ТЫДЗЕНЬ ФАЦІМЫ
Распачаўся
Тыдзень Фацімы. Так хацеў Бог. Чаму тыдзень? Чаму Фаціма? Гэта ведае Бог.[1]
Ці таму тыдзень,
што сам Бог адпачыў толькі ў сёмы дзень, а шэсць дзён працаваў над стварэннем
свету, прыгожага, як Яго мары? Нам трэба наследаваць Бога і шэсць дзён тварыць
з Яго блаславенствам і з Яго прыказаннямі “новы, лепшы свет”, які выглядаў на
гарызонце гісторыі чалавецтва Ян Павел II. Сёмы дзень будзе часам адпачынку…
Ці таму Фаціма,
што гэта месца, далёкае ад поўных шуму і пыхі шляхоў гэтага свету, месца
пабожных людзей, адданых Марыі?[2] Ці таму Фаціма, што Партугаліі прызначана захаваць назаўсёды
веру ў Бога і любоў да Марыі? Ці таму Фаціма, што яна павінна стаць месцам
паяднання і супрацоўніцтва хрысціянаў і мусульманаў?[3] Нам трэба вучыцца ў гэтага месца, як жыць, як верыць і
любіць таго, хто яднае.
ДЗЕНЬ ПЕРШЫ:
1916-1929
Дзень Першы - гэта
час, які ўжо здзейсніўся. Таксама і Другі. Рэшта — гэта час, дадзены кожнаму з
нас.
Якім быў гэты
Першы Дзень? Быў адзіным, калі час бег паводле планаў неба. Бог хацеў, каб ён
цягнуўся 13 гадоў.
У параўнанні з
наступнымі гэта кароткі Дзень, але які ж багаты на падзеі! Пачынаецца ён у часе
вайны — першай сусветнай вайны, — якая паглынула мільёны ахвяраў. Над Расіяй
вісіць прывід камунізму з яго тэрорам і прагай крыві. Гэта ледзьве пачатак
лавіны. Затрымаць яе можа толькі Беззаганнае Сэрца Марыі.
ГАДЗІНА АНЁЛА
Усё пачалося з аб’яўлення Анёла і
яго паслання. Як у Звеставанні. Як у справе стварэння свету, пры якім прысутнічалі
Божыя Пасланцы.[8]
ЛАСКА ПРЫХОДЗІЦЬ, КАЛІ ЧАЛАВЕК НЕ
СТАІЦЬ НА МЕСЦЫ
Звернем увагу на
пэўную логіку гэтых аб’яўленняў: усё больш складаным жаданням анёла
спадарожнічае ўсе большае паглыбленне дзяцей у Бога. З аднаго боку ім ставяцца
вымаганні, з другога — яны атрымліваюць прапарцыйную ім глыбіню містычных
перажыванняў. Калі ўважліва чытаем успаміны Сястры Луцыі, то бачым накапленне
перажыванняў, якія суправаджаюць чарговыя спатканні дзяцей з анёлам.
Ужо пры першым
аб’яўленні Анёла духовае перажыванне пастушкоў было вельмі дзіўнае:
“Надзвычайная атмасфера, якая нас ахінала, была такая моцная, што доўгі час мы
амаль не ўсведамлялі, што існуем, застаючыся ў той самай позе, у якой нас
пакінуў Анёл, і ўвесь час паўтараючы тую самую малітву. Мы адчувалі прысутнасць
Бога так моцна і глыбока, што нават не адважыліся размаўляць паміж сабой. Яшчэ
на працягу наступнага дня мы адчувалі, што нашыя душы ахінутыя гэтай
атмасферай...”.
Пра другое
спатканне Сястра Луцыя піша, што “словы Анёла адбіліся ў нашых думках так, як
святло, якое дазволіла нам зразумець, хто такі Бог, як Ён нас любіць і як
жадае, каб мы любілі Яго”. Гэта ўжо нешта большае, чым уваход у прысутнасць
Бога. Цяпер дзеці атрымалі нешта падобнае да прасвятлення, якое дазволіла ім
прасякнуць у таямніцу Бога.
Але поўня
містычнага досведу была захаваная на апошняе аб’яўленне Анёла. Моц Божай
прысутнасці, што прамянее з Найсвяцейшага Сакраманту, была настолькі
інтэнсіўнай, што дзеці адчувалі сябе амаль цалкам паглынутымі. Быў толькі
Бог...
Сястра Луцыя згадвае:
“Узрушаныя незвычайнай сілай, якая нас ахінала, мы ўва ўсім паўтаралі за
Анёлам, а менавіта ўкленчылі, як ён, на зямлі і паўтаралі малітвы, якія ён прамаўляў.
Моц Божай прысутнасці была настолькі інтэнсіўнай, што амаль цалкам паглынала
нас і знішчала. Нам нават здавалася, што доўгі час мы былі без прытомнасці”.
Гэты стан
трымаўся прынамсі некалькі дзён: “У той жа самы час — піша Сястра Луцыя, — мы
выконвалі нашыя вонкавыя абавязкі, так як бы нас да гэтага падштурхоўвала тая
самая надзвычайная істота. Супакой і шчасце, якія мы адчувалі, былі велізарныя,
але толькі ўнутраныя, цалкам засяроджваючы душу на Богу”.
Пасля
падрыхтоўкі дзяцей Анёлам пачынаюцца спатканні трох пастушкоў з Марыяй. Адразу
дададзім, што пераход ад аб’яўленняў Анёла да аб’яўленняў Найсвяцейшай Маці не
быў аўтаматычным. Падрыхтоўка працягвалася год — не была кароткім урокам — і
ставіла перад дзецьмі вялікія патрабаванні. Фаціма скончылася б на спатканнях з
Анёлам (можа, нават не на трох, а ўжо на першым), калі б дзеці не адказалі
горача на чарговыя просьбы Анёла Супакою. Не было б “паслання стагоддзя”, як
называў пасланне з Фацімы Ян Павел II, калі б Луцыя і яе дваюродныя брат і сястра не вырушылі
ў дарогу або спыныліся на ёй. Бог здзяйсняў свой план крок за крокам – так, як
крок за крокам дзеці ішлі пазначанай дарогай. Калі б спыніліся яны, спынілася б
таксама і пасланне. Вось і адказ на пытанне, чаму мы толькі ў палове Фацімы.
Чалавецтва не вырушыла ў шлях разам з пасланнем...
Папярэдзім
факты: так, як фацімскія дзеці верна
ішлі шляхам, пазначаным небам, так сёння вырушае “новае пакаленне”, прадказанае
ў 2002 г. сястрой Луцыяй. Гэта чарговая крыніца нашай надзеі. Гэта знак таго,
што, як пасля аб’яўленняў Анёла надышоў “час Марыі”, так і зараз прыйдзе
гадзіна дзеяння Найсвяцейшай Маці...
МАРЫЙНАЕ
ПАСЛАННЕ СТАГОДДЗЯ
Май 1917 года. У
Фаціме распачынаюцца спатканні з Найсвяцейшай Маці. Ведаем іх развіццё, ведаем
змест перададзенага нам паслання. Марыя просіць аб штодзённым ружанцы, які мае
моц спыніць нават самую вялікую вайну, патрабуе ахвяравання ўсіх цярпенняў як узнагароду
за грахі свету, указвае дарогу выратавання — прысвячэнне Расіі Яе Беззаганнаму
Сэрцу і практыкаванне першых субот. Перасцерагае над ад пекла, да якога ідзе
шмат людзей. Кажа, што свет павінен лепш Яе пазнаць і больш палюбіць. Кажа, што
Яе Беззаганнае Сэрца будзе дзеля людзей сховішчам і дарогай, якая прывядзе іх
да Бога. Прадвяшчае, што дзеці будуць шмат пакутаваць, але ласка Божая будзе ім
моцай у пакутах. Такое самае цярпенне чакае Святога Айца і “добрых людзей”.
Марыя прадказвае эпоху пераследаў, час мучанікаў. Нагадвае: “Не абражайце больш
Бога, бо Ён ужо і так вельмі абражаны”.[9]
“СЁМАЕ АБ’ЯЎЛЕННЕ”
У Фаціме Маці
Божая абяцала прыходзіць на працягу шасці месяцаў, а потым прыйдзе яшчэ сёмы
раз, каб растлумачыць, што такое прысвячэнне Яе Беззаганнаму Сэрцу і што такое
ўзнагараджальная Святая Камунія. Яна сказала: “Я прыду, каб прасіць аб
прысвячэнні Расіі майму Беззаганнаму Сэрцу і ўзнагараджальнай Камуніі ў першыя
суботы”. Той сёмы раз — гэта два галоўныя аб’яўленні, якія мела ў дваццатых гадах
мінулага стагоддзя апошняя візіянерка. Найсвяцейшая Маці і Яе Сын пачалі
перадаваць сястры Луцыі свае пасланні. Спачатку ў 1925 г. у Пантэвэдра[10], потым — у 1929 г. у Туі[11]. Здаецца, што паміж гэтымі аб’яўленнямі было яшчэ шмат
розных надзвычайных падзеяў, што, будуючы мост паміж 1925 і 1929 гадамі, робяць
з гэтых аб’яўленняў адно “сёмае аб’яўленне”. Яго змест гэта падвойнае
набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі. Складаецца яно з набажэнства першых
суботаў і прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі усяго таго, чым стараецца
авалодаць грэх: спачатку гэта Расія, потым іншыя народы і ўвесь свет. Але
таксама кожнае чалавечае сэрца, якое спакушае зло, і кожная сям’я, атакаваная
ворагам збаўлення.
Як выглядае
гэтае набажэнства? Вось як апісвае яго сястра Луцыя ў адным са сваіх лістоў:
“Што я лічу было
паміж Богам і маёй душой у справе ўзнагароджваючага набажэнства да Беззаганнага
Сэрца Марыі і пераследванняў у Расіі? Здаецца мне, што Бог паклікаў мяне ў
найглыбейшых патаемных месцах маёй душы да таго, каб я прасіла Святога Айца,
каб ён пацвердзіў узнагароджваючае набажэнства, аб чым Ён сам і Найсвяцейшая
Марыя Панна прасілі ў 1925 годзе, каб праз гэтае маленькае набажэнства можна
было ўдзяліць ласку прабачэння душам, якія абразілі Беззаганнае Сэрца Марыі.
Душы, якая стараецца Ёй узнагародзіць такім чынам, Найсвяцейшая Марыя Панна
абяцае суправаджаць у гадзіну смерці з усімі ласкамі, патрэбнымі для збаўлення.
Гэтае
набажэнства заключаецца ў тым, каб на працягу пяці чарговых месяцаў у першую
суботу прыняць Святую Камунію, памаліцца ружанец, правесці пятнаццаць хвілін з
Маці Божай, разважаючы над таямніцамі ружанца і паспавядацца ў той самай
інтэнцыі. Гэта можна зрабіць у той самы дзень. Калі я не памыляюся, добры Бог
абяцаў спыніць пераследы ў Расіі, калі Святы Айцец учыніць урачысты і публічыны
акт узнагароды і прысвячэння Расіі Найсвяцейшым Сэрцам Езуса і Марыі і тое
самае параіць біскупам каталіцкага свету. У адказ на заканчэнне гэтых пераследаў
Яго Святасць павінен абяцаць прызнаць і парэкамендаваць практыкаванне вышэйназванага
набажэнства”.
“Сёмае
аб’яўленне” закрывае Першы Дзень Фацімы. Пачынаецца яно абвяшчэннем набажэнства
першых суботаў, сканчаецца просьбай аб прысвячэнні Расіі Беззаганаму Сэрцу
Марыі. Неба ўжо ўсё сказала, паказала чалавецтву шлях збаўлення, вызначыла мэту
— трыюмф Беззаганнага Сэрца, які прынясе плён супакою ў свеце.
НЯБЕСНЫ ААЗІС
Пакуль што свет
знаходзіцца на пачатку шляху і вельмі патрабуе дапамогі неба. Ён атрымаў ужо
ўсе ўказанні, і яму быў дадзены доступ да ўсіх патрэбных ласкаў. Можна было б
сказаць, што чалавецтва, якое блукае па пустыні свету і ўваходзіць ува ўсё больш
глыбокія пяскі зла, атрымала ад Бога незвычайны дар. Бог паставіў яго перад
квітнеючай зелянінаю дрэў, Аазісам, які не быў на самым шляху заблукалага каравану
чалавецтва. Яго відаць, відаць вельмі добра, збоку ля дарогі… Досыць змяніць
кірунак шляху, павярнуцца тварам да спакойна калыхаючыхся дрэваў, каб яшчэ ў
той самы дзень наталіць смагу, насыціць голад і знайсці адпачынак у густым ценю
лісця. Трэба, аднак, сысці з дарогі. Трэба паверыць, што тое, што бачаць нашыя
вочы, не падман, што мы - сведкі цуду. Трэба паверыць, што праз хвіліну мы
можам стаць яго часткай… Калі чалавецтва пазбавіцца ад пыхі, ад таго, што само
найлепей ведае, куды вандраваць.
Гэты нябесны
аазіс заўсёды будзе разам з людзьмі. Заўсёды будзе бачны — часам бліжэй, часам
далей, — заўсёды будзе клікаць да сябе. Яго прысутнасць запоўніць увесь Другі
Дзень Фацімы.
Калі чалавецтва
прачнецца, каб змяніць шлях? Але ж не, яно ніколі не сыдзе са шляху, які вядзе
ў пустку. Тыя, хто вядзе па гэтым шляху, аслепленыя пыхай, а можа, апантаныя
гэтай пустыняй, будуць упарта ісці наперад. У імя дзеяння, у імя развіцця, у
імя спакуслівых міражоў. Яны будуць забараняць людзям глядзець на “рэлігійны дурман”,
“на опіюм для народу”, на “забабоны, якія спыняюць дзейнасць”. Кажуць нам несці
нічога не вартыя скарбы і ісці наперад.
Але надыходзіць
хвіліна, калі ад вялікага каравану пачынаюць адрывацца купкі вандроўнікаў і накіроўвацца
да Аазіса. Бачыце іх? Яны ўжо не слухаюць крыкаў лідэраў. Яны пакідаюць усіх і становяцца
“рэштай”[12], якая выбірае іншы шлях. Для іх час бяжыць ужо інакш.
Праз момант іх жыццё напоўніцца спевам птушак, шумам лісця, цурчаннем рэк. Яны
ўвойдуць да Аазіса і стануць “новым пакаленнем”. Але перш, чым яны спазнаюць
усю праўду пра Аазіс, міне яшчэ шмат гадоў… Яны пакуль што яшчэ не зусім
засяроджаныя. Яны яшчэ не ведаюць сапраўднай моцы Аазісу, які стаўся іх домам.
Міне
паўстагоддзя, пакуль свет даведаецца найглыбейшую праўду пра Фаціму. Столькі
часу спатрэбіцца, каб на апрацаванай ласкай зямлі Аазісу з’явіўся выразны знак
прысутнасці чалавека. Былі ўжо, праўда, такія, што няспынна пазіралі на Аазіс,
што жылі яго ідэяй і ішлі ў яго бок; былі нават такія, што дайшлі да яго і
збудавалі там свой дом. Ні ў воднага з іх, аднак, не было моцы цалкам скарыстаць
з хараства нябеснага Аазісу. “Браму моцы” адчыніць толькі той, каго
прадвызначыла сама Фаціма. Гэта будзе след “біскупа ў белым”, правадніка, у
якога будуць страляць, каб ён не дайшоў да Аазіса і не пацягнуў за сабой ужо не
купкі шаленцаў, але натоўпы, натоўпы…
Пра гэта
апавядае Другі Фацімскі Дзень.
[2]. У ліпені 1917 года Найсвяцейшая Маці прадказала: “У ПАРТУГАЛІІ НАЗАЎСЁДЫ
БУДЗЕ ЗАХАВАНЫ ДАГМАТ ВЕРЫ”. Гэта вялікае абяцанне, па-чалавечы незразумелае,
бо гэтая краіна знаходзіцца пад тым самым уздзеяннем гэтага свету, што і рэшта
чалавецтва. У гэтай малой дзяржаве людзі заўсёды будуць верыць у Бога, любіць
Яго і давяраць Яму, шанаваць Найсвяцейшую Маці і наследаваць Яе, нарэшце —
трываць побач з Айцом Святым. Абяцанне Фацімы — гэта адна з прычынаў таго, што
шмат каталікоў шукае новы дом —Партугалію — і размяшчаецца ў ваколіцах Фацімы.
[3]. На думку слугі Божага біскупа Джона Фултана Шына, аб’яўленні ў Фаціме
прадвяшчаюць навяртанне мусульманаў у хрысціянства. У кнізе “The World’s First Love” (“Першая Любоў свету”) біскуп Філадэльфіі піша: “Марыя дзеля мусульманаў
з’яўляецца сапраўднай Sayyda, або Спадарыняй. У іх сімвале веры адзінай паважнай суперніцай Маці Езуса
можа быць Фаціма, дачка Магамета. Але пасля смерці Фацімы Магамет напісаў:
“Будзеш самай блаславёнай сярод дзеваў у Раі пасля Мары”. У адным з варыянтаў
гэтага тэксту Фаціма хацела сказаць: “Я вышэйшая за ўсіх дзеваў, апроч Марыі”.
Тут пытаем сябе: чаму Марыя аб’явілася ў XX стагоддзі ў нічым не адметнай вёсцы Фаціме так, што
наступныя пакаленні павінны былі Яе ведаць як Маці Божую Фацімскую”? Веру, што,
калі нічога — нават найменшыя дэталі — ніколі не здараецца без умяшальніцтва
неба, то Найсвяцейшая Дзева Марыя
хацела, каб сёння Яе ведалі як “Маці Божую Фацімскую”, каб даць гарантыю
нам і даць знак мусульманам, што яны, тыя, што аддаюць Ёй такую вялікую пашану,
прымуць некалі Яе Боскага Сына.
Доказ на карысць гэтых поглядаў можна
знайсці ў гістрычных падзеях. Мусульмане стагоддзямі акупавалі тэрыторыі
Партугаліі. У той час, калі павінны былі быць канчаткова выгнаныя з гэтых
земляў, імі кіраваў правадыр, што меў прыгожую дачку, якую звалі Фаціма.
Закахаўся ў яе адзін каталіцкі хлопец. Фаціма не толькі засталася дзеля яго ў
Партугаліі, але і прынала хрысціянскую веру. Муж так моцна яе кахаў, што змяніў
назву мясцовасці, у якой жыў, на Фаціма. Такім чынам горад, дзе аб’явілася Маці
Божая ў 1917 г., мае гістарычную сувязь з Фацімай, дачкой Магамета”.
Біскуп Шын піша таксама пра энтузіязм
прымання Пілігрымуючай Фігуры Маці Божай Фацімскай вызнаўцамі ісламу ў Афрыцы,
у Індыі і ўва ўсіх куточках свету. Ён нагадвае, што мусульмане ўдзельнічалі ў
каталіцкіх набажэнствах да Найсвяцейшай Маці, а ўлады ісламскіх краін дазвалялі
працэсіі з фігурай і малітвы каля мячэцяў. Таксама шмат разоў здаралася —
напрыклад, у Мазамбіку, — штовызнаўцы Магамета перад фігурай з Фацімы
навярталіся ў хрысціянства.
[4]. Папа Бэнэдыкт XV з самага першага дня выбрання на сталіцу Пятра, а гэта 3
верасня 1914 г., рэзка выказваўся супраць вайны, якую называў “палохаючым
відовішчам” і “чумой, што не мае сабе подобных”. У лістападзе ён заклікаў
войскі да спынення баёў у дзень Божага Нараджэння. Абодва бакі сцвердзілі, што
гэта немагчыма. 30 ліпеня 1916 г. скіраваў заклік да пяці тысячаў камунійных
дзяцей, каб маліліся за супакой у свеце. Нарэшце, бачучы, што ўдзельнікі вайны
ігнаруюць усе яго просьбы наконт “заканчэння вялікага канфлікту, самазабойства
цывілізаванай Еўропы”, скіраваў хвалюючы пастырскі ліст да ўсяго каталіцкага
свету. Заклікаў у ім усіх верунікаў да гарачай малітвы аб супакоі, параіў
маліцца да “Марыі, якая з’яўляецца Маці Міласэрнасці і якая моцная дзякуючы
ласцы”, а да Літаніі Ларэтанскай дадаў заклік “Каралева супакою, маліся за
нас”. Звернем увагу на дату папскага лісту. Гэта было 5 траўня 1917 г.
Неба неадкладна адказала на просьбы
Намесніка Хрыста. 13 траўня — праз восем дзён пасля закліка Бэнэдыкта XV да малітвы да Маці Божай — Найсвяцейшая Дзева Панна Марыя
аб’явілася тром пастушкам у Фаціме. Ужо падчас свайго першага аб’яўлення
нябесная Пані дала неспасрэдны адказ на просьбы папы. У апошніх словах,
скіраваных да дзяцей, яна сказала: “Штодзённа адмаўляйце ружанец, каб выпрасіць
супакой свету і заканчэнне вайны”.
[7]. 17 чэрвеня 1921 г. па
просьбе біскупа Луцыя ад’язджае ў школу сясцёр св. Даратэі у Порта.
Чатырнаццацігадовая дзяўчына змяняе сваю тоеснасць. З Луцыі дэ Езус дос Сантас
яна ператвараецца ў Марыю дос Дорэс. Ніхто не ведае, што гэтая сціплая, моцная
і заўсёды жыццярадасная дзяўчына — адна з фацімскіх пастушкоў.
У часе першага аб’яўлення ў 1916 г. ён абвясціў: “Я Анёл
Супакою, маліцеся разам са мной: “О мой Божа, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе,
давяраю Табе і люблю Цябе. Прашу прбачэння за тых, хто не верыць у Цябе, не
праслаўляе Цябе, не любіць Цябе і не давярае Табе (...)”. Так вы павінны
маліцца. Сэрцы Езуса і Марыі ўважліва слухаюць вашыя просьбы”.
У часе другога аб’яўлення, якое адбылося ў
тым самым годзе, Анёл сказаў: “Што вы робіце? Шмат маліцеся. Сэрцы Езуса і
Марыі хочуць праз вас удзяліць свету шмат міласэрнасці. Няспынна ахвяруйце
Найвышэшаму малітвы і прыніжэнні. Усё, што толькі можаце, ператварыце ў ахвяру
ў інтэнцыі ўзнагароды за грахі, якімі Яго абражаюць, і дзеля таго, каб
выпрасіць навяртанне грэшнікаў. Такім чынам вы забяспечыце супакой сваёй
Айчыне. Я — Анёл-Ахоўнік Партугаліі. Перш за ўсё прыміце і з пакорай
перажывайце ўсе цярпенні, якія Бог вам пашле”.
Калі Анёл аб’явіўся апошні раз, ён навучыў
дзяцей наступнай малітве: “ Найсвяцейшая Тройца, Айцец, Сын і Дух Святы,
праслаўляю Цябе з найвялікшай павагай. Ахвярую Табе Найдаражэйшыя Цела і Кроў,
Душу і Боскасць Пана нашага Езуса Хрыста, прысутнага на ўсіх алтарах свету, як
перапрашэнне за знявагі, блюзнерствы і занядбанні, якімі Яго абражаюць. Праз
нязмерныя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і Беззаганнага Сэрца Марыі прашу Цябе
аб навяртанні бедных грэшнікаў”. І сказаў яшчэ: “Прыміце Цела і Кроў Езуса
Хрыста, жудасна абражанае няўдзячнымі людзьмі. Узнагароджвайце іх грахі і
суцяшайце вашага Бога”.
1. Аб’яўленне Маці Божай, Кова да Ірыя, 13
мая 1917 г.
“…Мы ўбачылі на скальным дубе Спадарыню ў
белай сукенцы, што прамянела святлом, яснейшым за сонца. Мы былі так блізка,
што знаходзіліся ў межах святла, якое Яе ахінала і якім Яна прамянела,
больш-менш на адлегласці ў паўтары метры:
“Не бойцеся, я нічога вам не зраблю. Я з
неба.
Я прыйшла, каб папрасіць, каб вы прыходзілі
сюды на працягу шасці месяцаў, трынаццатага чысла, а той самай гадзіне. Потым
скажу, хто я і чаго хачу. Пазней я вярнуся яшчэ сёмы раз.
Ці хочаце ахвяраваць сябе Богу, каб зносіць
усе цярпенні, што Ён вам пашле як узнагароду за грахі, якімі Яго абражаюць, і
як просьбу аб навяртанні грэшнікаў?
Вам прыдзецца шмат пакутваць, але ласка
Божая будзе вашай сілай.
Маліцеся штодзённа ружанец, каб выпрасіць
супакой для свету і канец вайны”.
2. Аб’яўленне Маці Божай 13 чэрвеня 1917 г.
“Хачу, каб вы прыйшлі сюды трынаццатага
наступнага месяца, каб вы штодзённа маліліся на ружанцы і навучыліся чытаць.
Потым я скажу вам, чаго хачу.
Жасінту і Францішка я хутка забяру. Ты
застанешся тут на нейкі час. Езус хоча выкарыстаць цябе, каб людзі мяне больш
пазналі і палюбілі. Я б хацела ўстаналяваць у свеце набажэнства да Майго
Беззаганнага Сэрца.
Не губляй адвагі. Я ніколі цябе не пакіну.
Маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і дарогай, якая прывядзе цябе да
Бога”.
3. Аб’яўленне Маці Божай 13 ліпеня 1917 г.
“Я хачу, каб вы прыйшлі сюды трынаццатага
наступнага месяца, каб далей штодзённа маліліся на ружанцы ў гонар Маці Божай
Ружанцовай, каб выпрасіць супакой свету і канец вайны, бо толькі Яна можа
выпрасіць гэтыя ласкі.
Ахвяруйцеся за грэшнікаў і часта кажыце,
асабліва калі будзеце прыносіць ахвяры: “О Езу, раблю гэта з любові да Цябе,
дзеля навяртання грэшнікаў і як узнагароду за грахі, учыненыя супраць
Беззаганнага Сэрца Марыі”.
Вы бачылі пекла, куды ідуць душы бедных
грэшнікаў. Каб іх ратаваць, Бог хоча распаўсюдзіць па свеце набажэнства да
Майго Беззаганнага Сэрца. Калі будзе ўчынена тое, што я вам скажу, шмат душаў
будзе ўратавана ад пекла, і ў свеце запануе супакой. Набліжаецца канец вайны,
але, калі людзі не перастануць абражаць Бога, падчас пантыфікату Пія XI пачнецца іншая вайна, яшчэ горшая. Калі
аднойчы ўначы вы ўбачыце невядомае святло, ведайце, што гэта вялікі знак ад
Бога, што набліжаецца кара для свету за моства яго злачынстваў. Будзе вайна,
голад, пераслед Касцёла і Святога Айца. Каб пазбегнуць гэтага, я прыду прасіць
аб прысвячэнні Расіі майму Беззаганнаму Сэрцу і ўзнагараджальнай Камуніі ў
першыя суботы. Калі мае жаданні будуць выкананыя, Расія навернецца, і запануе
супакой. Калі не, бязбожная прапаганда распаўсюдзіць сваю памылковую навуку па
свеце, выклікаючы войны і пераслед Касцёла. Справядлівыя будуць закатаваныя,
Святы Айцец будзе шмат цярпець, загінуць розныя народы. У канцы маё Беззаганае
Сэрца затрыюмфуе, і на нейкі час у свеце запануе супакой. У Партугаліі заўсёды
будзе захаваны дагмат веры…”
Першыя дзве часткі таямніцы былі адкрытыя
сястрой Луцыяй 31 жніўня 1941 г. і абвешчаныя публічна ў 1942 г. Трэцяя частка
запісаная 3 студзеня 1944 г. і абвешчаная ў 2000 г.
“Пасля двух частак, пра якія я ўжо
расказала, мы ўбачылі з левага боку ад нашай Пані Анёла, які трымаў у левай
руцэ вогненны меч; ён іскрыўся, і з яго выходзілі промні агню, якія, здавалася,
падпаляць свет; але яны згасалі, калі сутыкаліся з бляскам, які прамяніўся з
правай рукі нашай Пані. Анёл, паказваючы ў бок зямлі, сказаў гучным голасам:
“Пакута, Пакута, Пакута!” І мы ўбачылі ў бязмерным святле, якім з’яўляецца Бог,
нешта падобнае да таго, што можна ўбачыць у люстэрку, калі стаіш перад ім,
Біскупа, апранутага ў белае, у нас было такое пачуцце, што гэта Святы Айцец. Мы
бачылі шмат біскупаў, святароў, братоў і сясцёр законных, якія ўзыходзілі на
высокую гару, дзе быў вялікі крыж, збіты з неабчасаных дошак, як быццам з
шурпатага дрэва, пакрытага карой. Святы Айцец, перш чым туды дайшоў, прайшоў
праз вялікі горад, напалову зруйнаваны, і дрыжучы, няпэўным крокам, стомлены
болем і цярпеннем, ішоў, молячыся за душы памерлых людзей, целы якіх сустракаў
на сваім шляху; дайшоўшы да вяршыні гары, укленчыўшы ля ўзножжа вялікага крыжа,
ён быў забіты групай жаўнераў, якія некалькі разоў стрэлілі яго з агнястрэльнай
зброі і стрэламі з луку. Так сама загінулі адзін за адным іншыя біскупы,
святары, браты і сёстры законныя, а таксама шмат свецкіх асобаў, мужчын і
жанчын розных класаў і станаў. Пад двума плячыма крыжа былі два Анёлы, кожны
трымаў у руцэ келіх з крышталю, у які збіраў кроў мучанікаў, і ёю крапілі душы,
што набліжаліся да Бога”.
Калі моліцеся ружанец, кажыце пасля кожнай
таямніцы: “О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага,
прывядзі ўсе душы да Неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбная Твая
міласэрнасць”.
4. Аб’яўленне Маці Божай у Валінхос 19
жніўня 1917 г.
“Я хачу, каб вы і далей прыходзілі да Кова
да Ірыя трынаццатага дня месяца і штодзённа маліліся ружанец. У апошні меся я
ўчыню цуд, каб усе паверылі.
Маліцеся, маліцеся шмат, складайце ахвяры за
грэшнікаў, бо шмат душаў ідзе на вечнае асуджэнне, і няма нікога, хто б
ахвяраваўся за іх і маліўся.”
5. Аб’яўленне Маці Божай 13 верасня 1917 г.
“Працягвайце маліцца ружанец, каб выпрасіць
заканчэнне вайны. У кастрычніку прыйдзе наш Пан, Маці Божая Балесная і з Гары
Кармэль. Аб’явіцца Святы Юзаф з Дзіцяткам Езусам, каб блаславіць свет. Бог
задаволены вашымі ахвярамі. Не хоча, аднак, каб вы ў ложку надзявалі пакутную
вяроўку. Надзявайце яго толькі ўдзень”.
6. Аб’яўленне Маці Божай 13 кастрычніка 1917
г., цуд сонца.
“Я хачу, каб тут у мой гонар пабудавалі
капліцу. Я — Маці Божая Ружанцовая.
Не пераставайце маліцца на ружанцы.
Набліжаецца канец вайны, і жаўнеры хутка вернуцца дадому.
На абражайце больш Бога, бо Ён ужо і так
вельмі абражаны”.
“Калі нашая Пані знікла ў бясконцай далечыні,
мы ўбачылі з боку сонца святога Юзафа з Дзіцяткам Езусам і Маці Божую,
апранутую ў белае з блакітным плашчом. Мне здавалася, што святы Юзаф бласлаўляў
свет рухамі рукі на падабенства крыжа”.
“Потым гэтая візія знікла, і мы ўбачылі Пана
Езуса…”
“Знікла і гэтая візія, і здаецца, я бачыла
яшчэ Маці Божую з Гары Кармэль”.
[10]. Сястра Луцыя піша: “10 снежня 1925 г. АБ’ЯВІЛАСЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЯ ПАННА Ў
ПАНТЭВЭДРА, а побач у святле Дзіцятка Езус. Насвяцейшая Дзева паклала мне руку
на плячо і паказала сэрца, ахінутае цернямі, якое Яна трымала ў другой руцэ. Дзіцятка
сказала: “Спачувай Сэрцу сваёй Найсвяцейшай Маці, ахінутаму цернямі, якое
няўдзячныя людзі няспынна раняць, і няма нікога, хто б праз акт узнагароды
павымаў гэтыя церні…”.
Потым сказала Найсвяцейшая Панна: “Дачка
мая, паглядзі, Маё Сэрца ахінутае ценямі, якімі няўдзячныя людзі праз
блюзнерствы і няўдзячнасць няспынна раняць яго. Хоць ты старайся несці мне
радасць і скажы ад майго імя, што я прыду ў гадзіну смерці з ласкамі,
патрэбнымі да збаўлення, да ўсіх тых, хто на працягу пяці месяцаў у першыя
суботы прыступіць да споведзі, прыме Святую Камунію, памоліцца частку ружанца і
пятнаццаць хвілін будзе мяне суправаджаць, разважаючы над ружанцовымі
таямніцамі, у інтэнцыі ўзнагароды”.
[11]. “Я Выпрасіла ў сваіх
настаяцеляў і спаведніка, — піша візіянерка пра аб’яўленне ў Туі, — дазвол на
тое, каб мець святую гадзіну кожную ноч з чацвярга на пятніцу з адзінаццаці да
поўначы. Аднойчы ўначы я малілася адна. Укленчыла пасярэдзіне капліцы, каб
памаліцца малітвай Анёла. Паколькі я адчувала сябе стомленай, я паднялася і
малілася з узнятымі рукамі. Гарэла толькі адна лямпачка. Нечакана ўсю капліцу
напоўніла незвычайнае святло.
На алтары з’явіўся светлы крыж амаль да
столі. У святле можна было ўбачыць зверху над крыжам аблічча і верхнюю частку
цела чалавека, над грудзьмі голуб, таксама са святла. А да крыжа прыбітае цела
іншага чалавека. Трохі ніжэй сцёгнаў у паветры вісеў келіх і вялікая Гостыя, на
якую капалі кроплі крыві з аблічча ўкрыжаванага чалавека і з адной яго раны на
грудзях. З Гостыі гэтыя кроплі цяклі ў келіх. Справа пад крыжам стаяла
Найсвяцейшая Дзева Марыя. Гэта была Маці Божая Фацімская са сваім Беззаганным
Сэрцам у левай руцэ, без мяча і ружаў, але ў кароне з церняў і полымем. З
леваага боку крыжа вялікія літары, як з чыстай крынічнай вады, сцякалі на
алтар, пішучы словы: «Ласка і Міласэрнасць». Я зразумела, што мне была перададзеная таямніца Найсвяцейшай Тройцы.
Атрымала таксама натхненне наконт гэтай таямніцы, аднак мне нельга яе
адкрываць. Потым Маці Божая сказала мне: “ПРЫЙШЛА ХВІЛІНА, КАЛІ БОГ ЗАКЛІКАЕ
СВЯТОГА АЙЦА да таго, каб разам з біскупамі ўсяго свету ён прысвяціў Расію
майму Беззаганнаму Сэрцу, абяцаючы праз гэта яе ратаваць. Столькі душаў
асуджана справядлівасцю Божай з-за грахоў, учыненых супраць мяне. Таму я
прыходжу, каб прасіць аб узнагародзе. Ахвяруй сябе ў гэтай інтэнцыі і маліся”.
[12]. “РЭШТА
ІЗРАЭЛЯ” — гэта біблійны тэрмін, які азначае, што Бог, караючы народ за яго
вялікія грахі, ніколі не знішчае яго цалкам, але заўсёды пакідае нейкую рэшту,
якая з’ўляецца прыладай збаўлення. Ісая казаў: “Хоць бы лічба сыноў была як
марскі пясок, толькі Рэшта будзе збаўленая” (пар. Рым. 9, 27). Гэта менавіта
тая “рэшта” станецца прыладай рэалізацыі вялікіх планаў збаўлення. У кнізе
Сафоніі (пар. Саф. 3, 8-13) чытаем: “Рэшта Ізраэля не будзе ані рабіць злых
учынкаў, ані хлусіць. У іх вуснах не знойдзецца хлуслівага языка (…), і не
будзе нікога, хто б іх запалохаў”.
Перакладзена з польскай мовы.
Крыніца: Wincenty
Łaszewski „7 dni Fatimy”, Fonsomnis
2007.
Кнігу ў фармаце pdf можна сцягнуць тут