Папская тэалогія Фацімы

РАДАСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

ЗВЕСТАВАННЕ

   
Слуга Божы, прымас Стэфан Вышынскі, так узгадвае пра хвіліну выбару кардынала К. Выйтылы папам: “Калі я падыйшоў да Яна Паўла II з першымі віншаваннямі, нашыя вусны амаль разам прамовілі імя Маці Божай Чэнстахоўскай: “Гэта Яе справа!” Мы моцна ў гэта верылі і верым нават цяпер”. Прымас Тысячагоддзя і яго супрацоўнік таго часу былі перакананыя, што Маці Божая запланавала гэты Марыйны пантыфікат. Дарэчы, Ян Павел II узгадваў пра гэта на Яснай Гары ў чэрвені 1979 года. Ён казаў пра акт прысвячэння Маці Божай, “які нараджаецца (…) з новых заданняў, якія з Тваёй дапамогай былі даручаныя мне… Твайму прыёмнаму сыну”.
   Маці Найсвяцейшая, дзякуем Табе за тое, што звеставанне пра выбар на Апостальскую Сталіцу мела Тваё вымярэнне, Марыйнае вымяренне… 

НАВЕДВАННЕ СВЯТОЙ АЛЬЖБЕТЫ

   Пасля віншаванняў Прымаса мінула каля чвэрці часу, і постаць новага папы паказалася на бальконе Базылікі. Праз хвіліну зноў даляцяць да нас словы, якія кажуць шмат пра сувязь Яна Паўла II з Найсвяцейшай Маці… Папа казаў: “Я баяўся прыняць гэты выбар, але зрабіў гэта з поўным даверам да Яго Маці, Найсвяцейшай Дзевы… Вось я стаю перад вамі, каб вызнаць нашую супольную веру, нашую надзею і наш давер да Маці Хрыста і Маці Касцёла”. Аказваецца, што новы пантыфікат распачаўся глыбокім прадчуваннем, што будзе чуваць над ім Марыя, што Яна Сама будзе весці яго згодна з Божымі намерамі. А папа хоча даць гэтаму публічнае сведчанне.
  Маці Найсвяцейшая, дзякуем Табе за тое, што пантыфікат Яна Паўла II стаўся вандроўкай з Марыяй…

НАРАДЖЭННЕ ЕЗУСА ХРЫСТА

   Ян Павел II кажа пра сябе, як пра “прыёмнага сына” Марыі, і мабыць надае гэтым словам асаблівы сэнс. Ён ведае, што знаходзіцца выключна блізка да Найсвяцейшай Маці. Праз шкаплер? Праз сваё “Totus tuus”? А можа дзякуючы выбару самой Марыі, якая хацела выкарыстаць яго, каб здзейсніць спрадвечныя Божыя планы? Мы ячшчэ мала ведаем пра духоўнаё жыццё гэтага чалавека, але тое, што ўжо адкрылася, дае нам права думаць, што Ян Павел II быў асаблівым абраннікам Маці Божай; быў Яе сынам, якога Яна нарадзіла да жыцця ў еднасці з Богам, да здзяйснення Яго планаў, да набліжэння трыюмфу Яе Беззаганнага Сэрца.
   Дзякуем Табе, Найсвяцейшая Маці за тое, што паслуга Яна Паўла II у Касцёле была служэннем “сына Марыі”.


АХВЯРАВАННЕ ЕЗУСА Ў СВЯТЫНІ

   Ян Павел II казаў пра страх, звязаны з прыняццем выбару кардыналаў. Гэта павінен быў быць цяжкі пантыфікат. Свет быў пагружаны ў сетцы пагрозаў, аж да небяспекі самазабойства чалавецтва. Праз тры гады пасля выбару, Папа-Паляк дадаў: Знакі часу кажуць пра тое, што мы знаходзімся ў арбіце вялікага змагання паміж дабром і злом, паміж пацвярджэннем і аспрэчваннем існавання Бога – Яго прысутнасці ў свеце, а таксама збаўлення, якое ў ім мае пачатак і заканчэнне”. Што кажа далей Святы Айцец? “Гэтыя знакі ўказваюць на Дзеву, разам з якой мы павінны ўвайсці ў заканчэнне гэтага часу (…). Менавіта з Ёй мы павінны быць моцнымі ў змаганнях, якімі напоўнены наш час”.
   Найсвяцейшая Маці, дзякуем Табе за тое, што ключом да збаўлення свету сталася даручэнне Твайму Беззаганнаму Сэрцу.

ЕЗУСА ЗНАХОДЗЯЦЬ У СВЯТЫНІ

   На пытанне: “Як у гэтым неспакойным моры чалавечай гісторыі кіраваць Пятровай лоддзю?” І “як чалавецтва можа выйсці бяспечным шляхам са шматлікіх небяспекаў?” З вуснаў Яна Паўла II выходзіць адзіны адказ. Трэба выйсці насустрач будучыні ў духу даверу да Марыі. Ужо на парозе свайго пантыфікату папа абвясціў: “У гэтую цяжкую і неспакойную хвіліну мы павінны з дзіцячай адданасцю скіраваць думкі да Дзевы Марыі, якая (…) дзейнічае, як Маці, і паўтараць словы: “Totus tuus”. Гэта пантыфікат, які пачаўся актам цалкавітага даручэння Маці Божай і штодня яго вяло ізноў паўтаранае “Totus tuus”. Неўзабаве аказалася, што гэта быў шлях, на якім чалавецтва знайшло надзею на “новы лепшы свет”.
   Найсвяцейшая Маці, дзякуем Табе за тое, што на шляху да Езуса мы ідзем, трымаючы Цябе за руку.

ТАЯМНІЦЫ СВЯТЛА

ХРОСТ ЕЗУСА Ў ЯРДАНЕ

   7 Кастрычніка 2002 года Ян Павел II дадаў да ружанца новыя таямніцы. Ён запрапанаваў таксама новы, больш біблійны спосаб малітвы ружанцовай, і вызначыў новыя мэты: ратаванне сям’і і малітва аб супакоі. Быў ён “Ружанцовым, Папам”, пра што сведчаць раздаваныя ім ружанцы і ружанцовая малітва, якую ён праводзіў, і якая транслявалася па Радыё Ватыкана ў кожную першую суботу. Яго ўклад у развіццё ружанца параўноўваецца з найвялікшымі апосталамі гэтай малітвы. Ці ведаем мы, што ў XIV ст. некаторых святых малявалі не ў німбах, а ў ружаных вянках? Гэта тыя, каго да святасці прывёў ружанец! Ян Павел II быў бы сёння адным з іх. Вакол яго галавы Марыя спляла ружанцовы вянок святасці. І хоць можа шмат людзей не давартасцёўвае ролі ружанца ў яго жыцці, хоць у яго паслузе не заўсёды быў ён добра бачны, але ў духоўным плане гэта менавіта ён будаваў яго святасць. Людзі гэтага не ведалі, але Бог бачыў, як падчас хросту Езуса ў Ярдане, заўважыў ён на першым плане Яго Маці, Марыю, якая суправаджала Сына духам.
   Найсвяцейшая Маці, дзякуем Табе за тое, што хрост у Ярдане становіцца дзеля нас знакам Тваёй нябачнай прысутнасці пры кожным з нас.

ЦУД У КАНЕ ГІЛІЛЕЙСКАЙ

   У канцы энцыклікі “Solicitudo rei socilis”, апублікаванай ў Марыйным Годзе (1987), чытаем: “Як гэта заўсёды было прынята ў хрысціянскай пабожнасці, мы перакладаем на Найсвяцейшую Дзеву цяжкія прыватныя справы, каб прыносячы іх Сыну, Яна выпрасіла ў Яго іх памяншэнне і адмену. Але прадставім Ёй таксама грамадскую сітуацыю і міжнародны крызіс з усім тым, што абуджае ў нас клопат: беднасць, безпрацоўе, адсутнасць ежы, гонку ўзбраення, пагарджанне справамі людзкімі, канфлікты ўжо існуючыя або пагражаючыя,  часткова ці цалкам. Усё гэта мы прагнем па-дзіцячы скласці перад Яе “міласэрнымі вачамі”. Бо Яна, Пасрэдніца ласкаў, плённа выпрошвае іх памяншэнне і адмену”.
   У гэты момант мы пачынаем прадчуваць, якое вялікае Марыйнае вымярэнне меў грамадскі ўдзел Яна Паўла II. Яго пашана да Маці Божай перакладалася непасрэдна на грамадскія справы! Нічога дзіўнага ў тым, што ў Евангеллі Беззаганная Дзева паказваецца як Тая, што заступаецца перад Сынам у справах сямейных, грамадскіх, нават самых зямных.
   Найсвяцейшая Маці, дзякуем Табе за тое, што Ты паказваеш нам Сябе як Маці, заклапочаная кожнай дробяззю нашага жыцця.

АБВЯШЧЭННЕ БОЖАГА ВАЛАДАРСТВА

    Сярэдзіна ліпеня 1981 года. Усё яшчэ працягваецца час выздараўлення папы пасля замаху на яго жыццё. Нечакана Ян Павел II даведваецца пра супадзенне даты, гадзіны і хвіліны замаху з першым фацімскім аб’яўленнем. Неўзабаве ён ўжо ведае ўсе фацімскія дакументы. Тады ў яго сэрцы накладаюцца адзін на адно два моманты, якія аказваюцца ключом да зразумення Божага шыфру. Першы: “Праз заступніцтва Маці Божай мне было ізноў падараванае жыццё”, другое: “Я зразумеў, што адзіны спосаб уратавання свету ад вайны і атэізму, гэта навяртанне Расіі, згодна з пасланнем з Фацімы”. Папа ўжо ведае, што выратавала Яго Фацімская Пані. Больш таго, ён ведае, што Яна па волі Божай выконвае асаблівую ролю ў тым, каб прыйшло Валадарства Божае на зямлю, што гэта Яна можа ўратаваць свет і дапамагчы ў яго навяртанні. Менавіта так у Евангеллі, якое абвяшчаў Святы Айцец, новым чынам быў уведзены Марыйны элемент. Папа нагадвае, што той з нас бліжэй да Езуса, хто найбліжэй да Маці Божай. Марыя ж самая дасканалая вучаніца Збаўцы і чалавек, найпаўней з’яднаны з Яго справай адкуплення.
   Найсвяцейшая Маці, дзякуем Табе за тое, што Ты з’яўляешся жывым сведчаннем прыгажосці Хрыстовага Евангелля.

ПЕРАМЯНЕННЕ НА ГАРЫ ФАВОР

   У сваім лісце 1 кастрычніка 1997 г., скіраваным да біскупа дыяцэзіі Лейрія-Фаціма з нагоды 80 гадавіны фацімскага “цуду сонца”, Ян Павел II сцвярджаў, што “калі на парозе трэцяга тыячагоддзя мы прыглядаемся да знакаў часу XX стагоддзя, Фаціма з упэўненасцю адзін з самых вялікіх. Гэта так менавіта таму, што яе пасланне адкрывае шмат пазнейшых падзеяў і робіць залежным ад адказу на яго заклік. Гаворка ідзе пра такія знакі, як дзве сусветныя вайны, але таксама пра паяднанне народаў і людзей праз дыялог і супакой. Гаворка ідзе пра крызісы, адыход і цярпенне члонкаў Касцёла, а таксама пра аднаўленне і моцнае пачуццё салідарнасці і ўзаемнай сувязі ў Містычным Целе Хрыста. Датычыцца гэты адыход ад Бога асобных адзінак і ўсяго грамадства, але і сыходу Духа Праўды ў сэрцы і супольнасці, аж да ахвяры і мучаніцтва (…), каб выратаваць чалавека ад яго самога. Дзеля тых, хто ўмее распазнаваць знакі часу, Фаціма становіцца сучаснай Гарой Фавор: з аднаго боку аб’яўляе нам усе падставовыя праўды пра Бога, з другой – кажа пра “змены”, якія адбываюцца вакол нас, указваюць на моц Збаўцы і адсланяюць Яго планы наконт чалавецтва.
  Дзякуем Табе, Найсвяцейшая Маці, што сучасным пакаленням Ты дала фацімскія аб’яўленні як сведчанне паказанай праўды пра Бога і знак магутнасці Твайго Сына. 

УСТАНАЎЛЕННЕ ЭЎХАРЫСТЫІ

   Працягваецца Юбілейны год. Па просьбе Святога Айца, фігура Маці Божай Фацімскай прылятае ў Рым на Святую Імшу, звязаную з юбілеем біскупаў, у нядзелю 8 кастрычніка. Святы Айцец сказаў: “Поўныя даверу ў Яе мацярынскую апеку, на заканчэнне заўтрашняй эўхарыстычнай літургіі, мы супольна прачытаем Акт Прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі”. Невыпадкова, акт аддання новага тысячагоддзя Маці Божай Ян Павел II звязаў з Эўхарыстыяй. Бо гэта месца найпаўнейшай прысутнасці Бога ў свеце! Там, дзе цэлебруецца Эўхарыстыя, там неба сустракаецца з зямлёй, а нашыя малітвы, якія мы заносім да Бога, выслухоўваюцца асаблівым чынам. Можа таму найважнейшым элемантам набажэнства першых суботаў з’яўляецца менавіта Эўхарыстыя. Сама Маці Божая назвала яе “узнагараджальная Святая Камунія ў першыя суботы”.
   Найсвяцейшая Маці, дзякуем Табе за тое, што культ свайго Беззаганнага Сэрца Ты звязяла з Эўхарыстыяй.

БАЛЕСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

МАЛІТВА Ў САДЗЕ АЛІЎНЫМ

   Цярпенне. Гэта яно мае моц змяніць свет! І таму Ян Павел II заклікае нас, каб мы дакрануліся да гэтай устрасаючай таямніцы, моцай якой “збаўленне душ залежыць ад малітваў і цярпенняў, якія дабраахвотна зносяцца члонкамі Містычнага Цела Хрыста”. Святы Айцец ведае, што калі перасцярогі і заклікі Маці Божай Фацімскай  застануцца без адказу, застанецца толькі адзін паратунак – той, які ўпісаны ў план Хрыстовага Крыжа. Бог патрабуе ахвяры справядлівых. Менавіта таму Маці Божая прадказвала ў Фаціме: “Добрыя будуць замучаныя”, а “Касцёл будзе пераследаваны”, “Святы Айцец будзе шмат цярпець”. Марыя паклікала да складання дабраахвотнай ахвяры за тых, што выбралі шлях да атхлані. Заклік гэты Ян Павел II прыняў да свайго сэрца і быў гатовы ўвайсці да Аліўнага Саду цярпення і самотнасці. І Бог прыняў гэтую ахвяру.
   Найсвяцейшая Маці, дзякуем Табе за тое, што калі мы становімся на шлях ахвяры, Ты становішся нам вернай спадарожніцай на гэтым шляху!

 БІЧАВАННЕ

   Ян Павел II ведаў, што цярпенне, перажыванае з Хрыстом, гэта найкаштоўнейшы дар і самая плённая дапамога ў апостальскай працы. “У Целе Хрыста, яно няспынна расце з Крыжа Адкупіцеля, менавіта цярпенне, прасякнутае духам Хрыстовай Ахвяры, з’яўляецца незамянімым пасрэднікам і памнажальнікам дабротаў, патрэбных дзеля збаўлення свету. Гэта яно, больш, чым нешта іншае, пракладвае шлях ласцы, якая перамяняе людзкія душы. Гэта яно, больш, чым нешта іншае, робіць прысутнай моц адкуплення ў гісторыі чалавецтва”. Гэтыя словы паходзяць з досведу самога Папы, які ведаў, наколькі вялікім дарам для свету з’яўляецца цярпенне, ахвяраванае Хрысту праз Беззаганнае Сэрца Яго Маці.
   Найсвяцейшая Маці, дзякуем Табе за тое, што Ты вучыш нас ахвяроўваць свае цярпенні дзеля збаўлення свету!

УКАРАНАВАННЕ ЦЕРНЕМ

      Узгадаем словы, якія паўтараў Ян Павел II, калі 13 мая 1981 г., смяротна паранены, ледзь прытомны, ён ляжаў на падлозе белага джыпа, які ляцеў у бок чакаючай хуткай дапамогі. Папа шаптаў: “Марыя, Маці мая! Марыя, Маці мая!”. Трэба звярнуць увагу на тое, што чалавек у хвіліну неспадзяванай небяспекі рэагуе на ўзроўні падсвядомасці; такія сітуацыі паказваюць усю праўду пра яго ўнутраны свет. А ўнутраны свет Яна Паўла II быў цалкам Марыйны. Менавіта з Ёй ён размаўляў у хвіліну вялікага цярпення, калі стаяў на мяжы жыцця і смерці. Менавіта Яна была яму бліжэй за ўсіх.
   Найсвяцейшая Маці, дзякуем Табе за тое, што Ты з намі ў кожнай хвіліне нашага жыцця, а асабліва ў хвіліны вялікага цярпення і духовага смутку.

КРЫЖОВАЯ ДАРОГА

   З 1982 г. каля ложка Яна Паўла II стаяла фігура Найсвяцейшай Маці, падарунак Санктуарыя ў Фаціме. На Яе скіроўваў апошні позірк Папа-Паляк на прыканцы працоўнага дня, на Яе таксама скіроўваў свой першы позірк пасля таго, як прачынаўся. І цёплая думка пра Маці. І гарачы заклік Марыйны, пра змест якога мы ніколі не даведаемся. Гэта словы, якія да канца застаюцца схаванымі ў глыбіні намоленага сэрца. Можа было гэта проста “Totus Tuus? А можа былі гэта іншыя святыя словы? Як бы там не было, але Маці Божая Фацімская суправаджала яго кожны дзень яго Пятровай паслугі. Асабліва блізка стаяла пры ім на яго “крыжовай дарозе” – дарозе цярпення, якая скончылася смерцю. Гэта з Ёй ён размаўляў, несучы свой крыж. Гэта ад Яе ён атрымліваў дапамогу, суцяшэнне, падтрымку. Яго “крыжовая дарога” была напоўненая прысутнасцю Марыі, яго Маці.
   Найсвяцейшая Маці, дзякуем Табе за тое, што Ты не пакідаеш нас на нашых шляхах цярпення. Будзь з намі, калі мы нясем наш крыж.

УКРЫЖАВАННЕ ЕЗУСА

   Айцец Святы вучыў: “Ужо не першы раз Бог, адчуваючы сябе адкінутым і пагарджаным з боку чалавека, але шануючы яго вольнасць, дазваляе яму адчуць сябе далёкім ад Яго, з наступствамі цемры ў яго жыцці, дзякуючы чаму гісторыю агарняе цемра, а потым, аднак, Ён рыхтуе ўратаванне. Гэта ўжо адбылося на Кальварыі. Што тады зрабіў Хрыстос? Паклікаўшы Божую Міласэрнасць, Ён даручыў чалавецтва Марыі, сваёй Маці: “Жанчына, вось сын Твой”.” Няхай, - казаў Ян Павел II, - Найсвяцейшая Маці будзе дзеля нас прыкладам чакання і Маці надзеі. Каб Яна вучыла нас глядзець у будучыню з перакананнем, што Бог выходзіць нам насустрач. Каб мы маглі зразумець, што нам трэба падрыхтавацца да сустрэчы са смерцю малітвай і чаканнем. Каб мы заўсёды былі гатовыя стаць перад Хрыстом, калі Ён вернецца ў хвале.
   Найсвяцейшая Маці, у хвіліну смерці дапамажы нам выйсці насустрач з жывой верай, радаснай надзеяй і актыўнай любоўю.

ХВАЛЕБНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

УВАСКРАШЭННЕ

   Узгадаем папскую Мадонну – тую мазайку, якую Ян Павел II папрасіў зрабіць адразу пасля замаху на сваё жыццё. На адной са сцен Папскага Палацу ён сказаў павесіць абраз Маці Касцёла так, каб Марыя нахіляляся ў бок людзей, якія грамадзіліся на Плошчы св. Пятра. “Гэтай прыгожай плошчы не хапала абразу, які б вельмі яскравым чынам нагадваў пра прысутнасць Той, каго каталіцкі Касцёл ушаноўвае як Маці”. – сказаў папа ў дзень пасвячэння абразу, 8 снежня 1981 г. Ён хацеў, каб у гэтым сімвале нашая Маці і Валадарка, асвячала шляхі Божага народу, каб мы не згубілі накірунку, які Езус паказаў нам сваім Уваскрашэннем. Ян Павел II заклікаў, каб мы пад апекай Марыі “ішлі ў тым накірунку, ішлі з Ім і за Ім”.
   Найсвяцейшая Маці, вядзі нас шляхам веры да ўваскрашэння! 

УНЕБАЎШЭСЦЕ

   Ян Павел II вучыць: “Свет, поўны граху, загублены на сцежках аспрэчвання Бога, не заўважае, як набліжаецца да нас збаўленне. Дапамажы нам, Марыя, заўважыць гэты Божы бляск, які Неба паказвае ў Табе, гэтае святло ласкі, укрытае ў цнотах пакоры і маўчання, услухоўвання ў голас Божы, малітвы сэрца. Няхай прыцягне нас да Цябе Твая духоўная прыгажосць”. У гэтых словах Святы Айцец звяртае нашую ўвагу на Марыю як на Маці Езуса, які адчыніў перад намі неба, каб даць нам удзел у сваёй хвале. І тлумачыць, што калі мы ўглядаемся ў Хрыста, уваходзячага ў неба і прагнем пайсці за Ім, нам трэба спачатку ўвайсці на гару Унебаўшэсця сцежкай малітвы, пакоры, маўчання, услухоўвання ў голас Бога, які прамаўляе ў нашых сэрцах.
   Найсвяцейшая Маці, дапамажы нам жыць так, каб нашым удзелам сталася хвала неба!

СПАСЛАННЕ ДУХА СВЯТОГА

   25 сакавіка 1984 г. у Папы-Паляка першы раз у гісторы яго пантыфікату задрыжаў голас ад хвалявання. Гэта адбылося падчас акту даручэння Расіі і свету Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Калі на плошчы св. Пятра ён казаў словы: “Асаблівым чынам прысвячаем Табе тых людзей і народы, якім найбольш патрабна гэтае прысвячэння”, гэты чалавек, цвёрды як скала, павінен быў замаўчаць, каб не заплакаць ад хвалявання, якое выклікала чулая прысутнасць яго Маці і адчуванне Яе моцы. Ці тады ў Рыме не паўтарылася сцэна, якая некалі была ў Вячэрніку, дзе Пётр разам апосталамі чувалі на малітве з Марыяй, чакаючы спаслання Духа Святога? У момант акту прысвячэння Ян Павел II адчуў, наколькі вялікую моц мае прысутнасць Марыі ў малітве Касцёла. Ён пакінуў нам сведчанне, якое павінна заахвоціць нас да малітвы з даверам, у еднасці з Маці Езуса.
   Найсвяцейшая Маці, дзякуем Табе за тое, што Ты чуваеш з намі на малітве. Выпрошвай нам дары Духа Святога!

УНЕБАЎЗЯЦЦЕ МАРЫІ

   “Прысвячэнне свету Беззаганнаму Сэрцу Марыі азначае прысвячэнне прабітаму сэрцу Збаўцы, яго вяртанне да крыніцы адкуплення. Моц адкуплення перавышае ўсё зло ў чалавеку і ў свеце” -  вучыў Папа і дадаваў: “Божая святасць аб’явілася ў адкупленні чалавека, свету, усяго чалавецтва і народаў. Дзякуючы моцы адкуплення, свет і чалавек былі прысвечаныя… Былі ахвяраваныя самой любові, Міласэрнай любові”. Такім чынам, іх прызначэннем сталася неба, доказам чаго з’яўляецца адна з любімых Янам Паўлам II Марыйных таямніц: “Унебаўзяцце”. Калі чытаем у фацімскіх дакументах, што “там, дзе заклікаецца Беззаганнае Сэрца Марыі, там адбываюцца вялікія змены”, словы гэтыя мы павінны, перш за ўсё, ўбачыць у нябеснай перспектыве. Хто сапраўды даверыўся Найсвяцейшай Маці, той сапраўды будзе мець удзел у Яе Ўнебаўзяцці.
   Найсвяцейшая Маці, дзякуем Табе за тое, што Ты сталася дзеля нас бяспечным портам, дзе мы можам чакаць хвіліны, калі Езус забярэ нас да неба.

УКАРАНАВАННЕ МАРЫІ

   А любоў, кажа папа, “мацнейшая, чым зло. Ніводны “грэх свету” не зможа перамагчы гэтую любоў”. Тым больш, што “моц гэтага прысвячэння трывае заўсёды, ахоплівае ўсіх людзей і народы, перавышае ўлялякае зло, якое дух цемры здольны пасеяць у сэрцы чалавека і ў яго гісторыі, а таксама пасеяў і ў нашыя часы”. Так Ян Павел II бачыць у прысвячэнні Беззаганнаму Сэрцу Марыі і ў кульце гэтага Сэрца тое, што супрацьстаіць “таямніцы граху, якая няспынна разрастаецца ў свеце”. Дзякуючы набажэнству да Найсвяцейшай Маці, Яна пераможа ў свеце і будзе панаваць над нашымі сэрцамі. Мы з нецярплівасцю чакаем той дзень, пра які прарочыў Святы Айцец Ян Павел II, прадказваючы надыход “вясны хрысціянства” і “новага лепшага свету”. А вядзе да гэтага вялікая малітва і цалкавітае даручэнне сябе Той, каго Бог зрабіў Каралевай неба і зямлі.

   Найсвяцейшая Маці, дзякуем Табе за Святога Айца Яна Паўла II, якога Ты зрабіла сведкам здзяйснення Тваіх цудоўных прадказанняў, якія Ты перадала нам у сваім фацімскім пасланні. Просім, няхай наблізіцца дзень трыюмфу Твайго Беззаганнага Сэрца.