Прысвячэнне Беззаганнаму Сэрцу Марыі

Дырэктыва аб народнай пабожнасці і літургіі. Прынцыпы і ўказанні.

Кангрэгацыя па справах Культу Божага
і Дысцыпліны Сакрамэнтаў

    Беззаганнае Сэрца Марыі
    174. […] Ушанаванне Беззаганнага Сэрца Марыі вельмі распаўсюджваецца пасля Яе аб’яўленняў у Фаціме ў 1917 г. У 25 гадавіну гэтых аб’яўленняў, у 1942, Пій ХІІ даручыў Касцёл і ўсё чалавецтва Беззаганнаму Сэрцу Марыі, а ў 1944 успамін Беззаганнага Сэрца Марыі быў распаўсюджаны ва ўсім Касцёле.
   Формы культу Беззаганнага Сэрца Марыі, захоўвачы неперакрачальную дыстанцыю паміж Сынам, сапраўдным Богам, і Марыяй, якая з’яўляецца толькі стварэннем, у народнай пабожнасці наслядоўваюць ушанаванне Сэрца Хрыста праз: адданне Ёй асобных вернікаў, сямей, манаскіх супольнасцяў і народаў[1], узнагароду пры дапамозе малітвы і ўтаймаванне цела, учынкі міласэрнасці і практыкаванне пяці першых суботаў месяца.


[1] Сярод актаў аддання Беззаганаму Сэрцу Марыі у першую чаргу трэба ўзгадаць прысвячэнне свету, учыненае 31 кастрычніка 1942 г. Піям ХІІ; пар. AAS 34 (1942) 318. Гэтае прысвячэнне было адноўленае Янам Паўлам ІІ у еднасці з біскупамі Касцёла 25 сакавіка 1984 г.; пар. Insegnamenti di Giovanni Paolo II, t. VII/1 (1984), s. 774-779.

Словы Маці Божай з Фацімы
13 ліпеня 1917 года

СЛОВЫ МАЦІ БОЖАЙ З ФАЦІМЫ
13 ЛІПЕНЯ 1917 ГОДА
   “Вы бачылі пекла, куды ідуць душы бедных грэшнікаў. Каб іх уратаваць, Бог хоча ўсталяваць у свеце набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца. Калі будзе зроблена тое, што я вам скажу, шмат душаў будзе ўратавана і ў свеце запануе супакой. Вайна скончыцца. Але калі людзі не перастануць абражаць Бога, падчас пантыфікату Пія XI пачнецца іншая вайна, яшчэ горшая. Калі ўбачыце ноч, асветленую невядомым святлом, ведайце, што гэта вялікі знак, які Бог вам дае, што Ён пакарае свет за яго шматлікія злачынствы вайной, голадам і пераследваннем Касцёла і Святога Айца. Каб пазбегнуць гэтага, я прыду прасіць аб прысвячэнні Расіі майму Беззаганнаму Сэрцу і ахвяравання Святой Камуніі ў першыя суботы як узнагароду. Калі людзі выканаюць мае жаданні, Расія навернецца і запануе супакой, калі не, Расія распаўсюдзіць сваю памылковую навуку, правакуючы войны і пераследванне Касцёла. Справядлівыя будуць замучаныя, Айцец Святы будзе шмат цярпець, шмат народаў будзе знішчана, у канцы Маё Беззаганнае Сэрца затрыюмфуе. Святы Айцец прысвеціць мне Расію, якая навернецца, а для свету настане перыяд супакою.”

ЛІСТЫ СЯСТРЫ ЛУЦЫІ
   Пра словы, сказаныя Маці Божай Ружанцовай у Фаціме ў 1917 г., асабліва пра змешчаную ў іх просьбу аб прысвячэнні Расіі, шматрозова нагадвала сястра Луцыя ў сваіх лістах, скіраваных да Святого Айца; напрыклад, у лісце 2 снежня 1940 года, чытаем: “Пішу, Святы Ойча, каб паўтарыць просьбу, якую ўжо дасылала да Цябе некалькі разоў… Просьба гэтая, Святы Ойча, паходзіць ад нашага Пана і нашнай добрай Маці ў небе… У 1929 годзе Найсвяцейшая Панна Марыя прасіла аб прысвячэнні Расіі Яе Беззаганнаму Сэрцу, абяцаючы затрымаць гэтым распаўсюджванне яе памылак і давесці да навяртання… У атрыманых некалькі разоў унутраных натхненнях наш Пан не пераставаў настойваць на выкананні гэтай просьбы. Апошнім разам Ён абяцаў скараціць час пакутаў, якімі пастанавіў укараць народы за іх злачынствы [дапускаючы] вайну, голад і розныя пераследванні Святога Касцёла і Вашай Святасці, калі Вы прысвеціце свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі з выразным успамінам Расіі і даручыце ўсім біскупам свету зрабіць тое самае ў еднасці з Вашай Святасцю”.
   У 1940 годзе сястра Луцыя таксама пісала да Святога Айца: “Наш Пан абяцаў агарнуць Партугалію асаблівай апекай падчас гэтай вайны, дзякуючы прысвячэнню народу Беззаганнаму Сэрцу Марыі партугальскімі біскупамі, як доказ ласкаў, які будуць удзеленыя іншым нардам, калі яны, як Партугалія, прысвецяць сябе Яму”.

Сведчанне Партугаліі для іншых народаў

   Дзякуючы прысвячэнню усяго народу Беззаганнаму Сэрцу Марыі ў 1931 годзе біскупамі  ў Фаціме, Партугалія цудоўным чынам была ўратаваная ад камуністычнай рэвалюцыі, якая знішчала суседнюю краіну – Гішпанію.
Таму нічога дзіўнага, што перад абліччам набліжаючайся сусветнай вайны ў 1938 годзе, за сем гадоў да яе пачатку, прысвячэнне было адноўленае. Па-чалавечы, да сённяшняга дня незразумела, як Партугалія да канца другой сусветнай вайны змагла захаваць нейтралітэт. Вось знак ласкаў і ўратавання, якія выплываюць з прыкладу Партугаліі для іншых народаў.

Папскія заклікі:
Пій XII, Павел VI і Ян Павел II

   Святы Айцец Пій XII у адказ на просьбу Маці Божай прысвяціў свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі ў 1942 годзе і ўстанавіў свята Маці Божай Каралевы ў 1942 годзе. Акрамя гэтага, уводзячы свята Марыі Каралевы ў 1954 г., ён звярнуўся да ўсяго Касцёла словамі энцыклікі “Ad caeli Reginam”:
   “Пасля доўгага і глыбокага разважання, маючы моцнае перакананне, што для Касцёла гэта будзе вялікае дабро, калі гэтая бясспрэчна пацверджаная праўда заяснее ўсім, відавочна, як палымнеючая свяча, пастаўленая на падсвечніку, – моцай Нашай Апостальскай улады мы ўводзім свята Каралевы Марыі, якое павінна святкавацца па ўсім свеце 31 мая (цяпер, пасля рэформы календара, гэта 22 жніўня).  Таксама загадваем, каб у гэты ж дзень аднаўлялася прысвячэнне чалавецтва Беззаганнаму Сэрцу Марыі Панны. Бо ў ім ёсць недзея на тое, што надыдзе лепшае стагоддзе, трыюмф веры і хрысціянскі супакой.
   А таму няхай усе з ячшэ большым, чым раней, даверам імкнуцца да трону міласэрнасці і ласкі Каралевы і Маці нашай, просячы дапамогі ў няшчасцях, святла ў цемры, суцяшэння ў цярпенні і горычы; а перш за ўсё няхай вырвуцца з няволі граху і служаць з дзіцячай пабожнасцю пад апекай настолькі вялікай Маці! Няхай натоўпы вернікаў ціснуцца да Яе святынь, няхай абыходзяць Яе святы; няхай Яе малітоўная каронка будзе ва ўсіх далонях і няхай увайдзе да Касцёлаў і хат, да шпіталяў і вязніцаў, на маленькія сходы і масавыя дэманстрацыі вернікаў, з мэтай абвяшчэння Яе хвалы! Няхай Імя Марыі, саладзейшай за няктар і даражэйшае за перлы, будзе ў найвышэйшым ушанаванні; няхай ніхто пра гэтае Імя, пакрытае такой веліччу і аздобленае матчынай прыгажосцю, не кажа нейкіх праклятых выразаў, якія сведчаць аб абрыдлівай душы; і няхай ніхто не адважваецца казаць нічога, што б абражала належную Яму пашану!
   Маючы вялікае жаданне, каб Каралева і Маці хрысціянскага люду прыняла гэтае нашае ўшанаванне і сваім супакоем абяззброіла раздзіраныя нянавісцю дзяржавы і пасля гэтага выгнання паказала нам Езуса, які будзе для нас супакоем, вечнай Радасцю, ахвотна ўдзяляем Вам, Шаноўныя Браты, і Вашай аўчарні, як залог дапамогі Ўсемагутнага Бога і доказ Нашай любові, Апостальскага Блаславенства.” (Пій XII, “Ad caeli Regina”, 1954, § 4).
   З падобным заклікам звярнуўся Святы Айцец Павел Пій VI, заклікаючы “ўсіх дзяцей Касцёла да таго, каб асабіста аднавілі прысвячэнне Беззаганаму Сэрцу Маці Касцёла; каб таксама, пацвярджаючы гэты цудоўны знак пабожнасці сваім захаваннем, імкнуліся ўсё больш дасканала выконваць волю Божую, з павагай наслядоўваць Каралеву Неба і служыць Ёй у сыноўскім духу” (Павел VI, “Signum Magnum”, 1967, §8).
   Ян Павел II у гаміліі, сказанай у Фаціме ў 1982 г., нагадваў, што: “Заклік Марыі не аднаразовы. На Яе заклік трэба адказваць з пакалення ў пакаленне, згодна з новымі знакамі часу. Да яго трэба ўвесь час вяртацца. Трэба на яго адказваць кожны раз наноў”.
   Прыгожым вянком учыненых намаганняў, каб выканаць просьбу Маці Божай, быў акт прысвячэння свету і Расіі Беззаганнаму Сэрцу Марыі 25 сакавіка 1984 г., які Ян Павел II учыніў у калегіяльнай еднасці з усмі біскупамі. Сястра Луцыя перад самай смерцю так пісала пра гэую бязмежна важную падзею: “Святы Айцец прысвеціць Расію, якая наврнецца. Слова “навернецца” паходзіць ад слова “навяртанне”, гэта значыць зло пераменіцца ў дабро, і на пэўны час у свеце запануе супакой. Абяцанне супакою адносіцца да воен, выкліканых па ўсім свеце памылкамі, распаўсюджанымі Расіяй. Прысвячэнне гэтае было зроблена Святым Айцом Янам Паўлам II у Рыме 25 сакавіка 1984 году перад абразом Нашай Пані, які ўшаноўваецца ў капліцы Аб’яўленняў у Фаціме, Кова да Ірыя [так называецца месца, дзе пабудавалі капліцу], які Святы Айцец – пасля таго, як напісаў да ўсіх біскупаў свету, каб яны з’ядналіся з Яго Святасцю ў гэтым акце прысвячэння, які ён збіраўся ўчыніць – спецыяльна сказаў прывезці ў Рым гэты абраз, каб выразна паказаць, што Прысвячэнне, якое ён збіраўся ўчыніць перад гэтым абразом, было выкананнем просьбы Нашай Пані ў Фаціме”.
   Акт прысвячэння свету і Расіі Беззаганнаму Сэрцу Марыі з’яўляецца сутнасцю паслання з Фацімы, побач з набажэнствам першых суботаў месяца. Рымскі акт у 1984 г. – які адпавядаў, як запэўніла сястра Луцыя, усім умовам, прывёў да выканання першых абяцанняў Марыі.

Сястра Луцыя нагадвае…

   “Прысвячэнне – гэта апора нашай малітвы, моц, якая яе падтрымлівае. Перш за ўсё гаворка ідзе аб прысвячэнні нас саміх, нашых дрэнных схільнасцяў, аб вырачэнні ад нашых грэшных упадабанняў, якія маюць свае карані ў нашай самаўпэўненасці, эгаізме, жаданні выгады і амбіцыях. На другім месцы, гэта прысвячэнні, якія прымаюцца і робяцца дабраахвотна, каб ахвяраваць іх Пану як пакорны дар нашай любові і ўдзячнасці. Менавіта гэтай малітвы і прысвячэння ад нас чакаюць Сэрцы Езуса і Марыі, каб прыняць іх і занесці да Айца як плён працягу Яго Справы Адкуплення, для збаўлення Чалавецтва”. (С. Луцыя, “Пасланне з Фацімы”)
   “Тыя, што будуць жыць набажэнствам да Беззаганнага Сэрца Марыі, будуць сапраўды навернутымі і прысвечанымі Богу”, яны будуць “новым пакаленнем, якое пераможа зло”! Фацімская візіянерка ўсведамляе нам, што гэтае “новае пакаленне гэта пакаленне Беззаганнага Сэрца Марыі, а Марыя яго Маці”. (С. Луцыя, “Заклікі Фацімскага Паслання”)

Абавязкі, якія выплываюць з прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі

   “Прысвячэнне Багародзіцы гэта рэлігійны акт і мае ў сабе глыбокі сэнс, які прыцягвае за сабой пэўныя абавязкі. Ніводны рэлігійны акт, нават учынены самым урачыстым спосабам, ня мае ніякага сэнсу, калі не выкліча моцнага і трывалага водгуку ў нашай волі. Прысвяціць сябе Беззаганнаму Сэрцу гэта з’яднацца ўнутрана з Яе жаданнямі, якія трэба выканаць. На гэтым засноўваецца нашае духоўнае адзінства з Ёй, якое з’яўляецца нічым іншым, як служэннем Ёй.
   Культ марыйнага служэння у поўным і ўласным значэнні ахоплівае адданне сябе пад уладу і загадам Марыі як нашай Маці і Каралевы. Валадаранне ж Марыі над намі ня мае іншай мэты, як толькі зрабіць падобнымі нас да вобразу Яе Сына і ўсталяваць у нашым жыцці Яго Валадарства. Менавіта валадаранне Марыі з’яўляецца адным з аспектаў Валадарства Хрыстовага, якое ў жыцці Марыі ўказалася ў найчысцейшай форме. Накіроўваючы нас да Езуса Хрыста, выхоўвае Яна нас на свой узор”. (Кс. Ян Дрозд SDS, “Пасланне Беззаганнай”)

Акты прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі

АКТ АСАБІСТАГА ПРЫСВЯЧЭННЯ
БЕЗЗАГАННАМУ СЭРЦУ МАРЫІ
   О Беззаганнае Сэрца! У еднасці з Сэрцам Езуса, Твайго Наймілейшага Сына, прысвячаю і цалкам, бяз рэшты Табе аддаюся, усклікаючы: О, Сэрца Марыі, цалкам належу да Цябе і ўсё, што я маю – Тваё. Твайму Беззаганнаму Сэрцу прысвячаю ўсё маё жыццё і ўсю маю дзейнасць, пачуцці і сілы, даброты духоўныя і матэрыяльныя, натуральныя і звышнатарульныя, унутраныя і знешнія, прамінаючыя і сталыя, сваё мінулае, сучаснасць і будучыню – ўсё бяз рэшты – свой час, жыццё, вечнасць, неба, сваё сэрца, цела, душу, асобу і ўсю сваю сутнасць – усё!
   О, Сэрца, палаючае Божай любоўю, цалкам давяраюся і даручаюся Табе. Будзь маім святлом і сілаю, апорай і дапамогай, адпачынкам і прытулкам, радасцю і жыццём, маім апякуном і ўсім маім пасля Найсвяцейшага Сэрца Езуса, майго Караля і Жаніха. Амэн.

АКТ ПРЫСВЯЧЭННЯ СЯМ’І
БЕЗЗАГАННАМУ СЭРЦУ МАРЫІ
   Марыя, нашая сям’я прысвячаецца сёння бяз рэшты Твайму Беззаганаму Сэрцу. Даручаем Табе нашае мінулае, сучаснасць і будучыню, асабліва гадзіну нашай смерці  і саму смерць. Апякуйся намі і распараджайся нашым часам, жыццём духовым, нашай працай. Прысвячаем Табе нашыя целы, нашыя душы, нашыя здольнасці і ўменні. Табе даручаем нашую вольнасць, нашыя імкненні, нашыя абавязкі і нават нашыя правіны.
   Перш за ўсё прасі за нас Духа Святога, Нявестай якога Ты з’яўляешся, каб Ён напоўніў нас і асвяціў. Зрабі так, каб наш сямейны ачаг стаў другім домам назарэтанскім. Асвячай нас праз штодзённую малітву на ружанцы і частае прыняцце святых сакрамэнтаў. Блаславі нас усіх і абдары нас Тваім незвычайным супакоем. Застанься з намі назаўсёды разам з Езусам, святым Юзафам і святымі анёламі. Будзь “Аркай збаўлення” для нашай сям’і, якая цяпер і назаўсёды прагне ды Цябе належыць, для пашаны і хвалы Бога Найвышэйшага.

АКТ ДАРУЧЭННЯ ЗАКОННАЙ СУПОЛЬНАСЦІ
БЕЗЗАГАННАМУ СЭРЦУ МАРЫІ
    Беззаганная Марыя! Мы, Твае дочкі і сыны, дабраахвотна звязаныя законнымі шлюбамі, прыходзім да Тваіх стоп, каб аднавіць прысвячэнне Твайму Беззаганнаму Сэрцу. Маці, вазьмі нашыя сэрцы і душы. Вазьмі і ўфармуй у нас гатоўнасць да выканання волі Божай і цалкавітую падпарадкаванасць Твайму кіраўніцтву.
   Беззаганнае Сэрца Марыі! Ты адкрываеш перад намі шырокае поле працы. Зыходзячы з неба ў салодкім пасланні міласэрнасці, заклікаеш нас несці паратунак для свету, які ляціць у бездань саманадзейнасці і ўжывальніцтва. Мы гатовыя прыняць пакуту за ўласныя грахі і грахі свету, каб выпрасіць супакой і асвячэнне людзям добрай волі. На Твой заклік мы становімся ў першых радах, разумеючы, якая на нас ляжыць адказнасць. Мерай ласкаў, якія сплываюць на чалавецтва з’яўляецца нашая вернасць і стараннасць у ажыццяўлення паклікання.
   О Марыя, мы ведаем, што нашая апостальская праца толькі тады прынясе плёны, калі мы будзем наслядоўваць беззаганную чысціню Твайго Сэрца, калі мы будзем ісці слядамі Твайго прыкладу і выконваць Твае загады.
   Таму мы абяцаем ва ўсім любіць Божую волю, а ўласную волю аддаць пад уладу Права і Касцёла. Пастанаўляем з павагай слухаць Святога Айца. Прагнем кожны дзень нашага жыцця пазначыць чысцінёй, утаймаваннем плоці, мужнасцю, цярплівасцю ў выпрабаваннях, і праз гэта стрымаць націск зла і сапсавання. Хочам адрадзіць свет, пачынаючы з аднаўлення нашых дамоў законных.
   О Маці, выпрасі нам новы перыяд жыцця, перыяд стараннага імкнення да святасці. Няхай ступенню да гэтага новага этапу стане сённяшні дзень, калі, ў Тваіх стоп, мы духоўна абнаўляем нашыя абяцанні, дадзеныя Богу на хросце і падчас складання законных шлюбаў.
   Беззаганнае, мацярынскае Сэрца Марыі! Прагнем узнагародзіць Табе за ўсе знявагі і раны, якія нанесеныя намі, нашымі супольнасцямі і тымі, хто Цябе не ведае, не ўшаноўвае і не любіць. Выконваючы Твае жаданні, мы пастанаўляем далей прысвячаць Табе ўсе першыя суботы месяца. Будзем любіць і маліцца дарагі Табе ружанец, аддаваць Тваёй апецы Твой Святы Касцёл, Святога Айца, Айчыну, нашых братоў славян і ўвесь свет.
   Каралева нашая, захавай нашыя домы законныя і супольнасці ад сапсавання і атакі ворагаў. Выпрасі нам нязломны дух веры, бязмежную надзею і гераічную любоў. Нашая Пані, Каралева Ружанца Святога, выпрасі ўсяму свету справядлівы і трывалы супакой. Дапамажы, каб мы з Тваім імем на вуснах жылі і паміралі, а калі з’явіцца патрэба, умелі з ім ісці на працу і на крыж за святую справу. Амэн.