І. БЕЗЗАГАННАЕ СЭРЦА МАРЫІ
ВЯДЗЕ НАС ДА НАЙСАЛАДЗЕЙШАГА
СЭРЦА ЕЗУСА,
СВЯТЫНІ ПАНА
СВЯТЫНІ ПАНА
Вітай, калясніца найчыстая Таго,
хто сядзіць на хэрувімах,
хто сядзіць на хэрувімах,
Вітай, найславутае жытло Таго,
хто існуе на сэрафімах,
хто існуе на сэрафімах,
Вітай, Бога Слова найчыстае селішча.
Вітай, вялікшае за святое святых.
Вітай, Нявеста – Дзева чыстая.
Сёння выпадае час
нашай сустрэчы, мы прыходзім на запрашэнне Найсвяцейшай Маці, Мудрай Панны,
якая хоча тут нас бачыць, прамаўляць да нас, падтрымліваць нас. Канец лета, але
мы пакінулі нашыя верасневыя справы, абавязкі і заданні. Мы хочам сёння
перажыць наш асаблівы час з Марыяй, незалежна ад нашага стану здароўя,
пачуццяў, мы прыйшлі менавіта сюды, да касцёла.
Канешне, мы
ведаем, што маліцца можна паўсюль, у кожным месцы, у кожную хвіліну, досыць
толькі нашай добрай інтэнцыі і ўздоху, ўзнесенага да Бога, Яго святых, просьбы,
скіраванай да неба. Магчама каму-небудзь з нас было б лягчэй, прасцей
засяродзіцца дома, у якім-небудзь улюбёным месцы, дзе мы сябе добра адчуваем.
Але мы вырашылі прыйсці сюды, мы сабраліся разам у касцёле, ведаючы, што гэта
ўпрывілеяванае месца, каб разам слухаць, маліцца, разважаць над словам Божым.
Бог бачыць наша намаганне, нашу добрую волю, нашу стараннасць. Мы выразілі
таксама вялікую павагу да Найсвяцейшай Дзевы, якая прасіла нас аб гэтым жэсце
любові і веры.
Людзі здаўна
ведалі, што хоць Бог і паўсюдны, хоць і чуе кожнага з нас, аднак, добра мець
асаблівыя месцы, выбраныя, спецыяльна прысвечаныя Богу, прыгатаваныя менавіта
для Яго, дагляданыя, прызначаныя толькі Яму аднаму. Такія месцы вызначалі як
святыя, як захаваныя толькі для Найвышэйшага Бога, а таму годнага вялікай хвалы
і пашаны; такія месцы не маглі служыць для іншай мэты, бо хвала Бога не
заслугоўвае кампрамісаў і падзелаў. Святыя месцы прызнавалі не толькі людскімі,
але і Божымі, прызначанымі толькі для Бога і для кантакту чалавека з Богам.
Біблія кажа пра святыні, мы будуем касцёлы, санктуарыі, капліцы. Гэта вельмі
важна, каб кожнае месца, кожны горад, кожная вёска, мястэчка, мелі сваё святое
месца, нават сціплае, але дарагое для Бога і людзей, і запрашала да сустрэчы з
Богам. Такія месцы мы можам таксама зрабіць і ў нас дома, памяшканні, пакоі,
досыць маленькія, сімвалічныя, такія, якія пакіруюць наш позірк да добрага
Айца, да нашага Збаўцы, да Духа Святога і да Маці Божай.
Калі Сын Божы па
волі Айца сышоў на зямлю, Дух Святы падрыхтаваў Яму таксама годнае жытло –
Беззаганнае Сэрца, поўнае дароў Жыццядаўцы, Найчысцейшае. У Ім магло спачыць
Божае Сэрца, прынятае ад імя ўсіх нас праз Марыю. Яна адна сталася Домам,
Жыллём Сына Божага, дзе Ён мог зачацца, расці. Беззаганная стала Сталіцай
Мудрасці, Пасадам Караля. Не здзіўляе нас, што Добрая Маці хацела б, каб мы
таксама прымалі Яе любага Сына, не здзіўляе нас, што Яна просіць Духа Святога,
каб Ён уздольніў нашыя сэрцы, каб яны сталі улюбёным домам для Езуса. Яе
Беззаганнае Сэрца шчодра згадзілася з Воляй Божай. Марыя не хоча хаваць Езуса
толькі для Сябе, Яна хацела б, каб мы прымалі Збаўцу, як Яна, з такой самай
любоўю, далікатнасцю, чысцінёй і чуласцю.
Найсвяцейшая
Панна нястомна просіць нас, каб мы аддавалі нашы сэрцы, каб мы старанна
ачышчалі яго ад грахоў, падтрыхтавалі яго для такога цудоўнага госця. Панна
просіць аб лучнасці сэрцаў з Яе Сэрцам, з Сэрцам Яе Сына. Паслухаемся ж да просьбы
Беззаганнай.
Няхай нас не
здзіўляе клопат Беззаганнай аб Сэрцы Яе Сына, гэтым Сэрцы Езуса, якое ўпадабаў
Айцец. Гэта сапраўдная святыня Найвышэйшага, Сэрца поўнае велічы, годнае любові
і ўдзячнасці. Прагненні Беззаганнай, як звычайна, згодныя з прагненням самаго
Бога. Святы Павел заахвочваў, каб мы самі станавіліся святыняй, каб нашыя сэрцы
былі тым абраным месцам, дзе няспынна будуць праслаўляць Бога, куды Ён адзін
будзе мець доступ. Такую візію нам перадае таксама Апакаліпсіс: візіянер кажа,
што ў небе не бачыў святыні, таму што паўсюль валадарыць Баранак, паўсюль
валадарыць ласка і хвала Бога, паўсюль праслаўляюць Бога. Такім небам на зямлі
было Беззаганнае Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі, якое запрашала Сына Божага,
адкрытае толькі для Яго і на Яго, цалкам засяроджанае на Богу.
Прыгледзімся да
Марыі. Яна з самага пачатку адкрывае свае думкі, пачуцці, волю, сваё
Беззаганнае Сэрца Богу, адкідваючы ўсё, што не было годным святыні Пана. Яна
ўся хоча быць толькі і выключна добрым месцам для Сына Божага, і адначасова
гатовая дзяліцца Яго Прысутнасцю, як Арка Божая Яна нясе Яго ў дом Альжбеты,
становячыся блаславенствам для ўсіх, хто будзе побач з Ёй.
Прымем жа Марыю ў
нашым доме, у нашае жыццё, у нашае сэрца. Папросім Яе, каб Яна дапамагла нам
падрыхтаваць у нашых сэрцах месца для Яе Сына, нашага Збаўцы. Папросім разам з
Ёй Духа Святога, каб Ён зрабіў у нас добрае жыллё, святыню Бога, для нашага
Сябра, нашага Настаўніка, нашага Валадара. Папросім аб вызваленні, ачышчэнні,
папросім разам з Найсвяцейшай, каб Дух Божы навёў парадак у нашым сэрцы,
прыбраўся ва ўсіх нашых пакоях і кутках нашага сэрца, каб мы, як Яна,
Найпрыгажэйшая, прынялі такога Вялікага Госця, Найсаладзейшае Сэрца Езуса.
Амэн.
ІІ. РУЖАНЕЦ
ХВАЛЕБНЫЯ ТАЯМНІЦЫ
1. Уваскрашэнне Езуса
Мы любім
разважаць над хвалебнымі таямніцамі. Яны таксама здаюцца нам радаснымі, але мы
адчуваем, што гэта ўжо не сямейная радасць, укрытая ў Назарэце, у бяспечнай
інтымнасці самых блізкіх асоб. Уваскрашэнне – гэта хвала і радасць не толькі
аднаго Езуса, але і Яго Маці. Яна шчаслівая, што пасля пасля такіх цярпенняў
Езус жывы, Яна ганарыцца, што Ён праявіў Сваю вялікую Моц, Яна спакоійная ў
надзеі сваёй веры, спакойная ў кожнай справе, што за радасць! Аднак, гэта не
вяртанне да спакойнага, прыватнага шчасця. Але ўваскрашэнне суцяшае Панну
Марыю, напаўняе Яе сэрца, цяпер у святле тых агаломшваючых падзей Яна можа яшчэ
раз перажыць і паразважаць над усім сваім жыццём для Яго і з Ім. Але гэта
цудоўнае ўваскрашэнне яшчэ больш паказвае, наколькі Яна ўся для Езуса і Ёй
хапіла б толькі Езуса, настолькі Яго Найсаладзейшае Сэрца кіруе Яе Сэрца да
супольнасці вучняў. Ранейшыя падзеі ўжо паказвалі Маці, што месца Сына ў
справах Айца, лучнасць Сэрцаў вядзе Марыю туды, дзе прагне ісці Яе Сын згодна з
воляй Айца. Калі Беззаганнае Сэрца хоча далей быць так блізка ля Сына, як
раней, то Яно будзе станавіцца яшчэ большым, прымаючы ўжо не толькі вучняў, не
толькі Апосталаў, не толькі ўсіх з Яе народу, але таксама ўсіх, хто паверыць ва
Уваскрослага. Яна яшчэ не зразумела, але ўсё выразней Найсвяцейшая бачыць і
прымае сваё пакліканне быць Маці Уцелаўлёнага, Укрыжаванага і Уваскрослага
Сына.
Мы таксама
радуемся Уваскросламу, мы таксама чакаем паўстання з мёртвых. Усё стане новым,
мы таксама, як Марыя будзем у вялікай супольнасці тых, што вераць ва
Уваскрослага, чакаюць уваскрашэння нашага і нашых блізкіх. Адкрыем нашыя сэрцы,
як Найсвяцейшая Панна, у лучнасці з Найсаладзейшым Сэрцам, на ўсіх, хто чакае
ўваскрашэння, па волі Езуса.
2. Унебаўшэсце Езуса
Радуемся
ўнебаўшэсцю, для нас гэта цудоўна і лагічна – ведаючы Евангелле, не
здзіўляемся, што Сын Божы вяртаецца да Айца, усё ж такі Ён гэта прадказваў…
Гэта вельмі цяжкая для Марыі хвалебная таямніца. Ці памятае Яна, што Сын некалі
раней, калі яшчэ быў падлеткам, застаўся ў святыні, лічучы нармальным, што для
Яго справы Айца найважнейшыя? Яна ўзрадавалася, каля ўбачыла Езуса цэлым і
здаровам, знайшоўшы Яго ў добрым месцы, але боль Яе і Юзафа быў таксама для нас
зразумелым. Яны напэўна запамятавалі непакой развітання, радасць сустрэчы і
чарговы непакой, які абудзіўся пасля Яго слоў. Таксама і цяпер, Уваскрослы Езус
з-за справаў Айца пакідае блізкіх. Ён разумее іх боль, тлумачыць свае словы,
абяцае Суцяшальніка… але ўсе хацелі б, каб Ён застаўся, каб усё было, як раней…
Езус хоча, аднак,
вярнуцца і быць блізка ля Сэрца свайго Айца, усіх запрашае да сябе. Хто хоча
быць блізка да Найсаладзейшага Сэрца Езуса, той запрошаны да неба, каб быць адно
з Езусам, Найсвяцейшай Паннай Марыяй, Апосталамі і ўсімі, што нас папярэдзілі і
ўжо знаходзяцца блізка ля Найсвяцейшых Сэрцаў Айца ў небе.
Папросім за нас
саміх, за нашых блізкіх, за ўсіх дарагіх нам асоб, папросім аб жыцці побач з
Сэрцам Езуса і Сэрцам Марыі, аб шчаслівай смерці і самай сардэчнай еднасці на
ўсё вечнае жыццё. Папросім за ўсіх тых, хто не ўмее пагадзіцца з адыходам
блізкіх асоб, хто церпіць у пачуцці віны за тое, што не падаравалі сваім
блізкім на працягу ўсяго жыцця сваёй чуласці сэрца. Памолімся, каб Езус
праваруч Айца суцяшаў іх, каб выціраў кожную слязу, даючы надзею на сустрэчу ў
небе.
3. Спасланне Духа Святога
Гэта праўда, што
ўсе радаваліся, калі Езус сапраўды ўваскрос, выканаў абяцанне, а нават больш.
Гэта праўда, што незвычайным перажываннем было Яго ўнебаўшэсце, аднак, усе
сапраўды былі б шчаслівыя, калі б Ён застаўся з імі, быў блізка, суцяшаў ну і
ажыццяўляў іх мары – гэта ж добра, бо ўсе марылі лепшага лёсу для народа,
узмацнення веры, развіцця рэлігіі…
Аднак Езус не
робіць гэта для іх і за іх. Наавдврот, кажа пра новыя заданні, абяцае новыя
дары, заклікае да еднасці і дзейнасці. Адыходзячы, Ён абяцаў даць свой
найпрыгажэйшы дар для вернікаў – прысутнасць Духа Божага, Яго шчодрасць, якая
ўзрушае людскія сэрцы і узносіць іх да Айца ў небе.
Нам таксама Сын
Божы абяцаў Духа Суцяшальніка, Радасць сэрцаў, Салодкую Прахалоду. Гэтыя дары
Духа Святога фармавалі Беззаганнае Сэрца Марыі, робячы Яго падобным да
Найсаладзейшага Сэрца Божага, ствараючы непаўтаральную лучнасць двух Сэрцаў.
Езус заахвочваў сваіх вучняў, каб яны былі падобныя да Яго, каб свае сэрцы
рабілі падобнымі да Яго Сэрца. Божы Сын быў перакананы, што гэта магчыма
дзякуючы моцы і сіле Духа Ажывіцеля.
Папросім адважна
дароў і пладоў Духа для нас. Папросім, як Марыя, аб сэрцы поўным любові,
радасці, лагоднасці, стрыманасці і цярплівасці для нас усіх і для ўсіх
пакліканых у Касцёле. Папросім, каб нашыя сэрцы, падобныя да Беззаганнага Сэрца
Марыі, узрасталі ў еднасці з Богам.
4. Унебаўзяцце Марыі
Мы захапляемся
Марыяй на шматлікіх выявах, на шматлікіх абразах. Нават, калі на выяве ёсць
шмат жанчын, у нас няма сумневу, што адна з іх – Маці Божая. Яна заўсёды
адрозніваецца паставай, убраннем, велічнай прыгажосцю твару. Гэта візія мастака
выражае нашу веру. Аднак, ці сапраўды ў жыцці Панну Марыю так сама пазнавалі і
цанілі? Ці Яна сама была ў поўні свядомая ўсіх дароў і ласк, ці, як лічылі
шматлікія містыкі і св. Ян Павел ІІ, ішла з даверам, з цяжкасцю, у цёмнай
пілігрымцы веры?
Можа толькі
ўнебаўзяцце Найсвяцейшай Панны дазволіла заззяць святлу вялікай хвалы. Шмат
малявалася прыгожых абразоў, жадаючы выразіць цудоўную падзею, але можа яна ўсё
ж такі адбывалася ў цішіні, як большасць таямніц жыцця Дзевы.
Сёння радуе нас
такая прыгожая падзея поўная хвалы. Як маглі гэта перажываць вучні і Апосталы?
Ужо не будзе Маці побач з імі, Марыя адыходзіць. Канец жыцця Маці з Сэрцам
настолькі падобным да Сэрца Сына Божага, іх Настаўніка, не мог здзіўляць і нёс
з сабой розныя пачуцці – напэўна шмат вучняў хацела б яшчэ з Ёй паразмаўляць,
пра нешта спытацца, ячшэ раз папрасіць… Звычайна, калі нехта нам блізкі
заканчвае жыццё, можа здавацца, што нешта ячшэ можна было б зрабіць, мы шкадуем
пра страчаны хвіліны, узгадваецца нам шмат слоў, успамінаў, якія мы б хацелі
яшчэ раз уваскрасіць. Аднак, час жыцця Марыі на зямлі менавіта так адмераны,
Айцец лічыць, што Яе місія цяпер ужо будзе ажыццяўляцца ў небе. Разважанне над
Яе жыццём разам з Хрыстом і для Хрыста заўсёды будзе нашым скарбам і школай
жыцця – ружанец будзе плённай, пакорнай дапамогай на гэтым шляху.
З усяго сэрца
дзякуем за такое багатае жыццё Марыі, за кожную падзею, у якой Яна была так
блізка да Сэрца Збаўцы. У Яе мы можам вучыцца, як жыць для Езуса і з Езусам,
каб, як Яна быць блізка да Найсаладзейшага Сэрца Божага ў небе.
5. Укаранаванне Марыі на каралеву неба і
зямлі
Мы ведаем, што
Марыя была назіральная і ўважлівая Вучаніца Пана, поўная Духа Божага, якая
няспынна разважала над кожнай падзеяй, над словамі Анёла і людзей, Юзафа і
Езуса. Гэта Яна першай атрымала запрашаэнне да лучнасці з Сэрцам Божым і ўвесь
час паглыбляла гэтую лучнасць, са стараннасцю і верай адкрываючыся ўсім
Беззаганным Сэрцам на волю Божую, з кожным днём становячыся бліжэй да
найсаладзейшага Сэрца Збаўцы.
Шмат людзей
ведала Марыю ў Яе вёсцы, праходзіла побач з Ёй шмат суседзяў у Назарэце, а
таксама ў Егіпце і ў іншых мясцовасцях, калі Яна суправаджала Езуса. Кожны мог
бы нешта пра Яе расказаць, пра Яе паводзіны, словы, мог бы ўзгадаць у памяці Яе
жэсты, звычаі. Аднак, найлепш і найглыбей ведаў Марыю Бог. Нават Яна сама не
была ў поўні свядомай любові Божай, толькі цяпер, у небе, Яна сама ўбачыць сябе
ў вялікай хвале, якую мы называем укаранаваннем.
Цяпер Дзева
прымае вялікую любоў і чуласць Айца, які з самага пачатку фармаваў Яе
Беззаганнае Сэрца так, каб Яно магло прыняць Сэрца Лекара ўсіх людскіх сэрцаў.
Толькі цяпер будзе ўкаранаваная кожная хвіліна Яе жыцця на зямлі, кожная падзея
атрымае свой поўны сэнс. Укаранаванымі будуць Яе разважанні над словамі і
ўчынкамі Езуса, Яе жэсты і кожная хвіліна Яе жыцця.
Мы таксама пасля
заканчэння нашага зямнога жыцця зможам зразумець і ўбачыць сваё жыццё ў святле
Божай хвалы, побач з Езусам. Тады напэўна ўяўніцца, за каго мы маліліся, за
каго былі гатовыя аддаваць жыццё ў штодзённых, дробных справах, каму мы
дапамагалі, каго сваёй малітвай або паводзінамі наблізілі да Лекара людскіх
сэрцаў.
Пасля
беатыфікацыі ці кананізацыі шматлікіх святых, часта аказвалася, што гэтыя
абраныя і прызнаныя самымі блізкімі сябрамі Бога, на працягу жыцця былі
недавартасцяваныя, непазнаваныя сваімі знаёмымі, цалкам як Марыя з каралеўскім
Сэрцам, пра якую мала хто ведаў. Мы таксама не ведаем, побач з кім мы жывем,
хто будзе ўкаранаваны ў небе. Таямніца свету ўкрытая ад нас – мы пазнаем яе толькі
ў небе. Памолімся за нас усіх, аб годным жыцці ў блізкасці з Найсаладзейшым
Сэрцам Езуса, Беззаганным Сэрцам Марыі, у небе.
ІІІ.
ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЕ РАЗВАЖАННЕ
Крыжовы шлях Езуса
Маці, вось я!
Я разам з Табой, о Беззаганная – я з Тваім Беззаганным Сэрцам. Маці,
прымаючы ўдзел у медытацыі, ідучы шляхам ружанцовых таямніц, сёння я даслоўна
вырушаю ў дарогу, крочучы крыжовым шляхам разам з Табой, за Тваім Сынам. Я
задумваюся, ці ведаючы, што Езус павінен скласці ахвяру за нашы грахі, маючы
свядомасць, што ідзе ў Ерузалем, дзе будзе схоплены і забіты, Сэрца Маці на
гэта згаджаецца? Якія нараджаюцца пытанні, як ўяўленне малюе будучыя падзеі?
Ці, як Маці, ведаючы, хто Твой Сын, які зрабіў столькі дабра, якога віталі як
караля, калі Ён уваходзіў у Ерузалем, Ты не думаеш пра тое, што ўсё гэта
цярпенне не кранецца Твайго Сына? Паддаючыся людской логіцы, чалавек часта да
канца імкнецца, нават сілай, уявіць пазітыўны сцэнарый: а можа гэта ўсё ж такі
не здарыцца і ўсё будзе добра?
Маці, час вырушыць у дарогу. Дзякуючы словам Евангеліста мы можам быць
блізка і ўдзельнічаць у гэтай вельмі балеснай падзеі: “Яны закрычалі
ўсе разам: «На
смерць гэтага, адпусці
нам Барабу!», а Бараба
быў пасаджаны ў вязніцу за
бунт, які адбыўся
ў горадзе, і за
забойства. Пілат зноў прамовіў да іх, жадаючы адпусціць Езуса. Але яны крычалі:
«Укрыжуй, укрыжуй Яго!» Тады ён трэці раз сказаў ім: «Што дрэннага зрабіў Ён? Я
не знайшоў у Ім нічога вартага смерці. Пасля бічавання я адпушчу Яго». Але яны
і далей з
вялікім крыкам дамагаліся,
каб Яго ўкрыжавалі,
і крык іх узрастаў. І Пілат
вырашыў, каб споўнілася
іх просьба. Таму адпусціў
ім пасаджанага ў вязніцу
за бунт і
забойства, якога яны прасілі, а
Езуса аддаў іхняй волі. Калі
павялі Яго, схапілі нейкага Сымона Кірынэйца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на
яго крыж, каб нёс за Езусам. Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія
плакалі і галасілі па Ім. А Езус абярнуўся
да іх і сказаў:
«Дочкі ерузалемскія, не
плачце па Мне, а
плачце па сабе
і па дзецях
вашых, бо вось надыходзяць
дні, калі скажуць: “Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія
не радзілі, і грудзі, якія не кармілі!” Тады пачнуць казаць гарам: “Упадзіце на
нас!” і пагоркам: “Накрыйце нас!” Бо калі гэта робяць з зялёным дрэвам, то што
будзе з сухім?» Вялі з Ім на смерць і двух іншых злачынцаў” (Лк 23, 18-32).
Маці, я нічога не разумею; чаму Пілат асуджае Езуса? Сам сцвярджае: я не
знаходжу ў Ім нічога, што заслугоўвае смерці! Ніхто не падае дакладных
абвінавачванняў, ніхто не падае доказаў, а аднак натоўп сілай і крыкам патрабуе
прысуду смерці. Язычнік абараняе Езуса, не хоча смерці чалавека, які не ўчыніў
нічога, што заслугоўвала б жудаснага пакарання. Езус не рымлянін; у вачах
Пілата Ён звычайны вандроўны настаўнік, няма ў Ім нічога, чаго Пілат мог бы
баяцца, няма ніводнага повада, каб ён мог адносіцца да Езуса інакш. Калі проста
прыглядзецца да ўсёй гэтай справы і вынесенаму прысуду, то відаць, што зусім
чужы Езусу чалавек кажа: чаму мы павінны Яго забіць? Ён спрабуе затрымаць гэты
разбухтораны натоўп людзей, якія патрабуюць не проста нейкага пакарання, а смерці
для чалавека. На пытанне “чаму?” не даюць адказу, а яшчэ больш узрастае жаданне
смерці і ўкрыжавання. Што адбываецца, адкуль столькі нянавісці, злосці? Што Ён
вам такога зрабіў, што вы Яго так ненавідзіце?
Маці, што адчувае Тваё Беззаганнае Сэрца, якое ўдзельнічае ў такім дзіўным
судзе і прысудзе? Якая б маці не адчула болю, раздзіраючага яе сэрца, калі б
была сведкам падзеі, у якой гіне яе нявіннае дзіця, а злачынца не атрымаў
пакарання. Вось у катастрофе гіне дзіця, якое стаіць на прыпынку. Спакойна, як
кожны дзень, чакае аўтобусу, і тут нечакана аўтамабіль на вялікай хуткасці
ўразаецца ў прыпынак. Кіроўца тлумачыць, што вельмі спяшаўся, хоць і ведае, што
слізка і небяспечна, але ў яго вельмі важныя справы. І, здаецца, што гэта
дзіця, так сапраўды, ніколі не стаяла на прыпынку, нічога не здарылася. Чаму не
ўцякло, чаму пасіўна стаяла, чаму не ўхілілася? Спяшаючыся кіроўца едзе далей,
бо ўжо занадта шмат згубіў каштоўнага часу. Ці ў такой сітуацыі ніхто б не
крычаў, што гэта несправядлівасць? Тут, таксама, Маці, натоўп крычыць, але не ў
абарону невінаватага, а патрабуе вызваліць злачынцу. Здаровы рассудак
падказвае, як трэба зрабіць, але тут усё адбываецца наадварот.
Як гэта разумець, Маці? Той, што працягнуў далонь дапамогі бедным, галодным,
хворым і церпячым, з нянавісцю пакінуты тымі, каму дапамагаў. Нават Пілат,
думаючы, што калі ў будзе выбар паміж Езусам і Барабай, абвінавачаным у
забойстве, то выбяруць Езуса. Выбар паміж любоўю і здрадай здаецца яўным, але
прысуд зусім іншы. Маці, ці Ты не хочаш у гэту хвіліну проста запытаць: за што вы
Яго так ненавідзіце?, або: людзі, што вас так асляпіла? Якое і дзе цяпер
суцяшэнне знойдзе Маці, якая нават не магла абараніць уласнага Сына, нават не
крычала ў знак яўнай несправядлівасці?
Калі, аднак, такая воля Божая, так павінна быць, каб выканаліся словы
прарокаў пра Слугу Яхве, то што адбываецца ў Сэрцы Маці, якая захоўвае ўсе
гэтыя справы ў сваім Беззаганным Сэрцы? Вось Пілат аддаў Езуса натоўпу.
Несправядлівы прысуд, невінаваты, прыніжаны вызваленнем злачынцы, а цяпер Ён
становіцца забавай у руках катаў. Няма нікога, хто хацеў бы падараваць Яму
трохі сардэчнасці, прынесці палегку на шляху да смерці. Аднак, каб уся забава
не скончылася занадта рана, каб асуджаны сваёй заўчаснай смерцю не скончыў усяго
відовішча, быў затрыманы Сымон, каб дапамагчы Езусу несці крыж. Няма нікога,
хто праявіў бы хоць трохі любові да Таго, каго так несправядліва асудзілі? Ці
Маці ў гэту хвіліну не адчувае яшчэ большага болю і прыніжэння? Маці, хоць і
ведае, што яе дзіця пайшло па дрэннаму шляху, не адштурхоўвае яго і імкнецца
далей праяўляць любоў да яго. Нават, калі ён у вязніцы, хоць і атрымала
справядлівы прысуд, аднак, прыходзіць, каб наведаць сваё дзіця, і напэўна ёй балюча,
калі нехта яго прыгнятае, пагарджае і прыніжае. Гэта ўсё ж такі яна дала яму
жыццё, гэта яна вучыла яго адрозніваць дабро ад зла, каб вырасціць добрым
чалавекам. Што ж тады адчувае сэрца маці, якая бачыць прыніжэнне свайго
дзіцяці, якое ні зрабіла нічога, заслугоўваючага асуджэння.? Нават Езус падчас
дапросу пытаецца: чаму Ты мяне б’еш? Ты ж, Маці, не выказваеш ніводнага слова,
нават скаргі.
Як жа красамоўнае, Марыя, Тваё маўчанне; яно, здаецца, прамаўляе да нас. Калі
Богу сказаў “так”, то боль, цярпенне, не звальняюць нас ад слова, сказанага
Богу. Сястра Луцыя, якая пасля заканчэння аб’яўленняў павінна была пакінуць
Фаціму, перажывала шмат цяжкіх хвілін звязаных з неабходнасцю пакінуць родны
дом, самотнасцю, незразуменнем рашэння настаяцеляў, прыніжэннем, але яна
знайшла нешта, што было для яе ўзмацненнем. Яна заўсёды ўзгадвала пытанне, якое
Анёл і Ты, Маці, паставілі ў самым пачатку; а менавіта: ці хочаце вы цярпець?
Як ўзгадвае с. Луцыя: “Амаль адразу, без роздуму, мы адказалі “так”! Гэты адказ
быў для нас падтрымкай і ўзмацненнем. Усё ж такі яна сама на гэта згадзілася,
бо такая воля Божая, увесь час яна ўзгадвала гэты адказ, і гэта станавілася для
яе ўзмацненнем і святлом у цемры. Як жа шмат, аднак, патрэбна ахвяры, сілы і
моцы, каб вытрываць на гэтым шляху.
Свядомасць таго, на што мы дабраахвотна згаджаемся, увогуле не пазбаўляе
нас ад нашых людскіх пачуццяў і эмоцый. Калі жанчына памятае і ўсведамляе, што
дабраахвотна абяцала любоў свайму нарачонаму, гэта не пазбаўляе яе шматлікіх
балючых перажыванняў перад абліччам цяжкіх сітуацый у сужэнстве. Ці ж яны не
правакуюць да прыняцця рызыкоўных рашэнняў, не схіляюць да радыкальных сродкаў,
бо навошта мучацца? А таму, ведаючы, памятаючы, што тое, што я ў дадзены момант
перажываю, з’яўляецца маім свядомым выбарам, і ўвогуле не пазбаўляе мяне ад
людскіх эмоцый і перажыванняў. У такой сітуацыі патрэбна вельмі шмат з нашага
боку ахвяры, каб знайсці правільны шлях, вытрываць на ім і не дазволіць спакусе
перамагчы сябе. Маці, дзе Ты знайшла крыніцу сілы, каб вытрываць? Ці магла Ты з
кім-небудзь падзяліцца сваім цярпеннем? Ці нехта з людзей мог бы тады сказаць,
што разумее, што Ты адчуваеш? У бязмежным болі Ты таксама была адна, ні да каго
не магла звярнуцца за парадай, дапамогай ці ўказаннем. Усе гэтыя падзеі Ты
павінна была перажыць сама, ведаючы што падчас звеставання Ты свядома сказала Богу
“так”.
Перад абліччам вялікага цярпення ў чалавеку абуджаецца звычайна рэакцыя
спачування, слёзы часам самі наварочваюцца на вочы. Цяжка абыякавым да
цярпячага чалавека. І так адбываецца падчас крыжовай дарогі. Разам з натоўпам
разяў за асуджаным ідуць жанчыны, якія аплакваюць Яго, бо Ён ідзе на
ўкрыжаванне. Які ж мілы знак, людская рэакцыя, спачуванне; ёсць яшчэ ў гэтым
натоўпе нехта, у каго засталіся людскія пачуцці, хто пусціў слязу, гледзячы на
прыніжэнне і цярпенне чалавека. Ці для Маці, якая ўсведамляе пакліканне свайго
Сына, гэта можа быць суцяшэннем? Як жэст спачування гэта напэўна вельмі міла,
але сам лямант і плач, гэтага занадта мала перад абліччам здзяўсняючайся
таямніцы. Плачуць, лямантуюць, а дарога вядзе далей да ўкрыжавання; ніхто не
кажа: стоп! Ніхто Не вызнае веры ў Езуса як прадказанага Месію. Таму і Езус
кажа вельмі адназначна: не па Мне плачце, плачце па саміх сабе і па сынах
вашых.
Ці ж гэтыя словы не ўсведамляюць нам нешта істотнае? Яны вырываюць нас з
салодкага стану спакою і свядомасці, што словы жалю і спачування перад абліччам
мукі Езуса дастатковыя. Не! Істота не ў людскім спачуванні, а ў вызнанні веры ў
Езуса; не ў людскім ляманце перад абліччам цярпення, а ў звяртанні ўвагі на
прычыну гэтага стану рэчаў. Я магу ўсхвалявацца мукай Хрыста і далей жыць у
сваіх грахах. Калі б так было, то сапраўды, шчаслівыя няплодныя ўлонні, якія не
нараджалі, і грудзі, якія не кармілі.
Маці, дзякую Табе за чарговую катэхезу, якая вучыць мяне сталай веры, вучы мяне
ўчынкам і паводзінам, а не толькі выказванню пачуццяў. Дзякую Табе, Маці. Ave Maria!
IV. АПЭЛЬ
МАРЫЙНЫ
Гэта Яе рукі песцілі таго,
хто стварыў гэты свет
вялікім і цудоўным,
хто стварыў гэты свет
вялікім і цудоўным,
Сына Свайго і нашага Брата.
Найчысцейшая
Панна з Беззаганным Сэрцам, Цудоўная Маці! Сёння наша чарговая сустрэча. Мы
прыходзім да Цябе з пачуццём, што лета ўжо мінула, а пачатак восені – гэта
добры час для новых пастанаўленняў. Шмат гадоў у верасні мы ішлі ў школу, каб
вучыцца таму, чаму нас вучылі. Мы не заўсёды любілі вучыцца, Панна мудрая, не
заўсёды любілі слухаць сваіх настаўнікаў. Сёння мы прыходзім ужо мудрэйшыя, мы
ведаем, што сёння і цяпер нам патрэбна навука. Прымі нашу просьбу, Панна
чыстая, мы б хацелі слухаць Цябе і вучыцца ў Цябе, Ты ведала самаго Езуса, Ты
насіла самаго Езуса, Ты слухала Яго штодзённа, Ты – Сталіца Мудрасці.
Панна мудрая, мы
ведаем, што Дух Божы вёў Цябе з самага пачатку, паволі вучыў Цябе. Евангелісты
столькі разоў натавалі, што Ты дзівілася, задумвалася, непакоілася, не
разумела. Аднак, гэта не перашкаджала Табе, Святая Панна, з радасцю чакаць
Езуса, насіць Дзіця Божае ў Сабе, у сваім целе і Беззаганным Сэрцы. Вольная і
чыстая, вольная ад зла, ад дрэнных думак, незалежная ад спакусаў сумневу, такая
моцная і сільная верай, прыгожая, падрыхтаваная, каб насіць у Сабе
Найвышэйшага. Менавіта так будавалі святыню, падрыхтоўвалі святыя месцы – у
стабільных месцах, нерухомых, каб будынак прастаяў доўгі час, таму што з часам
яны станавіліся больш вартымі, як бы накоплівалі ў сабе людскія перажыванні,
выслуханыя малітвы, радасць і боль, якія ў іх прыносілі людзі і пакідалі перад
алтаром. Менавіта так было падрыхтавана Тваё Беззаганнае Сэрца – каб Яно магло
вытрымаць шмат цяжкіх выпрабаванняў і нечаканых цяжкасцяў.
Людзі будавалі
святыні, да якіх мог прыйсці кожны, каб знайсці там бяспечнае і добрае месца
для малітвы, для сустрэчы з Богам. Наведванні таксама неслі перажыванні, якія
часта былі суцяшэннем на доўгія гады. У нас таксама ёсць улюбёныя касцёлы,
санктуарыі, капліцы, якія нас прыцягваюць. Вядома, што вернік таксама ў сабе
знаходзіць тямнічы санктуарый, дзе кожную хвіліну можа размаўляць з Богам. Мы
таксама можам знайсці такое месца.
Найсвяцейшая, і
Ты хадзіла да святыні, нават маючы побач з Сабой Сына Божага. Ён таксама
ўпадабаў Сабе месца ў святыні і там застаўся, непакоячы Цябе. Аднак, яшчэ да
гэтага Ты сама стала жывой святыняй, укрываючай у Сабе самаго Бога, носячы Яго
паўсюль з Сабой, усведамляючы Яго прысутнасць падчас кожнай размовы, падчас
кожнай дзейнасці і штодзённай працы… Ці мы ўяўляем сабе, што можна жыць побач з
Найсвяцейшым Сакрамэнтам? А Ты жыла, Панна моцная, носячы Яго ў Сабе да людзей,
да сваякоў, да чужых, асвячаючы кожным крокам месца, у якое прыходзіла. Гэта
жыццё ў няспыннай адарацыі, еднасці і размове з Езусам, жыццё сузіральніцы,
адаратаркі. Менавіта так, каб стаць жывой Аркай Запавету, укрываючай у Сабе
Сына Божага, носячай у Сабе Хвалу Пана.
Мы захапляемся
гэтай еднасцю Сэрцаў, але нельга толькі захапляцца, мы запрошаныя да гэтай
еднасці, абавязаныя з’яднацца з Беззаганным Сэрцам Марыі і Найсаладзейшым
Сэрцам Езуса. Нам таксама трэба прыняць, як Яна, Беззаганная, Сэрца Сына
Божага, крыніцу жыцця і святасці, з такой самай любоўю і чысцінёй, таму што
гэта Сэрца Езуса, годнае ўсялякай хвалы. Мы ведаем, што нельга засяроджвацца на
нашай грэшнасці, таму што Дух Святы вядзе нас да сакрамэнтаў, якія нас
ачышчаюць і асвячаюць, мы прымаем у нашыя сэрцы Найсвяцейшую Эўхарыстыю.
Цудоўная Маці, вучы нас прымаць Твайго Сына так, як Ты гэтага жадаеш. О, Маці
Збаўцы, ці Ты задаволеная намі? Ці радушся за нас? Мы таксама хочам штодзённа
насіць Твайго Сына, клапаціцца аб Ім і стаць маленькімі аркамі лучнасці сэрцаў,
дзякуючы якім хвала Пана атрымае доступ да людзей. Падумаем сёння, што мы можам
зрабіць, каб Езусу было з намі лепш.
О, Маці Збаўцы,
Ты была домам Божым, Святыняй Найвышэйшага, Святыняй Бога, бо ў Табе жыў і
побач з Табой рос Езус. Ці мы таксама можам жыць разам з Тваім Сынам, рыхтаваць
месца для Яго ў нашай штодзённасці, у звычайных занятках, працы, кантактах з
блізкімі? Ці можам мы на працягу дня суцешыць нашыя думкі прысутнасцю Бога ў
нашым сэрцы? Ці дбаем мы пра гэта штодня, ці добра Яму жыць з намі?
Панна добрая і
шчодрая, заступайся за нас, вядзі да Свайго Сына, сама ачысці нашыя бедныя і
слабыя сэрцы для Яго прыходу. Мы хочам мыць гасціннымі і сардэчна прывітаць
такога цудоўнага Госця. Панна хвалебная, просім, дапамагай нам, будзь
Гаспадыняй нашага сэрца, зрабі яго падобным да Твайго Беззаганнага Сэрца. Амэн.
Перакладзена з польскай мовы.
Droga przez Serce. Przymierze serc Jezusa, Maryi, naszych.
Sekretariat Fatimski 2016