1.30.2017

2017 - юбілейны год Фацімскіх абя'ўленняў

ГОД 2017
ДЗЕВЯТЫ ГОД ВЯЛІКАЙ ФАЦІМСКАЙ НАВЭННЫ

“Праз бязмежныя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца
і Беззаганнага Сэрца Марыі
прашу Вас аб навяртанні бедных грэшнікаў”.
Фаціма 1916

 
Мінула восем гадоў нашай працы, заангажавання, апостальства, малітвы і ахвяры дзеля таго, каб хоць на кроплю паспрыяць таму, каб Марыя была больш "вядомая і каханая”, а пра Яе пасланне даведаўся і адказаў увесь свет. Цяпер мы ўваходзім ў апошні год падрыхтоўкі да стогадовага юбілею Фацімскіх аб’яўленняў. Апошні год Навэнны будзе пераплятацца з самім юбілеям, таму галоўнай мэтай падрыхтоўкі было жаданне перажыць гэтую гадавіну не святкаваннем самой даты, а выкананнем просьбы, якую скіравала да свету ў Фаціме Маці Божая. У папярэднія гады мы ўзгадалі просьбу Фацімскай Спадарыні, якая датычыцца набажэнства да Яе Беззаганнага Сэрца, і з’яўляецца сутнасцю Яе паслання.
   У юбілейным годзе найпрыгажэйшым выразам нашага святкавання будзе выказванне ўдзячнасці праз выкананне скіраванай да нас просьбы, а не толькі ўзгадванне факту аб’яўленняў і сухое слова “дзякуем”. Наша падзяка за дар аб’яўленняў у Фаціме, за Пасланне Надзеі, будзе поўнай і шчырай, калі яна будзе адказам на заклік, за які мы дзякуем. Нельга быць удзячным за тое, чаго я не ведаю, за падарунак, які я нават не распакаваў. Таму апошні год Вялікай Фацімскай Навэнны, якая вяла нас да пазнання набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі, будзе пераплятацца з Юбілеям, падчас якога наша ўдзячнасць будзе выражацца ў старанным практыкаванні ўзнагараджальнага набажэнства на працягу пяці першых суботаў месяца, а таксама прысвячэнні Беззаганнаму Сэрцу Марыі: асабістым, сямейным ці парафіяльным. […]
Падчас юбілейнага года заахвочваем вас да разважання над тэмай апошняга года Вялікай Фацімскай Навэнны, якая паказвае саму сутнасць Фацімскага Паслання, якое, як сказаў Ян Павел ІІ: “настолькі ўкаранёнае ў Евангелле і ўсёй Традыцыі, што Касцёл адчувае, што гэтае пасланне накладвае абавязак выслухаць яго” (Фаціма, 13 мая 1982 г.). Кіруючай тэмай на гэты прыгожы і асаблівы час з’яўляюцца словы:

Дарога праз Сэрца.
Лучнасць сэрцаў Езуса, Марыі, нашых.

Звернем увагу на тое, што вельмі часта Фаціму атаясамліваюць толькі з Марыяй, з марыйнай пабожнасцю ці прыватнымі аб’яўленнямі. Апошняя тэма ў нашым паглыбленні ведаў пра Фацімскае Пасланне паказвае нам шлях, каб мы бачылі Фаціму шырэй, а таксама заўважылі “сэрца Фацімы”, якая датычыцца набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі. Добра, каб мы ў сваю чаргу ўсвядомілі, што гэта набажэнства не засяроджвае нас толькі на Марыі, а вядзе да Сэрца Езуса, хоць назва гэтай формы пабожнасці, здаецца, падразумявае нешта іншае. Таму фацімская пабожнасць не можа быць засяроджана толькі на Марыі, але праз Сэрца Марыі павінна весці нас да Сэрца Езуса, што пацвярджае кожная малітва, якой вучылі Фацімскіх Пастушкоў як Анёл Супакою, так і Маці Божая.
Узгадаем змест трох сустрэч Фацімскіх дзяцей з Анёлам Супакою, каб пераканацца, што малітвы, якім Ён іх навучыў, скіраваныя і да Сэрца Езуса, і да Сэрца Марыі. Важна падкрэсліць і тое, што так гучаць не адна, а ўсе малітвы. А таму, накірунак, які паказаў Анёл, аб’яўляючыся маленькім Пастушкам, з самага пачатку быў адназначны і вельмі дакладны.
Сустрэч з Анёлам было некалькі, але тры апошнія настолькі істотныя, што пасля таго, як Анёл пачаў размаўляць, гэтыя сустрэчы былі апісаныя Луцыяй з узгадваннем слоў Анёла, якія ён тады скіраваў да Пастушкоў. Вось як гэта апісвае Візіянерка: “Дату не магу вызначыць дакладна, бо тады не ўмела яшчэ лічыць на гады, ні месяцы, а нават тыдні. Здаецца мне, аднак, што гэта было вясной 1916 года, тады Анёл аб’явіўся нам упершыню ў Лока дэ Кабэсо”. Сама сустрэча прабягала так:

“Наблізіўшыся да нас, ён сказаў:- Не бойцеся, я Анёл Супакою! Маліцеся са мной.
Ён укленчыў і схіліў галаву да зямлі.
Ахопленыя надзвычайнай моцай мы рабілі тое самае і паўтаралі словы, якія ён прамаўляў:
- О мой Божа, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе, люблю Цябе. Прашу ў Цябе, каб Ты прабачыў тым, што не вераць, не праслаўляюць Цябе, не любяць Цябе, не давяраюць Табе.
Пасля таго, як ён паўтарыў гэта тры разы, ён узняўся і сказаў:
- Так вы павінны маліцца! Сэрцы Езуса і Марыі ўважліва слухаюць вашыя просьбы. – І знік”.

Малітва, якой Анёл навучыў дзяцей і якую яны павінны былі паўтараць, уважліва слухае як Сэрца Езуса так і Сэрца Марыі.
На гэтым, аднак не канец, Анёл падчас чарговай сустрэчы увёў Пастушкоў у больш глыбокае разуменне малітвы і звязанай з ёй пакутай.

“Наступнае аб’яўленне было летам. У дні самай вялікай гарачыні, у палудзень мы павялі наш статак да дому, каб вечарам зноў яго выпусціць на пашы. Гадзіны адпачынку апоўдні мы праводзілі ў ценю дрэў, што былі вакол студні, пра якую я ўжо шмат разоў узгадвала. Раптам мы ўбачылі перад намі таго ж самага Анёла:
   - Што вы робіце? Маліцеся! Шмат маліцеся! Сэрцы Езуса і Марыі жадаюць аказаць (свету) вялікую міласэрнасць. Нястомна ахвяруйце Найвышэйшаму малітвы і ўтаймванні.
   - Як нам трэба гэта рабіць? – запыталася я.
   - З усяго, што толькі можаце, складайце ахвяру як узнагароду за грахі, якімі Ён зняважаны, і каб выпрасіць навяртанне грэшнікаў. Такім чынам вы прыцягнеце супакой для вашай Айчыны. Я – Анёл Ахоўнік Партугаліі. Перш за ўсё прыміце і з пакорай зносце ўсе цярпенні, які Бог вам спашле”.

Сэрца Езуса і Сэрца Марыі ўважліва слухаюць малітвы, якія ўзносяць Фацімскія Пастушкі. Іх малітва, аднак, павінна ісці разам з утаймаваннямі, якія яны практыкуюць ці павінны практыкаваць. Вось шлях, каб спазнаць “шмат міласэрнасці”. Часам для некаторых асоб ужо сама малітва здаецца быць вялікай ахвярай і пакутай. Аднак навучанне Анёла не пакідае нам адхілення, і разам з малітвай мы павінны практыкаваць пакутныя акты або ўтаймаванні. Указанні Божага Пасланніка паказваюць нам вельмі важны элемент. Звычайна пакуту мы атаясамліваем з практыкаваннем пэўных учынкаў, якія самі сабе выбіраем і вызначаем іх меру. А Анёл вучыць, што нечым фундаментальным на шляху пакуты і ўтаймавання з’яўляецца ў першую чаргу звяртанне ўвагі на тое, ці прымаю я ў духу паслухмянасці і з любоўю тое, што мне дае Бог. Гаворка не ідзе пра тое, каб паказаць Богу, што мы самі сабе выдумалі, а прыняць тое, што Ён сам нам дае, у духу паслухмянасці на шляху пакуты і ўтаймавання.
 Вось два Сэрца: Сэрца Марыі, якое паслухмяна сказала “так” у хвіліну звеставання, і Сэрца Езуса, якое ў Садзе Аліўным сказала Айцу: “не мая, але Твая воля няхай станецца”. Найсвяцейшае Сэрца Езуса і Беззаганнае Сэрца Марыі ўзгаданыя тут, таму што для кожнага з нас яны самы дасканалы ўзор шляху, які быў паказаны Пастушкам, а таксама кожнаму з нас. Няма сапраўднай пакуты без духа паслухмянасці Божай волі і Божым намерам. Калі я гэтага не разумею, то дапамогай мне павінен стаць прыклад “двух Сэрцаў”, якія з’яўляюцца найлепшым прыкладам, узорам і заклікам да паслухмянасці на шляху пакуты.
Трэцяя сустрэча з Анёлам з’яўляецца чарговай катэхезай, якая вядзе нас да глыбейшага пазнання Божага выхавання. Гэта заканчэнне падрыхтоўкі Дзяцей да сустрэчы з Маці Божай, а перш за ўсё да прыняцца Паслання, якое будзе звязана з малітвай і ахвярай.

Трэцяе аб’яўленне, здаецца мне, адбылося ў кастрычніку ці ў канцы верасня. На гэты раз у гадзіну абедзеннага перапынку мы не былі дома. Як я ўжо згадвала, пішучы пра Гіяцынту, мы перайшлі з Прэг’еры (маленькі аліўны лес, які належыў маім бацькам) да Лока да Кабэса, мінаючы схіл узгорку з боку Альюстрэль і Каза Вэльга. Там мы спачатку памаліліся ружанец і малітву, якой нас навучыў Анёл падчас свайго першага аб’яўлення. 
   Калі мы там былі, нам паказаўся Анёл у трэці раз. Ён трымаў у руцэ келіх, над якім узносілася Святая Гостыя, з якой да келіха сплывалі кроплі Крыві. Раптам келіх з Гостыяй павіс у паветры, а Анёл укленчыў на зямлі і тры разы паўтарыў малітву:
   - Найсвяцейшая Тройца, Ацец, Сын, Дух Святы. З глыбокаю пакораю хвалу Табе аддаю і ахвярую Табе Найсвяцейшае Цела і Кроў, Душу і Боскасць Пана нашага Езуса Хрыста, прысутнага на ўсіх алтарах усяго свету, як перапрашэнне за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якімі Яго абражаюць. Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі прашу ў Цябе ласку навяртання бедных грэшнікаў”.

   Малітва на ружанцы перад св. Імшой; ці такі выраз пабожнасці не перашкаджае сёння некаторым асобам, нават веруючым? Ці не досыць ім толькі св. Імшы? Тут аднак, у нас ёсць прыклад таго, як пасля ружанцовай малітвы дзеці апынуліся перад абліччам Таямніцы Еўхарыстыі і прымаюць Цела і Кроў Езуса. І ў гэтым кантэксце, побач з праўдай пра рэчаісную прысутнасць Бога ў постаці хлеба і віна была нагаданая сувязь, якая злучае Сэрца Езуса і Марыі. Эўхарыстыя – гэта ўвесь Езус, але ці толькі Ён адзін? Ці было магчымым уцелаўленне Сына Божага без fiat Марыі? Ці  ж Цела і Кроў Божага Сына не маюць крыніцы ў Марыі? Ці ж кроў маці не з’яўляецца кроўю дзіцяці, якое ў Ёй зачата? Ці сэрца маці – гэта не сэрца дзіцяці з самага пачатку? Ці маці не “дае цела” дзіцяці, якога носіць ва ўлонні? Калі Бог стаў сапраўдным чалавекам, то ці не “ўзяў” Ён Цела з Дзевы Марыі? Ці ж тое самае Цела і Кроў не складаюцца на алтары падчас кожнай эўхарыстычнай ахвяры? А таму, ці можна аддзяліць Марыю ад Эўхарыстыі, або аддзяліць Сэрца Езуса ад Сэрца Яго Маці? Такія пытанні можна задаваць бясконца, так як бясконцым ёсць сам Бог. Аднак адказ заўсёды будзе адным: немагчыма аддзяляць Езуса ад Марыі, Сэрца Сына ад Сэрца Яго Маці. Таксама і падчас Эўхарыстыі, калі мы засяроджваем усю ўвагу на прысутнасці Бога, мы не можам забыцца пра Марыю, якая з’яўляецца Маці Містычнага Цела Хрыста, а таксама Маці Эўхарыстыі і першым Табернаклем.
 Дарога, паказаная Анёлам не заканчваецца аб’яўленнем Спадарыні з Неба, а знаходзіць сваё паглыбленне і развіццё ў змесце Паслання Маці Божай. У маі, падчас першай сустрэчы са Спадарыняй з Неба, былі сказаныя амаль тыя самыя словы, якія пры першай сустрэчы скіраваў да дзяцей Анёл. Прыгожая Спадарыня з Неба задала тром Пастушкам наступнае пытанне:

“- Ці хочаце вы ахвяравацца Богу, каб зносіць усе цярпенні, якія Ён вам пашле як узнагароду за граіхі, якімі Яго абражаюць, і як просьбу аб навяртанні грэшнікаў?
- Так, хочам!
- Вы павінны будзеце шмат выцярпець, але ласка Божая будзе вашай моцай!"

Ахвяра, пакута, цярпенне – гэта шлях узнагароды за грахі, але таксама і форма просьбы, малітвы аб ратунку за грэшнікаў. Аднак, як можа здавацца, гэта цяжкі шлях і прызначаны ён толькі для абраных. Ці гэта сапраўды так? Звернем увагу на тое, што, як запэўнівае Марыя, ласка Божая будзе нашай моцай. Нам не трэба непакоіцца пра запас, спачатку патрэбна адважнае рашэнне згадзіцца на Божую прапанову. Менавіта такая пастава Духа вядзе нас далей у глыбіню Божых намераў і планаў, якія ў чэрвені, у межах чарговай сустрэчы, паказала Маці Божая такім чынам:

“Я папрасіла аб аздараўленні аднаго хворага.
- Калі ён навернецца, то выздаравіць на працягу года.
- Я б хацела папрасіць, каб Спадарыня забрала нас да неба.
- Так! Гіяцынту і Францішка я хутка забяру. Tы, аднак, застанешся тут на нейкі час. Езус хоча выкарыстаць цябе, каб людзі больш мяне пазналі і пакахалі. Я б хацела ўстанавіць у свеце набажэнства да майго Беззаганнага Сэрца.
- Я застануся тут адна? – запыталася я са смуткам.
- Не, дачка мая! Ты з-за гэта моцна церпіш? Не губляй адвагі. Я ніколі цябе не пакіну, маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і шляхам, які прывядзе цябе да Бога".

Пачатак і канец дарогі, якая вядзе праз Сэрца Марыі, у Богу. Гэта Бог першым стукаецца да Сэрца Марыі і звяртаецца да Яе з просьбай стаць Маці Яго Сына. Гэта Бог прагне ўстанавіць у свеце набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі як паратунак для свету і грэшнікаў. Гэта Езус прагне, каб Яго Маці была вядомая і каханая. Воляй Божай з’яўляецца таксама тое, каб той, хто выбраў шлях, які вядзе праз Беззаганнае Сэрца, дасягнуў збаўлення. Больш таго, як мы можам пераканацца, гэты шлях асаблівы. Хто яго выбраў, будзе аздобай Божага трону. Як жа гэта красамоўна, прыгожа і мабілізуюча. Ці гэтае абяцанне не захапляе, а сёння ці не павінна нас пасароміць тое, што настолькі асаблівы і выключны шлях так мала вядомы і практыкаваны? Падкрэслім яшчэ раз, што нам трэба паглыбляцца ў змест Фацімскага Паслання, глыбей убачыць гэты шлях; трэба, каб мы не глядзелі на Фаціму толькі як на марыйную пабожнасць, а заўважылі неразрыўную сувязь Сэрца Езуса і Сэрца Марыі. Сапраўдная марыйнасць нараджаецца ў Сэрцы Бога і вядзе да Бога, а не затрымлівае нас толькі на асобе Марыі.
 Вось, праз чарговыя выявы, пад кіраўніцтвам Спадарыні з Неба, мы ўзыходзім на вяршыню духоўнай пілігрымкі. У ліпені нам адкрываецца змест трох частак фацімскай таямніцы, а тым самым цалкам адкрываецца праўда пра Беззаганнае Сэрца Марыі, неразрыўна звязанае з Найсвяцейшым Сэрцам Езуса.

“Потым я сказала Ёй некалькі просьб, не памятаю ўжо, якія. Памятаю толькі, што нашая Добрая Спадарыня сказала, што трэба маліцца на ружанцы, каб атрымаць гэтыя ласкі на працягу года. А потым далей працягвала:
   - Ахвяруйцеся за грэшнікаў і часта кажыце, асабліва, калі будзеце прыносіць ахвяры: “O Езу, раблю гэта з любові да Цябе, для навяртання грэшнікаў і для ўзнагароды за грахі супраць Беззаганнага Сэрца Марыі.
Напужаныя, мы ўзнеслі вочы на нашую Спадарыню, шукаючы ў Яе дапамогі, а Яна поўная дабрыні і смутку, сказала нам:
   - Вы бачылі пекла, куды ідуць душы бедных грэшнікаў. Каб іх ратаваць, Бог хоча распаўсюдзіць па свеце набажэнства да майго Беззаганнага Сэрца. Калі будзе зроблена тое, што Я вам скажу, шмат душаў будзе ўратавана ад пекла і ў свеце запануе супакой. Вайна набліжаецца да заканчэння”.

Ратункам для грэшнікаў з’яўляецца Беззаганнае Сэрца Марыі. Гэта шлях, які нараджае шмат пытанняў, таму што Марыя з’яўляецца, як кожны з нас, стварэннем і чалавекам, а не Богам. Мы не можам пра гэта забыцца, а тым больш сціраць неперадольныя межы паміж Створцам і стварэннем. А аднак менавіта Бог прагне ўстанавіць набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі. І на гэты аргумент указвае с. Луцыя, прыводзячы аргументы, якія абасноўваюць менавіта гэтае набажэнства. А таму навошта такое набажэнства? Таму што Бог так жадае – такім быў адказ с. Луцыі – вельмі каротка і адназначна. Аднак, назва набажэнства, якое паказвае на Марыю, гэта адзін аспект, другі – гэта яго ўласцівы змест, а ён паказвае на Езуса, які ёсць адзінай мэтай, да якой мы імкнемся праз Беззаганнае Сэрца Марыі. Таму, хоць назва набажэнства падказвае нешта іншае, аднак сутнасць тут адназначная: Езус, да якога мы ідзем праз сакрамэнтальную споведзь, ружанец, медытацыю, а таксама св. Камунію. А значыцца і гэтая нітачка ўказвае нам на вельмі красамоўную і глыбокую еднасць Сэрца Езуса і Сэрца Марыі. Якія ж прыгожыя словы церпячай Гіяцынты, якая ў апошнія месяцы жыцця, ведаючы, што адыходзіць з гэтага свету, з такім заклікам звярнулася да Луцыі:

“Я ўжо хутка пайду да неба. Ты застанешся тут, каб сказаць людзям, што Бог жадае распаўсюдзіць па свеце набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі. Калі прыйдзе час, каб пра гэта сказаць, не хавайся. Скажы ўсім людзям, што Бог дае ласкі праз пасрэдніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі, што людзі павінны ў Яго прасіць ласкі праз гэта Сэрца, што Сэрца Езуса жадае, каб разам з Яго Сэрцам праслаўлялі Беззаганнае Сэрца Марыі. Няхай яны просяць аб супакоі Беззаганнае Сэрца Марыі, таму што Бог гэтаму Сэрцу даверыў супакой у свеце. Ах, калі б я магла ўкласці ў сэрцы ўсіх людзей полымя, якое палымнее ў глыбіні майго сэрца, і дзякуючы якому я так моцна люблю Сэрца Езуса і Сэрца Марыі!”.

Воля Божая ў тым, каб разам з Сэрцам Езуса мы праслаўлялі Беззаганнае Сэрца Марыі. Немагчыма ўявіць сабе іншай дарогі да Бога, калі Ён сам выбірае такую дарогу, каб праз Беззаганнае Сэрца Марыі стаць Чалавекам. Сам Бог паказвае нам гэтую дарогу, а таму, хоць розум падсоўвае нам шмат сумневаў і пытанняў, нельга дазволіць сябе падмануць, каб дыктаваць Богу нашыя людзкія рашэнні. Вельмі выразна выразіў гэта кард. Ю. Рацынгер у каментары да трэцяй фацімскай таямніцы.

“Каб ратаваць душы ад пекла нам даецца – да здзіўлення людзей англасакскага і нямецкага культурнага кола – культ Беззаганнага Сэрца Марыі. Каб гэта зразумець, досыць кароткае тлумачэнне. На біблійнай мове “сэрца” азначае цэнтр людзкога існавання, якое засяроджвае ў сабе розум, волю, тэмперамент і ўражлівасць, у якім чалавек знаходзіць сваю еднасць і сваю ўнутраную скіраванасць. Беззаганнае Сэрца – гэта паводле Мацвея (5, 8) сэрца, якое дзякуючы абапіранню на Бога дасягнула дасканалай унутранай еднасці і таму бачыць Бога. Культ Беззаганнага Сэрца Марыі азначае набліжэнне да такой паставы, калі fiat – будзь воля Твая – становіцца цэнтрам, фармуючым усю экзістенцыю.

Едансць Сэрцаў Езуса і Марыі – гэта ўзор, дадзены нам Богам, але застаецца яшчэ прытанне пра тое, дзе нашае сэрца. Мы можам разважаць над праўдамі пра Найсвяцейшае Сэрца Езуса і Беззаганнае Сэрца Марыі, але гаворка тут не ідзе пра тэалагічныя спекуляцылі, а пра тое, каб нашае сэрца было як мага бліжэй да Езуса і Марыі. Сам Бог нам на гэта ўказвае, да гэтага запрашае і голасам малога дзіцяці падштурхоўвае нас да таго, каб мы сталі на паказаны нам шлях. Тое, што было прадказана Марыяй у ліпені 1917, што Яна прыйдзе яшчэ раз, каб прасіць аб прысвячэнні Расіі і св. Узнагараджальнай Камуніі ў першыя суботы, таксама выканалася ў 1925 і 1929 годзе.

“10 снежня 1925 г. у Пантэвэдра аб’явілася Найсвяцейшая Панна, а з боку ў святле Дзіцятка. Найсвяцейшая Дзева паклала руку на плячо і паказала аплеценае цернямі сэрца, якое трымала ў другой руцэ. Дзіцятка сказала:
- Спачувай Сэрцу Тваёй Найсвяцейшай Маці, аплеценаму цернямі, якімі няўдзячныя людзі няспынна яго раняць, і няма нікога, хто б актам узнагароды гэтыя церні павыцягваў”.

Бог, як Дзіцятка Езус, клапоціцца, пытаецца, заахвочвае, просіць аб набажэнстве да Сэрца Яго Маці. Паколькі дарога нашай святасці павінна ісці праз Сэрца Марыі, павінна быць выразам нашай любові, таму не здзіўляе факт, што такая форма просьбы супадае са зместам аб’яўлення.
Езус аб’яўляецца не як Пан і Валадар усяго свету, а як Дзіця, якое выпрошвае любоў да сваёй Маці. А таму не павага да аўтарытэту і ўсемагутнасці Бога павінны быць аргументам для выбару паказанага шляху, а шчырая і дабраахвотная любоў. Наш адказ не павінен быць выразам прымушэння ці карысці, ён павінен быць як натуральны адказ на просьбу безабароннага дзіцяці, якое пакорна просіць аб любові да сваёй маці. Ці ж не такі сэнс узгаданых раней слоў, ці не пацвярджае гэта таксама размова с. Луцыі з Дзіцяткам Езусам?

“15 лютага 1926 г. я вярнулася ў звычайны час, сустрэла дзіця, падобнае да таго, і таму запыталася:
- Ці ты маліўся да Маці Божай?
Дзіцятка, звяртаючыся да мяне, запытала:
- А ты распаўсюджваеш па свеце тое, аб чым Маці Божая цябе прасіла?
У гэты момант ён перамяніўся ў хлопчыка, ад якога сыходзіў свет. Я зразумела, што гэта быў Пан Езус, і сказала:
- Мой Езу, Ты добра ведаеш, што мне сказаў мой спавяднік у лісце, які я Табе чытала. Ён сказаў, каб з’ява паўтарылася, каб былі дадзеныя нейкія пацвярджаючыя знакі і, што настаяцельніца сама нічога не зробіць, каб гэта было вядома больш шырокаму колу.
- Гэта праўда, што сама настаяцельніца нічога не можа, але з маёй ласкай яна ўсё зможа. Досыць, што спавяднік дазволіць табе і твая настаяцельніца пра гэта скажа, і напэўна з гэтым згодзяцца нават не пытаючы, каму гэта было аб’яўлена.
- Мой спавяднік пісаў у лісце, што гэтае набажэнства непатрэбна свету, таму што шмат людзей прымае святую Камунію ў першыя суботы месяца ў гонар Маці Божай і пятнаццаці таямніц ружанца.
- Гэта праўда, дачка мая, шмат душаў пачынае, але мала тых, хто скончвае, і тыя, што скончваюць, маюць за мэту атрымаць абяцаныя ласкі. Я, аднак, хачу тых, хто будзе абыходзіць пяць першых суботаў дзеля таго, каб узнагародзіць Беззаганнаму Сэрцу тваёй Нябеснай Маці, а не тых, што абыходзяць пятнаццаць бяздушна і абыякава”.

Дадатак, або таксама тлумачэнне ўсіх элементаў набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі звязаныя з візіяй, якую с. Луцыя мела ў 1929 годзе. Тады была растлумачаная праблема прысвячэння Расіі і форма, у якой гэта акт павінен быць здзейснены. Тут, аднак, ёсць іншы незвычайна істотны элемент. Шлях пабожнасці, звязаны з Беззаганным Сэрцам, мае свае наступствы, якія датычацца не толькі асобы, якая практыкуе такі шлях, але маюць уплыў на ўвесь свет і лёс усіх людзей.

“(Туі, Гішпанія 13.06.1929 г.)
На алтары паказаўся светлы крыж, які даставаў аж да паталка. У больш ясным святле ўверсе крыжа можна было ўбачыць аблічча і верхнюю частку чалавека. На грудзях, галубка, таксама са святла. А да крыжа прыбіта цела другога чалавека. Трохі ніжэй бакоў у паветры вісеў келіх і вялікая Гостыя, на якую спадалі кроплі крыві з аблічча Укрыжаванага і з адной раны на грудзях. З Гостыі гэтыя кроплі сплывалі да Келіха. Пад правай перакладзінай крыжа  стаяла Найсвяцейшая Панна Марыя. Гэта была Маці Божая Фацімская са сваім Беззаганным Сэрцам у левай руцэ, без мяча і ружаў, але з цярнёвай каронай і полымем. Пад левай перакладзінай крыжа былі вялікія літары, як бы з чыстай крынічнай вады яны сцякалі на алтар, утвараючы словы: Ласка і Міласэрнасць. Я зразумела, што мне была пераказаная таямніца Найсвяцейшай Тройцы. І я атрымала натхненне наконт гэтай таямніцы, чаго мне нельга, аднак, расказаць. Потым Маці Божая сказала мне:
- Надышла хвіліна, калі Бог заклікае Святога Айца разам з біскупамі ўсяго свету прысвяціў Расію майму Беззаганнаму Сэрцу, абяцаючы яе ўратаваць пры дапамозе гэтага сродка. Столькі душаў асуджана справядлівасцю Божай з-за грахоў, учыненых, супраць мяне. Я прыйшла для таго, каб прасіць аб узнагародзе. Ахвяруйся ў гэтай інтэнцыі і маліся.
Я сказала пра гэта майму спавядніку, які сказаў мне запісаць тое, што пажадала Маці Божая.
Пазней, пры дапамозе ўнутранага прадчування, Маці Божая сказала мне, скардзячыся:
- Не захацелі выслухаць маёй просьбы! Як кароль Францыі будуць шкадаваць і прысвецяць мне Расію, але будзе занадта позна. Расія распаўсюдзіць свае памылкі па ўсім свеце, правакуючы войны і пераследванне Касцёла. Святы Айцец будзе шмат цярпець”.

Тут быў узгаданы кароль Францыі як перасцеражэнне, каб мы не пагарджалі ўказаннямі, якія Бог дае нам праз Марыю. Той факт, што пра гэта кажа сама Маці Божая, даючы такі прыклад. Трэба заўважыць, аднак, што кажучы пра Беззаганнае Сэрца Марыі, ўзгадваецца карта гісторыі, якая датычыцца культу Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Вось яшчэ адзін каментар наконт караля Францыі, які мы бачым ва “Ўспамінах с. Луцыі”.

“У 1689 г., за год да смерці св. Маргарыта Марыя Алякок спрабуе рознымі спосабамі і чынамі данесці да Караля Сонца, Людовіка ХІV з Францыі, пасланне Найсвяцейшага Сэрца Езуса разам з чатырма пастулатамі: змясціць Найсвяцейшае Сэрца Езуса ў каралеўскім гербе; пабудаваць святыню ў гонар Найсвяцейшага Сэрца Езуса, дзе б Яго ўшаноўваў увесь каралеўскі двор; кароль павінен прысвяціць сябе Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса; павінен таксама ў Апостальскай Сталіцы, выкарыстоўваючы свой аўтарытэт, паспрыяць зацвярджэнню св. Імшы ў гонар Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
Аднак, нічога не было зроблена. Здаецца, што кароль нават не меў магчымасці пазнаёміцца з пасланнем. Людовік ХІV, у 1792 годзе, прымаю ідэю прысвячэння Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Прысвячэнне гэта ён робіць толькі ў вязніцы, абяцаючы выканаць усе пастулаты, перададзеныя праз св. Марыю Маргарыту пасля свайго вызвалення. Аднак, згодна з прысудам Божага Провіду, было ўжо занадта позна: Людовік ХІV быў абязглаўлены на гільятыне 21 студзеня 1793 г.”

Наша думка скіраваная да Сэрца Езуса і Марыі, адкрываючы іх узаемную сувязь, знаходозіць прыгожы адказ у словах самаго Езуса. У адказе на пытанне с. Луцыі, чаму гэта павінна быць “пяць суботаў” у гонар Маці Божай Балеснай, а не дзевяць або сем, мы бачым вобраз еднасці Сэрцаў знутры і бачым іх ўзаемную адданасць. У нас ёсць магчымасць заглянуць, як бы знутры, у гэтую незразумелую повязь узаемнай любові.

“Ноччу з 29 на 30 мая 1930 года, калі я частку ночы была ў капліцы з нашым Панам […] я адчула, як мной авалодала Божая прысутнасць. Калі не памыляюся, мне было аб’яўлена наступнае:
- Дачка мая, матыў вельмі просты: ёсць пяць відаў зняваг і багахульстваў, якія абражаюць Беззаганнае Сэрца Марыі.
1. Першае: Багахульствы супраць Яе Беззаганнага Зачацця.
2. Другое: Супраць Яе Дзявоцтва.
3. Трэцяе: Супраць Божага Мацярынства, калі Яе прызнаюць выключна як Маці чалавека.
4. Чацвертае: Багахульствы тых, хто імкнецца адкрыта пасеяць у сэрцах  дзяцей абыякавасць, пагарду, а нават нянавісць да Беззаганнай  Маці.
5. Пятае: Багахульствы тых, хто зневажае Яе беспасрэдна ў Яе святых абразах.
Гэта, мая дарагая дачка, той матыў, які прымусіў Беззаганнае Сэрца Марыі прасіць Мяне аб гэтым маленькім акце ўзнагароды. Акрамя таго дзеля Яе Я хацеў узрушыць сваю міласэрнасць, каб прабачыць тым душам, якія мелі няшчасце Яе абразіць. Што датычыцца цябе, імкніся нястомна сваімі малітвамі і ахвярамі ўзрушыць Мяне да таго, каб Я аказаў гэтым бедным душам Сваю міласэрнасць”.

Колькі ж у гэтых словах любові, клопату і надзеі. У адносінах Сэрца Езуса да Сэрца Марыі мы бачым, што там ёсць кожны з нас, нават кожны грэшнік. Гэта сам Езус, адкрываючы сваё Сэрца, паказвае сваю ўражлівасць на просьбу Маці, а таксама сам прагне даць Ёй больш, чым Яна Яго просіць. Кожны з нас з’яўляецца дзіцём Марыі, Яна нам Маці з ласкі; Езус жа жадае адчыняць  крыніцы сваёй Міласэрнасці для нас, грэшнікаў, і гэта толькі таму, што мы дзеці Яго Маці. Таму вяртаецца пытанне: дзе нашыя сэрцы? Калі ў гэтай неразрыўнай еднасці Сэрцаў Езуса і Марыі ёсць месца для кожнага з нас; больш таго, Бог жадае гэтай прысутнасці нашага сэрца, і ці можам мы тады застацца абыякавымі? А таму, якім чынам трэба адказаць на гэтае запрашэнне, на гэтую вялікую тугу Бога, тугу Сэрцаў Езуса і Марыі? Можа нехта запытаецца: як я магу адказаць на гэтае запрашэнне, якім чынам я магу стаць у прысутнасці Найсвяцейшага і Беззаганнага Сэрца Марыі? Адказ вельмі-вельмі просты і вядомы ўжо больш за 90 гадоў, а даў нам яго сам Езус, так кажучы да Луцыі:

Спачувай Сэрцу Тваёй Найсвяцейшай Маці, аплеценаму цернямі, якімі няўдзячныя людзі няспынна Яго раняць, і няма нікога, хто б актам узнагароды гэтыя церні павяцягваў”.
Як спачуваць Сэрцу Найсвяцейшай Маці? Адказ нам дае Яна сама, наша Маці:
“Дачка мая, паглядзі, маё Сэрца аплецена цернямі, якімі няўдзячныя людзі няспынна раняць багахульствамі і няўдзячнасцю. Прынамсі ты імкніся прыносіць мне радасць і аб’яві ад майго імя, што Я прыду ў гадзіну смерці з ласкамі патрэбнымі для збаўлення да ўсіх тых, хто на працягу першых пяці суботаў месяца паспавядаецца, прыме Святую Камунію, памоліцца адну частку Ружанца і пятнаццаць хвілін будзе разважаць са мной над пятнаццацю ружанцовымі таямніцамі, ахвяруючы гэта ў інтэнцыі ўзнагароды”.

Менавіта таму такая: Дарога праз Сэрца, а таксама адказ на пытанне аб: Лучнасці сэрцаў Езуса, Марыі, нашых.



Для роздуму!
З “Трактату аб сапраўдным набажэнстве да Найсвяцейшай Дзевы Марыі”
Св. Людовіка-Марыі Грыньёна дэ Манфора

[120]  Нашая поўная дасканаласць — у тым, каб быць падобнымі да Езуса Хрыста, з’яднацца з Ім і прысвяціць сябе Яму. А самае дасканалае з усіх набажэнстваў — тое, што робіць нас падобнымі, яднае і самым дасканалым чынам прысвячае Езусу Хрысту. Марыя ж найбольш падобная да Езуса Хрыста з усіх стварэнняў. Таму набажэнства да Найсвяцейшай Дзевы, Яго Святой Маці, прысвячае і робіць душу найбольш падобнай да нашага Госпада. І чым больш душа будзе прысвечаная Марыі, тым больш яна будзе належаць Езусу Хрысту. Таму дасканалае прысвячэнне Езусу Хрысту — гэта не што іншае, як дасканалае і поўнае прысвячэнне сябе Найсвяцейшай Дзеве. Гэта менавіта тое набажэнства, якому я навучаю, ці, інакш кажучы, гэта дасканалае аднаўленне абяцанняў святога Хросту.
[244] Заўваж, калі ласка, што я кажу проста: «нявольнік Езуса ў Марыі», «нявольніцтва Езуса ў Марыі». Можна, праўда, сказаць, як гэта ўжо рабіў шмат хто дагэтуль: «нявольніцтва Марыі» ці «нявольнік Святой Дзевы». Аднак я лічу, што лепш сказаць «нявольнік» Езуса ў Марыі, як гэта раіў мансеньёр Трансон, генеральны настаяцель Семінарыі Сен-Сюльпіс, вядомы сваёй рэдкай пільнасцю і пабожнасцю. Вось чаму ён гэта раіць:
   [245] 1. Паколькі мы жывем у ганарлівым свеце, і ёсць шмат ганарлівых навукоўцаў, моцных і крытычных, што нават у самых добра ўсталяваных набажэнствах знаходзяць нешта падазронае і вартае крытыкі, лепш казаць пра няволю Езуса ў Марыі і называць сябе нявольнікам Езуса ў Марыі, чым нявольнікам Марыі.

Трыюмф Марыі, Беззаганнага Сэрца

[49] Менавіта праз Марыю пачалося збаўленне свету, менавіта праз Яе яно павінна скончыцца. Падчас першага прыйсця Езуса Хрыста Марыя амаль не паказвалася, каб людзі, якія яшчэ мала ведалі Яе Сына, не адышлі ад праўды, занадта прывязаўшыся да Яе, што магло здарыцца, калі б Яна была вядомая, бо Найвышэйшы абдарыў Яе дзівосным хараством, нават звонку. Святы Дзяніс Арэапагіт напісаў, што, калі б ён Яе ўбачыў і калі б вера не навучыла яго супрацьлегламу, ён прыняў бы Яе за боства з-за Яе дзівоснага хараства і незраўнанай прыгажосці. Падчас другога прыйсця Езуса Хрыста Марыя павінна быць вядомай і раскрытай Духам Святым, каб праз Яе людзі пазналі, упадабалі і служылі Езусу Хрысту. І прычынаў, па якіх Дух Святы хаваў Сваю Сужонку на працягу ўсяго Яе жыцця і так мала распавядаў пра Яе ў Евангеллі, больш не будзе.
[113] Як ніколі раней я ажыўлены верай і надзеяй, што здзейсніцца ўсё тое, што глыбока вырыта ў маім сэрцы і аб чым я прашу Бога ўжо доўгія гады. А менавіта ведаць, што раней ці пазней у Найсвяцейшай Дзевы будзе больш дзяцей, слугаў і нявольнікаў любові, а плёнам гэтага будзе тое, што Езус Хрыстус, мой дарагі Настаўнік, будзе валадарыць у сэрцах як ніколі раней.

Адкрытыя Сэрцы

Калі дзіда адкрывае Сэрца Езуса, у той самы момант Езус адкрывае з крыжа Беззаганнае Сэрца Марыі:
“Беззаганнае Сэрца Марыі, якое мы сёння ўзгадваем у літургіі Касцёла, было адкрыта для нас на Кальварыі словамі паміраючага Езуса: «Жанчына,  вось  сын  Твой». Потым  сказаў вучню: «Вось Маці твая». І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе (Ян 19, 26-27). Пад крыжам Марыя стала Маці ўсіх адкупленых Хрыстом людзей. Яна прыняла пад сваю матчыную апеку Яна і прыняла кожнага чалавека. З гэтага моманту найвялікшы клопат Яе Беззаганнага Сэрца – гэта вечнае збаўленне ўсіх людзей” (Ян Павел ІІ, казанне, Кшэптуўкі, 7.06.1997).
“Я б хацеў у канцы яшчэ раз вярнуцца да ключавых слоў фацімскай “таямніцы”, якія справядліва атрымалі вялікую папулярнасць: Маё Беззаганнае Сэрца пераможа. Што гэта азанчае? Сэрца, адкрытае на Бога і ачышчанае кантэмпляцыяй Бога, мацнейшае за карабіны і ўсялякую зброю. Fiat, якое сказала Марыя, гэта слова Яе сэрца, змяніла ход гісторыі свету, таму што Яна дала гэтаму свету Збаўцу. Таму што дзякуючы Яе “так” Бог мог стаць чалавекам у нашым свеце і застаецца ім назаўсёды. У шатана ёсць моц над гэтым светам, мы гэта бачым і няспынна гэта адчуваем; ёсць моц, таму што наша вольнасць увесь час дазваляе аддаліць сябе ад Бога. А калі, аднак, сам Бог мае людзкое сэрца і дзякуючы гэтаму Ён скіраваў вольнасць чалавека да дабра, да Бога, вольнасць рабіць зло ня мае ўжо апошняга слова. З таго часу набірае моцы слова: “У  свеце  зведаеце  ўціск,  але будзьце адважнымі: Я перамог свет” (Ян 16, 33). Пасланне з Фацімы заклікане нас, каб мы паверылі гэтаму абяцанню” (Ю. кард. Рацынгер, Тэалагічны каментар, у: “Фацімскае Пасланне”, 2000).

Кс. Кшыштаф Чапля SAC
Дырэктар Фацімскага Сакратарыяту

Крыніца: "Droga przez Serce.
Przymierze serc Jezusa, Maryi, naszych".
Sekretariat Fatimski, 2016.



Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!