прывітаная, Марыя!
Абвяшчэнне Божага
Валадарства
і заклік да навяртання
і заклік да навяртання
Езус у сваім навучанні абвяшчае надыход Божага
Валадарства і заклікае да навяртання, адпускаючы грахі тым, што прыходзяць да
Яго з даверам, даючы тым самым пачатак таямніцы міласэрнасці, якую Ён сам будзе
ажыццяўляць аж да сканчэння свету, асабліва праз давераны Касцёлу сакрамэнт
споведзі. Навяртацца – гэта адварочвацца ад зла, вызнаваць грахі Хрысту,
практыкаваць утаймаванні і паварочвацца ў бок дабра.
Марыя, Прытулак грэшных, дапамагай нам абвяшчаць іншым
людзям Божае Валадарства, перш за ўсё прыкладам жыцця згодна з навукай Езуса.
Дапамагай, просім, адварочвацца кожны дзень ад зла, дапамагай нам адкрываць
вялікае дабро і моц сакрамэнту споведзі, выпрошвай нам у Бога ласку вытрымкі ў
частым прыступанні да гэтай крыніцы міласэрнасці. Не дазваляй забыцца пра
частую ўзнагароду за грахі нашыя і ўсяго свету і ажыўляй веру ў тое, што дабро большае
і мацнейшай за зло.
Перамяненне на гары
Фавор
Перамяненне Езуса, вялікая таямніца веры, згодна з
традыцыяй адбылося на гары Фавор. Хвала Боства раз’ясняе аблічча Хрыста, калі
Айцец абвяшчае Яго сваім умілаваным Сынам у прысутнасці агаломшаных Апосталаў,
заклікае іх слухаць Яго і рыхтуе да балеснага моманту пакуты разам з Ім, каб
яны дайшлі да радасці ўваскрашэння і да жыцця перамененага Святым Духам.
Марыя, Маці міласэрнасці, Ты найлепш ведаеш, як нам
людзям цяжка кожнага дня змяняцца па вобразу Бога. Як нам цяжка паверыць,
цалкам, у кожнае слова Хрыста – хоць бы пра любоў і малітву за непрыяцеляў,
любоў да тых, што нас крыўдзяць, прабачэнні нашым ворагам, чыненні дабра тым,
што нас высмейваюць і пераследуюць і, калі з-за Езуса распаўсюджваюць хлусню
пра нас. Мы хочам у Цябе, Марыя, вучыцца безумоўнаму даверу міласэрнай Любові.
З Табой мы зменім нашыя сэрцы на лепшае.
Устанаўленне
Эўхарыстыі
Езус Хрыстус сваім Целам і Крывёй у постаці хлеба і віна
становіцца ежай, даючы “аж да канца” сведчанне сваёй любові да людзей, для
збаўлення якіх Ён прынясе Сябе самога ў ахвяры. Гэта вялікая таямніца веры.
Езус застаўся з намі на зямлі ў цудоўным Сакрамэнце Эўхарыстыі – Падзякі. Ён
застаўся ў таберанаклях у святынях, каб нас блаславіць, каб даць нам сябе як харчаванне
ў дарозе да вечнасці, даць як лекаванне на нашыя хваробы – грахі, каб нас
слабых узмацняць і перамяняць.
Марыя, Маці нашая, ажыўляй у нас веру ў прысутнасць
Твайго Сына Езуса ў Целе і Крыві ў постаці хлеба і віна, дапамажы нам часта
прыступаць да гэтай крыніцы Божай міласэрнасці, каб мы не забыліся, што без
гэтага святога харчавання ў нас не будзе сіл, каб дайсці да мэты нашага жыцця
на зямлі – да жыцця ў небе. Дапамажы нам прымаць Хрыста ў Святой Камуніі ў сваё
сэрца заўсёды ў стане асвячаючай ласкі, каб мы заўсёды прымалі поўны ўдзел у
Святой Імшы, прыступаючы да Стала Пана.
ІІІ.
ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЕ РАЗВАЖАННЕ
ТАЯМНІЦА СВЯТЛА
Цуд у Кане Галілейскай
Маці, вось я!
Я разам з Тваім Сэрцам, о Беззаганная Маці, у гэты
асаблівы дзень, які Ты сама выбрала. Сёння першая субота месяца; гэта ўжо мая
чарговая субота побач з Тваім Беззаганным Сэрцам. Каб паўней з’яднацца з болем
Твайго Сэрца, спачуваючы Табе, я ахвярую Табе гэтую хвіліну медытацыі ва
ўзнагараджальнай інтэнцыі, аб чым Ты Сама так пакорна просіш.
Маці мая, ідучы за Табой, я станаўлюся сведкам вельмі
прыгожых і хвалюючых падзеяў на вяселлі ў Кане Галілейскай. Святы Ян Евангеліст
так апісвае гэту падзею:
“А на трэці дзень было вяселле ў Кане Галілейскай, і Маці
Езуса была там. Быў запрошаны на
вяселле таксама Езус
і вучні Ягоныя.
І калі скончылася віно, Маці Езуса сказала Яму: «Не
маюць віна». Адказаў Ёй Езус: «Ці гэта Мая або Твая справа, жанчына? Яшчэ не
прыйшла гадзіна Мая». Маці Яго сказала
слугам: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце».
Было ж там
шэсць каменных збаноў,
пастаўленых для юдэйскага ачышчэння, якія
змяшчалі дзве або
тры меры. Сказаў
ім Езус: «Напоўніце збаны вадою». І напоўнілі іх аж да
верху. І кажа ім: «Цяпер чэрпайце і нясіце кіраўніку вяселля».
І яны занеслі. Калі
ж кіраўнік вяселля
пакаштаваў вады, што стала
віном (а ён
не ведаў, адкуль
яно, ведалі толькі
слугі, якія чэрпалі ваду), паклікаў
жаніха і сказаў яму:
«Кожны чалавек падае
спачатку добрае віно, а калі нап’юцца,
тады горшае. Ты ж збярог
добрае віно аж
дагэтуль». Такі пачатак знакаў
учыніў Езус у
Кане Галілейскай і
паказаў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя.
Пасля гэтага прыйшоў
у Кафарнаум, Ён
і Маці Ягоная,
і браты, і
вучні Ягоныя, і прабылі там некалькі дзён” (Ян 2, 1-12).
Апісаныя вясельныя ўрачыстасці і заклік, перад якім
апынуліся гаспадары, сталіся свайго роду метафарай нашага людзкога жыцця,
пазначанага асаблівымі хвілінамі, поўнымі радасці, але таксама працы і
цяжкасцяў, якім трэба супрацьстаяць. Хвіліны радасці, шчасця пераплятаюцца з
неспадзяванымі выпрабаваннямі, якія патрабуюць ад нас высілкаў, а нават ахвяры.
Мы не можам не звярнуць на іх увагі, таму што вяселле, як і нашае жыццё, не
мела б шчаслівага канца.
Узгаданыя словы Евангелля нагадваюць нам, што ў жыцці
кожнага з нас, у хвіліны радасці і смутку, прысутнічаеш Ты, Марыя. Чаму Ты,
аднак, церпіш, Маці? Ты ж толькі госць. Евангелле кажа, што Ты была на вяселлі,
не кажа аднак нічога пра тое, што Ты была запрошаная, нічога не кажа пра повязі
радства з маладымі. Як бы само сабой разумелася, што Ты там будзеш, што Ты там
прысутная.
Аднак, Твая прысутнасць адрозніваецца ад прысутнасці
іншых гасцей. Ты зацікаўленая тым, што адбываецца. Здзіўляе мяне той факт, што
як запрошаны госць Ты не стаіш убаку, а прысутнічаеш, удзельнічаеш, перажываеш
тое, што там адбываецца. Такая радасная і асаблівая хвіліна для маладых
сужонкаў можна скончыцца, аднак, вельмі крыўдна. Ты прысутнiчаеш ужо ў самым
пачатку складанай сітуацыі. Ніхто да Цябе не звяртаецца за парадай, каб
дапамагчы, а Ты сама спрабуеш вырашыць з’явіўшыяся нязручнасці.
Маці, Езус жа яшчэ не зрабіў ніводнага цуду, а таму цяжка
верыць у тое, што Ён нечакана зробіць нешта, што дапаможа вырашыць праблему.
Ты, аднак, звяртаешся да Яго, як бы гэта было для цябе зразумелым. Ты вельмі
проста кажаш, што няма віна. Нічога не навязваеш, нічога не падказваеш, што
вельмі здзіўляе. Ты кажаш, што нечага не хапае, але вырашэнне праблемы пакідаеш
Сыну. Хоць чуеш, што яшчэ не Яго час, не так павінен выглядаць пачатак Яго
публічнай дзейнасці, аднак з цалкавітым спакоем звяртаешся да слугаў з простым
загадам. Ты не атрымала адказу, які б дазволіў Табе быць упэўненай, што Езус
нешта зробіць, аднак Твой чарговы загад сведчыць пра тое, што ў Цябе няма
ніякіх сумневаў. Ты не кажаш, што дакладна ім трэба зрабць, аднак загадваеш,
каб яны былі паслухмяныя Езусу. Прыглядаючыся да ўсёй сітуацыі і ўслухоўваючыся
ў словы, я пачынаю глыбей разумець таямніцу Тваёй місіі, якая будзе Табе даручана
з вышыні крыжа. Ты станеш нам Маці на шляхах веры.
Хоць наша любоў да Цябе павінна быць нечым зразумелым,
аднак, некаторым здаецца, што гэта парушэнне і памяншэнне любові да Бога. Твая
прысутнасць у Кане вучыць мяне, што Ты нічога не забіраеш Сабе, Ты толькі
ўказваеш на свайго Сына і заклікаеш да паслухмянасці Езусу. Гэта не толькі
выражэнне сціпласці, бо Ты не кажаш Езусу, што Ён павінен зрабіць; не толькі
выржэнне бездапаможнасці, бо Ты кажаш слугам, каб яны зрабілі тое, што Езус ім
скажа. Кале будзе цуд, то ён павінен быць такім, якім хоча яго зрабіць Бог.
Гэта паслухмянась і пакорная падпарадкаванасць волі Створцы. Зрабіце ўсё, што
скажа вам Езус. А калі скажа, што нічога страшнага, калі віна не будзе? Нам
трэба зрабіць тое, што скажа Езус. Тое, што адбылося, сведчыць пра Тваё, Марыя,
магутнае заступніцтва. Сын ні ў чым Табе не адмовіць, з Ім Ты з’яднаная ў
дасканалай любові.
Ці, аднак, сёння мы можам лічыць на Тваю дапамогу?
Запавет Езуса зрабіў Цябе Маці нас усіх і мы не можам пра гэта забыцца. Ці мы
ўсведамляем тое, што можам прасіць у Маці дапамогі, але таксама павінны Маці
любіць? Твой клопат пра нас, дапамога ў нашых праблемах усведамляюць нам
таксама чарговую праўду. Калі мы паглядзім шырэй, мы можам заўважыць, што нашае
людзкое жыццё праходзіць аднолькава: можа не хапіць сіл, здароўя, цярпення.
Тады мы пачынаем разумець Твой смутак, Маці. Як жа шмат тых, хто паддаецца
модзе гэтага свету і ідзе на вечнае асуджэнне; тых, хто не хоча супрацьстаяць
цяжкасцям жыцця, выбіраючы лягчэйшае, бо згубілі сэнс: любові, пакуты, ахвяры.
Маці, бачучы згубленасць сваіх дзяцей, якія ідуць у
бездань, вельмі церпіць. Ты са сваімі дзецьмі, з намі! Менавіта таму ў Фаціме
Ты нагадваеш пра праўду пра пекла, каб мы не жылі ў падмане, фікцыі,
безклапотна падыходзячы да жыцця. Так як вясельнае свята яго трэба запланаваць,
падрыхтаваць, каб яно ўдалася, патрэбна адказнасць, намаганні, труд, свядомасць
і выкананне пэўных правіл. Ці ўсе Твае дзеці так адносяцца да свайго жыцця?
Жыццё – гэта цуд і Божы дар, але нельга ім толькі безклапотна карыстацца, трэба
глядзець на вынікі сваіх учынкаў, глядзець у будучыню. Беззаганная Маці, як жа
Ты церпіш, калі Тваім дзецям унушаюць словы: “рабіце, што хочаце”, “ты вольны,
маеш права на прыемнасць”, “маеш свае пяць хвілін, выкарыстай іх”. Ці гэта не
вядзе да страшных наступстваў? Страціць добрае імя, высмеяць не здаецца чымсьці
жудасным. Калі, аднак, ужо няма магчымасці выправіць памылку, а наступства –
вечнае пакаранне, ці маці, якая бачыць дзіця ў такім стане, можа застацца
абыякавай? Маці, які ж вялікі боль Твайго Сэрца. Паглядзі на сваіх дзяцей, у
чыіх сэрцах сёння ўзнагараджальная інтэнцыя, няхай яны будуць для Цябе
суцяшэннем.
Евангелле не тлумачыць і нават не задае пытання, чаму не
хапіла віна, хто ў гэтым вінаваты? Не кажа таксама, чаму Ты, Маці, бярэш на
сябе клопат аб іншых. Сам Езус здаецца здзіўленым, калі адказвае на Тваю
просьбу пытаннем: Ці ж гэта мая або Твая справа, Жанчына? Маці, Ты не толькі
госць, Ты прысутная; Ты са сваімі дзецьмі. Ці можна пытаць маці, чаму яна
займаецца дзіцём, чаму пра яго клапоціцца, прысвячае сябе яму? Яна проста ёсць;
ёсць, таму што любіць! Беззаганная Маці, прысутная ў жыцці сваіх дзяцей, як жа
Табе балюча, калі так шмат не просіць Цябе аб дапамозе, хоць ім пагражае вечнае
асуджэнне. Яны пагружаюцца ў розныя залежнасці, заглушаюць сумленне, выбіраюць
шлях бунту, плачу, наракання, і не хочуць звярнуцца да Цябе. Часам гадзінамі мы
будзем скардзіцца лекару, цырульніку, суседу, знаёмаму і не знойдзем хвіліны,
каб прыйсці да Цябе і з Табой празмаўляць, папрасіць Цябе аб дапамозе. Ці сэрца
маці не баліць, калі дзеці ў цяжкіх сітуацыях шукаюць дапамогі паўсюль, а да яе
не прыходзяць? Малое дзіця знаходзіць палёгку у абдымках уласнай маці; чаму
тады пазней усе забываюцца пра гэта? Калі не хапіла віна, Ты папрасіла дапамогі
ў Езуса. Евангелле нічога не кажа пра тое, што гаспадары перад гэтым звярнуліся
да Цябе з такой просьбай; падкрэслівае, аднак, што Ты спяшаешся з дапамогай,
ідучы да свайго Сына. Наколькі кароткі дыялог, толькі просьба Маці, толькі
адзін сказ, скіраваны да Сына. Хоць не надышла яшчэ Яго гадзіна, хоць
здавалася, што Сын адмовіць, аднак, здзейсніўся цуд. Маці звярнулася з просьбай
да Сына-Бога, а Той Ёй паслухмяны! Што гэта былі за словы просьбы, калі Бог быў
паслухмяны чалавеку? Такую моц могуць мець словы, калі Маці просіць уласнага
Сына. Якая ж глыбокая і магутная павінна быць мова любові!
Я, ўсведамляю, Маці, што мы звяртаемся да Цябе са
шматлікімі просьбамі. Колькі ж разоў у цяжкія хвіліны таксама і наш народ
звяртаўся да Цябе, даваў абяцанні. Рабіў гэта, просячы дапамогі ў сітуацыях,
калі не было іншай надзеі і ўратавання. На працягу стагоддзяў Ты апекавалася
намі, была нам Абаронай ад непрыяцеляў. Ці, аднак, у хвіліны, калі мінае
небяспека, мы памятаем пра Цябе? Больш таго, ці выконваем дадзеныя абяцанні? У
2013 годзе у Будславе адбылося прысвячэнне Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
Ці сёння мы пра гэта памятаем, ці застаемся мы вернымі? Маці, ці з-за гэтай
няўдзячнасці чарговы меч болю не працінае зноў Тваё Сэрца?
Маці, Ты так моцна любіш і ўсё можаш выпрасіць у свайго
Сына, а мы не заўсёды дзякуем Табе хаця б стрыманым словам і вернасцю дадзеным
абяцання. Дзякую Табе, што Ты ўзяла мяне сёння на вяселле ў Кане, што адкрыла
мне вочы. Я веру, што калі, як дзіця, я буду заўсёды прыбягаць да Цябе, хавацца
ў Тваім Беззаганным Сэрцы, тады я вурву з Яго адзін шып і прынясу палёгу Твайму
цярпенню. Беззаганная Маці, дзякую Табе за гэтыя хвіліны побач з Тваім Сэрцам. Ave Maria!
ІV. АПЭЛЬ МАРЫЙНЫ
Клопатам Беззаганнага Сэрца Марыі з’яўляецца наша збаўленне
Святая і Беззаганная, Найчысцейшая і Найхвалебнейшая, Прыгожая і цалкам
Дасканалая, бо цалкам Божая. О Марыя, якая ж Ты цудоўная! Фацімская Спадарыня,
Каралева Беларусі і Маці Міласэрнасці, будзь прывітаная.
Беззаганная Маці ў Фаціме паказала нам сваё Беззаганнае Сэрца. Яна казала,
што Яно вельмі часта параненае нашымi грахамі. Аднак, Ты не перастаеш нас
любіць, а Тваё Сэрца з’яўляецца для нас сховішчам і паратункам. Абяцаны цуд
стаўся фактам, каб мы паверылі ў гэтую праўду і прыбягалі да Твайго Беззаганнага
Сэрца, да Сэрца Маці Міласэрнасці. Мы хочам сёння разважаць над гэтай праўдай,
а правадніком нашым будзе св. Ян Павел ІІ, які так нас вучыў:
“Фацімскае пасланне, якое Марыя перадала свету праз пасрэдніцтва трох
убогіх дзяцей, складаецца з закліку да навяртання, да малітвы, асабліва
ружанцовай, а таксама да ўзнагароды за грахі ўласныя і ўсіх людзей. Гэта
пасланне вырастае з Евангелля, са слоў Хрыста, сказаных у пачатку публічнай
дзейнасці: “Навяртайцеся і верце ў Евангелле!” (Мк 1, 15). Яго мэта – унутраная
перамена чалавека, перамога над грахом і ўзмацненне дабра, дапамога ў
здабыванні святасці. Гэта пасланне скіравана асаблівым чынам да людзей нашага
стагоддзя, пазначанага войнамі, нянавісцю, незахоўваннем падставовых праў
чалавека, вялікім цярпеннем людзей і народаў, і нарэшце змаганнем з Богам, якое
дайшло аж да аспрачэння Яго існавання. Фацімскае Пасланне мае павеў любові
Сэрца Маці, якое заўсёды адкрыта для дзіцяці, няспынна побач з ім, заўсёды
думае пра яго, нават тады, калі дзіця сыходзіць з добрага шляху і становіцца марнатраўным сынам (пар. Лк 15, 11-32).
Беззаганнае Сэрца Марыі, якое мы […] ўспамінаем у літургіі Касцёла, было
адкрыта для нас на Кальварыі словамі паміраючага Езуса: “«Жанчына, вось
сын Твой». Потым сказаў вучню: «Вось Маці твая». І з гэтага
часу вучань узяў Яе да сябе” (Ян 19, 26-27). Пад крыжам Марыя сталася Маці ўсіх
адкупленых Хрыстом людзей. Яна прыняла пад сваю матчыную апеку Яна і кожнага
чалавека. З гэтай хвіліны найвялікшы клопат Яе Беззаганнага Сэрца – гэта вечнае
збаўленне ўсіх людзей.
[…] З даверам звяртайцеся да Марыі – Прытулку грэшнікаў, каб яна ратавала
ад зацвярдзеласці ў граху і ад няволі шатана. Прасіце з верай, каб людзі
пазналі і даведаліся пра адзінага
сапраўданага Бога, а таксама Таго, якога Ён паслаў, Езуса Хрыста (Ян 17,
3). У гэтай малітве выражаецца ўся вашая любоў да людзей, якая прагне
найвялікшага дабра для кожнага з іх.
Касцёл абвяшчае праўду пра міласэрнасць Бога, аб’яўленую ва ўкрыжаваным і
ўваскрослым Хрысце і вызнае яе рознымі спосабамі. Касцёл імкнецца таксама
аказваць міласэрнасць праз людзей, бачучы ў гэтым важную ўмову клопату пра
лепшы, больш людзкі свет сённяшняга і
заўтрашняга дня. Аднак ніколі, у ніводным перыядзе гісторыі – асабліва ў
настолькі пераломным перыядзе, як наш – Касцёл не можа забыць пра малітву, якая з’яўляецца заклікам да
міласэрнасці Бога перад абліччам вялікага зла, якое абцяжарвае чалавецтва і
настолькі яму пагражае. Менавіта гэта з’яўляецца падставовым правам і
адначасова абавязкам Касцёла ў Езусе Хрысце. Гэта права і абавязак Касцёла
перад абліччам Бога, а таксама ў адносінах да людзей. Чым больш людзкая
свядомасць, паддаючыся сэкулярызацыі, губляе сэнс слова міласэрнасць – чым
больш, аддаляючыся ад Бога, аддаляецца ад таямніцы міласэрнасці – тым больш
Касцёл мае права і абавязак вялікім
заклікам звяртацца да Бога з просьбай аб міласэрнасці (пар. Габр 5, 7).
Такім вялікім заклікам павінна быць просьба Касцёла нашых часоў да Бога аб
міласэрнасці, пэўнасць якой ён абвяшчае і вызнае ў Хрысце ўкрыжаваным і
ўваскрослым – гэта значыць у пасхальнай таямніцы. Гэта таямніца нясе ў сабе
самае поўнае аб’яўленне міласэрнасці – гэта значыць той любові, што мацнейшая
за смерць, мацнейшая за грэх і зло кожнага з нас, любові, якая ўзнімае чалавека
з самых глыбокіх падзенняў і вызваляе ад самых вялікіх пагрозаў” (Dives in misericordia, 15).
Маці, выпрасі! Маці прабач!
О Марыя, Маці Бога,
заступіся за нас! Амэн.
Св. Ян Павел ІІ
гамілія, Закапанае Кшэптуўкі 7.06.1997 г.
Перакладзена з польскага выдання
Bóg jest Miłosieny. Ostatnie słowo należy do Boga, który jest Miłością.
Sekretariat Fatimski 2015