І. БЕЗЗАГАННАЕ СЭРЦА МАРЫІ,
ДАПАМОЖНІЦЫ ХРЫСЦІЯНАЎ,
ВЯДЗЕ НАС ДА НАЙСАЛАДЗЕЙШАГА СЭРЦА ЕЗУСА
ДАПАМОЖНІЦЫ ХРЫСЦІЯНАЎ,
ВЯДЗЕ НАС ДА НАЙСАЛАДЗЕЙШАГА СЭРЦА ЕЗУСА
Вітай, падмурку трывалае веры,
Вітай, пазнанне светлае ласкі.
Вітай, настаўніца ў цнотах для вернікаў,
Вітай, Нявеста – Дзева чыстая.
Сёння зноў наша
раней запланаваная сустрэча з Беззаганнай, Найчысцейшай, незраўнанай Паннай
Марыяй, гэта Яна сама нас запрасіла і паклікала, гэта Яе думка, якую мы прынялі
як наш абавязак, важны для нашага сэрца. Гэта наш час, ахвяраваны Яе
Беззаганнаму Сэрцу, мы хочам Яе слухаць, разважаць над Яе словамі, разам з Ёй
шукаць волі Божай. Яна, Дапаможніца вернікаў, прагне асаблівым чынам
падтрымліваць нас, што моляцца да Яе, просяць аб падтрымцы і дапамозе ў дарозе.
Жнівень з даўніх
часоў асацыюецца ў нас з асаблівай прысутнасцю Маці Божай, цудоўным святам
Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны, пілігрымкамі, прысутнасцю ва ўлюбёным
санктуарыі. Гэта час Марыі, час для нас. Сёння мы стаім перад Беззаганнай,
разлічваючы на Яе абяцанні і блізкасць добрай Спадарыні, Яе зразуменне і
дапамогу. Яна ведае людскія сэрцы і мае цярплівасць да нашай слабасці. Сам
Святы Дух, Даўца шматлікіх дароў, улівае ў Яе Беззаганнае Сэрца вялікую
дабрыню, лагоднасць і цярплівасць.
Мы з
даверам можам прасіць аб дапамозе Божай, прасіць аб цярпілвасці і міласэрнасці,
звяртацца з нашымі просьбамі і патрэбамі – уся гісторыя збаўлення паказвае нам
моцную, верную дапамогу Бога слабым людзям, нават падаючым, нават вельмі
грэшным, нават шмат разоў трапляючым у тыя самыя праблемы. Чалавек бывае
няверным, аднак, Айцец міласэрнасці заўсёды верны і не падводзіць. Святое
Пісанне самога Бога называе Богам Дапаможцам, псальміст з перакананнем
паўтарае, што нават цень прысутнасці літасцівага Айца прыносіць радасць і
пачуццё бяспекі, і прагне ўсім сэрцам прытуліцца да Міласэрнага Бога. Такі
досвед Бога насіла ў сваім Беззаганным Сэрцы Найсвяцейшая Дзева. Пра гэта нам
кажа Яе асабістая малітва Магніфікат. Панна моцная ведае Бога Дапаможцу, таму і
сама можа быць таксама Дапаможніцай, якая ўказвае на міласэрнасць і мудрасць
Божую, несучы моц заступніцтва і пасрэдніцтва, навучаючы пакуце, малітве,
узнагародзе. Беззаганнае Сэрца, чыстае, вольнае ад усялякіх спакусаў і зла,
паказвае толькі самаго Бога, толькі Яго любоў, ласкавасць, дабрыню, якая выходзіць
за межы людскога ўяўлення. Мы можам давяраць Беззаганнаму Сэрцу, у якім
знойдзем толькі Бога.
Мы ведаем, што
можам заклікаць Найсвяцейшую Дзеву як Дапаможніцу ў нашых розных справах, мы
важныя для Яе, таму што мы Дзеці Божыя, таму што мы браты і сёстры Яе Сына, які
для нас жыў і памёр. Панна мудрая нагадвае нам словы Езуса, указвае нам на
Евангелле, заклікае да малітвы і пакуты, дае нам ружанец як моцную правераную
зброю.
Мы ведаем, што
Яна сама, Маці і найцудоўнейшая Вучаніца Пана, слухала і разважала над словамі
і ўчынкамі Езуса. Яна ведала Яго лепш за ўсіх, прыглядалася да Яго на працягу
ўсяго дзяцінства, на працягу ўсяго Яго жыцця; Яна запомніла ўсё, што адбылося,
вяртаючыся думкай да ўсіх падзей. Так і мы робім, беручы ў рукі ружанец. Гэта
дапамога для нас, жаданне шчодрай Дзевы, якая згаджаецца і заахвочвае разважаць
над Яе жыццём. Прыгледзімся, у такой вялікай колькасці людзей ёсць што хаваць,
хоць бы самыя маленькія таямніцы, якія яны не хацелі б нікомы адкрываць, каб
яны не ўбачылі дзённага святла, пра якія лепш было забыцца. Споведзь дазваляе
нам выказаць у таямніцы тое, што мы б хацелі выкінуць з сябе, аддаліць і
прасіць аб прабачэнні, аб новым жыцці, аб новым этапе жыцця. А Беззаганнае
Сэрца не прыняло нічога, што магло б аддаліць ад Яе Бога – Яно ўмела адмовіцца
ад кожнай спакусы, якая б магла зацьміць хвалу Пана.
Марыя,
Найсвяцейшая, Найпрыгажэйшая, ведае, што гаворка не ідзе толькі аб апраўданні,
прабачэнні і забыванні. Добры Айцец даў Ёй і нам свайго Сына, каб мы самі маглі быць, як Яна, вольныя, прыгожыя,
падобныя да Езуса, у лучнасці з Яго Найсаладзейшым Сэрцам, як Яе Беззаганнае
Сэрца. Гаворка ідзе не толькі пра страх перад пеклам, пра адсутнасць пакарання,
прабачэнне правінаў. Мы хочам быць шчаслівымі ля Сэрца Божага, а Найсаладзейшае
Сэрца Езуса прагне аддаваць Сябе нам. Таму не можа задаволіць толькі адсутнасць
цяжкіх смяротных грахоў, мы не можам затрымацца ў набліжэнні да нашай радасці,
да нашага шчасця. Мы хочам Бога, мы хочам ісці да неба, мы хочам быць як мага
бліжэй, як Беззаганнае Сэрца ласкавай Панны. Таму патрэбная вельмі моцная
ўспамога вернікаў, каб тыя, што імкнуцца быць вернымі, не падалі, не
спатыкаліся, не адышлі і не заблукалі ў дарозе, каб не стаміліся і не
затрымаліся ў нейкім месцы, можа выгадным, але яшчэ далёкім ад мэты.
Нашым сэрцам,
якія сумуюць па самім Богу, патрэбная Дапаможніца вернікаў. Няхай нас не
задаволіць свядомасць таго, што ў нас няма залежнасцяў, што не прыгнятае нас
пачуццё віны. Блізкія сябры Бога няхай углядаюцца ў Беззаганнае Сэрца Панны
Марыі, вось наша падтрымка, наша люстэрка, наша радасць і дапамога. Няхай бляск
ласкі, які адлюстроўваецца ў Ёй вялікім святлом, вядзе нас да неба, няхай
заахвочвае нас да лучнасці нашага сэрца з Сэрцам Божым і Сэрцам Беззаганным.
Няхай моц, якая б’е з Сэрца Святой Панны, Панны моцнай, вядзе нас да любові
Хрыста. Будзьма і мы дапамогай вернікаў, падтрымкай веруючых, дапамогай Касцёла
праз малітву, пакуту і ахвяру. Амэн.
ІІ. РУЖАНЕЦ
ХВАЛЕБНЫЯ ТАЯМНІЦЫ
1. Уваскрашэнне Езуса
Цудатворца і
Настаўнік памёр у такіх пакутах, самыя блізкія не маглі Яго ўратаваць,
большасць пакінула Яго аднаго, не маючы моцы знесці такую страшную сітуацыю,
якая ламала ім сэрцы. Вытрывала Яго Маці, Панна верная з моцным Сэрцам, побач з
Ёй было няшмат блізкіх асоб; вернасць захавалі таксама два фарысея, якія змаглі
прызнаць, што ведаюць ужо мёртвага Настаўніка і аплаціць годную Яго грабніцу.
Але найважнейшай
аказалася для Езуса еднасць з Айцом. Давер Сына, які заўсёды хацеў быць у
справах Айца, якому даверыўся ў самы цяжкі час, насуперак усяму, што здарылася,
што магло зламаць і пазбавіць сілы. Айцец праявіў сваю вернасць, моц і любоў,
уваскрасіў з мёртвых Найсаладзейшае Сэрца, якое вельмі палюбіў. Не магло
застацца ў трумне Сэрца поўнае велічы, годнае ўсялякай хвалы, сапраўдная
святыня Бога, святыня Найвышэйшага. Еднасць Айца і Сына аказалася мацнейшай за
ўсялякі боль і цярпенне, за смерць.
У гэтую еднасць
верыла таксама Панна, захоўваючы ў Сэрцы словы анёла звеставання. Яна памятала,
што Сын Божы, дадзены Ёй па волі Айца, які прыйшоў, каб праявіць вялікую моц.
Яна зносіла ўсё, што адбывалася, у святле гэтых слоў. У кожнай жыццёвай
сітуацыі, часта для Яе незразумелай, таксама і ў апошні час, ня гледзячы на
вялікі боль Сэрца, Яна паўтарала сваю згоду на волю Божую, на Божы план
збаўлення ўсяго свету. Цяпер здзяйсняецца еднасць Айца і Сына ў Святым Духу з
Яе Беззаганным Сэрцам – Уваскрослы Сын ззяе ў хвале, моцы, сіле і прыгажосці.
Найсвяцейшая Панна перажывае новую таямніцу свайго жыцця як таямніцу ўсяго
Касцёла, усіх веруючых. Яе Сын, Пан усёй супольнасці вернікаў, паказаў усім іх прызначэнне
– Яго слядамі, яднаючыся з Ім усім сэрцам, духам, розумам, усе павінны імкнуцца
да неба, да Божага святла, да хвалы з Ім.
Папросім за нас
саміх, каб мы ўмелі, як Езус, як Марыя цалкам аддаваць свае сэрцы ў лучнасці з
Богам. Паглядзім на таямнцы ружанца як на мапу жыцця, якая вядзе да
ўваскрашэння.
2. Унебаўшэсце Езуса
Місія Езуса
заканчваецца. Езус не можа застацца з намі на заўсёды, не можа быць у кожнай
эпосе і ў кожным месцы ў сваёй зямной постаці. Бог вечны, а ўцелаўленне Яго
Сына мае свой пачатак і канец зямнога прабывання сярод нас. Гэта вялікая
таямніца, над якой мы ўсё жыццё будзем разважаць і насіць у сэрцы, ніколі не
перастане быць самай важнай для нашага збаўлення. Апосталы і вучні маглі,
аднак, быць там, дзе Ўваскрослы адыходзіць да Айца, да неба, канчаткова. Так
хутка ўсё адбывалася і з іх пункту гледжання магло яшчэ працягвацца – у іх яшчэ
шмат пытанняў, яны яшчэ хацелі б размаўляць з Хрыстом і вучыцца ў Яго.
Аднак, Настаўнік
вырашае, што ўжо выканалася ўсё, што павінна было здзейсніцца, што Ён сказаў ім
даволі шмат, што яны бачылі ўсё, што ім трэба было паказаць. Апосталы ж не былі
ў гэтым перакананыя. Іх пытанні і сумневы, мары і апасенні выразна гэта
паказваюць, ім яшчэ патрэбны Настаўнік. Езус жа лічыць, што можа пакінуць іх адных,
а таксама Беззаганнае Сэрца Марыі. Моцная, мудрая Маці, якая перажыла столькі
цярпення, столькі крызысаў, застаецца адна з вучнямі, якія часта кідалі,
здраджвалі і падводзілі Яе Сына. Сын Божы вяртаецца да Айца.
Здзіўленне і
захвыт вучняў, а таксама іх непакой, нерашучасць запамяталі і евангелісты, калі
патрэбны былі нават анёлы, якія супакойваць і нагадваюць абяцанні Настаўніка.
Трэба чакаць абяцанага Суцяшальніка, Духа Божага, які дадасць ім моцы і
мудрасці, прынясе дары настолькі няўпэўненым, бездапаможным вучням, хоць яны
тры гады былі так блізка Езуса, а Яго словы і ўчынкі так шмат іх навучылі. Так
сталася. Але толькі Дух Святы дапамог Апосталам зразумець сваё пакліканне,
заданне, шлях.
Таксама і мы часам
адчуваем сябе згубленымі. Вера, што Езус у небе, можа нам дапамагчы, але не
хапае нам сілы, хоць мы так шмат ведаем. Разам з Апосталамі і мудрай Маці
чакайма і просьма дароў Духа Божага, якія дапамогуць нам адказаць на ўсё тое,
што атрымалі нашыя сэрцы, просьма аб
лучнасці з Сэрцам Езуса, з Сэрцам Марыі, аб мудрасці сэрца, з’яднанага з іх
Сэрцамі.
3. Спасланне Святога Духа
Што, дарэчы,
прынесла спасланне Духа Божага? Як нам трэба гэта разумець? Што азначала
спасланне для Найсвяйцейшай, Поўнай Ласкі? Што азначае для нас саміх? Часта пра
духоўныя дары кажуць так, як бы гэта была дзіўная забава ў супольнасці, дзейсны
спосаб паказаць сваю пабожнасць і абранасць Богам… Аднак, Дзеі Апосталаў вельмі
дакладна і адназначна вучаць нас пра спасланне Духа Суцяшальніка.
Дзеля чаго
служаць духоўныя дары? Перш за ўсё, яны яднаюць саміх апосталаў. Тыя, што
падвялі, уцяклі, напужаліся і забыліся пра ўсё, чаму навучаў іх Езус, поўныя
жалю і супярэчлівых пачуццяў, цяпер становяцца як адна супольнасць пасланых і
пакліканых. Калі нехта атрымае дары Духа Божага, ён зможа таксама прыцягнуць
іншых веруючых, стаць вышэй за ўласныя крыўды і расчараванні. Спасланне дароў
Суцяшальніка не служыць толькі для ўзмацнення саміх Апосталаў, наадварот,
штурхае іх казаць пра Езуса і гісторыю збаўлення так, каб зразумелі іншыя. Адначасова,
згодна з воляй Езуса, мы разам з Апосталамі запрошаныя да таго, каб няспынна
прасіць дароў Духа Божага.
Паглядзім яшчэ
раз на Марыі, якая ўсё жыццё была звязаная еднасцю з самім Богам. Яна найлепш,
найпрыгажэй паказвае поўню дароў Духа Божага. Найсвяцейшая Дзева, поўная дароў
Духа Салодкай Радасці Сэрцаў, ужо ў хвіліну звеставання атрымлівае новае,
шчодрае спасланне чарговых ласкаў. Просьма, каб мы ўзрасталі ў ласцы, просьма
дароў Суцяшальніка, каб Ён узмацняў нашае сэрца, каб ачышчаў яго, просьма, каб
Ёз зрабіў з нас святыню Бога і жытло для самога Езуса.
4. Унебаўзяцце Марыі
Найсвяцейшая
Панна засталася на зямлі, хоць нас і не здзівіла б нас тое, што Яна хацела
адразу пайсці за Сынам. Бог Айцец вызначыў Ёй час, як і нам, таямнічым і
незразумелым чынам. Шмат легендаў акрэсліваюць розны час жыцця Маці Божай, мы
ведаем, аднак, што Евангеліст не перадаў нам ніякіх падрабязнасцяў. Мы можам
здагадвацца, што Яна размаўляла і малілася з Апосталамі ў супакоі і любові, не
праяўляючы нецярплівасці і неахвоты да іншых, кажучы пра Езуса.
Мы таксама хацелі
б вызначыць час людскога жыцця, таксама і свайго ўласнага, валодаць часам,
планаваць апошнія хвіліны. Толькі Бог ведае, як і калі гэта будзе, мы можам
падрыхтавацца малітвай, споведдзю, пакутай, узнагародай. Упарадкаванне думак,
сэрца, шмат дробных спраў, можа нас падрыхтаваць да канца нашага жыцця, для
дарогі да Сэрца Божага. Маці Божая таксама ўсё жыццё шукала блізкасці
Найсаладзейшага Сэрца Збаўцы і таму знайшла Яго ў сваіх апошніх хвілінах на
зямлі. Яна нарадзілася для Езуса, жыла для Яго, побач з Ім і заканчваючы сваё
зямное жыццё, усім Сэрцам Яна адкрылася на свайго Сына і Настаўніка.
Унебаўзяцце тут не з'яўляецце чымсці новым – Марыя ў сваім Беззаганным Сэрцы
адчыніла дом і жыллё для Сына Божага, у сваім жыцці ўсё паўкладала вакол Яго, і
да Яго ішла ў канцы жыцця. Унебаўзяцце падкрэслівае лучнасць двух Сэрцаў і
завяршае яе – Панна ўзятая ў неба, да свайго Збаўцы.
Просьма і мы, каб
мы маглі, разважаючы над жыццём Езуса і Марыі, штодзённа набліжацца да неба ў
лучнасці з сэрцам поўным любові і ласкі.
5. Укаранаванне Маці Божай
на Каралеву неба і зямлі
Шмат хто хацеў бы
дасягнуць поспеху, фартуны і прызнання. Гэтыя пачуцці часта вядуць да большай
працы над сабой, да навукі, практыкаванняў, старанняў, да больш трывалага
трэнінгу, каб дасягнуць бачнага, яскравага, красамоўнага для іншых поспеху.
Часам намеры доўга ачышчаюцца, часам сэрца павінна шмат выцярпець, каб дайсці
да сваіх прагненняў. Аднак, звычайна людзі згаджаюцца на шмат вырачэнняў, бо
ведаюць, што жаданая мэта не прыходзіць сама, без працы. Шмат прымавак можа
гэта пацвердзіць, напрыклад, Масква не адразу будавалася. Поспех прыходзіць па
абрывістых прыступках. Святы Павел лічыў свой шлях бегам, які патрабуе
намаганняў, каб увогуле яго скончыць. Мы бачым гэтую праўду таксама і ў Маці
Божай – столькі дароў, столькі ласкаў, але і ў Яе заўважалі Евангелісты цяжкую
працу на шляху, намаганні цёмнай веры. Найсвяцейшая бачыць сваё жыццё і
пакліканне укаранаваным толькі цяпер, ужо пасля заканчэння зямнога пілігрымавання.
І мы чакаем
адзнакі або вынікаў нашага жыцця. Нашыя намаганні ацэніць Айцец у небе ў
падыходзячы час.
Молімся аб
цярплівасці і вытрываласці, каб мы не аслабелі ў гэтай дарозе і не расселіся на
абочыне, чакаючы канца. Возьмемся за чарговую працу, чарговы крок на шляху,
веручы, што кожны з іх будзе ацэнены ў небе, на радасць Найсаладзейшага Сэрца
Езуса, Найчысцейшага Сэрца Марыі, усіх святых і нас саміх.
ІІІ.
ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЕ РАЗВАЖАННЕ
Укаранаванне Марыі
Маці, вось я!
Я разам з Тваім Сэрцам, Каралева неба і зямлі – Маці Езуса і мая Маці. Сёння
я прагну разважаць над таямніцай Твайго укаранавання.
Дзякуючы словам Апакаліпсісу св. Яна нам быў дадзены цудоўны вобраз: “І
зьявілася ў небе вялікая азнака – жанчына, адзетая ў сонца; пад нагамі ў яе
месяц, і на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак” (Ап 12, 1). Маці, Каралева
наша, кожны так да Цябе звяртаецца. (…) “Уладзе Бога падпардкоўваецца ўсё,
нават Дзева; уладзе Дзевы падпарадкоўваецца ўсё, нават Бог”. Гэта словы св.
Ансэльма, св. Бернарда, св. Бернардына, св. Банавэнтуры. Ці розум чалавека не
занадта малы і абмежаваны, каб у поўні усвядоміць гэтую цудоўную праўду? Ты –
Каралева свету і ўсіх людзей, а таму кожны можа да Цябе прыбягаць, нават больш:
знайсці ў Цябе падтрымку і абарону.
Арыген у сваім казанні адзначае, што
Альжбета звяртаецца да Цябе: “Маці майго Пана”, а таксама дае пацвярджэнне
Твайго імя, паказвае, што: “Трэба ведаць, што Марыя на сірыйскай мове азначае
Спадарыня”. Святы Ян Хрызалог у сваю чаргу яшчэ мацней выражае гэта наступнымі
словамі: “Марыя ў перакладзе з габрэйскай мовы на лацінскую азначае
“Спадарыня”; а таму і Анёл называе Яе Спадарыняй, каб Маці Уладара пазбылася
нявольніцкага страху, таму што дзякуючы самой ўладзе Яе нашчадка Яна ўжо
нарадзілася і завецца Спадарыняй”.
Па жаданню Святога Айца Пія ХІІ, Ты, Маці, у 1946 года была ўкаранаваная ў
сваім фацімскім абразе на Каралеву Свету і Супакою. А абвяшчаючы Цябе
Каралевай, папа нагадаў: “Да Каралевы Неба хрысціянскі люд з першых хвілін
хрысціянства кіраваў гарачыя малітвы і
пабожныя спевы, у хвіліны радасці і ў хвіліны цяжкіх выпрабаванняў у свеце і
ніколі не падманвала надзея, якую пакладалі на Цябе, Маці Боскага Валадара,
Езуса Хрыста, і ніколі не аслабела вера ў тое, што Багародзіца Дзева Марыя па
мацярынску валадарыць ва ўсім свеце і ў нябесным шчасці трымае карону
каралеўскай хвалы”.
Маці, Касцёл на працягу стагоддзяў вызнае веру ў Тваю каралеўскую годнасць.
Усведамляе Тваё унебаўзяцце, якое было заканчэннем усяго Твайго зямнога шляху і
жыцця, пазначанага служэннем і адданасцю Богу. Беззаганна Зачатая Маці, Ты праз
сваё fiat сталася Маці Божага
Сына, а пад крыжам Маці кожнага з нас, але самым вялікім клопатам Твайго
Беззаганнага Сэрца з’яўляецца збаўленне ўсіх Тваіх дзяцей.
Бог першым Цябе абраў, а потым узвялічыў Цябе, Маці, па-над усе стварэнні
на зямлі і ў небе. Ты ні ў чым Яму не адмовіла, аддала Яму ўсё сваё жыццё, усё,
што мела і чым была. Колькі ж, з хвіліны звеставання, павінна было нарадзіцца ў
Тваім Беззаганным Сэрцы думак, пытанняў, сумневаў, але да канца і ва ўсім ты
засталася “пакорнай Служабніцай Пана”. А таму можна ўсяго не разумець, можна
удзельнічаць у падзеях, перад абліччам якіх розум бездапаможны, каб іх
зразумець і не згубіць правільнга шляху ў жыцці. Як жа часта кожны з нас задае
розныя пытанні, шукае пацвярджэння і патрабуе розных бачных знакаў, каб выбраць
Езуса сваім Панам. Як жа часта перад абліччам цяжкіх і балючых досведаў у жыцці
чалавек упарта трымаецца лініі розуму і не ўмее даверыцца Богу і паверыць у
тое, што Ён з’яўляецца любоўю. На ўсё глядзіць на глебе людской логікі, а калі
перажывае цярпенне, боль, смерць – становіцца пасіўным і не ведае, што рабіць і
як глядзець на тое, што здарылася ў яго жыцці.
Маці і Каралева наша, што Ты адчуваеш у сваім Беззаганным Сэрцы, калі
глядзіш на нашу бездапаможнасць? Ці Тваё Сэрца не баліць, калі дзеці, замест
таго, каб глядзець на сваю Каралеву, шукаюць іншыя прыклады і ўказальнікі? Хоць
Ты і Беззаганна Зачатая, хоць Ты Маці Божага Сына, Бог не пазбавіў Цябе людской
натуры, а таму шмат павінна было нарадзіцца пытанняў і сумневаў перад абліччам
таямніц, у якіх Ты прымала ўдзел. Ты сама сказала падчас звеставання, што “не
разумееш, як гэта станецца”, а аднак, сказала Богу “так”. Чаму мы, Твае дзеці,
якія звяртаюцца да Цябе як да Каралевы, часта пра гэта забываемся і на ўсё
патрабуем поўных адказаў і зразумення? Калі Ты для нас Каралева, калі мы
ўглядаемся ў Цябе, чаму Ты не становішся для нас указальнікам, а Тваё жыццё
падказкай для нас? Сёння ж, калі нейкая асоба становіцца для нас ідалам, калі
мы глядзім на яе, як на некага асаблівага, як часта – нават, не ведаючы, – мы
імкнемся Яе наследаваць амаль ва ўсім. Мы не пытаемся, чаму яна так сябе
паводзіць, чаму так выглядае, чаму так укладае сваё жыццё; мы проста хочам
быць, як яна: так сама апранацца, так, як яна выглядаць, так сама спяваць,
танчыць ці граць. Чаму так, чаму гэты нехта з’яўляецца для нас кімсьці
асаблівым, як кароль, які адрозніваецца і нельга яго не заўважыць. Кожны жадае
быць такім, як ён.
А таму, Маці, калі мы гаворым пра Цябе, што Ты наша Каралева, ці гэтыя
словы праўдзівыя, ці мы сапраўды адносімся да Цябе як да некага асаблівага,
некага, хто з’яўляецца для нас узорам, ідэалам, ад якога мы не можам адарваць
позірку, думак і сэрца? Як бы было прыгожа, калі б гэтыя словы былі праўдзівымі.
Калі б яны былі праўдзівымі, нам не трэба было б непакоіцца за нашую вечнасць,
збаўленне ўсіх Тваіх дзяцей. Калі існуе пекла, яно з’яўляецца для Цябе
прадметам вялікага непакою, таму што гэта сапраўдная пагроза для кожнага з нас.
Таму у кожным сваім фацімскім пасланні Ты шмат разоў просіш малітвы і ахвяры ў
інтэнцыі навяртання грэшнікаў, гэта значыць тых, для каго гэты свет стаў усім,
тых, што не глядзяць на Цябе як на Каралеву. Як жа гэта непраўдападобна, Маці.
Якое ж гэта іншае валадаранне і ўлада. Які ж іншы падыход Каралевы да сваіх
падуладных. Каралева перажывае, бачучы дзяцей свайго народа; не думае, як іх
пакараць за тое, што яны не ўшаноўваюць Яе належным чынам, а клапоціцца аб тым,
як дапамагчы тым, што пагарджаюць Яе дапамогай. Яна не думае пра належную Ёй
хвалу, а пра кожнага з нас, пра наша шчасце, збаўленне, вечнасць. Яна не робіць
гэта ў замен, ва ўзнагароду, а заўсёды з любові. Хто ж Ты, о Беззаганная, хто
Ты, о Каралева, хто Ты, о Спадарыня неба і зямлі?
Святы людовік пісаў у сваім Трактаце: “Марыя загадвае ў небе анёлам і
блаславёным. Ва ўзнагароду за Яе глыбокую пакору Бог даў Ёй уладу і даручыў
місію, каб пасады, якія апусцелі пасля падзення з-за пыхі анёлаў, Яна запоўніла
святымі. Такая воля Найвышэйшага, які ўзвялічвае пакорных (Лк 1, 52). Ён жадае,
каб неба, зямля і пекла былі безумоўна падпарадкаваныя загадам пакорнай Марыі,
якую Ён зрабіў Каралевай неба і зямлі, Галоўнакамандуючай сваіх войскаў,
Скарбніцай сваіх багаццяў, Пасрэдніцай ласкаў, Прычынай вялікіх цудаў,
Пасрэдніцай людзей, Знішчэннем непрыяцеляў Бога і вернай Спадарожніцай сваёй
хвалы і сваіх трыюмфаў”.
Маці і Каралева, ці мы памятаем сёння пра гэта? Ці мы ўсведамляем, з кім мы
сапраўды размаўляем, калі бярэм у рукі ружанец? І праўда, а ці бярэм мы ў рукі
ружанец? Калі Ты так часта пра яго нагадваеш, заклікаеш да малітвы ружанцовай,
даеш так шмат знакаў яго вялікай плённасці, то мы, Твае дзеці, павінны ніколі
пра яго не забывацца. Ці, аднак, Тваё Беззаганнае Сэрца Спадарыні і Каралевы не
баліць, калі гэты каштоўы дар занядбаны або забыты? Ці не нараджаюцца сёння
пытанні: а навошта нам маліцца на ружанцы?, Касцёл жа не загадвае маліцца на
ружанцы, значыцца я ўвогуле не павінен маліцца на ружанцы! Мая Гаспадыня, ці
ружанец, аб якім Ты столькі разоў просіла, таксама кожны раз у Фаціме, не
з’яўляецца пэўнай праверкай таго, наколькі мы лічым Цябе нашай Каралевай?
Навошта нам маліцца на ружанцы? (…) Калі Марыя кажа рашучым тонам, як Каралева,
то гэта Яе слова з’яўляецца загадам для ўсіх Яе падуладных. Таму кожны з нас
павінен, як жаўнер, стаць на бачным месцы, аддаць чэсць і сказаць: так,
Каралева! Беззаганная Спадарыня, ці мы сёння так робім? Адказ на гэта пытанне
дазваляе мне зразумець непакой і боль Твайго Беззаганнага Сэрца. Калі ружанец
так часта не трапляе ў нашы рукі, а словы “Анёльскага прывітання” не заўсёды
гасцююць на нашых вуснах, тады і неба не з’яўляецца для нас галоўным
накірункам.
“Праз Марыю пачалося збаўленне свету і праз Марыю яно павінна выканацца.
Падчас першага прыходу Езуса Хрыста Марыя была ўкрытая, каб людзі, якія тады
яшчэ мала ведалі асобу Яе Сына, не прывязаліся занадта моцна зямным і
натуральным пачуццём да Марыі, аддаляючыся праз гэта ад праўды. Калі б Марыя
была больш вядомая, гэта было б дзякуючы Яе цудоўнаму хараству, якім Найвышэйшы
таксама Яе ўпрыгожыў. (…) Але падчас другога прыходу Езуса Хрыста, Марыя
павінна быць вядомая і аб’яўленая Духам Святым, каб праз Яе пазналі і любілі
Хрыста і каб Яму служылі, таму што прычыны, з-за якіх Дух Святы ўкрыў сваю
Абранніцу падчас Яе зямнога жыцця, даючы ў Евангеллі так мала звестак пра Яе,
ужо існаваць не будуць” – так вучыў пра Цябе св. Людовік.
Маці і Каралева з Беззаганным Сэрцам, мы няспынна набліжаемся да
прадказанага Табой “трыюмфу Твайго Беззаганнага Сэрца”. Свет пазнае поўную
праўду пра Цябе, будзе яму дадзена ласка ўбачыць Тваю незвычайную прыгажосць.
Хоць гэта і цудоўная перспектыва, аднак, нараджаецца пытанне: што будзе з тымі,
што дапусцілі знявагі і багахульствы, пра якія казаў нам Езус праз с. Луцыю, і
чаму Ты прасіла менавіта пяць першых суботаў месяца. Дзякую Табе, Маці, што
разважаючы над таямніцай Твайго ўкаранавання, я ўсведамляю, наколькі важная
ўзнагарода за грахі іншых, наколькі каштоўным дарам з’яўляецца ружанец, які дазваляе
мне размаўляць з Каралевай неба і зямлі. Ave Maria! Вітай Каралева!
IV. АПЭЛЬ
МАРЫЙНЫ
Адкуль да нас прыйдзе дапамога ў бядзе?
Хто працягне руку грэшніку?
Хто дапаможа знаеахвочанаму?
Каго заклікаць, калі няма ўжо сіл і слоў?
Надзейная наша
Дапаможніца, Найсвяцейшая Панна, цудоўная Маці! Мы прыйшлі на Тваё запрашэнне і
нам патрэбна Твая падтрымка ў шматлікіх нашых справах. Спадарыня, мы прыходзім
да Цябе са спіскам нашых просьбаў, прагненняў, сумневаў, думак. Дапамажы нам,
Марыя!
Мы чуем, што
можам звярнуцца да Цябе з гэтай просьбай, мы запрошаныя Табой. У нас ёсць
надзея, што Ты зоймешся намі, што мы адыдзем ад Цябе мацнейшыя, у лепшым
настроі. Будзь Гаспадыняй нашай сустрэчы, вядзі нас, Дапаможніца.
Дзе Ты шукала
дапамогі, Марыя? У Цябе было такое незвычайнае пакліканне, Ты не нікому не
магла даверыцца. Мы часта любім панаракаць, Марыя. Перад кім Ты магла так
па-людску памарудзіць? Якія кароткія хвіліны падтрымкі пастухамі, мудрацамі,
св. Сімяонам і св. Ганнай. Адзін з Папаў пісаў, што св. Юзаф быў Тваім сябрам і
суцяшальнікам, Найсвяцейшая Панна. Такое цяжкае пакліканне, надзвычайны шлях
сярод чужых людзей. Ты ведаеш, Панна мудрая, як патрэбныя пакліканым людзям
суцяшэнне, падтрымка, дапамога кожны дзень. Штодзённасць часта нас прыгнятае;
нібы ведаем, што трэба рабіць, а аднак, для нас лягчэйшыя аднаразавыя вялікія
святы ці падзеі, чым такая рэгулярнасць штодзённай малітвы, усмешкі,
цярплівасці…
Ты была такая
моцная, вытрывалая, не паддавалася знеахвочванню. Мы чытаем, што Ты перш за ўсё
жыла ў небяспецы пагражаючай Табе і Дзіцяці, што шмат гадоў не адбывалася
нічога надзвычайнага, амаль, як у нас. Панна святой штодзённасці, нам кожны
дзень патрэбна Твая дапамога, каб таксама і наша штодзённасць была святая і
добрая, блізкая Сэрцу Езуса. Ты бачыла Збаўцу і Дапаможцу свету ў малым
Дзіцяці, мы таксама павінны бачыць
нашага Пана і Сябра, нашую дапамогу ў Эўхарыстыі.
Бог быў Тваім
Дапаможцам, Цябе вучыла гэтаму сям’я, блізкія, Ты ведала малітвы і псальмы,
якія заахвочвалі адважна і настойліва шукаць дапамогі ў самога Бога. Ты бачыла,
што Твой Сын з Найсаладзейшым Сэрцам стаў Дапаможцам спачатку вернікаў, а потым
і язычнікаў. Ты таксама, з’яднаная ўсім Беззаганным Сэрцам з Ім, згадзілася
стаць Дапаможніцай. Панна святой штодзённасці, дапамагай нам.
Ты Яго Маці, Ты
слухала Яго навуку, разважала над Яго Словамі і вучылася ў Яго – Ты бачыла, што
Ён хацеў падтрымліваць людзей на шляху да Бога, і гэтага ж чакаў ад сваіх
блізкіх, ад Апосталаў, ад вучняў і вучаніц. Шмат з іх глядзела таксама на Цябе
і вучылася ў Цябе. Прыходзілі да Цябе за духоўнай дапамогай, Панна мудрая, і
адначасова захапляючыся Табой, хацелі быць да Цябе падобнымі. Тваё Беззаганнае
Сэрца, такое блізкае Езусу, стала дапамогай вернікам у такіх шматлікіх справах
важных і штодзённых, вернікаў, а значыць тых, адданых Езусу, свайму пакліканню,
сваёй дарозе жыцця.
Панна моцная,
Панна дапамагаючая верным, блізкім Твайму Сыну, будзь побач з намі і дапамажы
нам быць побач з Табой. Мы хочам быць з Табой і, як Ты быць радасцю Твайго
Беззаганнага Сэрца, як Твае верныя. Касцёл узнагародзіў Цябе цудоўным тытулам,
Панна мудрая – Ты сапраўды Каралева ўсіх, дапамога грэшнікаў, але каб нам не
ўпасці, каб не згубіцца, нам патрэбна таксама ўзмацненне нашага паклікання,
нашага шляху, нашых дароў. Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца вядзе нас да Сэрца
Езуса, якога прагнем мы самі і ўвесь свет.
Дапаможніца верных, ці мы
таксама можам быць дапамогай іншым вернікам, якія працуюць для дабра, застаюцца
вернымі пакліканню? Часта шмат людзей
моліцца за тых, што перажываюць крызіс, праблемы, цяжкасці і пагрозы, здаецца,
шмат людзей служыць сваёй малітвай, ахвярай і пакутай, як духоўная хуткая
дапамога. Але мы ведаем таксама, што вялікая пагроза можа спаткаць і тых, што
з’яўляюцца радасцю Касцёла, прыкладам для іншых, сведчаннем веры. Будзем маліцца,
як Ты, Дапаможніца верных, за пакліканне нашых блізкіх, у нашай сям’і і
парафіі, дыяцэзіі. Мы будзем разам з Табой маліцца за ўзмацненне таго, што ўжо
з’яўляецца справай Духа Божага, хвалой Касцёла. Разам з Табой, мы хочам
дапамагаць вернікам, Каралева Апосталаў, Каралева прарокаў, Каралева дзеваў,
Каралева ўсіх святых. Амэн.
Перакладзена з польскай мовы.
Droga przez Serce. Przymierze serc Jezusa, Maryi, naszych.
Sekretariat Fatimski 2016