1.09.2016

Першая субота мая 2016



І. З КРЫНІЦЫ МІЛАСЭРНАСЦІ ДУШЫ ЧЭРПАЮЦЬ ЛАСКІ ТОЛЬКІ НАЧЫННЕМ ДАВЕРУ

У сучасным свеце чалавек жыве так, як бы Бог не існаваў. Можа скласціся ўражанне, што зло дамінуе і трыюмфуюе над дабром. Павялічваюцца масавыя пераследванні хрысціян у мусульманскіх краінах. Шмат народаў, якія некалі лічыліся каталіцкімі, сталі цалкам свецкімі. Грамадствы, дзе прызнаюцца ў веры ў Бога, вядуць барацьбу з рэлігіяй. Падрываецца значэнне сям’і, якая з’яўляецца натуральным фундаментам існавання народаў. Укараняецца перакананне, што дэвіяцыя і распуста павінны быць раўнапраўныя. Парламенты шматлікіх краін зацвярджаюць законы, якія дазваляюць пазбавіць права на жыццё зачатых, хворых, інвалідаў, немачных асобаў.
Усведамляючы ўсё, што адбываецца на нашых вачах, нельга нам забыцца, што апошняе слова належыць Богу багатаму у міласэрнасць. Святы Ян Павел ІІ навучаў, што “мерай зла, віноўнікам і ахвярай якога з’яўляецца чалавек, з’яўляецца Божая Міласэрнасць. І сапраўды, у Божай Міласэрнасці заключаецца справядлівасць, але яна не з’яўляецца апошнім словам Божага ўдзелу ў гісторыі свету, а асабліва ў гісторыі чалавека. Бог заўсёды зможа зло ператварыць у дабро, Бог хоча, каб усе былі збаўленыя і маглі дайсці да пазнання праўды […]. Зло не можа канчаткова перамагчы! Пасхальная таямніца пацвярджае, што ў выніку перамагае дабро; што жыццё перамагае смерць; што над нянавісцю трыюмфуе любоў” (Памяць і самасвядомасць, 10).
Перад абліччам трагічнай сітуацыі чалавека, у адказ на яго духоўную немач, народжаную з граху, Бог у бясконцай любові да свайго стварэння прыходзіць у асобе Беззаганна Зачатай Марыі і ў сваім Адзінародным Сыне, Міласэрным Збаўцы. Марыя, Маці Езуса, з’яўляецца голасам Божым, які абвяшчае, што не перастае любіць чалавека, ня гледзячы на яго нявернасць, раз’юшанасць і грэх.
Заклік Марыі ў Фаціме, каб чалавек распачаў навяртанне, пакуту і малітву, каб у свеце запанаваў супакой, супадае з заклікам Яе Сына, які чуе сястра Фаустына: “Чалавецтва не знойдзе супакаення, пакуль не звернецца з даверам да Маёй міласэрнасці” (Дз. 300). Супольнай рысай адказу на Фацімскае Пасланне і Пасланне Божай Міласэрнасці з’яўляецца давер
Марыя вучыць нас сваім прыкладам давяраць Богу. У Назарэце Яна выражае згоду на тое, каб стаць Маці Збаўцы: “Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 38). Выказаная згода кажа нам пра бязмежны давер і паслухмянасць Марыі да прыходзячага да Яе Бога. Як шмат разоў Марыя пацвярджае свой давер Пану! Мы бачым Марыю поўную даверу Божаму Провіду тады, калі ва ўмовах, якія не адпавядаюць чалавечай годнасці, Яна нараджае Сына Божага ў схаваным гроце, у месцы, прызначаным як начлег для жывёл. Прыносячы Дзіцятка Езуса да святыні, каб прадставіць Яго Пану, Марыя чуе словы Сімяона: “Вось  гэты  прызначаны  на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць. А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў” (Лк 2, 34-35). Мы бачым, як Марыя згаджаецца на тое, што так павінна быць. І так сама будзе праз некалькі гадоў, у той самай святыні, калі праз тры дні пошукаў згубленага Езуса, Марыя скажа Яму: “Дзіця,  чаму  Ты  зрaбiў  нaм  тaк?  Вoсь бацька Твoй i Я балюча перажывалі,  шукaючы Цябе” (Лк 2, 48). А Езус Ёй адкажа: “Чaгo ж вы  шукaлі  Мяне?  Цi  вы  не  ведaлі,  штo  Мне  трэбa  быць  у  тым,  што  належыць Aйцу Мaйму?” (Лк 2, 49). Колькі ж у Марыі даверу і згоды на Божыя планы, калі пра навучаючага Езуса Яна чуе ад іншых, што Ён звар’яваў, што ў ім шатан, што Ён апантаны. Які вялікі давер Богу мела ў душы Марыя, калі стаяла пад крыжам, на якім паміраў Яе Сын! Яна ведала, што без пакутаў Яе Сына, без Яго цярпення і смерці не будзе збаўлення. Марыя – Суадкупіцелька, бо праз Яе паслухмянасць і давер Слову Божаму, прыйшоў на свет Сын Божы і выканаў справу збаўлення.
Марыя застаецца нам вернай, калі мы Ёй давяраем. Даверыцца Марыі, гэта прыняць у сваё сэрца Яе словы, якія Яна скіроўвае да нас у Фацімскім Пасланні. Папа св. Ян Павел ІІ у Акце Даручэння заклікаў: “Агарняй любоўю Маці і Служабніцы тых, што найбольш гэтага чакаюць, а таксама даверу якіх Ты таксама асабліва чакаеш”. Давер Маці Божай, Яе Беззаганнаму Сэрцу выражаецца ў змене свайго жыцця праз наследаванне Яе пакоры. Пакора – гэта прыняцце праўды пра сябе. Гэта прызнаць свае недахопы, парваць з грахом,  узнагародзіць за зробленае зло. Пакора, якой мы вучымся ў Марыі, вядзе нас да святасці і да жыцця Божым правам.
Пакора на ўзор Марыі вядзі нас да Хрыста. Праз давер да Марыі мы пачынаем давяраць Хрысту. Езус казаў св. Фаустыне: “Я жадаю, каб гэтыя душы вызначаліся бязмежным даверам да Маёй міласэрнасці. Я сам займаюся асвячэннем такіх душаў, Я дам ім усё, што будзе неабходна для іх святасці. Ласкі з Маёй міласэрнасці – чэрпаюцца адным начыннем – даверам. Чым больш душа давярае, тым больш атрымлівае. Душы, якія бязмежна давяраюць, для Мяне – вялікая дарасць, бо такім душам Я даю ўсе скарбы сваіх ласкаў” (Дз. 1578). А значыць, давер – гэта начынне, якім мы чэрпаем ласкі Божай Міласэрнасці.
Праз давер да Марыі мы набліжаемся да Езуса і лепш Яго пазнаем. Як у міжасабовых адносінах, калі мы каму-небудзь давяраем, то ведаем тады, што можам на гэтую асобу спадзявацца ў розных выпадках і ў жыццёвых сітуацыях можам лічыць на гэтага чалавека. Тады мы жадаем таксама быць з гэтай даверанай асобай, часцей сустракацца, даверыць свае штодзённыя справы, а таксама таямніцы і сакрэты. Тады мы адкрываемся адзін аднаму. Дзякуючы гэтаму глыбей пазнаем адзін аднаго і становімся больш блізкімі. Падобным чынам фармуецца наша блізкасць з Марыяй і Яе Сынам, Езусам. Давер да Марыі вядзе нас да прыняцця Паслання, якое Яна перадае нам праз трох дзяцей з Фацімы. Яна прыходзіць, каб уратаваць чалавека ад пакарання і вечнага асуджэння. Яна жадае, каб чалавек вярнуўся да крыніцы сапраўднага жыцця, якім з’яўляецца Бог. Уратаванне свету і чалавека ў свеце здзейсніцца праз прысвячэнне Яе Беззаганнаму Сэрцу.
Аддаючыся Найсвяцейшай Марыі Панне “пад Яе абарону”, мы становімся агорнутымі Божай ласкай, ня гледзячы на нашыя слабасці і падзенні, таму што – як кажа папа Францішак – “У сваім плане Бог пажадаў, каб Марыя, святая і Беззаганная ў любові, сталася Маці Адкупіцеля чалавека. Міласэрнасць заўсёды будзе большая за грэх і ніхто не можа абмежаваць любоў Бога, які прабачае” (Misericordiae Vultus, І). Пра гэта сведчаць словы самога Езуса, які казаў св. Фаустыне: “Чым большы грэшнік, тым большае права ён мае на Маю міласэрнасць” (Дз. 723). І далей: “Я адкрыў сваё сэрца як жывую крыніцу міласэрнасці; няхай усе душы чэрпаюць з яе жыццё, няхай з вялікім даверам набліжаюцца да гэтага мора міласэрнасці. Грэшнікі атрымаюць апраўданне, а справядлівыя – умацаванне ў добрым” (Дз. 1520).
Фацімскае пасланне – гэта аб’яўленне Божай Міласэрнасці для кожнага чалавека, нават найбольш зацвярдзелага сэрцам. Бог аказвае сваю міласэрную любоў у Беззаганным Сэрцы Марыі; Марыя, любоўю свайго Сэрца няспынна заклікае нас да навяртання, пакуты і малітвы. Навяртанне і перамена нашых сэрцаў здзяйсняецца ў адказе на гэтую любоў, а таксама праз давер Божай Міласэрнасці.

ІІ. ТАЯМНІЦЫ БАЛЕСНЫЯ
(Ружанец)

Малітва ў садзе аліўным

У малітвах, якія мы ўзносім да Бога, мы найчасцей прадстаўляем нашыя просьбы і жаданні. Мы кажам тады Богу, што нам патрэбна і што Ён павінен дзеля нас учыніць. Калі, аднак, Бог не выконвае нейкага нашага жадання, мы пачынаем абвінавачваць Яго ў тым, што Ён нас не выслухоўвае, што ўвогуле пра нас не клапоціцца, і нават зусім нас не любіць. Такая малітва абмяжоўваецца толькі выражэннем нашай волі са спадзяваннем на паслухмянасць з боку Пана Бога.
Часам малітва для нас як пацер на прыканцы дня і найчасцей падчас яе мы засыпаем. Потым маем дакоры сумлення з-за таго, што цалкам забываемся пра штодзённую малітву.
Езус маліўся ў садзе аліўным перад тым, як Яго схапілі. Ён перажываў трывогу перад смерцю. Прасіў свайго Айца, каб, калі гэта магчыма, Ён аддаліў ад Яго келіх горычы. Адразу ж аднак, дадаў, што цалкам згаджаецца і прымае Волю Божую. Езус вучыць нас, што на малітве трэба перш за ўсё слухаць, што Бог хоча нам сказаць. Такім чынам Бог дае нам магчымасць пазнаць Яго думкі і Яго шляхі, якімі Ён хоча нас весці, каб мы не заблукалі на шляху да вечнага шчасця ў небе.
У садзе аліўным Езус сказаў сваім вучням: “Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе”. Ці я слухаюся гэтай парады, каб перамагчы злога духа? Ідучы за прыкладам Езуса, ці прагну я падчас малітвы распазнаць волю Божю адносна мяне і прыняць яе?

Бічаванне Езуса

Бічаванне не заўсёды выконваецца з дапамогай прыладаў, якія прычыняюць фізічны боль. Часцей за ўсё, бічы, якімі мы ўдараем іншых, гэта нашыя словы, выказаныя пра іх думкі, а таксама нашыя рашэнні, якія крыўдзяць іншых. Мы ахвотна распаўсюджваем плёткі пра іншых. Часам мы далучаемся да абгаворванняў, і што горшае, да паклёпу. Раструшчваем сваёй крытыкай іншых, каб такім чынам параўнаць сябе з імі і сцвердзіць, што ў нас не ўсё так дрэнна. Колькі ж у нас тады несправядлівых асуджэнняў, перабольшаных прысудаў, асуджэння некага на знеслаўленне і страту добрага імя.
Езус, хоць цаклам не вінаваты, быў асуджаны на бічаванне. Рымскія жаўнеры скатавалі цела Езуса, дакладна прымяняючы вызначанае пакаранне. Але сапраўднымі бічамі, якія прычыніялі Хрысту цярпенне, былі нашыя грахі. У таямніцы бічавання Езус прыняў на сябе кожны наш грэх, каб адкупіць кожнага з нас ад кожнага граху.
Як я захоўваю сябе ў жыцці, калі нехта становіцца для мяне катам? Ці  я шукаю тады магчымасці адплаты? Ці жадаю тады адпомсціць і адплаціць злом за зло? На каго я на сённяшні дзень найбольш падобны: на Хрыста, які цярпліва зносіць цярпенне, ці на рымскага жаўнера ў ролі ката?

Укаранаванне цернем

Да панавання над іншымі вядзе спакуса ўлады, якая ўкрадваецца ў сэрца апанаванае пыхай. Душа, якая знаходзіцца ў такім стане, прагне дамінаваць і мець перавагу над іншымі. Здараецца, што падобным чынам паводзяць сябе не толькі вялікія гэтага свету, не толькі палітыкі, не толькі начальнікі на працы, але таксама і муж адносна сужонкі, бацькі адносна дзяцей. Як жа моцна нашыя сямейныя адносіны сапсаваныя няспыннымі імкненнямі даказаць, што менавіта я праў; гэта мяне ўсе павінны слухаць; гэта з маёй думкай усе павінны лічыцца. Тады мы робім самакаранацыю, надаючы сабе прывілей рабіць залежнымі іншых ад сябе ў тым, каб ім казаць, як яны павінны думаць, калі павінны казаць і што ім можна рабіць.
Калі на галаву Хрыста надзелі цярнёвую карону, не было выстралаў арматуры і ўскліканняў падуладных. Быў затое гогат і выбухі смеху рымскіх жаўнераў. Хрыстос быў прыніжаны!
Паглядзім на высмеянага Езуса. Ці не глядзім мы на каго-небудзь з падобным пагарджаннем, калі ў яго іншыя погляды і ён не згаджаецца з намі? Ці не імкнемся мы да высмейвання і здзекаў над тымі, хто нам непрыемны? Ці здольныя мы зносіць пагарду з-за веры ў Хрыста?

Езус нясе крыж

Некаторыя людзі думаюць, што ў жыцці любым коштам трэба пазбягаць трудоў, вырачэнняў, намаганняў. Яны хочуць жыць так, як бы дабро можна было б здабыць без адзінага высілку. Яны шукаюць такога спосабу жыцця, каб ім не трэба было нічога ахвяроўваць, ні адчаго не адмаўляцца. Ніякіх утаймаванняў, пастоў ці пакуты. Няхай лепш будзе радасна і міла.
Крыжовы шлях Езуса вызначае нам шлях нялёгкай вандроўкі праз жыццё. Аднак гэты шлях – гэта пэўны шлях да збаўлення. Хрыстос, несучы крыж, сустрэў па дарозе розных людзей. Была там, перш за ўсё, Яго Маці. Марыя спачувала і цярпела разам з Езусам. Яна хацела прынесці палёгку ў цярпенні свайму Сыну. Яна прагнула ўзнесці Яго духоўна, дадаць сілы. Марыя ведала, што Езуса павінен дапоўніць сваёю мукаю справу, на якую Яна згадзілася ў хвіліну Яго зачацця.
Ці я наслядую Марыю, прыходзячы з падтрымкай да людзей у цяжкую хвіліну? Ці вяртаю надзею тым, што ў роспачы? Ці бяру на сябе цяжар крыжа іншых?

Укрыжаванне Езуса

Смерць – гэта тэма, якую большасць з нас пазбягае. Мы баімся яе. Яна нас палохае. Нават словы змяняем – калі нехта нам блізкі памірае, мы пераважна кажам, што ён “адыходзіць”. Мы хочам думаць і размаўляць толькі пра жыццё. Мы прагнем жыцця не заплямленага свядомасцю смерці. Але ж яна некалі да нас прыйдзе. Яна неабходная, каб мець магчымасць перайсці да сапраўднага вечнага жыцця.
Укрыжаванне Езуса – гэта выражэнне любові Бога да чалавека. Хрыстос сваёй мукай і смерцю адкупіў нас ад граху, моцы шатана і вечнага асуджэння. Ён памёр дзеля нашага збаўлення. Яго смерць дае нам жыццё. Праз хрост мы былі пагружаныя ў смерць Хрыста, каб з Ім уваскрэснуць.
Смерць, тая, нашая асабістая, распачне ў нас новае жыццё. Жыццё ўваскрослых у Пану, у Яго валадарстве радасці, супакою і вечнага шчасця. Смерць – гэта не нейкая страшная карыкатура з фільму жахаў, а сяброўка, якая перавядзе нас праз парог Дому Айца, дзе мы знойдзем падрыхтаванае для нас вечнае жыллё. Ці можа тады смерць нас палохаць? Чаму мы павінны яе баяцца?

ІІІ. ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЕ РАЗВАЖАННЕ
ХВАЛЕБНАЯ ТАЯМНІЦА
Спасланне Духа Святога

Маці, вось я!
Я побач з Табой, о Беззаганная, у гэты цудоўны дзень, выбраны Табой, каб як дзеці мы маглі сустрэцца з Табой і прыняць удзел у ажыццяўленні Божых планаў. Бог прагне ратаваць усіх грэшнікаў, паказвае нам шлях, каб за грахі, якія раняць Тваё Беззаганнае Сэрца узнагароджваць у першыя суботы. Усвядомім жа ў гэты дзень, наколькі радаснай праўдай для нас з’яўляецца тое, што найвялікшы клопат Твайго Беззаганнага Сэрца – гэта вечнае збаўленне ўсіх людзей. Таямніца граху і зла, якое закрывае шляхі да будучыні, як казаў св. Ян Павел ІІ, пераплятаецца з таямніцай узнагароды і запаветам Езуса, які на крыжы робіць Цябе нашай Маці, Маці людзей і Касцёла.
Ідучы за Табой, Маці, шляхам ружанцовых таямніц, як Ты просіш, я з’яўляюся сёння сведкам незвычайнай падзеі ў дзень Пяцідзесятніцы. Словы Святога Пісання, кнігі Дзеяў Апосталаў дазваляюць мне ўдзельнічаць у гэтым “паўторным звеставанні”, каб дасведчыць моцы Духа Святога.
“А  калі  прыйшлі,  падняліся  ў святліцу,  дзе  быў  Пётр  і  Ян,  Якуб  і  Андрэй,  Філіп  і  Тамаш,  Барталамей  і Мацвей, Якуб Алфееў і Сымон Зелот, і Юда Якубаў. Усе яны сумесна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, маці Езуса, і з братамі Ягонымі” (Дз 1, 13-14).
“Калі настаў дзень Пяцідзесятніцы, усе былі разам у тым самым месцы.  І раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе сядзелі яны. І з’явіліся ім языкі падзеленыя, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным  з  іх.  І  напоўніліся  ўсе  Духам  Святым,  і  пачалі  гаварыць  на  іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць.  Былі  ў  Ерузалеме  жыхары  Юдэі,  людзі  пабожныя  з  усякага  народу  пад небам. Калі  ўзняўся  шум  гэты,  сабралася  мноства  людзей  і  захвалявалася,  бо кожны з іх чуў, што яны гавораць на ягонай мове. Былі ўражаныя і здзіўляліся, кажучы:  «Ці  ж  усе  тыя,  хто  гаворыць,  не  галілейцы?  Як  жа  мы  чуем  кожны сваю  мову,  у  якой  нарадзіліся?  Парфяне  і  мідзяне,  і  эламіты,  і  жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понта і Азіі, Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі,  сумежных  з  Кірынэяй,  ды  прыезджыя  рымляне,  юдэі  і  празеліты, крыцяне  і  арабы,  —  мы  чуем,  што  яны  гавораць  нашымі  мовамі  пра  вялікія справы  Божыя».  Усе  былі  ўражаныя  і  ў  замяшанні,  кажучы  адзін  аднаму: «Што  гэта  значыць?» А  іншыя  з  насмешкай  казалі:  «Яны  напіліся  маладога віна»” (Дз 2, 1-14).
І зноў усё інакш, чым можна сабе па-людзку ўявіць. Езус уваскрос, але як цяжка было спачатку ў гэта паверыць, хоць сам Езус шмат разоў прадказваў гэта сваім вучням. Калі гэта сталася, яны з недаверам і здзіўленнем адрэагавалі на словы, якія праз тры дні пасля смерці Езуса яны пачулі ад жанчын, якія вярталіся з грабніцы. Потым, на працягу сарака дзён Ён сустракаўся з Апосталамі, дапамагаў ім зразумець і паверыць у тое, што выканаліся словы, якія яны чулі раней. Яны атрымалі місію абвяшчэння Евангелля па ўсім свеце, павінны былі вырушыць з Добрай Навіной аж на край зямлі. І вось пасля ўнебаўшэсця Езуса яны стаяць і ўглядаюцца ў неба. Можа поўныя здзіўлення яны захапляюцца таямніцай, у якой удзельнічаюць. Можа гэтая пачатковая пасіўнасць з’яўляецца выразам ахопліваючага іх здзіўлення. Як гэта сталася, што раней, будучы так блізка ля Езуса, яны так шмат не разумелі? Праўдападобна ў гэтым ёсць нешта большае, гэта значыць Настаўнік зноў здзіўляе сваіх вучняў. Мы засталіся адны, Настаўніка ўжо няма сярод нас – здаецца, можна пачуць такія думкі ў цішыні, якая пануе, калі воблака забрала з iх вачэй Езуса.
“Мужы з Галілей, чаму вы стаіце і ўглядаецеся ў неба?” – пытаюцца анёлы, ці ж вы далей нічога не разумееце, настолькі здзіўленыя і разгубленыя? Умяшальніцтва анёлаў прымушае мяне задаць пытанне: што магло б быць, калі б не спасланне Духа Святога? Як бы тады выглядала гісторыя Касцёла? Ці праўдзіва выглядаюць наступныя словы Пятра: “Дарагія сябры, якія памятаеце і ўзгадваеце Езуса з Назарэту! Мы ўжо паспелі прызвычаіцца да таго, што няма сярод нас нашага любага Настаўніка. Нам ужо не трэба баяцца габрэяў, бо яны ўжо супакоіліся. Няма поваду зноў іх дражніць. Дасягнуты спакой з’яўляецца занадта вялікім дарам, каб легкадумна ім распараджацца. Няхай так будзе, а мы будзем час ад часу сустракацца, каб не згубіць памяць пра Езуса. Для нас і для Яго справы гэта найлепшае рашэнне”.
І напэўна вучні сустракаліся б яшчэ не адзін раз, каб ажывіць памяць пра іх Настаўніка і ўшанаваць Яго асобу. З часам, калі б сіл заставалася ўсё менш, сустрэчы былі б радзейшыя. І разам са смерцю апошняга з іх скончылася б “справа Езуса”. Калі б не парыў Духа Святога, магчыма такой была б гісторыя Езуса – Таго, хто столькі зрабіў на зямлі, што калі б паспрабаваць докладна ўявіць, то ўвесь свет не змясціў бы кніг, якія трэба было б напісаць, як мы чытаем у евангеллі св. Яна.
Углядаючыся ў Цябе, Марыя, я спрабую таксама зразумець, уявіць сабе, што адбывалася ў Тваім  Беззаганным Сэрцы. Недахоп веры ў вучняў пасля смерці Езуса, іх здзіўленне, а можа нават разгубленасць пасля ўнебаўшэсця, ці не магло ўсё гэта стаць формай спакусы? Ці Ты сама не перажыла страху, што з-за людзкой слабасці справа Езуса хутка ўвогуле скончыцца? Калі нехта атрымае важную місію, адпаведнае заданне, і здаецца агаломшаным, ці не нараджаюцца сумневы ў поспеху распачатай місіі? Калі жаўнер на фронце не ведае, што рабіць, якое ў яго заданне, калі са здзіўленнем глядзіць вакол сябе, ці можна не адчуваць занепакоенасці? Аднак такія думкі наконт ажыццяўлення Божых планаў былі б пэўнай формай сумневу ў моцы Бога, для Якога няма нічога немагчымага. У Тваім Сэрцы, Марыя, не было аднак нават найменшага зярняткі сумневу. Адкуль жа ў Табе, Марыя, столькі даверу, надзеі насуперак усялякай надзеі? Я захапляюся Тваёй паставай, Марыя, і пытаюся: хто Ты, о Беззаганная?
Гісторыя Касцёла, аднак, выглядае зусім інакш. Распачынае ён сваё жыццё і дзейнасць у дзень Спаслання Духа Святога. Ты, Марыя, прысутная ў Вячэрніку, “трываеш на малітве” з жанчынамі і Апосталамі (пар. Дз 1, 14). Ты была прысутная пры зачацці і нараджэнні Езуса – Галавы таго Касцёла. Гэта Ты сапраўдным чынам злучаеш гэтыя два моманты: Назарэт і Вячэрнік; гэта там новае жыццё пачынаецца са справай Духа Святога. Чым лепш Касцёл прыглядаецца да таямніцы Уцелаўлення і Спаслання Духа Святога, тым лепш заўважае праўду, што дзякуючы Твайму “fiat”, Марыя, мы ў першыню даведваемся пра існаванне і ўмяшальніцтва Духа Святога ў гісторыю чалавецтва. Анёл растлумачыў падчас Звеставання, што “Дух Святы сыйдзе на Цябе і моц Божая агарне Цябе” (пар. Лк 1, 35). І вось ажыццяўленне Божага намеру стала магчымым дзякуючы таму, што Ты, Марыя, паверыла, што выканаюцца словы абяцаныя Панам (пар. Лк 1, 45). Ты, Марыя, якая “зачала ад Духа Святога” (пар. Мц 1, 18), зноў была Ім напоўненая. Увесь Твой шлях веры, любові, дасканалай еднасці з Хрыстом, менавіта з хвіліны гэтай Пяцідзесятніцы, злучыўся са шляхам Касцёла. Вера пакорнай Дзевы з Назарэту свеціць вялікім бляскам сярод Апосталаў. Выбраныя Езусам вучні, здаецца, спалоханыя, адчуваюць страх, а Ты сярод іх становішся Каралевай Апосталаў. У гэтую хвіліну ў чарговы раз можна ўбачыць веліч Твайго “fiat”. Гэта не была толькі згода маладой спалоханай дзяўчыны, а свядомая падпарадкаванасць волі Божай, насуперак усім спакусам і слабасцям людзкой натуры.
Святы Вінцэнт Палотын, які меў з Табой “містычныя заручыны”, прасіў намаляваць абраз, на якім прадстаўлена сцэна спаслання Духа Святога, а Цябе  - як Каралеву Апосталаў. Менавіта вучням аб’яўляўся Уваскрослы Езус, менавіта іх навучаў і даваў знакі таго, што жыве, менавіта ім даручыў місію абвяшчэння Добрай Навіны. Пётр – першы сярод Апосталаў, аднак, узгаданы абраз Цябе, Маці, паказвае ў цэнтры. Гэта не Пётр на першым месцы ў коле Апосталаў, а Ты недзе сярод Іх, або схаваная ў ціхім кутку Вячэрніка. Цябе, Маці, Касцёл бачыць як Тую, якую акружае грона вучняў, а Пётр у жэсце пакоры, падаючы на калені, ля Тваіх стоп кладзе ключы, сімвал улады, атрыманай ад Уваскрослага. Ці ж у гэты час перад днём Пяцідзесятніцы Ты, Марыя, не была для вучняў узмацненнем у веры? Гэта не Касцёл, як мы можам заўважыць, а Ты, як Маці атуляеш Касцёл сваім Беззаганным Сэрцам. Святы Вінцэнт растлумачвае нам, чаму Цябе, Марыя, ён распазнае як Каралеву Апосталаў. У Табе, Маці, мы маем самы дасканалы пасля Езуса ўзор сапраўднага каталіцкага апостальства і дасканалай любові. Ты столькі супрацоўнічала “ў справах для павялічвання хвалы Божай і збаўлення душ, што ў заслугах пераўзышла Апосталаў”. Таму таксама Касцёл справядліва вітае Цябе словамі: Каралева Апосталаў!
Беззаганная Маці, дзякую Табе за чарговы ўрок веры. Дзякую Табе, Марыя, за тое, што вядзеш мяне шляхам таямніц ружанца, дзякуючы чаму я мог убачыць Цябе ў Вячэрніку як Каралеву Апосталаў, як Маці нараджаючагася Касцёла. Дух Святы напоўніў Цябе ў хвіліну Звеставання. Пасля ўнебаўшэсця Езуса Ты таксама гатовая Яго прыняць. Тваё Сэрца было і заўсёды адкрытае на ласку Божую. Ты не перасташ быць служабніцай Божай. Праз прысутнасць у Вячэрніку ты ажыццяўляеш сваё пакліканне да духоўнага мацярынства адносна нараджаючагася Касцёла. Ты Маці і Ты вучыш сваёй паставай правільна выбіраць. “У Вячэрніку той самы Дух зноў сышоў на Цябе, каб уласным прыкладам Ты пабуджала Апосталаў да засяроджанасці, вытрываласці і малітвы,” – вучыў бл. Кс. Сапоцька – каб Ты магла стаць Маці нашай веры.
Дзякую Табе, што дзякуючы Твайму ўроку я зразумеў, што Ты – Маці Езуса Хрыста і Яго неразлучная Спадарожніца ў новай гісторыі збаўлення, калі Сын Божы прыняў ад Цябе людзкую натуру, каб праз таямніцу свайго Цела вызваліць чалавека з граху, а таксама таму, што ўсёй супольнасці абраных Ты свеціш як узор цнотаў (пар. Павел VI, Signum Magnum). Як кожная маці не можа абмяжоўваць свайго задання толькі нараджэннем новага чалавека, але павінна таксама выкарміць дзіця і выхаваць яго, так я цяпер разумею, што Ты напэўна зрабіла тое самае, Найсвяцейшая Дзева Марыя. Дзякую Табе за тое, што Ты мне Маці, што ў Тваім Сэрцы я заўсёды магу ўбачыць давер і надзею, хоць людзкая логіка падказвае мне нешта зусім супрацьлеглае. Ave Maria!

ІV. АПЭЛЬ МАРЫЙНЫ
Апошняя бітва паміж Марыяй і шатанам

Святая і Беззаганная, Найчысцейшая і найхвалебнейшая, Прыгожая, цалкам Чыстая, бо ўся Божая. О Марыя, якая ж Ты цудоўная! Фацімская Спадарыня, Каралева Беларусі і Маці Міласэрнасці, будзь прывітаная!
Да Цябе мы прыходзім у гэты Фацімскі дзень нашага чування. Мы прыходзім у Год Міласэрнасці і ў чарговы год Вялікай Фацімскай Навэнны, якi прысвечаны праўдзе пра Міласэрную Любоў Бога. Гледзячы на Цябе, углядаючыся ў Тваё Беззаганнае Сэрца, мы прагнем пазнаваць Цябе, каб яшчэ больш любіць. Сёння наш праваднік па шляхах веры і любові – святы Людовік дэ Манфор, які так нас вучыць словамі свайго “Трактату”:
Менавіта гэтых апошніх і жудасных пераследаў д’ябла, якія штодзённа будуць памнажацца да прыйсця Антыхыста, датычыць першае і добра вядомае прадказанне і праклён Бога супраць змея ў Эдэме. Гэта трэба было патлумачыць тут дзеля хвалы Найсвяцейшай Дзевы, уратавання Яе дзяцей і ганьбы д’ябла. “Я пакладу варожасць паміж табой і жанчынай, яе пакаленнем і тваім; яна раздушыць табе галаву, а ты будзеш джаліць яе ў пяту” (Быцця 3, 15).
Адзін толькі раз Бог паклаў непрыміральную варожасць, якая будзе цягнуцца і павялічвацца ажно да самага канца. Гэта варожасць паміж Марыяй, Яго годнай Маці, і шатанам, паміж дзецьмі і слугамі Святой Дзевы і слугамі і паплечнікамі Люцыфера. Найбольшы вораг, якога Бог стварыў супраць д’ябла, — гэта Марыя, Яго святая Маці. Ужо ў зямным раі, хоць Яна была яшчэ толькі ў Яго намерах, Ён удыхнуў у Яе столькі нянавісці да гэтага праклятага ворага, столькі майстэрства, каб распазнаць злыя намеры гэтага пякельнага змея, столькі моцы, каб перамагчы, растаптаць і раздушыць гэтага  пыхлівага бязбожніка, што ён баіцца Яе не толькі больш за ўсіх анёлаў і людзей, але нават больш, чым самога Бога. Але не таму, што гнеў, нянавісць і моц Божая меншыя, чым у Найсвяцейшай Дзевы. Гэта не так, бо дасканаласць Марыі абмежаваная. Але таму, што бязмежна пыхлівы шатан найбольш баіцца быць пераможаным і ўкараным маленькай і пакорлівай служабніцай Божай. Яе пакорлівасць прыніжае яго больш, чым Божая моц. А яшчэ таму, што Бог даў Марыі настолькі вялікую моц супраць дэманаў, што яны, як самі вымушаныя гэта прызнаваць вуснамі апантаных, аднаго Яе ўздыхання ў абарону душы баяцца больш за малітвы ўсіх святых, разам і адной Яе пагрозы супраць іх — больш за ўсе іншыя пакуты.
Тое, што Люцыфер згубіў праз пыху, Марыя атрымала праз пакору; што Ева згубіла праз непаслухмянасць, Марыя ўратавала праз паслухмянасць. Ева, паслухаўшы змея, загінула сама і згубіла ўсіх сваіх дзяцей і аддала іх пад яго ўладу;  Марыя, дасканала паслухмяная Богу, уратавалася сама і  ўратавала ўсіх сваіх дзяцей і слугаў і прысвяціла іх Богу.
Бог паклаў варожасць не толькі паміж Марыяй і дэманам, але таксама паміж пакаленнем Найсвяцейшай Дзевы і пакаленнем дэмана. Гэта азначае, што Бог паклаў варожасць, непрыязнасць і ўкрытую нянавісць паміж сапраўднымі дзецьмі і слугамі Святой Дзевы і дзецьмі і нявольнікамі д’ябла. Яны не любяць адно аднаго, і няма аніякай унутранай сувязі паміж імі. Дзеці Бэліяла, нявольнікі шатана, сябры гэтага свету (бо гэта адно і тое) заўсёды пераследвалі і будуць пераследваць яшчэ больш, чым раней, тых, што належаць Найсвяцейшай Дзеве, як некалі Каін пераследваў свайго брата Авеля, а Эсаў — свайго брата Якуба: яны з’яўляюцца вобразам адступнікаў і прызначаных.  Але пакорлівая Марыя заўсёды пераможа гэтых пыхліўцаў, і перамога будзе настолькі вялікай, што Яна раздушыць галаву, у якой знаходзіцца пыха дэмана. Яна раскрые яго змяіную злосць, выявіць яго пякельныя намеры, знішчыць яго д’ябальскія парады і да самага канца забяспечыць абарону Сваім верным слугам ад яго жахлівай лапы.
Але ўлада Марыі над дэманамі заззяе асаблівым чынам у апошнія часы, калі шатан пачне джаліць Яе ў пяту, гэта значыць, Яе пакорных нявольнікаў і бедных дзяцей, якіх Яна падрыхтуе дзеля барацьбы з ім. Яны будуць маленькімі ў вачах гэтага свету і ніжэйшымі, пагарджанымі і пераследаванымі, як пята адносна ўсіх іншых частак цела. Затое яны будуць мець вялікую ласку Божую, якой Марыя шчодра іх абдорыць, яны будуць вялікімі і святымі ў вачах Бога, вышэйшымі за ўсіх іншых у сваім жывым запале. Яны будуць настолькі моцна абапірацца на дапамогу Божую, што ў сваёй пакоры разам з Марыяй раздушаць галаву шатана і наблізяць трыюмф Езуса Хрыста.
У рэшце рэшт Бог хоча, каб Марыя сёння была больш вядомая, больш любая, больш ушанаваная, чым раней. Гэта напэўна адбудзецца, калі Яе прызначаныя з дапамогай ласкі і святла Духа Святога будуць дасканала практыкаваць у душы тое, пра што я зараз раскажу. Тады яны выразна ўбачаць, наколькі ім дазволіць іх вера, гэтую Зорку Мора, якая шчасліва прывядзе іх да порту збаўлення, нягледзячы на навальніцы і піратаў. Яны спазнаюць веліч гэтай Гаспадыні і цалкам прысвецяць сябе Яе службе ў якасці Яе падданых і нявольнікаў любові. Яны скаштуюць Яе слодычы і матчынай дабрыні і будуць пяшчотна любіць Яе, як Яе любыя дзеці. Яны спазнаюць поўню Яе міласэрнасці, і Яна заўсёды будзе клапаціцца пра іх патрэбы. І кожны раз яны будуць прыбягаць да Яе як да сваёй Заступніцы і Пасрэдніцы перад Езусам Хыстом. Яны даведаюцца, што Яна — самы пэўны, самы лёгкі, самы кароткі і самы дасканалы шлях да Езуса Хрыста, і аддадуцца Ёй целам і душой, без рэшты, каб цалкам быць для Езуса Хрыста” (св. Людовік дэ Манфор, “Трактат аб сапраўдным набажэнстве да НМП”, частка І, раздз 3).

Паглядзі, ласкавая Спадарыня, на гэты народ, які спрадвеку заставаўся верным Табе і Твайму Сыну.
Паглядзі на гэты народ,
які заўсёды пакладаў надзею ў Тваёй матчынай любові.
Паглядзі, звярні на нас свае міласэрныя вочы,
выпрошвай тое, што Тваім дзецям найбольш патрэбна.
Убогім і церпячым адчыняй дзверы заможных.
Беспрацоўным дай сустрэць працадаўцу.
Выкінутым на вуліцу дапамажы знайсці дах над галовой.
Сем’ям дай любоў,
якая дапамагае перажыць усе цяжкасці.
Маладым паказвай шлях і перспектывы на будучыню.
Дзяцей ахіні плашчом сваёй апекі,
каб яны не паддаліся спакусе.
Манаскія супольнасці ажыўляй ласкай веры, надзеі і любові.
Святароў вучы наследаваць Твайго Сына
у штодзённым аддаванні свайго жыцця за авечак.
Біскупам выпрошвай святло Духа Святога,
каб яны вялі Касцёл адзіным і простым шляхам да брамы Валадарства Твайго Сына.
Маці Найсвяцейшая, Кальварыйская Спадарыня,
выпрошвай таксама і мне сілы і духа,
каб я  выканаў да канца місію,
якую мне даручыў Уваскрослы.
Табе аддаю ўсе плёны майго жыцця і служэння;
Табе даручаю лёс Касцёла;
Табе даручаю мой народ;
Табе давяраю і Табе яшчэ раз кажу:
Totus Tuus, Maria!
Totus Tuus. Амэн.


Св. Ян Павел ІІ,
Кальварыя Зэбжыдоўская 2002.


Перакладзена з польскага выдання
Bóg jest Miłosieny. Ostatnie słowo należy do Boga, który jest Miłością. 
Sekretariat Fatimski 2015