Акты прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі

Прысвячэнне Украіны
Беззаганнаму Сэрцу Марыі

Зварот да духавенства, манаства і свецкіх
Рымска-Каталіцкага Касцёла Украіны
    “Апошнія драматычныя падзеі ў нашай дзяржаве у чарговы раз заахвочваюць нас звярнуцца да ўсіх хрысціянаў з заклікам духоўна падтрымліваць Украіну ў яе змаганні жыць у праўдзе, ствараць цывілізаванае грамадства, заснаванае на высокіх духоўных і маральных каштоўнасцях.
   Мы, хрысціяне, цвёрда верым, што жыццё згодна з Божымі прыказаннямі з’яўляецца падставай грамадскага ладу, бяспекі і гарантам ўсебаковага развіцця дзяржавы. Пагроза супакою ва Украіне з’яўляецца для вызнаўцаў Хрыста свайго роду заклікам да таго, каб звярнуцца да Бога. Наш зварот, малітва аб супакоі ў кожным чалавечым сэрцы, пост, міласціна, учынкі міласэрнасці могуць шмат змяніць, як у жыцці кожнага з нас, так і ва Украіне, жыхарамі якой мы з’яўляемся. Таму прашу кожнага з Вас учыніць як мага больш намаганняў для таго, каб ва Украіне, пачынаючы з нас саміх, адбыліся глыбокія перамены да лепшага.
   Верачы ў матчыную апеку Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Божай і Маці ўсяго чалавечага роду, звяртаючы ўвагу на Фацімскае пасланне, Канферэнцыя Рымска-Каталіцкіх Біскупаў Украіны 20 сакавіка 2014 года на заканчэнне свайго 43 Пленарнага Паседжання прысвеціць Беззаганнаму Сэрцу Панны Марыі ўсю Украіну і тых, каму пагражаюць ваенныя дзеянні. У гэтым Акце просім Беззаганна Зачатую абараніць нас ад злога, аб супакоі і дары жыцця ў асвячаючай ласцы для ўкраінскага народу і ўсіх людзей добрай волі.
    Для таго, каб гэты акт быў малітвай ўсяго Касцёла ва Украіне просім, каб у нядзелю 23 сакавіка на заканчэнне кожнай Святой Імшы вернікі разам са святарамі даверыліся апецы Божай словамі гэтага ж Акту прысвячэння Украіны Беззаганнаму Сэрцу Панны Марыі” (Львоў , 17 сак 2014 г. Канферэнцыя Рымска – Каталіцкіх Біскупаў Украіны).

АКТ ПРЫСВЯЧЭННЯ УКРАІНЫ
БЕЗЗАГАННАМУ СЭРЦУ МАРЫІ
   Любая Валадарка і Маці нашая, Каралева святога Ружанца, Успамога хрысціянаў, Выратаванне чалавечага роду, Магутная Дзева, вось мы пакорна стаім перад Тваім тронам.
   Мы прыходзім з цалкавітым даверам, што вымалім міласэрнасць, атрымаем ласку і неабходную дапамогу і абарону ў нашых няшчасцях. Просім аб гэтым не дзеля нашых заслугаў, на якія мы не разлічваем, але дзеля бясконцай дабрыні Твайго мацярынскага Сэрца. Табе, Марыя, Твайму Беззаганнаму Сэрцу мы аддаем і прысвячаем сябе ў гэтую драматычную гадзіну гісторыі чалавецтва і гісторыі Украіны.
   Злучаемся з усім святым Касцёлам, містычным Целам Твайго Боскага Сына, якое пакутуе і сыходзіць крывёй у столькіх месцах ва ўсім свеце. Злучаемся з усімі людзьмі, якія ў шматлікіх кутках свету пакутуюць з-за вайны, нянавісці і несправядлівасці, з тымі усімі, хто пакутуе, бо не спазнаў любові Божай. Асаблівым чынам злучаемся з народам Божым, даручаным нашай апецы на Украінскай зямлі, і ўсімі, хто жыве на гэтай зямлі.
   Няхай крануць Цябе пакуты столькіх людзей. Мы ўсведамляем, што яны выкліканы грахом. Народ зямлі ўкраінскай невыказна пакутаваў з-за шматлікіх грахоў іншых людзей, а таксама з-за свіх ўласных. Таксама і цяпер зло і грэх, здаецца, пануюць у сэрцах столькіх сучаснікаў таксама і на нашай зямлі. Грахі абортаў, п’янства, карупцыі, разводаў, нянавісці, хлусні, гвалту, прагнасці, распусты, несправядлівасці, пагарджання слабымі і беднымі – іх так шмат! Многія людзі адкінулі Бога ці жывуць так, нібы Яго няма, нібы Ён не Любоў. Таксама і на нас саміх цяжараць віна і грэх .
   О Маці міласэрнасці, выпрасі нам у Бога ласку міласэрнасці і прабачэння! Выпрасі ласку навяртання і хрысціянскага жыцця. Вымалі дар хрысціянскага прымірэння на зямлі ўкраінскай. Выпрасі для нас перш за ўсё тыя ласкі, якія ў адно імгненне могуць змяніць чалавечыя сэрцы і якія падрыхтуюць і ўмацуюць упрагнёны супакой! Валадарка свету, маліся за нас і абдары свет і нашу Украіну супакоем, пабудаваным на праўдзе, справядлівасці і Хрыстовай любові! А асабліва прынясі нам у дары супакой духоўны, каб Валадарства Божае магло расці ў супакоі і згодзе.
   Не адмаўляй у сваёй апецы няверуючым і ўсім тым, хто знаходзіцца ў ценю смерці. Зрабі, каб і для іх ўзышло сонца праўды! Зрабі так, каб разам з намі яны паўтаралі перад адзіным Збаўцам гэтыя словы: Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі! Выпрасі нам адвагу абвяшчаць усім Евангелле Твайго Боскага Сына.
   Пакорліва просім ў Цябе ласку адзінства паміж усімі, хто прызнае Сына Твайго як свайго Збаўцу, каб настала адна аўчарня і адзін пастыр. Таксама пакорліва прысвячаем Табе, любая Маці і Каралева, Расію, якая займае асаблівае месца ў Тваім Беззаганным Сэрцы. Агарні яе сваёй мацярынскай апекай.
   Абдары святы Касцёл Божы супакоем і вольнасцю; стрымай хвалі новага паганства і матэрыялізму, умацуй у сэрцах вернікаў любоў да чысціні, практыкавання хрысціянскага жыцця і апостальскай дзейнасці, каб магла памнажацца колькасць слугаў Божых і іх заслугі.
   Як некалі Сэрцу Твайго Боскага Сына былі прысвечаны Касцёл і ўсё чалавецтва, якое ў Ім пакладае сваю надзею, што Ён стане для ўсіх невычэрпнай крыніцай перамогі і выратавання, – так і мы прысвячаем сябе назаўжды Табе і Твайму Беззаганнаму Сэрцу, о Маці і Каралева наша, каб Ваша любоў і апека забяспечылі перамогу Валадарства Божага, каб наша Украіна і ўсе народы, паяднаныя паміж сабой і з Богам, бласлаўлялі Цябе і праслаўлялі.
Канферэнцыя
Рымска – Каталіцкіх Біскупаў Украіны

Акт прысвячэння Беларусі
Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі
падчас святкавання юбілею 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай у Будслаў

Будслаў, 6 ліпеня 2013 г.
О велічная і ласкавая Маці Божая Будслаўская, наша Валадарка!
Сёння, калі прамінула чатыры стагоддзі з моманту Твайго прыбыцця ў гэтае святое месца, мы як Твае духоўныя дзеці ў гэтым Годзе веры стаім перад Табою з удзячнасцю за прыклад жывой веры, надзеі і любові, за апеку над намі і за выпрашаны ў Бога дар свабоды веравызнання. Стаім з пачуццём віны за грахі нашага народа і за нашыя асабістыя правіны. Мы ўсведамляем, як моцна нам патрэбна пакаянне за іх, за парушэнне абяцанняў, дадзеных падчас хросту, за адыход ад веры, і просім прабачэння ў міласэрнага Бога і бліжніх.
Маці нашай веры, Маці міласэрнасці і суцяшэння, Пасрэдніца ўсіх ласкаў, мы стаім перад Табою ў гэты складаны час, напоўнены небяспечнымі выклікамі. Стаім з бязмежным даверам і надзеяй, што Ты, наша нябесная Матуля, і надалей выслухаеш нас і дапаможаш, як гэта было на працягу мінулых чатырох стагоддзяў.
Да Твайго трону мы прыносім незлічоныя ахвяры мучанікаў за веру, яе сведкаў і вызнаўцаў. Табе, наша Валадарка і Апякунка, ахвяруем і даручаем саміх сябе і ўсё, што маем: нашу Айчыну — сінявокую Беларусь, наш народ і ўсе яго справы, Касцёл, які адраджаецца і развіваецца, сем’і, народжаных і не народжаных яшчэ дзяцей, моладзь, хворых, церпячых; ахвяруем і давяраем Табе нашы думкі і клопаты, кожнае біццё нашых сэрцаў і кожны парыў волі.
Пакорна просім міласэрнасці і дапамогі, каб мы заўсёды заставаліся вернымі Богу, Касцёлу, Крыжу, Евангеллю і Бацькаўшчыне.
Памятай, спагадлівая і ласкавая Пані, пра свой народ, які прысвячае сябе Твайму Беззаганнаму Сэрцу. Узглянь на яго сваім міласэрным позіркам і выслухай.
Абп.: Маці Божая! Абяцаем учыніць усё дзеля таго, каб наша Айчына была сапраўдным Валадарствам Тваім і Твайго Сына Езуса Хрыста, каб яна знаходзілася пад Тваім панаваннем і апекаю ў асабістым, сямейным, нацыянальным і грамадскім жыцці ўсіх яе жыхароў.
Н: Маці Божая Будслаўская, абяцаем Табе!
Абп.: Маці нашай веры! Абяцаем бараніць, берагчы і ўмацоўваць нашу веру, каб у выпрабаваннях сучаснасці яна была арыенцірам нашага жыцця!
Н: Маці Божая Будслаўская, абяцаем Табе!
Абп.: Маці верная! Абяцаем вернасць Твайму Сыну Езусу Хрысту і Яго Евангеллю.
Н: Маці Божая Будслаўская, абяцаем Табе!
Абп.: Маці Божай ласкі! Абяцаем сцерагчы дар ласкі, каб заўсёды аднаўляць у сабе вобраз і падабенства Бога, паводле якіх мы створаны, і быць святынямі Духа Святога.
Н: Маці Божая Будслаўская, абяцаем Табе!
Абп.: Маці добрай рады! Паводле Тваёй рады абяцаем чыніць толькі тое, што Твой Сын нам наказаў, а менавіта — жыць праўдаю Яго Евангелля.
Н: Маці Божая Будслаўская, абяцаем Табе!
Абп.: Святая Багародзіца! Абяцаем па Тваім прыкладзе берагчы Божы дар жыцця як самы каштоўны скарб.
Н: Маці Божая Будслаўская, абяцаем Табе!
Абп.: Залаты доме! Абяцаем захоўваць еднасць створанага Богам інстытуту сям’і як адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны, які з’яўляецца галоўнаю часткаю кожнага грамадства, а таксама атуліць належнаю апекаю дзяцей і моладзь і выхоўваць іх у вернасці Хрысту і Яго Евангеллю.
Н: Маці Божая Будслаўская, абяцаем Табе!
Абп.: Люстра справядлівасці! Абяцаем уладкоўваць сваё жыццё паводле прынцыпаў Евангелля і сацыяльнага вучэння Касцёла, каб мы ўсе жылі ў любові і справядлівасці, згодзе і супакоі.
Н: Маці Божая Будслаўская, абяцаем Табе!
Абп.: Ахоўніца маральнага ладу! Абяцаем змагацца з нашымі заганамі і залежнасцямі, у жыцці практыкаваць хрысціянскія каштоўнасці і шанаваць годнасць кожнага чалавека.
Н: Маці Божая Будслаўская, абяцаем Табе!
Абп.: Наша Маці і Валадарка! Абяцаем пашыраць у нашых сэрцах і на нашай зямлі хвалу Тваю і Твайго Беззаганнага Сэрца, а таксама захоўваць у нашым жыцці Твае цноты.
Н: Маці Божая Будслаўская, абяцаем Табе!
О Марыя, праслаўленая ў цудатворным будслаўскім абразе, прымі гэтыя нашыя абяцанні і нашае ахвяраванне Твайму Беззаганнаму Сэрцу, умацуй іх у нашых сэрцах і занясі да трону Твайго Сына.
Табе і Твайму Беззаганнаму Сэрцу давяраем сябе, у Твае рукі складаем нашу сучаснасць і будучыню, наша асабістае жыццё і лёс нашай Бацькаўшчыны.
Тваёй абароне аддаемся і верым, што Ты нас ніколі не пакінеш і заўсёды дапаможаш, каб мы ў свабодзе дзяцей Божых будавалі новую і шчаслівую Беларусь на падмурку Евангелля.
Марыя, наша Будслаўская Валадарка і Маці, вядзі нас шляхамі Божага Провіду і выпрасі ў свайго Сына ласку, каб нашае жыццё было напоўнена нястомным выкананнем волі Бога і стала гімнам Яго праслаўлення. Просім Цябе праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Відэазапіс Прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі http://www.youtube.com/watch?v=2pq66YmA704


Акт прысвячэння Польшчы
Беззаганнаму Сэрцу Марыі



ПРЫСВЯЧЭННЕ ПОЛЬШЫ Ў 1946 ГОДЗЕ
   “Звятраем вялікую ўвагу на ўрачыстае адданне народу Беззаганнай Дзеве, паколькі гэты акт будзе выкананы з верай і будзе дапоўнены справай. Як сардэчны і плённы культ Маці Божай з’яўляецца пачаткам рэлігійнага аднаўлення хрыціянскага жыцця, а тым самым прычынай аднаўлення адзінак, сямей, народаў і свету, таму не сумняваемся, што новыя марыйныя шлюбы польскага народу, а таксама любоў і апека Сэрца нашай Каралевы будуць узмацненнем парадку Божага ў Рэчы Паспалітай, калі мы самі вернай службай Богу і нябеснай Каралеве будзем натхняць польскае жыццё”.  Так абвяшчаў Ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Польшчы 18 лютага 1946 году.
   Пасля прысвячэння, якое было зроблена ў парафіях, а потым у дыяцэзіях, 8 верасня 1946 года на Яснай Гары “быў учынены вялікі, рэлігійны і разам з тым народны акт: прысвячэнне Польскага Народу Беззаганнаму Сэрцу Марыі”. – абвяшчаў камунікат Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Польшчы.
   Акт прысвячэння павінен быў быць уводзінамі да практыкавання набажэнства першых суботаў месяца ў парафіях усёй Польшчы.

АКТ ПРЫСВЯЧЭННЯ ПОЛЬСКАГА НАРОДУ
БЕЗЗАГАННАМУ СЭРЦУ МАРЫІ
ЯСНАЯ ГАРА, 8 ВЕРАСНЯ 1946 ГОДА
   Блаславёная Дзева! Найчысцейшая Маці Бога! Як некалі пасля шведскага нападу кароль Ян Казімір выбраў Цябе Апякункай і Каралевай дзяржавы і Рэч Паспалітую даручыў Тваёй асаблівай апецы і абароне, так сёння,  у гэтую гістарычную хвіліну, мы, дзеці польскага народу, стаім сёння перад Тваім тронам з гімнам любові, сардэчнай пашаны і ўдзячнасці. Табе і Твайму Беззаганнаму Сэрцу прысвячаем сябе, увесь народ і ўваскрослую Рэч Паспалітую, абяцаючы Табе верную службу, цалкавітае адданне, а таксама пашану да Тваіх святыняў і алтароў. Сыну Твайму, а нашаму Адкупіцелю шлюбуем захаванне вернасці Яго навуцы і праву, абарону Яго Евангелля і Касцёла, распўсюджванне Яго валадарства.
   Пані і Каралева нашая! Пад Тваю абарону ўцякаем, мацярынскай апекай агарні польскую сям’ю і сцеражы яе святасць. Натхні надзвычайным духам і пабожнасцю нашую парафію; захоўвай яе люд ад грахоў і няшчасцяў, а пастыра ўмацоўвай і асвячай сваімі ласкамі. Польскаму народу дай вытрыванне ў веры, святасць жыцця, зразуменне паслання. Аб’яднай яго ў згодзе і брацкай любові. Дай гэтай польскай зямлі, прасякнутай крывёю і слязамі, спакойны і слаўны быт у праўдзе, справядлівасці і вольнасці. Рэчы Паспалітай Польшчы будзь Каралевай і Валадаркай, натхненнем і Апякункай.
   Магутная Дапаможніца верных! Агарні плашчом апекі Папу і святы Касцёл. Будзь яму шчытом: выпрасі яму святасць і апостальскі запал,  вольнасць і плённую дзейнасць. Стрымай распаўсюджванне бязбожнасці. Людзям, якія адышлі ад Касцёла, пакажы шлях навяртання да еднасці і Хрыстовай аўчарні. Пакажы няверуючым сонца праўды і напоўні іх душы пяшчотай Твайго Беззаганнага Сэрца.
   Магутная Каралева свету! Паглядзі літасцівым вокам на клопаты і памылкі чалавечага роду. Вывядзі яго са смутку і бязладдзя, з неспагадлівасці і грахоў. Выпрасі народам шчырае і трывалае паяднанне. Пакажы ім шлях вяртання да Бога, каб на падставе Яго прыказанняў будавалі сваё жыццё. Дай усім трывалы супакой, які абапіраецца на справядлівасці, брацтве, даверы.
Прымі нашую ахвяру і нашыя абяцанні, Маці Бога і нашая. Прыгарні ўсіх да свайго Беззаганнага Сэрца і злучы нас на заўсёды з Хрыстом і Яго святым валадарствам. Амэн.

Акт прысвячэння Расіі
Беззаганнаму Сэрцу Марыі

   “Я прыду прасіць прысвячэння Расіі майму Беззаганнаму Сэрцу і ўзнагараджальнай св. Камуніі ў першыя суботы месяца. Калі мае просьбы будуць выкананыя, Расія навернецца і настане супакой”. (Урывак з паслання 13 ліпеня 1917 года).

Прысвячэнне Расіі
Беззаганнаму Сэрцу Марыі
   О Каралева Святога Ружанца, каля 100 гадоў таму Ты ў першыню прыйшла ў Фаціму, а сёння мы спяшаемся прыйсці да Цябе.  Мы кленчым перад  Тваім Тронам Ласкі і хочам, наколькі гэта магчыма, выканаць тое, аб чым Ты ласкава прасіла, калі наведала Ваяўнічы Касцёл падчас сваіх аб’яўленняў у Фаціме.
   Жудасныя грахі свету, пераследванні Касцёла Езуса Хрыста, а таксама вераадступніцтва народаў і душаў хрысціян, і нарэшце тое, што мы забыліся пра Тваё ласкавае Мацярынства, раняць Тваё Балеснае Беззаганнае Сэрца, якое так моцна з’яднана з цярпеннямі Сэрца Твайго Боскага Сына.
   Каб узнагародзіць за гэтыя шматлікія злачынствы, Ты папрасіла нас устанавіць набажэнства да Твайго Беззаганнага Сэрца; а каб спыніць катастрофы, спасланыя Богам, якія Ты прадказала, Ты стала Пасланніцай Усявышняга, каб папрасіць Намесніка Езуса Хрыста, у еднасці з біскупамі ўсяго свету,  Прысвячэння Расіі Твайму Беззаганнаму Сэрцу.
   Таму, не прысвойваючы ўлады, якая нам не належыць, але прасякнутыя клопатам пра Паўсюдны Касцёл, сціплай малітвай, скіраванай да Твайго Беззаганнага Сэрца, у еднасці з усімі біскупамі, святарамі і вернікамі, мы хочам у сваю чаргу адказаць на просьбы Неба.
   Прымі ласкава, о Маці Божая, у першую чаргу, гэта ўрачысты акт узнагароды, які мы прыносім да Твайго Беззаганнага Сэрца, за ўсе знявагі, якімі Яго паранілі грэшнікі і бязбожнікі, разам з Найсвяцейшым Сэрцам Езуса.
   У другую чаргу, мы аддаем і прысвячаем Расію Твайму Беззаганнаму Сэрцу наколькі гэта ў нашай моцы,: мы просім Цябе, у сваёй матчынай міласэрнасці узяць гэту краіну пад Тваю моцную апеку, зрабіць яе Тваім уладаннем, каб валадарыць там як Каралева, зрабіць гэту зямлю пераследаў зямлёй абранасці і блаславенства. Мы просім Цябе падпарадкаваць сабе гэты народ, каб навярнуўшыся са сваёй узаконенай бязбожнасці, ён стаў новым валадарствам нашага Госпада Езуса Хрыста, новай спадчынай дзеля Яго пяшчотнага скіпетра. Каб адышоўшы такім чынам са сваёй старадаўняй схізмы, ён вярнуўся да еднасці адзінай аўчарні Вечнага Пастыра, і падпарадкаваная Намесніку Твайго Боскага Сына, ён стаў гарачым апосталам грамадскага валадарання нашага Госпада Езуса Хрыста над усімі народамі свету.
      Яшчэ мы просім Цябе, О Маці міласэрнасці, праз вельмі яскравы цуд Тваёй заступніцкай моцы, паказаць свету праўду Твайго ласкавага паўсюднага пасрэдніцтва. Зрабі нарэшце ласку, о Каралева Супакою, прынесці свету супакой, які свет не можа даць, супакой зброі і супакой душ, супакой Хрыста ў валадарстве Хрыста, і Валадарства Хрыста праз валадаранне Твайго Беззаганнага Сэрца, о Марыя. Амэн.