Малітва на Фацімскі дзень - 13 дзень месяца

ЛІТАНІЯ ПРЫСВЯЧЭННЯ
МАЦІ БОЖАЙ ФАЦІМСКАЙ
(паводле Акту прысвячэння Яна Паўла II
у Фаціме ў 1991 г.)

“Маці Адкупіцеля…

Зорка марская, сцежка да неба найпрасцейшая,
Ты – уваходная брама да вечага раю…
Уздымі, просім, падаючы люд,
Заблытаны ў сваіх грахах,
які прагне з іх паўстаць”.
Сёння, сабраўшыся ля Тваіх ног,
Маці Хрыста і Маці Касцёла,
мы яшчэ раз звяртаемся да Цябе,
каб падзякаваць за ўсё,
што ўчыніла Ты на працягу гэтых цяжкіх гадоў
дзеля Касцёла, дзеля кожнага з нас
і дзеля ўсяго чалавецтва.

Дзякуем Табе, Фацімская Спадарыня.

Маці Хрыста і Маці Касцёла, -
сёння мы тут, каб дзякаваць,
за тое, што Ты заўсёды нас выслухоўвала,
за тое, што была дзеля нас Маці.

Дзякуем Табе, Фацімская Спадарыня.

Маці місійнага Касцёла,
Што ідзе зямнымі шляхамі
Ў трэцяе тысячагоддзе хрысціянства.
Дзякуем Табе за Тваю вандроўку з намі.
Дзякуем Табе, Фацімская Спадарыня.

Маці людзей,
Дзякуем Табе за нястомную апеку,
якая аберагла нас ад катастрофаў
і немінуючага знішчэння,
зрабіла магчымым развіццё і поспех
сучасных грамадскіх дасягненняў.

Дзякуем Табе, Фацімская Спадарыня.

Маці народаў,
Дзякуем Табе за нечаканыя перамены,
якія вярнулі веру ў будучыню
народам, што так доўга застаюцца
пад прыгнётам і прыніжэннем.

Дзякуем Табе, Фацімская Спадарыня.

Маці жыцця,
дзякуем Табе за шматлікія знакі, якія гавораць,
што Ты – з намі, што ахоўваеш нас
ад зла і ад моцы смерці.

Дзякуем Табе, Фацімская Спадарыня.

Маці жыцця,
дзякуем Табе, што Ты асаблівым чынам
была 13 мая 1981 года
пры Яне Паўле ІІ, які адчуваў
Тваю апякунчую прысутнасць.

Дзякуем Табе, Фацімская Спадарыня.
Пакажы, што Ты – Маці.

Маці чалавецтва, адкупленага Крывёю Хрыста,
Пакажы, што Ты – Маці.
Маці дасканалай любові,
Маці Надзеі і супакою,
Святая Маці Адкупіцеля,
не пераставай сведчыць, што Ты – Маці ўсіх,
бо Ты патрэбная свету;
усё яшчэ існуе небяспека, што месца марксізму
можа заняць атэізм у іншай форме, які, праслаўляючы вольнасць, імкнецца да знішчэння самых каранёў людзкой і хрысціянскай маральнасці.

Маці надзеі, спадарожнічай нам заўсёды

Спадарожнічай чалавеку на схіле XX стагоддзя,
-          спадарожнічай нам заўсёды.
Спадарожнічай людзям усіх культур і рас,
Спадарожнічай кожнаму стану і ўзросту,
Спадарожнічай народам у іх імкненні да салідарнасці і ўзаемнай любові,
Будзь з маладымі героямі ў дні супакою, якія надыйдуць,
Спадарожнічай народам, якія нядаўна вярнулі
сабе вольнасць і цяпер будуюць сваю будучыню,
Спадарожнічай Еўропе, якая з Захаду да Усходу,
не зможа адшукаць свае сапраўднае тоеснасці,
калі наноў не адкрые супольных каранёў,
Ты вельмі патрэбна свету, каб спыніць настолькі
шматлікія і нечаканыя канфлікты, ад якіх ён усё яшчэ пакутуе.

Пакажы, што Ты – Маці.

Маці ўбогіх:
Таго, хто памірае з голаду, -
пакажы, што Ты – Маці.
Таго, хто смяротна хворы,
Таго, каго напаткалі крыўда і несправядлівасць,
Таго, хто не знаходзіць працы,
Таго, хто бяздомны і не мае прытулку,
Таго, хто церпіць прыгнёт і эксплуатацыю,
Таго, хто, далёка ад Бога,роспачна і марна шукае супакаення,
Усіх тых, хто бароніць жыццё, - адлюстраванне любові Бога,
дапамажы бараніць яго заўсёды, ад світанку аж да яго натарульнага захаду,

Чувай на дарозе, якая нас яшчэ чакае.

Няхай наступіць канец гвалту, -
чувай на дарозе, якая нас яшчэ чакае;
няхай наступіць канец несправядлівасці паўсюль,
дзе яна ёсць,
няхай у сем’ях расквітнеюць еднасць і згода,
няхай наступіць паміж народамі разуменне і павага,
няхай сапраўдны супакой запануе на ўсім зямным шары,

Чувай, Марыя!

На шляху, які нас яшчэ чакае, - чувай, Марыя.
Над людзьмі,
Над народамі ў новай сітуацыі,
якім і далей пагражае прывід новай вайны,
Над адказнымі за лёсы дзяржаў,
Над тымі, хто ў сваіх руках трымае будучы лёс чалавецтва,
Над Касцёлам, які заўсёды атакаваны духам гэтага свету,
На шляху новай евангелізацыі Еўропы,
Над паслугаю Намесніка Пятра, Францішка, якая з’яўляецца служэннем Евангеллю,
Над паслугаю Намесніка Пятра, Францішка, якая з’яўляецца служэннем людзям
Над паслугаю Намесніка Пятра, Францішка, які вядзе нас да новых гарызонтаў місійнай дзейнасці Касцёла,

Усе аддаемся Табе з даверам.

У калегіяльнай еднасці з пастырамі –
мы ўсе аддаемся Табе з даверам.
У Камуніі з усім народам Божым, раскіданым па свеце,
аднаўляючы сёння перад Табою сыноўняе прысвячэнне роду людзкога, -

Дапамажы нам, Марыя!

Мы пастанаўляем ісці з Табою за Хрыстом,
Адкупіцелем чалавека, - дапамажы нам, Марыя!
Няхай не абцяжарвае нас стомленасць,
Цяжкасці не робяць больш павольнымі нашых крокаў,
Перашкоды няхай не згасяць у нас адвагі,
А смутак – радасці сэрца.

Марыя, дай свету Хрыста, Які з’яўляецца нашым супакоем,
Няхай нянавісць і прага помсты ўжо не падзяляюць народаў,
Свет няхай не паддаецца прывідам фальшывага дабрабыту,
які забівае годнасць асобы і пагражае сталай рызыкай усяму стварэнню.

Чувай, Марыя, над нашай вандроўкай і зрабі так,

каб у небе, поўныя радасці, мы ўглядаліся ў Твайго Сына. Амэн.