Хвіліна з Янам Паўлам ІІ

   1. “Ты – Прычына нашай радасці. Бог адарыў Цябе годнасцю быць гэтай Прычынай найбольш поўна і найбольш багата. Ты з’яўляешся прычынай майго супакою, маёй радаснай веры. Таму няхай Твая вера будзе нашай верай; Яе радасць няхай станецца таксама нашай радасцю. А паколькі Ты – наша радасць, мы ў сваю чаргу хочам імкнуцца быць Тваёй радасцю! ”   (Ватыкан, 17 мая 1992)

   2. “Дзякую Табе, о Маці, за ўсіх, хто так робіць: хто сярод выпрабаванняў і цяжкасцяў знаходзіць сілу ў сваім сумленні, сэрцы і волі, каб памнажаць і ўзмацняць дабро. Дзякую Табе за ўсіх, хто застаецца верным свайму сумленню, хто, змагаючыся са сваімі слабасцямі, узмацняе іншых…
 Такую перамогу ніхто не можа адабраць у нас!”  (Чэнстахова, 16 чэрвеня 1982)

   3. “Маці ўсіх людзей, просім Цябе аб ласцы выбару таго сыноўства, якім Айцец адорвае ўсіх сваіх умілаваных у Яго і Тваім Сыне. Просім Цябе, Маці надзеі, аб ласцы збаўчай паслухмянасці веры, адзінай дарогі да збаўлення.
   Верная Пані, просім Цябе – бо гэта Ты вядзеш усіх людзей у зямной пілігрымцы веры – апякуйся тымі, хто прымае Хрыста і ідзе за Ім, за Тым, Які ёсць, Які быў і Які прыходзіць (Ап 1, 8); за Тым, хто ёсць  Дарогай і Праўдай, і Жыццём (Ян 14, 6).
   О, ласкавая, о літасцівая, о салодкая Багародзіца, дапамажы нам, Марыя! (Ватыкан, 8 снежня 1992)

   4. “Мы нястомна ўглядаемся ў Твой прыклад, просячы, каб Ты вучыла нас слухаць і захоўваць кожнае слова, якое скіроўвае да нас Бог. Бо благаслаўлёныя тыя, што слухаюць Божае Слова і захоўваюць яго. Няхай благаславенства, якое сышло на Цябе, станецца таксама нашым удзелам! Каб мы, слухаючы і захоўваючы Божае Слова, станавіліся падобнымі да Цябе - сведкамі Бога, Які ёсць любоўю!” (Пэльпін, 6 чэрвеня 1997)

   5.
“Аб’яўленні Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Фаціме, пацверджаныя незвычайнымі знакамі, якія адбыліся ў 1917 годзе, адносяцца да ўсяго нашага стагоддзя.” (Ватыкан, 26 ліпеня 1987)

   6. “У Касцёла Марыйнае аблічча. У нас таксама.” (Ватыкан, 15 верасня 1995)

   7. “Марыйнае вымярэнне Касцёла бясспрэчна з’яўляецца важным элементам хрысціянскага народу. Можна заўважыць яго ў розных праяўленнях жыцця веруючых. І гэта сведчыць аб тым, якое месца займае Марыя ў іх сэрцах. Гэта не павярхоўнае пачуцце, але глыбокая і свядомая прывязанасць, якая мае свае каранні ў веры, загадвае хрысціянам усіх часоў прыбягаць да Марыі…” (Ватыкан, 15 лістапада 1995)

   8. “Думаю важна нагадаць, што для ўстанаўлення сапраўднага супакою ў свеце, справядлівасць павінна знайсці сваё дапаўненне ў любові. Канешне, праўда з’яўляецца першым шляхам, якой трэба ісці, каб дасягнуць супакою. Аднак, нельга дайсці да канца гэтага шляху, калі справядлівасць не будзе дапоўненая любоўю. Часам справядлівасць і любоў аб’яўляюцца як супрацьлеглыя сілы. У сваёй сутнасці яны прадстаўляюць нішто іншае як два абліччы той самай рэчаіснасці, два вымярэнні чалавечага існавання, якія павінны адзін другога дапаўняць. Пацвярджае гэта гістарычны досвед. Ён паказвае, што часта справялівасць не здольная вызваліцца ад зневажанняў, ад нянавісці, а нават зверстваў. Адной толькі справядлівасці недастаткова. Яна можа нават пярэчыць самой сабе, калі не адкрыецца на больш глыбокую моц, якой з’яўляецца любоў.” (Ватыкан, 8 літстапада 2003)

   9. “Ідзіце да Марыі. Ідзіце з Марыяй. Няхай у вашых сэрцах гучыць рэха Яе “fiat””. (Ларэта, 19 чэрвеня 1993)

   10. “У Тваім заступніцве мы пакладаем ўвесь наш давер, “о ласкавая, о літасцівая, о салодкая Дзева Марыя!” (Ватыкан, 8 снежня 1993)

   11. “На працягу дня аднаўляйце ваш давер і любоў, каб Марыя суправаджала вас ў штодзённым жыцці.”  (Фунцыял, 12 мая 1991)

   12. “Тыя, што з пакалення ў пакаленне, з розных народаў зямлі, з верай прымаюць таямніцу Хрыста, Уцелаўлёнага Слова і Адкупіцеля свету, не толькі з пашанай і даверам прытуляюцца да Марыі як да Яго Маці, але адначасова шукаюць у Яе веры падтрымку для сваёй веры.”  (Redemptoris Mater, 27)

   13. “Без Марыі Евангелле становіцца безцялесным і бясформеным, перамяняецца ў ідэалогію, у духовы рацыяналізм.” (Ватыкан, 8 верасня 1993)

   14. “Ці далучаемся мы да пілігрымкі веры Беззаганнай Дзевы? Ці ідзем мы ў пілігрымцы разам з Ёй?” (Рым, 8 снежня 1988)

   15. “Касцёл у Тваёй Асобе ўжо дасягае дасканаласці, дзякуючы якой існуе чыстым і беззаганым, аднак у сваёй сучаснай пілігрымцы мы зноў і зноў павінны перамагаць грэх, каб узрастаць у святасці, таму скіроўваем свае вочы да Цябе; да Цябе, Беззаганная; да Цябе, Маці Касцёла; да Цябе, Маці ўсіх людзей.” (Рым, 8 снежня 1988)

   16. “Глядзіце на Марыю!
Любіце Марыю!
Наслядуйце Марыю!
Наслядуйце Яе цалкавітую адкрытасць на Бога!
Няхай Найсвяцейшая Дзева ўсміхаецца вам і апякуецца вамі!” (Пампеі, 21 кастрычніка 1979)

   17. “Марыя з’яўляецца Жанчынай, якую Бог паставіў побач з кожным чалавекам на шляху збаўлення. Марыя з’яўляецца дарогай да Божай праўды. Дарогай абавязковай: Ianua Coeli – Брамай Неба!” (Ватыкан, 8 снежня 1989)

   18. “Нашая Маці і Дзева, не праставай асвячаць шляхі Божаму люду і тут, і на ўсёй зямлі, каб мы не згубілі кірунку, які нам паказаў Езус Хрыстус – Евангеллем, Крыжам і Уваскрашэннем; каб мы ішлі ў гэтым кірунку, ішлі з Ім і за Ім. Аб гэтым просіць Цябе Біскуп Ватыкана, Намеснік св. Пятра, разам з усімі біскупамі і ўсім Божым народам. О, ласкавая, о літасцівая, о салодкая Дзева Марыя! Амэн.” (Аглона, 9 верасня 1993)

   19. “Вітай, найсвяцейшы Трон Таго, Хто спачывае на Херувімах!
Вітай, Божая Ласкавасць для чалавека!
Вітай, Зямля, якая дае багацце міласэрнасці!
Вітай, нястомны Голас Апосталаў,
Вітай, бесстрашная Адвага мучаннікаў!
Вітай, Ты Крыніца святых мучаннікаў, Ты Крыніца багатых водаў, Ты Жыццё святой Вячэры!
Вітай, прад Табою ўзносім трафеі.
Вітай, перад Табою падаюць пераможаныя!
Вітай, Ты лекаванне майго цела, Ты – збаўленне маёй душы.” (Ватыкан, 8 красавіка 1984)

   20. “Alma Redemptoris Mater! Маці Адкупіцеля!
Будзь прывітаная, поўная ласкі, благаславёная Ты паміж жанчынамі.
Pervia Coeli Porta… Брама Неба…
Ты сталася Брамай, праз якую ўвайшло ў гісторыю чалавека Нябеснае Валадарства.
Яго прынёс Той, хто стаўся Тваім Сынам - Адкупіцель свету. Прынёс яго, дзякуючы паслухмянасці новай Евы, Тваёй паслухмянасці, Назарэтанская Дзева, якая падчас Звеставання анёла вызнала: “Вось я, Служабніца Пана, няхай мне станецца паводле Твайго слова!” (Лк. 1, 38)
І гэтак сталася.” (Ватыкан, 8 снежня 1986)

    21. “Якой павінна быць наша пазіцыя адносна Той, каго нам даў як Маці сам Езус? Яна не можа адрозніваццца ад пазіцыі Яна Апостала, аб якім было сказана: “І з той хвіліны вучань узяў Яе да сябе” (Ян 19, 27). Прыняць Марыю ў нашае жыццё і даверыць Ёй усё без рэшты – вось чаго чакае Божая Маці ад кожнага з нас.” (Ватыкан, 3 студзеня 1988)

   22. “З хвіліны Звеставання і зачацця, з хвіліны нараджэння ў бэтлеемскай стайні, Яна ішла крок за крокам за Езусам у сваёй мацярынскай пілігрымцы веры. Ішла праз укрытыя гады Яго жыцця ў Назарэце…”  (Redemptoris Mater,26)

   23. “Марыя, дачка Ізраэля, Ты абвяшчала міласэрнасць, ахвяраваную людзям клапатлівай любоўю Айца, з пакалення ў пакаленне.
   Марыя, Святая Дзева, Служабніца Пана, Ты насіла ў сваім улоні каштоўны плод Божай Міласэрнасці.
   Марыя, Ты ішла за сваім Сынам Езусам ажно да падножжа крыжа, праз “fiat” Твайго мацярынскага Сэрца, Ты, бяз рэшты, цалкам, далучылася да ахвяры Адкуплення.
   Марыя, Маці Міласэрнасці, пакажы сваім дзецям Сэрца Езуса, якое Ты бачыла прабітым, каб Яно назаўсёды было крыніцай жыцця.
   Марыя, прысутная сярод вучняў, Ты набліжаеш да нас ажыўляючую любоў Твайго Уваскрослага Сына.
   Марыя, чуйная да пагрозаў і выпрабаванняў братоў Твайго Сына, Ты не перастаеш весці іх па шляху збаўлення.
   Марыя, (…) зрабі, каб мы наследавалі Твой прыклад і ў пакоры заставаліся вернымі любові Сэрца твайго Сына.  (Парэ-лё-Моньяль, 5 кастрычніка 1986)

   24. “Глядзі! Кладу сёння перад Табою жыццё і шчасце, смерць і няшчасце. Я сёння наказваю Табе любіць Пана, Бога твайго і хадзіць Яго сцежкамі, выконваючы Яго прыказанні, закон і наказы, каб ты жыў і памнажаўся, а Пан, Бог твой, будзе цябе благаслаўляць” (Друг 30, 15-16)…
   Якім шляхам пойдзем мы ў трэцяе тысячагоддзе? Кладу сёння перад Табою жыццё і шчасце, смерць і няшчасце – кажа прарок. Браты і сёстры, прашу вас, выбірайце жыццё! Гэты выбар адбываецца ў сэрцы, у сумленні чалавека…”  (Легніца, 2 чэрвеня 1997)

   25. “Я адчуваю патрэбу даручыць Табе, Маці, якая ў Вячэрніку прысутнічала пры нараджэнні Касцёла праз спасланне Духа Святога на апосталаў… Даручаю Табе, Маці, усю гісторыю Касцёла і яго заданні ў сучасным свеце. Даручаю Табе, Благаславёнай, якая паверыла…” (Альтотынг, 8 снежня 1980)

   26. “Марыя, мы скіроўваем наш позірк да Цябе, Дзева поўная ласкі, якая паказваеш нам неба - мэту нашай вандроўкі. Ты сёння аб’яўляешся як новае стварэнне, бо стаючы каля падножжа Крыжа – калі здавалася, што смерць перамагла – Ты паверыла, што здзейсняцца словы, сказаныя Панам (пар. Лк 1, 45) і прыняла абяцанне Уваскрашэння.” (Кастэль Гандольфо, 15 жніўня 1994)

   27. “ Мы адчуваем Тваю блізкасць, Маці збаўленых, якая вучыш нас перамагаць усялякае  замяшальніцтва і ўзмацняеш Божы люд у яго штодзённым змаганні з князем гэтага свету (пар. Эстэры 12, 31), які прагне вырваць з людзкіх сэрцаў пачуццё ўдзячнасці і пашаны да гэтага выключнага і непаўтаральнага Божага дару, якім з’яўляецца жыццё чалавека.” (Кастэль Гандольфо, 15 жніўня 1994)

   28. “Дзякуем за Тваю збаўчую паслухмянасць, з якой развіваецца Валадарства Жывога Бога ў гісторыі чалавека. Дзякуем за Тваё Беззаганнае Зачацце. Дзякуем за тое, што Ты поўная ласкі. За тое, што разам з Табою наблізілася поўня часу: Там, дзе памножыўся грэх, там павялічылася ласка (пар. Рым. 5, 20).
   Ты з’яўляешся знакам багацця. Ты – Ранішняя Зорка, якая апярэджваеш усход Сонца Справядлівасці, прамяністай любові, праўды і супакою.
   Просім, дапамажы падняць з упадку народ; Ты, што нарадзіла Стварыцеля, Маці Збаўцы! (Ватыкан, 8 снежня 1986)

   29. “Ты ідзеш перад намі, нябесная Спадарыня, у нашай пілігрымцы веры. Узмацні, Марыя, нашую надзею; дадай адвагі Касцёлу, каб ён далей крочыў шляхам вернасці свайму Пану, давярючы толькі збаўчай моцы святога Крыжа.” (Кастэль Гандольфо, 15 жніўня 1994)

   30. “Кожны дзень Ты нагадваеш нам пра заклік Хрыста быць пасланнікамі Божага жыцця, бо толькі яно можа спаталіць голад людзкога сэрца, і кажаш нам разважаць над тым, што Ты сказала ў Кане Галілейскай: “Зрабіце ўсё, што вам скажа” (Ян 2, 5). І толькі Езус мае словы вечнага жыцця (пар. Ян 6, 68).”  (Кастэль Гандольфо, 15 жніўня 1994)

   31. “Так шмат галасоў чуюць сёння хрысціяне ў нашым цудоўным, аднак складаным і патрабуючым свеце. Так шмат чуем мы сёння фальшывых слоў, якія перамешваюцца са Словам Пана. Гэта галасы, якія кажуць нам, што праўда менш важная за асабістую выгаду; што камфорт, багацце і прыемнасць з’яўляюцца сапраўднымі мэтамі жыцця; што адмаўленне ад змены свайго жыцця лепшае за духоўнае ўзбагачэнне і смелае прыняцце адказнасці; што справядлівасць павінна быць дасягнутая, але без якога-небудзь асабістага актыўнага ўдзелу хрысціян, што гвалт можа быць сродкам дасягнення добрых мэтаў, што еднасць можна збудаваць без выключэння нянавісці?” (Нок, 30 верасня 1979)

   32. “Нашай малітвай мы будзем спачатку хваліць Цябе і благаслаўляць.
Благаслаўлёная Ты паміж усімі жанчынамі!
Благаслаўлёная Тая, што паверыла!
Усемагутны ўчыніў Табе вялікія справы! Цуд Божага мацярынства! А дзеля яго – цуд Твайго Беззаганнага Зачацця! Цуд Твайго “fiat”!
Ты так цесна ўключана ў справу нашага адкуплення, у Крыж нашага Збаўцы; Тваё Сэрца было прабітае побач з Яго Сэрцам.” (Парыж, 31 мая 1980)

   33. “Прымі наш заклік, скіраваны ў Найсвяцейшым Духу да Твайго Сэрца, і атулі любоўю Маці і Служабніцы тых людзей і тыя народы, якія больш за ўсё гэтага чакаюць, і адначасова даверу якіх Ты асабліва чакаеш.” (Ватыкан, 9 мая 1982)

   34. “Прагну асаблівым чынам даручыць Сябе Той, у Кім здзейснілася цудоўная і поўная перамога дабра над злом. Любові над нянавісцю. Ласкі над грахом. Той, пра якую Павел VI сказаў, што Яна з’яўляецца Пачаткам; Пачаткам лепшага свету: Беззаганнай.
   Давяраў Ей сябе як слугу слугаў і ўсіх, каму служыць і усіх, хто разам з ім служыць…
   Давярае і аддае сябе як уласнасць!” (Ватыкан, 8 снежня 1978)

   35. “Я увесь Твой і ўсё, што маю, належыць Табе. Цябе прымаю ва ўсім, што маё!
   Гэтым простым і адначасова ўрачыстым актам даверу Біскуп Ватыкана Ян Павел ІІ прагне яшчэ раз распачаць сваю паслугу Божаму народу, якая не можа быць чымсьці іншым, як толькі пакорным наследаваннем Хрыста і Той, якая сказала пра сябе: “Вось я служабніца Пана.”  (Ватыкан, 8 снежня 1978)

   36. “Разам з усім Касцёлам я вызнаю і абвяшчаю, што Езус Хрыстус з’яўляецца Пасрэднікам паміж Богам і людзьмі. Бо ўцелаўленне прынесла з сабой адкупленне і апраўданне сыноў Адама, якія знаходзіліся ў моцы граху і смерці. Адначасова гэта ажыўляе найглыбейшае перакананне, што ў гэтую моцную і дзіўную Божую таямніцу ніхто так глыбока не быў уведзены як Ты, Маці Адкупіцеля, і ніхто не можа нас, яе вызнаўцаў і ўдзельнікаў, з найбольшай прастатой і адначасова з найбольшым зразуменнем, у яе ўвесці як Ты, Марыя.
   З гэтым перакананнем я жыву ўжо даўно. З ім таксама крочу з пачатку майго пілігрымавання. (Aльтотынг, 8 снежня 1978)

   37. “Настаўніца ціхай і ўкрытай ахвяры. Табе… аддаем… усю нашу істоту і ўсю нашу любоў. Аддаем таксама Табе наша жыццё, працу, нашыя радасці, нашы слабасці і наша цярпенне… Усё, што мы маем і чым з’яўляемся, давяраем Тваёй апецы, наша Спадарыня і Маці. Мы хочам цалкам належаць Табе і з Табою ісці шляхам поўным вернасці Хрысту… (Гвадэлупа, 27 снежня 1979)
   38. “Маці людзей і народаў! Табе вядомыя ўсе іх цярпенні і надзеі, Ты па-мацярынску адчуваеш усе змаганні паміж дабром і злом, святлом і цемрай, якія хвалююць свет - … агарні любоўю Маці і Служабніцы тых, што найбольш гэтага чакаюць, і адначасова, даверу якіх асабліва Ты чакаеш… Няхай да ўсіх нас наблізіцца час супакою і вольнасці, час праўды, справядлівасці і надзеі.” (Ватыкан, 7 чэрвеня 1981)

   39. “Сярод праблем, падманаў і надзеі, адыходаў і вяртанняў нашых часоў – Касцёл застаецца верным таямніцы сваіх народзінаў (…) Касцёл заўсёды прысутны ў Вячэрніку. У яго “таямнічых мурах” Касцёл нястомна ўслухоўваецца ў сваё першае дыханне, у першы ўдар свайго сэрца. І збіраецца каля Марыі, сваёй вялікай духоўнай Маці.” (Ватыкан, 31 мая 1987)

   40. “Будзьма пакорнымі вучнямі Марыі. Просім Яе аб ласцы, якая дазволіць нам Яе наследаваць; наследаваць не вялікія і ўзнёслыя цноты, але пакорныя і ўкрытыя, характэрныя Марыі.” (Асці, 26 верасня 1993)

   41. “Маці Уцелаўлёнага Слова, гераічна ахвярная і поўная найглыбейшай пакоры, з’яўляецца таксама і для нас непараўнальным прыкладам цнотаў і знакам вернай надзеі.
   Дазволім, каб Яна ўзяла нас за руку. Яна правядзе нас да Свайго Сына Езуса!” (Ватыкан, 27 верасня 1992)

   42. “Благаслаўлёная тая, што паверыла! (Лк. 1, 45).
   Што паверыла верай, напоўненай радасцю: падчас Звеставання, наведвання, нараджэння, ахвяравання ў святыні, знаходжання Езуса;
   Што паверыла верай, напоўненай болем: у часе пакуты ў Садзе Аліўным, падчас бічавання, укаранавання цернем, крыжовай дарогі, і што паверыла пад Крыжам на Галгофе;
   Што паверыла верай узыходзячай хвалы і праслаўлення Твайго Сына: у хвіліну Уваскрашэння, Унебаўшэсця, у дзень  Пяцідзесятніцы… Ты, вера якой выканалася падчас Унебаўзяцця: Маці нашая, укаранаваная каронай нябеснай хвалы!” (Ватыкан, 14 кастрычніка 1984)

   43. “Пад Тваю абарону, Марыя, прыбягаем.
Тваёй апецы аддаем лёс кожнага з нас па-асобку, нашых сямей і ўсяго народу.
   Нашымі просьбамі не пагарджай у нашых патрэбах, але ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды.
   Выпрошвай для нас, Марыя, ласку веры, надзеі і любові, каб мы, па Твайму прыкладу і пад Тваім кіраўніцтвам, неслі ў новае тысячагоддзе сведчанне любові Айца, збаўчай смерці і Уваскрашэння Сына, а таксама асвячаючага дзеяння Святога Духа.” (Вадавіцы, 16 чэрвеня 1997)

   44. “Будзь нястомна з намі,
Панна хвалебная і благаслаўлёная.
О Пані наша,
Заступніца наша,
Апякунка наша,
Суцяшальніца наша,
Маці наша! Амэн.”
(Вадавіцы, 16 чэрвеня 1997)

   45. “Благаслаўлёныя тыя, што слухаюць Божае Слова і захоўваюць яго” (Лк. 11, 38). Езус добра ведаў Цябе, Марыя! Ён ведаў, што Ты слухала Божае Слова сэрцам шляхетным і добрым (Лк. 8, 15). Ведаў, што Ты верна захоўвала яго ў сэрцы (пар. Лк. 2, 19) і разважала над яго значэннем (пар. Лк. 1, 29). Ты, Маці Божага Сына, цалкам звязала сваё жыццё з вернасцю Божаму слову. Нястомна ўслухоўвалася ў Божы Голас, разважала над словамі і падзеямі, прымаючы гэта Аб’яўленне усёй сваёй істотай у паслухмянасці веры.
   Першым і самым дасканалым плёнам гэтай адданасці Божаму Слову было Тваё дзявочае мацярынства. Ты з верай прыняла Спрадвечнае Слова, якое праз Духа Святога сталася ў Табе целам дзеля збаўлення чалавека.” (Пэльпін, 6 чэрвеня 1997)

   46. “Благаслаўлёная Ты, якая паверыла, што здзейсняцца словы, якія сказаў Табе Пан” (пар. Лк. 1, 45).
   Мы скіроўваем наш позірк да Цябе, да той, што паверыла. Паверыла, што здзейсніцца сказанае Табе Панам. Як Дзева Ты паверыла Богу, што зачнеш і народзіш Сына. Твой акт веры нагадвае веру Абрагама, які ў пачатку Старога Запавету паверыў у Бога. Вось веліч і дасканаласць Тваёй веры, перад якой Альжбета выказвае словы захаплення. Называючы Цябе “благаслаўлёнай паміж жанчынамі”, яна паказвае, што Ты атрымала благаславенства дзякуючы веры. Поўнае захаплення ўскліканне Альжбеты з’яўляецца дзеля нас заклікам, каб мы маглі ацаніць усё тое, што Твая прысутнасць прыносіць у жыццё кожнага веруючага.” (Ліхэнь, 7 чэрвеня 1997)

   47. “Разам з Табой, Маці Езуса, мы праслаўляем Бога і радуемся ў Ім, бо ўзглянуў Ён на прыніжэнне сваёй Служабніцы (пар. Лк. 1, 48) – выбраў Цябе да супольнай працы ў справе нашага збаўлення. Дзякуючы Табе, Бог Айцец у Духу Святым, праз свайго Сына, Езуса Хрыста, учыніў вялікія справы. Тваё вялікадушнае “fiat” – няхай так станецца – адкрыла новы шлях гісторыі, па якім ужо дзве тысячы год, Уцелаўлёны Бог верна ідзе разам з чалавекам. Ты нястомна паказваеш на Яго прысутнасць, дапамагаеш усё зноў і зноў прымаць яе, разважаць у сэрцы і радавацца ёй.” (Варшава, 13 чэрвеня 1997)

   48. “Дзякуем Табе за тое, што мы маем Каралеву, якая з’яўляецца Маці, за тое, што мы маем Маці, якая з’яўляецца Каралевай.
   Дзякуем Табе за бязмежную дабрыню, якую спазналі і спазнаюць цэлыя пакаленні…
   Дзякуем Табе за Яе мужнасць у той час, калі не хапала мужнасці самым мужным. Яна была Дзевай Мужнай і з’яўлялася крыніцай мужнасці ў самых цяжкіх хвілінах нашай гісторыі, таму Яна з’яўляецца нашай Каралевай, Каралевай нашых душ.
   І за Яе мы сёння Табе дзякуем.
   Адначасова, дзякуючы, не перастаем прасіць, каб мы былі годныя такой Маці і Каралевы…” (Ватыкан, 3 мая 1979)

   49. “Марыя, наша Нябесная Маці, прыйшла, каб узрушыць сумленні, паказаць нам сапраўдны і аўтэнтычны сэнс жыцця, падштурхнуць да навяртання з граху і да духоўнага запалу, распаліць у нашых душах любоў да Бога і бліжняга.” (Кастэль Гандольфа, 26 ліпеня 1987)

   50. “Драматычны момант, які цяпер перажывае чалавецтва, павінен схіліць нас да таго, каб мы з большым даверам звярнуліся да Беззаганнага Сэрца Марыі, каб Яна выпрасіла з намі і для нас збаўчую моц Божай ласкі. Сёння вучні Хрыста яшчэ больш, чым раней, пакліканыя моцай Духа Святога прыняць актыўны удзел у справе збаўлення свету, таму што ніколі яшчэ, так як сёння, не пагражала нам небяспека самазнішчэння.” (Фуцына, 24 сакавіка 1985)

   51. “Усе разам (…) мы нястомна ўглядаемся ў поўную малітвы Дзеву, паслухмянага Аніматара першай супольнасці хрысціянаў, якая павінна была свяціць святлом Евангелля ажно да самых далёкіх куткоў зямлі і канчатковага выканання гісторыі.
   Разам з Ёй трываем на малітве ў духу салідарнай службы сучаснаму чалавецтву – перакананыя, што “нашай цяжкай эпосе асабліва патрэбна малітва”. Малітва патрэбна, перш за ўсё, нам, абдараваным ласкай і адказнасцю, як жывым члонкам Касцёла; нам, пакліканым даваць верагоднае сведчанне аб моцы Святога Духа – вялікага дару, які нам быў дадзены, каб мы ўсё аднавілі ў Хрысце.” (Ватыкан, 31 мая 1987)

   52. “Ніколі, ні ў водным гістарычным перыядзе – а асабліва ў такім пераломным, як наш – Касцёл не можа забыцца пра малітву, якая з’яўляецца заклікам да Божай міласэрнасці перад абліччам шматлікага зла, якое цяжарам навісла над чалавецтвам і пагражае яму.” (Dives in misericordia, 15)

   53. “Будзь прывітана, Маці Божага Сына! Будзь прывітана, Маці Сэрца Езуса! Набліжай усіх нас да гэтага Сэрца, якое з’яўляецца просьбай аб прабачэнні нашых грахоў!” (Жэшаў, 2 чэрвеня 1991)

   54. “Марыя цудоўная і адзіная Насіцелька Хрыстовага Адкуплення; упрывілеяваная Перадавацелька Яго ласкі, адзіны Шлях, праз які ласка ў незвычайным і цудоўным багацці сыходзіць на людзей. Дзе прысутнічае Марыя, там ёсць багацце ласкаў, і там адбываецца аздараўленне цела і душы чалавека.” (Кастэль Гандольфо, 19 ліпеня 1987)

   55. “Калі мы кажам “поўная ласкі” – то думаем пра поўню тых звышнатуральных дароў, якія падрыхтавалі Багародзіцу да праслаўлення ў  Яе ўлоні Найсвяцейшай Тройцы.
   Адначасова, думаем аб Божай ласцы, якая дзейнічае ў кожным з нас. Мы носім у сабе дар, які выходзіць па-за межы часовасці, перавышае моц граху і смерці і рыхтуе кожнага з нас да з’яднання з Богам у вечнасці.” (Кастэль Гандольфо, 15 чэрвеня 1982)

   56. “Прыватныя аб’яўленні ў Фаціме згодныя з навукай Касцёла. Аднак, гэта згоднасць з дактрынай не датычыцца дэталяў, не ўваходзіць у яе вельмі глыбока…)” (канферэнцыя ў самалёце, пілігрымка да Афрыкі, 25 мая 1990)

   57. “Калі падчас апошняга візіту ў Польшчу я абраў тэмай казання Дэкалог, а таксама прыказанні любові, усе польскія прыхільнікі “праграмы асвячэння” палічылі гэта дрэнным. Папа, які намагаецца пераканаць свет у чалавечым граху, становіцца для гэтай ментальнасці “persona non grata”. (Пераступіць парог надзеі)

   58. “Дзякуючы моцнаму Заступніцтву Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Айцец і Сын спасылаюць на нас подых Духа Святога, які дае нам жыццё, узмацняе нас і сярод навальніц сучаснага жыцця, упэўнена вядзе нас да Прыстанку Збаўлення.
   Больш таго, сама Марыя, даючы нам свайго Сына, дае таксама Святога Духа, які праз Сына вядзе нас да Айца.” (Кагліары, 20 кастрычніка 1985)

   59. “О ласкавая, о літасцівая, о салодкая Дзева Марыя, прымі наш давер, умацуй яго ў нашых сэрцах і занясі да аблічча Бога Адзінага ў Святой Тройцы. Амэн.” (Чэнстахова, 4 чэрвеня 1991)

   60. “Ave Maria!
   Прамаўляю гэтыя самыя простыя і адначасова самыя цудоўныя словы. Ніхто ніколі не зможа так цудоўна прывітаць Цябе, як тады, у дзень Звеставання, гэта зрабіў Арханёл. “Ave Maria, gratia plena, Dominus Tecum”. Паўтараю гэтыя словы, якія да сённяшняга дня паўтарае ва ўсім свеце столькі вуснаў, і столькі сэрцаў іх захоўвае. Усе іх паўтараем… са свядомасцю, што гэта тыя словы, якімі прывітаў Цябе праз пасланца сам Бог, як Жанчыну, прадказанаю ў раі, і спрадвечную абранніцу на Маці Божага Слова, на Маці Божай Мудрасці, на Маці Божага Сына.” (Гвадэлупа, 27 студзеня 1979)

   61. “Ты, што заўсёды прагнула служыць! Ты, што служыш як Маці усёй сям’і дзяцей Божых! Выпрошвай для Касцёла, каб узбагачаны дарамі Духа Святога… ён вытрывала ішоў наперад у будучыню…, не дазваляючы павярнуць ў іншы кірунак; каб ён клапатліва распазнаваў сярод знакаў часу тое, што служыць надыходу Божага Валадарства.” (Ватыкан, 7 чэрвеня 1981)

   62. “Ты чуваеш над кожным сваім дзіцём. Атрымліваеш дзеля нас ад Бога усе тыя ласкі, якія сімвалізуюць зыходзячыя з Тваіх распахнутых рук светлыя прамяні. Але ў Цябе ёсць адна ўмова: мы павінны адважыцца прасіць Цябе аб іх і ісці да Цябе з дзіцячым даверам. Гэтак увесь час Ты вядзеш нас да Свайго Боскага Сына…” (Парыж, 31 мая 1980)

   63. “Маці Божая, Ты найвялікшы гонар людзкога роду. Атуляй нас плашчом Тваёй любові, каб і мы ва ўсім казалі “fiat” – няхай станецца Божая воля.” (Рэк’явік, 4 чэрвеня 1989)

   64. “Прабываючы ў хвале Свайго Сына, Ты не перастаеш заступацца за нас, грэшных. Ты чуваеш над Касцёлам, Маці якога з’яўляешся. Ты чуваеш над кожным сваім дзіцём. Атрымліваеш дзеля нас ад Бога ўсе ласкі, які сімвалізуюць светлыя промні, зыходзячыя з Тваіх распахнутых рук. Ёсць толькі адна ўмова: мы павінны адважыцца Цябе прасіць аб гэтых ласках і ісці да Цябе з дзіцячым даверам і прастатой.” (Парыж, 31 мая 1980)

   65. “Гісторыя Уцелаўлення распачалася з таго месца, дзе збіраўся першы хатні Касцёл, які быў створаны Святой Сям’ёй.
   Нябесная Маці запрашае дзяцей да Свайго дома, каб заахвоціць іх паглыбляць веру і еднасць з Езусам, а таксама схіліць да ўзмацнення братэрства ва ўлоні супольнасці Касцёла.” (Ларэта, 19 чэрвеня 1993)

   66. “Праз сям’ю здзяйсняецца гісторыя чалавека, гісторыя збаўлення чалавецтва. Сям’я знаходзіцца ў цэнтры гэтага вялікага змагання паміж дабром і злом, паміж жыццём і смерцю, паміж любоўю і ўсім, што ёй супрацьстаіць. Сем’ям даручана заданне змагацца, перш за ўсё за тое, каб вызваліць моц дабра, крыніца якой знаходзіцца ў Хрысце Адкупіцелю чалавека, каб гэтыя сілы зрабіць уласнасцю ўсіх сямей, каб – як сказана ў польскім міленіум хрысціянства – сям’я была моцная Богам.” (Ліст да сем’яў, 22)

   67. “Маці Святой Сям’і з Назарэту! Ты таксама з’яўляешся Маці хатняга Касцёла. Дапамагай сем’ям Твайго вернага народу. Узмацняй іх у цярпеннях і адорвай моцай святла, радасці, добрым настроем, адвагай – усім тым, чым было Тваё сямейнае жыццё з Езусам і Юзафам.” (Дар-Эс-Салаам, 2 верасня 1990)

   68. “Узнясём да Маці Божай нашыя душы і памолімся: “Дапамажы нам перамагчы навальніцу зла, якое так лёгка ўкараняецца ў сэрцах сучасных людзей… Ад голаду і вайны – выбаў нас... Ад грахоў супраць жыцця чалавека… Ад нянавісці і знішчэння годнасці Божага дзіцяці… Ад усялякай несправядлівасці ў грамадскім, дзяржаўным і міжнародным жыцці… Няхай яшчэ раз аб’явіцца ў гісторыі свету бясконцая моц міласэрнай Любові! Няхай у Беззаганным Сэрцы для ўсіх адкрыецца святло надзеі”. (Кастэль Гандольфо, 26 ліпеня 1987)

   69. “Гэтая Дзева нагадвае нам увесь час пра любоў Бога да свету, які не ведае аб гэтай любові, альбо не асмельваецца ў яе паверыць. Яна нагадвае нам, што Бог аддаў свету Свайго Адзінароднага Сына – Слова, якое ў Ёй і праз Яе сталася чалавекам; што Ён пасяліўся сярод нас; гэта Яна паклікала нас, каб мы наблізіліся да Бога, да Яго прабачэння, да Яго жыцця, не баючыся адчыніць Яму нашыя дзверы, падпарадкаваць Яму нашае жыццё. Паўсюль, дзе Яе заклікаюць, вера ў Хрыста застаецца вельмі жывая, альбо наноў квітнее.” (Лурд, 15 жніўня 1983)

   70. “Маці людзей і народаў, Ты ведаеш усе іх цярпенні і надзеі, Ты па-мацярынску адчуваеш усе змаганні паміж дабром і злом, святлом і цемрай, якія ўстрасаюць свет. Прымі наш заклік, скіраваны ў Найсвяцейшым Духу, непасрэдна да Твайго Сэрца, і атулі любоўю Маці і Служабніцы тых людзей і тыя народы, якія найбольш гэтага чакаюць… Вазьмі пад Сваю мацярынскую апеку ўсю чалавечую сям’ю, якую мы з сардэчнай узнёсласцю Табе, о Маці, давяраем. Няхай да ўсіх нас наблізіцца час супакою і вольнасці, час праўды, справядлівасці і надзеі.” (Ватыкан, 9 мая 1982)

   71. “Углядаемся ў Беззаганную як у галоўную Зорку на змрочным небе людзкіх спадзяванняў і няўпэўненасці (…). Мы бачым Яе ў спрадвечнай Божай задумцы, як адчыненую Браму, праз якую павінен прыйсці Адкупіцель свету. Уся нашая надзея засяроджваецца вакол Яе.” (Ватыкан, 8 снежня 1982)

   72. “Калі павінен надыйсці новы свет, “mondo migliore”, лепшы свет, то дзеля гэтага патрэбна вялікая малітва.” (Чэнстахова, 15 жніўня 1991)

   73. “Служабніца! Адначасова пакорная і магутная, з самага пачатку задзейнічаная ў барацьбе з тым, хто з’яўляецца айцом хлусні і падманвае ўвесь свет.
   У Беззаганным Зачацці знаходзіцца для нас аб’яўленне перамогі.” (Ватыкан, 8 снежня 1991)

   74. “Найсвяцейшая Дзева, просім Цябе, каб у гэтым свеце, у якім стала трывае спадчына першага Адама, у якім чалавек хаваецца перад Абліччам Бога, а нават не хоча глядзець у Яго бок, каб у гэтым свеце адкрываліся шляхі для Уцелаўлённага Слова, для Евангелля Чалавечага Сына, Твайго ўмілаванага Сына.
   Для сучасных людзей, якія жывуць у час вялікага прагрэсу, і адначасова у час вялікага цярпення, ва ўсіх цывілізаваных колах, на ўсіх мовах, ва ўсіх культурах і расах, просім Цябе, Марыя, аб ласцы адкрытасці духа і слухання Божага Слова.” (Ватыкан, 8 снежня 1992)

   75. “Маці Божая, заступайся за свой народ, узмацняй яго ў веры, надзеі і любові. Прывядзі да Хрыста, які з’яўляецца Дарогай, Праўдай і Жыццём (пар. Ян. 14, 6). Бо Яго, Спрадвечнага Сына, Айцец даў свету, каб чалавек не памёр, але меў вечнае жыццё.” (пар. Ян. 3, 16) (Кастэль Гандольфо, 15 жніўня 1997)

   76. “Маці Адкупіцеля і нашая Маці, мы з даверам прыбягаем да Тваёй матчынай любові і просім Цябе аб дапамозе. У гэты пераломны момант гісторыі цывілізацыі зрабі так, каб усе сыны і дочкі Касцёла (…) глыбока перажывалі пасланне Твайго Боскага Сына, які з’яўлецца Дарогай, Праўдай і Жыццём (пар. Ян. 14, 6).
   Учыні, каб яны ажыцяўлялі яго ў сваіх учынках, робячы гэты пачатак духоўнасці і чалавечнасці на ўсіх пластах грамадства: у сям’і, школе, у свеце працы і культуры, у асяроддзях, дзе вырашаюцца лёсы супольнасці.” (Фогія, 24 мая 1987)

   77. “О Маці майго народу! Дапамажы яму, каб “ён не дазволіў злу перамагчы сябе, але перамагаў зло  дабром”.
        У гэтым заключаецца сучаснае выпрабаванне гісторыі. Не першае. Кожны раз выпрбоўваюцца сумленне, сэрца і воля, каб не даць перамагчы сябе злом, але зло перамагаць дабром”. (Чэнстахова, 16 чэрвеня 1982)

   78. “Марыя, Маці Божай Міласэрнасці! Выпрасі нам ласку, каб мы ўмелі з адкрытым сэрцам прыняць дар міласэрнай любові, якую Уваскрослы Хрыстос ахвяруе ўсім, хто верыць у Яго. Няхай гэты вялікі дар Збаўцы, Яго міласэрнасць і Яго супакой, якія паселяцца ў маім сэрцы, дадуць кшталт цяпершняму часу і будучыні ўсяго чалавецтва.” (Ватыкан, 15 мая 1998)

   79. “Калі мы будзем верна выконваць тое, што кажа нам Хрыстос, калі заўсёды будзем паўтараць разам з Марыяй: “няхай мне станецца паводле Твайго слова!” (пар. Ла. 1, 38), тады ў свеце запануе супакой і паяднанне, а мы будзем адзіныя ў Хрысце.” (Бамбей, 9 лютага 1986)

   80. “Углядаюся ў Тваё святое аблічча і мой зрок затрымліваецца на Тваёй матчынай усмешцы, якая выражае поўню ласкі і супакою. Ты хочаш дзяліцца з намі гэтым дарам. Тваё аб’яўленне духоўнага супакою дае маёй веры радаснае аблічча.” (Ватыкан, 17 мая 1992)

   81. “Беззаганная Маці Бога і людзей, (…) прывядзі сваіх дзяцей да Езуса. Узглянь ласкава на народ, які Цябе заклікае з верай, і адары яго супакоем.
   Ажыві ў нас любоў і ўдзел у Эўхарыстыі,  падтрымлівай моладзь, абудзі шматлікія і святыя пакліканні да святарства і манаскага жыцця, адары сем’і любоўю і адзінствам, дай працу людзям і ўчыні, каб яны па-братэрску дапамагалі адзін аднаму ў штодзённай працы. Суцеш хворых, самотных, старэйшых людзей і церпячых. Чувай над эмігрантамі. Атулі ўсіх плашчом сваёй Матчынай апекі і адары супакоем Твайго Сына, о хвалебная Каралева Неба, ласкавая, літасцівая, салодкая Дзева Марыя!” (Дамэджэ, 30 жніўня 1992)

   82. “Марыя, Маці Езуса! Удзялі нам хрысціянскую мудрасць, здольнасць да малітвы і дар чалавечнасці, моц надзеі і вытрымку ў выпрабаваннях, каб мы ўмелі, як Ты, будаваць сапраўдны супакой. Амэн.” (Агонэ, 19 сакавіка 1995)

   83. “Давяраем Тваёй матчынай апецы Касцёл, усіх сваіх суайчыннікаў. Давяраем Табе кожнае (…) сэрца, кожны дом і кожную сям’ю. Мы ўсе – Твае дзеці. Будзь дзеля нас прыкладам і кіраўніком у нашай штодзённай шэрай працы. Дапамагай узрастаць у любові да Бога і ў любові да людзей, будаваць супольнае дабро Айчыны, уводзіць і узмацняць справядлівы супакой у нашых сэрцах і асяроддзях.” (Чэнстахова, 17 чэрвеня 1991)

   84. “Ты кажаш: “Усхваляе душа мая Пана і радуецца дух мой у Богу, маім Збаўцы, бо ўзглянуў Ён на прыніжэнне Слугі сваёй. Бо вялікія справы ўчыніў мне Усемагутны. Яго Імя святое” (пар. Лк. 1, 46-49).
   Так, Марыя, святое імя Бога, а Тваё імя ў Яго чэрпае сваю святасць. Таму благаслаўляць Цябе будуць усе пакаленні (пар. Лк. 1, 48), так як мы благаслаўляем Цябе ў гэтым цяжкім пакаленні гісторыі чалавецтва, бо вялікія справы ўчыніў Усемагутны Табе і нам: аб’явіў моц сваёй правіцы, учыніў моц свайго Збаўлення” (пар. Лк. 1, 51.69). (Кастэль Гандольфо, 15 жніўня 1986)

   85. “О Маці, о Дзева, апранутая ў сонца Божай любові, о вялікі Знак для ўсіх, хто ідзе ў пілігрымцы праз гэтую зямлю да святыні Жывога Бога: пачуй нас!
   Выслухай нас: няхай Яго міласэрнасць з пакалення ў пакаленне (пар. Лк. 1, 50) праз Тваё пасрэдніцтва не перастае быць удзелам сыноў і дачок гэтай зямлі.
   О ласкавая, о літасцівая, о салодкая Дзева Марыя. Адары свет супакоем!” (Кастэль Гандольфо, 15 жніўня 1986)

   86. “Радуйся, Ерузалем, збярыцеся ўсе, хто яго любіць! У гэтай антыфоне я прагну ўбачыць, праз словы прарока Ісаі, Тваю таямніцу, о Марыя; Тваю радасць і Твой матчын боль! Боль, бо апісаныя ў песнях прарока цярпенні Ерузалема, былі наступствам нявернасці яе сыноў, якія выклікалі Божае пакаранне і выгнанне з Айчыны. Твой боль з’яўляецца вынікам шматлікіх правінаў усіх сыноў Адама, правінаў, якія сталі прычынай нашага выгнання з раю.” (Ватыкан, 1 красавіка 1984)

   87. “Цярпенне, якое мы перажываем з Хрыстом, з’яўляецца самым каштоўным дарам і найбольш паспяховай дапамогай у апостальстве. У Целе Хрыста, якое нястомна вырастае з Крыжа Адкупіцеля, менавіта цярпенне, прасякнутае духам Ахвяры Хрыста, з’яўляецца незамянімым пасрэднікам і выканаўцам неабходных дабротаў для збаўлення свету. Гэта яно, больш за штосьці іншае, пракладвае шлях ласцы, якая перамяняе людзкія душы. Гэта яно, больш за штосьці іншае, аб’яўляе моц Адкуплення ў гісторыі чалавецтва.” (Salvfiici doloris, 27)

   88. “Гэта дзякуючы вам, дзякуючы вашай еднасці з Укрыжаваным, так шмат бясцэнных багаццяў у духоўнай скарбніцы мае Касцёл. Дзякуючы вам з гэтай скарбнцы могуць чэрпаць іншыя. Нішто так не ўзбагачае іншых, як бескарыслівы дар цярпення…
   Малюся, каб моц веры дапамагала вам у гэтых цяжкіх, поўных смутку хвілінах вашага жыцця. Малюся аб тым, каб святло Духа Святога дапамагала вам адкрываць, што цярпенне, напоўненае любоўю, з’яўляецца такім дабром, над якім Касцёл схіляецца з пашанай, з усёй глыбінёй сваёй веры ў Адкупленне.” (Кракаў, 9 чэрвеня 1997)

   89. “Маці Божая Плачучая, паглядзі з матчынай дабрынёй на цярпенне свету! Высушы слёзы церпячых, забытых, слёзы ахвяраў усялякага гвалту. Выпрасі для ўсіх слёзы жалю і новага жыцця, якія адкрываюць сэрцы на адраджаючыся дар Божай любові. Выпрасі слёзы радасці тым, якія спазналі глыбокую дабрыню Твайго Сэрца.” (Саракузы, 6 лістапада 1994)

   90. “На крыві пакутнікаў з самага пачатку нараджаўся і ўмацоўваўся на зямлі Касцёл Твайго Сына. Фундамент веры, пазначаны крывёй, здаецца ўжо ўбудаваны ў глебу гісторыі. Не нам, аднак, не нам, людзям, вымяраць і вырашаць, ці гэты фундамент ужо дастатковы… Усю гэтую велізарную справу, якая яшчэ ўсцяж перад намі, адчуваючы цалкавітую сваю слабасць і нявартасць, прагну даверыць Табе, Маці…” (Маніла, 17 лютага 1981)

   91. “Цяжкасці, якія ў пачатку гэтага новага тысячагоддзя з’яўляюцца на гарызонце сусвету, схіляюць нас да прызнання, што надзею на менш змрочную будучыню можа ў нас абудзіць толькі ўмяшальніцтва з Вышыні, здольнае пакіраваць сэрцамі ўсіх тых, што жывуць у канфліктных сітуацыях; і тых, хто трымае ў сваіх руках лёсы народаў.” (Rosarium Virginis Mariae, 40)

   92. “У Яго смерці на крыжы… была ў поўні аб’яўлена любоў Бога да чалавека і свету. Езус з’яўляецца адзінай дарогай да Айца, адзінай дарогай, якая вядзе да праўды і жыцця…” (Познань, 3 чэрвеня 1997)
   93. Яшчэ больш шануйце Марыю, Яна прывядзе вас да Прыстанку Вечнага Збаўлення, прывядзе вас да Бога Айца, Сына і Духа Святога.” (Каліары, 20 кастрычніка 1985)

   94. “Яна праз сваю веру, любоў і дасканалую еднасць з Хрыстом сталася для нас жывым прыкладам святасці і любові да Касцёла.” (Ясная Гара, 17 чэрвеня 1991)

   95. “Ты вяртаеш таямніцу жыццю і ўсяму таму, што яго нараджае і надае яму сэнс. Ты вяртаеш таямніцу любові і робіш гэта праз чыстасць. Дзякуючы Табе чыстасць становіцца адказам на таямніцу. “Благаслаўлёныя чыстыя сэрцам, бо яны будуць аглядаць… Бога” (пар. Мф. 5, 8). Ты ведаеш, што найвялікшай змазай чалавека з’яўляецца нячыстасць, з яе нараджаюцца нянавісць, забойствы і войны.” (Ясная Гара, 17 чэрвеня 1991)

   96. “Прагну нагадаць жанчынам і мужчынам розных моў, рэлігій і культур антычную максіму: “Omnia vincit amor” (Любоў усё перамагае)! Так, дарагія Браты і Сёстры, у розных кутках свету, канчаткова пераможа любоў. Няхай жа ўсе прымуць актыўны ўдзел у справе прыспяшэння гэтай перамогі. Гэта яна, па сутнасці, з’яўляецца прагненнем кожнага людзкога сэрца.” (Ватыкан, 8 снежня 2003)

   97. “Прагнем узяць адказнасць за нашую будучыню, за будучыню Касцёла і свету…, каб мы змаглі перадаць нашым дзецям веру ў Бога і сэнс жыцця.
   Навучы нас быць прысутнымі ў Касцёле і ў грамадскім жыцці. Навучы нас браць адказнасць за лёсы свету і нашую зямную айчыну.” (Ясная Гара, 15 жніўня 1991)

   98. “Маці Мудрасці, навучы нас ствараць такую культуру і цывілізацыю, якая б – абапіраючыся на Божыя законы – служыла чалавеку. Навучы нас духу паяднання і прабачэння.
   Учыні, каб мы не ўцякалі ад новых заданняў. Уся сучасная рэчаіснасць чакае сваёй поўнай евангелізацыі. Прагнем быць, кожны па-свойму, місіянерамі гэтай справы, каб разам з Хрыстом асвячаць і перамяняць гэты свет.” (Ясная Гара, 15 жніўня 1991)

   99. “Беззаганнае Сэрца!
  Няхай жа будуць благаслаўлёныя ўсе душы, паслухмяныя закліку Спрадвечнай Любові!
   Няхай будуць благаслаўлёныя ўсе тыя, якія дзень за днём з невычэрпнай шчодрасцю прымаюць Твой заклік, о Маці, рабіць тое, што скажа Твой Сын, Езус (пар. Ян. 2, 5), даючы Касцёлу і свету радаснае сведчанне жыцця, натхнённага Евангеллем.
   Будзь благаслаўлёная, перш за ўсё Ты, Служабніца Пана, цалкам з’яднаная са збаўчым прысвячэннем Твайго Сына!
   Маці Касцёла! Асвятляй Божаму народу шлях веры, надзеі і любові! Дапамажы нам жыць поўнай праўдай Хрыстовага прысвячэння за усю чалавечую сям’ю ў сучасным свеце.” (Фаціма, 13 мая 1982)

   100. “Шмат разоў я нагадваў хрысціянам і ўсім людзям добрай волі аб неабходнасці прабачэння, каб было магчыма вырашыць праблемы як адзінак, так і цэлых народаў. Няма супакою без прабачэння! Таксама сёння ізноў я гэта паўтараю, маючы перад вачыма крызіс, які не перастае распаўсюджвацца ў Палестыне і на Бліжнім Усходзе: не ўдасца знайсці вырашэння сур’ёзных праблем, якія на працягу доўгіх часоў перажываюць народы гэтых рэгіёнаў, пакуль не будзе прынята рашэнне выйсці з логікі справядлівасці і адкрыцца на логіку прабачэння.” (Ватыкан, 8 снежня 2003)
   101. “Гэтае пасланне [Маці Божай Фацімскай] яшчэ больш актуальнае і яшчэ больш настойлівае, чым раней.” (Фаціма, 12 мая 1982)

   102. “А што ж сказаць пра трох партугальскіх дзецей з Фацімы, якія раптам, за дзень да Кастрычніцкай Рэвалюцыі пачулі, што “Расія навернецца”, што “ўрэшце маё Сэрца праможа…”. Гэтага яны не маглі выдумаць. Яны не ведалі так добра гісторыю і геаграфію, і не арыентаваліся ў грамадскіх рухах і ідэалогіях. Аднак, здарылася тое, што яны прадказалі. Можа таксама дзеля гэтага быў пакліканы гэты Папа “з далёкага краю”, можа дзеля гэтага быў патрэбны замах на Плошчы св. Пятра, менавіта 13 мая 1981 г., каб усё гэтае сталася больш празрыстым і зразумелым, каб голас Бога – які прамаўляе ў гісторыі чалавека праз знакі часу – мог быць лягчэй пачутым і зразумелым?” (Пераступіць парог надзеі)

   103. “Хрысціянін ведае, што любоў з’яўляецца матывам, дзякуючы якому Бог уваходзіць у адносіны з чалавекам. Ён таксама чакае ў адказ ад чалавека любові. Любоў таксама з’яўляецца найвышэйшай і найшляхетнейшай формай адносін паміж чалавечымі істотамі. Таму няхай любоў ажыўляе кожнае вымярэнне жыцця чалавека, выходзячы таксама на міжнародны ўзровень. Толькі тое чалавецтва, у якім запануе “цывілізацыя любові”, зможа цешыцца сапраўдным і трывалым супакоем.” (Ватыкан, 8 снежня 2003)

   104. “Перамога Сына жанчыны не прыйдзе без цяжкага змагання, якое павінна напоўніць усю гісторыю чалавека. “Непрыязнасць, Варожасць”, прадказаная спачатку, была пацверджаная ў Апакаліпсісе, “кнізе апошніх спраў” Касцёла і свету, дзе зноў вяртаецца знак “Жанчыны”, у гэты раз “апранутай у сонца” (Адкр. 12, 1). Марыя, Маці Уцелаўлёнага Слова, ставіцца ў самым цэнтры гэтай непрыязні, гэтай барацьбы, якая суправаджае гісторыю чалавецтва на зямлі, і адначасова, гісторыю збаўлення.” (Redemptoris Mater, 11)

   105. “Перамога, калі прыйдзе, прыйдзе праз Марыю… Хрыстос праз Яе пераможа, бо Ён хоча, каб перамога Касцёла ў сучасным і будучым свеце ядналася з Ёй.” (Testament)

   106. “Больш менш праз сто пяцьдзесят гадоў пасля Картузіі мы сцвярджаем, наколькі выключана па-за межы усё тое, што з’яўляецца істотна хрысціянскім у традыцыі еўрапейскай думкі. Пратаганістам тут з’яўляецца эпоха асветы ў Францыі. Асвета – гэта канчатковае сцвярджэнне чыстага рацыяналізму. Французская рэвалюцыя падчас тэрору разбурыла алтары, прысвечаныя Хрысту, зваліла прыдарожныя крыжы, і пабудавала культ багіні розуму… Гэта азначала, што чалавек павінен жыць, кіруючыся ўласным розумам, так, як бы Бог не існаваў (…) Праз гэтую праграму мышлення і дзейнасці рацыяналізм эпохі асветы наносіць удар па ўсёй хрысціянскай сатэрыялогіі, ці тэалагічнага роздуму аб збаўленні. “Так Бог палюбіў свет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго не памёр, але меў жыццё вечнае” (Ян 3,26). (Пераступіць парог надзеі)

   107. “Розуму эпохі асветы не патрэбная любоў Бога. Свет самадастатковы. І ў сваю чаргу Бог не з’яўляецца перш за ўсё Любоўю… [Але] свет не здольны зрабіць чалавека шчаслівым. Ён не здольны ўратаваць яго ад зла, ад усіх яго праяўленняў… Гэты ўвесь свет… сам патрабуе збаўлення і ўратавання.
   [Мышленне пасля эпохі асветы] не пагаджаецца з рэчаіснасцю граху, а асабліва не згаджаецца з тым, што існуе грэх першародны…
   Тут ізноў відавочная недастатковасць, нават фальшывасць таго вобразу Бога, які без супраціву прыняла эпоха асветы…
   Не, абсалютна не! Бог не з’яўляецца кімьсці паза-светавым.” (Пераступіць парог надзеі)

   108. “Хрысціяне павінны стаць з пакораю перад Панам, каб задумацца над адказнасцю, якую таксама і яны нясуць за розныя праяўленні зла ў сённяшнім свеце… Ці можна, напрыклад, прамаўчаць наконт з’явы рэлігійнай абыякавасці, якая прыводзіць да таго, што шмат сучасных людзей жыве так, як быццам Бог не існуе…?” (Redemptoris Mater, 36)

   109. “Часы, у якіх мы жывем невыказна цяжкія і  неспакойныя. Таксама цяжкім і набалеўшым для гэтых часоў выпрабаваннем стаў шлях Касцёла, як для Вернікаў, так і для Пастыраў.” (Testament)

   110. “Прамаўляю да вас са шпітальнага пакою і павінен сказаць, што гэты прыстанак цярпення быў вельмі патрэбны. Быў вельмі патрэбны як падрыхтоўка да візітацыі ў Сіцылію, Катанію і Саракузу, дзе аб’явілася Маці Божая, Якая плача. Ці ж яна першы раз не плакала сто гадоў таму? Плач Марыі нагадвае аб санктуарыі ў Ля Салет у Францыі. Маці Божая павінна была яшчэ раз заплакаць у нашым стагоддзі, пасля ІІ Сусветнай вайны. Плакала. Плач – гэта адзін з натуральных паводзін жанчыны. Мы добра ведаем, як шмат зрабіў плач жанчыны ў жыцці св. Аўгустына і шмат іншых святых. Плач жанчыны і плач Маці Божай – гэта знак надзеі. Такі знак быў вельмі патрэбным на заканчэнне Сіноду, прысвечанага Афрыцы. Вельмі патрэбны быў гэты плач Марыі ў той час, які мы прысвяцілі вялікай малітве за Італію. Гэты плач мае вялікае значэнне для Еўропы, для нашай падрыхтоўкі да ўжо блізкага трэцяга тысячагоддзя хрысціянства. Гэты плач прыносіць плёны Провіду.
   З гэтага бальнічнага пакою мне, як быццам, лягчэй усё даверыць Богу, скласці ў Яго далоні усе праблемы, усе душпастырскія пачынанні, радасці, страхі і надзеі вялікага афрыканскага кантыненту. Мне лягчэй гэта зрабіць дзякуючы слязам Марыі. Яны так нам патрэбныя, яны так напоўненыя провідам, і нясуць вялікую надзею! Няхай Маці Божая выпрасіць нам праз гэтыя слёзы, каб добрае зерне, якое было багата пасеяна падчас падрыхтоўкі Сіноду і клапатліва ўзрошчанае ў мінулым месяцы падчас штодзённых сустрэч, прынесла добрыя плёны – плёны веры, надзеі і любові для афрыканскага кантыненту і для ўсяго чалавецтва.” (Ватыкан, 8 мая 1994)

   111. “Слёзы Марыі з’яўляюцца таксама і ў Яе аб’яўленнях, якімі Яна суправаджала ў чарговыя эпохі Касцёл у яго вандроўцы па шляхах свету. Марыя плакала ў Ля Салетт, а гэта было ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, перад аб’яўленнем у Лурдзе, падчас вялікага павялічвання антыхрысціянскіх паводзінаў у Францыі. А другі раз Марыя заплакала тут, у Саракузах. Гэта адбылося пасля ІІ Сусветнай вайны. І можна было зразумець гэты плач на фоне менавіта тых падзей, на фоне цэлай гекатомбы ахвяраў, якія прынесла ІІ Сусветная вайна, на фоне экстэрмінацыі сыноў і дачок Ізраэля, на фоне пагрозы Еўропе з боку Усходу праз праграмны атэістычны камунізм. У гэты самы час плакаў абраз Маці Божай Чэнстахоўскай у Любліне, але гэтая падзея мала вядомая за мяжой Польшы. (…) Гэтыя слёзы Марыі належаць да знакаў. Яны сведчаць аб прысутнасці Маці ў Касцёле і свеце. Маці плача тады, калі дзецям пагражае яко-небудзь зло – духоўнае і фізічнае. Слёзы Марыі заўсёды з’яўляюцца ўдзелам у плачы Хрыста над Ерузалемам, ці таксама на дарозе крыжовай, ці, нарэшце, каля гробу Лазара…” (Саракузы, 6 лістапада 1994)

   112. “Жыццё Касцёла мае сапраўдны “Марыйны профіль”, “Марыйнае вымярэнне”… Профіль Марыйны з’яўляецца для Касцёла таксама, а можа нават больш, сутнасным і характарыстычным, бо глыбока звязаны з ім профіль апостальскі, профіль Пятра… Марыйнае вымярэнне Касцёла знаходзіцца перад Пятровым вымярэннем … Беззаганная апярэджвае ўсіх, нават самога Пятра і Апосталаў. Так адбываецца не толькі таму, што Пётр і Апосталы, як увесь чалавечы род, народжаныя ў стане граху, але і таму, што адзінай мэтай іх патройнай “munus” [місіі] з’яўляецца будаўніцтва Касцёла згодна з тым ідэалам святасці, першаўзорам якога з’яўляецца Марыя.” (Ватыкан, 22 снежня 1987)

   113. “У Тваім заступніцтве мы пакладаем увесь наш давер, о ласкавая, о літасцівая, о салодкая Дзева Марыя!” (Ватыкан, 8 снежня 1993)

   114. “Знакі часу кажуць аб тым, што мы знаходзімся на арбіце вялікай брацьбы паміж дабром і злом, паміж пацвярджэннем і аспрэчваннем Бога, Яго прысутнасці ў свеце, а таксама збаўлення, якое ў Ім мае свой пачатак і канец (…). Гэтыя знакі ўказваюць на  Дзеву, разам з якой мы павінны ісці да канца часу, куды вядзе мінаючае стагоддзе і тысячагоддзе. Менавіта з разам Ёй мы павінны сёння змагацца.” (Фаціма, 13 мая 1982)

   115. “Тыя, што з пакалення ў пакаленне, з розных народаў зямлі, з верай прымаюць таямніцу Хрыста, Уцелаўлёнага Слова і Адкупіцеля свету, не толькі прыходзяць з пашанай і даверам да Марыі, як да Яго Маці, але адначасова шукаюць у Яе веры апоры для сваёй уласнай.” (Redemptoris Mater, 27)

   116. “Без Марыі Евангелле становіцца бесцялесным і бясформенным, перамяняецца ў ідэалогію, у духоўны рацыяналізм.” (Ватыкан, 8 верасня 1993)

   117. “Намеснік Пятра стаіць… як сведак амаль апакаліптычнай небяспекі, якая пагражае народам і чалавецтву… Маё сэрца церпіць, бачучы грэх свету і шэраг небяспек, якія збіраюцца над чалавецтвам, як цёмныя хмары.” (Фаціма, 13 мая 1982)

   118. “І вось надышоў дзень 13 мая 1981 года. Калі я быў паранены куляй забойцы на Плошчы св. Пятра… я не ўсведамляў, што гэта менавіта той дзень, калі Марыя аб’явілася тром дзецям у партугальскай Фаціме і сказала ім словы, якія, здаецца, на прыканцы стагоддзя павінны спраўдзіцца.
   Ці ж праз гэтую падзею Хрыстос яшчэ раз не сказаў: “Не бойцеся!”? Ці ж не прамовіў гэтыя пасхальныя словы і да Папы, і да Касцёла, і да ўсёй людзкой сям’і?
   Словы Уваскрослага Хрыста: “Не бойцеся!” нам патрэбныя напрыканцы другога тысячагоддзя можа больш, чым раней.” (Пераступіць парог надзеі)

   119. “Паслухмяная волі Айца, Ты была для Божага Сына не толькі Маці і Апякункай, але таксама вернай Супрацоўніцай у справе Адкуплення. Плён Твайго жыцця саспеў пад Крыжом, дзе – па-людзку найбольш трагічным чынам – аб’явілася праўда аб тым, што Бог ёсць Любоў. У духу гэтай Божай любові, паслухмяная закліку Сына, Ты прыняла ў апостале Яне ўсіх нас як сваіх дзяцей. А калі пасля Уваскрашэння і Унебаўшэсця Хрыста Ты трывала разам з Апосталамі на малітве (пар. Дз 1, 14) і разам з імі перажыла спасланне Святога Духа, Ты стала Маці нараджаючагася Касцёла.” (Пэлпін, 6 чэрвеня 1997)

   120. “Молім Цябе, каб Ты заступалася за нас перад Сваім Сынам, выпрошваючы нам:
   Жывую веру, якая з гарчычнага зерня становіцца дрэвам Божага жыцця.
   Веру, якая кожны дзень насычаецца малітвай, узмацняецца святымі сакрамантамі і чэрпае з багацця Хрыстовага Евангелля.
   Моцную веру, якая не баіцца ніякіх цяжкасцеў, цярпенняў ці няўдач, бо абапіраецца на перакананні, што для Бога няма нічога немагчымага (пар. Лк. 1, 37).
   Веру сталую, безумоўную, якая супрацоўнічае са святым Касцёлам у аўтэнтычным будаўніцтве містычнага Цела Хрыста.” (Ліхэнь, 7 чэрвеня 1997)

   121. “Разам з Табой мы дзякуем Богу за ўсё. Разам з Табой праслаўляем Яго, веручы, што ад Яго паходзіць гэтая моц, якая дазваляе нам, слабым людзям, вытрываць у любові, ня гледзячы на цяжкія выпрабаванні і досведы.” (Варшава, 13 чэрвеня 1997)

   122. “Марыя прыйшла да нас з дапамогай, бо, нажаль, шмат людзей не хоча прыняць заклік Божага Сына і вярнуцца да дому Айца.
   Слухаем жа голас Нябеснай Маці! Няхай яго слухае ўвесь Касцёл! Няхай слухае яго ўсё чалавецтва, бо Найсвяцейшая Дзева Марыя прагне толькі вечнага збаўлення людзей, згодна з планам Божага Провіду!” (Кастэль Гандольфо, 26 ліпеня 1987)

   123. “Прашу вас, каб вы далей стваралі гэтую малітву. Кажу стваралі, бо малітва з’яўляецца адначасова найвялікшым мастацтвам – не столькі мастацтвам чалавечым, хоць таксама і яго, але яна з’яўляецца перш за ўсё мастацтвам Духа Святога, як гэтаму нас навучае св. Павел. Дух заклікае з намі, калі мы не ведаем аб чым прасіць, як маліцца. Ён моліцца ў нас. Гэта найвялікшае мастацтва Божага Валадарства, найвялікшае мастацтва будучага стагоддзя.” (Чэнстахова, 15 жніўня 1991)

   124. “Няхай Слова, якое сталася Целам, прабывае ў Касцёле, няхай пранікае з канца да канца, і перамяняе думкі, сэрцы і ўчынкі чалавека.
   Няхай будзе нашай будучыняй, Адвэнтам усіх часоў, святлом і моцай пакаленняў. “О Пані наша, Апякунка наша, Заступніца наша”.” (Ватыкан, 8 снежня 1991)

   125. “Каралева Неба і нашая Надзея, у Тваё мацярынскае Сэрца складаем мы праблемы і клопаты, ікненні і надзеі тых улюбёных народаў, якія Табе давяраюць. Даручаю Твайму Беззаганнаму Сэрцу увесь Божы народ: святароў, асоб законных, свецкіх вернікаў, мужчын і жанчын; няхай у іх усіх ажыве свядомасць бясстрашных сведкаў тых каштоўнасцяў, якія абвяшчае Евангелле, перад абліччам чумы, якая абцяжарвае сучаснае жыццё.” (Фоджыя, 24 мая 1987)

   126. “Пані наша, Апякунка наша, Заступніца наша, Суцяшальніца наша. З Сынам сваім нас паяднай, Сыну свайму нас даручай, Сыну свайму нас аддавай”.
   Навучы нас служыць жыццю, пачынаючы ад яго зачацця аж да натуральнай смерці.   
   Навучы нас прымаць гэтае жыццё.
   Няхай нашыя сэрцы будуць адкрытымі, няхай будуць адчыненымі краіны.   
   Вызвалі нас ад страху, каб мы не баяліся ўбогіх з Евангелля Езуса: дзецей, старцаў, хворых, іншаземцаў, каб мы ўмелі адчыніць дзверы Збаўцы свету і чалавека.” (Ясная Гара, 15 жніўня 1991)


   127. “Глядзець на Марыю – азначае заўсёды бачыць сваё аблічча ў прыкладзе, які нам даў Бог дзеля нашага ўзвышэння і асвячэння. (Ватыкан, 8 верасня 1980)