І. ПРАЗ ГЭТЫ АБРАЗ
Я БУДУ ЎДЗЯЛЯЦЬ ШМАТ
ЛАСКАЎ
Сястра Луцыя запісала ў сваіх успамінах словы Марыі: “Бог
выслухаў мяне як пастушку і правадніцу, Маці і апякунку, каб я пільнавала стада
Пана; таму я іду, прадстаўленая ў Сваёй выяве, праз усю зямлю, мора і паветра ў
пошуках згубленай авечкі”. Вобраз Марыі, якая шукае згубленую авечку,
адлюстроўвае самую вялікую рысу Бога – Яго Міласэрнасць. Такім чынам Марыя
з’яўляецца вобразам міласэрнага Айца. Усемагутны Бог ніколі не перастае
аказваць сваю міласэрнасць. Ён робіць гэта таксама і для самых зацвярдзелых
грэшнікаў. Ён нікому не адмаўляе сваёй ласкі, калі чалавек са скрухай і з жалем
вяртаецца да Яго. Для Бога ніхто не страчаны і не прайграны. Бог прыходзіць да
чалавека з поўняй ласкі і прабачэння праз Беззаганнае Сэрца Марыі і
Найсвяцейшае Сэрца Езуса. Гэта ў іх палае полымя той самай Божай любові. Любоў
не памяншаецца і не слабее ня гледзячы на цярпенні, якія чалавек прыносіць
Сэрцу Марыі і Сэрцу Езуса. Сястра Луцыя, ўзгадваючы аб’яўленне 13 чэрвеня 1917
года, кажа: “Перад распахнутай далонню Нашай Спадарыні было сэрца, аплеценае
цернямі, якія здавалася былі ў яго ўбітыя. Мы зразумелі, што гэта было
Беззаганнае Сэрца Марыі, зняважанае грахамі чалавецтва, і якое прасіла аб
узнагародзе”.
Нецяжка заўважыць, што Боскае Сэрца з’яўляецца сімвалам
любові і болю, а таксама начыннем міласэрнасці і прабачэння. Таму Пан Езус,
аб’яўляючыся св. Фаустыне, скажа: “Я даю людзям начынне, з якім яны павінны
прыходзіць па ласкі да крыніцы міласэрнасці. Гэтым начыннем з’яўляецца гэты
абраз з надпісам: Езу, давяраю Табе” (Дз. 327). Гэты абраз паказвае
ўваскрослага Езуса са слядамі пакуты: раны на далонях і стопах, а перш за ўсё,
прабітае дзідай сэрца, з якога выходзяць два промні – чырвоны і белы. У
Дзённіку св. Фаустыны мы знаходзім тлумачэнне Езуса: “Гэтыя два прамяні
азначаюць кроў і ваду – бледны прамень азначае ваду, якая апраўдвае душы;
чырвоны прамень азначае кроў, якая з’яўляецца жыццём душаў… Гэтыя два прамяні
выйшлі з глыбіні Маёй Міласэрнасці ў той момант, калі Маё канаючае Сэрца было
прабіта дзідаю на крыжы” (Дз. 299).
Калі Езус памёр на крыжы, адзін з жаўнераў прабіў Яму
дзідай бок, з якога – як запісаў св. Ян Евангеліст – выплыла кроў і вада (пар.
Ян 19, 34). У пачатковай частцы літургіі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса Касцёл
моліцца такімі словамі: “Ён, узвышаны на крыжы, у сваёй бязмежнай міласэрнасці
ахвяраваў за нас самога сябе. З Яго прабітага боку выплыла кроў і вада, і там
узялі пачатак сакраманты Касцёла, каб усе людзі, прыцягнутыя да адкрытага Сэрца
Збаўцы, з радасцю чэрпалі з крыніцы збаўлення”. На прабіты бок як на крыніцу
міласэрнасці ўказваў Хрыстос, калі казаў св. Фаустыне: “Рана майго сэрца
з’яўляецца крыніцай неспасцігальнай міласэрнасці” (Дз. 1190). Выплываючы з раны
сэрца Езуса белы прамень з’яўляецца сімвалам сакраманту святога хросту, у якім
Бог вызваляе душу ад першароднага граху. Гэты прамень азначае таксама сакрамэнт
пакуты і паяднання, у якім ласка Божая абмывае нас з грахоў, учыненых свядома і
дабравольна. На абразе Божай міласэрнасці бачны другі прамень – чырвоны. Гэта
знак сакраманту Эўхарыстыі, у якім Хрыстос няспынна аднаўляе і робіць прысутнай
сваю збаўчую ахвяру на крыжы.
Марыя таксама адкрывае перад намі сваё Сэрца і прагне
агарнуць кожнага, нават самага вялікага грэшніка, сваёй любоўю. Яна прагне
вярнуць чалавеку страчаны з-за граху спакой духа, таму Яна просіць ахвяроўваць
Богу малітвы і вырачэннi для навяртання грэшнікаў. Таксама і Езус у пасланні
Міласэрнасці загадвае праз св. Фаустыну: “Упрошвай Маёй міласэрнасці для
грэшнікаў, Я прагну із збаўлення” (Дз. 186). Хрыстос прагне агарнуць нас
промнямі Божай міласэрнасці, якія выплываюць з Яго Сэрца. Гэтыя промні – гэта
Божая ласка, дадзеная ў сакрамэнтах, часта прыманых, споведзі і Эўхарыстыі.
Чалавек чэрпае з крыніцы міласэрнасці, калі робіць намаганне навяртання,
прыступаючы да сакрамэнтаў пакуты і паяднання. Свядомы і сталы ўдзел у
Эўхарыстыі заўсёды вядзе нас да Божай любові, якая мацнейшая за смерць.
Эўхарыстыя пагружае нас у невычарпальную крыніцу любові Хрыста, які заўсёды
прагне сустракацца з намі і яднацца. Святы Ян Павел ІІ вучыў, што “шлях да
гэтай сустрэчы і еднасці кожнаму пракладвае (нават тады, калі абцяжарваюць нас
цяжкія правіны) сакрамэнт споведзі. У гэтым сакраманце кожны чалавек можа
асаблівым чынам зведаць міласэрнасць, або тую любоў, што мацнейшая за грэх” (Dives in misericordia, 13).
Як жа важна, каб садоўнік даглядаў кветкі ў садзе,
дбаючы, каб сярод іх не выраслi сарнякі. Калі толькі з’явіцца маленькі сарняк,
ён адразу яго вырывае. Не дазваляе сарнякам глыбока ўкараніцца, вырасці і
засланіць прыгожыя кветкі, а адразу іх вырывае. Таксама і з душой чалавека, які
прыступае да споведзі. Частая споведзь дазваляе як мага хутчэй пазбавіцца ад
грахоў, каб яны не абцяжарвалі сэрца; каб не прызвычаіцца да прысутнасці грахоў
у сэрцы. А тым больш, калі здарыцца ўчыніць смяротны грэх. Часта прыступаючы да
споведзі, мы змагаемся з лёгкімі грахамі, каб пакінутыя як “мала важныя”, яны
не вялі нас большых крокаў супраць любові Бога і бліжняга. Плённасць гэтага
сакрамэнту звязана з даверам да Божай Міласэрнасці, пра што кажа Пан Езус сваёй
Сакратарцы: “Калі прыступаешь да святой споведзі, да гэтай крыніцы Маёй
міласэрнасці, на тваю душу заўсёды сплываюць Мая кроў і вада, якія выплылі з
Майго сэрца і ўзвышаюць тваю душу. Кожны раз, набліжаючыся да канфесіянала, з
вялікім даверам цалкам пагружайся ў Маю міласэрнасць, каб Я мог выліць на тваю
душу шчодрасць сваёй ласкі. Калі ты прыходзіш на споведзь, ведай, што Я сам
чакаю цябе ў канфесіянале; Я толькі засланяюся святаром, але сам дзейнічаю ў
душы. Тут мізэрнасць душы сустракаецца з Богам міласэрнасці. Скажы душам, што з
гэтай крыніцы міласэрнасці душы чэрпаюць ласкі толькі начыннем даверу. Калі іх
давер будзе вялікі, Маёй шчодрасці не будзе межаў. Струмені Маёй ласкі
заліваюць пакорныя душы. Ганарлівыя – заўсёды ў бядзе і ўбостве, бо Мая ласка
адварочваецца ад іх да пакорных душаў” (Дз. 1602).
З тым самым даверам ў Божую Міласэрнасць мы заўсёды
павінны ўдзельнічаць у сакрамэнце Эўхарыстыі. У гэтым сакрамэнце Хрыстос
сапраўды прысутнічае ў постаці хлеба і віна, якія пасля слоў кансэкрацыі
становяцца Яго Целам і Крывёй. Эўхарыстыя – гэта сустрэча з жывым Богам. Гэта
сакрамэнт жыцця ў Богу; сакрамэнт, дзякуючы якому мы носім у сабе ўжо тут на
зямлі зачатак вечнага жыцця. Гэтую вялікую таямніцу Езус так растлумачвае св.
Фаустыне: “Бачыш, я пакінуў нябесны трон, каб з’яднацца з табою. Тое, што ты
бачыш, - гэта ўсяго толькі частачка, а твая душа ўжо млее ад любові, але як жа
будзе ўражана тваё сэрца, калі ты ўбачыш Мяне ўва ўсёй хвале! Але Я хачу табе
сказаць, што гэтае вечнае жыццё павінна пачацца ўжо тут, на зямлі, праз святую
Камунію. Кожная святая Камунія робіць цябе больш здольнаю да зносінаў з Богам
на працягу ўсёй вечнасці” (Дз. 1810).
Промні на абразе Езу,
давяраю Табе азначаюць асвячальную ласку сакармэнтаў. Бог прагне агарнуць
нас гэтымі промнямі Сваёй Міласэрнасці. Ён можа гэта зрабіць, калі мы будзем
часта прыступаць да споведзі і святой Камуніі. Тады моцай сваёй ласкі Бог
пераменіць сэрца чалавека. Марыя таксама ахоплівае кожнага з нас любоўю свайго
Сэрца і прагне, каб мы збліжаліся да Яго і разам з Ёй уваходзілі ў промні Божай
Міласэрнасці.
ІІ. ТАЯМНІЦЫ РАДАСНЫЯ
(Ружанец)
Звеставанне
Штодзённа далятае да нас дзякуючы медыям вялікая
колькасць навінаў. Дзякуючы гэтаму мы ведаем, што адбываецца ў свеце: дзе быў
трагічны выпадак; якую шкоду нанесла навадненне і ўраган. Больш таго, паўсюдная
рэклама інфармуе нас, што мы абавязкова павінны мець і заахвочвае, каб мы як
мага хутчэй гэта набылі. Імкнучыся мець яшчэ больш часовых дабротаў, мы
заўважаем, што яны не прыносяць нам ані радасці, ані задавальнення. А потым
аказваецца, што ўсё гэта толькі танная бутафорыя шчасця, якое нам абяцалі.
У Назарэце арханёл Габрыэль прыйшоў да Марыі, каб Ёй
перадаць навіну, што Яна поўная ласкі, бо Пан з Ёю. Ён абвясціў Ёй, што Яна
будзе Маці Сына Божага, калі на гэта згодзіцца. У сэрцы Марыі нарадзілася
прагненне адказаць на Божую прапанову: “Няхай мне станецца паводле твайго
Слова”. Марыя абапірала сваё жыццё на Слове, якое заўсёды з’яўляецца Праўдай.
Слова Божае не падводзіць, не падманвае, не ашуквае, а заўсёды выконвае тое,
што абяцае.
Чыім словам я веру? Ці так як Марыя цалкам давяраю сваё
жыццё Слову Пана? Ці больш давяраю таму, што падказвае мне свет?
Наведванне св.
Альжбеты
Сучасны свет поўны кантрастаў. Перамешваюцца ў ім багацце
і ўбогасць. Гэты свет стварыў вобраз “дасканалага” чалавека. Ён павінен быць
заўсёды маладым, прыгожым, здаровым і няспынна перамагаць. Толькі такі чалавек
лічыцца ў гэтым свеце. А таму не заўважаюцца людзі хворыя, інваліды, старыя.
Спіхваюцца на абочыну людзі менш паспяховыя, без вялікіх дасягненняў. Хто
паддаецца гэтай модзе пачынае думаць толькі пра сябе, засяроджваецца на
фармаванні ўласнага жыцця так моцна, што перастае заўважаць іншага.
Марыя пайшла да св. Альжбеты, каб прыйсці ёй на дапамогу.
Падарожжа Марыі з Назарэту да Аін Карым працягвалася тры дні. Усе нязручнасці
падарожжа не былі для Марыі праблемай. Яна жадала паслужыць сваёй старэйшай
сваячцы, якая насіла пад сэрцам св. Яна. Марыя хацела таксама падзяліцца
радасцю, якая напаўняла Яе сэрца дзякуючы ласцы, атрыманай ад Пана.
“Блаславёная паміж жанчынамі” засталася пакорнай служабніцай Пана. Яна не
ўзвышала сябе над іншымі, а ўсёй сваёй істотай служыла сваячцы ў патрэбе.
У кожнага з нас ёсць свай Аін Карым. Гэта можа быць хворы
бацька ці немачная маці. Нашай Альжбетай можа быць нехта з блізкіх, каго трэба
наведаць, падняць дух, суцешыць, выслухаць. Калі я бачу патрабуючага, ці, як
Марыя, спяшаюся тады, каб яму дапамагчы? Ці так як Яна пакідаю свой Назарэт і
імкнуся заняцца бліжнім?
Нараджэнне Езуса
Шмат людзей лічыць, што жыццё трэба арганізаваць, каб
было яно вельмі зручным. Таму імкнуцца набыць тэхніку, якая робіць лягчэйшым
штодзённае жыццё. Лепш, каб усё было аўтаматычнае, тады чалавек не стоміцца
празмернымі высілкамі. Праз інтэрнэт заплаціць усе кошты і грашовыя пераводы,
праз мабільны утрымліваць кантакт з сям’ёй і сябрамі. Карыстанне ўсімі гэтымі
прыладамі робіць так, што чалавек усё больш аддаляецца ад чалавека.
Езус прыйшоў на свет у месцы без усялякіх выгад. Ва
умовах прыніжаючых чалавечую годнасць. Нарадзіўся ў стаенцы сярод жывёлаў.
Марыя паклала яго ў яслі і ахінула пялёнкамі. Ён – Хрыстос, Валадар Сусвету,
прынізіўся ажно да крайняга ўбоства, каб стаць падобным да самых бедных.
Хрыстос з першых хвілін свайго жыцця на зямлі паказаў, што да збаўлення не
вядзе шырокая і прасторная дарога, поўная выгады і забавы, а вузкая і часта
камяністая сцежка.
Марыя ўсе нязручнасці, якія сустрэлі Яе ў Бэтлееме,
зносіла з пакорай і адвагай. Ці я магу, як Яна, папрацаваць так, каб у маім
сэрцы нарадзіўся Хрыстос? Так, як сена ў яслях было ежай для жывёлы, ці Езус, у
сваім Слове і сакрамэнтах, з’яўляецца для мяне харчаваннем якое нараджае мяне
для вечнага жыцця?
Ахвяраванне Езуса ў
святыні
Мы любім, калі з нейкай нагоды, блізкая нашаму сэрцу
асоба ахвяруе нам падарунак, дорыць кветкі, складае сардэчныя пажаданні. Тады
выразна кажа пра сваю прывязанасць да нас, дабразычлівасць да нас, а таксама
тое, што мы вельмі важныя для яе. Мы самі таксама жадаем ахвяраваць іншым свой
час, паказаць зацікаўленасць, адмовіцца ад чаго-небудзь дзеля дабра іншай
асобы.
Марыя з Юзафам прынеслі Дзіцятка Езус у святыню каб
ахвярваць Яго Богу. Бацькі Езуса сумленна выканалі Права Майсея. Аднак гаворка
не ішла толькі пра дакладнае захаванне права. У гэтай падзеі Марыя і Юзаф
ахвяравалі сябе Езусу. Яны сталі першымі кансэкраванымі асобамі. Яны цалкам
аддалі сябе Богу і засталіся паслухмянымі Яго слову.
Марыя і Юзаф жылі для Езуса. Свае планы, мары і намеры
яны безумоўна аддалі волі Божай. Ці я схільны прыстасаваць сваё жыццё
патрабаванням Хрыста ў Евангеллі? Што я ахвярую Пану Богу? – Нешта, чаго мне не
шкада і не вельмі для мяне важнае, ці таксама сваё сэрца, свае думкі, сваю волю
падпарадкаваную Яго волі?
Езуса знаходзяць у
святыні
У нашым жыцці час ад часу з’яўляюцца справы вызначаныя
пошукамі. Маладыя шукаюць сваю “другую палавiнку”. Бацькі сямей нярэдка
мучаюцца з пошукамі працы, каб забяспечыць быт сваім блізкім. Нехта пакрыўджаны
ідзе ў суд, каб там знайсці справядлівасць. Палітыкі шукаюць спосабы вырашэння
неадкладных грамадскіх і гаспадарчых пытанняў. А іншыя шукаюць прыгод, і ёсць
такія, што хочуць знайсці шчасце ў лёгкім і прыемным жыцці.
Вяртаючыся з Ерузалему да дому пасля пілігрымкі, Марыя
заўважыла, што дванаццацігадовы Езус згубіўся ў натоўпе. Толькі праз тры дні
пошукаў Марыя разам з Юзафам знайшлі Езуса ў Ерузалемскай святыні, дзе Ён
сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і задаваў ім пытанні. Марыя выказала тады
свой боль і непакой. А Езус у адказ нагадаў, што Ён павінен быць у справах
свайго Айца. Так, як бы хацеў і Марыі з Юзафам нагадаць, што яны павінны шукаць
тое самае.
Што перажывала Марыя ў сваім сэрцы на працягу трох дзён
пошукаў, добра ведае кожная маці, калі з вачэй знікне яе дзіця нават на
некалькі хвілін. Гэтыя тры дні няўпэўненасці, сумневаў і цярпення былі для
Марыі цяжкім досведам. Ці ў сваім жыцці, як Марыя, я шукаю Езуса? Ці шукаю я
Яго асабліва тады, калі Ён згубіцца па маёй віне? Ці прагну я знайсці Езуса
нават тады, калі з гэтым звязана ўнутранае змаганне, духоўнае цярпенне, шуканне
навобмацак і ў цемры? Ці шукаю я Яго цярпліва і вытрывала пакуль не знайду?
ІІІ.
ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЕ РАЗВАЖАННЕ
ХВАЛЕБНАЯ ТАЯМНІЦА
Устанаўленне Эўхарыстыі
Маці, вось я!
Вось я, мая Беззаганная Маці, ля Твайго Сэрца ў чарговую
першую суботу, каб суцешыць Цябе, каб спачуваць разам з Тваім Балесным Сэрцам.
Я памятаю просьбу Твайго Сына, які казаў: “Спачувай Сэрцу Тваёй Найсвяцейшай
Маці, аплеценаму цернямі, якімі няўдзячныя людзі няспынна яго раняць, і няма
нікога хто б актам узнагароды гэтыя церні павыцягваў”. Маці, я люблю Цябе і
таму не ўяўляю сабе, як можна абыякава глядзець на церні ў Тваім Сэрцы. Я
ведаю, што Ты церпіш з-за нашых грахоў; непаслухмянасць, аблуда граху і свету
ўкараняецца ў людзікіх сэрцах, з-за чаго нам пагражае вечнае асуджэнне.
Як Маці Ты, хоць і церпіш, але чакаеш змены нашага жыцця
і працягваеш нам дапаможную далонь. Ты паказваеш нам шлях перамены, падказваеш,
што нам рабіць ва ўласным жыцці, але таксама, як дапамагчы іншым, што жывуць у
граху. Ты прагнеш з нашага боку не слоў спачування, а ўчынкаў пакуты і
навяртання, бо менавіта яны прыносяць суцяшэнне Твайму Сэрцу. Ты прагнеш, каб я
сапраўды вызнаў веру ў Твайго Сына Езуса Хрыста. Таму я абуджаю ў сваім сэрцы
ўзнагараджальную інтэнцыю і з гэтай інтэнцыяй іду да споведзі, з верай прымаю
Твайго Сына ў св. Камуніі, малюся адну частку св. Ружанца, а таксама пятнаццаць
хвілін прагну быць з Табой, разважаючы над зместам ружанцовых таямніц.
Ідучы за Табой, Маці, на працягу чарговых першых суботаў,
я з’яўляюся сведкам устанаўлення Эўхарыстыі. Перад арыштам і пакутай Твой Сын
Езус Хрыстус прагне спажыць Пасху са сваімі вучнямі. Калі набліжалася гэтая
хвіліна, апосталы звярнуліся да Яго з пытаннем: “Дзе хочаш, каб
мы пайшлі і
прыгатавалі Табе з’есці
Пасху?» І Ён паслаў двух з вучняў
сваіх, кажучы ім:
«Ідзіце ў горад;
там сустрэне вас чалавек, які будзе несці збан вады.
Ідзіце за ім і там, куды ўвойдзе,
скажаце гаспадару дому: “Настаўнік кажа: дзе святліца, у якой Я мог бы з’есці
Пасху з вучнямі Маімі?” І ён пакажа вам вялікі верхні пакой, засланы і
падрыхтаваны. Там прыгатуеце нам». І пайшлі вучні Ягоныя, і прыйшлі ў горад, і
знайшлі, як сказаў ім, і прыгатавалі Пасху” (Мк 14, 12-16).
Можна сцвярджаць, што ўсё ўжо было дакладна запланавана,
Езус здаўна рыхтаваўся да гэтай падзеі, якую так апісаў св. Лука Евангеліст:
“Калі настала гадзіна, Езус сеў за стол, і Апосталы разам з Ім. І сказаў ім: «Я
вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым буду цярпець, бо кажу вам,
што ўжо не
буду есці яе,
аж пакуль яна
не здзейсніцца ў
Божым Валадарстве». І, узяўшы келіх,
узнёс падзяку і
сказаў: «Вазьміце гэта і
падзяліце паміж сабою,
бо кажу вам,
што адгэтуль не
буду піць ад вінаграднага плоду,
пакуль не прыйдзе
Божае Валадарства». І,
узяўшы хлеб, узнёс падзяку,
паламаў і даў ім, кажучы: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана” (Лк
22, 14-19).
Устанаўленне Эўхарыстыі, гэта самая вялікая таямніца веры
і любові. Бог хоча застацца з намі аж да сканчэння свету. Гэта цуд любові Бога
да свайго народу, цуд, які па людзкіх мерках з’яўляецца вар’яцтвам. Бог прымае
цела ад Дзевы Марыі і становіцца чалавекам; аддае ўсяго сябе: дае цела і кроў
як ахвяру Айцу за нашыя грахі. І хоць людзі крычалі “укрыжуй Яго”, Ён і далей
іх любіць. Як прызвычаіліся казаць некаторыя святыя: Бог звар’яваў з любові да
чалавека. Калі Яго вялі на крыж, Ён быў ціхім баранкам, якога вялі на бойню, і
Ён хоча быць яшчэ больш безабаронным у руках чалавека, укрытым у постаці хлеба
і віна. Ён хоча застацца, а нават аддацца ў людзкія рукі, каб, будучы цалкам
безабаронным, паказаць, наколькі вялікая Яго любоў. Ці не становіцца Ён такім
чынам сапраўды папрашайкам людзкой любові? Ці можа нейкім чынам бяздомны жабрак
пагражаць магутнаму кіраўніку? Падобным чынам і Хрыстос становіцца перад
вольнай воляй чалавека і просіць, каб ён Яго прыняў. Яго безабароннасць
пацвярджае цалкавітую шчырасць і бескарыслівасць Хрыстовай просьбы. Чалавек не
павінен нічога баяцца. Святы Ян Марыя Віянэй меў рацыю, калі казаў, што, калі б
чалавек зразумеў гэтую таямніцу, то памёр бы; памёр бы не са страху, а з
любові, бо тады б разарвалася яго сэрца ад настолькі бязмежнай Любові.
Маці, наколькі вялікім павінен быць Твой боль, калі Ты
бачыш, што людзкое сэрца, хоць і прагне любові, аднак увесь час закрываецца на
прыняцце Бясконцай Любові Бога і не заўважае Яе ў сакрамэнце Эўхарыстыі. Увесь
час ажыўляецца рацыяналізм людзкой натуры, якая задае пытанне: як гэта магчыма,
каб увесь Бог быў прысутны ў маленькай Гостыі? Увесь час гучаць сумневы: “Як Ён
можа даць нам есці сваё цела?” (Ян 6, 53). Шмат габрэяў, а таксама слухачоў і
вучняў Езуса былі шакаваныя тым, што Ён можа даць ім есці свае цела і кроў.
“Цяжкая гэта мова, хто ж можа яе слухаць?” – чытаем у Евангеллі св. Яна.
Хрыстос аднак не растлумачвае гэтай таямніцы, а задае рытарычнае пытанне: “Ці
гэта вас спакушае?” (Ян 6, 61). Такое пытанне павінен задаць сабе кожны з нас.
Ці спакушае нас прысутнасць Хрыста ў Кане Галілейскай, калі Ён перамяніў ваду ў
віно? Ці можа чалавек за адну хвіліну зрабіць на вачах людзей так, каб вада,
якую толькі што налілі ў збаны, сталася добрым віном на радасць гасцей на
вяселлі? Ці спакушае нас, калі ў пустыні Езус накарміў тысячы людзей, маючы
толькі некалькі хлябоў і рыбы? Вучні былі бездапаможныя перад заклікам
накарміць такія натоўпы, і вось у адну хвіліну ўсе сталі сведкамі цуду
памнажэння хлеба. Спакусай з’яўляецца тое, што ня гледзячы на такія знакі, мы і
далей трываем у сумневах. Сведкамі гэтых падзей было вельмi шмат асоб, якія
ўласнымі вачыма бачылі цуды, а нават, бачучы такія знакі, хацелі назваць Хрыста
каралём. Ці такая пастава недаверу словам Езуса, Твайго Сына, не ўбівае церні
глыбока ў Тваё Сэрца Маці?
Грэх вядзе нас вечнага асуджэння, калі мы ў ім трываем і
не хочам з ім парваць. Наша згубленасць, незваўважанне граху, недахоп веры ў
сапраўдную прысутнасць Езуса ў св. Камуніі з’яўляецца прадметам Твайго клопату
і болю, Маці. Таму Ты няспынна працягваеш нам сваю дапаможную далонь. Паказваеш
нам, наколькі Эўхарыстыя важная і неабходная для нашага збаўлення. Анёл у
Фаціме нагадвае нам, што св. Імша – гэта ахвяра, падчас якой складаецца Цела і
Кроў Езуса як перапрашэнне за грахі свету. Чалавек сам не можа ўзнагародзіць
Богу за свае грахі пасля таго, як зраніў бясконцую любоў Бога. Гэта можа
зрабіць толькі Езус Хрыстус – Сын Божы, які з любові да кожнага з нас прыняў
людзкое цела ад Цябе, Марыя, Прачыстай Дзевы, і склаў сябе ў ахвяры на алтары
крыжа. Гэты цуд адбываецца бяскроўным чынам падчас кожнай Эўхарыстыі і гэта не
толькі сімвал і ўзгадванне гістарычнай падзеі, але і прысутнасць. Зноў
адбываецца тое, што адбылося на Кальварыі. Ці можна застацца абыякавым да гэтай
таямніцы, да ажыццяўлянай на нашых вачах ахвяры, якую Бог склаў з любові да
кожнага з нас? Ці можна гэта амінуць? Адказам няхай будзе іншае пытанне: калі я
апошні раз быў на адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту? Ці я ўсведамляю сабе, што
св. Імша – гэта заўсёды ахвяра Езуса, якую Ён складае за мае грахі, за грахі
ўсіх людзей? Ці сапраўды я разумею, што робіць гэта Бог, Ён за мяне ахвяруецца,
хоць я жыву ў граху, а робіць Ён гэта, каб вырваць мяне з няволі злога? Не
заўсёды лёгка адплаціць дабром за дабро, а адплаціць дабром, ахвярай уласнага
жыцця за зло і зрабіць гэта цалкам бескарысліва і з любоўю, ці гэта магчыма? О,
які ж вялікі гэта цуд любові? Ці мы сапраўды ўсведамляем, што Бог для нас
зрабіў, устанаўліваючы сакрамэнт Найсвяцейшага Цела і Крыві?
Маці, ці ж сэрца не можа разарвацца ад болю, калі бачыць,
што Бязмежная Любоў не каханая? Ці Тваё Сэрца не церпіць, калі Ты бачыш, што
Твае дзеці не вераць ў сапраўдную прысутнасць Твайго Сына ў св. Камуніі, або
прымаюць Яго ў стане цяжкага граху? А ці ж гэта часам не адбываецца? Мы не
заўсёды прыходзім на нядзельную св. Імшу, бо пасля працоўнага тыдня нам
патрэбна хвіліна адпачынку. Не заўсёды ўдзельнiчаем з цалкавітай увагай; часам
занадта ў нашым сэрцы прызвычаенасці, рутыны, стомленасці, бо ўвесь час тое
самае, тыя самыя словы, жэсты. Як жа часта, ці хутчэй занадта часта, Езус самотны
ў табернаклях свету. Як жа часта не хочацца годна ўкленчыць, уваходзячы ў
святыню, і зрабіць знак крыжа, каб тым самым пакінуць перад дзвярамі касцёла
нашыя свецкія звычкі. Калі я сапраўды хачу з некім сустрэцца, калі для мяне
важна тое, як найлепшым чынам выкарыстаць гэтую хвіліну спаткання, то я
выключаю радыё, тэлевізар ці тэлефон. І як жа інакш гэта выглядае ў нашай
штодзённасці, а таксама падчас Эўхарыстыі.
Любая Маці, цяпер
я глыбей разумею, чаму Ты вядзеш мяне ў першыя суботы да споведзі і св.
Камуніі. Дзякую Табе за тое, што Ты адкрываеш мне вочы, што дапамагаеш мне
ўбачыць Езуса, які так блізка. Часам нехта кажа, што калі б убачыў нейкі знак,
калі б падчас Эўхарыстыі дасведчыў цуду бачнай перамены, што сапраўды Езус
укрыты у постаці хлеба і віна, то паверыў бы. Ці гэта б сапраўды адбылося,
Маці? Шмат хто чакае знаку, часам гоніцца за рознымі незвычайнымі падзеямі, як
бы яны былі важнейшыя за тое, што Бог пакінуў нам у сваёй мудрасці. Ці цуды
узмацнілі б нашую веру? Столькі ж людзей бачыла, як Езус аздараўляў хворых,
уваскрашаў памерлых, як накарміў тысячы, памнажаючы некалькі хлябоў. Ці ж гэтыя
тысячы сведкаў паверылі? Ці ўсе тыя, што былі сведкамі знакаў Езуса, пасля
смерці Збаўцы засталіся вернымі Яго навуцы, убачылі ў Ім абяцанага і чаканага
Месію? Якія ж іншыя нашыя спадзяванні, прагненні, і наколькі іншы шлях Божай
педагогікі. Дзякую Табе, Маці за тое, што Ты вядзеш мяне пэўным шляхам; шляхам
цяжкім, які вядзе праз таямніцу, але плённым і дазваляючым дасведчыць
прысутнасць Твайго Сына.
Я веру, што хоць трохі прынясу палёгку Твайму цярпенню,
калі прызнаю, што веру ў тое, што Езус Хрыстус прысутны ў Эўхарыстыі, а Ты –
Яго Маці, Маці Бога! Калі я веру ў сапраўдную прысутнасць Езуса ў Найсвяцейшым
Сакраманце, тым самым я аддаю Табе, Маці, пашану як Маці Божай, як Беззаганна
Зачатай, як Дзеве. Ці я веру, што Твой Сын укрыты ў белай Гостыі, бо найбольш
раняць Тваё Беззаганнае Сэрца багахульствы супраць Твайго Дзявоцтва,
Беззаганнага Зачацця і Божага Мацярынства? Маці, можа мая вера і малая, але я
веру, бо сёння я з Тваім Беззаганным Сэрцам. Прымі гэтае маленькае зерне веры
як суцяшэнне. Ave Maria!
ІV. АПЭЛЬ МАРЫЙНЫ
Патрэбны пасрэднік перад Богам
Святая і Беззаганная, Найчысцейшая і Найхвалебнейшая,
Прыгожая і цалкам Дасканалая, бо цалкам Божая. О Марыя, якая ж Ты цудоўная!
Фацімская Спадарыня, Каралева Беларусі і Маці Міласэрнасці, будзь прывітаная.
Да Цябе Маці Міласэрнасці мы прыходзім у чарговы дзень нашага
чування, каб быць з Табой, з Тваім Беззаганным Сэрцам. Як Фацімскія дзеці, мы
ўглядаемся і захапляемся прыгажосцю Твайго Аблічча і Сэрца. Мы хочам яшчэ больш
Цябе пазнаваць і яшчэ больш любіць. На гэтым шляху нашага ўзрастання вядзе нас
св. Людовік дэ Манфор, які нагадвае нам наступную праўду:
“Самы дасканалы спосаб, бо самы пакорны — не набліжацца
да Бога ўласнымі сіламі, без пасрэдніка.
Нашае нутро, як я ўжо паказаў, настолькі сапсаванае, што, калі мы
абапіраемся на нашую ўласную працу, уменні, падрыхтоўку, каб ісці да Бога і Яму
спадабацца, уся нашая справядлівасць з пэўнасцю будзе забруджаная або не будзе
мець вялікай вартасці перад Богам, каб Ён з’яднаўся з намі і выслухаў нас.
Нездарма Бог даў нам пасрднікаў перад Яго веліччу. Ён бачыў нашую нягоднасць і
няздольнасць. І Ён злітаваўся над намі, а, каб даць нам доступ да Сваёй
Міласэрнасці, даў нам магутных заступнікаў перад Яго Веліччу. Таму пагарджаць
Яго пасрэднікамі і набліжацца непасрэдна да Яго Святасці без заступніцтва —
гэта не мець пакоры і пашаны да настолькі вялікага і святога Бога. Гэта б
азначала менш паважаць і шанаваць гэтага Валадара валадароў, чым звычайнага
зямнога караля ці князя, да якога мы не асмельваемся падысці без заступніцтва
якога-небудзь сябра, які б за нас паразмаўляў з ім.
Езус Хрыстус — наш Пасрэднік перад Богам Айцом.
Наш Госпад — наш Заступнік і Пасрэднік праз ласку
адкуплення перад Богам Айцом. Менавіта праз Яго мы павінны маліцца разам з усім
Касцёлам трыюмфуючым і пілігрымуючым. Менавіта праз Яго мы маем доступ да Яго
Велічы. Мы павінны паўставаць перад Ім толькі з падтрымкай Езуса і апранутымі ў
Яго заслугі, як маленькі Якуб быў апрануты ў скуру ягняці, калі паўстаў перад
сваім айцом Ісаакам, каб атрымаць блаславенства.
Марыя — нашая Пасрэдніца перад
Езусам Хрыстом.
Езусам Хрыстом.
Але ці патрэбны нам пасрэднік перад самім Пасрэднікам? Ці досыць нашай
чысціні, каб самім беспасрэдна з’яднацца з Ім? Ці Ён не Бог, ува ўсім роўны Айцу і таму Святы над
святымі, таксама годны такой самай пашаны, што і Айцец? Ён, праз Сваю
бясконцую міласэрнасць, стаўся нашай зарукай і пасрэднікам перад Богам Сваім
Айцом, каб Яго суцішыць і сплаціць Яму нашыя даўгі. Ці можам мы пасля гэтага
мець да Яго менш павагі і боязі да Яго Велічы і Святасці?
Таму асмелімся сказаць разам са святым Бернардам, што нам
патрэбны пасрэднік перад самім Пасрэднікам. А боская Марыя найбольш здольная
выканаць гэтае міласэрнае заданне. Гэта праз Яе Езус Хрыстус прыйшоў да нас, і
менавіта праз Яе мы павінны ісці да Яго.
Калі мы баімся ісці беспасрэдна да Езуса Хрыста, Бога, можа, з-за Яго
бясконцай велічы, можа, з-за нашай нягоднасці, а можа, з-за нашых грахоў, то
горача просім дапамогі і заступніцтва Марыі, нашай Маці. Яна добрая і
пяшчотная. У Ёй няма нічога суровага і непрыемнага, нічога празмерна велічнага
і бліскучага. Бачучы Яе, мы бачым нашую натуру. Яна не сонца, што гарачынёй
сваіх промняў магло б нас асляпіць з-за нашай слабасці. Яна прыгожая і
пяшчотная, як месяц, што атрымлівае сваё святло ад сонца і змякчае яго, каб
прыстасаваць да нашай маленькасці. Яна настолькі міласэрная, што не адмаўляе
нікому з тых, што просяць Яе заступніцтва, якімі б грэшнымі яны ні былі. Як
кажуць святыя, ад стварэння свету ніколі не здаралася, каб той, хто з даверам і
вытрымкай прыбягаў да Святой Дзевы, быў адкінуты. Яна настолькі магутная, што
Бог ніколі не адмаўляў Ёй у Яе просьбах. Ей досыць падысці да Свайго Сына, каб
папрасіць Яго. Ён адразу выконвае Яе просьбы. Любоў і малітвы Яго найдаражэйшай
Маці заўсёды Яго перамагаюць.
Пра гэта казалі святы Бернард і святы Банавэнтура. Па іх
словах, мы маем тры ступені, каб ісці да Бога. Першая — найбольш блізкая да нас і найбольш адпаведная
нашым здольнасцям — гэта Марыя. Другая — гэта Езус Хрыстус. Трэцяя — гэта Бог
Айцец. Каб ісці да Езуса, трэба ісці спачатку да Марыі. Яна нашая Пасрэдніца ў
заступніцтве. Каб ісці да Спрадвечнага Айца, трэба ісці спачатку да Езуса —
нашага Пасрэдніка моцай адкуплення. Таму праз набажэнства, пра якое я скажу
ніжэй, можна дасканала захаваць гэты парадак.
[…]Гэты свет настолькі сёння сапсаваны, здаецца, што трэба,
каб кожнае сэрца было запэцканае або яго брудам, або яго пылам. І цуд, калі
якая-небудзь асоба застаецца цвёрдай і некранутай сярод бязбожных навальніц;
калі ў гэтым вірлівым моры не патоне і не будзе абрабаваная піратамі ці
карсарамі; калі ў гэтым атрутым паветры не набярэцца заразы. Менавіта адзіная
верная Дзева, да якой шатан не можа нават наблізіцца, можа ўчыніць гэты цуд для
тых, што Яе моцна любяць”. (св. Людовік дэ Манфор, “Трактат аб сапраўдным
набажэнстве да НМП”, частка ІI, раздз 4).
Паглядзі, ласкавая Спадарыня, на гэты народ, які
спрадвеку заставаўся верным Табе і Твайму Сыну.
Паглядзі на гэты народ,
які заўсёды пакладаў надзею ў Тваёй матчынай любові.
Паглядзі, звярні на нас свае міласэрныя вочы,
выпрошвай тое, што Тваім дзецям найбольш патрэбна.
Убогім і церпячым адчыняй дзверы заможных.
Беспрацоўным дай сустрэць працадаўцу.
Выкінутым на вуліцу дапамажы знайсці дах над галовой.
Сем’ям дай любоў,
якая дапамагае перажыць усе цяжкасці.
Маладым паказвай шлях і перспектывы на будучыню.
Дзяцей ахіні плашчом сваёй апекі,
каб яны не паддаліся спакусе.
Манаскія супольнасці ажыўляй ласкай веры, надзеі і
любові.
Святароў вучы наследаваць Твайго Сына
у штодзённым аддаванні свайго жыцця за авечак.
Біскупам выпрошвай святло Духа Святога,
каб яны вялі Касцёл адзіным і простым шляхам да брамы
Валадарства Твайго Сына.
Маці Найсвяцейшая, Кальварыйская Спадарыня,
выпрошвай таксама і мне сілы і духа,
каб я выканаў да
канца місію,
якую мне даручыў Уваскрослы.
Табе аддаю ўсе плёны майго жыцця і служэння;
Табе даручаю лёс Касцёла;
Табе даручаю мой народ;
Табе давяраю і Табе яшчэ раз кажу:
Totus Tuus, Maria!
Totus Tuus. Амэн.
Св. Ян Павел ІІ,
Кальварыя Зэбжыдоўская 2002.
Перакладзена з польскага выдання
Bóg jest Miłosieny. Ostatnie słowo należy do Boga, który jest Miłością.
Sekretariat Fatimski 2015