Дзень трэці: 1984-...

ДЗЕНЬ ТРЭЦІ:
1984 — ...

   

  Трэці Дзень — гэта дзень сённяшні. Зноў багаты на падзеі. Распачаўся ён днём Звеставання 25 сакавіка 1984 г. — у дзень “FIAT”, якое Ян Павел II сказаў разам з Марыяй. Сястра Луцыя сказала, што прысвячэнне было прынятае Богам. Сказала, што “Бог стрымае слова” і “ўчыніць новы, лепшы свет”. Запэўніла, што прысвячэнне — гэта пачатак трыюмфу Беззаганнага Сэрца Марыі.
   Настаў новы час, больш бяспечны для чалавецтва… Распадаецца савецкая імперыя, у свеце адступае хваля камунізму. Знікае небяспека атамнай вайны. Папа пракладае дарогу набажэнству першых суботаў месяца, даручае Беззаганнаму Сэрцу Марыі новае тысячагоддзе, беатыфікуе Францішка і Жасінту, адкрывае змест трэцяй часткі таямніцы. Фігура Маці Божай Фацімскай вырушае ў пілігрымку па Расіі. Потым памірае Луцыя, памірае Ян Павел II. Пасля іх застаюцца незвычайныя знакі, якія вызначаюць чалавецтву дарогу ў Чацвёрты Дзень.[1]
   Калі ён настане? Логіка Фацімы простая: калі чалавецтва здзейсніць усе заданні, прызначаныя на Трэці Дзень. Якія гэта заданні? Сястра Луцыя акрэслівае іх аднасэнсоўна. 11 кастрычніка 1993 году яна сказала, што “Дзень Трэці звязаны з воляй Пана Езуса, каб набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі было звязанае з набажэнствам да Яго Найсвяцейшага Сэрца”.
   Калі мы яшчэ раз вернемся да логікі Фацімы, адразу даведаемся, з чаго трэба пачынаць. Сястра Луцыя шмат разоў пісала, што прысвячэнне, якое пацягне за сабой канец пераследам у Расіі, павінна стаць імпульсам для ажыўлення ў Касцёле набажэнства першых суботаў, што ў сваю чаргу прынясе плён яго афіцыйнага зацверджання. Гэта зноў прывядзе да таго, што Ян Павел II з упадабаннем называў “Запаветам Сэрцаў”: злучэннем культу Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі. І – як вынік сапраўднай пабожнасці – з’яднаннем нашых сэрцаў з Сэрцамі Езуса і Марыі, настолькі дасканалым, што Іх воля станецца нашай. Тады здзейсняцца словы, якія нясе прыгожая ў сваёй простасці малітва да Маці Божай Добрай Рады:

Марыя, выракаюся майго духа і паддаюся Твайму духу.
Марыя, забяры мае думкі, дай мне Твае думкі.
Марыя, забяры мае жаданні, дай мне Твае жаданні.
Марыя, забяры мае пачуцці, дай мне Твае пачуцці.
Марыя, забяры маю волю, дай мне Тваю волю.
Марыя, забяры маё сэрца, дай мне Тваё сэрца.
   Першы крок належаў небу: прысвячэнне Расіі Беззаганнаму Сэрцу Марыі павінна было зрушыць лавіну зменаў. І, як у 1984 годзе запэўніла візіянерка, “Бог стрымаў слова”.

   РАСПАД СССР


   Божыя ластаўкі нечаканых зменаў у краінах Сярэдняй і Усходняй Еўропы можна было заўважыць ужо праз год пасля прысвячэння, у 1985 годзе, бо менавіта тады ў савецкай імперыі да ўлады прыйшоў Міхаіл Гарбачоў, пазней “аўтар” зменаў у краінах сацыялістычнага блоку і сведка ролі ў гэтых зменах Папы.
   Потым знакі з’явіліся ў 1987 г., падчас Марыйнага Году. Пра гэта казаў апостальскі адміністратар Еўрапейскай часткі Расіі, а з 2005 году арцыбіскуп Масквы Тадэвуш Кандрусевіч падчас першай у гісторыі расійскай пілігрымкі да Фацімы — засведчыў у гаміліі, што “ў зменах Расіі наступіў незвычайны імпэт ад 1987 г.  — ад Марыйнага Году”! Пра гэта пісаў таксама і сам Святы Айцец у “Tertio Millenio Adveniente”. Праз два гады ўпала Бярлінская сцяна. Скончылася эпоха камунізму і распачаўся абяцаны Маці Божай Фацімскай “павольны працэс” навяртання Расіі.
   Трэба дадаць яшчэ, што удзельнікі “путчу генералаў” 1991 году, які адхіліў Гарбачова ад улады, засведчылі ролю прысвячэння Расіі Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Яны прызналіся, што хацелі вярнуць сітуацыю ў Савецкім Саюзе, якая была “да 1984 году”. Сястра Луцыя, апісваючы тыя падзеі, аднасэнсоўна ўказала на прысутнасць у іх Бога, які ў сілу акту прысвячэння 1984 г. непасрэдна ўдзельнічаў у гісторыі свету.[2]
   Бог учыніў цуд. Цяпер нашая чарга. Нас чакае заданне, фундаментальнае для Трэцяга Дня Фацімы, альбо, іншымі словамі, жыццё прысвячэннем і апостальствам для набажэнства першых суботаў: спачатку трэба яго практыкаваць, а потым казаць пра яго іншым і ахвяраваць свае цярпенні ў інтэнцыі яго афіцыйнага зацверджання Касцёлам. Калі мы гэта чуем, вяртаецца думка пра аналогію Фацімы і Парэ-лё-Моньяль. Менавіта там у выкананні просьбаў Збаўцы найважнейшую ролю адыграў лаікат Касцёла.
   Задайма яшчэ адно пытанне: пра набажэнства першых суботаў.

   НАБАЖЭНСТВА ПЕРШЫХ СУБОТАЎ СЁННЯ

   Мы павінны памятаць, што нельга ў паўнаце практыкаваць гэтае набажэнства, не жывучы прысвячэннем. Маці Божая Фацімская сказала 13 ліпеня 1917 г.: “Я прыду, каб папрасіць аб прысвячэнні Расіі Беззаганнаму Сэрцу Марыі і аб узнагараджальнай святой Камуніі ў першыя суботы месяца”. Гэтае “і” абавязвае нас да спалучэння ў адно прысвячэння і набажэнства першых суботаў. Таму нам трэба жыць прысвячэннем. Што гэта такое, нам расказвае сястра Луцыя ў сваіх нескончаных нататках, у якіх піша свае апошнія разважанні над аб’яўленнямі ў Фаціме. Піша, што прысвяціць сябе Беззаганнаму Сэрцу Марыі — гэта прысвяціць сябе “камусьці”. Гаворка ідзе пра “прысвячэнне нас саміх”, альбо вырачэнне саміх сябе, каб нашае сэрца магло напоўніцца Богам. Сястра Луцыя ўжывае тут вельмі дакладныя словы. Зразумела, што гаворка ідзе пра падданне нашай волі Богу. Але гэта, і сястра Луцыя добра пра гэта ведае, для нас абстракцыя, якая не прыцягвае нас і не змяняе. Таму фацімская візіянерка ўжывае іншыя словы. Яна піша, што прысвячэнне Беззаганнаму Сэрцу Марыі — гэта “прысвячэнне нашых нядобрых упадабанняў, якія маюць свой пачатак у ганарлівасці, эгаізме, жаданні выгады, амбіцыях”. Гаворка ідзе пра прысвячэнне, “да якога кожны з нас павінен сябе прымуіць, каб пакінуць жыццё ў граху і ісці шляхам пашаны, чысціні, справядлівасці, праўды і любові”. Гэта таксама прысвячэнне патрэбам бліжняга: “дапамагаць бліжняму ў яго патрэбах, дапамагаць яму вырашаць яго цяжкасці, удзяляць дапамогу, каб ён перамог спакусы і небяспекі, якія вядуць яго на нядобры шлях; аддаць тое, чаго ў нас зашмат, каб дапамагчы тым, хто нічога не мае; ахвяраваць нашую малітву і нашае прысвячэнне за тых, хто найбольш патрабуе веры, надзеі і любові, якое зробіць так, што яны стануць на сцежкі супакою, зразумення, праўды і справядлівасці”.
   Калі мы жывем такім чынам, практыкаванне намі першых суботаў пачынае даваць плён надзвычайнасці ў такім памеры, як гэтага хацеў бы Бог. Ці, іншымі словамі, пачынае быць прыладай перабудовы свету.




   [1].  ЗНАК СМЕРЦІ ПАПЫ. Дзень 2 красавіка 2005 г. быў першай суботай месяца. Пасля зразумення ў 1981 г. фацімскага паслання (замах) першая субота сталася самым улюбёным  днём Папы. Як кожны, хто практыкуе набажэнства першых суботаў, так і ён жыў ад першай суботы да наступнай. Ён Мог паўтараць за сястрой Луцыяй: “Наконт мяне, я павінен прызнаць, што ніколі не адчуваю сябе такім шчаслівым, як калі наступае першая субота”. У ёй здзейснілася яго поўнае адданне Марыі. Дадамо яшчэ, што пасля цытаваных толькі што словаў, сястра Луцыя пісала: “Ці гэта не праўда, што нашае найвялікшае шчасце — гэта быць цалкам для Езуса і Марыі, любіць Іх, выключна Іх, безумоўна?” Так, для Яна Паўла II кожная першая субота была шчаслівым днём, днём, калі ён цалкам мог быць дзеля Езуса і Марыі. Можа, самай шчаслівай была яго апошняя першая субота. Як сам ён пісаў: “Я задаволены…”. У гэты дзень — згодна з абяцаннем — Найсвяцейшая Маці прыйшла да яго ў пакой на другім паверсе Апостальскага Палацу і стала каля яго з усімі патрэбнымі ласкамі. А калі прыйшла вызначаная Панам хвіліна, забрала яго да Сябе, каб ён быў” як кветкі для аздобы Яе трону”. Не трэба баяцца сцвердзіць, што, калі скончыўся Марыйны Апэль Яснагорскі, сама Марыя прыйшла да Папы, каб паказаць яму тое, што да гэтай пары ён бачыў у люстэрку, невыразна. Яго пятнаццаціхвілёвае ўслухоўванне ў тое, як б’ецца Сэрца Маці, скончылася апошнім злучэннем абодвух сэрцаў. Адно перастала біцца дзеля таго, каб Караля Вайтылуажыўляла ўжо толькі найпрыгажэйшае Сэрца — Беззаганнае Сэрца Марыі, у якім знаходзіцца выратаванне свету. Апошняя субота была першай, калі сэрца Папы не перапаўнялі балючыя думкі, звязаныя з пытаннем: “Што яшчэ можна зрабіць, каб распаўсюдзіць па свеце набажэнства да Беззаганнага Сэрца?” Ян Павел II добра ведаў, што гэта апошняе нявыкананае жаданне Маці Божай Фацімскай, што на ім вііць цяжар распаўсюджвання набажэнства першых суботаў. Але, як казаў сам, ён быў бездапаможны. У эпоху адыходу ад марыйнай пабожнасці, калі біскупы ледзьве трох краін афіцыйна зацвердзілі гэтае набажэнства, яму цяжка было навязаць Касцёлу нешта такое традыцыйнае і зусім невядомае.
   Магчыма, дзень 2 красавіка 2005 г. увойдзе ў гісторыю як найважнейшая першая субота ў гісторыі свету. Гэта была апошняя субота Яна Паўла II на зямлі. Субота, калі Ян Павел II паміраў з перакананнем, што яго смерць здзейсніць тое, што не змагло зрабіць яго жыццё. Можа быць, ён бачыў, як людзі бягуць да гэтага набажэнства і як яно будзе зацверджанае Касцёлам.
   [2].  “Хто, як не Бог, — пісала сястра Луцыя ў “Пасланні з Фацімы”, — мог дзейнічаць у тых інтэлектах, у іх волі, у іх сумленнях так, каб давесці да такой змены, без страху перад супраціўнікамі на сваім баку і на іншым? Толькі МОЦ БОГА, ЯКАЯ ПАЧАЛА ДЗЕЙНІЧАЦЬ ВА ЎСІХ, зрабіла так, што ўсе прынялі супакой, без бунту, без супраціву, без стаўлення ўмоваў. “Хто ёсць такі, як Бог?”
   Можна нават сказаць больш, гэта Бог учыніў так, што адзін з галоўных кіраўнікоў атэістычнага камунізму наважыўся прыехаць у Рым, каб сустрэцца са Святым Айцом, (…) і прызнаў яго найвышэйшым прадстаўніком Бога, Езуса Хрыста, на зямлі, галавой аднаго сапраўднага Касцёла, заснаванага Езусам Хрыстом. Мэтай гэтай сустрэчы было паяднанне ў духу супакою, а таксама прабачэнне памылак, якія ўчыніла яго партыя. Такім чынам ён даў сведчанне веры і даверу да Касцёла адзінага сапраўднага Бога”.


Перакладзена з польскай мовы
Крыніца: Wincenty Łaszewski  „7 dni Fatimy”, Fonsomnis 2007.
Кнігу ў фармаце pdf можна сцягнуць тут