Забяспечым сабе збаўленне

РАЗВАЖАННЕ ІІ
ЗАБЯСПЕЧЫМ САБЕ ЗБАЎЛЕННЕ

Далучым сюды адзін з тэкстаў, які з’яўляецца ключом ад Божага шыфру – растлумачвае ён незразумелыя для нас праўды і дазваляе іх ажыццявіць. У руках Касцёла ёсць шмат такіх каштоўных скарбаў: напісалі іх святыя, якім Бог даў магчымасць углядацца ў вечныя праўды. Усе яны патрабуюць, аднак, намагання. Хто хоча іх пазнаць, той павінен развіць у сабе магутную рысу, падобную да зерня, што хавае ў сабе вялікае дрэва жыцця: хто з цярплівасцю схіліцца над ім, той даведаецца пра месца, дзе дрэва пусціць свае карані, і пра час, калі яно дасць плады.
Варта спыніцца на тэкстах святых і зрабіць намаганне, каб іх паглыбіць. Варта засяродзіць свой погляд, распаліць сваё сэрца і напрагчы розум. Пазнаць будучыню – тое месца, дзе з’явіцца ласка, моц і блаславенства – для нашых душаў гэта, хіба, найважнейшае… Гэта дазволіць нам пасяліцца там, дзе бліжэй за ўсё да неба. У новым тысячагоддзі мы не будзем будаваць свайго дому на глебе гэтага свету, але з яшчэ большай тугой будзем углядацца ў неба, дзе знаходзіцца наша айчына.
Услухамемся ж у тое, што св. Яфрэм Сірын (373) піша ў сваёй песні пра Еву і Марыю:
“Вось свет! У яго два вока: левае сляпое – гэта Ева, правае ззяючае – гэта Марыя. Цёмным вокам зацямніўся ўвесь свет: кожны знойдзены камень людзі прызнавалі Богам, хлусню называлі праўдай. Але, калі свет асвяціла вока нябесным святлом, убачылі людзі, што тое, што яны знайшлі, было гібеллю іх жыцця.
Пра што мы даведваемся ад святога Песняра? Пра тое, што Марыя ўводзіць на зямлю святло з неба, а Яе прысутнасць рассейвае цемру, у якой жыве свет. У святле, якое сыходзіць ад Яе, раскрываецца ўся хлусня князя гэтага свету! Залатая манета перастае быць бажком, поспех у гэтым свеце аказваецца танай забаўкай, трапнасць аказваецца тым, што ня мае аніякай вартасці, як ранішні змрок. Святло дня рассейвае ўсе падманы. Хто не хоча дазволіць д’яблу ашукаць сябе, той павінен шукаць сноп святла з неба, які спадае на зямлю… А яно там, дзе Марыя. А значыць святло гэтае, як запэўнівае Маці Божая ў Фаціме, аказваецца нечым большым за бляск, які рассейвае цемру. Яно знішчае цвярдыню злога духа: у свеце і ў нас. Кардынал Рацінгер запэўнівае, што яно магутнейшае за “ўсялякую зброю”.
Там, дзе Марыя і набажэнства да Яе, там сапраўдная тэалогія. Там, дзе Беззаганная Дзева, там чыстая і незаплямленая пабожнасць. Там, дзе Маці Сына Божага, там вольнасць і радасць душы. Там, дзе Яе ўшаноўваюць, там падаюць муры граху і руйнуюцца самыя страшныя вязніцы і самыя моцныя цвярдыні Злога.

“Я хачу распаўсюджваць набажэнства першых суботаў, 
але, перш за ўсё,
гэта жаданне нашага Добрага Пана і нашай нябеснай Маці”.
Сястра Луцыя, ліст 20 чэрвеня 1939 г.

Адкуль у Марыі такая незвычайная моц? У адным з найстарэйшых казанняў на свята нараджэння нашай Найсвяцейшай Спадарыні іншы вялікі тэолаг, св. Андрэй Крыцкі (740)  тлумачыць, што прыход Марыі ў свет вызначае мяжу часоў: з аднаго боку “скіроўвае наш позірк на цвярдыню, якая адносіцца да Права і ценю (Старога Запавету)”, а з другога – “на браму ў цвярдыні, браму, якая скіроўвае нашу ўвагу на ласку і праўду?”. Дні гэтай змрочнай цвярдыні ўжо палічаныя, вось ужо, сцвярджае тэолаг, пабудаваная брама, праз якую Хрыстус-Пераможца ўвойдзе ў яе ўлонне.
Святыя называюць Марыю “жывой брамай”. Гэтае азначэнне становіцца для нас ключом для зразумення таямніцы Божай дзейнасці ў гісторыі. Звернем увагу на тое, чым сапраўды з’яўляецца “брама” і якая яе роля, і тады мы зразумеем значэнне Марыі ў гісторыі Касцёла і свету, у нашым асабістым жыцці і ў жыцці нашых сямей. Заўважым, што Марыю ўшановаюць не для Яе самой, а таму, што Яна – адтуліна ў муры граху, які ахапіў свет – пусціла ва ўлонне “зямнога горада” яго Збаўцу. Яе ўшаноўваюць не за тое, што ў Ёй ёсць нейкі каштоўны змест: як залаты помнік які можна пакласці на вагу і вызначыць яго вартасць у сучаснай валюце. Найсвяцейшая Маці не з’яўляецца ані залатым, ані непаўтаральным творам мастацтва: калі б мы так на Яе глядзелі, то былі б падобнымі на ізраільцянаў з пакалення Майсея, якія аддавалі пашану залатому ідалу замест Бога. Яна не такая, бо калі б мы хацелі захапляцца Ёй за тое, што мы “ў Ёй” бачым, мы б сталіся падобнымі да першых марыйных ератыкоў, якія выглядвалі ў асобе Дзевы з Назарэту Боскія рысы. Не. Марыя таму такая важная ў гісторыі свету, што ў свет ідалапаклонства, гонару, занадта ўпэўненага і няспынна выкрыкваючага “Я! Я! Я!” Яна прынесла НІШТО – пустату – і там, куды Яна прыйшла, з’явіўся не чарговы, хоць і самы прыгожы помнік чалавечай якасці, а “людская пустата”: адтуліна ў муры зла і граху. Марыя была “нічым”. Тое ж Яна спявала пра сябе ў Магніфікаце: Бог паглядзеў на прыніжэнне сваёй Служабніцы (Лк 1, 48).
Часам цяжка нам зразумець, што сапраўдная веліч заключаецца ў прыніжэнні, а самую вялікую годнасць мы набываем тады, калі забываемся пра сябе. Яшчэ цяжэй нам жыць такім чынам кожны дзень. Марыя паказвае, што праўда, якую мы адкрываем у Яе жыцці, прысутнічае таксама і ў нашым. Чым менш мы думаем пра сябе саміх, тым больш можа думаць пра нас Бог; чым менш мы клапоцімся пра дабразычлівасць гэтага свету, тым большая дабразычлівасць да нас у небе; чым меншыя мы, тым больш Бога на зямлі. О, якое ж дзіўнае жыццё напэўна было ў Марыі, калі Яна жыла ў гэтым свеце! І як шмат Бога, напэўна, было паўсюль там, куды кіравала свае крокі Марыя!
Марыя сваёй мізэрнасцю дала месца Богу. Касцёл кажа пра Яе, што Яна актыўна ўключылася ў справу збаўлення. Трэба памятаць, што першае значэнне слова “збавіць” – гэта “даваць месца”. Бог збавіў Ізраэля, гэта значыць даў яму месца, каб пасяліцца: Абяцаную Зямлю. Калі мы хочам прымаць удзел у збаўленні свету, мы павінны даваць месца Богу. Ён адзіны можа перамагчы шатана, знішчыць зло, перамагчы смерць. Мы, самі па сабе, не можам нічога.
Марыя сваёй прысутнасцю давала так шмат месца Богу, што ў мурах з’явілася шырокая брама… Мы таксама сваім забываннем пра сябе і даваннем месца Богу павінны стварыць у муры змрочнай цвярдыні хоць маленькі пралом, хоць трохі скрушыць камень. Калі будзе нас шмат, у муры утворыцца шчыліна, праз якую ў сярэдзіну ўвойдзе Божае святло. Таму варта аб’ядноўвацца ў малітоўныя групы, ружанцовыя колы ці колы фацімскіх сямей. Разам мы праб’ем адтуліну ў муры граху, які апанаваў зямлю! Такім чынам мы забяспечым збаўленне не толькі сабе, але і ўсяму свету.

“Ад набажэнства першых суботаў залежыць супакой у свеце”.
“Ад практыкавання гэтага набажэнства 
разам з прысвячэннем Беззаганнаму Сэрцу Марыі залежыць
вайна альбо супакой у свеце.”
Сястра Луцыя, ліст 20 чэрвеня 1939 г.

Марыя з’яўляецца брамай – адтулінай у муры, які агароджвае свет і не дапускае Бога. Калі мы ўшаноўваем Яе як “жывую браму”, мы ўсведамляем яшчэ адну важную праўду. Там, дзе ёсць брама, там усё яшчэ ёсць муры. Хрыстціянства абвяшчае, што зло магутнае і не будзе канчаткова пераможанае перад канцом свету. Заўсёды будуць стаяць муры, якія будуць адгароджваць свет ад Бога. Ня ўдасца іх зраўнаць з зямлёй і адкрыць увесь свет на святло збаўлення. Яно ўжо прасякла ўсярэдзіну праз марыйную браму, можа таксама прасякнуць праз праломы ў муры, якія ўтвараюцца дзякуючы нашаму “згаранню”. Ці, аднак, мы здольныя зрабіць так, каб свет ахоплівалі толькі руіны абаронных мураў, якія ўжо не з’яўляюцца ніякай перашкодай для Бога?
Гэта цяжкае пытанне, тым больш, што зло заўсёды можа зноў збудаваць муры… Можа таму Марыя казала ў Фаціме, што толькі “на нейкі час” свету будзе дадзены супакой і непасрэдны доступ да ласкаў? Напэўна ёсць толькі адзін сродак, каб зруйнаваць муры: наследаванне Найсвяцейшай Маці.

Беззаганная Марыя, выпрасі нам ласку наследаваць Цябе ў пакоры, забыванні пра сябе, каб памятаць толькі пра Бога і Яго любоў!



Перакладзена з польскай мовы.
Крыніца: „Zwycięstwo przychodzi w pierwsze soboty”. Biuletyn 2005.