Дзень сёмы

ДЗЕНЬ СЁМЫ

  
Апошні Дзень Фацімы будзе часам вялікай ласкі. Адкуль мы гэта ведаем? Бо супакой — гэта дар Божы. Гэта не рыса ўпалай натуры, але справа ласкі. Памятайма, што, як кажуць Айцы Касцёла, чым менш ласкі, тым большы хаос, аж да стану пекла. Месца, дзе яе няма ані кроплі, — гэта пекла! Калі мы прагнем супакою, мы павінны імкнуцца, каб было найбольш ласкі. Як? Маці Найсвяцейшая ўказвае на ружанец.
   У Фаціме Марыя падкрэслівае, што супакой можна выпрасіць толькі праз заступніцтва Маці Божай Ружанцовай. Мы можам здзіўляцца такому рашэнню неба, але спрачацца з ім нельга. Бог хоча, каб прыладай супакою стаўся перш за ўсё ружанец. Ці не пра гэта пісаў Ян Павел II у сваім лісце, які адкрываў Год Ружанца?
   Калі ўсяго гэтага замала, калі нашай індывідуальнай малітвы не досыць, тады нашыя дзеянні павінны ўвайсці ў сферу грамадскага жыцця і канчаткова ўпісаць Бога ў яго структуры. Сястра Луцыя, гледзячы ў будчыню, здаецца перакананай, што так, як гэта было ў гады вялікіх цудаў ружанцовых (Лепанта, Ведэнь), настануць часы, калі хрысціяне будуць умець паказаць веру і любоў на вуліцах, як народ, супольна з тымі, хто імі кіруе! Сястра Луцыя пісала, напрыклад: “Калі кіраўніцтва (…) у еднасці з усімі біскупамі абвесціць час малітвы і пакаяння, а ў дні надыходу карнавалу на вуліцах будуць публічна маліцца, для Партугаліі і Еўропы настане выпрашаная ласка супакою”. Гэта да сённяшняга дня застаецца асабліва актуальным і датычыць таксама нашай Айчыны.
   Візіянерка з Фацімы пакінула нам яшчэ адзін указальнік. Мы ізноў чуем голас Фацімы: мы павінны жыць прысвячэннем і практыкаваць набажэнства першых суботаў месяца! “Што датычыць цяжкіх часоў, праз якія мы праходзім, піша сястра Луцыя, то памятайма, што Бог  - адзіны, хто можа нас уратаваць праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі, нашай нябеснай Маці, якая такая добрая!”.
   Так выглядае фацімскі рэцэпт на Сёмы Фацімскі Дзень. Просты, плённы, марыйны. Даруючы ласку, але патрабуючы нашага асабістага ўдзелу. Бо, як нястомна падкрэслівае візіянерка з Фацімы, “Бог жадае супрацоўніцтва”.


ЗАКАНЧЭННЕ

   Час яшчэ раз падумаць над нашай місіяй. Яна датычыць Трэцяга Дня Фацімы.
   Час паставіць найважнейшае для нас пытанне: “Чаго неба чакае ад нас у Трэцім Дні”?
   Чытаем, што пасля заканчэння рэлігійных пераследаў у Расіі Святы Айцец павінен зацвердзіць для ўсяго Касцёла набажэнства першых суботаў і запрасіць людзей да яго практыкавання. Але ведаем, што набажэнства гэтае спачатку павінны ўпадабаць людзі.
   Таму нароўні з паступовым працэсам навяртання Расіі нам трэба практыкаваць і распаўсюджваць набажэнства першых суботаў. Трэці Дзень — “гэта Дзень, - піша Джон Хафэрт, — калі ўсё, што адбудзецца ў гэтай Божай аповесці, будзе залежаць ад таго, як шмат людзей адкажа на фундаментальныя просьбы Фацімы і пачне практыкаваць Узнагараджальную Камунію (другая назва набажэнства першых суботаў. – Заўвага аўтара). Здаецца, што цяжар адказнасці палягае на ўсім каталіцкім свеце. Толькі каталікі могуць прымаць святую Ўзнагараджальную Камунію”.
   “Ці ў святле абцяжарваючай нас адказнасці не здзіўляе тое, што так мала людзей штосьці пра гэта ведае?”, — пытаецца Хафэрт,
   Большасць каталікоў або нічога пра гэта не ведае, або лічыць, што іх гэта не датычыць, а толькі гіерархіі Касцёла. Так, як бы яны не былі адказнымі за Касцёл.
    Мы стаім на парозе Чацвёртага Дня. Гэта “наш час” — час свецкіх асобаў. Мажліва, асаблівым чынам час нашай краіны…
   Сёння мы ведаем адно. Калі нам мроіцца “новы лепшы свет” (Ян Павел II), то нам трэба стаць пад блакітны штандар Беззаганнага Сэрца Марыі. Сёння мы ведаем, што нашая эпоха мае пры тым штандары каляровыя стужкі. Там ёсць папскі колер — жоўты. Гэта вялікая марыйная спадчына Яна Паўла II. Ёсць там таксама белы і чырвоны — нашыя нацыянальныя колеры. Гэта вялікае багацце моцнай марыйнай пабожнасці нашага народу. Каб ужо ў нашым пакаленні ў сэрцах з’явіліся першыя плады чаканага трыюмфу Беззаганнага Сэрца! Надышоў час пачаць працаваць разам з Марыяй, пад Яе кіраўніцтвам і дзеля Яе! Каб па-сапраўднаму шанаваць Яе, шчыра любіць, уважліва слухаць Яе словы і старанна наследаваць. Без гэтага апошняга нашая пабожнасць мёртвая і не прынясе нават найменшага плёну.



МАЛІТВА

 
  Няхай хвіліна роздуму над пасланнем з Фацімы скончыцца супольнай малітвай з фацімскім папам — Айцом Святым Янам Паўлам II.
   “Марыя! Найсвяцейшы санктуарый Уцелаўлёнага Слова! Пачатак новага свету! Свету лепшага ў Езусе Хрысце!
   Дзякуем Табе за тое, што, якім бы цяжкім ні быў нам свет, колькі б ён ні меў у сабе зла, граху, пакуты, наш позірк, скіраваны на Цябе, заўсёды адкрывае ў ім “пачатак лепшага свету”.
   Дзякуем Табе за тое, што гэты свет выходзіць ужо з гэтага старога. Ты ствараеш на мапе нашага жыцця і жыцця ўсяго чалавецтва мапу асаблівых акалічнасцяў і падзеяў, абавязкаў і чаканняў, а ўсё гэта той лепшы свет, які ўжо прысутны, праўда, яшчэ ў зародку, але ўжо разрастаецца і распаўсюджваецца. Нараджаецца новы, лепшы свет, а моцай яго росту з’яўляецца вялікая малітва Маці і Яе дзяцей”.

Дзякуем Табе за гэта, Марыя.
Будзь нам нябесным Аазісам на пустыні свету.
Будзь Райскім Дрэвам Жыцця, якое корміць нас жыццём вечным.
Будзь пэўнай дарогай да неба.
Будзь нам Маці.

Учыні нас удзельнікамі Тваёй перамогі, жыхарамі Сёмага Дня.


Перакладзена з польскай мовы
Крыніца: Wincenty Łaszewski  „7 dni Fatimy”, Fonsomnis 2007.
Кнігу ў фармаце pdf можна сцягнуць тут