Аб'яўленне анёла

АБ’ЯЎЛЕННЕ АНЁЛА ПАРТУГАЛІІ





На падставе “Успамінаў Сястры Луцыі”
Тэкст зацверджаны біскупам дыяцэзіі Лэйрыя Фаціма, снежань 2002.




    Паводле маіх падлікаў, здаецца, што першае аб’яўленне Анёла было ў 1915 годзе. З’явіўся сапраўдны Анёл, які тады яшчэ не адважыўся цалкам паказацца.
   Судзячы па  пары года, гэта павінна было быць паміж красавіком і кастрычныкам 1915 года.
   На схіле Кабэка, якое павёрнута на поўдзень, калі я малілася на ружанцы з трыма дзяўчынкамі: Тэрэзай Маціяс, Марыяй Розай Маціяс, яе сястрой, і Марыяй Юстынай з вёскі Каза Вэльга, я ўбачыла, што над дрэвамі даліны, што распрасціралася каля нашых стоп, узносіцца нейкае воблака, бялейшае за снег, празрыстае, у форме чалавечай постаці. Мае сяброўкі пыталіся ў мяне, што гэта магло быць. Я адказала, што не ведаю. Два разы паўтарылася тое самае ў іншыя дні.
   Гэтая з’ява пакінула ў маёй душы пэўнае ўражанне, якое я не магу акрэсліць. Гэтае ўражанне паволі знікала, і думаю, што калі б не наступныя факты, я б пра іх зусім забылася.
   Не магу дакладна вызначыць дату, бо тады я ячшэ не ўмела лічыць ні гады, ні месяцы, ні нават дні тыдня. Здаецца мне, аднак, што гэта павінна было быць вясной 1916 г., калі Анёл паказаўся нам першы раз у Лока да Кабэка.
   У сваім лісце пра Гіяцынту я ўжо ўзгадвала, як мы ішлі да схілу, шукаючы сховішча. Пасля падвячорка і малітвы мы ўбачылі на пэўнай адлегласці, пад дрэвамі ва ўсходнім кірунку, святло, бялейшае за снег, накшталт празрыстага маладога чалавка, ззяючага больш за крышталь у сонечным бляску. Па меры таго, як ён збліжаўся, мы маглі распазнаць яго рысы. Мы былі вельмі здзіўленыя і ўражаныя. Мы не маглі сказаць нават слова.
   Наблізіўшыся да нас, ён сказаў:
   -„Не бойцеся, я Анёл Супакою! Маліцеся са мной".
   Ён укленчыў і схіліў галаву да самай зямлі.
   Захопленыя надзвычайнай сілай, мы рабілі тое самае і паўтаралі словы, якія ён казаў:
   -„O мой Божа, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе, люблю Цябе. Прашу прабачэння за тых, хто ў Цябе не верыць, хто Цябе не праслаўляе, хто Цябе не любіць і не давярае Табе".
   Пасля таго, як ён паўтарыў малітвы тры разы, ён узняўся і сказаў:
   -„Так вы павінны маліцца! Сэрцы Езуса і Марыі ўважліва слухаюць вашыя просьбы".
   І знік.
   Атмасфера надзвычайнасці, якая нас ахоплівала, была настолькі моцная, што мы доўгі час амаль не ўсведамлялі штодзённых спраў нашага існавання. Мы заставаліся ў той самай паставе, у якой нас пакінуў Анёл і ўвесь час паўтаралі тую самую малітву. Мы так моцна адчувалі прысутнасць Бога, што нават не асмельваліся размаўляць паміж сабой. Яшчэ наступнага дня мы адчувалі, што нашыя душы ўсё яшчэ ахопленыя той атмасферай, якая знікала вельмі павольна.
   Ніхто з нас не думаў пра тое, каб апавядаць пра гэтае аб’яўленне. Такая пастава навязвалася сама. Гэта было настолькі асабістае, што было нялёгка сказаць пра гэта хоць слова. Можа гэтае аб’яўленне мела на нас настолькі моцнае ўражанне, таму што было перашае.

   Наступнае аб’яўленне было летам. У дні самай вялікай гарачыні, у палудзень мы павялі наш статак да дому, каб вечарам зноў яго выпусціць на пашы. Гадзіны адпачынку апоўдні мы праводзілі ў ценю дрэў, што былі вакол студні, пра якую я ўжо шмат разоў згадвала.  
   Раптам мы ўбачылі перад намі таго ж самага Анёла:
   - „Што вы робіце? Маліцеся! Шмат маліцеся! Сэрцы Езуса і Марыі жадаюць аказаць (свету) вялікую міласэрнасць. Нястомна ахвяруйце Найвышэйшаму малітвы і ўтаймванні".
   - „Як нам трэба гэта рабіць?" – запыталася я.
   - „З усяго, што толькі можаце, складайце ахвяру як узнагароду за грахі, якімі Ён зняважаны, і каб выпрасіць навяртанне грэшнікаў. Такім чынам вы прыцягнеце супакой для вашай Айчыны. Я – Анёл Ахоўнік Партугаліі. Перш за ўсё прыміце і з пакорай зносце ўсе цярпенні, які Бог вам спашле".
   Гэтыя словы адбіліся ў нашых розумах як святло, што дазволіла нам зразумець, хто такі Бог, як Ён нас любіць і як прагне, каб мы Яго любілі. Мы даведаліся пра вартасць утаймаванняў, як яны прыемныя Богу і як праз іх навяртаюцца грэшнікі.
   З таго часу мы пачалі ахвяроўваць Богу ўсё, што нам балела, але мы не шукалі іншых утаймаванняў і пакуты, апрача гадзін, праведзеных на каленях, паўтараючы малітву, якой навучыў нас Анёл.

   Трэцяе аб’яўленне, здаецца мне, адбылося ў кастрычніку ці ў канцы верасня. На гэты раз у гадзіну абедзеннага перапынку мы не былі дома. Як я ўжо згадвала, пішучы пра Гіяцынту, мы перайшлі з Прэг’еры (маленькі аліўны лес, які належыў маім бацькам) да Лока да Кабэка, мінаючы схіл узгорку з боку Альюстрэль і Каза Вэльга. Там мы спачатку памаліліся ружанец і малітву, якой нас навучыў Анёл падчас свайго першага аб’яўлення.  
   Калі мы там былі, нам паказаўся Анёл у трэці раз. Ён трымаў у руцэ келіх, над якім узносілася Святая Гостыя, з якой да келіха сплывалі кроплі Крыві. Раптам келіх з Гостыяй павіс у паветры, а Анёл укленчыў на зямлі і тры разы паўтарыў малітву:
   - „ Найсвяцейшая Тройца, Ацец, Сын, Дух Святы. З глыбокаю пакораю хвалу Табе аддаю і ахвярую Табе Найсвяцейшае Цела і Кроў, Душу і Боскасць Пана нашага Езуса Хрыста, прысутнага на ўсіх алтарах усяго свету, як перапрашэнне за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якімі Яго абражаюць. Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі прашу ў Цябе ласку навяртання бедных грэшнікаў.”
   Потым, уздымаючыся з каленяў, ён зноў узяў у руку келіх і Гостыю. Гостыю даў мне, а тое, што было ў келіху даў Гіяцынце і Францішку, адначосова кажучы:
  -„Прыміце Цела і Кроў Езуса Хрыста, жудасна зняважанага няўдзячнымі людзьмі. Узнагароджвайце за іх грахі і суцяшайце вашага Бога!"
   Потым ён зноў укленчыў і тры разы прачытаў з намі тую самую малітву: „Найсвяцейшая Тройца" i знік.

   Узрушаныя надзвычайнай моцай, якая нас агарнула, мы ва ўсім наследавалі Анёла: мы ўкленчылі, як ён, на зямлі і паўтаралі малітвы, якія ён чытаў. Моц прысутнасці Божай была настолькі моцнай, што амаль цалкам нас паглынала і знішчала. Нам нават здавалася, што мы доўгі час былі пазбаўленыя свядомасці. На працягу тых дзён мы выконвалі нашыя вонкавыя абавязкі так, як бы мы былі парушаныя той самай надзвычайнай істотай, якая нас да гэтага схіляла. Супакой і шчасце, якія мы адчувалі, былі вельмі вялікімі, але толькі ўнутрана, цалкам засяроджваючы душу ў Богу. Вялікай была таксама фізічная слабасць, якая нас ахапіла.

Крыніца: Sekretariat Fatimski