ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЯ СУСТРЭЧА З МАЦІ БОЖАЙ
Ахвяраванне Езуса ў святыні
Маці, вось я!
Я разам з Тваім
Сэрцам, о Беззаганная Маці. Я разам з Табой у гэты асаблівы дзень, які Ты сама
выбрала, - у першую суботу месяца. Ты паказала яго нам як дзень надзеі, якую Ты
нясеш тым, што ў чысцы, але таксама і дзень любові, якой Ты агарняеш увесь
свет, прагнучы падтрымліваць нас на шляхах збаўлення.
Разважаючы над
Тваёй прысутнасцю побач з Сынам, разам з Табой, Маці, і Тваім Абраннікам
Юзафам, мы ідзем у святыню, каб прыняць удзел у ахвяраванні Езуса.
Мы не ведаем, як
выглядала вашае супольнае падарожжа да святыні. Магчыма ў дарозе Ты глядзела на
Юзафа і думала: што ён адчувае, ці разумее тое, што адбываецца? Магчыма, калі
Дзіцятка Езус заплакаў, калі трэба было Яго накарміць, прытуліць, у Тваім Сэрцы
нараджаліся пытанні: ці гэта ўсё адбываецца на самай справе, ці сапраўды гэтае
малое Дзіцятка з’яўляецца Сынам Божым, які стаўся чалавекам? Ці думкі не
падсоўвалі Табе зусім іншы адказ, і такім чынам не нараджалі ў Табе сумневы?
Што Ты адчувала, о Беззаганная, у хвіліну, калі Юзаф трымаў на руках ці
прытуляў маленькага Езуса, але не быў Яго айцом? Ці ў яго вачах, у яго жэстах,
у яго клопатах і прысутнасці Ты магла прачытаць, што ён да канца давярае Табе?
Мы не ведаем адказу на гэтыя пытанні, але без сумневу ўжо адно вашае супольнае
падарожжа да святыні кажа нам шмат пра вашу прыгожую і глыбоую любоў і давер
Богу.
Вось святыня ў
Ерузалеме і сцэна ахвяравання, якую апісвае евангеліст Лука.
“А калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея,
бацькі прынеслі Яго ў Ерузалем,
каб прадставіць Пану, —
як напісана ў
Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу
павінна быць прысвечана Пану; — і каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе
Пана, пару туркавак або двух галубіных птушанят.
І вось, быў
у Ерузалеме чалавек,
імя якога Сімяон.
Чалавек гэты, праведны і
пабожны, чакаў суцяшэння
Ізраэля, і Дух
Святы спачываў на ім.
Было яму прадказана
Духам Святым, што
ён не зазнае
смерці, пакуль не ўбачыць
Месію Пана. І прыйшоў
ён, натхнёны Духам,
у святыню. А калі
бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закону, ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і
сказаў:
«Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару,
паводле слова Твайго, у спакоі;
бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё,
якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў,
святло для асвятлення язычнікаў
і хвалу народу Твайго Ізраэля».
А бацька і
Маці Езуса дзівіліся
таму, што было
сказана пра Яго. І
благаславіў іх Сімяон,
і сказаў Марыі,
Маці Яго: «Вось
гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і
на знак, якому супраціўляцца будуць.” (Лк 2, 22-34)
Беззаганнае Маці, евангеліст Лука заўважае ў Цябе, як і ў
Юзафа пэўнае здзіўленне. Ты ўваходзіш у святыню, столькі людзей, нікога
знаёмага, але вось нейкі чалавек падыходзіць да вас і бярэ Езуса на рукі,
бласлаўляе Бога, так, як бы ўсіх вас дасканала ведаў. Ці гэта не здзіўляе? Хто
гэты чалавек, што ён кажа? Ці гэты старац сказаў, што яго вочы ўбачылі Божае
збаўленне, прыгатаванае ўсім народам? Адкуль ён ведае, што ў гэтым месцы, ў
гэты час, у гэтай падзеі здзяйсняецца Божы план збаўлення? План, пра які сказаў
Табе Анёл у хвіліну звеставання. Беззаганная Маці , Сімяон давярае Табе і
бласлаўляе Бога. Аднак, шмат людзей, нават блізкіх, сумнявалася ў Тваёй
сумленнасці, а можа нават вельмі негатыўна ацаніла факт Твайго бласлаўлёнага
стану, перш чым Ты пачала жыць з Юзафам. А тут нехта цалкам невядомы, беручы на
рукі Езуса, бласлаўляе Бога. Ты радуешся таму, што нарэшце дачакалася гэтай
цудоўнай хвіліны; яго вочы ўбачылі тое, што ён так доўга чакаў, убачылі
абяцанага і так шмат стагоддзяў чаканага Месію. Вось здзяйсняецца прадказаны
прарокамі Божы план збаўлення.
Ці ў такую хвіліну, хвіліну здзіўлення, разгубленасці не
прыходзіць таксама і суцяшэнне? Усведамленне таго, што я не адзін са сваёй
таямніцай, што нехта мяне разумее, давярае мне, так моцна ўзмацняе, дадае сіл.
Хоць гэта і не дае адказаў на нашыя пытанні, аднак, такі жэст вельмі нас
узмацняе.
Маці, як бы я хацеў цяпер стаць побач з Сімяонам, каб таксама
сказаць Табе, што я люблю Цябе, што давяраю Табе і дзякую за Тваё fiat, якое Ты
сказала Анёлу. Ты нясеш цяжар абранасці, цяжар таямніцы, якая выходзіць за межы
людзкога ўяўлення. Цяжка нават сабе ўявіць, што адбываецца ў Тваім Беззаганным
Сэрцы. Калі, аднак, Сімяон, таксама з ласкі Духа Святога, змог знайсці Цябе ў
святыні, распазнаць і не задаваць ніякіх пытанняў, гатовы аддаць уласнае жыццё
за дар гэтай хвіліны, значыць можна ўвайсці хоць на кроплю ў глыбіню гэтых
таямніц. Я разумею, Маці, і прашу прабачэння за тое, што так лёгка адмаўляюся
ад разважання над Божымі праўдамі збаўлення. Прабач, што сёння мы так часта
чакаем знакаў, цудаў, думаючы, што гэта дапаможа нам паверыць, а не вучымся ў
Цябе, гледзячы на Тваё жыццё. Як цяпер аказваецца ў бляску Твайго Беззаганнага
Сэрца, гэтыя нашыя домыслы толькі спакуса, якая не вядзе нас да веры. Сімяон не
прасіў слоў, упэўненасці, знакаў, доказаў, але як чалавек справядлівы і
пабожны, чакаючы выканання прароцтваў пра месію, спазнаў ласку: яму гэта
аб’явіў Дух Святы. Вера – гэта ласка, дар Божы. Ці ж гэтаму не навучыла мяне
сцэна звеставання, а цяпер я пра гэта ўжо не памятаю? Прабач, Маці!
Слухаю далей словы Сімяона, углядаюся ў здзіўленне Тваё і
Юзафа і ўсведамляю, што Бога заўсёды здзіўляе, заўсёды выходзіць за межы
нашага, здавалася б, непраўдападобнага ўяўлення. Таму што Бог заўсёды большы.
Маці, хоць пасля звеставання цяжка было б быць упэўненым ва ўсім, аднак,
дзявочыя народзіны Езуса павінны былі быць знакам Божага дзеяння і
пацвярджэннем таго, што Бог сапраўды ажыццяўляе свой план. Езус нарадзіўся як
жывое сапраўдане дзіця. Думаючы па-людзку, ці патрэбна яшчэ нешта, каб паверыць;
ці можа Цябе яшчэ нешта здзівіць, калі тое, што сказаў Анёл, стала фактам: Ты
нарадзіла Сына Божага. Таму дарога веры і даверу Богу – гэта не адна падзея.
Дарога – гэта не адзін крок, гэта не адзін заклік, на які трэба адказаць, але
таксама і не адна падзея, якая можа вельмі здзівіць.
У святыні з вуснаў Сімяона выходзяць словы, што Езус гэта
“святло для асвятлення язычнікаў” і хвала Ізраэля; мы чуем тое, што прадказвалі
прарокі, а аднак нараджаецца здзіўленне. Ці ж маці, якая любіць сваё смяротна
хворае дзіця, не моліцца і не просіць у Бога цуду? А калі яно стане фактам,
хоць і доўгачаканым, выплаканым, вымаленым, ці не нараджаецца здзіўленне? Ці ў
такую хвіліну ў нас няма ўражання, што наша сэрца вырываецца з грудзей?
Вось чарговы ўрок, Маці, для кожнага з нас. Досвед цуду
з’яўляецца незвычайна абавязваючым, з’яўляецца Божым дарам і калі пры гэтым
няма паставы пакоры з нашага боку, гэты досвед, як ні парадаксальна, можа
аддаляць нас ад Бога. Сёння можна пачуць, як часам некаторыя асобы ганарацца
тым, што перамаглі ў змаганні з ракам. Яны адчуваюць сябе ганарлівымі, моцнымі
і ўпэўненымі ў тым, што калі чалавек не паддасца, то зможа ўсяго дасягнуць.
Нажаль, у такіх думках часта не хапае ўдзячнасці Богу, таму што людзі думаюць,
што гэта яны выйгралі бітву, гэта іх поспех, гэта яны не паддаліся. Маці, як жа
нам патрэбны гэты ўрок з Табой у святыні, каб навучыцца пакоры, каб нястомна
дазваляць Богу нас здзіўляць, Богу, які заўсёды большы за нашае людзкое
ўяўленне. Што Ты адчуваеш, Маці, калі так шмат дзяцей просіць у Цябе цуду,
дапамогі? І нават не ўсведамляюць, не разумеюць, што такі знак, калі яго
просяць бяз веры, мог бы аддаліць іх ад Твайго Сына. Яны просяць, а калі не
атрымліваюць, не заўсёды жадаюць з пакорай прыняць волю Божую і суманяваюцца ў
моцы Твайго пасрэдніцтва або любові Божай. Ці для маці можа быць больш вялікі
боль за той, калі яе ўласнае дзіця засумняваецца ў яе любові? Ці гэты боль не
быў прадказаны Сімяонам словамі: “А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся
думкі многіх сэрцаў”? Пройдзе не цела, а душу; меч, які не справакуе смерці
цела, а боль душы; справакуе боль, які пройдзе наскрозь.
Ты чуешь гэта, Маці? Сімяон кажа больш, што нявіннае
Дзіця прызначана: “на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому
супраціўляцца будуць, […] каб выявіліся думкі многіх сэрцаў”. Што ж яшчэ
здарыцца, гэта яшчэ не канец дарогі; тут у святыні нічога яшчэ не скончыцца.
Гэта Дзіця правядзе да ўпадку многіх, і многіх уздыме; Яму будуць
супраціўляцца, дзякуючы чаму выйдзе праўда іх сэрцаў. Магло б здавацца, што
прыняцце волі Бога у хвіліну звеставання, вяртанне ад Альжбеты ў Назарэт стане
блаславёным, размова з сям’ёй і Юзафам, вось, можна было б спадзявацца, самыя
цяжкія хвіліны. Аднак, радасць, захапленне, якое Ты перажываеш у святыні, гэта
толькі кароткая хвіліна адпачынку, час дае сілы на далейшую дарогу. Ці сёння
шмат хто з нас, ведаючы пра чакаючыя цяжкасці на дадзеным шляху, не
засумняваўся б не адмовіўся да прынятых раней пастанаўленняў? Так шмат людзей
хоча даведацца пра сваю будучыню, але яны чакаюць шчаслівага і пазітыўнага
адказу. Што б рабілася, калі б кожны з нас ведаў сваю будучыню і ведаў, што нас
чакаюць хвіліны, якія наскрозь прасякнуць нас болем? Ці мы б вырушылі тады ў
далейшую дарогу і з тым жа самым запалам? Ці не шукалі б іншых магчымасцыў
пазбегнуць таго, што павінна нас напаткаць?
Маці, што адбывалася ў Тваім Беззаганным Сэрцы? Да канца
і кожную хвіліну Ты заставалася пакорнай служабніцай Пана. Я даведаўся, што
вернасць і любоў не выключаюць болю, а робяцца дасканалымі і правяраюцца ў
выпрабаваннях.
Дзякую, Табе, Маці, за Твой прыклад. Я веру, што
наслядуючы Цябе такую, як я пазнаў ў ахвяраванні ў святыні, я найлепшым чынам
суцешу Тваё Беззаганнае Сэрца, калі буду блізка да Езуса, а свядомасць выпрабаванняў
і цяжкасцяў не дазволіць мне павярнуць і сысці з гэтага шляху. Ave Maria!
Перакладзена з польскай мовы.
Droga przez Serce. Przymierze serc Jezusa, Maryi, naszych.
Sekretariat Fatimski 2016