ДЗЕНЬ ДРУГІ:
1929 — 1984
ДНІ БОЛЬШ КАРОТКІЯ Ў ПЛАНАХ БОЖЫХ
Дзіўныя гэтыя
фацімскія дні — яны адрозніваюцца ад нашых каляндарных. У гэтым календары лісты
не пераварочваюцца тады, калі заходзіць сонца, але тады, калі цалкам выканаецца
заданне, вызначанае Богам. Калі чалавек скончыць працу, тады скончыцца дзень.
Ніколі не наадварот. Ніводная частка даручанага задання не можа быць пакінутая
на наступны дзень. Таму фацімскія дні рознай даўжыні, бо па-рознаму выглядае
нашае супрацоўніцтва з Езусам і з Той, каму Бог даверыў справу нашага
збаўлення.
Першы дзень
цягнуўся 13 гадоў. Ці мог ён быць карацейшым? Магчыма… Калі б бурмістр
муніцыпалітэту Фацімы не схапіў і не звёз дзяцей з месца аб’яўленняў (13 жніўня
1917 г.), тады б кастрычніцкі цуд сапраўды мог бы навярнуць не тысячы, а
мільёны людзей, а такая армія магла б спыніць скончыць першую сусветную вайну
яшчэ ў той самы дзень і паставіць чалавецтва на іншы шлях![1] Мы б прынялі пасланні бліжэй да сэрца, і Бог мог бы паўней
нам адказаць… Можа, такія былі планы Божыя адносна Фацімы, аб’яўленняў, якія
былі цярпліва прыгатаваныя Анёлам і развіваліся шэсць месяцаў з дзіўнай
нарастаючай логікай. Вяршыняй павінен быў быць цуд, які меў моц змяніць усё на
свеце. Так, тады Першы Дзень Фацімы напэўна цягнуўся б менш. Мы не пытаемся,
колькі, бо гэтага не ведае ніхто, акрамя Найсвяцейшага Сэрца Езуса і
Беззаганнага Сэрца Марыі. На шчасце, у Бога быў — бо заўсёды ёсць —
альтэрнатыўны план, які Ён мог выкарыстаць у крызіснай сітуацыі. Напэўна,
вельмі часта Ён выкарыстоўвае менавіта яго, бо адказ чалавека няпоўны. Мы
ведаем, што адзін раз гэты аварыйны план не спатрэбіўся: гэта было падчас
Звеставання ў Назарэце. Там воля Божая спаткалася з воляй чалавека ў настолькі
дасканалай гармоніі, што ўсё неба спынілася ў захапленні. Марыя сказала слова,
якое было першым і загучала ў бязмежжы Божай Любові. Яе “FIAT” было
цёплым рэхам Божага “FIAT”, якое паклікала да існавання Неба і зямлю і ажывіла
сусвет. Тое створчае “FIAT” — “няхай станецца” – працавала шэсць дзён, каб скончыць
справу стварэння і адкрыцца на сёмы дзень: дзень адпачынку Бога. Ці зараз у
Фаціме Марыя не заклікае нас да таго самага яднання нашай волі з воляй Божай і
адказу “FIAT”, якое створыць новы свет? Не вокамгненна, але праз
доўгі працэс шасці творчых дзён, якія скончацца трыюмфам Бога і Яго адпачынкам…
Шмат паказвае на
тое, што і Другі Дзень павінен быць больш карацейшым. Але ж скончыўся толькі ў
1984 г. — праз 55 гадоў! Шмат таксама кажа пра тое, што “аварыйны план для
чалавецтва” быў вельмі балючым для Найсвяцейшых Сэрцаў.
Другі Дзень быў
вельмі багатым на здарэнні, але клопатна доўгім. У яго пачатку ўсё паказвала на
тое, што ўзрушваецца лавіна чалавечага ўдзелу і Божага адказу. Нечакана час
затрымаўся… У кастрычніку 1934 г. сястра Луцыя занатавала: “Не здараецца так
шмат, каб было аб чым пісаць”. Змушаная небам, яна бясплённа спрабавала
зацікавіць Касцёл новым набажэнствам. Пытаемся: чаму? Адказ візіянеркі вельмі
агульны: “У Пана свае прычыны на тое, каб ўсё адбывалася такім чынам”.
ФАЦІМА ЗАПАВОЛЬВАЕЦЦА – ЗЛО
ПАСКАРАЕЦЦА
Паўстагоддзя Касцёл не можа выканаць
другой просьбы, перададзенай праз Марыю (прысвячэнне Расіі); першай, якая
датычылася першых суботаў, ён не выканаў да сённяшняга дня. Ведаем, што ў
шматлікіх аб’яўленнях сястры Луцыі на працягу яе доўгага жыцця Маці Божая
скардзілася на гэта. Зло станавілася ўсё больш моцным, і ўжо недастаткова было
прысвячэння адной толькі Расіі, бо яе памылкі пачалі распаўсюджвацца па ўсім
свеце. Таму праз некалькі гадоў сястра Луцыя перадае Касцёлу жаданне Маці Божай
у пашыранай форме: Святы Айцец павінен прысвяціць не толькі Расію, але і ўвесь
свет. Праз сорак гадоў Ян Павел II будзе казаць ужо не толькі пра “памылкі Расіі”, але і
пра новую небяспеку: праз спазненне ў выкананні просьбы Маці Божай Фацімскай памылкі
Расіі прынялі новую форму і стварылі новую пагрозу, якая можа нарадзіць у свеце
"культуру смерці”[2]. Таму ў чарговых актах прысвячэння Ян Павел II будзе
прысвячаць ужо не толькі Расію, але і ўвесь свет, просячы неба спыніь “іншыя
небяспекі”, якія мы бначым у заходняй цывілізацыі, перапоўненай спажывецтвам,
матэрыялізмам, эгаізмам і пагардай да жыцця.
НОВЫЯ ВЫМЯРЭННІ ПРЫСВЯЧЭННЯ
Пакуль што
здаецца, што Другі Дзень бяжыць хутка. Праз год пасля аб’яўленняў у Туі Касцёл
прызнае фацімскія аб’яўленні. Трохі пазней бачым першыя доказы сапраўднасці
абяцанняў Марыі наконт уратавання свету ўзамен на прысвячэнне Яе Сэрцу. З’явіліся
яны ў Партугаліі, якая, натхнёная заклікам сястры Луцыі, пастанавіла ажыццявіць
прысвячэнне народу Беззаганнаму Сэрцу Марыі і такім чынам атрымаць дапамогу
неба перад пагрозай небяспекі.[3]
Наколькі глыбокае
фацімскае пасланне! Калі мы спрабуем прыстасаваць жаданні Марыі да сваіх
мясцовых патрэбаў, аказваецца, што гэта сродак, які чакае неба і нясе
збаўленне. Праўда, Маці Божая прасіла толькі аб прысвячэнні Расіі, але сястра
Луцыя лічыла, што такі акт можна ўжыць іншым спосабам. Яна запрапанавала калегіяльна
прысвяціць Партугалію Беззаганаму Сэрцу Марыі: у 1931 г. гэта зробяць усе
партугальскія біскупы разам са шматмільённым прадстаўніцтвам свайго народу.
Прысвячэнне будзе незвычайна плённым. Польшча атрымае запрашэнне зрабіць гэта ў
1946 г., і сёння таксама чуюцца запрашэнні да прысвячэння сваіх сем’яў, таксама
калегіяльнага, гэта значыць, учыненага абодвума сужонкамі.
Стрэлкі
гадзінніка ізноў рухаюцца наперад. 2 снежня 1940 г., перад самым прысвячэннем
Партугаліі Беззаганнаму Сэрцу Марыі, сястра Луцыя піша да папы Пія XII ліст,
у якім запэўнівае, што кожная краіна, якая прысвеціць сябе Беззаганнаму Сэрцу
Марыі, атрымае незвычайныя ласкі:
“Наш Пан абяцаў
агарнуць Партугалію асаблівай апекай падчас гэтай вайны, дзякуючы прысвячэнню
народу Беззаганнаму Сэрцу Марыі партугальскімі біскупамі; гэта будзе доказам
ласкаў, які будуць удзеленыя іншым нардам, калі яны, як Партугалія, зробяць тое
самае”.
Гэтая “асаблівая
апека Беззаганнага Сэрца Марыі над Партугаліяй дзякуючы прысвячэнню” з’яўляецца,
на думку сястры Луцыі, доказам сапраўднасці жаданняў у Туі. 18 жніўня 1940 г.
візіянерка, апісваючы сваё першае прысвячэнне, падкрэслівае, што “прыйшлі б
вайна і камунізм, калі б нашыя біскупы не звярнулі ўвагі на просьбы Езуса і не
маліліся ад усяго сэрца аб Яго Міласэрнасці і апецы Беззаганнага Сэрца Марыі”.
ЦЯЖКАСЦІ,
ЗВЯЗАНЫЯ З РАСПАЎСЮДЖВАННЕМ НАБАЖЭНСТВА ПЕРШЫХ СУБОТАЎ
Намаганні
прывесці да прысвячэння Расіі — гэта толькі адна частка задання, даручанага
небам фацімскай візіянерцы. Застаецца яшчэ апостальства на карысць першых
суботаў. І тут Другі Дзень пачынае губляць сваю хуткасць.
Ці ведаем, чаму?
Прачнуўся шатан. Спынены ля межаў Партугаліі актам прысвячэння Беззаганнаму
Сэрцу Марыі, ён зразумеў, што Бог даў людзям прыладу, якіой ён не дасць рады.
Таму пастанавіў не дапусціць яго ўжывання. І так напачатку Другога Дня
з’яўляецца трэці элемент, які ўдзельнічае ў кульце Беззаганнага Сэрца Марыі.
Дзейнічаюць людзі, дзейнічае Бог, дзейнічае таксама д’ябал… З гэтай хвіліны час
ідзе ўжо значна павольней.
Тым часам сястра
Луцыя змушаная да распаўсюджвання набажэнства першых суботаў. Першыя дваццаць
гадоў яна ўжывае метад сведчання.
Спачатку
візіянерка абірае шлях асабістага сведчання, бо ведае, што пра гэтае
набажэнства трэба не толькі чуць, але перш за ўсё яго перажыць — быць
запрошаным да гэтага асабістым сведчаннем сябра, які дзеліцца сваім каштоўным
адкрыццём з блізкай асобай. Калі чалавек паверыць сведчанню асобы, якую цэніць,
калі сам пакаштуе гэтае набажэнства, пераканаецца так, як і яго “папярэднік”, у
незвычайнасці гэтага скарбу і запрагне падзяліцца гэтым з людзьмі, якіх любіць
і якім жадае дабра. Так атрымаецца своеасаблівы “ланцужок святога Антонія” – сястра
Луцыя падзеліцца сваім сведчаннем з некалькімі асобамі, кожная з іх раскажа пра
свой досвед наступным двум, тром ці чатыром, тыя ў сваю чаргу паспрабуюць і пакаштуюць
і захочуць падзяліцца сваім адкрыццём з блізкімі і… хутка ўвесь свет стане “аздобай
трону Марыі”.
Сястра Луцыя
пачынае пісаць: да маці, да хроснай, да знаёмых святароў. На жаль, гэты метад
не даў пладоў; ланцужок хутка пачынае рвацца, і распаўсюджванне першых суботаў
затрымліваецца.
Свет не быў падрыхтаваны
да прыняцця гэтага дару з неба. Ён аказаўся вельмі слабым перад моцай шатана,
які рабіў усё, каб не дапусціць да здзяйснення фацімскіх абяцанняў.
Тады сястра
Луцыя вырашае ступіць на іншы шлях апостальства. Паколькі супраціў шатана нішчыць
усе намаганні, якія павінны ўрухоміць “лавіну сведчання”, настаў час ужыць
апошнія сродкі: пост і малітву. Езус казаў у Евангеллі, што ёсць асаблівы від
духаў — гаворка ідзе пра найбольш небяспечных, наймацнейшых, што маюць шал
знішчэння, — якіх можна выгнаць толькі з дапамогай посту і малітвы (пар. Мц 17,
21). Таму візіянерка зачыняецца ў кляўзуровым кляштары з вельмі суровым статутам.
Там, у Кармэлі з Каімбра, распачынаецца другі этам апостальства: фацімская
візіянерка пачынае вялікі экзарцызм, які цягнецца аж да яе смерці. Можа
менавіта яе смерць была апошняй ахвярай, якая зламала шатанскую блакаду. Вось
людзі пачынаюць пытацца пра “нявыкананую місію” сястры Луцыі і цікавіцца
набажэнствам першых суботаў. Хочуць адчыніць скарб, бляск якога аслепіць
шатана!
ВЯЛІКІЯ ПАДЗЕІ
Гадзіны Другога
Дня цягнуцца вельмі павольна. Не азначае гэта, аднак, што час затрымаўся.
Праўда, у гісторыі свету моцна гучыць плынь падзеяў, што радуюць вуха шатана,
але фацімскае пасланне не перастае ўздымаць бар’еры супраць зла. Выразна відаць,
што найбольш здараецца тады, калі здаецца, што зло найпаўней трыюмфуе. Праўда,
фронт першых суботаў надалей застаецца нерухомым, але затое ў іншых пытаннях
фацімскае апостальства хутка рухаецца наперад. Падчас другой сусветнай вайны
адкрываюцца першая і другая часткі фацімскай таямніцы (31 жніўня 1941 г.).[4] Менавіта тады Пій XII першы раз прысвячае Расію (8 снежня 1942 г.).[5] Спробаў выканання просьбаў Маці Божай Фацімскай, якія
ажыццявяць чарговыя папы, будзе пяць, шостая дасць плады. Зараз пасля
заканчэння вайны Польшча стане на фацімскі шлях, аддасць сябе ў апеку
Беззаганаму Сэрцу Марыі і адкрыецца на дождж незвычайных ласкаў.
СВЯТА БЕЗЗАГАННАГА СЭРЦА МАРЫІ
У кантэксце
незвычайных цудаў, якія з’яўляюцца ў прысвечанай Беззаганнаму Сэрцу Марыі
Партугаліі, пачынаюць усё больш гаварыць пра Фаціму і набажэнствы да
Беззаганнага Сэрца, якое з’яўляецца паратункам для свету. Асаблівым крокам да
яго распаўсюджвання былі 1942-1952 гады.
Менавіта тады
папа Пій XII сказаў: “Скончыўся час сумневаў у аб’яўленнях у Фаціме.
Настаў час дзейнічаць”. Распачаўся час прысвячэнняў Беззаганнаму Сэрцу Марыі: у
Польшчы зацвердзілі набажэнствы першых суботаў (1946 г.), у Злучаных Штатах
паўстае Блакітная Армія. Фацімай цікавяцца Аўстрыя, Венгрыя, Гішпанія, Італія,
Швейцарыя.[6]
Раней, у 1944
г., было зацверджана свята Беззаганнага Сэрца Марыі для ўсяго Касцёла. Спачатку
яго адзначалі 22 жніўня, але ў 1969 г. перанеслі на насупны дзень пасля
ўрачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Афіцыйнае тлумачэнне гучыць так: “Будзе
лепш, калі неабавязковы ўспамін Марыі, які мае тую самую [што і раней] назву,
будзе ў будучыні адбываецца ў дзень пасля свята Сэрца Езуса.
Такім чынам было
выкананае адно з жаданняў Збаўцы, які хацеў, каб культ Беззаганнага Сэрца Марыі
быў побач з культам Сэрца Езуса. Чарговая праца Другога Дня была выкананая.
СТОП КАМУНІЗМУ
Калі скончылася
другая сусветная вайна, хутка аказалася, што галоўным пераможцам у ёй быў
камунізм. Краін Саветаў займала чарговыя краіны і рыхтавалася захапіць усю
Еўропу. Хто ведае, ці не захапіла б у 1947 г. Італію і Францыю, калі б не
непасрэднае ўмяшальніцтва з неба: Марыйныя аб’яўленні ў Трэ Фантанэ і Ліль
Бушар. [7] Трэба дадаць, што першыя пасляваенныя гады былі вельмі
багатыя на аб’яўленні Маці Божай, якая перасцерагала перад новымі пагрозамі,
нават большымі, чым толькі што скончаная страшная вайна.[8]
Пасля заканчэння
ваенных падзеяў найважнейшай небяспекай здавалася экспансія камунізму, і
менавіта на гэтую небяспеку звярнулі ўвагу. Сёння мы ведаем — нам давёў гэта Ян
Павел II, — што гэта была сур’ёзная памылка, бо ў ценю барацьбы з
камуністычнай ідэалогіяй гадамі маглі развівацца іншыя формы грамадскіх пагрозаў.
У эпоху падзення савецкай імперыі яны аказаліся настолькі моцнымі, што маглі
ўжо пачынаць апаноўваць свет.[9]
Што не азначае,
што не трэба было сказаць камунізму “стоп”. Што не азначала, што можна паменшыць
ролю паўсталай ў 1947 г. Блакітнай Арміі, якая ў фацімскім пасланні ўбачыла лек
на хваробу камунізму.
Вылечыць свет ад
“хваробы камунізму” было не такой лёгкай справай. Шмат гадоў Касцёл спрабаваў
змагацца з гэтай хваробай, але пакуль што гэта здавалася бясплённым.
У 1937 г. Пій XI выдаў
энцыкліку пра камунізм, “Divini Redemptoris”, папа казаў у ёй пра “дамову маўчання” медыяў свету на
тэму сапраўднага характару камунізму і яго дзеянняў. Ён пісаў: “Упершыню ў
гісторыі мы з’яўляемся сведкамі бяздушна ажыццяўлянай, мэтанакіраванай, запланаванай
да апошніх дэталяў барацьбы паміж чалавекам і “ўсім, што называецца Богам”.
У 1949 г. Святы
Прастол выдаў дэкрэт, які абвяшчаў адлучэнне ад Касцёла ўсім тым католікам,
якія б дабраахвотна вызнавалі і распаўсюджвалі камуністычныя ідэі.
Пій XI
казаў: “Сёння мы бачым нешта, чаго дагэтуль не было ў гісторыі свету: у кожным
кутку свету павявае штандар шатана, які заклікае да барацьбы з Богам і
рэлігіяй, барацьбы з людзьмі; гэта з’ява, якая перавышае ўсё, што было да
сённяшняга дня. Атэістычны камунізм перавышае ўсе ранейшыя пераследы Касцёла,
нават у часы Нерона і Дыяклетыяна, не толькі межамі, але і жахлівасцю. Усяму
свету пагражае вяртанне да паганства, стану, горшага за той, што існаваў да
прыйсця Хрыста”.
Папа Ян XXIII казаў:
“Князь гэтага свету, Люцыфер, заўсёды веў барацьбу з Богам. Але сёння мы бачым,
што барацьба гэтая разгарэлася па ўсім свеце”.
ЭКСПАНСІЯ
КАМУНІЗМУ І ЗНІШЧЭННЕ КАСЦЁЛА
Ня гледзячы на
заклікі Касцёла, бязбожная ідэалогія развівалася без значных перашкодаў. За некалькі
гадоў да развалу Савецкага Саюзу атэістычны камунізм меў пад сваім штандарам
геаграфічную палову свету (дваццаць тры краіны). Паўсюль, куды прыходзіў, ён распачынаў
крывавыя пераследы, перш за ўсё атакуючы Касцёл. У самім СССР і ў Кітаі
колькасць яго ахвяраў перавысіла шэсцьдзесят мільёнаў.
Толькі ў Еўрапейскай
частцы Расіі пасля 1917 году са ста пяцідзесяці каталіцкіх касцёлаў засталося
толькі два. З кляштараў, семінарый і манаскіх супольнасцяў не засталося
ніводнага.
З каля васьмідзесяці
тысяч праваслаўных святынь, якія існавалі ў 1914 г., праз шэсцьдзесят гадоў
засталося толькі сем з паловай тысяч. З пяцідзесяці сямі семінарый праваслаўнай
Царквы засталося ледзьве тры. Да прыходу камуністычнай улады праваслаўная
Царква лічыла больш за сто мільёнаў вернікаў. Да 1960 г. колькасць вернікаў
скарацілася да васьмідзесяці тысяч.
ЗАМАХ — І
РУХАЮЦЦА СТРЭЛКІ ГАДЗІННІКА ФАЦІМЫ
У зацятай
барацьбе з “памылкамі камунізму” трэба было ўжыць зброю Фацімы — прысвячэнне
Расіі Беззаганнаму Сэрцу Марыі. І калі ў апостальскай сталіцы сеў “чалавек з
далёкага краю”, кардынал з-за жалезнай заслоны, які пра камунізм ведаў больш,
чым увесь Захад, усё паказвала на тое, што пачнецца Трэці Дзень Фацімы, што
праз хвіліну людзі знойдуць шлях да нябеснага Аазісу. Каб гэтага не дапусціць,
зло вырашыла забіць Папу.
Мы ведаем
гісторыю замаху 13 мая 1981 г. Найсвяцейшая Маці аказалася мацнейшая за шатана,
а атаку на жыццё Яна Паўла II[10] скарыстала дзеля таго, каб звярнуць увагу
свету на Фаціму. Бо гук стрэлаў зрабіў так, што блукаючыя па пустыні людзі,
звярнулі на іх увагу. Можа, іх увагу прыцягнула сенсацыя, але ў замаху шмат хто
заўважыў зеляніну дрэў. І ў іх сэрцах абудзілася прага Аазісу.
ТАНЕЦ КУЛІ
13 мая 1981 году стралялі ў Папу. Але Папа перажыў смяротны замах. Найсвяцейшая Маці ўзяла яго за руку, калі ён паміраў, падстрэлены тэрарыстам. Тады Яна затрымала яго на парозе смерці. Вядомы ліст Яе дванаццаці цудаў, найбольшым з якіх быў бег кулі. Так, як 13 кастрычніка 1917 г. у небе танцавала сонца, так 13 мая 1981 г. хірург, які рабіў аперацыю Папу, занатаваў “танец кулі”, якая вытанцавала яму жыццё, амінаючы ўсе жыццёва важныя органы. Тады непасрэднае ўмяшальніцтва Марыі ўратавала яго ад смеці і ўвяло ў нябесны Аазіс Фацімы.
Ужо ў гадавіну
замаху Святы Айцец Ян Павел II спрабуе выканаць просьбу Маці Божай Фацімскай і
калегіяльна прысвяціць Расію і свет Бззаганнаму Сэрцу Марыі. Аднак не да ўсіх
біскупаў даходзіць ліст з запрашэннем духова далучыцца да папскага акту. Акт
трэба паўтарыць. У Рыме, перад фігурай Фацімскай Пані, прывезенай з месца
аб’яўленняў, Папа выконвае прысвячэнне, якое адпавядае ўсім умовам, пастаўленым
Найсвяцейшай Маці.[11]
Нарэшце
прысвячэнне было зроблена! Аазіс быў адкрыты для стомленых блуканнем па бязмежжы
пустыні гэтага свету. Сястра Луцыя абвяшчае, што прысвячэнне адпавядае ўсім
умовам, пададзеным небам. “Цяпер чакаем цуду”, — дадае. А “Бог трымае слова”, —
запэўнівае візіянерка. І сапраўды, працэс зменаў быў рушыў адразу.
Распачынаецца
чарговы Дзень Фацімы.
[1]. А што
гэта было магчыма, кажа нам гісторыя, звязаная з Божым Нараджэннем 1914 г. У
лістападзе гэтага года папа Бэнэдыкт XV заклікаў войскі
да таго, каб спыніць баі ў дзень Божага Нараджэння. Абодва бакі сцвердзілі, што
гэта немагчыма. Але заклік папы, які спасылаўся на моц неба і дабро, што жыве ў
чалавечых сэрцах, меў вынік, які часта замоўчваецца. Тысячы жаўнераў ў акопах
на лініі фронту, што цягнулася ад швейцарскай мяжы да Паўночнай Атлантыкі,
самавольна спынілі баі. Вось як пісаў пра гэта Роберт дэ Грандзіс:
“У вігілію Божага Нараджэння стральба пачала
паволі сціхаць, аж пакуль зусім не змоўкла. Згодна з пазнейшым аналізам падзей,
першы, хто заўважыў цуд, быў ангельскі жаўнер, Петэр Гудж. Стоячы апоўначы на
варце на самотным пасту, ён пачуў, як нямецкія жаўнеры спяваюць калядкі: “Stille Nacht, heilige Nacht”. Не
прайшло шмат часу, як ангельскія і ірладскія войскі таксама заспявалі: “O, Come, All You Faithful”. Спеў не
спыняўся і агарнуў увесь фронт варожых адно аднаму войскаў…
Паміж акопамі хутка з’явіліся ўпрыгожаныя
ялінкі… Адзін з нямецкіх жаўнераў высунуўся з-за калючай аграды і крыкнуў
па-ангельску: “Merry Christmas!” – “Са
святам Божага Нараджэння!” Праз нейкі час паўсюль было чуваць “Merry Christmas” і “Froehliche Weihnachten”… Немцы
пачалі заклікаць: “Выходзьце, мы не будзем страляць у свята Божага Нараджэння!”
Жаўнеры павыходзілі з акопаў і без зброі пайшлі павітаць сваіх учарашніх
ворагаў. Некаторыя, абдымаючыся, смяяліся, а ў некаторых былі слёзы ў вачах…
Атмасфера Божага Нараджэння хутка авалодала сотнямі кіламетраў акопаў. Французы
крычалі: “Joyeux Noel”, — а іх
аркестр граў для немцаў сур’ёзную музыку. Нямецкія і бельгійскія жаўнеры дарылі
адзін аднаму папяросы і сыр, прысланыя блізкімі. Півам, віном, гарбатай
узносілі тосты за сем’і і сяброў. Найчасцей, аднак, узносілі тост за мір…
Калі было ўжо позна, жаўнеры пачалі
неахвотна вяртацца ў свае акопы… Бясконцыя слёзы і абдымкі спадарожнічалі
развітанням тысячаў мужчын, якія знайшлі нарэшце “на зямлі супакой”, ахвяраваны
Богам “людзям добрай волі” — хоць і на адзін дзень.
Кіраўнікі ваюючых бакоў прынялі вельмі
суровыя меры, каб не дапусціць больш падобных выпадкаў у будучыні.
[2]. Свет з жахам глядзеў у бок
Расіі. Ён баяўся каланіяльнай небяспекі, не ўсведамляючы, што, гледзячы на
ўсход, адварочваецца ад таго, што робіцца на захадзе.
У той самы час на захадзе развіваўся другі фронт.
Нельга забыцца пра гістарычны кантэкст
фацімскай перасцярогі перад аблудамі Расіі. Праўда, гаворка ідзе пра яе памылкі, але карані знаходзяцца ў
іншым месцы. Гэта Захад абраў Расію як месца нараджэння камунізму. Глеба
аказалася вельмі падатлівай. Захаду ўдалася стварыць першую афіцыйна бязбожную
дзяржаву.
Потым Захад хітра скарыстоўваў Фацімскія
аб’яўленні, каб скіраваць усю нашую ўвагу на Расію. Такім чынам можна было ціха
развіваць свой асабісты план. Будаваць цывілізацыю без Бога. Айцец Святы выразна
казаў пра гэта падчас сваёй першай пілігрымкі ў Фаціму ў 1982 г. На пытанне:
“Чаму я сюды прыехаў?” — ён адказаў: “Папа стаіць тут, распазнаючы з
хваляваннем сэрца мацярынскі заклік да пакуты, пакаяння, прыспешваючы заклік
Сэрца Марыі, які загучаў у Фаціме… Так, адчытваючы яшчэ раз, з хваляваннем
сэрца, бачучы, як шмат народаў і грамадстваў, як шмат хрысціянаў пайшло ў
накірунку, супрацьлеглым таму, які нам указала фацімскае пасланне. Грэх добра
ўсталяваўся ў свеце, адмаўленне Бога распаўсюджваецца праз ідэалогію, намеры і
планы чалавечых істотаў”.
Мы бачым тут множны лік. Святы Айцец кажа
тут не пра адзін народ, а пра шматлікасць
народаў і грамадстваў. Гэта не словы толькі пра Расію!
Нам было вельмі зручна сесці ў крэсла і
абвінавачваць Расію. Так, як бы “памылкі Расіі” датычыліся толькі аднаго
вымярэння зла атэістычнай ідэалогіі. Нам трэба ўсвядоміць, што ганебная ідэя
“свету без Бога” была замененая формай глабальнай атэістычнай ідэалогіі,
абапёртай на матэрыялістычнай эвалюцыі, якая пагражае знішчэннем усялякай
хрысціянскай маральнасці.
Цывілізацыя, што вызначаецца выразнай
кан’юнктурай і апраўдваецца правам гвалту, пачынае насіць смерці. Памірае не
толькі яна сама; памірае таксама сэнс жыцця ў асобных людзей і нават народаў.
Гэтая цывілізацыя павінна ўсё гучней крычаць, каб здабываць вызнаўцаў і
ўмацоўваць іх у перакананні, што ствараныя імі міражы шчасця – адзіная
даступная чалавеку рэчаіснасць. Гэтая цывілізацыя заклікае да яшчэ большага
эгаізму, да яшчэ большай хлусні, да забойства саміх сябе і іншых у белых
пальчатках.
Але гэты свет не можа зрабіць шчаслівым. Ані
Расія, ані Захад не маюць рэцэпта чалавечаге шчасця.
“Свет не з’яўляецца крыніцай канчатковага
шчасця чалавека”, — вучыў Ян Павел II. — Наадварот, ён можа стаць крыніцай яго
згубы”.
[3]. ПАРТУГАЛІЯ — краіна, якая
ў 1917 г атрымала ласкі Марыйных аб’яўленняў у Фаціме — прысвяціла сябе
Беззаганнаму Сэрцу Марыі тры разы. Першыраз гэта адбылося 13 мая 1931 г.,
дзякуючы чаму грамадзянская вайна ў Гішпаніі цудоўным чынам не перакінулася на
Партугалію. Потым гэтая краіна аднавіла сваё прысвячэнне 8 снежня 1940 г. Моцай
гэтага акту Партугалія захавала нейтральнасць падчас Другой сусветнай вайны.
Нарэшце, партугальскі народ прысвяціў сябе яшчэ раз Беззаганнаму Сэрцу Марыі ў
1975 г., што ў сваю чаргу дало плён таго, што камуністычны пераварот, планаваны
праз тры гады, пацярпеў фіяска.
[4]. Першая частка фацімскай
таямніцы — гэта пекла, куды ў наш час ідзе шмат людзей. Другая паказвае на
наступствы зла, якія ў вечным вымярэнні спіхвае незлічоныя тлумы да пекла, у
сучаснасці ж выклікае войны, голад, пераследы, пакутніцтва добрых людзей. Адразу, аднак, Яна паказвае
СПОСАБ ВЫРАТАВАННЯ АД ПЕКЛА, і яго ценем, што падае на свет, з’яўляецца набажэнства
да Беззаганнага Сэрца Марыі.
“Каралева Ружанца Святога, Дапаможніца
верных, прытулак роду чалавечага, Панна, якая перамагаеш ва ўсіх бітвах Божых,
вось мы пакорна падаем перад Тваім тронам.
Мы прыходзім з поўным даверам, што выпрасім
міласэрнасць, атрымаем ласку, а таксама неабходную дапамогу і абарону ў нашых
няшчасцях. Атрымаем яе не за нашыя заслугі, на якія мы не разлічваем, але па
бязмернай дабрыні Твайго Мацярынскага Сэрца. Табе, Марыя, Твайму Беззаганнаму
Сэрцу, аддаемся і прысвячаем сябе ў гэтую трагічную гадзіну чалавечай гісторыі.
(…)
Народам, якія аддзяліліся праз памылкі і звады, асабліва тым, што аддаюць
Табе асаблівую пашану (гаворка ідзе пра Расію. – Заўвага аўтара), прынясі ў дар
супакой і прывядзі іх да аўчарні Хрыстовай з адзіным сапраўдным пастырам!
Выпрасі святому Касцёлу Божаму поўную
вольнасць! Захоўвай яго ад ворагаў! Затрымай надалей узрастаючы наплыў злых
звычаяў! Абудзі ў верніках любоў да чысціні, хрысціянскага жыцця і
апостальскага запалу, каб грамада тых, хто служыць Богу, узрасла ў заслугамі і
ласкамі!
Як Касцёл і ўсё чалавецтва былі прысвечаныя
Сэрцу Твайго Боскага Сына, якія ў Ім паклалі сваю надзею, каб Яно сталася
невычарпальнай крыніцай перамогі збаўлення, так і мы назаўсёды прысвячаем сябе
Табе і Твайму Беззаганнаму Сэрцу, Маці нашая і Каралева сусвету, каб любоў Твая
і апека запэўнілі перамогу валадарства Божага, а таксама каб усе народы,
паяднаныя паміж сабой і Богам, бласлаўлялі Цябе і праслаўлялі”.
[7]. Згодна з
прадказаннямі Фацімы, Расія распаўсюджвала свае памылкі па ўсім свеце. Хутка пасля
заканчэння вайны савецкія шпіёны здолелі так глыбока ўвайсці ў кіраўніцтва
Злучаных Штатаў, Англіі і Францыі, што пад канец лютага 1947 г. дарадчык
прэзідэнта Трумэна сказаў:“Калі рускія зробяць яшчэ адзін крок наперад, мы не
зможам іх стрымаць. Пасля Турцыі будзе Грэцыя, потым Італія… Што датычыць
Францыі, то досыць рускім памахаць галінкай у патрэбную ім хвіліну, і плады
самі прыдуць ім у рукі. ФРАНЦЫЯ ДАСПЕЛА ДА ТАГО, КАБ ЗДАЦЦА ПАД УДАРАМ МАСКВЫ”.
[8]. На парозе новай эпохі Бог
шмат разоў асцерагаў свет ад памылкова абранага шляху. 1947 год быў поўны
Марыйных аб’яўленняў. Акрамя вядомага італьянскага Трэ Фантанэ (каля Рыму) і
французскага Ліль Бушар, Маці Божая несла пасланне ў галандскім Ворстэнбош, у
італьянскіх Варз, Монтэполі, Гроттамарэ і Казанова, у славацкай Тырамэсціцэ, у
нямецкіх Танхаўзэн, Манахіум і Форствейлер, у Стокпарт блізу ангельскага горада
Манчэстэр, у французскім Піескоп, у Кайль (Люксембург) і ў Хашнос у Венгрыі.
Паўсюль заклікала да навяртання і ўмацавання Касцёла перад абліччам падвойнай
пагрозы: камунізму і фальшыва зразуметай дэмакратыі. Але самае трывалае
пасланне Яна пакінула ў 1947 г. у Манціхіары.
1. Апанаванне свету камуністычнай ідэалогіяй.
2. Пагроза ядзернага канфлікту, звязанага з “халоднай вайной”.
3. Паслабленне маральнасці і адмаўленне ад духоўнах вартасцяў.
4. Прытупленне сумлення на дабро і зло.
5. З’яўленне ідэалогіі, якая будзе прапагандаваць чалавечы эгаізм.
6. Страта перспектывы вечнасці.
7. Велічыня грахоў супраць жыцця чалавека ад яго пачатку.
8. Атака на падставе здароўя чалавека: сям’я.
9. Глыбокі маральны крызіс духавенства.
1. Адразу пасля таго, як папа выйшаў са
шпіталя, ён накіраваўся да крыпты ў Базыліцы св. Пятра, дзе доўга і засяроджана
маліўся каля магілы Апостала, а потым наведаў магілу св. Паўла і Яна Паўла I. Ведаў, што, калі б не цуд 13 мая, каля
магіл яго папярэднікаў знаходзілася б яго магіла. “Але пакіраваў інакш; і Маці
Божая — бо ўсе мы памятаем, што гэта было 13 мая — прымала ўдзел у гэтым «інакш»”, —кажа Папа да
тых, хто чакаў ля ўваходу ў Апостальскі Палац.
2. 16 верасня 1981 году пры ўваходзе ў
папскую вілу ў Кастэль Гандольфа папа выказвае ўдзячнасць за малітву і даручае
сябе малітвам іншых, “асабліва Маці Божай, якая захоўвала мяне ў хвіліну
пагрозы і дазволіла мне вярнуцца да вас”.
3. “Менавіта ў гэты дзень я адчуў гэты
незвычайны матчын клопат і апеку, якая аказалася мацнейшай за смерцяносныя
кулі.” — Генеральная Аўдыенцыя, Ватыкан 7 кастрычніка 1981 году.
4. Калі я апрытомнеў, адразу ж скіраваў свае
думкі ў гэты санктуарый, каб у Сэрцы Нябеснай Маці скласці падзяку за
ўратаванне мяне ад небяспекі. Ва ўсім, што здарылася, я ўбачыў — і заўсёды буду
гэта паўтараць — асаблівую матчыную апеку Найсвяцейшай Маці. І праз збег
абставінаў — а просты збег абставінаў не існуе ў планах Божага Провіду —
зразумеў таксама заклік, а можа, нават тое, што трэба звярнуць увагу на
пасланне, якое выйшла адтуль 65 гадоў таму…” — казаў Ян Павел II у Фаціме 13 мая 1982 г.
5. “13 мая 1981 г. Пан Езус пажадаў відочным
чынам у постаці свайго слугі паўтарыць знак крыжа пад апякунчым наглядам
Марыі.” — 12 мая 1991 г.
6. “Усё гэтае дзесяцігоддзе я лічу дарам,
дарма мне ахвяраваным Божым Провідам, а таму дадзеным мне асаблівым чынам, каб
я мог яшчэ служыць Касцёлу, выконваючы кіраўніцтва Пятра. (…) Дзесяць гадоў
таму Пан цудоўным чынам уратаваў мне жыццё.” — 15 мая 1991 г.
7. 16 кастрычніка 1991 г. Ян Павел II пілігрымуе ў Бразілію. Там мясцовая
Канферэнцыя біскупаў узносіць тост з нагоды 13 гадавіны яго пантыфікату. “Не,
нельга казаць пра трынаццаць гадоў. Мы павінны казаць пра тры гады пантыфікату
і дзесяць гадоў цуду”.
8. Ліст да Канферэнцыі біскупаў Італіі 19
мая 1994 г.: “Мы ўсе павінны памятаць, што ў бок папы скіравалі стрэлы, якія
павінны былі пазбавіць яго жыцця. (…) Мы ўсе ведаем, што матчыная рука кіравала
ходам гэтай кулі, і папа, адвезены ў агоніі да Клінікі Джэмэлі, затрымаўся на
парозе смерці (…). Гэты стрэл на плошчы святога Пятра павінен быў пазбавіць
папу жыцця яшчэ трынаццаць гадоў таму. Але тым часам куля затрымалася, і папа
жыве — жыве, каб служыць!”
“О Маці людзей і народаў, Ты ведаеш усе
нашыя цярпенні і надзеі, Ты па-мацярынску адчуваеш усе змаганні паміж дабром і
злом, паміж святлом і цемрай, якія ўстрасаюць наш сучасны свет. Просім, прымі
нашыя малітвы, скіраваныя ў Найсвяцейшым Духу да Твайго Сэрца, і атулі сваёй
любоўю Маці і Служабніцы Панскай наш чалавечы свет, які даручаем Табе і
прысвячаем, непакоячыся за зямны і вечны лёс людзей і народаў.
Асаблівым чынам давяраем Табе і прысвячаем
тых людзей і тыя народы, якім найбольш патрэбна гэтае прысвячэнне і даручэнне”.
Тут у папы задрыжаў голас… Такое здаралася
толькі два разы за ўвесь час доўгага пантыфікату. Першы раз гэта было менавіта
падчас прысвячэння Расіі і свету Беззаганнаму Сэрцу Марыі ў Рыме ў 1984 годзе.
Другі раз у яго задрыжаў голас у 1997 годзе ў Закапаным, калі ў санктуарыі Маці
Божай Фацімскай ён згадваў малітву горцаў за Папу, які, паранены куляй
замахоўцы, стаяў на парозе смерці.
“Пад Тваю абарону ўцякаем, Святая
Багародзіца! У нашых патрэбах не пагарджай маленнем нашым! (…)
О Беззаганнае Сэрца! Дапамажы нам перамагчы
жудасць зла, якое так лёгка ўкараняецца ў сэрцах сучасных людзей — зла, якое ў
невымерных наступствах навісла над нашай сучаснасцю і, здаецца, перакрывае
дарогі ў будучыню.
Ад голаду і вайны — выбаў нас!
Ад атамнай вайны, ад самазнішчэння, ад усіх
войнаў —выбаў нас!
Ад грахоў супраць жыцця чалавека пачынаючы з
хвіліны яго зачацця — выбаў нас!
Ад нянавісці і прыніжэння годнасці Божых
дзяцей — выбаў нас!
Ад усялякай несправядлівасці ў грамадскім
жыцці краіны і ўсяго свету — выбаў нас!
Ад невыканання Божых запаветаў — выбаў нас!
Ад спробаў знішчыць праўду пра Бога ў
чалавечых сэрцах — выбаў нас!
Ад грахоў супраць Духа Святога — выбаў нас!
Прымі, о Маці Хрыста, гэты заклік, напоўнены
цярпеннем усіх людзей! Абуджаны цярпеннем цэлых грамадстваў!
Дапамажы нам моцаю Духа Святога перамагаць
усялякі грэх: грэх чалавека і грэх свету, грэх у любым абліччы.
Няхай у гісторыі свету яшчэ раз аб’явіцца
бязмежная збаўчая моц Адкуплення — моц міласэрнай Любові! Няхай яна спыніць
зло! Няхай пераменіць сумленні людзей! Няхай у Тваім Беззаганным Сэрцы для ўсіх
адкрыецца святло Надзеі!
Перакладзена з польскай мовы.
Крыніца: Wincenty Łaszewski „7 dni Fatimy”,
Fonsomnis 2007.
Кнігу ў фармаце pdf можна сцягнуць тут