1.19.2016

Юбілейны Год Міласэрнасці

8 снежня ў Паўсюдным Касцёле распачынаецца Юбілейны Год Міласэрнасці
Ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Каталіцкім Касцёле распачынаецца Святы Год Міласэрнасці. Ён будзе доўжыцца да 20 лістапада 2016 года.

Год Міласэрнасці ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі пачнецца 13 снежня з адкрыцця Святых Дзвярэй ва ўсіх катэдрах і некаторых святынях краіны.
З Надзвычайным Юбілейным Годам Міласэрнасці звязаны адпусты.
«Каб атрымаць адпуст, вернікі павінны зрабіць кароткую пілігрымку да Святых дзвярэй, адчыненых у кожнай катэдры або касцёлах, вызначаных дыяцэзіяльным біскупам, а таксама ў чатырох папскіх базыліках у Рыме, у знак глыбокага імкнення да сапраўднага навяртання», — адзначыў Пантыфік.
Святы Айцец таксама дадаў:
«Акрамя таго, я распараджаюся, каб у санктуарыях, дзе былі адчынены Дзверы Міласэрнасці, і ў касцёлах, якія традыцыйна вызначаны ў якасці юбілейных, існавала магчымасць атрымання адпусту.
Важна, каб гэты момант быў звязаны, у першую чаргу, з сакрамэнтам паяднання і ўдзелам у святой Імшы, а таксама з разважаннем пра міласэрнасць. Неабходна будзе суправаджаць гэтыя цэлебрацыі вызнаннем веры і малітвай за мяне і ў маіх інтэнцыях, якія нашу ў маім сэрцы на карысць Касцёла і ўсяго свету», — напісаў Пантыфік.
Булу Святога Айца Францішка аб распачацці Юбілейнага Года Міласэрнасці ў фармаце pdf можна сцягнуць, перайшоўшы па спасылцы MISERICORDIAE-VULTUS.pdf

Папа Францішак зацвердзіў адпусты на Год Міласэрнасці


 «Хачу, каб Юбілей быў жывым досведам блізкасці Айца, дотыкам да Яго пяшчоты, каб вера кожнага верніка была ўзмоцнена і, такім чынам, яго сведчанне стала яшчэ больш плённым», — такая думка гучыць у пачатку ліста Папы Францішка да арцыбіскупа Рына Фізікеллы, старшыні Папскай рады па новай евангелізацыі.
Галоўнай тэмай паслання, абнародаванага ў Ватыкане 1 верасня, сталі адпусты, звязаныя з Надзвычайным Юбілейным Годам Міласэрнасці, які пачынаецца ў Касцёле 8 снежня 2015 г.

«Каб перажыць і атрымаць адпуст, вернікі павінны зрабіць кароткую пілігрымку да Святых дзвярэй, адчыненых у кожнай катэдры або касцёлах, вызначаных дыяцэзіяльным біскупам, а таксама ў чатырох папскіх базыліках у Рыме, у знак глыбокага імкнення да сапраўднага навяртання. Акрамя таго, я распараджаюся, каб у санктуарыях, дзе былі адчынены Дзверы Міласэрнасці, і ў касцёлах, якія традыцыйна вызначаны ў якасці юбілейных, існавала магчымасць атрымання адпусту. Важна, каб гэты момант быў звязаны, у першую чаргу, з сакрамэнтам паяднання і ўдзелам у святой Імшы, а таксама з разважаннем пра міласэрнасць. Неабходна будзе суправаджаць гэтыя цэлебрацыі вызнаннем веры і малітвай за мяне і ў маіх інтэнцыях, якія нашу ў маім сэрцы на карысць Касцёла і ўсяго свету», — напісаў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што асаблівым чынам думае пра тых, хто па розных прычынах не будзе мець магчымасці прайсці праз Святыя дзверы: хворых і людзей пажылога ўзросту. Для іх спосабам атрымання адпусту будзе прыняцце святой Камуніі і ўдзел у святой Імшы або супольная малітва, нават з дапамогай сродкаў камунікацыі, напрыклад, радыё і тэлебачання.

Вялікай «амністыяй» назваў Папа Год Міласэрнасці для зняволеных. «Яны могуць атрымаць адпуст у турэмных капліцах. А калі будуць праходзіць праз дзверы сваёй камеры, кіруючы думкі і малітвы да Айца, няхай кожны раз гэты жэст азначае для іх праходжанне праз Святыя дзверы, таму што Божая міласэрнасць, якая можа змяняць сэрцы, таксама ў стане ператварыць краты ў досвед волі», — адзначыў Пантыфік.

Папа звярнуў увагу на багацце, якое захоўваецца ва ўчынках міласэрнасці для душы і цела бліжняга. «Кожны раз, калі нехта з вернікаў асабіста выканае адзін або некалькі гэтых учынкаў, безумоўна, атрымае юбілейны адпуст. (…) Гэта будзе поўны юбілейны адпуст, плён самой падзеі, якая цэлебруецца і перажываецца з верай, надзеяй і любоўю», — гаворыцца ў лісце Святога Айца. Папа нагадаў, што адпуст можа быць ахвяраваны не толькі за сябе, але і за памерлага.

Пантыфік прыняў яшчэ адно беспрэцэдэнтнае рашэнне: у Год Міласэрнасці ён даў права кожнаму святару адпускаць грэх аборту асобам, якія ўчынілі яго, шкадуюць за яго і просяць аб прабачэнні. «У Божым прабачэнні нельга адмовіць нікому, хто шкадуе, асабліва калі са шчырым сэрцам прыступае да сакрамэнту пакаяння, каб прымірыцца з Айцом», — так аргументаваў сваё рашэнне, якое было прынята, «нягледзячы на ўсе супярэчныя правілы», Папа Францішак.

Яшчэ адно распараджэнне Пантыфіка датычыць вернікаў, якія па розных прычынах выбіраюць касцёлы, дзе служаць святары з Брацтва св. Пія X, якіх называюць лефэбрыстамі. «Гэты Юбілейны Год Міласэрнасці нікога не выключае, — напісаў Папа і дадаў: — Распараджаюся і пастанаўляю, што асобы, якія ў Святы Год Міласэрнасці прыступяць да сакрамэнту пакаяння ў святароў Брацтва св. Пія X, атрымаюць сапраўднае і годнае адпушчэнне грахоў».

Пантыфік даверыў Юбілей заступніцтву Маці Міласэрнасці і даручыў Яе апецы падрыхтоўку да яго.

Крыніца: http://catholic.by