1.25.2017

Першая субота мая



І. БЕЗЗАГАННАЕ СЭРЦА МАРЫІ,
ВЯДЗІ НАС ДА НАЙСАЛАДЗЕЙШАГА СЭРЦА ЕЗУСА,
РАДАСЦІ ВЕРНІКАЎ І РАСКОШЫ СВЯТЫХ
(Разважанне)

Радуйся, праз Цябе бо радасць заззяе,
Радуйся, ад слёзаў Евы пазбаўленне,
Радуйся, радасць усіх людзкіх пакаленняў,
Радуйся, Нявеста – Дзева чыстая.

Мы штодзённа занятыя сваімі справамі, у нас шмат абавязкаў, кожны з нас, хоць раз у дзень, хоць на хвілінку, заглядае да розных штодзённых навінаў. Потым мы іх каментуем, яны нас радуюць, забаўляюць або непакояць, мы іх пераказваем знаёмым, дадаючы сваю думку. Спачатку мы самі выбіраем нешта ў патоку інфармацыі, вырашаем, што нас цікавіць, куды нам заглянуць, якія словы нас парадуюць. Аднак, з цягам часу, тое, што мы рэгулярна чытаем, слухаем, паўтараем, ўсё больш на нас уплывае, пашырае наша ўяўленне, вяртаецца як хваля новых уяўленняў. Некаторыя навіны – гэта толькі смецце, іншыя – атрута, а яшчэ іншыя – каштоўныя факты або мяшанка аднаго і другога. Дбайма пра нашае сэрца- няхай у яго не трапляе смецце, трэба ў яго ўпускаць толькі тое, што для нас сапраўды добрае і што вядзе нас да асабістага шчасця. Напэўна добрым для нашага жыцця будзе прыняцце Добрай Навіны, Слова Божага, любові Божай. Мы ведаем, што нашым сэрцам патрэбна Божае Сэрца.
Ці сярод навінаў і інфармацыі, якія раскладваюць перад намі кожнага ранку, мы заўважаем Фацімскае Пасланне? Гэта вялікая навіна для нас. Яно таксама, але перш за ўсё яно, можа фармаваць і суцяшаць нашыя сэрцы. Гэта пасланне поўнае радасці і абяцанняў збаўлення – шчодры Бог ахвяруе нам сваё чулае Сэрца поўнае міласэрнасці, слодычы, дабрыні. Маці Божая ў Фаціме нагадвае нам пра тое, што для нас найважнешае і паказвае нам сваё Сэрца, адкрывае нам таямніцу свайго Найчысцейшага Сэрца, каб весці нас да лучнасці. Вось самая актуальная, самая важная навіна для нас кожнага дня.
Нас можа здзіўляць прастата і глыбіня гэтага паслання. Мэты адпавядаюць нашым патрэбам і жаданням, нашаму сэрцу – яшчэ большая блізкасць Найсаладзейшага Сэрца Езуса і Найчысцейшага Сэрца Марыі, адкрытая для нас лучнасць абодвух Сэрцаў. Падрабязнасці мы ведаем з Евангелля – пакута, малітва, адданне нашага недасканалага, беднага сэрца. Дапамогай для нас будзе набажэнства да Беззаганнага Сэрца Маці Збаўцы. Якія ж простыя і вядомыя нам гэтыя сродкі – штодзённы ружанец, зразуметы наноў. Усё гэта даступна, нічога надзвычанага, але гэта прывядзе нас надзвычайных мэтаў – мы зможам прымаць удзел у лучнасці двух самых цудоўных Сэрцаў, з’яднаных, любячых, якія не закрываюцца для нас, а наадварот, адкрываюцца і запрашаюць нас да сябе. Вялікай радасцю Марыі, Маці Божай, будзе дапамагчы нам дайсці да Найсаладзейшага Сэрца Езуса. Яе Сын жыў і памёр для нашага ўратавання, для нашага шчасця і жыцця ў небе. Найсвяцейшая Маці бліжэй за ўсіх да Сэрца Езуса, гэта ў Ёй магло ўфармавацца людзкое Сэрца Божага Сына; гэта Ёй даверылі апеку над маленькім, бездапаможным, слабым Дзіцяткам, якое з Ёй і са св. Юзафам было бяспечным, каханым, прытуляным, і радавацца жыццю. Гэта Марыя, Маці, была першай радасцю Сына Божага, аб якім Яна штодзённа клапацілася. Яна шчыра, шчодра і ахвярна згаджалася, каб Сын, узрастаючы, станавіўся самастойным і быў усё больш у справах Айца. Паразважаем з пакорай пра такую вялікую шчодрасць Сэрца Найсвяцейшай Дзевы, якая не затрымлівала штодзённай радасці з Езусам для Сябе, а згаджалася, каб Ён усё больш быў для людзей, для нас, для нашага збаўлення.
Найсвяцейшая Панна чула, што звеставанне анёла азначае вялікую радасць для ўсяго народа, для ўсіх веруючых, для нас саміх. Збаўца перш за ўсё для Яе, але не толькі для Яе адной, Беззаганнае Сэрца ўмее дзяліцца радасцю свайго жыцця, або самім Езусам.
Каму мы давяраем самае дарагое для нас? Каму мы можам даверыць далікатнасць нашага сэрца? Каму мы б хацелі даверыць Сэрца Езуса, радасць усяго стварэння? Мы ведаем, што менавіта Найсаладзейшае Сэрца Збаўцы з’яўляецца раскошай усіх святых. Аднак, наш Сябра і Настаўнік жадае таксама, каб да Яго Сэрца наблізіліся ўсе несвятыя і тыя, што яшчэ ня вартыя прыняць чулае Сэрца Божае. Гэтага хоча таксама і Марыя, хоць сама Яна прымала Езуса вельмі дасканала абраная, падрыхтаваная, зачараваная і прасякнутая  ласкай самаго Духа Божага, салодкай радасці Сэрцаў.
Адкуль такая шчодрасць Найсвяцейшай Дзевы для нас, грэшнікаў, тых, што раняць Сэрца Яе любага Сына? Яна паслухмяная волі Айца і Сына, поўная ласкаў Суцяшальніка, поўная любові да нас, так, як жадаў Езус. Яна ведае, што толькі ў Сэрцы Езуса, як Яна, мы знойдзем супакой і шчасце, а ідучы Яе шляхам, прымаючы Яе прыклад любові, мы напэўна сустрэнем Езуса.
Паглядзім на Марыю – Яна, Дзева поўная дароў і ласкаў Духа, хоча прывесці нас да Сэрца свайго Сына. Мы ясна бачым – праз Яе, чыстую і добрую, прыходзіць да нас Радасць, сам Езус. Яна паказвае нам сваё Сэрца – чыстае, параненае шматлікімі цярпеннямі і працай, але шчаслівае, бо з Езусам, бо для Яго, для Яго заўсёды і паўсюль. Разважаючы на таямніцай Беззаганнага Сэрца мы бачым, як цудоўна Яна фармуе людзкое сэрца ў блізкасці да Сына Божага, у лучнасці з Ім. Пойдзем жа за Ёй, беручы ў руку ружанец, разважаючы над жыццём Сына Божага і Яе ля Яго. Школа ружанца не падманвае: жыццё – гэта не байка, у якой мы можам схавацца, гэта не фільм ці музыка, якія салодка нас суцешаць на нейкі час, нічога ад нас не патрабуючы, адрываючы нас на хвіліну ад штодзённасці, а потым знікаючы перад клопатамі і звычайнымі праблемамі. Ружанец паказвае праўду – у жыцці ёсць розныя таямніцы і ўсе іх можна перажываць, як Сэрца Марыі, набліжаючыся ў кожнай з іх да Сэрца Езуса.
Марыйная школа ружанца не хлусіць – ужо шмат святых, вытрывала, часам з вялікай цяжкасцю, ішлі гэтым шляхам, да Найсаладзейшага Сэрца Збаўцы, крочучы па-свойму праз таямніцы ўкрытага жыцця святла, болю і хвалы; яны з радасцю дайшлі да неба, да Найсаладзейшага Сэрца Езуса. Мы таксама ідзем гэтым шляхам разам з Марыяй, прымаючы цярпенне, малітву, набажэнства да Беззаганнага Сэрца, цярпліва скіроўваючыся, штодня наноў, да найважнейшай лучнасці ў жыцці нашым і ўсяго свету.
Мы штодзённа атрымліваем шмат навінаў, радасных, шакуючых і раздражняючых. Змесцім у заклапочанасці дня таксама фацімскае пасланне, няхай у штодзённасці будзе, так, як мы зможам – пакута і ружанец з Марыяй, якая будзе цярпліва нас весці да ласкі Салодкай Радасці Сэрцаў, да лучнасці двух сэрцаў. Няхай штодзённа важныя для нас  навіны нясе нам таксама і ружанец, гісторыя збаўлення, перажываная з Езусам і Яго Маці. Амэн.

ІІ. РУЖАНЕЦ
РАДАСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

Звеставанне
Гэтай лучнасці з Богам людзьмі чакалі вельмі даўно. У людзкіх сэрцах жыла нейкая вялікая туга чалавека па кімсьці, хто палюбіць, будзе верным, не спалохаецца і не пакіне нават тады, калі мы падвядзем. Гэта мудрасць людзкога сэрца, улітая Святым Духам, людзкое чаканне любові Сэрца Бога. Яго чакалі прарокі сотні гадоў, просячы Месію, які адкупіць увесь народ, узніме ўсіх слабых, вылечыць хворых і знойдзе згубленых, узмоцніць веру народа, усталюе парадак, абароніць… але Збаўца спачатку паявіцца як слабое Дзіця, якім трэба будзе апекавацца і здагадвацца пра Яго патрэбы, даць Яму сваё сэрца.
Гэтая першая лучнасць сэрцаў выканалася ў маленькай мясцовасці, у правінцыі, з невядомай у свеце Марыяй. Гэта дар Божага Сэрца, патрабуючага Маці, зямнога айца, які будзе абараняць, карміць, вучыць, выводзіць у свет. Толькі Бог мог такое прыдумаць – людзі чакалі, што неба цудоўным чынам спусціць зверху моцнага асілка.
Першае запрашэнне прыняць Збаўцу атрымлівае сужэнская пара, абраная і падрыхтаваная: уцелаўлёнаму Богу патрэбныя бацькі. Ці гэта не здзіўляе – Той, што павінен збавіць, не з’яўляецца як вялікі, моцны і незвычайны асілак, а як Дзіця, маленькае і бездапаможнае, якому патрэбна вялікае сэрца. Сэрца Марыі прымае Яго, не бачучы, не ведаючы, не патрабуючы ніякіх умоў, нічога не патрабучы для сябе. Так шмат веруючых людзей чакала Месію, уяўляючы Яго цудоўным і моцным, які будзе судзіць справядліва, згодна з іх марамі. Панна Марыя, ўмее прыняць Бога, якім павінна апекавацца ў цішыні свайго Сэрца. Езус можа зачацца ў Яе Сэрцы, таму што Яна аддае Яму ўсю сябе і згаджаецца, каб Яе Сэрца было даступным, адкрытым, гатовым для Яго, хоча прыняць Бога Сэрцам Маці. Ён мае права быць Яе Дзіцём і чакаць Яе ўважлівасці, далікатнасці, працы.
Якога Бога мы чакаем? Якім чынам Ён хоча да нас прыйсці, кім хоча быць для нас менавіта цяпер?

Наведванне святой Альжбеты
Найсвяцейшая Панна стала Маці Сына Божага цалкам не зразумелым чынам для Яе самой, Яе сваякоў, усяго асяроддзя. Што і як яна павінна растлумачыць заручанаму з Ёй Юзафу? Што скажуць суседзі і сям’я? Хто зразумее Яе Сэрца? Яе запрасілі да адзінай, непаўтаральнай, таямнічай і ўкрытай лучнасці з Богам. Людзі часта не разумеюць  паклікання іншай асобы, яно ім здаецца нелагічным, незразумелым. Можа адчуваюць, што ў іх ёсць лепшы рэцэпт на іх жыццё.
Маладая Панна прыняла ўсім Сэрцам абяцанага Сына, ні ў кога не пытаючы парады, не шукаючы падказак, пастанавіла абавязкова быць Маці Найсаладзейшага Сэрца Езуса. Бог сам стварыў чалавека і ведае патрэбы, якія спяць у людзкіх сэрцах, ведае, што патрэбна кожнаму, а асабліва маладой маці ў такой незвычайнай сітуацыі. Анёл ужо мае падрыхтаваную прапанову ад добрага Айца – далікатна ўказвае на сваячку ў падобным пакліканні – Альжбета таксама павінна стаць Маці, нечакана і цудоўным чынам, цяжка зразумелым для асяроддзя. Клопат Бога такім чынам дапамагае дзвум жанчынам, яны могуць быць падтрымкай і дапамогай адна адной; яднае іх таксама выбар Бога і будучыня абодвух сыноў. Бог ведае, што Сэрцу Маці Божай патрэбна блізкая асоба, падтрымка, апека, добрае слова, супольная малітва. Панна ідзе туды, куды вядзе Яе слова анёла, знаходзіць адкрытае сэрца св. Альжбеты, якая прымае і разумее Сэрца Маці Божай і вітае Найсаладзейшае Сэрца Езуса.
Адкрыем і мы нашыя сэрцы на патрэбы сэрцаў, пакліканых да службы Божай, падтрымаем у іх сэрцах пакліканне блізкае Сэрцу Езуса. Беззаганная ідзе, каб падтрымліваць, і атрымлівае падтрымку. Нават, калі мы не разумеем паклікання іншай асобы, нават, калі мы бачым слабыя бакі гэтай асобы, нават, калі яна дае дрэнны прыклад у сваім асяроддзі, тым больш будзем маліцца аб моцы для яе, вытрываласці, жыцці ў праўдзе, любові і радасці Божай. Просім аб ачышчэнні пачуццяў, дзякуем за ласку Божую для гэта асобы, просім каб яе недахопы не стрымлівалі людзкую веру і цярплівасць. Молімся аб дарах Духа Божага для нас і ўсіх нашых знаёмых, пакліканых да службы Божай.

Нараджэнне Езуса Хрыста
Маці Божая прыняла Езуса, не бачучы Яго, паверыла, хоць не бачыла. Цяпер Яна можа ўбачыць Таго, каго прыняла ўсім сваім Найчысцейшым Сэрцам. Ці выглядае Ён як моцны Збаўца, на якога ўсе спадзяваліся? Ці Ён адпавядае людзкім спадзяванням?
Марыя цяпер будзе вучыцца пра Яго клапаціцца, карміць Яго, апранаць, дапамагаць, пазнаваць Яго яшчэ больш. Лучнасць двух Сэрцаў, калі яна шчырая з самага пачатку, яна будзе ўзрастаць, паглыбляцца. Цяпер Панна бачыць Сына Божага, які павінен здзейсніць вялікія справы, маленькім, бездапаможным, якога трэба хаваць і бараніць. Яна ведае, што чакае Яе шмат гадоў, перш чым Яна ўбачыць практычнае ажыццяўленне абяцанняў Анёла. А цяпер Яна павінна заняцца не вялікімі планамі, а пазнаваннем Езуса і тым, што добрае для Яго. У хвіліну звеставання Яна аддала сваё Сэрца Божаму Сыну, цяпер трэба рыхтаваць Яму месца ля сябе, бяспечнае, добрае, мілае Яго Найсаладзейшаму Сэрцу.
Што гэта азначае, даць некаму дом? Гэта ўмець ствараць добрую штодзённасць, мноства штодзённых абавязкаў. Прыняць Сэрца Езуса, поўнага велічы, азначае прыняць звычайнасць, жыццё ва ўмовах менавіта гэтай эпохі, актуальнага часу, навязанага асяроддзя; азначае шуканне Бога не ў марах, не ў далёкіх краінах ці ў будучыні, але тут і цяпер, ва ўласным жыцці, такім, якое ёсць. Езус з’явіўся спачатку ў Сэрцы Марыі, толькі потым у Бэтлееме. Беззаганнае Сэрца Марыі далей засяроджвае сваю ўвагу на Езусе, не губляе часу на незадаволенасць або разважанне пра іншыя магчымасці: Яна прымае ўсё, што адбываецца, дзякуе за прысутнасць Езуса. Цярплівае Сэрца Марыі Панны з цалкавітым даверам прымае Божы выбар. Яна сама з упэўненасцю выбрала б іншае месца для нараджэння Сына. Аднак, сціплае месца, схаванае, ціхае, далёкае ад цікаўных, Яна прымае як волю Божую і радуецца Сыну. Святы Юзаф прымае народзіны Сына, хавае сужонку і Дзіця, падтрымлівае супольнасць іх Сэрцаў. Сам, вызначаны і падрыхтаваны ў якасці найбліжэйшай Ім асобы, Ён дбае пра іх, прымае ўдзел у лучнасці, аддаючы сябе для патрэбаў Марыі і Сына Божага.
Ці мы таксама дазваляем Найсаладзейшаму Сэрцу Езуса нарадзіцца ў нас саміх і там, дзе Ён хоча быць блізка да нас? Ці мы згаджаемся, што трэба берагчы нашае пакліканне і дбаць пра яго?
Трэба, каб і мы знайшлі сябе ў нашай эпосе, у нашай краіне і нашым месцы жыхарства. Менавіта гэты час Бог выбраў для нас, прызначыў нас, каб мы тут і цяпер жылі, прымалі Езуса ў сваё сэрца і дбалі пра Яго. Тут, дзе мы ёсць, павінен нарадзіцца Езус – для нас і для іншых, у гэтых умовах, менавіта цяпер. Ці мы згаджаемся прыняць маленькае Дзіця Божае ў нашае жыццё?

Ахвяраванне Езуса ў святыні
Ачышчэнне Найсвяцейшай Марыі Панны і ахвяраванне Сына – гэта вялікая падзея для Найсвяцейшай Сям’і. Гэта стары рэлігійны звычай, важны не толькі для маці і дзяцей, айцы таксама павінны былі там прысутнічаць. Святы Юзаф і Маці Божая перажываюць ахвяраванне Сына, да якога ўжо моцна прывязаліся, з якім праводзяць большасць свайго вольнага часу, для Яго працуюць, штодзённа Ім апякуюцца, кормяць Яго і прытуляюць, павінны далей выхоўваць Яго і вучыць звычайнаму жыццю. Адначасова абодва ведаюць, што гэта Сын Айца ў небе і гэта Яго воля будзе кіраваць іх любым Дзіцём. Сын Божы – гэта Збаўца, так чаканы людзьмі, прыйшоў на свет для іх збаўлення. Гэта іх Сын, але ж не толькі іх, для іх. Гэта Сэрца, якое Айцец вельмі палюбіў і якое прагне лучнасці з людзьмі.
Хто ў натоўпе пабожных людзей ведае, што яны перажываюць, хто здагадваецца, хто разумее? Божы Провід прадбачыў для св. Юзафа і Марыі сустрэчу з Сімяонам і Ганнай, якія пацвярджаюць свёй радасцю і прысутнасцю іх пакліканне і місію Сына Божага. Гэта радасная хвіліна, якой павінна хапіць на доўгі час: будзе так шмат доўгіх гадоў узрастання маленькага Езуса, жыцця ў новых месцах; шмат невядомых звычаяў, увесь час незнаёмыя людзі, з якімі трэба будзе жыць у згодзе, адначасова захоўваючы таямніцу жыцця і паклікання. Абодва ахвяравалі сябе для ўсяго гэтага, не ведаючы ніякіх дробязяў, прымаючы пакліканне зямных бацькоў Сына Божага.
Таксама і цяпер Найсвяцейшая Панна і св. Юзаф знаходзяцца ў натоўпе людзей. Суцяшэнне і перасцярогі Сімяона і Ганны – гэта як падарунак ў дадзеную хвіліну, аднак, ніхто больш не ведае і не разумее гэтых прадказанняў і падзеяў. Падумаем: мы таксама б не ведалі, што адбываецца; мы таксама не ўсведамляем паклікання, святасці, малітвы людзей, якія бываюць побач з намі ў касцёле, па суседству, у сям’і. З павагай і цярплівасцю прымем людзей, якіх мы сустракаем: мы не ведаем, як іх Бог вядзе, якое ў іх месца ля Езуса, якія дары Духа Святога ўлівае Ён у іх сэрцы. Паглядзім на іх як на пакліканых, як і мы, да блізкасці з Сэрцам Божым.

Езуса знаходзяць у святыні
Гэта радасная таямніца – знайшлі Сына, Ён ужо ў бяспецы, нічога не здарылася, усё ў парадку… Аднак, распачынаецца яна з няўпэўненасці, страху і боязі. Хвіліну таму найдаражэйшы Сын быў побач, так здавалася, а цяпер Яго няма, прынамсі побач няма. Але яшчэ цепліцца надзея, што Ён недзе недалёка і праз хвіліну ўжо ўсё будзе добра. Пачуццяў Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Юзафа не зразумее той, хто паўтарае: як гэта можна было дапусціць?, трэба было глядзець… Як гэта магло здарыцца?
Нечаканая змена, нечаканая страта заўсёды будзе шокам. Мы прызвычайваемся да таго, што лічым трывалым, яўным, звычайным. Нам здаецца, што нічога не зменіцца, будзе, як заўсёды, так, як мы хочам. Хуткая страта здароўя, добрага суседства можа нас шакаваць, калі нам здавалася, што ўсё стабільнае і нязменнае. Можа здарыцца, аднак, адваротнае – калі мы нечакана некага губляем, а калі гэта заўважаем, ужо занадта позна. Як лёгка незаўважна згубіць кантакт з некім, да каго мы прызвычаіліся! Як лёгка згубіць з вачэй Езуса!
Для Юзафа і Марыі гэта хвіліна выпрабавання і іх адносінаў. Здзіўленне, непакой, страх, уяўленне падсоўваюць небяспеку… Як хутка можна перайсці да абвінавачванняў сябе ўзаемна! Ці Маці Боая не магла б абвінаваціць сужонка і апякуна што ён не досыць уважліва пільнаваў Сына, Яе Сына, Божага? Колькі ж слоў магло б быць сказана непатрэбна, але якія застаюцца ў памяці і баляць. Аднак, любоў і клопат Беззаганнай аб Сыне не падзяляе і ні з кім Яе не сварыць. Нават такі вялікі страх за Сына не нараджае гневу, перакідвання віны, выбуху. Добра паразважаем над гэтай таямніцай і прымем яе сэрцам – Беззаганнае Сэрца шчыра выказвае словы: “Айцец Твой і я з болем шукалі Цябе”… Лучнасць сэрцаў перамагае спакусы падзелу і спрэчкі.
Яны ўмеюць пакорна шукаць Езуса і яны знайшлі Яго. Аднак, ужо ніколі не будзе так, як было. Выказваюцца словы, якія застануцца глыбока ў сэрцах і якія вучаць пазнаваць Езуса. Ён у справах Айца, для Яго самымі важнымі будуць справы Айца. Езус моцна, усім сваім Сэрцам аддадзены Бацькам, аднак, самая важная лучнасць Яго повязі з Айцом у небе.
Ці згаджаемся мы быць на другім месцы ў блізкіх нам сэрцах? Ці згаджаемся мы, што першае месца ў кожным сэрцы павінны займаць справы Айца?

ІІІ. ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЕ РАЗВАЖАННЕ
Хрост Езуса ў Ярдане

Маці, вось я!
Адказваючы на Тваё запрашэнне, навучаны словамі Езуса, я прагну разважаць над зместам ружанцовых таямніцаў. Разважаючы над Тваёй прысутнасцю ля Сына, разам з Табой, Маці, і Тваім Абраннікам Юзафам, я вырушаю ў святочным настроі да святыні, каб разам з вамі перажыць свята Пасхі. Аднак, вобраз, які мы ведаем з Евангелля, не засяроджвае нашай увагі на ўрачыстым перажыванні свята, нічога не кажучы пра тое, як перажывалі гэты час, але адразу пераносіць нас у цалкам іншыя акалічнасці, якія датычацца вялікіх зменаў.
Евангеліст Лука, так апісвае гэтую падзею: “Бaцькi Езуса хaдзiлі штогод у Ерузaлем нa свята Пaсхi. I кaлі Яму былo двaнaццaць  гaдoў,  яны  ўзышлі  ў  Ерузaлем  пaвoдле  звычaю  святa. Калі  па заканчэнні  дзён  свята  вярталіся,  зaстaўся  Хлопец  Езус  у  Ерузaлеме,  i  не заўважылі  гэтага  Ягoныя  бaцькi. Думaючы,  штo  Ён  ідзе  з  пілігрымамі, прайшлі  дзень  дaрoгi  і  тады  пачалі  шукaць  Ягo  мiж  свaякaмi  i  знaёмымi. Не знaйшoўшы,  вярнуліся  ў  Ерузaлем,  шукaючы  Ягo.  I  пaсля  трoх  дзён  знaйшлі Ягo ў святынi. Ён сядзеў сярoд настаўнікаў, слухaючы iх i пытaючыся ў iх. А ўсе,  хто  слухaў  Ягo,  дзівіліся  рoзуму  i  aдкaзaм  Ягo. I,  убaчыўшы  Яго,  яны здзiвiліся,  i  скaзaлa  Яму  Мaці  Ягoнaя:  «Дзіця,  чаму  Ты  зрaбiў  нaм  тaк?  Вoсь бацька Твoй i Я балюча перажывалі,  шукaючы Цябе».  Ён скaзaў iм: «Чaгo ж вы  шукaлі  Мяне?  Цi  вы  не  ведaлі,  штo  Мне  трэбa  быць  у  тым,  што  належыць Aйцу Мaйму?»  Aле яны не зрaзумелі таго, што Ён скaзaў iм. І ён пaйшoў з iмi, і прыйшoў у Нaзaрэт, i быў паслухмяны iм. А Мaці Ягo захавала ўсе гэтыя слoвы ў сэрцы свaiм. Езус жа ўзрастаў у мудрaсцi, у гaдах i ў лaсцы ў Бoгa i ў людзей” (Лк 2, 41-52).
Любая і заклапочаная Маці, праз словы Евангелля я гляжу на Тваю і Юзафа занепакоенасць. Задумваюся, ці звярнула ты ўвагу на тое, што ў прыгожыя і ўрачыстыя хвіліны Твайго жыцця нечакана адбываецца змена. Пасля зашлюбінаў з Юзафам, перш чым вы пачалі жыць разам, Бог увайшоў у Тваё жыццё, ажыццяўляючы вялікую змену. Усе вашыя планы павінны былі быць радыкальна змененыя; перад шлюбам нішто не ўказвала на тое, што нешта падобнае можа здарыцца, бо ў вас ужо былі свае планы.
Ці прыход Езуса на свет, ці час і ўмовы былі Табой, Маці, раней запланаваныя? Калі Ты была не ў бацькоўскім доме, для Цябе надышоў час нарадзіць. Нечакана ў горадзе, дзе Цябе ніхто не ведаў, прыходзяць пастушкі, каб убачыць Твайго Сына. Яны шукаюць вас ноччу і знаходзяць. Што ж такое здарылася, што іх да гэтага падшурхнула, адкуль такая нечаканая зацікаўленасць?
Нельга, Маці, не ўзгадаць падзеі, калі разам з Юзафам вы прынеслі – згодна з Правам – Езуса ў святыню. Словы Сімяона напэўна былі для Цябе здзіўленнем. Пры ўваходзе ў святыню вас так цудоўна прывіталі, вы ўбачылі такую вялікую радасць старэйшага чалавека, які менавіта па гэтай прычыне праслаўляе Бога – гэта прыгожая падзея. Нечакана, аднак, Ты чуеш словы пра тое, што Тваю душу пройдзе меч болю. Радасць адразу перамяняецца ў роздум і здзіўленне, а спакуса таксама можа падсоўваць розныя сумневы і пытанні.
Можна было б сказаць, што такія павароты не былі для Цябе, Маці, чымсьці новым, і да іх ужо можна было б прызвычаіцца. А можа проста, чытаючы гэтыя знакі, ты знаходзішь повад, каб глыбей адкрывацца на Божы план і больш давяраць Богу?
Вось, Маці, разам з Юзафам ты зноў, у чарговы раз у Ерузалеме, каб перажываць Пасху. Хоць як жанчына, згодна з Правам, Ты не маеш абавязку, аднак Ты разам са сваім Абраннікам, а з вамі Езус. Для вас гэта павінен быў быць сапраўды прыгожы і святочны час. У Ерузалеме вы напэўна адчувалі сябе бяспечна, не трымаючы Езуса пры сабе, паўсюль бачучы пагрозу. Хоць, напэўна ў гэты час у гэтым месцы было шмат людзей. Калі вы так давяраеце Езусу, то і вашыя сямейныя адносіны павінны былі мець падобны характар. Усё здаецца прыгожым, святочны настрой, Ерузалем, святыня… і нечакана зноў усё змяняецца. Няма Езуса, пачуццё сямейнай еднасці, святочнага настрою лопаецца як мыльны пузыр і зноў з’яўляецца непакой, заклапочанасць і ўсё часцей задаванае блізкім і сваякам пытанне: ці вы не бачылі Езуса? Ці ў такія хвіліны няўпэўненасці здзіўленне не падсоўвае негатыўных сцэнарыяў? А можа прароцтва Сімяона абуджаецца цяпер з усёй моцай у Тваім Сэрцы, Маці, і Ты задаеш Сабе пытанне: што гэта за меч болю, які павінен быў прайсці Тваю душу? Можа здарылася нешта страшнае, нешта, што Ты адчуваеш і што будзе выкананнем прароцтва? Кожная хвіліна такой няўпэўненасці падсоўвае розныя думкі, малюе ўсё больш трагічныя сцэнарыі. Як гэта магло здарыцца?
Што адбываецца ў Тваім Беззаганным Сэрцы, Маці? Ці Ты спакойна прымаеш чарговы паварот у Сваім жыцці і цалкам аддаешь сябе волі Божай? Ці ж Маці ў хвіліну страты ўласнага дзіцяці можа быць спакойнай? Але любоў не дазваляе заставацца бяздзейсным. Вы разам вяртаецеся да Ерузалему, каб далей шукаць Сына. Адзін дзень, другі – незалежна ад усялякіх акалічнасцяў, праз такі доўгі час павінны нарадзіцца пачуцці страху, хвалявання, сумневаў. Чалавек пачынае задаваць сабе ўсё больш пытанняў, пачынае сябе абвінавачваць, дакараць сябе, лічыць безадказным. Маці, аб чым Ты размаўляеш з Юзафам? Над чым вы разважаеце, калі надыходзіць чарговая ноч і вы ідзеце адпачываць, не ведаючы, дзе ваш Сын? Ці можна спакойна чакаць чарговага дня, не ведаючы, што ён прынясе і калі ўдасца знайсці Езуса?
О Беззаганная, як жа здзіўляюць словы Евангелля: “Ён застаўся ў Ерузалеме і бацькі гэтага не заўважылі”. Як бы зразумелым было тое, што Ён застанецца і так здарылася, толькі гэтага ніхто не заўважыў. Вы абодва чарговы дзень шукаеце Езуса, а я, чытаючы Евангелле, з самага пачатку ведаю, што Езус у Ерузалеме, нават больш, Ён не згубіўся, а проста застаўся. Аднак, здзіўляе мяне, што змест гэтай ружанцовай таямніцы быў змешчаны ў радаснай частцы. Ці ж падзеі звязаныя са згубленнем дзіцяці можна лічыць радаснымі? Канешне, усё заканчваецца добра ў трэці дзень, вы нечакана бачыце Езуса: з Ім нічога не здарылася, усё вельмі добра. Ці гэта канец перажыванняў, якія так глыбока кранаюць Тваё Беззаганнае Сэрца?
Маці, калі ўбачыць уласнае дзіця, якое раней згубілася, ужо з далёк кліча, радуецца, нішто не можа яе паўстрымаць, каб падбегчы да яго і прытуліць. Як можна асуджаць, гэта права маці, і перш за ўсё, каб дзіця магло адчуць сябе ў бяспецы, патрэбныя абдымкі маці. Аднак ваша сустрэча пасля трох дзён пошукаў выглядае зусім інакш. Ты не прад’яўляеш ніякіх правоў; Ты пакорна паказваеш на Юзафа, звяртаешся да Езуса: “Айцец Твой і я з болем сэрца шукалі Цябе”. Аднак, перш чым Ты кажаш гэтыя словы, Ты прыглядаешся да сітуацыі, бачыш, што Езус сядзіць сярод настаўнікаў і задае пытанні. Цябе здзіўляе тое, што Езус толькі дванаццацігадовы хлапчук, а настаўнікі ўжо збянтэжаныя хуткасцю розуму Твайго Сына. А можа гэта здзіўленне – гонар і радасць? Можа ўжо раней і нават не раз Ты бачыла нешта, што вельмі Цябе здзіўляла, а цяпер Ты проста не чакала нечага падобнага? Што азначаюць гэтыя пытанні перад абліччам незразумення, якое нараджаецца ў Тваім Сэрцы пасля адказу Езуса: “Чаму вы Мяне шукалі?” Як гэта чаму? Нам трэба было не шукаць, а проста вярнуцца дамоў?
Маці з чулым і поўным любові Сэрцам, што Ты адчуваеш, чуючы словы, якія не гучаць як просьба аб прабачэнні або падзяка за ваш труд, за вяртанне да Ерузалему, каб разам вяртацца да роднага дому? Тваё пытанне вельмі простае і зразумелае. Кожны разумее яго сэнс. Згубіўся сын і маці пытаецца: чаму ты так зрабіў, што азначаюць такія паводзіны? Адказ вельмі падобны да таго, які Ты чула ў хвіліну звеставання. Не разумеючы, як павінна адбыцца тое, пра што кажа анёл, Ты чуеш адказ, які нічога не растлумачвае. Толькі давер, што гэта Воля Божая, а не поўнае разуменне, дазвалаяе Табе сказаць fiat. Ці і тут адказ Сына не з’яўляецца падобным? Не дадзена Табе, Маці, ўсяго зразумець. У гэтую хвіліну Ты разам з Юзафам, але, як кажа Евангелле, вы абодва не зразумелі таго, што Сына вам сказаў.
Я ўяўляю сабе боль Твайго Сэрца, Маці, якое не можа ўсяго зразумець; увесь час не ведае ўсяго Божага плану. Божыя планы Ты пазнаешь паступова, усё захоўваючы ў сваім Беззаганным Сэрцы. Калі Езус павінен быць у тым, што належыць Айцу, ці азначае гэта, што сёння Ён ужо не вернецца да дому? У кожнага з нас былі б такія думкі. Ты, Маці, захоўваеш дзіўны супакой. Не задаеш чарговых пытанняў, а толькі ўсё захоўваеш і разважаеш у Сваім Сэрцы. Напэўна, як Маці, Ты адчуваеш, што хоць Езус Твой Сын, аднак трэба будзе згадзіцца з Яго незалежнасцю. Рашучы адказ Езуса, які Ты пачула, азначае, што Ён будзе больш аддадзены справам Божым, чым Маці. Ты ведаеш, што Бог – Яго Айцец, але любоў, сэрца, пачуцці Маці не знікаюць разам са свядомасцю, што Ты прымаеш удзел у Божым плане збаўлення. Як Пакорная Служабніца Ты прагнеш выканаць сваю місію як мага лепш, але, як гэта зрабіць, калі не ўсё зразумела, калі столькі спраў адбываецца так нечакана?
Дзякую Табе, Маці, за чарговы ўрок. Ave Maria!

IV. АПЭЛЬ МАРЫЙНЫ

Найсвяцейшая Панна, Маці цудоўная і найчысцейшая! Мы прыходзім па Твайму запрашэнню, адчуваем сябе заахвочанымі і смелымі, каб наблізіцца да Цябе, Беззаганнае Сэрца. Сёння мы прыйшлі да Цябе, можа трохі няўпэненыя, можа не вельмі добра падрыхтаваныя, але з надзеяй, што Ты прымеш нас у Сябе, мы хочам быць Тваімі гасцямі. Гэта Твой час для нас, гэта наш час для Цябе. Мы хочам пакінуць сваю стомленасць, знеахвочванне, мы хочам слухаць Цябе, сабрацца з думкамі, мы хочам адпачнуць ля Цябе, набрацца сіл, убачыць сябе і наш свет наноў. Панна радасная, пакажы нам Тваё Беззаганнае Сэрца.
Май – гэта Твой месяц, Панна верная. Усё можа ў нас асацыявацца з Табой. Як май абяцае добры, квітнеючы, плённы час, так і Ты, як Ранішняя Зорка, якая беспамылкова кажа, што надыходзіць ясны дзень, канец цемры і няўпэўненасці. Праз Цябе прыходзіць Радасць людзкога жыцця, Сын Божы, Крыніца вялікага суцяшэння, Суцяшэнне ўсіх сэрцаў. Цябе падрыхтаваў і выбраў Суцяшальнік, Ты, дзякуючы ласцы Божай Міласэрнага Айца нарадзіла Найсаладзейшае Сэрца, якое прыгарняе ўсіх, таксама і грэшнікаў, таксама і нас саміх. Мы можам смела і з даверам падысці да Цябе, Беззаганная, Незраўнаная, Незаплямленая.
Ты, такая чыстая, святая, цалкам Божая, можаш смела і без сораму паказаць нам сваё Беззаганнае Сэрца, вольнае ад зла, незалежнае ад усіх спакусаў, празрыстае, у Табе адлюстроўваецца святло ласкі Божай, прыгажсць стварэння, якое сам Створца з задавальненнем палічыў добрым, прыгожым, паходзячым ад Яго.
Мы не можам Табе так паказаць нашых сэрцаў, Беззаганная, ззяючая ласкай. Мы не такія чыстыя і прыгожыя, як Ты, у нас пакінулі след розныя спакусы, розныя падзеі, пра якія мы б не хацелі памятаць і каму-небудзь расказваць. Мы хутчэй хаваем нашыя сэрцы, як нешта ўбогае, слабое, можа сарамлівае, можа з заклапочанасцю. Аднак мы не павінны саромецца Цябе, Беззаганная Панна, бо Ты Маці Збаўцы, уфармаваная з самага пачатку ў еднасці Твайго Беззаганнага Сэрца з Міласэрным Найсвяцейшым Сэрцам, поўным Божай велічы, цярплівасці, чуласці, дабрыні і любові, адкрытым для нас. Цябе фармаваў і вёў Дух Божы, салодкая Радасць Сэрцаў, у Табе пасяліўся Той, хто суцяшаў церпячых нават тады, калі сам цярпеў.
О Марыя, мы з зачараваннем глядзім на Цябе і прыходзім да Цябе, каб пачуць Твае словы, Панна радасная. У радасных таямніцах ружанца, які Ты нам сёння ўручаеш, мы бачым Цябе: Ты часцей гаворыш да Бога, чым да людзей. Тваё Беззаганнае Сэрца настолькі вольнае, нічым не звязанае, нічым не абцяжаранае, бо цалкам адкрытае і ўзнесенае, скіраванае да Бога, як кветкі да сонца.  Дзіўная Маці, навучы нас, просім, гэтай вольнасці ў Святым Духу, гэтай радасці жыцця незалежна ад цяжкасцяў і страхаў. Навучы нас радавацца Божай справядлівасці і любові, насіць у сэрцы Езуса, на Ім засяроджваць свае думкі і волю.
Мы хочам быць Тваімі дзецьмі, Беззаганная. Мы хочам прыняць Цябе як Маці, а гэта значыць даць Табе права выхоўваць нас, клапаціцца пра нас, кіраваць намі і вучыць нас. Мы хочам, каб іншыя ведалі, што мы Твае, што належым Табе і вучымся ў Цябе, што мы падобныя да Цябе. Гэта нашае ціхае прагненне і мара, каб кожны і кожная з нас, як гэта бывае ў сям’і, захоўваючы свае асабістыя рысы, былі адначасова падобныя да маці?
Давяраем Табе нашыя думкі, Беззаганная. Яны занадта смелыя для нашых магчымасцяў, але мы можам прасіць Цябе аб дапамозе, бо Ты жадаеш, каб усе збліжаліся да Твайго Сына, каб прымалі еднасць сэрца, як Ты прыняла з радасцю, чысцінёй і любоўю Езуса.
Паглядзім на нашае жыццё і на Цябе, Беззаганная. Мы жывем як Ты, звычайна, увогуле не ў цэнтры падзеяў свету, палітыкі і медыяў і, як Ты, мы запрошаныя да лучнасці з Богам. Ты нас можаш падрыхтаваць да гэтага – Ты заклікаеш нас да ахвяры за нас саміх, за нашых блізкіх, за нашыя сем’і і нашу краіну. Ты просіш нас аб малітве, ружанец дае нам магчымасць удзельнічаць у Тваім жыцці, пакліканні, радасцях, смутках, але заўсёды з Езусам, заўсёды для Яго, заўсёды ўсё бліжэй да Яго Найсаладзейшага Сэрца. Прасі з намі, Найчысцейшая, няхай Ён напаўняе нашыя сэрцы так, як Тваё, няхай у нас паселіцца радасць блізкасці Твайго Беззаганнага Сэрца і Сэрца Езуса, якое з’яўляецца крыніцай вялікага суцяшэння. Мы хочам, як Ты, быць незалежнымі ад спакусаў, ад грахоў, як Ты прымаць штодзённасць, як Ты радавацца кожнай хвіліне з Езусам.

Духу Святы, шчодры Даўца шматлікіх дароў, мы праслаўляем Тваю вялікую справу, Беззаганнае Сэрца Марыі, настолькі падобнае да Сэрца Езуса, настолькі прыгожае. Просім, дзейнічай у нас, ачысці нас, зрабі нас здольнымі і узмацні, бо мы хочам аддацца Табе як Беззаганная, быць блізка Езуса, як Яна, для дабра і шчасця нас саміх, нашых сямей, нашай краіны, усяго свету. Амэн.


Перакладзена з польскай мовы:
Droga przez Serce. Przymierze serc Jezusa, Maryi naszych.
Sekretriat Fatimski 2016