І. БЕЗЗАГАННАЕ СЭРЦА МАРЫІ
ВЯДЗЕ НАС ДА НАЙСАЛАДЗЕЙШАГА СЭРЦА ЕЗУСА,
БРАМЫ ЗБАЎЛЕННЯ
ВЯДЗЕ НАС ДА НАЙСАЛАДЗЕЙШАГА СЭРЦА ЕЗУСА,
БРАМЫ ЗБАЎЛЕННЯ
(Разважанне)
Вітай, пачатак дзівосаў Хрыстовых,
Вітай, лесвіца нябесная, па якой Бог зыходзіць,
Вітай, мосце, які люд з зямлі да неба праводзіць,
Вітай, брама вечнага збаўлення.
Збіраемся сёння
тут, як асабіста пакліканыя самой Найсвяцейшай Паннай Марыяй, ніхто з нас не
прыйшоў сюды выпадкова, хоць камусьці так можа здавацца. Гэта асаблівая
сустрэча для нас, запрошаных да лучнасці самых цудоўных незраўнаных Сэрцаў –
Найсаладзейшага Сэрца Міласэрнага Збаўцы, а таксама шчодрай Дзевы, кахаючай Яго
Маці.
Чэрвень – гэта
месяц здаўна традыцыйна прысвечаны ўшанаванню і любові Найсвяцейшага Сэрца
Езуса, асабліва ў нашай краіне. Гэта каталіцкае набажэнства здавалася ўладам
настолькі небяспечным, што захопнікі забаранялі яго, пагражаючы ў выпадку
непаслухмянасці, цяжкім пакараннем. Царская паліцыя забараняла таксама
штодзённыя чэрвеньскія набажэнствы і культ Найсаладзейшага Сэрца Божага;
ліквідавалі брашуры і кнігі, ў якіх ішла гаворка пра Літанію да Сэрца Езуса.
Настолькі небяспечнай у вачах кіраўніцтва была форма пабожнасці, якая кіруе
людзей да лучнасці з Богам, перамяняе людзкія сэрцы, робіць вольным ад злога і
вядзе да неба, да Айца міласэрнасці і ўсялякага суцяшэння.
Мы самі напэўна
адчуваем, што настолькі важная падзея, як еднасць нашага людскога слабага сэрца
з міласэрным, салодкім Сэрцам Божым павінна быць сапраўды добра падрыхтаванай.
Май, прысвечаны Найчысцейшай Панне, павінен весці дапамагчы нашаму беднаму сэрццу
прыняць нашага самага вялікага Сябра, Збаўцу і Пана так, як Яна, усім сэрцам,
як умеем. Канешне ж, Яна, з найпрыгажэйшым Беззаганным Сэрцам, была
падрыхтаваная і ўзмоцненая ўсялякімі дарамі Божага Духа, каб стаць Маці Божага
Сына. Таксама і мы атрымліваем дары Жыццядаўцы падчас св. Хросту, у сакрамэнце
бежмавання; мы можам штодзённа прасіць духоўныя ласкі і дары, каб набліжацца да
Божага Сэрца, як Марыя, з даверам і радасцю.
Сам Езус казаў,
як запісалі евангелісты, што Ён Сам з’яўляецца брамай, хто ўвойдзе праз яе, той
будзе збаўлены. Першай, што паверыла, першай збаўленай, першай цалкам Езусавай
была Найсвяцейшая Панна. Настолькі Яму блізкая, цалкам адданая кожнай думкай,
словам і памкненнем, углядаючаяся ў Яго, Вучаніца Пана стала таксама нябеснай
Брамай – праз Яе мы можам дайсці да Езуса. Так вядзе, па волі Айца, па волі
Сына, шляхам марыйным, Дух Божы сваіх абраных – усе павінны ісці, як чыстая
Панна, да Хрыста, да Айца. На гэты шлях лучнасці Сэрцаў мы атрымалі добрую мапу
– ружанец. Нам была перададзена вялікая таямніца еднасці, прадбачаная ў
гісторыі збаўлення ўсяго свету; мы можам па ёй вучыцца і ажыццяўляць у сваім
жыцці, бо гэта вялікая магчымасць для ўсіх нас і нашых блізкіх.
Мы бачым, што
лучнасць Сэрца Збаўцы і Сэрца Яго Найсвяцейшай Маці нарадзілася ў вельмі
звычайнай штодзённасці, амаль незаўважна, у маленькай невядомай мясцовасці, дзе
іх не ведаў ніхто, акрамя некалькіх давераных асоб. Так шмат падзей цікавіла
людзей тых часоў, як сёння. Найважнейшае ў людскіх сэрцах з’яўляецца таямніцай.
Нешта праўда адкрываецца часам падчас беатыфікацыі ці кананізацыі, хоць у поўні
мы пра ўсё даведаемся толькі ў небе. Лучнасць вернасці Сэрцаў Езуса і Марыі
вытрывала шмат цяжкіх сітуацый для Маці, вельмі блючых для Сына і для Яе,
аднак, кожную падзею, радаснаю і цяжкаю, мудрая Панна прымала як крок у кірунку
да Бажага Сэрца, крок у кірунку да неба. Шмат расказалі нам евангелісты, разважанне
над шляхам еднасці Сэрцаў нам дае ружанец, аднак інтымнасць бліскасці
Беззаганнага Сэрца Марыі з Богам схаваная ў таямніцы як людзей так і анёлаў.
Старажытныя песні кажуць пра мудрасць, якая выходзіць па-за межы магчымасцяў
мудрацоў і цуд, які не могуць выразіць словамі херувімы і серафімы. Аднак тое,
што немагчыма зразумець, можна перажыць. Маці Божая жадае таксама весці нас
сваімі шляхамі да Брамы збаўлення, якой з’яўляецца Яе Сын, Хрыстус; мы таксама
дзякуючы пакуце і малітве можам стаць соллю зямлі: удзельнічаць у гісторыі
забаўлення нас саміх, нашых блізкіх і ўсяго свету, прымаючы фацімскае
запрашэнне да перамены і лучнасці сэрцаў.
Мы добра ведаем
ружанец – гэта наша штодзённая дапамога, шнур, які падтрымлівае нас у духоўнай
цемры, указальнік і адначасова святло ў дарозе. Часам нам можа здавацца, што мы
знаходзімся ў невядомым лабірынце падзей, але цярпліва разважаны ружанец
прывядзе нас да брамы неба. Трэба паглядзець на ружанец як на добрую мапу, якая
вядзе нас не толькі добрым шляхам, але і
беспамылкова да мэты. Што б гэта была за мапа, калі б яна паказвала толькі
лёгкія шляхі, але вядучыя да аблуднай мэты? Даверымся шляху Езуса і Марыі, якіх
усё жыццё вёў Дух Святы Суцяшальнік, нават калі лучнасць будзе патрабаваць ад
нас удзелу ў таямніцах святла, вытрываласці і адвагі ў прыняцці балесных
таямніц.
Цярпліва
разважаючы над таямніцамі жыцця Найсвяцейшай Панны, Яе паўтаранае fiat
адданасці Сэрцу Езуса, мы знойдзем саміх сябе. Мы зразумеем найглыбейшыя
таямніцы ўласнага сэрца, калі будзем перажываць яе з Беззаганнай. Так, як
анёлы, так, як людзі да нас, мы не разумеем Божага Сэрца, але Ён патрэбны нам,
толькі праз Яго мы можам ўвайсці да неба, як Панна Марыя.
Паглядзім на
найчысцейшую Панну: Яна вольная ад граху, вольная ад зла, можа ўпэўнена весці
нас да Сэрца Езуса і прагне, каб мы, як Яна аддавалі свае сэрцы. З’яднаныя з Ёй
мы дойдзем да Езуса і зможам зрабіць лягчэйшай гэтую дарогу для іншых, таксама
для нашых блізкіх. Як Яна мы можам стаць для іншых мастом да збяўлення,
падтрымліваць слабыя сэрцы, дапамагаць вернікам, паказваць нябесную Браму,
станавіцца, як нябесная брама да Бога, які суцяшае нас у кожным нашым непакоі,
каб мы маглі суцяшаць іншых, паказваючы ім Божае Сэрца, паказваючы Найсвяцейшую
Панну, якая таксама зносіла розныя цяжкасці дзеля нашага збаўлення. Нам трэба
трымацца Беззаганнага Сэрца, звязаць сябе з Ім на заўсёды праз ружанец, разам з
Маці разважаючы над таямніцам Езуса і Яе самой. Няхай Найсвяцейшая Панна
выхоўвае нас і вядзе праз Езуса, Яе і нашыя таямніцы сэрца; просім, няхай Яна
заступаецца за нас; просячы дароў Духа Святога, просьма разам з Ёй. Амэн.
ІІ. РУЖАНЕЦ
БАЛЕСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ
1. Малітва ў садзе аліўным
Ці прымаем мы
сёння як падарунак разважанне над балеснымі таямніцам? Ці згаджаемся, што такія
таямніцы бываюць таксама і ў нас? Калі гэта цяжка для нас, калі з’яўляецца ў
нас страх, то мы можам тады зразумець вельмі глыбокую таямніцу Сэрца Езуса,
якое па прычыне лучнасці з намі павінна пакутваць, павінна згадзіцца на
жудасныя, балючыя гадзіны, якія вядуць да смерці. Сэрца Езуса павінна згадзіцца
на час, які не дае надзеі, шлях, які вядзе да цяжкай смерці. Няма сумневу, што
гэта для дабра свету, людзей, нас усіх, нашых блізкіх і нас саміх. Езус ведае,
што прыйшоў дзеля гэтага, дзеля таго, каб выканаць волю Айца і збавіць нас. Ён
сам казаў пра гэты час, папярэджваў Апосталаў, усведамляў надыходзячыя падзеі,
быў падрыхтаваны. А аднак, Езус не паводзіць сябе, як асілак, без страху і
трывогі, не можа быць прыкладам у якасці асобы без сэрца, пачуццяў і ўяўлення
таго, што не будзе ніякага цярпення. Езус мае Сэрца, якое сапраўды людзкое,
такое, як у нас. Калі мы баімся цяжкіх сітуацый, болю нашага і нашых блізкіх,
цяжкіх цярпенняў, мы можам знайсці падтрымку ў Сэрцы Езуса, у гэтай таямніцы.
Святасць і адданасць Богу не азначаюць каменнага сэрца, жорсткага і сляпога, не
нясуць адсутнасці пачуццяў. У нас ёсць права, як у Божага Сына, маліцца, каб
нас амінула тое, чаго мы б хацелі пазбегчы.
Мы ведаем, што
Айцец паслаў Анёла суцяшэння. Гэта не азначае, аднак, што боль і цярпенне
знікнуць. Езус, зрэшты, гэтага і не чакаў. Ён сам ведае Айца і ведае, што воля
Айца добрая, нават, калі не адпавядае нашым марам і прагненням дадзенай
хвіліны. Сын давярае Айцу і не хоча кіраваць сам светам і жыццём, усё даручае
міласэрнасці і мудрасці Божай.
Калі нам цяжка,
будзьма побач з Сэрцам Езуса. Калі цяжка нашым блізкім, будзьма побач з Сэрцам
Езуса і Марыі, Яна таксама верна і з даверам згадзілася на боль Сэрца Сына,
хоць сама напэўна з радасцю адхіліла ўсе цярпенні ад любага Дзіцяці. Молімся за
маці церпячых дзяцей, невылячальна хворых, просім аб моцы і веры для іх.
2. Бічаванне
Бічаванне
безабароннага Езуса – цяжка нам гэта ўявіць. Дзеля нас гэта страшная кара, якую
суд сёння не прымяняе ў нашай краіне і цывілізацыі; некалі больш-менш балючае
хвастанне лічылі падставовым пакараннем. Так каралі злачынцаў, якім адмянілі
прысуд смерці, хоць часта бічаванне наносіла такія моцныя пашкоджанні, што
асуджаны паміраў праз пару дзён або заставаўся калекай. Езусу прыдзецца яшчэ
дайсці з цяжарам на месца пакарання. Сэрца Езуса, пакутуючае з-за нашых
правінаў, паслухмянае аж да смерці, згаджаецца на ўсё, на кожны ўдар,
раздзіраючы цела. Ён у любы момант мог бы спыніць сваёй моцай гэтае цярпенне,
але зносіць усё дзеля нашага збаўлення. Ён не губляе даверу Айцу ў небе,
вытрымлівае без абвінавачванняў, без гневу.
Гэта страшная
сітуацыя, нам было б цяжка глядзець на такое вялікае цярпенне. Некаторыя з нас
зандта добра ведаюць нарастаючы боль, доўгае цярпенне, якое можна параўнаць да
бічавання. Гэта нармальна, што большасць з нас хоча ўявіць сябе ў ролі плачучых
жанчын, Сімона Кірынейца, спачуваючых назіральнікаў. Аднак, можа і мы былі б
прычынай непатрэбнага цярпення?
Самае страшнае,
што ажыццяўлянае пакаранне, хоць і было абавязкам жаўнераў, часта абуджала
незадавальненне як выканаўцаў, так і назіральнікаў. Да сённяшняга дня здараецца
так, што людзі, якім падабаецца глядзець на прыніжэнне іншых, прычыненне болю,
цярпення, часта ўнутрана лічаць справядлівым прысуджанае пакаранне.
Молімся за ўсіх
асуджаных, таксама і справядліва асуджаных. Просім, каб іх сэрцы не ўпадалі ў
роспач, не закрываліся ў гневе ці злосці. Просім, каб пакаранне не вяло да
зацвярдзеласці сэрца. Просім аб блізкасці сэрцаў асуджаных з церпячым Сэрцам
Езуса і Марыі. Аддайма Езусу і Маці Божай сэрцы маці асуджаных. Просьма аб моцы
для іх у бязмежна цяжкай сітуацыі. Молімся за нас саміх, каб нашыя сэрцы былі
побач з церпячай Маці катаванага Асуджанага.
3. Укаранаванне цернем
Навошта такая
дзіўная падзея? Гэтага не было ў прысудзе Езусу, Пілат не казаў гэтага рабіць,
не чакаў гэтага натоўп. Закон не прадбачваў такога пакарання. Асуджаны мог быць
бічаваны да дакладнай лічбы ўдараў, прапісанымі ў законе. Можна было асудзіць
на смерць. Цяжка чакаць далікатнасці ў ветлівасці ў выкананні чарговых
прысудаў, магчыма абыякавасць была нават вывучанай формай самаабароны жаўнераў;
калі ім давалі загад, яны павінны былі яго выконваць, інакш самі былі б
пакараныя. Аднак пра ўкаранаванне цернем ніхто не казаў. Гэта асабістая выдумка
выканаўцаў. Такая жудасная гульня, здзекванне балеснае фізічна і духоўна.
Дадатковае, пра якое ніхто не казаў, а значыцца злоўжыванае. Як шмат розных
людзей жадае прычыніць боль Езусу, які нікога не пакрыўдзіў. Нейкая частка
Сынедрыёну, нейкі натоўп выпадковых людзей, жаўнераў, якія праўдападобна яго не
ведалі, або ледзьве пазнавалі. Навошта тады гэтае дадтковае, непатрэбнае
нанясенне ран? Можа паўплывалі нейкія негатыўныя адносіны жаўнераў з Габрэямі,
можа звычайная людская бяздумнасць і прызвычаенасць да болю? А можа не ведалі
іншых забаў, а тут адчувалі сябе моцнымі і дамінуючымі? Яны выразна разлічвалі
на тое, што не будуць за гэта пакараныя, бо ніхто не мог заступіцца за
асуджанага, ніхто не пільнаваў і не абараняў жыццё вязня. Тут відаць асаблівая
думка. Калі Асуджанага называюць жыдоўскім каралем, яму даюць карону, знак
улады або годнасці, але знак, які нясе раны і прыніжэнне. Аднак, нават у гэтай
жудаснай падзеі відаць пэўная сімволіка. Канешне, каралеўская ўлада Езуса
вельмі балесная дзеля Яго. Яго Сэрца параненае ўсялякімі спосабамі, пакінутае,
высмеянае і прыніжанае.
Можа мы памятаем,
як з нас здекваліся, нейкія злосныя заўвагі, з нібыта ветлівымі словамі,
пахваламі… якія баляць, раздзіраюць сэрца. Можа мы самі былі ўдзельнікамі,
слухачамі і гледачамі высмейвання іншай безабароннай асобы, якая не мела ніякай
падтрымкі.
Молімся за ўсіх
хрысціян, якіх пераследуюць, высмейваюць, над якімі здзекваюцца, балюча
прыніжаюць як дзяцей Божых, як веруючых у Хрыста. Молімся за маці
пераследаваных. Просім для іх аб моцнай еднасці з Найсаладзейшым Сэрцам, з
церпячым Сэрцам Езуса і Беззаганным Сэрцам Маці, якая церпіць разам з жудасна
пакутуючым Сынам.
4. Нясенне крыжа
Нясенне крыжа –
гэта згода прыняць на сябе непасільны цяжар, які будзе непакоіць, прыгнятаць і
балець усё больш і больш; будзе знакам нашай ганьбы, сарамлівым, бачным знакам,
якія ізалюе нас ад асяроддзя. Нясенне крыжа – гэта добры вобраз цярпення, якое
нельга схаваць і зрабіць выгляд, што яго няма; мы ідзем з ім нібы сярод людзей,
а аднак, здалёк ад іх, самотныя, адначасова ў натоўпе, як нехта вызначаны,
выключаны сярод іншых. Знак крыжа – цярпенне не прыгожае, яго нельга
аздаравіць, спыніць, яно такое брыдкае для звычайнага чалавека, што ад яго
адводзяць вочы, бо на яго страшна паглядзець. Цяжка абвінавачваць людзей у тым,
што ў іх нешта бунтуецца і выклікае агіду пры поглядзе на такія жудасныя рэчы.
Сорамна нават
прызнаць, што ведаеш гэтага Чалавека, які зносіць такое цярпенне – хто побач з
Ім? Зніклі аздараўлёныя, нама ўваскрашоных, дзе тыя, што елі з Ім хлеб і
дзялілі рыбу? Дзе здзіўленыя засяроджаныя
слухачы? Мужчына, які нясе крыж выглядае так, што шмат хто адварочвае і
закрывае твар, простая ўражлівасць людзей падштурхоўвае да гэтага, бо яны не
могуць знесці Яго від. Нельга дапамагчы, у людзей з’яўляецца жаданне уцячы,
заняцца сваімі справамі. Няшмат падыходзіць да таго, хто нясе абрыдлівае
начынне пакуты, замучанага, асаромленага, які можа сам сябе давёў да такой
сітуацыі… Некалькі асоб спачувае, а да дапамогі прымушаюць іншага чалавека.
Шмат з нас ведае самотнасць цярпення.
Маці таксама не
можа дапамагчы. Як гэта быць Маці замучанага, пабітага, скрываўленага, падаючага
Асуджанага? Самотнасць Маці ўжо не Аздаравіцеля, не Цудатворцы, не Настаўніка,
а Вязня, якога вядуць на смерць праз увесь горад. Гэта ўжо не захапленне
натоўпу, не сотні накормленых і слухаючых, але сорам, боль, можа ўкрадкай
кіданыя погляды з боку, вось Маці Пакаранага… Езус да канца нясе прыладу
пакуты, згаджаецца вытрымаць да канца. Ён нясе цяжар, які ў канцы яшчэ прынясе
яму раны, раздзіраючыя целе, давядзе да смерці. Сэрца Маці здагадваецца,
адчувае, церпіць разам з Сэрцам Сына. Ніяк не можа спыніць гэтую пакуту.
Молімся сёння за
хворых, якія нясуць крыж сарамлівай, цяжкай невылячальнай хваробы. Молімся за
сэрцы бацькоў хворых дзяцей, пагарджаных, абвінавачваючых, абражаючых,
абыякавых. Сёння няхай нашая гарачая малітва агарне шпіталі, дамы апекі, дамы
хворых, госпіталі…
5. Укрыжаванне
На крыжы вісіць
Езус – як мала людзей пажадала быць побач з ім у гэты жудасны момант! Маці Божая
ніяк не можа дапамагчы, толькі вера і любоў падтрымліваюць Яе сілы. Езус
настолькі пабіты, аслаблены, замучаны, што напэўна б не выжыў, нават, калі б
Яго ў гэты момант вызвалілі. Нельга павярнуць назад. Чакаюць Яго, аднак
чарговыя цярпенні, Ён можа проста памерці, Яго чакае яшчэ прыбіванне да крыжа,
агонія. Сэрца поўнае літасці, міласэрнасці да іншых усё ж такі захавала сваю
шчодрасць, ласкавасць, дабразычлівасць да людзей. Паміраючы сам, збалелы, Ён
заўважае побач з сабой скрушанага асуджанага, які не бунтуецца супраць
жудаснага прысуду, не перакідвае віну на іншага. Шмат людзей, незалежна ад
прысуду і кары, перакананыя ў сваёй невінаватасці, у змякчаючых абставінах,
бачаць іншых больш вінаватых за сябе і абвінавачваюць суддзяў у
несправядлівасці. Шмат людзей нават не задумваюцца над пытаннем правіны, кары і
адплаты, толькі выкрыкваюць свой боль або абвінавачваюць іншых, каб аблегчыць
свой стан. Але асуджаны не паводзіць сябе, як шматлікія іншыя, або нават
большасць. Ня гледзячы на ўласнае цярпенне, сорам, ганьбу і балесную смерць ён
здольны распазнаць Езуса, ацаніць асабістую сітуацыю. Ужо толькі гэта
з’яўляецца доказам яго здольнасці ацаніць сябе і іншых. Аднак гэты асуджаны
аказваецца першым з грэшнікаў, якія прымаюць плён цярпення Хрыста на крыжы. Ці
гэта не дзіўна, што чалавек, вінаваты ў паважных злачынствах і ўжо асуджаны
прызнае з болем веру ў Хрыста як Месію, моцнага, пэўнага Збаўцу? Ён можа
ўбачыць у скрываўленым, пабітым і безуладным, прыбітым і асуджаным на смерць
свайго Адкупіцеля, дасканалага Пасрэдніка, які можа ў адну хвіліну, з ласкі,
аказаць яму міласэрнасць. Якая вялікая вера, які вялікі давер, якая цудоўная
мудрасць! Шмат людзей бачылі цуды і не паверылі, а тут чалавек церпячы, не
бачучы ніякіх праяўленняў моцы, нязломна перакананы ў вялікіх магчымасцях
Паміраючага! Вось чалавек, які выкарыстаў адну хвіліну, якую меў, каб уратаваць
сябе і запэўніць сабе вялікае блаславенства, гэта настаўнік веры, пакоры,
пакуты і даверу. Езус прымае гэта грэшнае, адкрытае сэрца ўсім Сэрцам, адкрытым
для грэшнікаў. Яго абяцанне моцнае і пэўнае. Молімся за паміраючых, просім для
іх адкрытасці сэрца ў апошнюю гадзіну жыцця.
ІІІ.
ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЕ РАЗВАЖАННЕ
Устанаўленне Эўхарыстыі
Маці, вось я!
Я побач з Тваім Сэрцам – Маці Езуса і мая Маці. Дзякую Табе за запрашэнне і
за тое, што Ты паказваеш мне шлях надзеі, за тое, што ў гэты дзень я маю доступ
да Твайго Беззаганнага Сэрца. Адказваючы на Тваю просьбу, я вырушаю шляхам
ружанцовых таямніц, каб разважаць над іх зместам, лепш пазнаваць Цябе і Езуса.
Сёння я іду разам з вучнямі туды, дзе Езус жадае разам з імі спажываць Пасху.
Евангелле Мацвея пераносіць нас у тое месца і дазваляе ўдзельнічаць у гэтай
незвычайна важнай падзеі: “Вучні ўчынілі так, як загадаў ім Езус, і прыгатавалі
пасху. Калі ж настаў вечар, Ён сеў за
стол з Дванаццаццю. А калі елі, сказаў:
«Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне». Вельмі засмуціўшыся, яны
пачалі казаць Яму адзін за адным: «Ці не я, Пане?» А Ён адказаў: «Хто апусціў са
Мною руку ў місу,
той выдасць Мяне. Сапраўды, Сын
Чалавечы адыходзіць, як напісана
пра Яго, але
гора таму чалавеку,
які выдае Сына Чалавечага. Лепш было б гэтаму чалавеку
не нарадзіцца». Юда, які збіраўся Яго выдаць, спытаўся: «Ці не я, Раббі?» Езус
адказаў: «Ты сказаў». Калі яны елі,
Езус узяў хлеб,
благаславіў, паламаў і,
даўшы вучням, сказаў: «Бярыце і
ешце, гэта Цела Маё». І ўзяўшы келіх, і ўзнёсшы падзяку,
даў ім, кажучы:
«Піце з яго ўсе, бо гэта Кроў Мая новага запавету, якая будзе праліта за многіх
дзеля адпушчэння грахоў. Кажу вам, што адгэтуль не буду піць ад
гэтага вінаграднага плоду
аж да таго
дня, калі буду
піць яго з вамі
новым у Валадарстве Айца Майго». І, праспяваўшы гімн, яны пайшлі на Аліўную
гару. Тады Езус сказаў ім: «Вы ўсе зняверыцеся
ўва Мне ў
гэтую ноч, бо
напісана: “Удару пастыра,
і рассеюцца авечкі статку”.
А пасля ўваскрасення
Майго Я апярэджу
вас у Галілеі». А Пётр
сказаў Яму ў
адказ: «Калі нават
усе зняверацца ў
Табе, я ніколі не зняверуся». Езус сказаў яму: «Сапраўды кажу табе, што
ў гэтую ноч, перш чым заспявае
певень, тройчы адрачэшся
ад Мяне». Пётр адказаў
Яму: «Хоць бы давялося памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Падобнае
сказалі і ўсе вучні” (Мц 26, 19-35).
Езус ідзе ў Ерузалем. Яго мука, смерць і ўваскрашэнне не з’яўляюцца
таямніцай. Ён кажа пра гэта адкрыта, хоць гэта вельмі цяжкія словы. Ён кажа,
што Яго Цела і Кроў павінны стаць ежай; той, хто будзе спажываць Яго Цела і
Кроў, будзе мець жыццё вечнае. Гэта значыць, мы набліжаемся да вельмі істотных
падзей. Езус і раней указваў на гэта. У Бэтаніі ў доме Лазара Ён быў намашчоны
Марыяй на ўласнае пахаванне, і было гэта за шэсць дзён да Пасхі. Як Маці, якая
верна захоўвала ўсе гэтыя ўспаміны ў сваім Сэрцы, Ты напэўна прадчувала надыход
гэтай хвіліны. Мы не ведаем, як выглядала ваша апошняя сустрэча і развітанне,
аднак, напэўна гэта была хвіліна вашай асабістай размовы. Ці магла яна
выглядаць так?
“У Езуса з Найсвяцейшай Маці была асабістая размова (…). Ён казаў, што для
прыгатавання Пасхі Ён паслаў у Ерузалем Пятра, увасабленне веры, і Яна,
увасабленне любові. Пра Магдалену, якая апошні час не знаходзіла сабе месца
з-за глыбокага смутку, Ён сказаў: “Яна вельмі моцна любіць, але яе любоў яшчэ
не вызвалілася ад цялесных путаў, а таму ёй будзе вельмі цяжка перажываць маю
пакуту”. Ён узгадаў таксама здрадныя планы Юды, а добрая Маці Божая яшчэ
заступалася за яго. Даведаўшыся ад Езуса пра тое, што Яго чакае ў бліжэйшы час,
Найсвяцейшая Панна прасіла, каб Яна магла памерці разам з Ім. Аднак, Езус
папрасіў Яе, каб Яна больш спакойна перажывала, чым іншыя жанчыны, а таксама
сказаў, што ўваскрэсне праз тры дні і, куды да Яе прыйдзе. Цяпер Найсвяцейшая
Панна супакоілася; ужо не плакала так моцна, але на Яе твары быў бязмежны
смутак і ўзрушваючы да глыбіні боль. Як добры і ўдзячны Сын, Езус падзякаваў Ёй
за ўсю Яе любоў, абняў Яе на развітанне правай рукой і чула прытуліў да сэрца.
Ён абяцаў Ёй, што духоўна будзе спажываць разам з Ёй апошнюю вячэру і нават
сказаў гадзіну, калі Яна стане яе ўдзельніцай. З усімі Езус развітваўся вельмі
чула і пры гэтым навучаў да апошняй хвіліны” (бл. Ганна Кацярына Эммерых).
Маці, незалежна ад таго, наколькі Ты ведала будучыя падзеі і ўяўляла Сабе
іх ход і тое, што адбудзецца ў Ерузалеме, Ты, напэўна, як Маці адчувала боль у
сваім сэрцы. Якая маці, нават, калі і пагадзілася з непазбежнай смерцю хворага
дзіцяці, можа быць абыякавай у гэтай сітуацыі. Аднак, перш чым надыйдзе хвіліна
прынесці сапраўдную ахвяру на крыжы, Езус прагне быць толькі з вучнямі. Ці
повязі крыві не значаць больш за адносіны: настаўнік і вучань? Зноў, Маці, не
дазволена Табе быць да канца побач з уласным Сынам у такі важны момант. Ты
павінна была развітацца з Ім раней, а цяпер чакаць ўсё тое, пра што было
сказана раней. Аднак, Езус сваімі паводзінамі падрыхтаваў Цябе да гэтай
хвіліны, хоцьбы тады, калі праз тры дні разам з Юзафам Ты знайшла Яго ў
святыні. Яго адказ, які параніў Тваё Сэрца, адначасова навучаў, што справы Айца
для Яго найважнейшыя. І менавіта гэта адбываецца і цяпер.
Евангелле нічога не кажа пра Цябе, Маці, у хвіліну, калі Езус спажывае
Пасху са сваімі вучнямі. Ты не прысутнічаеш цялесна, але напэўна прысутнічаеш
духам, прысутнічаеш у Сэрцы свайго Сына. Прысутная вельмі незвычайным і дзіўным
спосабам – духам і ласкай. Так нам пра гэта нагадвае с. Луцыя: “Вось бяру ў
рукі Евангелле і бачу, што з самага пачатку Езус Хрыстус з’яднаў са сваёй
збаўчай справай Беззаганнае Сэрца Той, якую абраў на сваю Маці. Справа нашага
адкуплення пачалася ў хвіліну, калі Слова спусцілася з неба на зямлю, каб
прыняць людское цела ва ўлонні Марыі. З гэтай хвіліны дзевяць месяцаў кроў
Хрыста была крывёй Марыі, выплываючай з крыніцы Яе Беззаганнага Сэрца, а ўдары
Сэрца Хрыста злучаліся з ударамі Сэрца Марыі. І гэта цела, атрыманае ад Марыі,
сталася ў Хрысце ахвярай для збаўлення людзей; гэта кроў, атрыманая ад Марыі,
пульсавала ў жылах Езуса і выплыла з Яго Божага Сэрца; менавіта гэта цела і
гэта кроў, атрыманыя ад Марыі, былі нам дадзеныя як кансэкраваныя хлеб і віно
як штодзённая ежа для ўзмацнення ў нас жыцця ласкі”.
Твой Сын устанаўлівае сакрамэнт незвычайнай прысутнасці сярод нас;
прысутнасці ў выглядзе хлеба і віна, але ў сапраўднай прысутнасці свайго Цела і
Крыві. А таму, хоць і няма Цябе, Маці, ў Вячэрніку, можна ўсё ж такі сказаць,
што там прысутнічае нейкая частка Цябе. Гэта Езус прыходзіць у свет праз Тваё fiat, прымае Цела ў Тваім
улонні, а таму, калі становіцца прысутным у сваім Целе і Крыві ў Эўхарыстыі, Ты,
Маці, нейкім чынам таксама прысутнічаеш, хоць гэтага не можа зразумець наш
розум. Дзякуючы Табе, Маці, я таксама магу думкай і сэрцам удзельнічаць у
таямніцах. Узгадваю сабе сцэну звеставання. Вось Ты народзіш Сына Божага.
Чалавек народзіць Бога, Дзева, без удзелу мужчыны, народзіць Дзіця; ці можна
ўсё гэта ахапіць людскім розумам? Калі, аднак, ёсць воля Божая, калі так кажа
Бог, то ці можна не сказаць fiat? Але гэта не вырашае нашых дылемаў, паўстаючых
цяжкасцяў, не адказвае на вялікую колькасць пытанняў, якія нараджаюцца ў гэтую
ж хвіліну. Даверыцца Богу і сказаць “так”, згадзіцца на Яго волю, гэта не
пазбаўляе нас ад праяўленняў нашай натуры. Ці ў такія хвіліны мы не адчуваем у
поўні рысы нашага характару, абуджаючыхся пачуццяў і эмоцый? Вось Бог выбраў
Цябе на Маці свайго Сына, каб Ён склаў ахвяру Цела і Крыві за нашыя грахі. Гэта
адбываецца дзякуючы Тваёй згодзе, а цяпер Ты не можаш прымаць удзел у гэтай
падзеі, якая адбываецца бескрывавым чынам. Ты была абраная, насіла ў Сэрцы сваю
таямніцу, а цяпер павінна стаяць з боку. Я разумею, Маці, што быць пакорным і
паслухмяным, гэта азначае таксама перажываць хвіліны, якія дапамагаюць заззяць
гэтым цнотам.
Маці, што адбываецца ў Тваім Беззаганным Сэрцы? Як я магу Цябе суцешыць,
спачуваць, каб Ты атрымала палёгку ў цярпенні? Я ўглядаюся праз Евангелле ў
Вячэрнік і задумваюся, ці Тваё Беззаганнае Сэрца не адчувае трывогі і цярпення,
узгадваючы ў гэтую хвіліну нараджэнне Езуса ў Бэтлееме? Бог, чаканы і абяцаны
на працягу стагоддзяў, прыходзіць на свет, і ніхто Яго не чакае, не робіць для
Яго месца, не разумее падзеяў, якія адбыліся. Спосаб прыходу Бога на свет
цалкам адрозніваўся ад людскіх ўяўленняў. А цяпер, калі Ён устанаўлівае
сакрамэнт Эўхарыстыі, ці нехта будзе Яго чакаць, разумець? Як жа адрозніваецца
кіраванне Божага Провіду ад людской логікі. Ці такая думка, што ўмовы з
Бэтлеему могуць паўтарыцца, што Бог не знойдзе для сябе месца, не напаўняе
сумневамі і болем Тваё Беззаганнае Сэрца? Ці нехта зразумее, засумуе без Яго
прысутнасці, ня лёгкай, каб яе прыняць, згадзіцца, ушанаваць?
Маці, дзякуючы Твайму fiat Бог стаў прысутным як Чалавек сярод нас. Ён і далей
прагне, пасля сваёй смерці і ўваскрашэння быць з намі да сканчэння свету. Я
паволі пачынаю разумець, Беззаганная, што калі я прагну Цябе суцешыць, я
павінен усім сэрцам адкрыцца на дар Эўхарыстыі, дар прысутнасці Твайго Сына ў
выглядзе хлеба і віна. Я не магу дазволіць, каб Езус, як гэта было ў Бэтлееме,
шукаў і не знайшоў адкрытага сэрца. Вось Эўхарыстыя, якая з’яўляецца
бескрывавай ахвярай Цела і Крыві Езуса за нашыя грахі, самы вялікі дар Бога для
чалавека. Я веру, Маці, што калі я буду жадаць Эўхарыстыі, калі буду прымаць з
верай і любоўю святую Камунію, тады я напэўна суцешу Тваё Беззаганнае Сэрца. Ave Maria!
IV. АПЭЛЬ
МАРЫЙНЫ
Праз Цябе прыйшоў да нас Езус з Неба,
Брама Нябесная.
Брама Нябесная.
З Цябе нарадзіўся Езус для нас,
Брама Нябесная.
І праз нараджэнне, жыццё і смерць сваю адчыніў нам браму да Неба.
Беззаганная
Панна, цудоўная, захапляючая, Нябесная Брама! Мы прыйшлі сёння на сустрэчу з
Табой, прынялі Тваё запрашэнне. Кожны з нас быў заахвочаны і пакліканы Духам
Божым, які падтрымлівае Цябе, Найчысцейшая. Сёння мы прыйшлі да Цябе такія,
якімі мы сёння з’яўляемся, але, калі б мы пажадалі пачакаць лепшых часоў,
лепшай нагоды, можа мы б ніколі не прыйшлі… Прымі нас, Панна, у сябе, мы хочам
быць Тваімі гасцямі менавіта сёння, правесці трохі часу з Табой. Ня гледзячы на
нашую стомленасць, расчараванні, мы хочам паслухаць Цябе і адпачыць побач з
Табой, знайсці спакой, разам з Табой паглядзець на саміх сябе і наш свет наноў.
Вядзі нас і будзь Гаспадыняй гэтага часу. Пакажы нам Тваё Беззаганнае Сэрца,
Панна моцная, незалежная ад спакус і падману.
Панна абраная,
менавіта праз Цябе прыйшоў да нас Збаўца, Сябра людскіх сэрцаў. Цябе
падрыхтаваў Дух Святы, каб было прыгожым месца для Божага Сына, каб Яго Сэрца,
поўнае дабрыні і любові, магло быць гасцінна прынятым у Цябе. Ты згадзіася быць
Брамай для Езуса, які хацеў прыйсці на зямлю да людзей праз чалавека. Дзякуючы
Табе, Беззаганная, мы бачым, якая воля Божая: паяднанне неба з зямлёй,
грэшнікаў з міласэрнасцю. Такой брамай да неба можа быць кожны, хто аддае сваё
сэрца, як Ты, Панна мудрая, каб з’яднаць яго з Сэрцам Божым. Ці праз нас
таксама відаць кавалак неба, ці ў нашым сэрцы людзі могуць убачыць дзверы да
дому Божага?
Езус сказаў, што
толькі праз Яго мы можам дайсці да Айца, толькі Ён з’яўляецца Брамай авечак. Мы
ведаем, што Ты была першай, хто аддаў сваё жыццё Яму, цалкам Сябе даручыла, згадзілася
быць Маці. Што азначае аддаць сябе ў распараджэнне Бога, які хоча прыйсці як
слабы, маленькі, патрабуючы апекі, дапамогі? Мы хутчэй хацелі б быць брамай для
Бога моцнага, дзейснага, плённага... Нас дзівіць Твая адданасць, Марыя. Ты
згадзілася быць брамай для Езуса, як Ён хацеў, калі хацеў, не патрабуючы ніякіх
умоў. Ты не пытала, чаму Ты павінна насіць Дзіця яшчэ перад урачыстым шлюбам са
сваім сужонкам, чаму такія цудоўныя падзеі павінны адбывацца такім дзіўным
чынам, які непакоіць асяроддзе. Ты згаджалася быць Брамай для Сына з неба тады,
калі Ён вырашыў, з поўным даверам, без спрэчкі. Табе магло здавацца дзіўным,
што так доўга трываў час укрыцця, так каротка час навучання, Ты зносіла
балесныя таямніцы.
Ты таксама
прыняла, Марыя, Яго волю не толькі быць Брамай для Яго, сыходзячага ад Айца
праз Цябе да людзей, але таксама стаць, як Ён сам, Брамай для авечак. Ты
ведала, што для гэтага была патрэбнасць лучнасць двух сэрцаў – зрабіць падобным
да Божага Сэрца сваё ўласнае Беззаганнае Сэрца. Ты згадзілася стаць адчыненай
Брамай для грэшнікаў, якія да Цябе прыходзяць, веручы, што Маці міласэрнага
Сына прыме іх і пакажа дарогу, дапаможа, будзе маліцца за іх і адкрые сваё
Найчысцейшае Сэрца. І сапраўды, Ты, як найпрыгажэйшая брама, адчыненая і
заахвочваючая да ўваходу ў прыгажосць, шчасце, дабро, веліч Найсаладзейшага
Сэрца Збаўцы.
Цудоўная Маці, Ты
хочаш таксама, каб мы далучыліся да еднасці сэрцаў, злучылі нашыя сэрцы з
Тваім, такім прыгожым і добрым, таму што Яно з’яднанае з Сэрцам самаго Бога.
Панна моцная, мы просім Цябе, слабыя і нясталыя, прасі аб Духу моцы для нас, аб
дарах ласкі. Мы таксама, як і Ты, хочам быць брамай да неба, брамай да Сэрца
Езуса, адчыненай і запрашаючай усіх, каму патрэбная Божая міласэрнасць. Просім,
няхай нашыя сэрцы ачысціць Дух Праўды, няхай нашае жыццё заахвочвае да сустрэчы
з Богам, да шукання дарогі да Яго, няхай нашыя словы, жэсты, паводзіны
запрашаюць да нябеснай Брамы, Брамы для авечак, дзе галодныя знойдуць
спажыванне, узмацненне, ваду і апеку.
Дзякуем Табе за
Тваё жыццё і Тваё Беззаганнае Сэрца, Марыя! Дзякуем Табе за дар ружанца, бо мы
можам пазнаваць кожны раз наноў, разважаць і думаць пра Тваё жыццё разам з
Божым Сынам, гісторыю збаўлення нас і ўсяго свету, у якой мы можам прымаць
удзел. Мы вельмі хацелі б быць Тваімі памочнікамі, Тваімі вучнямі, якія, як Ты,
становяцца брамай для Езуса, брамай для нашых блізкіх. О Марыя, заступайся за
нас, дапамажы нам, просім Цябе, фармаваць нашыя сэрцы на ўзор Твайго
Беззаганнага Сэрца, з’яднанага з Найсаладзейшым Сэрцам Езуса. Амэн.
Перакладзена з польскай мовы.
Droga przez Serce. Przymierze serc Jezusa, Maryi, naszych.
Sekretariat Fatimski 2016