ХВАЛЕБНАЯ ТАЯМНІЦА
Уваскрасенне Пана Езуса
Маці, вось я!
Я побач з Табой, Беззаганная Маці ў
гэты самы прыгожы дзень, які Ты выбрала дзеля сустрэчы са сваімі дзецьмі.
Дзякую за Тваё запрашэнне і нагадванне, што я не магу забыцца пра бліжніх, якія
таксама з’яўляюцца Тваімі дзецьмі, але згубіліся ў граху. Тваё Сэрца церпіць,
калі пад крыжам моцай запавету Езуса Ты сталася Маці нам усім, і як Маці Ты
бачыш, як шматлікім Тваім дзецям пагражае вечнае асуджэнне. Тваё Сэрца церпіць,
бо як Маці, Ты любішь усіх. Ты запрашаеш кожнага з нас, каб у першую суботу
месяца мы ўзнагароджвалі за грахі дзеля ўратавання іншых ад пекла. Словы Езуса,
які як дзіця стаіць у Цябе з боку, схіляе мяне да таго, каб і я быў ля Твайго
Сэрца. “Спачувай Сэрцу Тваёй Найсвяцейшай Маці, аплеценаму цернямі, якімі
няўдязчныя людзі няспынна яго раняць, і няма нікога, хто б актам узнагароды
гэтыя церні павыцягваў”. Як жа не адказаць на просьбу Дзіцяці, якое просіць аб
учынку любові для сваёй Маці?
А таму я іду, Маці, за Табой шляхам
ружанцовых таямніцаў. Ты просіш разважаць над стацыямі Тваёй прысутнасці побач з
Езусам. Сёння Ты вядзеш нас да сцэны ўваскрасення. Словы Евангелля св. Лукі
узгадваюць гэту таямніцу наступным чынам.
Жанчыны, якія прыйшлі з Галілеі,
аглядзелі грабніцу і тое, як было пакладзена цела Езуса. Пасля вяртання
з пахавання, яны прыгатавалі духмянасці і алей; але згодна з прыказаннем
захавалі адпачынак у дзень шабату. Потым “у першы дзень тыдня, на досвітку,
жанчыны прыйшлі да магілы, несучы падрыхтаваныя пахучыя алеі. Але ўбачылі, што
камень адсунуты ад магілы. І, увайшоўшы,
не знайшлі цела
Пана Езуса. І калі
яны стаялі ў
разгубленасці, раптам з’явіліся перад
імі два мужы
ў бліскучым адзенні.
Напалоханыя жанчыны схілілі твары
свае да зямлі,
а тыя сказалі
ім: «Чаму вы шукаеце жывога сярод
мёртвых? Яго тут
няма; Ён уваскрос.
Успомніце, як Ён
сказаў вам, калі быў
яшчэ ў Галілеі,
што Сын Чалавечы
павінен быць выдадзены
ў рукі грэшнікаў і
ўкрыжаваны, але на
трэці дзень уваскрэсне». І
ўзгадалі яны словы Ягоныя, і,
вярнуўшыся з магілы, расказалі гэта ўсё Адзінаццаці і ўсім астатнім. Гэта
былі Марыя Магдалена,
Яна і Марыя,
маці Якуба, ды
іншыя, што былі з
імі, якія казалі
пра гэта Апосталам.
Але словы гэтыя
здаліся ім пустымі, і
не верылі ім.
Але Пётр устаў
і пабег да
магілы, і, зазірнуўшы, убачыў там
толькі палотны. І
вярнуўся да сябе,
здзіўляючыся таму, што сталася". (Лк 24, 1-12)
Я прашу прабачэння, Марыя, але пасля
гэтых слоў я не магу не спытацца: “Дзе Ты, Маці Езуса?” Словы Евангелля нічога
пра Цябе не кажуць. Ці Ты пагружаная ў жалобу і не хочаш ні з кім размаўляць,
не хочаш нікуды выходзіць? Ці ж смерць Езуса была канцом, а Ты цяпер хаваешся ў
цень? Чаму менавіта жанчыны, якія прыйшлі з Езусам з Галілеі, клапоцяцца пра добрае
пахаванне цела Езуса, а не Ты? Менавіта Яны зацікавіліся тым, як паклалі цела
Хрыста. Збіраюць духмянасці і пасля шабату ідуць да грабніцы, каб намасціць Яго
цела. Чаму няма Маці ля Сына, чаму няма там Цябе? Я думаю і пытаюся самога
сябе: якая маці адважылася б пасля пахавання ісці да грабніцы свайго сына, каб
зноў глядзець на яго мёртвае цела? Звычайна, аднак, маці прыходзіць, і вельмі
часта, на магілу свайго дзіцяці, каб менавіта там выраніць слязу, паспрабаваць
згадзіцца са смерцю і разлукай з уласным дзіцём.
Сцэна, у якой гаворыцца пра
ўваскрасенне Езуса, выглядае цалкам інакш, чым мы гэта можам сабе ўявіць. Гэта
іншасць, здаецца, быць адказам на ўсе ранейшыя пытанні. У словах Евангелля
з’яўляюцца асобы, якія не чакалі ўваскрасення. Яны не ўсведамлялі, што словы
Езуса выканаюцца цалкам і нават даслоўна. Калі гэтыя жанчыны ішлі да грабніцы,
каб намасціць цела Езуса, ці былі яны перакананыя, што Ён уваскрэсне? Ці
памяталі яны словы Хрыста, які навучаў: “Я
аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў. Ніхто не адбірае яго ў
Мяне, але Я
сам аддаю яго.
Я маю ўладу
яго аддаць і
маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад
Айца Майго” (Ян 10, 17-18). Ці Ты, Маці, таму не бегла да магілы, бо
ведала, што не знойдзеш там свайго Сына? Калі Ты не толькі памятала, але і
верыла ў тое, што праз тры дні Езус васкрэсне, тады зразумела, чаму Ты не
збірала духмянасці, не ішла намасціць Яго цела, пакладзенае ў грабніцы.
О Беззаганная, што адбывалася ў Тваім
Сэрцы ў гадзіны пасля смерці Езуса, калі Ты прытуляла Яго цела пасля таго, як
яго знялі з крыжа? Што адбывалася ў хвіліну, калі камень згарадзіў уваход у
грабніцу? Кожны з нас у такія моманты ўсведамляе, што з хвіліны, калі
закрываецца трумна, ужо ніколі не ўбачыць на гэтым свеце гэтай блізкай асобы. Што,
аднак, адбывалася ў Тваёй душы, калі працяў яе меч болю? Кожны, хто страціў
кагосьці, каго любіў, хоць і верыць у жыццё вечнае, усё роўна церпіць. Для
шматлікіх з нас гэта таксама выпрабаванне веры, таму што нараджаецца пытанне:
чаму так здарылася? Часам нават бацькі, якія павінны згадзіцца са смерцю
ўласных дзяцей, у хвіліны цярпення, у моманты слабасці, могуць абражаць і мець
прэтэнзіі да Бога, бо Ён несправядлівы. Маці, Ты не стаіш над трумнай, не
плачаш, не задаеш пытанняў, не чакаеш з нецярплівасцю цуду. Таямніца Тваёй
адсутнасці уводзіць у клімат дзіўнага спакою і даверу. Яна ўгрунтоўвае нас у
пераканні, што Ты да канца паверыла, не патрабавала знаку, не чакала хвіліны,
каб уласнымі вачыма пераканацца, што выканаліся словы пра ўваскрашэнне. Як жа шмат
здзейснілася, о Маці, у хвіліну звеставання, калі Ты сказала “fiat”. Твой давер у чаканні ўваскрасення
Езуса усведамляе мне, наколькі шмат значыла Тваё “fiat”, гэта была не толькі згода на просьбу
Анёла. Тое, што гэта просьба была скіравана менавіта да Цябе, становіцца
незвычайна павучальным: наколькі вялікая Твая годнасць.
Я задумваюся, Марыя, над тым, што
сталася, чаму вучні Езуса не чакалі ўваскрашэння. Яны ж ведалі, што Езус ідзе ў
Ерузалем, што будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў, укрыжаваны, што на трэці дзень
уваскрэсне. І вось усё адбываецца менавіта так, як Пан прадказаў, а аднак
апосталы, калі чуюць ад жанчын пра ўваскрашэнне, не вераць ім. Яны прымаюць
словы радаснай навіны як балбатню. Не так даўно Езус сказаў такія красамоўныя
словы: “І праспяваўшы гімн,
яны пайшлі на
Аліўную гару. І сказаў
ім Езус: «Усе вы зняверыцеся, бо
напісана: “Удару пастыра, і рассеюцца авечкі”. Але пасля ўваскрасення Майго Я
апярэджу вас у Галілеі” (Мк 14, 26-28). Ці маглі ўсе забыцца, чаму іх
навучаў Езус, што ім так дакладна прадказаў? Пётр, які можа яшчэ выціраў слёзы
пасля таго, як адрокся ад Езуса, хоць сам вельмі спрачаўся, калі Настаўнік гэта
прадказаў, цяпер усяму здзіўляецца, бачучы пустую грабніцу. Ці можна было
забыцца пра словы Езуса? Адказ здаецца зразумелы: гэта было немагчыма. Нават
самі ворагі Езуса, усведамляючы тое, што Ён казаў пра сваё ўваскрашэнне праз
тры дні, пастараліся паставіць стражнікаў ля грабніцы Езуса з Назарэту. Як
моцна здзіўляюць паводзіны вучняў, іх недавер, здзіўленне, нечаканне таго, што
прынясе трэці дзень пасля смерці.
Усё гэта аднак вядзе нас да таго, што
мы яшчэ больш здзіўляемся Тваім паводзінам, Тваёй веры, Маці Езуса, таму, што
адбывалася ў глыбіні Твайго Беззаганнага Сэрца. Здаецца, што няма нічога
надзвычайнага ў тым, каб пасля пасля смерці Езуса паддацца сумневам. Бачучы
ўласнымі вачыма змучанае цела Хрыста, усведамляючы, што яно было пахавана,
нялёгка чакаць уваскрасення. Як часта, гледзячы на тое, што мы бачым уласнымі
вачыма, аглядаючы фільм, хоць і ведаем, што гэта выдумка, нічога не адбываецца
ў рэчаісны спосаб, мы можам не баяцца, плакаць, адчуваць розныя эмоцыі і
хваляванні. Хоць гэта і выдумка на экране тэлевізара, аднак мы бачым гэта
ўласнымі вачыма. Цалкам у іншым вымярэнні, але і тут можна казаць, што здзейснілася
нешта падобнае. Усе бачылі ўласнымі вачыма смерць і пахаванне. Калі б мышленне,
давер, вера былі засяроджаныя на праўдзе, што праз тры дні Езус уваскрэсне,
іншымі б былі паводзіны Апосталаў. Ты ж, Маці, паводзіш сябе цалкам інакш. Ці
можна зразумець, хто Ты, о Беззаганная, о Выбраная Богам на Маці Яго Сына. Як
жа інакш павінна было біцца Тваё Сэрца, як жа інакш Ты павінна была ўспрымаць
тое, што бачыла, таму што – як мы сёння гэта кажам – не паддалася сумневу.
Маці, дзякую Табе за тое, што Ты ўзяла
мяне з сабой, каб я задумаўся над словамі Евангелля, якія кажуць пра
ўваскрасенне Хрыста. Дзякуючы гэтаму, хоць я і не пачуў там ні слова пра Тваю
прысутнасць, шырока адкрыліся мае вочы. Як жа інакш і глыбей я разумею словы
св. Людовіка, які ў Трактаце так пісаў пра Цябе, Беззаганная Маці:
“Марыя вяла ўкрытае жыццё, таму Касцёл
і Святы Дух называюць Яе Alma Mater – Маці ўкрытая і таямнічая. Яе пакора была настолькі глыбокая,
што нішто не было дзеля Яе больш прыцягальным за тое, каб весці жыццё ўкрытае
ад сябе самой і ад усялякіх стварэнняў, і быць вядомай толькі Богу.
Бог выслухаў Яе просьбы аб жыцці
ўкрытым, убогім і поўным прыніжэнняў, а ў сваёй дабрыні засланіў Яе ад людзкіх
вачэй Яе Зачацце і Нараджэнне, таямніцу Яе жыцця, Яе Уваскрашэнне і
Унебаўзяцце. Яе ўласныя бацькі добра Яе не ведалі, а анёлы часта пыталіся адны
ў другіх: Quae est ista? – Хто Яна? (Песня Песняў 8, 5), таму што Найвышэйшы схаваў Яе ад іх. А калі часам і адкрываў ім
частку таямніцы, то такім чынам хаваў ад іх яшчэ большае хараство”.
Маці, як жа Ты церпіш, калі бачыш
недавер сваіх дзяцей. Ці гэты меч болю, які зраніў Тваё Сэрца і душу, не быў
менавіта па нашай віне? Што магло адчуваць Сэрца Маці, якая бачыла столькі
недаверу ў сэрцах дзяцей, хоць і прайшло толькі тры дні пасля смерці Езуса?
Калі б нехта ведаў, што з гэтага моманту пачынаецца час пераследаў, які будзе
працягвацца тры стагоддзі, ці нарадзілася б у яго сэрцы хоць кропля надзеі на
тое, што застанецца хоць нешта з таго, што пакінуў Хрыстос? Маці, якая ж
вялікая была Твая вера і давер; якім жа вялікім становіцца Тваё “fiat”, якое нават на хвіліну не было
заплямлена ценем недаверу.
Дзякую Табе, Марыя, што Ты мне Маці і
вядзеш мяне да Езуса, а Тваё Беззаганнае Сэрца з’яўляецца дзеля мяне сховішчам
і шляхам. Ave Maria!
Перакладзена з польскага выдання
Bóg jest Miłosieny. Ostatnie słowo należy do Boga, który jest Miłością.
Sekretariat Fatimski 2015