Малітвы на кожны дзень тыдня

ПАНЯДЗЕЛАК

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

  1. ХВІЛІНА З АНЁЛАМ З ФАЦІМЫ

   Усклікаю да Цябе, Божа, з глыбіні майго сэрца, каб сказаць Табе, як моцна я прагну верыць у Цябе, як вельмі моцна я прагну ўсім сваім жыццём праслаўляць Цябе, бязмежна давяраць Табе і кожную хвіліну жыцця любіць Цябе. Усклікаю да Цябе разам з усімі прыхільнікамі Маці Божай Фацімскай, якія з вераю, надзеяй і любоўю чакаюць гадзіны трыюмфу Беззаганнага Сэрца Марыі. Наблізь яе, Пане!
   Я ўсклікаю да Цябе:

О мой Божа, веру ў Цябе,
праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу прабачэння за тых,
хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе,
не давярае Табе і не любіць Цябе.

   Кім я з’яўляюся і якія мае заслугі, каб я мог прасіць Цябе аб ласцы збаўлення свету? Таму прашу, паглядзі не на мае бедныя заслугі, але на бясконцыя заслугі Твайго Сына, Езуса Хрыста, які памёр, каб мы ўсе памерлі для граху. Прашу Цябе, каб плёны адкуплення змянілі жыццё людзей, каб свет стаў у праўдзе і трымаўся Цябе. Бо няма іншага Госпада, няма іншага Стварыцеля, няма іншага Збавіцеля, толькі Ты, Божа – маё жыццё і мая радасць – цяпер і на вякі.
   Я ўсклікаю да Цябе:

Найсвяцейшая Тройца,
Айцец, Сын і Дух Святы,
у найглыбейшай пакоры аддаю Табе пашану
і ахвярую Табе Найдаражэйшыя Цела і Кроў,
Душу і Боскасць Езуса Хрыста,
прысутнага на алтарах усяго свету
як узнагароду за знявагі, святатацтвы і абыякавасць,
якія Яго зневажаюць.
Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца
і Беззаганнага Сэрца Марыі
прашу Цябе аб ласцы навяртання бедных грэшнікаў.

   Езу, Сыне Марыі, мой Збаўца, дапамажы мне сёння жыць Тваім Евангеллем.
   Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, навучы мяне любіць Марыю!
   Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, навучы мяне наследаваць Марыю!
   Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, навучы мяне, як Яна, цалкам адкрыцца на Бога!
   Езу, удзялі мне асаблівую ласку, каб Найсвяцейшая Дзева ўсміхалася да мяне і ўзяла мяне пад сваю апеку!

  1. ХВІЛІНА РАЗВАЖАННЯ

У наступных тыднях можна карыстацца марыйнымі тэкстамі Св. Айца Яна Паўла ІІ, размешчанымі ў раздз. ІІІ

   Дапамажы мне, Марыя, уважліва ўслухацца ў словы Святога Айца Яна Паўла ІІ, які сказаў таксама і мне, што

   “Сучасны чалавек павінен узняць свой позірк, ён павінен заўсёды ўздымаць свой позірк у вышыню. Усё больш і больш, усё больш паўсюдна я адчуваю небяспеку выключнага злучэння з зямлёй. Нам лягчэй скіроўваць наш позірк у вышыню тады, калі нашыя вочы сустракаюцца з той Маці, якая з’яўляецца прастатой і любоўю; Той – Служабніцай Пана.” (Прамова на гары Мармолады ў Даламітах, 26 жніўня 1979)

   Хвіліна разважання над словамі Святога Айца і над маім жыццём.

3.       ХВІЛІНА РАЗМОВЫ З МАРЫЯЙ

    Найсвяцейшая Маці, Спадарыня з Фацімы! Калі Ты аб’яўлялася партугальскім пастушкам, усё ў Цябе было са святла. Твой вобраз, шата, нават залатая аздоба плашча – усё было са святла. Не магло быць інакш, калі гэта святло было ад Бога! Ты ўся знаходзішся ў Богу, з’яднаная з Ім сувяззю дасканаласці. Твае словы ад Бога і ўсе Твае пасланні паходзяць ад Яго. Таму, калі я стаю прад Табою на каленях, я стаю на каленях перад маім Богам. Ты з’яўляешся Яго самай прыгожай Іконай! Я люблю Бога ў Табе, Беззаганная Марыя!
   А гэтая змрочная карона? Гэтыя церні, якія аплятаюць Тваё Сэрца і ўпіваюць у яго свае вострыя шыпы - такія чорныя, як спаленыя. Няма ў іх ані святла, ані Бога. Гэта карона пекла! Гэта грэх чалавека. Грэх няўдзячных людзей, таксама і мой…
   Сёння прашу ў Цябе прабачэння за ўсё, што згасаючы ўва мне Божае святло, раніць Тваё Беззаганнае Сэрца. Я хачу актам узнагароды вымаць церні: свае і іншых, колькі змагу. А Тваё Беззаганнае Сэрца няхай будзе сёння дзеля мяне шляхам, поўным святла, шляхам, які вядзе да Бога, шляхам, на якім ужо не будзе месца нават дзеля найменьшага граху. 

                              
4.       ХВІЛІНА РУЖАНЦА

У наступных тыднях можна карыстацца разважаннямі, размешчанымі ў раздз. V

   У інтэнцыі, якая сёння жыве ў Тваім Беззаганным Сэрцы, ахвярую Табе, Марыя, мая Спадарыня і мая Маці, гэтую дзесятачку ружанца. Дапамажы мне сардэчна схіліцца над таямніцаю, над якой я сёння прагну разважаць. Няхай маё сэрца будзе сёння разам з Тваім Беззаганным Сэрцам, каб я з Табою разважаў над таямніцамі, якія наш Бог змясціў у сцэну Звеставання.

   Марыя, Беззаганна Зачатая! Сёння я схіляюся ў малітве над першай радаснай таямніцай Твайго Ружанца. Адкрываю сваё сэрца перад Богам, каб Ён сам пагрузіў мяне ў таямніцу Твайго спаткання з Гаўрыілам.
   Тут Ты зачала ў сваім лоне не толькі Езуса, але насіла ў сабе таксама і мяне! Гэту праўду перадаюць многія святыя. Сярод іх Людовік Грыньён дэ Манфор, Альфонс Лігуоры, Максімільян Кольбэ. Дзякую Табе, што Ты адказала “так” на мацярынскую апеку нада мною ў дарозе да неба. Ты была гатовая стаць дзеля мяне Маці: каб я быў Тваім “цяжарам” да таго дня, калі нарэшце дарасту да святасці. Цяпер Ты абараняеш мяне і засланяеш, каб я не ўпаў і не загінуў на векі. Ты хаваеш мяне ад свету – мяне няспелага, не гатовага жыць у краіне зла, спакусаў, духовых эпідэмій. Ты мая Апякунка, Заступніца і Суцяшальніца.
   Чаму ў Фаціме Ты была такая сумная? Бо ў сваім уллонні Ты носіш так шмат дзяцей, якія ўсё яшчэ застаюцца няспелымі, слабымі, хворымі і несамастойнымі. Бог даверыў іх Табе, але яны ўсё яшчэ застаюцца непадрыхтаванымі да самастойнага жыцця, да самастойнай працы, да служэння. Гэтыя людзі духоўна не гатовыя да Тваёй падтрымкі ў вялікай місіі супольнага збаўлення свету.
   Марыя! Можа і я не гатовы прыняць цяжкую місію быць слугою Бога?
   Ты назвала сябе “Служабніцай Пана” і схіляешся нада мною, як Служабніца самога Бога! Ты бачыш ува мне дар Божы, заўважаеш ува мне вечную прыгажосць: маю несмяротную душу, прызначаную для неба. Ты служыш Богу ўва мне. А калі Яго ў маім сэрцы мала, Тваё служэнне перавышае чалавечыя намаганні. Ты змагаешся за мяне. І ўсё робіш за мяне, бо я нічога не раблю… Я ўсё яшчэ застаюся малым дзіцём, якое патрабуе апекі, а не дарослым сынам, які здольны Табе дапамагчы.
   Я лёгка магу сёння адкрыць сваё месца побач з Табой. Дастаткова майго разважання над сцэнаю Твайго Звеставання, каб праверыць, як я яе разумею. Гляджу… Калі гэта толькі аповесць пра Цябе – Найсвяцейшая Маці – то я ўсё яшчэ далёка ад духоўнай дасканаласці. А калі Твой адказ анёлу супадае з маім адказам, які я хачу даць Богу – тады я на шляху служэння разам з Табою, Марыя, і ўзрастаю да выканання найпрыгажэйшага задання, якое можа атрымаць чалавек: да супольнай працы ў збаўленні свету!
   Дапамажы мне, Марыя з Назарэту, сёння задаць сабе некалькі важных пытанняў: Ці хачу я быць падобным да Цябе? Ці гатовы я прыняць з Божых рук тое, чаго менш за ўсё чакаю, што мяне перарастае, што мяне хавае ў глубокім ценю, робіць убогім, няважным, нават высмейваным гэтым светам? Ці я падобны да Цябе? Ну вось… Дзе знаходзяцца, Марыя, мае крытэрыі таго, што важна: у людскіх сэрцах ці ў Божым Сэрцы? Калі на зямлі будуць смяяцца з мяне, усе святыя і анёлы ў небе будуць радавацца таму, што я наследую Тую, якая вызначыла дзеля ўсіх нас дарогу да неба, самую прыгожую сцежку, пазначаную поўнай паслухмянасцю Богу, шлях служэння толькі Богу.
   Дапамажы мне зразумець, Марыя, што дзеля мяне з’яўляецца найважнейшым: погляд гэтага свету ці погляд неба. І прашу: дапамажы мне, каб мой канчатковы адказ указваў на Божае Валадарства. Маліся за мяне, цяпер і ў гадзіну маёй смерці.

Ойча наш. 10 Вітай Марыя. Хвала Айцу

  1. ХВІЛІНА ПРАСЛАЎЛЕННЯ МАРЫІ

   Няхай будзе праслаўленае Беззаганнае Сэрца Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якая ў Фаціме паказала нам шлях да новага, лепшага свету.
   Няхай будзе благаслаўлёнае Прачыстае Сэрца Той, якая цалкам даверылася Божай Любові.
   Няхай аддадуць пашану Марыі ўсе анёлы ў небе і ўсе людзі на ўсёй зямлі.
   Няхай надыйдзе прадказаная ў Фаціме перамога Беззаганнага Сэрца Марыі.
   Маці Божая Фацімская! Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет! Амэн.



АЎТОРАК

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

У Імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

1. ХВІЛІНА З АНЁЛАМ З ФАЦІМЫ

   Божа мой, у якога я веру, якому давяраю і якога бязмежна люблю! Хачу сёння вызнаць маё прысвячэнне Табе. Ведаю, што я – Тваё любае дзіця, ведаю, што Ты клапоцішся пра мне і прагнеш майго шчасця, якое будзе трываць вечна. Ведаю таксама, што я з’яўляюся Тваім слугою і хачу быць ім, мой Божа: свядома і з поўным прысвячэннем. Маім першым заданнем з’яўляецца малітва за сябе і за маіх братоў і сясцёр, каб усе Твае дзеці некалі пасяліліся ў Доме Айца, таму я ўсклікаю да Цябе:

О мой Божа, веру ў Цябе,
праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу прабачэння за тых,
хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе,
не давярае Табе і не любіць Цябе.

   Божа, наш Ойча! Ты стварыў гэты свет, каб ён быў дасканалым адлюстраваннем Тваёй нябеснай хвалы, каб усе людзі, якім Ты аддаў зямлю, спажывалі ў сваім жыцці ласкі і нястомна ўзрасталі ў святасці. Ты хацеў, каб Твая воля, якая выконваецца ў небе была прыкладам нашай паслухмянасці Тваёй волі на зямлі. Аднак, зло пасялілася на зямлі і захапіла нас у няволю. Толькі Ты можаш вызваліць нас, толькі Ты можаш вярнуць нас, бедных грэшнікаў, да Сябе.   
   Таму я ўсклікаю да Цябе:

Найсвяцейшая Тройца,
Айцец, Сын і Дух Святы,
у найглыбейшай пакоры аддаю Табе пашану
і ахвярую Табе Найдаражэйшыя Цела і Кроў,
Душу і Боскасць Езуса Хрыста,
прысутнага на алтарах усяго свету
як узнагароду за знявагі, святатацтвы і абыякавасць,
якія Яго зневажаюць.
Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца
і Беззаганнага Сэрца Марыі
прашу Цябе аб ласцы навяртання бедных грэшнікаў.

   Езу, Сыне Марыі, мой Збаўца, дапамажы мне сёння верна наследаваць Цябе ў пакоры.
   Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, навучы мяне безумоўнаму прысвячэнню сябе Той, якая рыхтавала Цябе да збаўчай місіі.
   Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, навучы мяне жыццю, якое ў вачах людзей часам нічога ня вартае, а ў вачах Бога мае вялікую вартасць.
   Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, дапамажы мне палюбіць сваіх непрыяцеляў і тых, што ў сваім жыцці моцна заблукалі. Няхай іх вечнае жыццё стане дзеля мяне бясцэннай каштоўнасцю.
   Езу, удзялі мне асаблівую ласку, каб Найсвяцейшая Дзева ўсміхалася да мяне і мела мяне ў сваёй апецы!

2. ХВІЛІНА РАЗВАЖАННЯ

У наступных тыднях можна карыстацца марыйнымі
тэкстамі Св. Айца Яна Паўла ІІ, размешчанымі ў раздз. ІІІ

   Дапамажы мне, Марыя, уважліва ўслухацца ў словы Святога Айца Яна Паўла ІІ, які таксама і да мяне скіраваў наступныя словы:

   “Усё здзейснілася дзякуючы “так” Марыі. Праз сваё fiat Яна стала прыкладам дзеля ўсіх веруючых. Яе “так”, сказанае з поўнай гатоўнасцю, пазней было шмат разоў пацверджана ў самых цяжкіх жыццёвых сітуацыях, калі Яна ішла крок за крокам шяхам веры ажно да радасці ўваскрашэння, ажно да Regina coeli[1].”

   Хвіліна разважання над словамі Святога Айца і над маім жыццём.

3. ХВІЛІНА РАЗМОВЫ З МАРЫЯЙ

   Найсвяцейшая Маці, Марыя з Фацімы! Калі Ты прыйшла ў Даліну Супакою, Ты была апранутая ў белы плашч, а на ім ззяла зорка. Ты ўся была са святла, якім з’яўляецца Бог. Адзінай Тваёй аздобай была яна - маленькая зорка. Ты не насіла яе – так як звычайна на сваіх святых іконах – на чоле ці на плячах, але ў нізе плашча. Я стаю сёння на каленях перад Табою і дзякую за гэты знак.
   Твая фацімская зорка пралівае святло, як ліхтарык. Гэта святы Божы Кіраўнік. Гэта зорка майго жыцця, зорка майго збаўлення. Яна, як маленькае святло ў канцы цёмнага танэлю. Твая зорка ставіць прада мною заданне ісці наперад. Ажно да мэты. Ажно да прамогі.
   Я гляжу з захапленнем на Твой нябесны знак і з радасцю бачу, што зорка ўпрыгожвае Твой плашч так нізка! Як быццам Ты хацела даць мне яе на выцягнутай руке, паказаць, што яна так блізка да мяне, лёгка даступная, калі я толькі захачу ісці дарогай, якую яна паказала.
   Ты хочаш, Маці, каб я заглядзеўся на Тваю зорку і навучыўся распазнаваць Яе святло. Ты асвятляеш маленькай зоркай ноч майго граху, даеш майму загубленаму жыццю Боскі парадак. Ты паказваеш мне святло “ў вышыні”, якога я не разумею, але па якім моцна сумуе маё сэрца. Я гляжу на Тваю “зорку неба” і ўсклікаю: Выпрасі мне самую вялікую ласку – быць збаўленым, навекі быць жыхаром неба!
   Ужо сёння я хачу, Найсвяцейшая Маці, упісаць у сваё жыццё святло неба. Хачу, каб Ты была маёй ранішняй зоркай, якая вядзе да Бога. І прашу з пакорай і адвагай дзіцяці: дай мне яе як узнагароду за барацьбу пад Тваім блакітным сцягам. Няхай трыюмф Твайго Беззаганнага Сэрца станецца таксама маім удзелам!

4. ХВІЛІНА РУЖАНЦА

У наступных тыднях можна карыстацца разважаннямі размешчанымі ў раздз. V

   У інтэнцыі, якая сёння жыве ў Тваім Беззаганным Сэрцы, ахвярую Табе, Марыя, мая Спадарыня і мая Маці, гэтую дзесятачку ружанца. Дапамажы мне сардэчна схіліцца над таямніцаю, над якой я сёння прагну разважаць. Няхай маё сэрца будзе сёння разам з Тваім Беззаганным Сэрцам, каб я з Табою разважаў над таямніцамі, якія наш Бог змясціў у сцэну малітвы Твайго Сына ў Садзе Аліўным.

   Найсвяцейшая Маці, чым з’яўляецца Аліўны Сад Твайго Сына? Прашу, скажы мне больш: скажы, як павінен выглядаць мой Аліўны Сад – мой уласны аліўны сад, праз які я ўдзельнічаю ў Аліўным Садзе Езуса. Дай мне зразумець, што ён таксама павінен стаць часткаю майго жыцця. Мне патрэбна такая ўпэўненасць, бо нялёгка ўвайсці ў балесныя таямніцы, калі яны павінны прычыняць боль таксама і мне. Езус увайшоў туды, бо ведаў, што без Саду не было б далейшага працягу маёй гісторыі збаўлення.
   Ты нагадваеш мне сёння, Марыя, пра найважнейшую дзеля мяне таямніцу – пра маю прысутнасць ў таямніцах ружанца. Гэта ўсё адбывалася дзеля мяне. Гэта дзеля мяне і дзеля майго збаўлення Хрыстос пайшоў у Аліўны Сад на малітву. І колькі разоў я малюся на ружанцы і разважаю над яго таямніцамі, столькі разоў Ты, Маці Божая Ружанцовая, запрашаеш мяне, каб я стаў удзельнікам тых падзеяў. Ты запрашаеш, каб я ўвайшоў у ружанцовую сцэну, каб стаў сведкам, больш таго, Ты хочаш, каб я быў удзельнікам тых падзеяў, каб прыняў актыўны ўдзел у справах Твайго Сына. І так з кожнай таямніцай, таксама і з першай балеснай. Я павінен там быць… Быць блізка.
   Ты вучыш мяне, Марыя, што найважнейшае ў гісторыі свету, адбываецца па-за светам. Людзкая гісторыя – лёсы маіх блізкіх і тых, з якімі ў мяне няма нічога агульнага, лёсы каханых і непрыяцеляў – іх жыццё перамяняе, перш за ўсё, малітва. Яна з’яўляецца мацнейшай за самае моцнае дзеянне. Бо дае месца Богу і дазваляе Яму накіроўваць свет туды, куды Ён хоча. А Ён жадае нашага Дабра.
   Сапраўдная малітва гэта не літанія маіх просьбаў і жаданняў, скіраваных да Бога. Гэта не столькі адкрыццё Бога на мае просьбы, колькі адкрыццё майго сэрца на просьбы Бога. А яны могуць быць цяжкімі. Бо сёння цяжка ўратаваць свет.
   Досыць заглянуць у глыбіню Аліўнага Саду, дзе маліўся Езус. Бог пажадаў ад Яго самага цяжкага: аддаць сваё жыццё на алтары пакутаў. Але яго “так”, якім скончылася размова Сына з Айцом, назаўсёды перамяніла свет. Дзверы неба былі адчынены Яго крыжам.
   Я таксама павінен служыць справе збаўлення. Навучы мяне, Марыя, маліцца, як Езус у Садзе Аліўным. Дапамажы мне выконваць Яго волю, адказваць “fiat” – няхай так станецца – як Збаўца ў садзе і як Ты, Марыя, у Назарэце. Дапамажы мне сёння супрацоўнічаць у справе збаўлення свету, молячыся з Езусам у Садзе Аліўным.

Ойча наш. 10 Вітай Марыя. Хвала Айцу.

5. ХВІЛІНА ПРАСЛАЎЛЕННЯ МАРЫІ

Салодкае Сэрца Марыі, будзь маім ратункам ад граху і слабасці!
Беззаганнае Сэрца Марыі, будзь шляхам, які прывядзе мяне да Бога!
Найчысцешае Сэрца маёй Маці, будзь маім сховішчам перад атакамі дэманаў!



СЕРАДА

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

1. ХВІЛІНА З АНЁЛАМ З ФАЦІМЫ

   Аддаю Табе пашану, Бог мой і Госпад мой, які мяне стварыў і прызначыў да ўдзелу ў сваёй вечнай хвале. Ты адзіны годны праслаўлення. Шчаслівы той, хто Цябе пазнаў і адчуў Тваю вялікую любоў. Шчаслівы той, хто Цябе праслаўляе сэрцам і хто Табе бясконца давярае. Дапамажы мне, Пане, нястомна Цябе праслаўляць, яшчэ паўней верыць у Цябе, яшчэ больш Табе давяраць і гарачэй Цябе любіць. А тым, хто Цябе не ведае, дай ласку сустрэчы з Табой.
   Я ўсклікаю да Цябе з глыбіні сэрца:

О мой Божа, веру ў Цябе,
праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу прабачэння за тых,
хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе,
не давярае Табе і не любіць Цябе.

  Божа! Ты хацеў, каб усе стварэнні ўсхвалялі Цябе. Калі на зямлі запанаваў грэх, Ты даў  свайго  Адзінароднага Сына, каб сваёй ахвярнай любоўю Ён ўзнагароджваў Табе за грахі тых, хто адвярнуўся ад Цябе і выпрасіў дзеля ўсіх збаўленне. Яго Найсвяцейшая Кроў ачышчае нас ад бруду зла, і з’яўляецца мацнейшай за найвялікшыя моцы цемры. Таму я заклікаю сёння Пасхальную Ахвяру Езуса Хрыста і ахвярую Табе яе як узнагароду за грахі свету.
   Я ўсклікаю да Цябе:

Найсвяцейшая Тройца,
Айцец, Сын і Дух Святы,
у найглыбейшай пакоры аддаю Табе пашану
і ахвярую Табе Найдаражэйшыя Цела і Кроў,
Душу і Боскасць Езуса Хрыста,
прысутнага на алтарах усяго свету
як узнагароду за знявагі, святатацтвы і абыякавасць,
якія Яго зневажаюць.
Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца
і Беззаганнага Сэрца Марыі
прашу Цябе аб ласцы навяртання бедных грэшнікаў.

   Езу, Сыне Марыі, мой Збаўца, адары маё сэрца радасцю і супакоем.
   Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, навучы мяне пазбягаць граху і адварочвацца нават ад малейшай спакусы.
   Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, навучы мяне як супрацоўнічаць з Табою ў выратаванні грэшнікаў ад пекла.
   Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, дапамажы мне забывацца пра сябе і наследаваць Цябе ў любові да кожнага чалавека.
   Езу, удзялі мне асаблівую ласку, каб Найсвяцейшая Дзева усміхалася да мяне і заўсёды мной апекавалася!

2. ХВІЛІНА РАЗВАЖАННЯ

У наступных тыднях можна карыстацца марыйнымі
тэкстамі Св. Айца Яна Паўла ІІ, размешчанымі ў раздз. ІІІ

   Дапамажы мне, Марыя, уважліва ўслухацца ў словы Святога Айца Яна Паўла ІІ, якія ён скіраваў таксама і да мяне:

“Маці Бога і нашая Маці, дзякую Табе, што Ты з’яўляешся Кіруючай Зоркай у будаўніцтве лепшай будучыні свету, што Ты з’яўляешся Апякункай у будаванні агульначалавечай цывілізацыі любові. Марыя, пакорна прашу Цябе, атулі сваёй мацярынскай апекай надыходзячыя дні і гады. Дапамажы ўсім распачаць новае жыццё ў еднасці з Хрыстом – Каралём Стагоддзяў.”

   Хвіліна разважання над словамі Святога Айца і над маім жыццём.

3. ХВІЛІНА РАЗМОВЫ З МАРЫЯЙ

   Марыя, Спадарыня з Фацімы, “Пачатак лепшага свету” ў Хрысце! Вось я стаю перад Табою на каленях, углядаючыся ў шар, які вісіць на Тваіх грудзях, сімвалізуючы свет – свет, прысвечаны Табе, давераны Табе, блізкі Твайму Беззаганнаму Сэрцу. Стаю на каленях, каб убачыць у Табе ўсю нашу надзею!
   Я ўжо ведаю, што перамога належыць дабру! Інакш не можа быць. Бо свет належыць Табе! Ён даручаны і прысвечаны Табе як уласнасць.
   І хоць ён яшчэ поўны недахопаў і цярпення, Ты прытуляеш яго да Свайго Сэрца. Выпрошваеш дзеля ўсіх ласкі, каб сучасны свет перастаў жыць у ценю вялікіх небяспекаў. Каб кіруючыя ўладай у свеце не паддаваліся падшэптванням шатана. Каб перастала пераважаць цемра: несправядлівае багацце, абыякавасць да цярпення іншых, эгаізм, узаемны недавер. Каб грэх, які, як плывучая рака, уцягвае ў свой вір чалавецтва, затрымаўся ў абліччы святасці і моцы Твайго Сына і Тваёй! Каб наш сучасны свет стаў месцам аб’яўлення міласэрнай любові.
   Табе належыць перамога. Тябе і тым, хто з’яўляецца Тваім патомствам! Так, таксама і я магу садзейнічаць перамене свету ў лепшы бок! Мая малітва і пакута, маё прагненне ўзнагароды і з’яднання з Табою – могуць зрабіць так, што слізкі шлях, скіраваны шатанам і яго нашчадкамі да атхлані пекла, павернецца ў бок неба і зробяць так, каб людзям было лёгка збавіцца. Бедныя грэшнікі, прытуліўшыся да Твайго Беззаганнага Сэрца, увойдуць у неба!
   Марыя! Зрабі так, каб як мага хутчэй надышоў той дзень, калі свет будзе шукаць сховішча ў Тваім Беззаганным Сэрцы, а навернуты, радуючыся супакою, станецца Тваім упрыгожваннем. Як залаты шар, які вісіць на Тваіх грудзях, Фацімская Мадонна.  

4. ХВІЛІНА РУЖАНЦА

У наступных тыднях можна карыстацца разважаннямі размешчанымі ў раздз. V

   У інтэнцыі, якая жыве сёння ў Тваім Беззаганным Сэрцы, ахвярую Табе, Марыя, мая Пані і мая Маці, гэтую дзесятачку ружанца. Дапамажы мне сардэчна схіліцца над таямніцай, над якой я сёння прагну разважаць. Няхай маё сэрца будзе сёння разам з Тваім Беззаганным Сэрцам, каб з Табою разважаць над таямніцамі, якія наш Бог упісаў у таямніцу ўваскрашэння Твайго Сына.

   Марыя, мая Маці! Дапамажы мне разважаць сэрцам над таямніцай ўваскрашэння Твайго Сына. Дапамажы мне зразумець, што я схіляюся над найважнейшай і найпрыгажэйшай праўдай маёй веры, бо вось той, хто быў укрыжаваны і памёр за нас, грэшнікаў, паўстаў з мёртвых, каб даць нам новае жыццё! Я таксама павінен памерці дзеля граху і ўваскрэснуць да зусім новага жыцця – у якім усё належыць Богу. Дапамажы мне, Найсвяцейшая Маці, прытуліцца да гэтай таямніцы, каб я мог у поўні зачэрпнуць з багацця ласкі, якую заслужыў дзеля мяне Пан і якая была Тваім удзелам.
   Беззаганная Марыя! Ты адзіная не сумнявалася ў гадзіну Крыжа ў тым, што Твой Сын паўстане з мёртвых. Ты верыла насуперак надзеі, насуперак усім знакам, якімі ахінуў Цябе свет. Усё казала, што ўжо канец, што Той, хто быў надзеяй новага, лепшага свету праіграў, адыйшоў, не выканаў сваіх абяцанняў. Ты насіла ў сваім сэрцы дасканалую веру. Усе засумняваліся, усе адышлі. Апосталы закрыліся ў Вячэрніку, баючыся, што іх спаткае такі самы лёс, як і іх Настаўніка – баяліся, што і іх заб’юць. Толькі Ты нязменна трывала ў веры: насуперак усяму і ўсім. Далей верыла. Так можа верыць толькі дасканала чыстае сэрца, якое бачыць тое, чаго іншыя нават не прадчуваюць.
   Марыя, сёння столькі знакаў громка крычыць аб тым, што перамагае зло, што свет становіцца валадарствам граху, і што трэба з тым пагадзіцца. Выпрасі мне ласку, каб я ўмеў верыць у немагчымае, каб давяраў насуперак надзеі, каб ува мне жыла ўпэўненасць у тым, што дабро пераможа. Ты пытаешся мяне ў хвіліны, якія патрабуюць ад мяне сведчання веры ў перамогу дабра, ці веру я ў Божыя абяцанні. Ці веру я бязмежна Богу, насуперак усяму, нягледзячы на знакі, якія ўсім кажуць верыць у нешта іншае, ажно да веры ў перамогу над шатанам. Я адказваю: веру! І прашу: дай мне ласку чысціні сэрца, бо сэрца забруджанае грахом, лёгка паддасца спакусе сумнення.
   Ты верыла Богу насуперак усяму. Дапамажы мне наследаваць Тваю веру. Я ўглядаюся ў Твой прыклад і паўтараю словы Евангелля: “Благаславёныя, якія не бачылі, а паверылі” (Ян 20, 29)

Ойча наш. 10 Вітай Марыя. Хвала Айцу.

5. ХВІЛІНА ПРАСЛАЎЛЕННЯ МАРЫІ

    Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за мяне, грэшнага!
   Дзева-Маці, якой ніколі не кранулася пляма граху, Табе я давяраю чысціню майго сэрца.
   Маці мая, захавай мяне ад смяротнага граху!


ЧАЦВЕР

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

1. ХВІЛІНА З АНЁЛАМ З ФАЦІМЫ

   Божа мой, які пажадаў, каб Цябе называлі Айцом. Божа, які ёсць Любоў і які кожнага з нас трымаеш ў клапатлівых далонях усеагарняючым Провідам. Дзякую Табе за ласку веры і за любоў, якою Ты напаўняеш маё ўбогае сэрца. Я хачу праслаўляць і ўсхваляць Цябе сваёй верай. Я хачу, каб Ты быў прысутны ў кожнай маёй думцы і ў кожным маім прагненні. Памнажай ува мне тугу па паўнаце з’ядання з Табою і адары сваёй міласэрнасцю мяне і маіх блізкіх, асабліва ўсіх тых, хто найбольш яе патрабуе.
   Я ўсклікаю да Цябе:

О мой Божа, веру ў Цябе,
праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу прабачэння за тых,
хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе,
не давярае Табе і не любіць Цябе.

   Дзякую Табе, Езу, што Ты не пакінуў нас, бедных і слабых. Дзякую Табе, што Ты заўсёды з намі ва ўсе нашыя дні, ажно да сканчэння свету. Так, Ты таксама са мною і не пакідаеш мяне аднаго ў маёй працы, барацьбе і цярпеннях, а таксама ў маіх радасцях і шчасці. У сакрамэнце Эўхарыстыі Ты застаўся дзеля мяне на алтары, каб  я мог чэрпаць у Цябе сілы і моц, веру і надзею, любоў і супакой. Дай мне цалкам сябе самога і адары мяне асаблівай ласкай, каб і я цалкам аддаўся Табе. Каб служыў Табе і садзейнічаў у збаўленні маіх братоў.
   Я ўсклікаю сёння да Цябе з глыбіні сэрца:

Найсвяцейшая Тройца,
Айцец, Сын і Дух Святы,
у найглыбейшай пакоры аддаю Табе пашану
і ахвярую Табе Найдаражэйшыя Цела і Кроў,
Душу і Боскасць Езуса Хрыста,
прысутнага на алтарах усяго свету
як узнагароду за знявагі, святатацтвы і абыякавасць,
якія Яго зневажаюць.
Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца
і Беззаганнага Сэрца Марыі
прашу Цябе аб ласцы навяртання бедных грэшнікаў.

   Езу, Сыне Марыі, мой Збаўца, зрабі, каб навярнулася маё беднае сэрца.
   Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, навучы мяне штодзённа спяваць песню праслаўлення Госпаду Богу.
   Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, навучы мяне пільнасці сэрца, каб я нястомна разважаў аб вялікіх справах Божых, якія адбываюцца ў маім жыцці і ў падзеях свету.
   Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, дапамажы мне палюбіць беднасць і прастату жыцця, каб справы гэтага свету не засланілі Цябе ад мяне, бо ты мая адзіная любоў і адзінае прагненне.
   Езу, удзялі мяне асаблівую ласку, каб Найсвяцейшая Дзева ўсміхалася да мяне і заўсёды мела мяне ў сваёй апецы!

2. ХВІЛІНА РАЗВАЖАННЯ

У наступных тыднях можна карыстацца марыйнымі тэкстамі Св. Айца Яна Паўла ІІ, размешчанымі ў раздз. ІІІ

   Услухаемся ўважліва ў словы Маці Божай, якая ў аб’яўленні ў Понтэвэдра ў 1925 годзе прамовіла таксама і да мяне:

   “Бог хоча ўстанавіць у свеце ўшанаванне майго Беззаганнага Сэрца. Тым, хто прыме гэтае набажэнства, Я абяцаю збаўленне. Гэтыя душы будуць каханыя Богам, як кветкі пастаўленыя мною дзеля аздобы Яго трону.”

   Хвіліна разважання над словамі Святога Айца і над маім жыццём.


3. ХВІЛІНА РАЗМОВЫ З МАРЫЯЙ

   Марыя! Божая Маці! Будзь праслаўленая, будзь благаслаўлёная!
   Каля Твайго падножжа знаходзяцца кветкі. Гэта Твае прыхільнікі, душы, якія жывуць набажэнствам першых суботаў месяца. Яны ўпрыгожваюць Цябе, каб абвяшчаць хвалу Твайго Сына.
   Ты з’яўляешся пасадам Збаўцы! Ты прысутная ў таямніцы Бога, якая здзейснілася ў Тваім улонні, зрабіўшы Цябе тронам Усемагутнага, яснейшым за трон анёлаў. Сёння я далучаю свой ціхі голас да хору, які праслаўляе хвалу Тваю і Твайго Сына Езуса, да мноства святых, якія усхваляюць Вашу веліч.
   Маці! Ты дала мне жыццё і Ты павінна падрыхтаваць мяне да вечнасці. Тваё заданне выхаваць мяне так, каб я саспеў да яе, як святы! І атрымаў збаўленне. І стаўся навекі аздобай Божага трону. Таму прашу: калі я – Тваё дзіця, о Марыя, то пакажы, што Ты – мая Маці! зрабі мяне святым!
   Паглядзі, я прагну выканаць спадзяванні Твайго Сэрца. Я хачу з цалкавітай падпарадкаванасцю слухаць Твой голас.
   Я хачу прымаць ласкі, якія Ты мне выпрошваеш.  Я хачу адказваць на Твае мацярынскія жэсты і намаганні.
   Сёння я прашу ў Цябе тры рэчы: Няхай я заўсёды буду ўглядацца ў Цябе – па прыкладзе Тваіх святых. Няхай я заўсёды буду дазваляць Табе накіроўваць мяне – як рабілі гэта Твае абраныя. Няхай я закахаюся ў набажэнствах першых суботаў месяца, каб стацца кветкай, якая ўпрыгожвае трон Твайго Сына.
   Я сам не зраблю шмат, таму пакажы мне сваю дасканаласць, захапі мяне ёй і прыцягні да сябе! Дапамагай мне ў імкненні да дасканаласці, якая найпаўней аб’явілася ў Табе. Заступайся за мяне перад сваім Сынам, каб я атрымаў любоў і прабачэнне!
   А калі я пагляжу на Твой вобраз, няхай тады кветкі, упрыгожваючыя Цябе, нагадваюць мне аб тым, што я павінен быць упрыгожваннем Божага трону і павінен імкнуцца жыць так, каб Бог мог пакласці мяне на алтары як сваю аздобу і хвалу.

4. ХВІЛІНА РУЖАНЦА

У наступных тыднях можна карыстацца разважаннямі размешчанымі ў раздз. V

   У інтэнцыі, якая жыве сёння ў Тваім Беззаганным Сэрцы, ахвярую Табе, Марыя, мая Спадарыня і мая Маці, гэтую дзесятачку ружанца. Дапамажы мне сардэчна схіліцца над таямніцай, над якой я сёння прагну разважаць. Няхай маё сэрца будзе сёння разам з Тваім Беззаганным Сэрцам, каб з Табою разважаць над таямніцай, якую наш Бог упісаў у таямніцу Хросту Езуса ў Ярдане.

   Найсвяцейшая Маці! Сёння я яднаюся з Табою ў малітве і вучуся праўдзе аб блізкасці сэрцаў. Вось, у гэтай таямніцы Езус далёка! Я з Табою ў Тваім доме ў Назарэце, а Твой Сын стаіць на краі пустыні і ўглядаецца ў Яна Хрысціцеля і тых, хто з яго рук прымае хрост – знак адрачэння ад існуючых грахоў. Цябе там няма, Марыя! Езус пакінуў родны дом, а Ты засталася ў ім. Але, дзеля з’яднання сэрцаў час і адлегласць не ствараюць перашкоды. Ты ў тую гадзіну была з Ім, Сэрца пры Сэрцы, і ўдзельнічала ў таямніцы Яго хросту ў Ярдане.
   Адары, прашу, мяне ласкаю, каб я зноў мог услухацца ў шэпт Твайго Беззаганнага Сэрца, каб, гледзячы на Езуса, я бачыў, што хрост ад Яна прымае Хтосьці, Хто нясе на сабе нашыя грахі, каб іх адкупіць. Езус атаясамліваецца з людзьмі, Ён хоча ўзнагароджваць за іх Айцу. Ён прагне іх збаўлення, таму Ён гатовы ўзнагародзіць Богу за ўчыненае імі зло. А калі гэтае зло настолькі вялікае, што трэба ахвяраваць цярпенне і прыняць смерць? У дзень хросту ў Ярдане Езус адказвае “так”. Таму Айцец аб’яўляе, што мае ў Ім упадабанне.
   Я таксама павінен падабацца Богу. Маё прагненне святасці азначае тое, што я павінен як Езус сказаць “так” на Яго прагненне ўзнагародзіць за зло, якое робяць грэшнікі, я павінен так зразумець гэтую таямніцу, як Ты зразумела яе ў сваім Беззаганным Сэрцы. А калі я з’яўляюся Тваім слугою, то і ў гэтым я павінен быць падобным да Цябе!
   Гэта цяжкае рашэнне, Марыя. Скончыліся радасныя таямніцы, я стаю на парозе таямніцы цярпення. Ад Аліўнага Саду аддзяляе мяне пяць крокаў. Сёння я павінен зрабіць першы крок – прайсці праз таямніцу хросту ў Ярдане. Я павінен згадзіцца на салідарнасць са светам, які патанае ў граху – патанее ў граху, які сам чыніць. Я павінен прыняць яго цяжар. Я павінен быць гатовым узнагароджваць за яго. За яго пакутваць. Каб грэшнікі атрымалі збаўленне!
   Дзякую Табе, Марыя, за гэты цяжкі ўрок на тэму салідарнасці з людзьмі. Дапамажы мне памятаць пра тое, што ў жыцці лічыцца толькі адно – збаўленне. І няма больш нічога, што можна было б параўнаць з гэтай найвышэйшай каштоўнасцю. Зрабі так, каб як мага больш людзей атрымала дар вечнага шчасця. І няхай маё служэнне дапамагае Табе ў ажыццяўленні Тваёй вялікай місіі прывесці Тваіх дзяцей да брамы неба.

Ойча наш. 10 Вітай Марыя. Хвала Айцу.

5. ХВІЛІНА ПРАСЛАЎЛЕННЯ МАРЫІ

   Найчысцейшае Сэрца Марыі, выпрасі мне ў Езуса дар чысціні і пакоры сэрца!
   Марыя, зрабі так, каб я жыў у Богу, з Богам і для Бога!
   Марыя, заўжды Дзева, якая нарадзіла Хрыста, Госпада і Адкупіцеля свету, выпрасі мне супакой і збаўленне.


ПЯТНІЦА

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

1. ХВІЛІНА З АНЁЛАМ З ФАЦІМЫ

   Божа, Ты мой адзіны Бог і няма іншага акрамя Цябе! Сапраўды, я слабы і маё сэрца часам спадзяецца на людзей і пакладае надзею ў справах гэтага свету. Аднак, Ты вучыш мяне, што ўсё, да чаго я прывязваюся падводзіць, і толькі Ты з’яўляешся надзейным якарам майго шчасця – шчасця, якое ніколі не скончыцца, шчасця вечнага. Таму я аддаю Табе пашану, гонар і праслаўленне і ўсклікаю, молячыся не толькі за сябе, але і за грэшнікаў. Перш за ўсё за іх я прашу Цябе, Пане. Дай ім ласку пазнання Цябе і злучэння іх сэрцаў з Тваім Боскім Сэрцам.
   Я ўсклікаю да Цябе:

О мой Божа, веру ў Цябе,
праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу прабачэння за тых,
хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе,
не давярае Табе і не любіць Цябе.

   Божа, наш Пане! Я стаю перад Табою з пакорай, свядомы сваёй маленькасці і недахопу заслуг, з якімі я мог бы папрасіць прабачэння ў Твайго справядлівага гневу. Ты – Госпад і Бог, я – слабы чалавек, які часта знаходзіцца ў няволі граху. Таму, стоячы перад Табою, я ахвярую Табе не свае вялікія ўчынкі, бо не маю іх, не вялікія заслугі, бо і іх у мяне няма. Ахвярую Табе таго, каго Ты найбольш палюбіў: Твайго Адзінароднага Сына. Паглядзі на Яго святыя раны. Ён памёр за мяне і дзеля мяне Ён застаўся на алтарах Касцёла. Няхай Яго вялікая любоў, любоў ажно да крыжа, выпрасіць прабачэнне мне і іншым бедным грэшнікам.
   Я ўсклікаю да Цябе:

Найсвяцейшая Тройца,
Айцец, Сын і Дух Святы,
у найглыбейшай пакоры аддаю Табе пашану
і ахвярую Табе Найдаражэйшыя Цела і Кроў,
Душу і Боскасць Езуса Хрыста,
прысутнага на алтарах усяго свету
як узнагароду за знявагі, святатацтвы і абыякавасць,
якія Яго зневажаюць.
Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца
і Беззаганнага Сэрца Марыі
прашу Цябе аб ласцы навяртання бедных грэшнікаў.

   Езу, Сыне Марыі, мой Збаўца, навучы мяне не давяраць сабе і не абапірацца на самога сябе, але ўсю надзею пакладаць у Тваім Найсвяцейшым Сэрцы, поўным любові да грэшнікаў.
   Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, навучы мяне трываць пад Тваім крыжам і разам з Табой ахвяроўваць Твае святыя цярпенні Айцу, каб прасіць прабачэння за грахі свету.
   Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, навучы мяне забываць пра сябе і служыць братам і сёстрам, не чакаючы добрага слова альбо ўзнагароды.
   Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, дапамажы мне добра распазнаваць знакі часу вакол мяне, каб я мог з радасцю выконваць Тваю святую волю і набліжаў надыход Твайго Валадарства.
   Езу, удзялі мяне асаблівую ласку, каб Найсвяцейшая Дзева ўсміхалася да мяне і заўсёды атуляла мяне сваёй апекай.


2. ХВІЛІНА РАЗВАЖАННЯ

У наступных тыднях можна карыстацца марыйнымі
тэкстамі Св. Айца Яна Паўла ІІ, размешчанымі ў раздз. ІІІ

   Дапамажы мне, Марыя, уважліва ўслухацца ў словы Яна Паўла ІІ, які скіраваў да мяне наступныя словы:

   “Заклікаю вас, дарагія браты, каб вы не стамляліся ўшаноўваць Марыю. Чым больш мы жывем і ўзрастаем у даверы, тым больш Марыя прыбліжае нам “бяздоннае багацце Хрыста” і, гэткім чынам, дазваляе нам лепш пазнаваць усю паўнату нашай годнасці і канчатковы сэнс нашага паклікання.”

   Хвіліна разважання над словамі Святога Айца і над маім жыццём.

3. ХВІЛІНА РАЗМОВЫ З МАРЫЯЙ

   Беззаганная Марыя, цалкам святая і чыстая!
   Ты тут, Ты каля мяне, як Маці, якая дала Божаму Сыну цела і Ты Маці майго вечнага жыцця. Так, Ты – Маці маёй еднасці з Хрыстом, Богам, які стаўся чалавекам. Я ведаю, што калі я стаю прад Табою, тады я бліжэй да Езуса.
   Ты з’яўляешся дзеля мяне жывой гарантыяй збаўчай прысутнасці Бога. Як мне за гэта дзякаваць Табе?
   У нас усіх перад Табой доўг, які, пакаленне за пакаленнем, мы нястомна Табе сплачваем. Я таксама не хачу забыцца пра Цябе. Бо як жа ж забыць Цябе, калі Ты назаўсёды застаешся маёй Маці? Шэрагі стагоддзяў збіралі цудоўныя сведчанні Тваёй мацярынскай апекі. Цяпер перажывае гэта маё пакаленне, сведкам з’яўляюся таксама і я! Колькі ж малітваў і гімнаў узнікла на Тваю хвалу! Колькі ж святыняў, колькі ж хвалы прынесла Табе мастацтва! Марыя, я гэтага не здолею зрабіць, але паглядзі – маё сэрца вучыцца біцца дзеля Цябе! Прымі яго як дар.
   Я Твой даўжнік і хачу быць ім за Тваё “fiat” з Назарэту і за Тваё “fiat”, сказанае над маім жыццём, калі мне патрэбна дапаможная далонь, узмацненне ласкай, калі трэба зачыніць шлях, які вядзе ўніз.
   Ты стаіш побач са мной і я таксама хачу быць побач з Табой. Я хачу з’яднацца з Табою назаўсёды. Як той, хто, як Ты, слухае Божае Слова і, як Ты, захоўвае яго.
               
4. ХВІЛІНА РУЖАНЦА

У наступных тыднях можна карыстацца разважаннямі размешчанымі ў раздз. V

   У інтэнцыі, якая сёння жыве ў Тваім Беззаганным Сэрцы, ахвярую Табе, Марыя, мая Спадарыня і мая Маці, гэтую дзесятачку ружанца. Дапамажы мне сардэчна схіліцца над таямніцай, над якой я сёння прагну разважаць. Няхай маё сэрца будзе сёння разам з Тваім Беззаганным Сэрцам, каб з Табою разважаць над таямніцамі, якія наш Бог упісаў у сцэну бічавання Езуса.

   Дапамажы мне, Марыя, углядзецца ў сцэну бічавання. Нагадай мне, якое вялікае цярпенне перажывае Езус ў гэтай таямніцы. А гэта толькі пачатак станаўлення цалкавітай ахвяры дзеля Бога. Я не адварочваю галавы ад такога жудаснага болю. А Ты?
   Выпрасі мне, о Марыя, асаблівую ласку: зрабі так, каб я не баяўся цярпення. Дапамажы мне зразумець, што цярпенне – гэта вялікі дар. Гэта праўда, гэта цяжкі і вельмі патрабуючы дар, але ён сапраўды вялікі і яго нічым нельга замяніць. Ян Павел ІІ тлумачыў, што цярпенне з’яўляецца “пасрэднікам і прычынаю неабходнага дабра дзеля збаўлення свету”, што яно “больш, чым штосьці іншае, пракладвае дарогу ласцы, якая змяняе душы людзей”, што “больш, чым што-небудзь іншае, праяўляе моц Адкуплення ў чалавечай гісторыі”. Калі я веру ў гэта, то я інакш буду глядзець на цярпенне. Яно абавязковае дзеля збаўлення свету. Найсвяцейшая Маці, выпрасі мне гэтую ласку, каб яшчэ раз чытаючы гэтыя словы, я мог засведчыць іх глыбокую праўду.
   Навучы мяне, што толькі цярпенне, ахвяраванае Богу, мае сэнс. Толькі тады тое, што дзеля людзей здаецца пракляццем, становіцца благаславенствам. Пакажы мне, што мае адносіны да цярпення вельмі проста спраўджваюць, колькі ўва мне сапраўднай любові, якая забываецца пра сябе, углядаецца ў Бога, аддаецца людзям. Аб’яві мне сёння, Марыя, таямніцу цярпення свайго Сэрца, каб я зразумеў, што мераю Твайго цярпення з’яўляецца любоў, а мераю Тваёй любові з’яўляецца ласка, якую Ты атрымала ад Госпада. Марыя, поўная ласкі, і таму поўная любові, і поўная цярпення! Можа таму так шмат святых прагнулі як мага больш цярпець? У цярпенні яны бачылі карацейшы шлях да атрымання ласкаў…
   Ласка цярпення дадзена кожнаму, таксама і мне. Прымаць удзел ў збаўчым цярпенні Езуса – гэта асаблівы дар, падрыхтаваны дзеля выбраных душаў. Аб гэтым сёння мне нагадваеш Ты, Ружанцовая Марыя. Тваё Сэрца спавітае ружамі, але пад прыгожымі кветкамі знаходзяцца церні. Ружы сімвалізуюць ласкі, якімі Ты адорваеш Сваіх дзяцей, яны атрыманыя праз амаль што  бясконцыя цярпенні, праз слёзы, у ціхім болю… Ты пакутуеш разам з Хрыстом, каб сваім дзецям ахвяраваць радасць і шчасце. А Сабе пакідаеш вырачэнні і боль.
   Калі надыходзіць хвіліна, у якой я станаўлюся чалавекам цярпення, я хачу ўмець ахвяроўваць яго Богу за збаўленне свету. Тады маім удзелам становіцца перажыванне таго, што Марыя “хавае толькі дзеля сябе”, гэта значыць уласнае цярпенне, якое садзейнічае збаўленню свету. Ці ж не з’яўляецца яно знакам найбольш інтымнай блізкасці з Найсвяцейшай Маці?
   Найсвяцейшая Маці, дзякую Табе, што Ты вучыш мяне ахвяроўваць свае цярпенні дзеля збаўлення грэшнікаў!

Ойча наш. 10 Вітай Марыя. Хвала Айцу.

5. ХВІЛІНА ПРАСЛАЎЛЕННЯ МАРЫІ

   Маці прыгожай любові, Маці балесная і міласэрная, маліся за нас!
   Мая Маці, мая Надзея і мая Радасць!
   Мая Спадарыня, мая Каралева, накрый мяне сваім бяспечным плашчом!


СУБОТА

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

1. ХВІЛІНА З АНЁЛАМ З ФАЦІМЫ

   Я ўсклікаю да Цябе, Божа, з глыбіні свайго сэрца. Я хачу дзякаваць Табе за дар веры, якім Ты адарыў мяне і за тое, што зрабіў мяне чальцом Твайго святога Касцёла – вялікай супольнасці веры. Ты – мой Госпад, Ты – мая Любоў і Мэта майго жыцця. Прашу Цябе, няхай вера ў Цябе, надзея на Цябе і любоў да Цябе ніколі не пакідаюць майго сэрца. Няхай яны паселяцца ў сэрцы кожнага чалавека!
   Я ўсклікаю да Цябе:

О мой Божа, веру ў Цябе,
праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу прабачэння за тых,
хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе,
не давярае Табе і не любіць Цябе.

   Дзякую Табе, Езу, што Ты даў мне Марыю за Маці. Дзякую, што ў Фаціме Яна перадала свету пасланне супакою, якое кранулася майго сэрца. Таму я вучуся ў Яе быць з Табой і ахвяроўваць Богу ўсе свае цярпенні ў духу ўзнагароды за грахі. Маё ўзнагароджванне толькі тады мае моц перапрашэння Бога, калі яно злучана з Тваімі, Езу, збаўчымі пакутамі. Таму я ахвярую Айцу Твае бясконцыя заслугі, далучаючы да іх мізэрны дар майго сэрца.
   Я ўсклікаю да Цябе:

Найсвяцейшая Тройца,
Айцец, Сын і Дух Святы,
у найглыбейшай пакоры аддаю Табе пашану
і ахвярую Табе Найдаражэйшыя Цела і Кроў,
Душу і Боскасць Езуса Хрыста,
прысутнага на алтарах усяго свету
як узнагароду за знявагі, святатацтвы і абыякавасць,
якія Яго зневажаюць.
Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца
і Беззаганнага Сэрца Марыі
прашу Цябе аб ласцы навяртання бедных грэшнікаў.

   Езу, Сыне Марыі, мой Збаўца, дапамажы мне заўсёды жыць у еднасці з Табой.
   Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, навучы мяне ўва ўсім наследаваць Марыю!
   Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, навучы мяне радасці, якая плыве з чыстага сэрца, напоўненай любоўю да братоў!
   Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, навучы мяне клапаціцца пра патрэбы бліжніх!
   Езу, удзялі мне асаблівую ласку, каб Найсвяцейшая Дзева ўсміхалася да мяне і заўсёды апекавалася мною!

2. ХВІЛІНА РАЗВАЖАННЯ

У наступных тыднях можна карыстацца марыйнымі тэкстамі Св. Айца Яна Паўла ІІ, размешчанымі ў раздз. ІІІ

   Дапамажы мне, Марыя, уважліва ўслухацца ў словы Яна Паўла ІІ, які скіраваў таксама і да мяне наступныя словы:

   “Найсвяцейшая Маці з’яўляецца прытулкам для грэшнікаў. Яна абуджае ў нас надзею на выпраўленне і вытрымку ў добрым, хоць гэта часта можа здавацца па-чалавечы немагчымым.”

   Хвіліна разважання над словамі Святога Айца і над маім жыццём.

3. ХВІЛІНА РАЗМОВЫ З МАРЫЯЙ

   Найсвяцейшая Маці, падчас аб’яўлення ў ліпені Ты паказала дзецям пекла. Праз гэта аб’яўленне Ты кажаш мне: “Паглядзі, пекла існуе. Загляні, яно не пустое. Прыглядзіся, колькі ж у ім цярпення і роспачы.” Ты тлумачыш мне, што Ты сумная, бо шмат Тваіх дзяцей ідзе ў пекла! Ты іх любіш, а яны адыходзяць ад Цябе, больш таго – падаюць у бяздоннае пекла. Які ж боль павінна прычыняць Табе гэта, Самая чулая Маці з Беззаганным Сэрцам.
   Фацімскім аб’яўленнем Ты нагадваеш мне, што і я магу быць асуджаны. Ты Хочаш уратаваць мяне ад пекла, таму ўказваеш мне на пэўную асаблівасць гэтага аб’яўлення. Калі я буду з Табой, пекла мне не пагражае! Будзь праслаўленая, Марыя, за гэтую добрую навіну! Скажы толькі яшчэ адно, што азначае быць пры Табе, і я зраблю ўсё, каб заўсёды стаяць ў святле Твайго бляску, у цеплыні Твайго Сэрца, бяспечна ўкрыты пад Тваім плашчом.
   Марыя, Бог надзяліў Цябе ўладаю, дазваляючай супрацьстаяць шатану. Выкарыстай яе, каб і я быў здольны супрацьстаяць яму. Выпрасі мне ласку вольнасці ад граху, каб і ў маім жыцці аб’явілася прыгажосць новага стварэння.
   Выпрасі гэтую ласку ўсім, каб сучасны свет перастаў жыць у ценю вялікіх пагрозаў. Каб кіруючыя ўлады ў свеце не паддаліся нашэптванням шатана. Каб перастала пераважваць цемра: несправядлівае багацце, абыякавасць да цярпення іншых, эгаізм, узаемны недавер, варожасць паміж народамі, геданізм, які зацямняе розум і прыніжае чалавечую годнасць. Каб грэх, які, як плывучая рака, уцягвае ў свой вадаварот чалавецтва, затрымаўся ў абліччы Тваёй святасці і моцы! Каб наш свет быў месцам аб’яўлення міласэрнай любові.

4. ХВІЛІНА РУЖАНЦА

У наступных тыднях можна карыстацца разважаннямі размешчанымі ў раздз. V

   У інтэнцыі, якая сёння жыве ў Тваім Беззаганным Сэрцы, ахвярую Табе, Марыя, мая Спадарыня і мая Маці, гэтую дзесятачку ружанца. Дапамажы мне сардэчна схіліцца над гэтай таямніцай, над якой я сёння прагну разважаць. Няхай маё сэрца будзе сёння разам з Тваім Беззаганным Сэрцам, каб з Табою разважаць над таямніцай, якую наш Бог упісаў у сцэну Наведвання Святой Альжбеты.

   Я са здзіўленнем углядаюся ў Твою паспешнасць, Марыя. Яшчэ хвіліну таму Ты займалася сваімі штодзённымі абавязкамі, толькі хвіліну таму Ты жыла ў ананімнасці шэрых дзён. Не мінула шмат часу з той хвіліны, калі нікому на зямлі невядомая, Ты духам жыла на Божых вышынях. Свет не цаніў Цябе, але неба нізка схілялася над Табою, захапляючыся Тваёю пакораю, Тваёю адданасцю служэнню Богу ў людзях і Тваёю любоўю, якая выражалася ў тым, што з’яўляецца найменьшым з найменьшых: у пакутлівай шэрай штодзённасці, за якую ніхто не плаціць, - толькі неба.
   У другой таямніцы ружанца Ты выбягаеш са свайго ціхага жыцця ў свет. Выходзіш з ценю. Больш таго, робіш гэта спяшаючыся. Чаму? Дапамажы мне зразумець, што таго, каго не кранулася ласка, якая прынесла плён такой вялікай радасці, якая не змясцілася ані ў душы, ані ў духу так, што яе неабходна было выразіць целам, той не зразумее, чаму Ты пабегла да сваёй сваячцы Альжбеты праз горы. Акрыляла Цябе радасць. Бо Ты зразумела, што здзейснілася ўсё тое, аб чым марылі ўсе пакаленні! І Ты павінна была занесці гэта ўсім.
   Ты атрымала ласку і з удзячнасцю думала пра Бога, а не пра сябе. Не думала пра сваю ролю. Думала пра тое, што час надыйшоў, што Бог прыходзіць на свет, што сярод нас адбываецца цуд над цудамі! Ты прагнула дзяліцца гэтай радасцю! Ты пабегла на адрас, які падаў сам Бог: да Альжбеты, якая таксама насіла ў сабе радасць.
   Хто не спазнаў гэтай радасці, не зразумее Цябе ў гэтай таямніцы Наведвання.
   Таму, прашу, дазволь мне, Марыя, пакаштакаць яе смак. Бо толькі тады ўва мне будзе моц пераканання няверуючых, абыякавых, халодных, прыглушаных, недабразычлівых, а нават злых і жывучых у граху, ненавідзячых дабро. Радасць разбурае муры сэрцаў. Ніхто і нішто няздольна супрацьстаяць яе сведчанню. Дапамажы мне, Найсвяцейшая Маці, каб я ніколі не быў смутным апосталам.

Ойча наш. 10 Вітай Марыя. Хвала Айцу.


5. ХВІЛІНА ПРАСЛАЎЛЕННЯ МАРЫІ

   Мая Маці, схавай мяне назаўсёды ў сваім Беззаганным Сэрцы!
   Насвяцейшая Маці, будзь маёй дарогай, якая прывядзе мяне да неба!
   Беззаганнае Сэрца Марыі, будзь маім сховішчам у хвіліну спакусаў і слабасцяў!


НЯДЗЕЛЯ

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

1. ХВІЛІНА З АНЁЛАМ З ФАЦІМЫ

Божа мой і Госпад мой, хоць нябачны, але больш рэчаісны чым ўсё, што ёсць вакол мяне, што я адчуваю і да чаго дакранаюся. Гэта Ты, а не рэчы і людзі гэтага свету, годны маёй пашаны і любові. Усё прамінае, усё падводзіць, усё аказваецца несапраўдным, толькі Ты “ёсць, каторы ёсць” – з’яўляешся Богам, які не перастае схіляцца нада мной з любоўю. Божа, толькі Табе я хачу штодзённа паўтараць, што я ў Цябе веру, што я Цябе праслаўляю, што я давяраю Табе і што люблю Цябе. Каб увесь свет спяваў разам з Марыяй аб Тваёй міласэрнай любові, аб вернасці складзеным абяцанням, аб тым, што Ты прагнеш шчасця кожнага з нас.
   Я ўсклікаю сёння да Цябе:

О мой Божа, веру ў Цябе,
праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу прабачэння за тых,
хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе,
не давярае Табе і не любіць Цябе.

   Божа, мой Гопадзе! Ты выдаў свайго Адзінароднага Сына на пакуты і смерць як перапрашэнне за нашыя грахі. Мне не хопіць жыцця, каб дзякаваць Табе за Тваю любоў. Дапамажы мне як мага паўней прыняць дар збаўлення, які Ты ахвяруеш мне ў сваім Сыне Езусе Хрысце. Навучы мяне, прашу, наследаваць Яго ў любові і ў клопаце аб збаўленні людзей. Я хачу разам з Езусам узнагароджваць за знявагі, святатацтвы і абыякавасць, якія агарнулі сэрцы шматлікіх сучасных людзей. Таму я абуджаю ў сваім сэрцы прагненне ўзнагародзіць за зло, якое апанавала свет, а мае нічога не вартыя заслугі яднаю з бясконцымі заслугамі нашага Адкупіцеля. Прымі ахвяру свайго Сына, якая мае моц збавіць увесь сусвет, прымі таксама тое, што я прыношу Табе ў дары – маё сэрца – і адары вечным жыццё маіх братоў і сясцёр, якія найбольш патрабуюць Тваёй міласэрнасці.
   Таму я ўсклікаю да Цябе:

Найсвяцейшая Тройца,
Айцец, Сын і Дух Святы,
у найглыбейшай пакоры аддаю Табе пашану
і ахвярую Табе Найдаражэйшыя Цела і Кроў,
Душу і Боскасць Езуса Хрыста,
прысутнага на алтарах усяго свету
як узнагароду за знявагі, святатацтвы і абыякавасць,
якія Яго зневажаюць.
Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца
і Беззаганнага Сэрца Марыі
прашу Цябе аб ласцы навяртання бедных грэшнікаў.

   Езу, Сыне Марыі, мой Збаўца, навучы мяне не давяраць сабе і не абапірацца на самога сябе, але ўсю надзею пакладаць у Тваім Найсвяцейшым Сэрцы, поўным любові да грэшнікаў.
   Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, навучы мяне трываць пад Тваім крыжам і разам з Табой ахвяроўваць Твае святыя пакуты Айцу, каб перапрасіць за грахі свету.
   Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, навучы мяне забываць пра сябе і служыць братам і сёстрам, не чакаючы добрага слова альбо ўзнагароды.
   Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, дапамажы мне добра прачытаць знакі часу вокал мяне, каб я мог з радасцю выконваць Тваю святую волю і прыбліжаў надыход Твайго Валадарства.
   Езу, удзялі мне асаблівую ласку, каб Найсвяцейшая Дзева ўсміхалася да мяне і заўсёды атуляла сваёй апекай!

2. ХВІЛІНА РАЗВАЖАННЯ

У наступных тыднях можна карыстацца марыйнымі тэкстамі Св. Айца Яна Паўла ІІ, размешчанымі ў раздз. ІІІ

   Дапамажы мне, Марыя, уважліва ўслухацца ў словы Яна Паўла ІІ, які скіраваў да мяне наступныя словы:
                              
   “Заклікаю вас, дарагія браты, каб вы не стамляліся ўшаноўваць Марыю.Чым больш мы жывем і ўзрастаем у постаці даверу, тым больш Марыя прыбліжае нам “бяздоннае багацце Хрыста” і, гэткім чынам, дазваляе нам лепш пазнаваць усю паўнату нашай годнасці і канчатковы сэнс нашага паклікання.”

   Хвіліна разважання над словамі Святога Айца і над маім жыццём.

3. ХВІЛІНА РАЗМОВЫ З МАРЫЯЙ

   Беззаганная Марыя, цалкам святая і чыстая!
   Ты тут, Ты каля мяне як Маці, якая дала Божаму Сыну цела і Ты Маці майго вечнага жыцця. Так, Ты – Маці маёй еднасці з Хрыстом, Богам, які стаўся чалавекам. Ведаю, што калі я стаю перад Табою, тады я бліжэй да Езуса.
   Ты з’яўляешся дзеля мяне жывой гарантыяй збаўчай прысутнасці Бога. Як мне за гэта дзякаваць Табе?
   У нас усіх перад Табой доўг, які, пакаленне за пакаленнем, нястомна сплачваем Табе. Я таксама не хачу забыцца пра Цябе. Бо як жа ж забыць Цябе, калі Ты назаўсёды застаешся маёй Маці? Шэраг стагоддзяў людзі збіралі цудоўныя сведчанні аб Тваёй мацярынскай апецы. Цяпер перажывае гэта маё пакаленне, сведкам з’яўляюся таксама я! Колькі ж малітваў і гімнаў узнікла на Тваю хвалу! Колькі ж святыняў, колькі ж хвалы прынесла Табе мастацтва! Марыя, я гэтага не здолею зрабіць, але паглядзі – маё сэрца вучыцца біцца дзеля Цябе! Прымі яго як дар.
   Я Твой даўжнік і хачу быць ім – за Тваё “fiat” з Назарэту і за Тваё “fiat”, сказанае над маім жыццём, калі мне патрэбна дапаможная далонь, узмацненне ласкай, калі трэба зачыніць шлях, які вядзе ўніз.
   Ты стаіш побач са мной і я таксама хачу быць побач з Табой. Я хачу з’яднацца з Табою назаўсёды. Як той, хто, як Ты, слухае Божае слова і, як Ты, захоўвае яго.
               
4. ХВІЛІНА РУЖАНЦА

У наступных тыднях можна карыстацца разважаннямі размешчанымі ў раздз. V

   У інтэнцыі, якая сёння жыве ў Тваім Беззаганным Сэрцы, я ахвярую Табе, Марыя, мая Спадарыня і мая Маці, гэтую дзесятачку ружанца. Дапамажы мне сардэчна схіліцца над таямніцай, над якой я сёння прагну разважаць. Няхай маё сэрца будзе сёння разам з Тваім Беззаганным Сэрцам, каб з Табою разважаць містэрыі, якія наш Бог упісаў у сцэну ўнебаўзяцця Езуса Хрыста.

   Езус адыходзіць і вяртаецца да Айца. Пакідае Цябе, Марыя, пакідае таксама сваіх любых Апосталаў. Але не пакідае Вас адных. Ён Адыходзіць, каб яшчэ больш быць з Табой і са сваімі вучнямі. Дапамажы мне, Маці, зразумець гэту таямніцу, перад абліччам якой, словы губляюць сваю моц…
   Збаўца адышоў, каб мець магчымасць быць яшчэ бліжэй да Цябе, а Ты – да Яго. Ён адыйшоў, каб быць таксама бліжэй да мяне, і, каб я таксама мог быць бліжэй да майго Адкупіцеля. Дапамажы мне, Марыя, увайсці ў глыбіню гэтай святой таямніцы! Бо Езус узышоў на неба дзеля мяне і дзеля майго збаўлення!
   Дзякую Табе, Маці, што Ты дапамагаеш мне зразумець, што Езус блізка ля мяне. Дзе б я ні быў, Ён са мной. Дзе б я ні быў, перада мной заўсёды адкрыты шлях да неба. Няма такой сітуацыі, калі б я не мог бы ўсклікнуць да Бога і Ён не выслухаў бы мяне. Няма такога граху, які б закрыў перада мной светлую дарогу да неба. Няма такога дна, калі я мог бы ўпасці і страціць пакліканне да збаўлення. Я таксама прызначаны да хвалы! Заўсёды. Кім бы я не быў і як бы не выглядала маё жыццё. Незалежна ад таго, што я зрабіў, як жыву, які маю цяжар, мяне чакае неба – тут і цяпер! Як дзякаваць за гэта Табе, Божа?
   Я чую шэпт Твайго Сэрца, Маці, – Ты тлумачыш мне, што да неба я самастойна не дайду. Толькі Езус сам увайшоў у неба. Усіх іншых забірае да неба Збаўца. Нават Ты, Марыя, нават самыя вялікія святыя, нават людзі, якія аддалі ў сваім сэрцы больш месца Богу, чым самім сабе – усе былі забраныя да неба Тым, хто увайшоў туды.
   Я ўсё больш дакладна разумею, што таямніца майго збаўлення заснавана на моцы Хрыста, а не на маіх уласных намаганнях. Дай мне зразумець, мая Маці, што Езус, які ўзышоў на неба, цягне за сабой ўсіх, хто яднаецца з Ім. Таму я хацеў бы задаць цяпер сабе пытанне: Ці я жыву ў еднасці з Госпадам, каб маім удзелам была тая Боская моц, якая прыцягне мяне да неба насуперак наймацнейшым гравітацыям зла?
   Што нястомна нагадвае мне таямніца Ўнебаўшэсця? Тое, што я не павінен глядзець на сябе. Я павінен глядзець на Езуса, які ўзыходзіць на неба – узыходзіць дзеля мяне. Я не хачу больш давяраць сабе. Я прагну даверыцца Хрысту, які мае моц прыцягнуць мяне за сабой да нябеснай айчыны. Таму няхай ува мне народзіцца вялікае прагненне неба, вялікая туга па спатканню тварам у твар з Богам. Няхай я буду ўсклікаць да майго Госпада і Збаўцы: “Прашу, удзялі мне ласку з’яднання з Табою, Езу.”
   Найсвяцейшая Маці, дзякую Табе, што Ты вучыш мяне ўглядацца ў неба!

Ойча наш. 10 Вітай Марыя. Хвала Айцу.

5. ХВІЛІНА ПРАСЛАЎЛЕННЯ МАРЫІ

   Маці прыгожай любові, Маці балесная і міласэрная, маліся за нас!
   Мая Маці, мая Надзея і мая Радасць!
   Мая Спадарыня, мая Каралева, накрый мяне сваім бяспечным плашчом!



[1] Каралева Неба




"Малітоўнік сэрца" ў фармаце pdf можна сцягнуць на старонцы http://chomikuj.pl/fatimskayanavenna ў раздзеле Малітвы