1.05.2016

Першая субота верасня 2016



І. ГАДЗІНА МІЛАСЭРНАСЦІ

Пахвалёны Езус Хрыстус і Марыя заўсёды Дзева!
Міласэрны Бог і Маці Божая Фацімская збіраюць нас у чарговым месяцы на супольнай малітве, каб таксама падчас Літургіі Слова паразважаць над наступнай тэмай з Паслання з Фацімы ў ХХ ст. Маці Божая Ружанцовая была пасланая ў 1917 годзе з Фацімскім Пасланнем, каб праз пасрэдніцтва трох пастушкоў, 10-гадовай Луцыі дос Сантос і яе дваюраднай сястры, 7-гадовай Гіяцынты, і дваюраднага брата, 9-гадовага Францішка Марто, схіліць чалавецтва да навяртання, захаваць свет ад катастрофы, душы бедных грэшнікаў – ад вечнага асуджэння, а для душ, церпячых у чысцы, выпрасіць у Бога палёгку або вечнае шчасце. Цяжка не заўважыць, што ў гэтым сама сутнасць Божай Міласэрнасці.
Прыглядзімся сёння да вызначанага часу – гадзіны, дня, калі мы дакладным чынам можам выпрасіць у Бога, а таксама праз пасрэдніцтва Беззаганнай Марыі, для нас грэшных і іншых грэшнікаў ласку навяртання на шлях Прыказанняў Любові, самы кароткі шлях, які вядзе да вечнага жыцця, ласку ўратавання ад вечнага асуджэння, а тасама можам узнагародзіць за грахі супраць Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі.
Сакратарка Божай Міласэрнасці – св. Фаустына Кавальская – запісала ў Дзённіку “Божая Міласэрнасць у маёй душы” такія словы:
“Ты памёр, Езу, але струмень жыцця выплыў для душаў, і мора міласэрнасці адкрылася для цэлага свету. О крыніца жыцця, невычэрпная Божая міласэрнасць, атулі ўвесь свет і праліся на нас” (Дз. 1319).
“У тры гадзіны малі аб Маёй міласэрнасці, асабліва для грэшнікаў, і хоць на кароткі момант заглыбіся ў Маю муку, асабліва ў Маю адзіноту ў хвіліну канання. Гэта гадзіна вялікай міласэрнасці для ўсяго свету. Я дазволю табе ўвайсці ў Мой смяротны смутак. У гэтую гадзіну Я ні ў чым не адмоўлю душы, якая просіць Мяне праз Маю муку…” (Дз. 1320).
“Дачка Мая, Я нагадваю табе: кожны раз, калі ты пачуеш, што гадзіннік прабіў тры гадзіны, заглыбяйся ўся ў Маю міласэрнасць, ушаноўваючы і праслаўляючы яе; заклікай яе ўсемагутнасць для цэлага свету, і асабліва для бедных грэшнікаў, бо ў гэту хвіліну яна адкрылася насцеж для кожнай душы. У гэту гадзіну ты выпрасіш усё і для сябе, і для іншых; у гэту гадзіну з’явілася ласка для ўсяго свету – міласэрнасць перамагла правасуддзе. Дачка Мая, старайся ў гэту гадзіну разважаць над стацыямі Крыжовага шляху, наколькі табе дазволяць твае абавязкі; а калі не можаш трываць на Крыжовым шляху, то, прынамсі, зайдзі хоць на хвіліну ў капліцу і ўшануй Маё сэрца, поўнае міласэрнасці ў Найсвяцейшым Сакрамэнце; а калі не можаш зайсці ў капліцу, пагрузіся ў малітву там, дзе ты знаходзішся, хоць на кароткі момант. Я патрабую пашаны да Маёй міласэрнасці ад кожнага стварэння, але найперш ад цябе, бо Я даў табе найглыбей спасцігнуць гэтую таямніцу” (Дз. 1572).
Бог багаты ў міласэрнасць абяцае так шмат ласкаў нам, грэшным людзям, чакаючы ад нас нямшат. Кожнага дня Ён хоча абдараваць нас грэшных вялікай колькасцю ласкаў, толькі б мы жадалі гэтага і знайшлі час іх прыняць. Міласэрны Бог вельмі хоча, каб мы навярнуліся і дасягнулі неба. Мы можам выпрасіць вельмі шмат адзін аднаму.
А шмат гадоў таму Дзецям з Фацімы: Луцыі, бл. Гіяцынце і бл. Францішку, у ліпені 1917 года, у Кова да Ірыя, трынаццатага чысла, Маці Божая Ружанцовая казала так: “Вы бачылі пекла, куды ідуць душы бедных грэшнікаў. Каб іх уратаваць, Бог хоча распаўсюдзіць па свеце набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца. Калі будзе зроблена тое, што я вам кажу, шмат будзе ўратавана ад пекла і ў свеце запануе супакой. Вайна набліжаецца да заканчэння. Але, калі людзi не перастануць зневажаць Бога, то падчас пантыфікату Пія ХІ пачнецца другая вайна, яшчэ горшая. Калі аднойчы ў начы вы ўбачыце дзіўнае святло (Луцыя мае на ўвазе дзіўнае паўночнае ззянне, якое можна было ўбачыць 25 студзеня 1938 г. ва ўсёй Еўропе), ведайце, што гэта вялікі знак ад Бога, што набліжаецца час пакарання для свету за яго шматлікія злачынствы, будзе вайна, голад, пераследванне Касцёла і Святога Айца. Каб гэтага пазбегчы, я прыйду прасіць прысвячэння Расіі Майму Беззаганнаму Сэрцу і ўзнагараджальнай святой Камуніі ў першыя суботы. Калі мае жаданні будуць выкананыя, Расія навернецца і запануе супакой, калі не, бязбожная прапаганда распаўсюдзіць сваю аблудную навуку па свеце, правакуючы войны і пераследванне Касцёла, справядлівыя будуць замучаныя, а Святы Айцец будзе вымушаны шмат цярпець. Розныя народы загінуць. Аднак, ў рэшце рэшт Маё Беззаганнае Сэрца затрыюмфуе. Святы Айцец прысвеціць Мне Расію, якая навернецца і на нейкі час у свеце запануе супакой”.
Праз сем гадоў пасля заканчэння фацімскіх аб’яўленняў 1917 года Маці Божая дазволіла сястры Луцыі адкрыць змест другой часткі фацімскай таямніцы. Яе прадметам было набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі. 10 снежня 1925 г. сястры Луцыі аб’явілася Марыя з Дзіцяткам і паказала Сваё аплеценае цернямі Сэрца. Дзіцятка сказала: “Спачувай Сэрцу Тваёй Найсвяцейшай Маці, аплеценаму цернямі, якімі няўдзячныя людзі няспынна Яго раняць, і няма нікога, хто б актам узнагароды гэтыя церні павыцягваў”. Марыя сказала: “Дачка мая, паглядзі, Сэрца Маё аплецена цернямі, якімі няўдзячныя людзі няспынна Яго раняць праз багахульствы і нявернасць. Прынамсі ты імкніся несці мне радасць і скажы ад майго імя, што я прыйду ў гадзіну смерці з усімі ласкамі, патрэбнымі для збаўлення, да ўсіх тых, што на працягу пяці першых суботаў месяца прыступяць да споведзі, прымуць св. Камунію, памоляцца адну частку ружанца і на працягу 15 хвілін разважання над пятнаццацю ружанцовымі таямніцамі будуць Мяне суправаджаць у інтэнцыі ўзнагароды”.
Чаму павінна быць менавіта “пяць суботаў” узнагараджальных, а не дзевяць або сем у гонар Маці Божай Балеснай? Сястра Луцыя апавядае: “Ноччу з 29 на 30 мая 1930 года, калі я частку ночы была ў капліцы з нашым Панам і размаўляла з Ім пра чацвертае і пятае пытанне, я нечакана адчула, як мной авалодала Божая прысутнасць. Калі не памыляюся, мне было аб’яўлена наступнае: «Дачка мая, матыў вельмі просты: ёсць пяць відаў зняваг і багахульстваў, якія абражаюць Беззаганнае Сэрца Марыі. Першае: Багахульствы супраць Яе Беззаганнага Зачацця. Другое: Супраць Яе Дзявоцтва. Трэцяе: Супраць Божага Мацярынства, калі Яе прызнаюць выключна як Маці чалавека. Чацвертае: Багахульствы тых, хто імкнецца адкрыта пасеяць у сэрцах  дзяцей абыякавасць, пагарду, а нават нянавісць да Беззаганнай  Маці. Пятае: Багахульствы тых, хто зневажае Яе беспасрэдна ў Яе святых абразах.
   Гэта, мая дарагая дачка, той матыў, які прымусіў Беззаганнае Сэрца Марыі прасіць Мяне аб гэтым маленькім акце ўзнагароды. Акрамя таго дзеля Яе Я хацеў узрушыць сваю міласэрнасць, каб прабачыць тым душам, якія мелі няшчасце Яе абразіць. Што датычыцца цябе, імкніся нястомна сваімі малітвамі і ахвярамі ўзрушаць Мяне да таго, каб Я аказаў гэтым бедным душам Сваю міласэрнасць.”
   Езус сказаў сястры Луцыі: “Гэта праўда, дачка мая, шмат душаў пачынае, але мала тых, хто скончвае, і тыя, што скончваюць, маюць за мэту атрымаць абяцаныя ласкі. Я, аднак, хачу тых, хто будзе абыходзіць пяць першых суботаў дзеля таго, каб узнагародзіць Беззаганнаму Сэрцу тваёй Нябеснай Маці, а не тых, што абыходзяць пятнаццаць бяздушна і абыякава.”
 Божая Міласэрнасць аб’явілася яшчэ ў Фацімскім Пасланні. Мы бачым, як Бог аб’яўляе сваю Міласэрнасць праз Набажэнства пяці першых суботаў месяца і прысвячэнне Беззаганнаму Сэрццу Марыі Расіі, народаў, усяго свету, а таксама кожнага людзкога сэрца, спакушанага да злога, і кожнай сям’і, атакаванай ворагамі збаўлення.

Дарагія Браты і Сёстры!
Пасля кароткага агляду заклікаў і просьбаў Езуса  Міласэрнага і Маці Божай Ружанцовай заахвочваю сябе і Вас кожнага дня а трэцяй гадзіне хоць на кароткі час пагрузіцца ў Муку Езуса, асабліва ў Яго пакінутасць у хвіліну канання, каб мы пагружаліся ў Божую Міласэрнасць, праслаўляючы яе, заклікаючы Божую моц для ўсяго свету, а асабліва для бедных грэшнікаў; каб мы практыкавалі ў першыя суботы кожнага месяца набажэнства, ўзнагароджваючае за грахі супраць Беззаганнага Сэрца Марыі – перш за ўсё і толькі ў адной інтэнцыі – узнагароды, а галоўнае цалкам безумоўна, каб такім чынам з ахвотным сэрцам адказаць Міласэрнаму Богу і Маці Божай, якія так жадаюць навяртання нас грэшных і ўсіх грэшнікаў ва ўсім свеце на Шлях Любові, які вядзе да вечнага шчасця, і ўратавання бедных грэшнікаў ад пекла – вечнага асуджэння.

ІІ. ТАЯМНІЦЫ БАЛЕСНЫЯ
(Ружанец)

Малітва Езуса ў садзе аліўным

Езус, у Вялікі Чацвер, разам з вучнямі, пасля заканчэння Апошняй Вячэры пайшоў ў Гефсіманію – да Аліўнага Саду. Пасля таго, як Ён склаў у Вячэрніку безкрывавую Ахвяру, Ён пайшоў, каб маліцца да міласэрнага Айца, каб з Ім паразмаўляць пра чакаючую Яго крывавую Ахвяру на алтары Крыжа ў Вялікую Пятніцу. Молячыся, Яго душа зведала найвялікшую агіду ад ахаладзеўшай душы. Яна была прычынай слоў: “Ойча, аддалі гэты келіх, калі на тое ёсць Твая воля” (пар. Дз. 1228).
Марыя, Ружанцовая Маці, дапамажы нам трываць на малітве перад абліччам Пана, асабліва тады, калі гэта нам вельмі цяжка, калі нам не хочацца, калі мы стомленыя, калі прыходзіць спакуса заняцца чым-небудзь лягчэйшым, простым, лёгкім і прыемным. Дапамажы нам, перш за ўсё, з любові маліцца за навяртанне грэшнікаў, за паміраючых, узнагароджваць міласэрнаму Богу за грахі нашыя і ўсяго свету.

Бічаванне Езуса

Езуса дапрашвалі габрэйскія архісвятары, а потым Пілат, якi ў Вялікую Пятніцу сказаў Яго ўбічаваць. Нявінны, несправядліва і жудасна бічаваны Езус маліўся да міласэрнага Айца аб прабачэнні правінаў катаў, тых аслепленых людзей. Ён ахвяроўваў сябе за грахі ўсіх людзей, а значыць за нашыя грахі, за мае і за Твае. Езус сам аддаў сябе на бічаванне, каб адкупіць грахі ўсіх людзей. Тых, што жылі на зямлі да Яго прыходу, падчас Яго жыцця, пасля Яго ўваскрашэння і ўнебаўшэсця. Езус аддаў сябе на бічаванне, таму што любіць кожнага чалавека, а асабліва таго, чые грахі былі б як пурпур, у каго грахоў было б больш, чым пяску на зямлі.
Марыя, балесная Маці, падтрымлівай нас у малітвах за тых, што нас крыўдзяць, што нас прыніжаюць што словам, абгаворамі, абвінавачваннямі знішчаюць наша добрае імя, таму што мы імкнемся жыць згодна з Евангеллем Езуса, што выпраўляем нашае жыццё, прыстасоўваючыся да Добрай Навіны,  а не папраўляем Добрую Навіну, каб прыстасаваць яе да нашага жыцця. Марыя, падтрымлівай нас у малітвах за тых, што бічуюць нас рознымі спосабамі – учынкам і словам. Не дазволь, каб мы самі бічавалі іншых.

Укаранаванне цернем

Пасля бічавання жаўнеры пасадзілі Езуса на стул, пасыпаны вострымі каменнямі і чарапкамі начынняў посуду, і сплёўшы карону з церняў, паклалі Яму на галаву, і шыпы ўпіваліся ў галаву. Надзелі Яму пурпуровы плашч, каб пасмяяцца. Падыходзілі да Яго, плявалі Яму ў твар і давалі аплявухі. А потым крычалі: “Вітай, Кароль габрэйскі!”. Сярод пякельнага смеху пхнулі Яго са стулам на зямлю, а потым узнялі Яго і зноў пасадзілі, ранячы чарапкамі Яго цела.
Марыя, Маці Балесная, навучы нас маліцца за тых, што крыўдзяць нашых блізкіх, нашых сяброў, нашых сясцёр і братоў у Хрысце, тых, што клапоцяцца аб навяртанні іншых, што узнагараджаюць Богу за грахі нашыя і ўсяго свету. Марыя, дапамагай нам, каб мы па якім-небудзь прычынам не смяяліся з іншых людзей.

Нясенне крыжа

Пілат вынес прысуд Езусу. Смерць праз укрыжаванне. Таму пачалася Крыжовая Дарога Езуса на Кальварыю. Езус узяў крыж на свае плечы. І панёс яго. Молячыся, Ён дзякаваў Айцу за тое, што здзяйсняецца адкупленне людзей. Езус падаў пад цяжарам крыжа, але ўставаў, каб ісці далей, каб адкупіць людзей. Ён сустракаў шмат людзей і перамяняў іх сэрцы. Ён узяў на свае плечы грахі ўсяго чалавецтва, каб занесці іх на Галгофу і складаючы сябе ў ахвяры міласэрнаму Айцу на алтары крыжа, перамагчы грэх і смерць.
Марыя, Маці Міласэрнасці, выпрошвай нам у свайго Сына ласкі патрэбныя, каб несці нашыя крыжы, дапамагаць іншым несці іх крыжы. Так цяжка кожнага дня несці крыж штодзённых абавязкаў, так цяжка добра выконваць працу, даручаныя нам заданні, за якія мы ўзяліся. Цяжка несці крыж хваробы, цярпення, нязручнасці, старасці, самотнасці, адсутнасці працы ці бяздомнасці. Марыя, у Табе наш прытулак, апора і надзея!

Укрыжаванне Езуса

Езуса павесілі на дрэве крыжа каля дванаццатай гадзіны, апоўдні. Ён бязлітасна цярпеў тры гадзіны. Памёр а пятнаццатай гадзіне. Ён крычаў да Айца з крыжа, каб Ён прабачыў Яго катам, бо яны не ведалі, што чыняць. Яго погляд з крыжа на людзей быў міласэрным. Жыццё перамагло смерць, грэх і шатана. Крыж – гэта знак перамогі!
Марыя, Каралева Мучанікаў, будзь з намі ў кожны час, будзь з намі, шукаючымі апоры ў пераможнай смерці Езуса! Узмацняй нашу веру ў бязмежную міласэрнасць Бога Адзінага ў Святой Тройцы да нас грэшных і сумняваючыхся. Мы прагнем давяраць міласэрнаму Богу да канца. Мы хочам прасляўляць бязмежную міласэрнасць Бога цяпер і ўсю вечнасць.

ІІІ. ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЕ РАЗВАЖАННЕ
БАЛЕСНАЯ ТАЯМНІЦА
Укаранаванне цернем

Маці, вось я!
Я ведаю, што дзяуючы сённяшняму набажэнству я магу прынесці Табе, Маці, суцяшэнне, таму што яно падабаецца Богу. Я ведаю, што Ты просіш аб такой малітве, каб ратаваць душы ад пекла. Маці, заклапочаная сваімі дзецьмі, я побач з Тваім Сэрцам і прагну прымаць удзел ва ўзнагародзе за грахі, якія раняць Тваё Беззаганнае Сэрца.
Ты запрашаеш мяне да разважання ў першую суботу, а таму я прашу: вядзі мяне, кіруй маім сэрцам і думкамі, каб я сапраўды спачуваў разам з Тваім балесным Сэрцам. Дапамажы мне і скажы: над чым нам сёння разважаць? Шлях ружанцовых таямніц вядзе мяне сёння туды, дзе праходзіць суд над Езусам.
“Пілат,  убачыўшы,  што  нічога  не  дапамагае,  а  абурэнне  ўзрастае,  узяў ваду  і  абмыў  рукі  перад  натоўпам,  кажучы:  «Невінаваты  я  ў  гэтай  крыві. Глядзіце самі!»  І ўвесь народ адказаў: «Кроў Яго на нас і на дзецях нашых». Тады адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.  А  жаўнеры  намесніка,  завёўшы  Езуса  ў  прэторыю,  сабралі  каля  Яго цэлую  кагорту. І  распрануўшы  Яго,  надзелі  на  Яго  пурпуровы  плашч.  І сплёўшы  вянок  з  церняў,  усклалі  Яму  на  галаву  і  далі  Яму  ў  правую  руку трысціну. Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: «Вітай, кароль  Юдэйскі!» І  плявалі  на  Яго,  бралі  трысціну  і  білі  Яго  па  галаве” (Мц 27, 24-30).
Услухоўываючыся ў словы Евангеліста Мацвея, я задумваюся над тым, што адбываецца ў Тваім Сэрцы, Маці, калі ты чуеш смяротны прысуд; Твой Сын будзе ўкрыжаваны! Ты ведала, што гэта хвіліна надыйдзе, так як надышла хвіліна для Абрагама прынесці ў ахвяру Ісаака. Тады, аднак, на гары Морыя ў апошнюю хвіліну Бог затрымаў руку Абрагама. Ці церпячы айцец разумеў Божы план і згадзіўся са стратай сына, ці можа хутчэй верыў, што Бог усё ж такі знойдзе нейкае рашэнне, каб яго сын жыў? Ці маці, якая клапоціцца пра ўласнае дзіця, якому дала жыццё, не імкнецца да канца верыць, мець надзею, што яе дзіця ня гледзячы ні на што будзе жыць, будзе ўратавана? Ці такія думкі былі ў Тваім Беззаганным Сэрцы, любая Маці?
Тваё “так” у хвіліну звеставання нагадвае нам, што насуперак усялякай людзкой логіцы Ты згадзілася на волю Божую. Калі Ты тады безумоўна даверылася Богу, я адчуваю, Маці, што цяпер таксама, ты да канца Яму паслухмяная і згаджаешся з Божым планам збаўлення чалавека. Аднак, Тваё Беззаганнае Сэрца з’яўляецца таксама сэрцам маці, жанчыны, чалавека, а таму і адчувае так сама, як кожнае іншае матчынае сэрца, якое любіць сваё дзіця. Колькі ж у Тваім Сэрцы ахвяры, болю, цярпення, каб не пад прымусам, не ад бязвыхаднасці ці немачы, а дабраахвотна, з пакорай і любоўю прыняць такую вялікую ахвяру? Якая ж вялікая Твая любоў.
Праглядаючы сцэну вынясення прысуду Пілатам, я ўсведамляю, што Езус, асуджаны на ўкрыжаванне, павінен быць убічаваны. Аднак, адбываецца яшчэ нешта, і хацелася б закрычаць, бо здзяйсняецца чарговая несправядлівасць. Калі прысуд датычыцца бічавання, то чаму мы становімся сведкамі высмейвання, д’ябальскай забавы, якую зрабілі сабе жаўнеры? Ці гэта таксама павінна быць? Чаму ніхто не спыніць гэты жудасны спектакль? Не такі ж быў прысуд. Ці сэрца маці, якая ўсведамляе, што яе дзіця памірае і не можа ніяк гэта змяніць, не прагне хаця б паменышць яго пакуты? Яна стараецца тады прытуліць сваё дзіця, быць побач з ім, дапамагчы як-небудзь. Цябе, Маці Божая, гэтага пазбавілі, але ня гледзячы на гэта ты і далей любіла і была верная слову згоды, якое сказала ў хвіліну звеставання. Ці я ўмеў бы прыняць Божую волю, якая цалкам адрозніваецца ад маіх спадзяванняў? Нараджаецца ўва мне яшчэ адно пытанне: ці я змог бы не толькі з ёй згадзіцца, але і прыняць з любоўю, пакорай і паслухмянасцю?
Бл. Кацярына Эммерых так апісвае гэтыя падзеі: “Карона, была зроблена як шырокая лента, і прыняла форму кароны толькі тады, калі яе надзелі Езусу на галаву і з тылу моцна завязалі. Церні, павернутыя ў сярэдзіну, упіваліся ў галаву Езуса. У руку Яму далі трыснёг, якi заканчваўся косцю, і ўсё гэта рабілі са здзекваннем, як бы ўрачыста каранавалі Яго на караля. Толькі цяпер яны пачалі здзеквацца над Ім. Вырывалі ў яго з рукі трыснёг і білі iм па кароне, каб шыпы глыбей упіваліся ў галаву. Кроў пачала сцякаць па твары Езуса і заліваць Яму вочы. А яны кленчылі перад Ім, білі Яго і плявалі Яму ў твар з крыкамі: “Будзь прывітаны, Кароль юдэйскі!” Нарэшце сярод пякельнага смеху пхнулі Яго са стулам на падлогу, але адразу ж паднялі Яго і зноў пасадзілі, ранячы чарапкамі Яго цела.
Я не змагу паўтарыць, якія жудасныя рэчы выраблялі тыя нягоднікі, каб здзеквацца з замучанага Езуса. Ах! Якая смага мучыла Езуса, калі скатаванага нечалавечым спосабам і параненага пры бічаванні, яго пачало ліхарадзіць. Ён дрыжаў ва ўсім целе, а цела гэта па баках было месцамі парвана ажно да касцей. Язык Яго быў сутаражна сцягнуты, гарачыя, спаленыя вусны былі адкрытыя, і змачывала іх кроў, якая сплывала з найсвяцейшай галавы. Аслепленыя каты абралі сабе гэтыя вусны мэтай брыдкіх нячыстасцяў і пляўкоў. Так катавалі Езуса каля паўгадзіны, а атрад жаўнераў, акружаны шэрагам прэтарыянцаў забаўляўся гэтым відовішчам, пляскаючы ў далоні вылюдкам”.
Марыя, Ты запрасіла мяне да разважання, прашу, вядзі мяне далей, каб я мог усім сэрцам прыняць удзел ва ўзнагародзе, каб цярпеў разам з Тваім Беззаганным Сэрцам. Я гляжу далей на сцэну ўкаранавання цернем Твайго Сына і ўслухоўваюся ў словы папы Бенэдыкта ХVI, які так паказвае таямніцу гэтага акту: “Жаўнеры жудасна забаўляюцца з Езусам. Яны ведаюць, што Ён расціць права быць каралём. Цяпер, аднак, Ён у іх руках і яны не могуць адмовіць сабе ў прыемнасці прынізіць Яго, паказаць Яму сваю сілу, а можа нават сарваць на Ім усю азлобленасць на вялікіх гэтага свету. Яны накладваюць на Яго – на ўсё цела збітага і параненага – карыкатурныя знакі царскай велічы: пурпурны плашч, сплеценую з церняў карону і посах з трыснягу. Яны аддаюць Яму пашану: “Вітай, Кароль габрэйскі!” Іх пашана выражаецца ў аплявухах, праз што Яны выказваюць Яму ўсю сваю пагарду (Мц 27, 28).
Гісторыі рэлігіі ўжо вядомая постаць карыкатуры караля – разнавіднасць ахвярнага казла. На яго кладуць усё, што людзям цеснае і ад чаго хочацца пазбыцца. Не ўсведамляючы, жаўнеры выконваюць тое, што ў тых абрадах не магло адбыцца: “Спала на Яго збавеннае для нас пакаранне, а ў Яго ранах нашае аздараўленне” (пар. Іс 53, 5). Такім чынам, асмеянага Езуса вядуць да Пілата – той жа паказвае Яго натоўпу людзей: Ecce Homo – Вось Чалавек (Ян 19, 5). Рымскі суддзя магчыма агаломшаны відовішчам збітай і зраненай постаці гэтага таямнічага асуджанага. Ён разлічвае на спачуванне тых, хто Яго ўбачыць.
Язычніцкі кіраўнік, здаецца, узрушаны, нават трохі спалоханы, таму што цяжка быць абыякавым да цярпення і болю. Натоўп і абвінаваўцы, што здаецца незразумелым, рэагуюць з яшэч большай нянавісцю і далей патрабуюць Яго смерці. Ці сэрца маці не баліць, калі бачыць такую вялікую абыякавасць у сваіх дзяцей? Ці не напаўняецца смуткам і болем, калі бачыць настолькі вялікае асляпленне? Як жа моцна павінен раніць Тваё Сэрца меч болю, калі асляпленне датычыцца тых, хто павінен быць праваднікамі і пастырамі! Маці, як гэта ўсё зразумець? Што тут сапраўды адбываецца? Чаму духоўныя праваднікі народу з такой нянавісцю патрабуюць смерці? Бічаванне, мукі, цудам яшчэ жывучы чалавек паддадзены такім жудасным катам увогуле не выклікае спачування. Язычніцкі кіраўнік спрабуе абараніць Езуса, таму што не знаходзіць адназначнага аргументу, каб Яго асудзіць на смерць. Аднак, увесь спектакль становіцца яшчэ больш трагічным з кожнай хвілінай. Жаўнеры выліваюць усю сваю нянавісць на безабароннага Хрыста. Ён нічым іх не правакуе, ні ў чым не супраціўляецца. А аднак жорсткасць узмацняецца. Замучанае цела асуджанага правакуе іх да далейшых зверстваў, яны пачынаюць бавіцца болем і прыніжэннем чалавека. Яны не павінны гэтага рабіць, не было такога загаду; па словах Пілата можна сказаць, што на бічаванні ён хоча спыніць справу.
Як гэта магчыма, каб у прычыненні болю невядомаму чалавеку знаходзіць столькі прыемнасці? Як жа перад абліччам такой несправядлівасці і адначасова несвядомасці таго, хто такі Езус, захаваць спакой? Маці, што павінна было адбывацца ў Тваім Сэрцы? Ці чалавек, у такой крытычнай сітуацыі, здольны зразумець волю Божую, не толькі не папракаць, але нават не задаваць пытанняў?
Прабач мне, Беззаганная, што я задаю столькі пытанняў і яшчэ хацеў бы спытаць. Гледзячы на Цябе, я заўважаю, што ўдзельнічаю ў пэўнай таямніцы і не магу толькі затрымацца на тым, што бачаць мае вочы.
Бл. Кацярына Эммерых так піша пра Тваё цярпенні Маці: “Напоўненая смуткам Маці Езуса, слухаючы прысуд, выглядае як паміраючая. Яна чула, што няма ўжо ратунку для Яе найсвяцейшага, самага любага Сына, што Ён павінен памерці страшнай, ганебнай смерцю. Яна ведала, што гэта патрэбна для збаўлення чалавецтва, але Яе матчынае сэрца абаранялася перад гэтай неабходнасцю, а таму Яе Сэрца працяў меч болю. Ян пры дапамозе жанчын адвёў Яе ў бок, каб насмешлівыя погляды аслепленых Габрэяў не павялічвалі болю Маці іх Збаўцы, каб новы грэх не абцяжарыў іх душы. Але Марыя не магла спакойна сядзець, калі мучалі Яе Сына, а таму Яна зноў вырушыла ў Крыжовую Дарогу. Яна сказала правесці Яе паўсюль, па ўсіх месцах, якія Езус асвяціў сваім цярпеннем. Таямнічае набажэнства найсвяцешага спачування з Езусам казала Ёй складаць ахвяру балесных слёз паўсюль, дзе народжаны Ёй Адкупіцель цярпеў за грахі людзей, сваіх братоў. Як Якуб, на ўспамін дадзенага абяцання, паставіў камень і пасвяціў яго, памазаўшы алеем, так Марыя ахоплівала ўсе месцы цярпенняў Хрыста, асвячаючы іх сваімі слязамі, робячы іх месцамі ўшанавання для будучага Касцёла, Маці ўсіх нас”.
Маці, Беззаганна Зачатая Дзева, Маці майго Пана Езуса Хрыста. Прымаючы ўдзел у гэтай стацыі збаўлення, я ўсведамляю, што калі Езус – Твой Сын, то і я Тваё дзіця, і ўдзельнічаю ў гэты момант у цярпенні майго “Брата”. Гэта не радство крыві, а радство духа, і я бачу, як прыніжаюць майго “Брата”, некага мне вельмі блізкага. Ці я магу быць абыякавы на тое, што адбываецца? Канешне ж не, але не ў словах павінна выражацца мая пастава. Як вучыў Езус: “усё, што вы ўчынілі аднаму з гэтых маіх найменшых братоў, вы Мне учынілі” (пар. Мц 25, 31). Таму маё ўзгадванне цярпенняў Езуса не можа весці толькі да пачуццяў і спачуванняў. Калі брат раніць брата, ці тым самым не раніць і маці? Якая маці, любячы сваіх дзяцей, вучыць іх узаемнай нянавісці? Яна вучыць іх любові, і сама таксама іх любіць? Колькі ж павінна быць болю ў сэрцы маці, якая бачыць, што яе дзеці прычыняюць адзін аднаму столькі цярпення.
Дзякую Табе, Маці, за гэтыя хвіліны поўныя любові побач з Тваім Сэрцам. Прымі маю прысутнасць як суцяшэнне. Перажываючы разам з Табой, я інакш пачынаю разумець цярпенні і муку Збаўцы, а таксама вартасць паслухмянасці волі Божай. Ave Maria! 

ІV. АПЭЛЬ МАРЫЙНЫ
Міласэрнасць бяз межаў

Святая і Беззаганная, Найчысцейшая і Найхвалебнейшая, Прыгожая і цалкам Дасканалая, бо цалкам Божая. О Марыя, якая ж Ты цудоўная! Фацімская Спадарыня, Каралева Беларусі і Маці Міласэрнасці, будзь прывітаная.
Маці нашая і Спадарыня, апранутая ў сонца! Мы разам з Табой у чарговы дзень, дзень нашага фацімскага чування і ўслухоўвання ў словы Твайго Паслання. Мы праслаўляем Цябе, Маці, за Тваю любоў і клопат аб збаўленні кожнага з нас. Перажываючы чарговы фацімскі дзень малітвы, мы вучымся любіць Бога, Цябе, Маці, і сябе ўзаемна. Узгадваючы прыклад жыцця бацькоў Фацімскіх Пастушкоў, мы прагнем убачыць прыгажосць любові да бліжняга і вучыцца ёй у нашым штодзённым жыцці. Вось адна з сітуацый, якую апісвае с. Луцыя, якая так узгадвае гады свайго дзяцінства ў бацькоўскім доме:
“У нясенні міласэрнасці мая маці не ведала межаў, перашкод і ні на што не звяртала ўвагі. Аднойчы яна пайшла да маленькай мясцовасці Каўза Вэльга, што была побач з Кабека, каб прынесці кошык зеляніны. Яна ўзяла мяне з сабой, каб я яе суправаджала, бо тады я была яшчэ малой і ні ў чым не дапамагала.
Калі мы вярталіся, то праходзілі ля хаты, з якой былі чуваць крыкі і лаянкі. Мая маці адчыніла брамку, увайшла на ганак і пастукалася ў дзверы. Выйшаў мужчына з вельмі злым тварам, нешта бармочачы пад нос. Маці запытала, што здарылася. Мужчына адказаў, што ў яго доме пануе беспарадак: жонка ў ложку, дзіця не памытае, не апранутае, без снядання, жывёлы ў стайні не накормленыя, і гэтак далей. Маці адказала, што дзень таму яго жонка нарадзіла чарговае дзіця і не можа яшчэ выконваць усю гэтую працу. Таму, як прыйдзе да дому, яна скажа адной са сваіх дачок заняцца ўсім у сябе дома, забіць кураня на суп для яго жонкі, якая праўдападобна нічога яшчэ не ела, а сама адразу вернецца сюды, каб заняцца яго дзецьмі, жывёламі, выкупаць нованароджанае немаўля і заняцца яго жонкай. Запрасіла яго прыходзіць да нас на абед пакуль жонка не зможа заняцца ўсімі абавязкамі. І каб дзеці таксама прыходзілі да нас дамоў, дзе яна будзе імі займацца, пакуль іх маці не набярэ сілы. Мужчына згадзіўся, дзякуючы за прапанову.
Маці вярнулася дамоў і сказала маёй сястры Марыі, што яна павінна рабіць. Потым вярнулася да таго дому разам з Тэрэзай, якая накарміла дзяцей, памыла іх і апранула, а матуля ў той час выкупала немаўля і занялася яго маці.
А ў той час прыбег яе муж, з куранём, каб маці яго забіла і прыгатавала суп для яго жонкі; але паколькі мая сястра Марыя ўжо забіла адну з нашых кур, ён даў сваю ўзамен.
Мая маці з сястрой Тэрэзай пайшлі яшчэ раз да яго хаты, каб зрабіць усе справы, але ён, ужо ў лепшым настроі, сказаў, што сам зоймецца жывёламі.
Калі апоўдні мой бацька прыйшоў да хаты, маці распавяла пра тое, што здарылася і папрасіла пайсці паклікаць Пана Гільермэ, які можа саромеецца прыйсці на абед. Айцец пайшоў з маёй сястрой Тэрэзай, якая занесла суп для яго жонкі. Потым яны вярнуліся на абед вясёлыя і размаўляючыя. Маці прыгатавала яму таксама падвячорак і сказала, каб ён вярнуўся на вячэру.
Калі вечарам мы ўселіся за вячэрай, маці запрапанавала яму, каб ён застаўся ў нас на некалькі начэй і спаў разам з маім братам. А яна пашле адну з дачок, каб яна спала ў іх, была разам з жонкай, паклала спаць дзяцей, уставала да іх ноччу, а раніцай памыла хату, абудзіла дзяцей, памыла іх, апранула і прывяла да нас дамоў, дзе маці імі зоймецца. Мужчына згадзіўся і Тэрэза пайшла начаваць да іх дамоў. Я не памятаю колькі часу гэта працягвалася. У наступныя дні той мужчына, калі прыходзіў на абед, прыносіў вялікія кошыкi зеляніны са свайго агароду, яйкі ад сваіх кур, каўбасу і іншае, каб мая мама магла прыгатаваць ежу на наступны дзень.
Гэта сям’я была нам вельмі ўдзячная, а жанчына казала, што мая маці для яе як уласная маці.
Добра, калі ў цяжкія хвіліны жыцця, Бог пасылае нам анёла, які дапамагае нам перамагчы спакусы, абараніцца ад небяспекі і вырашыць праблемы!
[…] Мне здаецца, што маці ведала, што нам кажа св. Павел: “Няхай  кожны  дае,  як  вырашыць  у  сэрцы  сваім,  а  не  са  шкадаваннем  ці  з прымусу, бо радаснага даўцу любіць  Бог. Бог мае моц  узбагаціць вас усякаю ласкаю,  каб  вы,  заўсёды  і  ва  ўсім  маючы  ўсялякі  дастатак,  былі  багатыя  на ўсялякія добрыя справы, як напісана: «Раскідаў, раздаў бедным;  справядлівасць ягоная трывае навекі»” (2 Кар 9, 7-9).
Успаміны сястры Луцыі з Фацімы, т. ІІ

Паглядзі, ласкавая Спадарыня, на гэты народ, які спрадвеку заставаўся верным Табе і Твайму Сыну.
Паглядзі на гэты народ,
які заўсёды пакладаў надзею ў Тваёй матчынай любові.
Паглядзі, звярні на нас свае міласэрныя вочы,
выпрошвай тое, што Тваім дзецям найбольш патрэбна.
Убогім і церпячым адчыняй дзверы заможных.
Беспрацоўным дай сустрэць працадаўцу.
Выкінутым на вуліцу дапамажы знайсці дах над галовой.
Сем’ям дай любоў,
якая дапамагае перажыць усе цяжкасці.
Маладым паказвай шлях і перспектывы на будучыню.
Дзяцей ахіні плашчом сваёй апекі,
каб яны не паддаліся спакусе.
Манаскія супольнасці ажыўляй ласкай веры, надзеі і любові.
Святароў вучы наследаваць Твайго Сына
у штодзённым аддаванні свайго жыцця за авечак.
Біскупам выпрошвай святло Духа Святога,
каб яны вялі Касцёл адзіным і простым шляхам да брамы Валадарства Твайго Сына.
Маці Найсвяцейшая, Кальварыйская Спадарыня,
выпрошвай таксама і мне сілы і духа,
каб я  выканаў да канца місію,
якую мне даручыў Уваскрослы.
Табе аддаю ўсе плёны майго жыцця і служэння;
Табе даручаю лёс Касцёла;
Табе даручаю мой народ;
Табе давяраю і Табе яшчэ раз кажу:
Totus Tuus, Maria!
Totus Tuus. Амэн.

Св. Ян Павел ІІ,
Кальварыя Зэбжыдоўская 2002.


Перакладзена з польскага выдання
Bóg jest Miłosieny. Ostatnie słowo należy do Boga, który jest Miłością. 
Sekretariat Fatimski 2015