Дзень шосты

ДЗЕНЬ ШОСТЫ

  
Чарговы Дзень Фацімы хутчэй за ўсё будзе часам трыюмфу Беззаганнага Сэрца, які прынясе плён надыходу Сёмага Дня — эры супакою.

   ЧАКАНЫ ТРЫЮМФ

   Чым будзе гэтая перамога? Зноў пашукаем адказу ў дакументах, якія Касцёл даў нам у распараджэнне.
   “«Маё Беззаганнае Сэрца пераможа». Што гэта азначае? Сэрца, адкрытае на Бога і ачышчанае кантэмпляцыяй, мацнейшае за карабіны і ўсялякую зброю”, — пісаў у сваім тэалагічным каментары кардынал Ратцынгер, сёння Бэнэдыкт XVI. Гэтае сэрца дасягае перамогі, але якой? Гэта не часовая перамога, бо, як пісаў Ян Павел II: “Навошта нам гэтыя часовыя перамогі, адкупленыя такой вялікай цаной, калі мы не ведаем адказу на пытанне пра вечнасць?”. Говорка ідзе пра перамогу, якая мае вымярэнне вечнасці, і таму ў Беззаганным Сэрцы Марыі і Яе пасланні мы знаходзім адказ, накіраваны ў вечнасць. Гэта будзе трыюмф Беззаганнага Сэрца Марыі ў чалавечых сэрцах.
   Гэтая перамога з’яўляецца пэўнасцю, але яе кшталт застаецца для нас загадкай. Гэты парадокс робіць так, што, як казаў папа Ян Павел II, перамога “не адсоўвае на маргінэз боязь за тое дабро, за знішчэнне надзеі. Канечне, (…) кожны хрысціянін павінен асабліва востра ўсведамляць тыя пагрозы, пад якімі знаходзіцца жыццё чалавека і свету: яго часовая і апошняя будучыня. Аднак усведамленне гэтых пагроз не нараджае песімізму, але мабілізуе да змагання за перамогу…”.
   Здаецца, што перадапошні Фацімскі Дзень яшчэ не звязвае ўмяшальніцтва неба з грамадскімі структурамі, а датычыць толькі духоўнага вымярэння. Трыюмф Беззаганнага Сэрца Марыі адбудзецца ў нашых сэрцах, якія адкінуць усё, што супярэчыць годнасці Божых дзяцей, і пачнуць жыць Добрай Навіной Евангелля. Над абяцаннем трыюмфу Беззаганнага Сэрца трэба разважаць у духу веры. А таксама даверу да таго, што нашая найлепшая Маці ведае, што нам патрэбна, і ў гадзіну свайго аб’яўлення прыйдзе з усімі патрэбнымі ласкамі.
   Мы не мусім усё ведаць і ўсё да канца разумець. Мы павінны толькі да канца верыць і пачаць ў поўні супрацоўнічаць з нашай Каралевай. Рэшта ў Яе руках.
   Мы можам быць упэўненыя, што Найсвяцейшая Маці не падвядзе. Тыя, хто Ёй даверыўся, убачаць вялікія справы Божыя: спачатку ў сваім жыцці, а потым — у жыцці навакольнага свету. Хто з даверам скажа: “Maria semper vincit!” – “Марыя заўсёды перамагае!” — той стане сведкам трыюмфу Яе Беззаганнага Сэрца.
   Фаціма дала слова і не возьме яго назад.

   ЗАТОПЛЕНАЕ ЗЛО

   Мы можам здагадвацца, які будзе пераломны момант нашай гісторыі — хвіліна пераходу ад часоў зла да эпохі трыюмфу Беззаганнага Сэрца Марыі. Можа, нават нейкім чынам углядаемся ў гэтую незвычайную хвіліну (у Бога гэтая “хвіліна” можа цягнуцца даўжэй, чым на нашых зямных гадзінніках, бо фацімскія дні даўжэйшыя за тыя, што вымяраюцца ўсходамі і заходамі сонца). Досыць павярнуць твар у бок вялікіх аб’яўленняў Маці Божай, паглядзець хоць бы на аб’яўленне ў Кіто, якое адбылося ў сямнаццатым стагоддзі ў Эквадоры. Там Маці Найсвяцейшая аб’явіла: “Калі будзе здавацца, што зло перамагло, гэта будзе знакам надыходу маёй гадзіны, калі Я цудоўным чынам скіну з трону ганарлівага і праклятага навякі шатана, топчучы яго маімі стопамі і скоўваючы яго кайданамі ў пякельным адхланні”. Палякам адразу прыгадваюцца словы губернатара Франка, які падчас гітлераўскай акупацыі Польшчы напісаў: “Калі згасне ўсё святло, застаецца яшчэ Ясная Гара…” — Яе Марыйнага святла ніхто не здолее згасіць, яно таксама ў канцы выведзе людзей да святла вольнасці. А ўсім каталікам/католікам (так было раней па тэксьце), якім было блізкім марыйнае навучанне Яна Паўла II, прыходзяць на думку словы з яго лісту да біскупа Фацімы: “Перш, чым цемра апусціцца над нашай гісторыяй, Бог, адкінуты і аддалены чалавекам, рыхтуе яму сховішча. Так, як учыніў гэта на Галгофе, так і зараз Ён даручае чалавецтва Марыі, сваёй і нашай Маці”.
   Спачатку шатан абвяшчае сваю перамогу. Здаецца, што ўсё страчана, над гісторыяй свету ўжо зайшло сонца супакою, дабра, справядлівасці. Перш, чым цемра запануе над усім, у шэрасці, якая праз хвіліну агарне свет, з’яўляецца нешта, што можа быць толькі вынікам цудоўнай інтэрвенцыі, якая паходзіць не з гэтага ўжо пераможанага свету. Д’ябальскія трубы, якія ўжо пачынаюць граць першыя ноты песні перамогі Люцыфера, нечакана змяняюць мелодыю, граюць нешта зусім іншае ад таго, што падае партытура пекла. Выпадаючы з рук здзіўленых д’яблаў, яны разрываюць неба цудоўным гімнам у гонар Беззаганнай. У гэты час на свет выліваецца мора ласкаў, якія топяць зло… Уцякаюць чэрці, застаюцца толькі людзі, якія ўглядаюцца ў неба…
   Здаецца, такім будзе план выратавання. Таму… да канца не губляйма надзеі. Нават тады, калі сонца пачне заходзіць, трэба верыць, што Бог, нават адкінуты, падрыхтаваў нам паратунак.

 
   ТРЫЮМФ “МЯСЦОВЫ”

   Трыюмф Беззаганнага Сэрца, абвешчаны ў Фаціме, датычыць усяго свету. Але хто ведае, ці не агарне раней асобныя народы… Згадаем ўжо вядомыя нам словы сястры Луцыі: “Пан наш абяцаў агарнуць асаблівай апекай Партугалію падчас гэтай вайны па прычыне прысвячэння народу Беззаганнаму Сэрцу Марыі партугальскімі біскупамі як доказ ласкаў, якія будуць удзеленыя іншым народам, калі, як Партугалія, прысвецяць сябе Яму”. Так, іншыя народы, а таксама польскі, хто ведае, ці не асабліва польскі![1]
   Перамога можа стаць таксама ўдзелам кожнага чалавечага сэрца — як яно было ўдзелам сястры Луцыі, якая так апісвала трыюмф Беззаганнага Сэрца ў сваім жыцці: “Беззаганнае Сэрца Марыі – гэта мой прытулак, перш за ўсё ў вельмі цяжкія хвіліны. Там я адчуваю сябе бяспечна. Гэтая ўпэўненасць [у апецы Марыі] так мяне радуе і суцяшае. У ім [у Сэрцы Марыі] я знаходжу суцяшэнне і сілу. (…) Гэтае сэрца найлепшай з Матак, заўсёды ўважлівае, чувае над найменшай са сваіх дачок [сястрой Луцыяй]. (…) Беззаганнае Сэрца — гэта канал, праз які Бог дазваляе сплываць у маю душу вялікай колькасці ласкаў”. І вось мы ўжо ведаем, што такое трыюмф Беззаганнага Сэрца Марыі!
   Гэта ўсё можа стаць нашым удзелам, аж да дня поўнай перамогі Беззаганнага Сэрца Марыі!
   Паўсюль можа настаць час перамогі Беззаганнага Сэрца Марыі, пра які ўжо казалі першыя стагоддзі Касцёла! У падзямеллі Ватыканскай Базылікі ёсць надпіс, выкананы паміж 290 і 315 гг. Тут пры труне першага галавы Касцёла бачныя знакі Хрыста, Марыі і Пятра з даданым грэцкім словам “Nike (“Перамога”). Прачытваем яго сёння ў духу Фацімы і кажам: нас чакае вялікая перамога Беззаганнага Сэрца Марыі — калі нашая марыйнасць будзе шляхам да Хрыста. Калі яна будзе развівацца ў духу паслухмянасці Касцёлу. Ян Павел II заклікаў: “Заклікаю вас, каб вы не стамляліся аддаваць пашану Марыі. Чым больш мы ўзрастаем у даверы, тым больш Марыя набліжае да нас «бязмежнае багацце Хрыста» (Еф 3,8)”. Так, нашая пашана да Марыі набліжае гадзіну трыюмфу Беззаганнага Сэрца Марыі, якім Хрыстос жадае абдарыць свет.



   [1] ПЕРАМОГА МАРЫІ Ў ПОЛЬШЧЫ
   “Няхай жыве паляк — адзіны абаронца Марыі!” (А. Міцкевіч)
    “Не губляйце надзеі. Перамога, калі прыйдзе, будзе гэта перамогай Найсвяцейшай Марыі Панны… Змагайцеся з даверам. Працуйце пад апекай блаславёнай Дзевы Марыі… Вашая перамога пэўная. Беззаганная дапаможа вам дайсці да перамогі”. (кард. Хлонд)
   “Прыйдуць новыя часы, якім патрэбнае новае святло, новая моц, Бог дасць гэта ў свой час… Я ўсё даверыў Найсвяцейшай Маці і ведаю, што не, гэта не аслабее ў Польшчы, нават калі б змяніліся людзі. Марыя, не адыходзь ніколі ў свет, пакуль тут не выканаеш свайго задання” (кард. Ст. Вышынскі).


Перакладзена з польскай мовы
Крыніца: Wincenty Łaszewski  „7 dni Fatimy”, Fonsomnis 2007.
Кнігу ў фармаце pdf можна сцягнуць тут