БАЛЕСНАЯ ТАЯМНІЦА
Крыжовы шлях Пана Езуса
Маці, вось я!
Вось я ў першую суботу побач з Тваім
Беззаганным Сэрцам, Марыя!
Беззаганная Маці майго Пана, сёння
праз разважанне над чацвёртай балеснай таямніцай Ты запрашаеш мяне вырушыць у
дарогу, ідучы за Езусам, які пасля прысуду Пілата распачаў свой крыжовы шлях.
Раней можна было стать у старонцы і пасіўна назіраць, як здзекваліся над Тваім
Сынам. Цяпер я ўжо не магу стаць ананімна, калі я хачу быць блізка ля Хрыста, я
павінен вырушыць за Ім. Гэта робяць не толькі жаўнеры, але і тыя, што
патрабавалі вызвалення Варавы.
Маці, які ж вялікі боль напаўняў Тваё
Сэрца! Вось той, каго раней прызналі злачынцам, радуецца цяпер вызваленню, а
Твой Сын, якога народ не так даўно хацеў зрабіць каралём, нясе крыж. Гэта
несправядліва! – хацелася б закрычаць і як мага хутчэй пачаць шукаць магчымасці
вызваліць Езуса! Аднак у Тваім Сэрцы не нараджаецца такое жаданне, таму што ў
Тваім “fiat” ужо была згода на гэтую ахвяру. Ты ўсведамляеш, што так павінна быць. Аднак
перад абліччам настолькі вялікага цярпення ці Ты не пытаешся як Маці: чаму вы
так здзекваецеся над маім Сынам? А можа нараджаецца іншае больш важнае пытанне:
што будзе з народам, які адкідвае Таго, каго чакаў столькі стагоддзяў? Гэта
ахвяра, аднак, абавязковая, Езус дзеля гэтага нарадзіўся, і Ты ў гэтым
упэўненая. Што цяпер будзе, калі Той, які павінен быў прынесці вольнасць,
вызваленне Ізраэля, будзе забіты? Ці Тваё Сэрца зноў не выпрабаванае, як у
хвіліну звеставання? Ці перад абліччам таго, што адбываецца, чалавек можа
сказаць: я ўсё разумею. Напэўна не, і трэба вырушаць у дарогу, бо жаўнеры
выводзяць Езуса.
“Калі павялі Яго, схапілі нейкага
Сымона Кірынэйца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за
Езусам. Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па
Ім. А Езус абярнуўся
да іх і
сказаў: «Дочкі ерузалемскія,
не плачце па
Мне, а плачце па
сабе і па
дзецях вашых, бо вось
надыходзяць дні, калі
скажуць: “Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія не радзілі, і грудзі, якія
не кармілі!” Тады пачнуць казаць гарам: “Упадзіце на нас!” і пагоркам:
“Накрыйце нас!” Бо калі гэта робяць з зялёным дрэвам, то што будзе з
сухім?» Вялі з Ім на смерць і двух іншых
злачынцаў.
Сама дабрыня і любоў становіцца сярод
двух злачынцаў. Калі па сведчанню двух асоб магло абапірацца абвінавачванне,
так і падчас крыжовай дарогі на Галгофу іх прысутнасць становіца формай
пацвярджэння таго, што Езус заслуговае смерці. Калі так, то тады зразумела,
чаму ніхто не хоча Яму дапамагчы і чаму трэба было прымусіць Сымона Кірынэйца.
Чаму адбылося так, што ўсе прынялі смяротны прысуд? На працягу стагоддзяў
гучыць спеў прывітання Езуса, які ўваходзіць у Ерузалем. Сцежка ўсланая
пальмавымі галінкамі. А ўжо праз некалькі дзён разносіцца ўжо не спеў радаснага
прывітання, а крык: “Укрыжуй яго!” Ці сапраўды, аднак, усе адвярнуліся ад Езуса,
ці дазволілі сябе падкупіць? Вось у пачатку крыжовай дарогі чуецца плач жанчын,
якія ідуць за Тваім Сынам і плачуць, а значыць не ўсе дазволілі сябе падмануць.
Але ці гэты плач суцяшае Цябе? Твой Сын не чакае такога спачування, бо ёсць
нешта большае, чым толькі цярпенне.
Аднак немагчыма паўстрымаць слёзы і
хвалявання пры такім відзе пакуты. “Толькі цяпер ішоў Пан наш і Збаўца, схілены
і хістаючыся пад цяжарам крыжа, збіты, паранены бічамі, патаўканы. З учарашняй
Апошняй Вячэры нічога не еў, не піў, не спаў, бо ўвесь час Яго бязлітасна
катавалі; Яго сілы вычарпаліся са стратай крыві, ранамі, гарачкай, смагай,
бясконцымі духоўнымі пакутамі і трывогай; Ён ледзве мог утрымацца на дружучых,
слабых, параненых нагах. Правай рукой ён з цяжарам стараўся прытрымаць адзенне,
якое перашкаджала Яго няўпэўненым крокам. Два ката цягнулі Яго ўперад на доўгіх
вяроўках, два другія пхалі Яго з тылу; шнуры, якія ішлі ад паса, перашкаджалі
Яму прытрымліваць сваё адзенне, а таму і крокі Яго былі няўпэненымі” (Пасія, бл. К. Эмерых).
Від пакутючага чалавека звычайна
выклікае спачуванне. У гэтым выпадку яно ўзмацняецца паводзінамі церпячага, які
з пакорай прымае ўсё, што яго сустракае. Цярпенне дзіцяці ў шпіталі нікому не
дазваляе прайсці абыякава. Калі, аднак само дзіця кажа: “не перажывайце, я
паміраю, але іду ў неба, я смуткую па Богу”, ці тады гэтыя словы не разрываюць
сэрца, цi не хвалююць нават самага абыякавага чалавека? Слёзы сціскаюць горла
яшчэ больш, але ўжо не ад звычайнай літасці, а ад пачуцця таго, што перавышае
часовае вымярэнне чалавека, ад пачуцця любові, якая з жыцця робіць ахвяру.
Вось я гляжу на Езуса, як глядзіць
маці, якая чувае ля ложка свайго паміраючага дзіцяці, якое згаджадецца на
смерць. Гляжу на Езуса, які нясе крыж, і бачу: “Яго рукі былі распухшыя і
параненыя, ад таго, што іх моцна перавязалі вяроўкамі. Аблічча было пакрытае
сінякамі і ранамі, барада і валасы расшарпаныя, злепленыя засохшай кроўю. Цяжар
крыжа і моцныя вузлы моцна ўдаўлівалі шэрсцяную сукню ў параненае цела, а
шэрсць ізноў прыляплялася да скрываўленых ран. Сярод здзекаў і злосці ворагаў
Езус ішоў ціхі, з худым тварам, змучаны, але любячы; Яго вусны шапталі словы
малітвы, у позірку была відаць маўклівая просьба, бязмежнае цярпенне, а таксама
прабачэнне. Два ката, падтрымліваючы на вяроўках канец крыжа, перашкаджалі
Езусу і абцяжарвалі нясенне крыжа, бо не думалі пра тое, каб ісці роўна і на
аднолькавай вышыні трымаць крыж. З двух бакоў, трохі на адлегласці, ішлі
жаўнеры, узброеныя дзiдамi” (Пасія,
бл. К. Эмерых).
Вельмі часта людзі сёння пытаюцца: дзе
Бог? Ці Ён увогуле ёсць, калі дазваляе такое вялікае цярпенне і
несправядлівасць? Чаму, аднак, ніхто не спытаецца пра зло, настолькі жудаснае,
і чалавецтва настолькі ім зняволенае, што патрэбна была ахвяра самога Бога;
гэта здаецца больш праўдападобна? Словы Езуса, скіраваныя да плачучых жанчын,
здаецца, у чарговы раз нагадваюць нам, што не трэба засяроджвацца на самім
факце цярпення. Досвед цярпення павінен схіліць нас да пытання: дзе яго
крыніца? Само спачуванне не вядзе да змены ці яго вырашэння?
Гледзячы на Цябе, Маці, я імкнуся гэта
зразумець, так бачу гэту сцэну, калі Ты сустракаешся са Сваім Сынам. “У пачатку
натоўпу Найсвяцейшая Маці ўбачыла паслугачоў катаў, якія з трыюмфам неслі
начынні пакуты; Яна задрыжала і ўзнесла рукі, балесны крык выйшаў з Яе грудзей.
Бачучы гэта, адзін з паслугачоў запытаўся ідучых ля яго гледачоў: “Што гэта за
жанчына, якая так балесна крычыць?” Нехта з натоўпу адказаў яму: “Гэта Маці
Галілеяніна”. Гэтыя словы толькі падштурхнулі подлых паслугачоў. Адразу ж
пасыпаліся здзекі і едкія насмешкі на пакутуючую Маці, на Яе тыкалі пальцамі, а
адзін з іх падсунуў Найсвяцейшай Панне кулак, у якім трымаў цвікі, якімі
павінны былі прыбіць Езуса да крыжа. Зламаная бязмежным болем, абаперлася Маці
Божая на браму, узнесла рукі, чакаючы, што хутка ўбачыць Езуса. Белая, як
нябожцыца, з пасінеўшымі вуснамі. […] Бязмежны боль і любоў адазваліся пры яго
відзе з падвойнай моцай у сэрцы Найсвяцейшай Панны. Зніклі з Яе вачэй каты,
зніклі жаўнеры, Яна бачыла толькі свайго любага, змучанага, скатаванага Сына;
выйшла на вуліцу, праціснулася сярод катаў і ўпала на калені перад Езусам,
абдымаючы Яго рукамі. […] Я пачула два балесныя ўздыханні: “Сын мой! – Маці
мая!” Шмат жаўнераў адчула іскарку літасці ў сваім сэрцы, але бязлітасныя каты
толькі смяяліся і лаяліся, а адзін з іх крыкнуў: “Жанчына! Чаго ты хочаш? Трэба
было яго лепш выхоўваць, і ён не трапіў бы цяпер у нашыя рукі.” Найсвяцейшую
Панну прымусілі адысці, але ніхто не адважыўся зняважыць яе. Разам з Янам і
жанчынамі, вярнулася Марыя за браму і тут, амаль мёртвая ад болю, упала на
калені на скошаны наўгольнік брамы, павярнулася спіной да смутнага натоўпу, каб
не бачыць больш, што там адбываецца” (Пасія,
бл. К. Эмерых).
Маці, Ты побач з Езусам, але не клічаш
аднак: пакіньце Яго, Ён невінаваты; не даеш волі сваім матчыным пачуццям, каб
бараніць уласнае дзіця, але Ты Сэрцам з Яго Сэрцам. Усведамленне, што гэта
ахвяра павінна выканацца, не зрывае кроўных повязяў з Тваім уласным дзіцём, Ты
заўсёды будзеш адчуваць як Маці Езуса, які цяпер нясе крыж, каб скласці ахвяру
для збаўлення ўсяго свету. Маці з Беззаганным Сэрцам, Сэрцам, якое не забрудзіў
ніводны грэх, як жа Ты павінна быць уражлівай на зло, як моцна павінна Табе
балець у гэтую хвіліну.
Ці, аднак, хтосьці абараняў Цябе? Ты хутчэй
сустрэла словы прыніжэння, якія яшчэ больш узмацнялі боль Твайго Сэрца. Як жа
часта мы глядзім праз прызму дзіцяці на ўсю яго сям’ю; гледзячы недабразычлівым
вокам на дзіця, так сама звычайна глядзяць і на яго блізкіх. З якімі позіркамі
Ты павінна была сустрэцца, калі была Маці Таго, каго вялі на ўкрыжаванне? Ты
Яго Маці! Якая ж вялікая любоў павінна была перапаўняць Тваё Сэрца, калі ўсе
людзкія погляды не мелі для Цябе ніякага значэння. Кожны з нас у такой сітуацыі
пажадаў бы нават не паказвацца, і напэўна не публічна. Ты, аднак, Маці робіш
нешта зусім іншае; Ты праціскаешся праз натоўп, каб быць побач з Сынам. Гэта
Твой Сын – усе гэта ўбачылі!
Маці, я таксама хачу сёння прызнацца,
што ведаю Езуса. Я адчуваю, што такім чынам прынясу найбольшую палёгку Твайму
балеснаму Сэрцу. Дзякую Табе за гэты час медытацыі, за Тваё кіраванне, за Тваю
дапамогу ў адкрыванні таямніц веры. Ave Maria!
Перакладзена з польскага выдання
Bóg jest Miłosieny. Ostatnie słowo należy do Boga, który jest Miłością.
Sekretariat Fatimski 2015