1.06.2016

Першая субота жніўня 2016



І. ВЯНОЧАК ДА БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ

Пахвалёны Езус Хрыстус і Марыя заўсёды Дзева!
Сустракаемся ў гэтым годзе, у чарогвым месяцы на супольную малітву, каб падчас Літургіі Слова паразважаць на тэму Паслання Божай Міласэрнасці для чалавецтва, якое аб’явілася ўжо ў Пасланні з Фацімы ў ХХ ст. Маці Божая Ружанцовая была пасланая ў 1917 годзе з Фацімскім Пасланнем, каб праз пасрэдніцтва трох пастушкоў, 10-гадовай Луцыі дос Сантос і яе дваюраднай сястры, 7-гадовай Гіяцынты, і дваюраднага брата, 9-гадовага Францішка Марто, схіліць чалавецтва да навяртання, захаваць свет ад катастрофы, душы бедных грэшнікаў – ад вечнага асуджэння, а для душ, церпячых у чысцы, выпрасіць у Бога палёгку або вечнае шчасце. Цяжка не заўважыць, што ў гэтым сама сутнасць Божай Міласэрнасці.
Прыглядзімся да малітвы, праз якую мы можам выпрасіць у Міласэрнага Бога, а таксама праз пасрэдніцтва Беззаганнай Марыі, для нас грэшных і іншых грэшнікаў ласку навяртання на Шлях Прыказанняў Любові, найкарацейшы шлях, якія вядзе да жыцця вечнага, дае ласку ўратавання душ ад вечнага асуджэння.
Сакратарка Божай Міласэрнасці, св. Фаустына, запісала ў Дзённіку “Божая Міласэрнасць у маёй душы” 13.9.1935: “На другі дзень, у пятніцу вечарам, калі я была ў сваёй келлі, я ўбачыла анёла, вяршыцеля гневу Божага. Ён быў у светлым адзенні, з прамяністым абліччам, пад яго нагамі была хмара, а з хмары да яго рук ляцелі грамы і маланкі і, толькі выходзячы з яго рук, дакраналіся да зямлі. Калі я ўбачыла гэты знак Божага гневу, які павінен быў закрануць зямлю, і асабліва адно месца, якое я з важнай прычыны не магу назваць, я пачала прасіць анёла, каб ён затрымаўся на некалькі хвілінаў, а свет будзе чыніць пакаянне. Аднак мая просьба была нічым перад гневам Божым. У гэты момант я ўбачыла Найсвяцейшую Тройцу. Веліч Яе дасканаласці пранізала мяне наскрозь, і я не мела адвагі паўтарыць свайго малення. У тое самае імгненне я адчула ў сваёй душы моц ласкі Езуса, якая жыве ў маёй душы; калі да мяне прыйшло ўсведамленне гэтай ласкі, я ў тую ж хвіліну была перанесеная да Божага трону. О, які вялікі Пан і Бог наш, і якая неспасцігальная Яго святасць. Я не буду спрабаваць апісаць гэтую веліч, бо хутка мы ўсе ўбачым Яго, які Ён ёсць. Я пачала маліць Бога за свет тым словамі, якія гучалі ўва мне.
Калі я так малілася, убачыла бяссілле анёла, які не мог здзейсніць справядлівага пакарання, што слушна належала за грахі. З такою ўнутранаю сілаю, як тады, я яшчэ ніколі не малілася. Словы, якімі я маліла Бога, былі такімі: “Ойча Спрадвечны, ахвярую Табе Цела і Кроў, Душу і Боскасць наймілейшага Сына Твайго і Пана нашага, Езуса Хрыста, за грахі нашыя і ўсяго свету. Дзеля Яго балеснай мукі будзь міласэрны да нас” (Дз. 474-475).
“На другі дзень раніцаю, увайшоўшы ў нашу капліцу, я пачула такія словы: Як толькі ўвойдзеш у капліцу, адразу згавары малітву, якой учора Я цябе навучыў. Калі я згаварыла гэту малітву, то пачула ў душы такія словы: Гэта малітва неабходна для ўціхамірвання Майго гневу. На працягу дзевяці дзён ты будзеш маліцца яе на звычайнай частцы ружанца такім чынам: найперш адзін раз памолішся “Ойча наш”, “Вітай, Марыя” і “Веру ў Бога”, пасля на пацерках “Ойча наш” будзеш казаць такія словы: Ойча Спрадвечны, ахвярую Табе Цела і Кроў, Душу і Боскасць Наймілейшага Сына Твайго і Пана нашага, Езуса Хрыста, каб перапрасіць за грахі нашыя і ўсяго свету” (Дз. 476).
А нашмат гадоў раней Дзецям з Фацімы, Луцыі, бл. Францішку і бл. Гіяцынце, у 1916 годзе, калі другі раз аб’явіўся Анёл, то сказаў: “Што вы робіце? Маліцеся! Шмат маліцеся! Сэрцы Езуса і Марыі жадаюць аказаць свету вялікую міласэрнасць. Нястомна ахвяруйце Найвышэйшаму малітвы і ўтаймванні. З усяго, што толькі можна, складайце ахвяру як узнагароду за грахі, якімі Ён зняважаны, і каб выпрасіць навяртанне грэшнікаў. Такім чынам вы запэўніце супакой для вашай Айчыны. Я – Анёл Ахоўнік Партугаліі. Перш за ўсё прыміце і з пакорай зносце ўсе цярпенні, які Бог вам спашле”.
А калі Анёл аб’явіўся апошні раз у 1916 годзе, ён трымаў у руцэ келіх, над якім ўзносілася Святая Гостыя, з якой сплывалі кроплі Крыві да келіха. Нечакана келіх з Гостыяй павіс у паветры, а Анёл укленчыў на зямлі і тры разы паўтарыў малітву: “Найсвяцейшая Тройца, Ацец, Сын, Дух Святы. З глыбокаю пакораю хвалу Табе аддаю і ахвярую Табе Найсвяцейшае Цела і Кроў, Душу і Боскасць Пана нашага Езуса Хрыста, прысутнага на ўсіх алтарах усяго свету, як перапрашэнне за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якімі Яго абражаюць. Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі прашу ў Цябе ласку навяртання бедных грэшнікаў.”
У маі 1917 года, трынаццатага чысла, у Кова да Ірыя Маці Божая спыталася дзяцей: “Ці хочаце вы ахвяравацца Богу, каб зносіць усе цярпенні, якія Ён вам спашле як узнагароду за грахі, якімі Яго зневажаюць, і як просьбу аб навяртанні грэшнікаў? Вам прыйдзецца шмат цярпець, але ласка Божая будзе вашай моцай”, і прасіла, каб яны штодзённа маліліся на ружанцы.
У ліпені 1917 года, трынаццатага чысла, Маці Божая Ружанцовая казала дзецям: “Ахвяруйцеся за грэшнікаў і часта кажыце, асабліва, калі будзеце складаць ахвяры: “Езу, раблю гэта з любові да Цябе, для навяртання грэшнікаў і як узнагароду за грахі супраць Беззаганнага Сэрца Марыі”. Яна паказала дзецям пекла і сказала: “Вы бачылі пекла, куды ідуць душы бедных грэшнікаў. Каб іх уратаваць, Бог хоча распаўсюдзіць па свеце набажэнства да майго Беззаганнага Сэрца. Калі будзе зроблена тое, што я вам скажу, шмат будзе ўратавана ад пекла і ў свеце запануе супакой. […] Калі будзеце маліцца на ружанцы, паўтарайце пасля кожнай наямніцы: “О мой Езус, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, прывядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць”.
Езус Міласэрны, які аб’явіўся св. Фаустыне, праз яе пакінуў чалавецтву такія словы: “Аднаго разу, праходзячы калідорам на кухню, я пачула ў душы такія словы: Пастаянна маліся гэты вяночак, якому Я навучыў цябе. Той, хто будзе яго маліцца, заслужыць вялікую міласэрнасць у хвіліну смерці. Святары будуць падаваць яго грэшнікам як апошнюю надзею на ратунак. Нават калі гэта будзе самы закаранелы грэшнік, калі ён хоць адзін раз памоліцца гэты вяночак, заслужыць ласку ад Маёй бясконцай міласэрнасці. Я прагну, каб увесь свет спазнаў Маю міласэрнасць. Неспасцігальныя ласкі я хачу ўдзяліць душам, якія давяраюць Маёй міласэрнасці” (Дз. 687).
“Увайшоўшы ў свой ізалятар, я пачула такія словы: У гадзіну смерці Я абараняю кожную душу, як сваю хвалу, калі яна моліцца гэты вяночак, альбо калі пры паміраючым яго памоляцца іншыя – яны атрымаюць такі самы адпуст. Калі пры паміраючым моляцца гэты вяночак, уціхамірваецца гнеў Божы, неспасцігальная міласэрнасць атуляе душу і ўзварушваюцца глыбіні Маёй міласэрнасці дзеля балеснай мукі Майго Сына. О калі б усе зразумелі, якая вялікая міласэрнасць Пана, але як жа ўсім нам патрэбная гэтая міласэрнасць, асабліва ў гэтую апошнюю гадзіну” (Дз. 811).
“Молячыся вяночак, я раптам пачула голас: О, якія вялікія ласкі Я ўдзяляю душам, якія будуць маліцца гэты вяночак; глыбіні Маёй міласэрнасці ўзрушаныя для тых, хто моліцца вяночак. Запішы гэтыя словы, дачка Мая, кажы свету пра Маю міласэрнасць, няхай усё чалавецтва спазнае Маю неспасцігальную міласэрнасць. Гэта знак на апошнія часы, пасля іх настане судны дзень. Пакуль ёсць час, няхай людзі прыбягаюць да крыніцы Маёй міласэрнасці, няхай шукаюць падмацунку ў крыві і ў вадзе, якія дзеля іх выплілі. О людзкія душы, дзе вы схаваецеся ў дзень гневу Божага? Прыбягайце цяпер да крыніцы Божай міласэрнасці. О, якую вялікую колькасць душаў я бачу, што яны праславілі Божую міласэрнасць і будуць вечна спяваць песню хвалы” (Дз. 848).
Дачка Мая, заахвочвай душы маліцца вяночак, які Я табе даў. Тым, хто моліцца гэты вяночак, Мне прыемна даць усё, аб чым яны Мяне папросяць. Калі яго будуць маліцца закарнелыя грэшнікі, Я напоўню іх душы спакоем, а гадзіна іх смерці будзе шчаслівая. Напішы гэта для засмучаных душаў: калі душа ўбачыць і зразумее цяжар сваіх грахоў, калі адкрыецца перад вачыма яе душы ўся бездань мізэрнасці, у якой яна патанула, няхай яна не адчайваецца але  з даверам кідаецца ў абдымкі Маёй міласэрнасці, як дзіця ў абдымкі любай матулі. Гэтыя душы ў першую чаргу могуць разлічваць на Маё літасцівае сэрца, яны ў першую чаргу маюць права на Маю міласэрнасць. Скажы, што ніводная душа, якая заклікала Маю міласэрнасць, не падманулася і не спазнала сораму. Мне асабліва падабаецца душа, якая даверылася Маёй дабрыні. Напішы, што, калі гэты вяночак будуць маліцца каля паміраючага, Я стану паміж Айцом і паміраючаю душою не як справядлівы Суддзя, а як міласэрны Збаўца” (Дз. 1541).
Дарагія Браты і Сёстры!
Пасля гэтага кароткага прагляду заклікаў і просьбаў Езуса Міласэрнага і Маці Божай Ружанцовай заахвочваю сябе і Вас кожнага дня маліцца хаця б частку святога Ружанца і Каронку да Божай Міласэрнасці, каб з ахвотным сэрцам адказаць Міласэрнаму Богу і Маці Божай, якія так вельмі жадаюць навяртання нас грэшных і ўсіх грэшнікаў па ўсім свеце на шлях Міласэрнасці, які вядзе да вечнага шчасця і ўратавання бедных грэшнікаў ад пекла – вечнага асуджэння.

ІІ. ТАЯМНІЦЫ РАДАСНЫЯ
(Ружанец)

Звеставанне

Арханёл Габрыэль прыходзіць з неба да Марыі, моцна веруючай у Бога дзяўчыны, з пытаннем ад міласэрнага Бога ці згодзіцца Яна стаць Маці Сына Божага. Арханёл прыйшоў, каб прадставіць волю Бога адносна Марыі. Яна пачуўшы словы Пасланніка, таксама пытаецца: “Як гэта станецца?” (Лк 1, 34). Ведае, што ў Яе няма сужонка. Габрыэль растлумачвае, якім чынам гэта запланаваў Бог. Без удзелу мужчыны, са справай Духа Святога ў Ёй пачнецца Новае Жыццё. Бо для Бога няма нічога немагчымага. Панна Марыя, хоць і не разумее, ў духу глыбокай веры адказвае: так, няхай так станецца!
Воля Бога ў тым, каб людзі былі міласэрныя. Каб мы кожнага дня праяўлялі міласэрнасць да кожнага чалавека, а асабліва да чалавека нейкім чынам пакрыўджанага. Каб мы праяўлялі міласэрнасць учынкам, словам і малітвай.

Наведванне св. Альжбеты

Марыя ў блаславёным стане адпраўляецца да сваячкі Альжбеты, якая таксама чакае патомства. На шостым месяцы тая, якую лічылі няплоднай (пар. Лк 1, 36). Марыя прыйшла, каб дапамагчы Альжбеце у яе стане. Яна пачула вельмі значныя словы: “Бласлаўлёная  Ты  між  жанчынамі  і  бласлаўлёны  плод  улоння  Твайго. Адкуль  мне  гэта,  што  Маці  Пана  майго  прыйшла  да  мяне?  Бо  калі  голас прывітання  Твайго  загучаў  у  вушах  маіх,  узварухнулася  радасна  дзіцятка  ва ўлонні  маім” (Лк 1, 42-43). Пад сэрцамі сваім матуль сустрэліся Сын Божы з Прарокам Старога і Новага Запавету; сустрэўся Езус з Янам Хрысціцелем.
Міласэрны Бог прагне, каб людзі аказвалі адзін аднаму міласэрнасць. Каб мы розным чынам дапамагалі сабе ў штодзённай працы, каб дапамагалі старэйшым асобам, хворым, нямоглым, жанчынам у блаславёным стане, пакрыўджаным.

Нараджэнне Езуса

Нарадзілася Дзіцятка з Найсвяцейшай Панны ў яслях, дзе былі вол і асёл. Нарадзілася ва ўбогасці і холадзе, пакладзенае ў яслі, бо не было для іх месца ў заездзе (пар. Лк 2, 7). Прыбылі першыя пастухі, якія ноччу пасвілі авец, каб пакланіцца Богу. На свет прыйшоў Збаўца ва ўбогай стаенцы, а не ў каралеўскім палацы, стаўся чалавекам, каб да яго мог прыйсці кожны чалавек.
Бог міласэрны-Чалавек добра разумее кожнага чалавека. Ён добра ведае, што такое боль, цярпенне, што такое радасці і смуткі. Ён ведае, як дапамагчы духоўным і цялесным патрэбам людзей. Ён ведае, што найлепшым лекам для людзей з’яўляецца міласэрнасць аднаго да другога.

Ахвяраванне Езуса ў святыні

Прынеслі бацькі – Марыя і Юзаф – у святыню сваё Дзіцятка, свайго першароднага Сына, каб ахвяраваць яго Пану, каб выканаць прадпісанні Старога Права. Яны павінны былі прынесці ў дар, як убогая сям’я, двух маладых галубей. Яны пачулі словы прароцтва: старца Сімяона і прарочыцы Ганны – пра месію, пра Яго пакліканне, пра боль Марыі. Яны ахвяравалі Богу Таго, хто быў для іх самым каштоўным – свайго першароднага Сына.
Міласэрны Бог прагне, каб і мы грэшныя ахвяравалі Яму нашае мінулае, цяперашняе і будучае жыццё. Каб мы ахвяравалі Яму тое, што ў нас ёсць найкаштоўнешага – любых нам людзей, каштоўнасці такія, як вольнасць, сяброўства, справядлівасць, супакой. Каб мы ахвярвалі Яму тое, што з’яўляецца нашай уласнасцю – нашая грэшнасць, убогасць душы. Ён прагне, каб мы, ахвяруючы гэта, цалкам Яму паверылі, што Ён нас не асудзіць.

Езуса знаходзяць у святыні

Будучая Святая Сям’я: Марыя, Езус і Юзаф ідуць у Ерузалем на самае вялікае ў годзе свята Пасхі, каб падзякавць і аддаць Богу пашану за вызваленне з егіпецкай няволі Ізраэля пад кіраўніцтвам Майсея. Святкаванне працягвалася тры дні. Калі Бацькі вярталіся пасля ўрачыстасцяў да дому, яны ўбачылі, што няма з імі Сына – Езуса. Яны вярнуліся ў Ерузалем, каб Яго шукаць. І знайшлі Яго ў святыні, сярод настаўнікаў, “Ён сядзеў сярoд настаўнікаў, слухaючы iх i пытaючыся ў iх.  А ўсе,  хто  слухaў  Ягo,  дзівіліся  рoзуму  i  aдкaзaм  Ягo” (Лк 2, 46-47). Бацькі не разумелі адказу Сына, што Ён павінен быць у тым, што належыць Яго Айцу ў небе.
Бог, які ёсць міласэрнай Любоўю прагне, каб мы ў нашым жыцці былі, перш за ўсё, у тым, што належыць і будзе весці нас да Яго. Каб мы былі міласэрнымі да бліжніх трыма спосабамі: учынкам, словам і малітвай, бо ў гэтых трох ступенях заключаецца поўня міласэрнасці і пэўны доказ любові да Бога. Такім чынам мы праслаўляем і ўшаноўваем міласэрнасць Бога.


ІІІ. ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЕ РАЗВАЖАННЕ
ХВАЛЕБНАЯ ТАЯМНІЦА
Унебаўзяцце Марыі

Маці, вось я!
Я побач з Тваім Беззаганным Сэрцам, Марыя, у той дзень, калі ты асабліва прагнеш прысутнасці сваіх дзяцей. Я памятаю, Маці, Твае словы, скіраваныя да с. Луцыі: “Сэрца маё аплеценае цернямі, якімі няўдзячныя людзі няспынна яго раняць праз багахульствы і няўдзячнасць”. Я прагну гэтай хвіліны разважання пра Цябе пры дапамозе разважання над зместам ружанцовых таямніц. Любячая Маці прыкладам асабістага жыцця паказвае свайму дзіцяці шлях, падказвае, што з’яўляецца дабром, што трэба выбіраць, як любіць Бога і бліжняга. Я разумею, Маці, што, калі добра адпраўлю гэта разважанне, мая душа будзе бліжэй да Цябе, маё сэрца будзе станавіцца падобным да Твайго Сэрца, і тады маё штодзённае жыццё будзе найпрыгажэйшым адказам на Божыя прыказанні. Разважаючы над шляхам жыцця ўласнай Маці, якую любіш і захапляешся Яе духоўнай прыгажосцю, ці можна не жадаць жыць як Яна? Вось шлях, на які ты запрашаеш мяне ў першую суботу. Калі я хоць трохі буду прагнуць дабра, то ці не прынясу тады суцяшэнне Твайму Беззаганнаму Сэрцу, заклапочанаму збаўленнем усіх Тваіх дзяцей?
Я стаю перад Табой, о Беззаганная, і ўглядаюся вачамі ў Тваё цудоўнае аблічча. Я ўзгадваю сабе сведчанні ўсіх тых, што Цябе бачылі, словы фацімскіх пастушкоў, якія захапляліся Тваёй прыгажосцю. У маіх вушах гучаць словы маленькай Гіяцынты, якая, хоць і абяцала, што нічога не скажа, аднак не змагла  вытрымаць і не сказаць пра тое, наколькі Ты, Марыя, прыгожая.
Дзякуючы сённяшняй праўдзе веры, якую Ты мне даеш для разважання, змешчанай ў таямніцы Твайго Унебаўзяцця, я адчуваю сябе як фацімскія дзеці, якія глядзяць на Цябе, глядзяць, як Ты знікаеш у іх з вачэй пасля чарговага спаткання. Я вяртаюся думкай да слоў навучання Касцёла які ўрачыста абвясціў праўду ў форме дагмату пра Тваё Унебаўзяцце.
Папа Пій ХІІ 1 лістапада 1950 г. абвясціў: “аўтарытэтам Пана нашага Езуса Хрыста, святых Апосталаў Пятра і Паўла і Нашым, абвяшчаем, пастанаўляем і вызначаем як дагмат, аб’яўлены Богам: што Беззаганная Маці Божая, Марыя заўсёды Дзева, пасля заканчэння свайго зямнога жыцця з душой і целам была ўзятая да хвалы неба”. Гэтая праўда здаўна была прызнаваная ў Касцёле, а Папа яе толькі нагадваў, сваім найвышэйшым аўтарытэтам пацвердзіў і зацвердзіў. Перакананне ў тым, што Твой Сын, а наш Пан Езус Хрыстус, не пакінуў цела сваёй Маці на зямлі, а праславіў яго, зрабіў падобным да свайго цела ў хвіліну ўваскрашэння і забраў яго ў неба, было паўсюдна вызнаванае ў каталіцкім Касцёле.
Вось Маці, якая любіць ўсіх сваіх дзяцей, вось Ты, Марыя, якая ўсё зрабіла для таго, каб выканаць волю Пана, якая, церпячы пад крыжам і гледзячы на смерць уласнага Сына, сталася нам Маці, заканчваеш сваю зямную вандроўку. Касцёл, Маці якога Ты з’яўляешся, праслаўляе гэтую хвіліну наступнымі словамі:
“адзіная таямніца, якая адбылася для людзей – Унебаўзяцце Найсвяцейшай Марыі Панны”;
“Тую, што за жыццё не спазнала нічога зямнога, справядліва не затрымаў у няволі камень грабніцы”;
“Сёння нябесныя духі перанеслі Цябе ў нябеснае жыллё Духа Святога. (…) Перажыўшы ў сваім целе беззаганнае жыццё, Ты сёння акружаная Апосталамі, а па волі Божай узнесеная да валадарства Свайго Сына”.
Касцёл радуецца факту Твайго Унебаўзяцця і адначасова абвяшчае гэту праўду, надзея ўліваецца ў сэрцы Тваіх дзяцей, штодзённае жыццё набірае моцы. Дазволь, аднак, Маці запытацца: калі так, то чаму традыцыя не кажа нам, як дакладна выглядаў Твой апошні дзень сярод нас на зямлі? Толькі ў 377 г. св. Епіфаній паставіў вельмі дакладнае пытанне: як скончылася жыццё Найсвяцейшай Марыі Панны? У той час, калі асабліва развіваецца ўспамін святых пакутнікаў на працягу трохсот гадоў жудасных пераследаў, а дзень іх смерці трактуецца як іх народзіны для неба, нараджаецца пытанне: як скончылася Тваё жыццё, о Беззаганная, якая была і ёсць найцудоўнейшым стварэннем на зямлі, святыняй Духа Святога, Дзевай – абранай на Маці Створцы ўсяго свету?
Св. Людовік трохі адкрывае нам гэтую таямніцу: “Марыя вяла ўкрытае жыццё, таму Дух Святы і Касцёл называюць Яе Alma Mater – Маці ўкрытая і таямнічая. Яе пакора была настолькі глыбокая, што для Яе не было нічога больш прыцягальнага, як весці жыццё ўкрытае ад сябе самой і ад усіх стварэнняў, а быць вядомай толькі Богу”. Ці хтосьці можа ў поўні зразумець таямніцу Тваёй абранасці як Беззаганна Зачатай, пакору і гераізм “fiat”, сказанага падчас Звеставання? Ці зразумеем мы, чаму Ты не чакала ля грабніцы Сына, а пасля Яго ўваскрашэння няма ні слова пра Тваю сустрэчу з Езусам? Мы сустракаемся з таямніцамі, якія пацвярджаюць, што мы ўдзельнічаем у здзяйсненні Божага плану збаўлення. Веліч і глыбіня гэтых праўд, над якімі мы спрабуем разважаць, здаецца пацвярджаюць, што мы маем дачыненне да не людзкога плану, а Божага замыслу. Трыста гадоў пераследаў і пакутаў першых хрысціян мелі таксама свой уплыў на тое, што тольлкі ў IV стагоддзі задаецца пытанне пра канец Твайго жыцця на зямлі.
Праўда, прысутная ў сэрцах вернікаў, была акрэсленая Касцёлам наступным чынам: “на хвалу Усемагутнага Бога, які аказваў сваю асаблівую дабразычлівасць Дзеве Марыі, на хвалу Яго Сына, несмяротнага Караля стагоддзяў, пераможцы граху і смерці, для павялічвання хвалы Яго годнай Маці, а таксама дзеля радасці ўсяго Касцёла, аўтарытэтам Пана нашага Езуса Хрыста, святых Апосталаў Пятра і Паўла і Нашай, абвяшчаем, пастанаўляем і вызначаем як дагмат, аб’яўлены Богам: што Беззаганная Маці Бога, Марыя заўсёды Дзева, пасля заканчэння зямного жыцця з душой і целам была ўзятая да нябеснай хвалы”.
Шмат хто на працягу стагоддзяў пытаецца пра тое, Маці, што тады з Табой адбывалася. Ці Ты памерла, ці заснула, а можа быў гэта пераход ці засынанне? Калі, аднак, у сваёй пакоры Ты не хацела, каб і гэтая хвала ў Тваім жыцці была ўсім вядомая, і трывала ўкрытай у харастве Тваёй пакоры як Служабніца Пана, таму дапамажы мне гэта прыняць як чарговы ўказальнік на шляху веры. Маці заўсёды прагне дабра сваіх дзяцей, і таму, калі нечага ім не паказвае, значыць так напэўна лепш для іх. Калі мы не ведаем дробязяў наконт Твайго пераходу з гэтага свету да вечнасці, значыць гэта не абавязкова, не гэта істотнае, не гэтыя факты павінны займаць наш розум і сэрца. Ці ж я, аднак, не кіруюся цікаўнасцю, не бягу за сенсацыяй, плёнам чаго часта з’яўляецца расчараванне, звычайнае заспакаенне цікаўнасці, якое не пакідае ніякага ўплыву на маё жыццё і любоў да Бога? А можа праз тое, што я засяроджваю ўвагу на неістотных справах, я марную тым самым час, дадзены мне Богам на тое, каб я ўзрастаў у Яго ласцы і сапраўднай мудрасці?
Дапамажы мне, Маці, каб я засяродзіў сваю ўвагу на Тваім Беззаганным Сэрцы. Бо гэта Езус просіць: “Спачувай Сэрцу Тваёй Найсвяцейшай Маці, аплеценаму цернямі, якімі няўдзячныя людзі няспынна Яго раняць”. Мы кожны раз наноў прычыняем Табе боль, Марыя! Што адчувае сэрца маці, у хвіліну разлукі, развітання са сваімі дзецьмі? Незалежна ад таго, ці разлука будзе трываць тыдзень, год ці больш, гэта заўсёды разлука і сэрца маці смуткуе па дзецях. Што адчувалі сэрцы маці ў хвіліны, калі ў іх забіралі дзяцей у канцэнтрацыйных лагерах? Што адчувае маці, калі лекар забірае яе дзіця на сур’ёзную аперацыю? Што адчувае маці, калі напрыклад па працы яна павінна паехаць да іншай краіны і не ведае, калі яна зноў зможа ўбачыць сваё дзіця? Прабач, Маці, што я задаю такія пытанні, але я спрабую ўявіць сабе гэтыя хвіліны разлукі. Ты адыходзіш ад Сына, які чакае Цябе. Ты ўбачыш Яго жывога ў хвале Неба, але ж Ты пакідаеш сваіх дзяцей на зямлі.
Сапраўды кожны скажа і гэтаму вучыць мяне Касцёл што Ты нас не пакінеш і Ты далей з намі. Ці аднак няма, ня гледзячы на ўсё, нейкай разлукі, развітання? Кожны з нас верыць, што смерць – гэта не канец усяго, што мы пераходзім да вечнасці, што толькі  тады мы будзем жыць сапраўдным жыццём, што мы не развітваемся назаўсёды, а зноў убачымся ў Небе. Ці, аднак, мы здольныя стрымаць слёзы развітання з блізкай асобай? Ці хвіліна смерці, пахавання не з’яўляецца для кожнага з нас балеснай? Незалежна ад таго, ці хтосьці цярпеў у хваробе, ці неспадзявана адыходзіць, мы заўсёды адчуваем боль гэтай разлукі, хоць гэта і не назаўсёды. Кожны з нас, хто застаецца, церпіць, смуткуе, носіць боль у сваім сэрцы, думаючы пра асобу, з якой трэба развітацца. Незалежна ад таго, як выглядала Унебаўзяцце, гэта было канцом той тыпова людзкой формы існавання, якая была раней.
Углядаючыся, аднак, у Тваё Сэрца, Маці, я хацеў бы запытацца: а што адчувае сэрца той асобы, якая ад нас адыходзіць? Хтосьці з нас плача, радуецца скрозь слёзы, замыкаецца ў сабе, не хоча пагадзіцца. Ці мы думаем у такія хвіліны пра тое, што адбываецца ў сэрцы той асобы, якая адыходзіць і ўжо не можа ў гэтым свеце нічога зрабіць, змяніць, выправіць? Што адчувае маці на шпітальным ложку, якая пакідае сваіх, напрыклад, малых дзяцей? А Ты ж, Маці, была чалавекам, жанчынай, і так сама адчувала Тваё сэрца, як сэрца кожнай іншай жанчыны. Ты не адчувала менш, а нават нашмат больш, бо ў Тваім Сэрцы не было граху, а празрыстая любоў. Кожны пераход праз парог вечнасці – гэта таямніца. Ці нехта з людзей можа сказаць сабе: я ўсё зрабіў, я магу спакойна адысці? Ці ў любові можна знайсці мяжу і сказаць, што ўжо нічога больш нельга зрабіць? Св. Ян у сваім лісце навучае нас: “У тым любоў дасканалая ў нас, што мы маем адвагу ў дзень суда, бо які Ён,  такія  і  мы  ў  гэтым  свеце.  У  любові  няма  страху,  але  дасканалая  любоў праганяе  страх,  бо  страх  ёсць  з-за  боязі  перад  пакараннем;  хто  баіцца,  той недасканалы ў любові” (1 Ян 4, 17-18). Маці, я ведаю, што ў Тваім Сэрцы няма нават ценю страху, але ці няма ў ім болю, калі Ты глядзіш на нас тут на зямлі, болю любові ад страху за нашае вечнае збаўленне?
Калі я думаю пра Тваё Унебаўзяцце, Маці, мне прыходзяць на думку апошнія сцэны жыцця маленькай Гіяцынты, якая ведаючы, што будзе ў небе, што набліжаецца яе хвіліна сустрэчы з Табой у небе, усё ж такі вельмі цярпела. У яе паводзінах не было боязі, страху, а любоў да грэшнікаў і менавіта яна была крыніцай унутраных перажыванняў. Гэта маленькая дзяўчынка, калі церпіць фізічна, не думае пра сябе, а просіць Луцыю: “Скажы ўсім людзям, што Бог дае нам ласкі праз пасрэдніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі, што людзі павінны iх выпрасіць праз гэта Сэрца, што Сэрца Езуса хоча, каб побач з Яго Сэрцам праслаўлялі Беззаганнае Сэрца Марыі. Няхай людзі просяць аб супакоі Беззаганнае Сэрца Марыі, бо Бог гэтаму Сэрцу даверыў супакой у свеце. Ах, калі б я магла ўкласці ў сэрцы ўсіх людзей полымя, якое гарыць у глыбіні майго сэрца і робіць так, што я так моцна люблю Сэрца Езуса і Сэрца Марыі!”. Сапраўдная любоў не засяроджваецца на сабе, яна адкрывае сэрца для іншых. Таму таксама ў хвіліны развітання з самымі блізкімі, ведаючы, што надыходзіць гэты дзень, Гіяцынта, прытуляючыся да Луцыі і плачучы, паўтарала:
“-Я ўжо ніколі не ўбачу ані сваёй мамы, ані таты, ані маіх братоў, нікога… Я памру адна!
-Не думай пра гэта! – падказвала Луцыя.
-Дазволь мне думаць, бо калі я больш пра гэта думаю, тым больш цярплю з любові да Пана Езуса і за грэшнікаў.
Пасля гэтага Луцыя зноў магла пачуць, як яе дваюрадная сястра паўтарала:
-Ох! Езу, Ты цяпер можаш навярнуць шмат грэшнікаў, бо гэта ахвяра вельмі вялікая”.
Маці, дзякую Табе за тое, што ты адкрываеш мне вочы на вялікія і прыгожыя таямніцы веры, таямніцы Твайго жыцця і любові да кожнага з нас. Будзь праслаўлёная, бо Ты дапамагла мне ўзняць вочы да Неба, што ў гэтай таямніцы я зразумеў, наколькі вялікая любоў Маці. Ave Maria!

ІV. АПЭЛЬ МАРЫЙНЫ
Марыя – Маці Міласэрнасці

Святая і Беззаганная, Найчысцейшая і Найхвалебнейшая, Прыгожая і цалкам Дасканалая, бо цалкам Божая. О Марыя, якая ж Ты цудоўная! Фацімская Спадарыня, Каралева Беларусі і Маці Міласэрнасці, будзь прывітаная.
Багародзіца з параненым Тварам! Вось мы, Твае дзеці, разам з Табой у гэты фацімскі дзень нашага чування і падзякі за дар Твайго Паслання з Фацімы. Мы ўслухоўваемся ў словы Твайго паслання, якое з’яўляецца паратункам для грэшнікаў і свету, выраз Міласэрнай Любові Бога да стварэння, да кожнага з нас. Мы жадаем вучыцца гэтым цудоўным і поўным надзеі праўдам. Мы прыходзім, каб няспынна вучыцца ў Цябе, каб пазнаваць Цябе, о Беззаганная, каб узрастаць у любові да Цябе. Сёння правадніком і святлом на гэтым шляху будзе навучанне Яна Паўла ІІ:
“Мы даручаем Марыі, Маці Бога і Маці Міласэрнасці, саміх сябе, нашыя цярпенні і радасці, маральнае жыццё веруючых і ўсіх людзей добрай волі.
Марыя – Маці Міласэрнасці, таму што Езус Хрыстус, Яе Сын, быў пасланы Айцом як аб’яўленне Божай Міласэрнасці (пар. Ян 3, 16-18). Ён прыйшоў, каб асудзіць, а каб прабачыць, каб аказаць міласэрнасць (пар. Мц 9, 13). Найвялікшая міласэрнасць заключаецца ў тым, што Ён сярод нас і заклікае нас, каб мы Яго сустрэлі разам з Пятром вызналі Яго як Сына Бога жывога (пар. Мц 16, 16). Ніводны грэх чалавека не можа адхіліць Божай Міласэрнасці, не можа паўстрымаць аб’явіць усю сваю перможную моц, калі толькі мы яе паклічам. Больш таго, грэх робіць так, што яшчэ большым бляскам ззяе любоў Айца, які, каб адкупіць нявольніка, не пашкадаваў Сына: Яго міласэрнасць – нашае адкупленне. Гэта міласэрнасць дасягае поўні ў дары Духа Святога, які нараджае новае жыццё і патрабуе яго. Якімі б шматлікімі і вялікімі не былі перашкоды ўзнесеныя людзкой слабасцю і грахом, дзякучы Духу Святому, які аднаўляе аблічча зямлі, магчымы цуд дасканалага выканання дабра. Гэта аднова, якая дае чалавеку здольнасць рабіць дабро, шляхетнае і прыгожае, што падабаецца Богу і згодна з Яго воляй, з’яўляецца ў нейкім сэнсе плодам дару Міласэрнасці, які вызваляе з няволі граху і дае моц больш не грашыць. Праз дар новага жыцця Езус робіць нас удзельнікамі сваёй любові і вядзе нас у Духу да Айца.
Гэта радасная праўда хрысціянскай веры, якой яна абавязаная сваёй глыбока людзкім характарам і незвычайнай прастатой. Дыскусіі вакол новых маральных праблем робяць часам уражанне, што хрысціянская маральнасць сама па сабе вельмі цяжкая, незразумелая і амаль немагчымая для выканання на практыцы. Гэта няпраўда, таму што гэта маральнасць разумеецца ў катэгорыях евангельскай прастаты, заключаецца ў наследаванні Езуса Хрыста, у даверы Яму, у тым, каб дазволіць Яго ласцы нас перафармаваць, аднавіць у нас Яго Міласэрнасць, якая ўдзяляецца нам у камуніі жыцця Яго Касцёла. Хто хоча жыць, нагадвае св. Аўгустын, мае дзе жыць і на што жыць. Няхай наблізіцца, няхай паверыць і дазволіць сябе агарнуць, каб быць ажыўленым. Няхай не адыходзіць ад еднасці члонкаў. Такім чынам, істотную сутнасць хрысціянскай маральнасці можа зразумець, дзякуючы святлу Духа Святога, кожны чалавек, нават найменш адукаваны, а перш за ўсё той, хто здольны захаваць прастату сэрца (пар. Пс. 86, 11). З іншага боку, гэта евангелічная прастата не дазваляе пазбегнуць канфрантацыі са складанай рэчаіснасцю, але можа аднак весці да зразумення глыбокай праўды пра яе, таму што наследаванне Хрыста дапамагае паступова пазнаць прынцыпы аўтэнтычнай хрысціянскай маральнасці і адначасова павялічваць жыццёвую моц, каб можна было яе ажыццявіць. Магістэрыюм Касцёла мае абавязак чуваць над тым, каб практыкаванне наследавання Хрыста развівалася арганічна, каб не была фальшывай і не засланяла звязаных з ёй маральных патрабаванняў і ўсіх яго наступстваў. Хто любіць Хрыста, захоўвае Яго прыказанні (пар. Ян 14, 15).
Марыя з’яўляецца Маці Міласэрнасці таксама і таму, што Езус давярае Ёй свой Касцёл і ўсё чалавецтва. Калі ў стоп Крыжа Яна прымае Яна як сына і калі разам з Хрыстом просіць у Айца прабачэння для тых, хто не ведае, што робіць (пар. Лк 23, 34), у паставе дасканалай паслухмянасці Духу Святому Яна атрымлівае багацце і паўсюднасць Божай любові, якая павялічвае Яе сэрца і дазваляе ахапіць іх увесь людзкі род. Марыя становіцца такім чынам Маці нас усіх і кожнага з нас, Маці, якая выпрошвае нам Божую Міласэрнасць.
Марыя з’яўляецца яскравым знакам і цудоўным прыкладам маральнага жыцця. Само Яе жыццё з’яўляецца навукай для ўсіх, піша св. Амброзы, які звяртаючыся да дзяўчат, але маючы на ўвазе даступную ўсім рэчаіснасць, кажа так: Першае гарачае прагненне навукі у нас будзіць шляхетная постаць настаўніка. Хто ж больш шляхетны за Маці Божую? Хто яснее мацнейшым святлом, чым Тая, што была абраная на само Святло? Яна жыве і ажыццяўляе сваю вольнасць, аддаючыся Богу і прымаючы ўнутры сябе дар Божы. Яна хавае ў сваім дзявочым улонні Уцелаўлёнага Сына Божага аж да дня нараджэння, агарняе Яго апекай і выхоўвае, трывае побач з Ім, калі здзяйсняе акт найвышэйшай любові, якім з’яўляецца цалкавітая ахвяра ўласнага жыцця. Праз дар самой сябе Марыя ў поўні ўдзельнічае ў ажыццяўленні плану Бога, які аддае сябе свету. Прымаючы і разважаючы ў сваім сэрцы падзеі, не заўсёды ёй зразумелыя (пар. Лк 2, 19), Яна становіцца прыкладам для ўсіх, што слухаюць Слова Божае і захоўваюць яго (пар. Лк 11, 28), і заслугоўвае тытул Сталіцы Мудрасці. Гэтай мудрасцю з’яўляецца сам Езус Хрыстус, Спрадвечнае Слова Бога, якое аб’яўляе і дасканала выконвае волю Айца (пар. Габр 10, 5-10). Марыя запрашае кожнага чалавека прыняць гэтую Мудрасць. Таксама і да нас Яна кіруе параду, якую падчас вяселля ў Кане Галілейскай дала слугам: “Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа” (Ян 2, 5).
Марыя дзеліць з намі людзкую форму, але Яна цалкам адкрытая на дзеянне ласкі Божай. Не зведаўшы граху, Яна здольная спачуваць кожнай слабасці. Яна разумее грэшнага чалавека і любіць яго любоўю Маці. Менавіта па прычыне гэтай любові Яна стаіць на баку праўды і дзеліць з Касцёлам клопат аб няспынным нагадваннi пра маральныя загады – заўсёды і ва ўсім. Па гэтай самай прычыне Яна не згаджаецца, каб грэшны чалавек быў ашуканы тымі, што ў імя ілжыва разуметай любові усправядліўвалі б яго грэх, бо ведае, што гэта б знішчыла ахвяру Хрыста, Яе Сына. Ніводнае разграшэнне, удзялянае паблажлівымі дактрынамі, таксама філасофскімі ці тэалагічнымі, не можа зрабіць чалавека сапраўды шчаслівым: толькі Крыж і хвала ўваскрослага Хрыста могуць даць спакой яго сумленню і абдараваць збаўленнем

О Марыя,
Маці Міласэрнасці, чувай над усімі,
каб не быў дарэмным Крыж Хрыста,
каб чалавек не згубіў шляху дабра,
не страціў свядомасці граху
і ўмеў глыбей давяраць Богу
багатаму ў міласэрнасць (Еф 2, 4),
каб дабраахвотна рабіў добрыя ўчынкі,
якія Бог загадзя прыгатаваў (пар. Еф 2, 10)
і такім чынам жыў
дзеля хвалы Яго велічы (Еф 1, 12).

Св. Ян Павел ІІ
Veritatis splendor, p. 118-120


Перакладзена з польскага выдання
Bóg jest Miłosieny. Ostatnie słowo należy do Boga, który jest Miłością. 
Sekretariat Fatimski 2015