У Санктуарыі Маці Божай Ружанцовай у
Фаціме распачалі юбілейны год, прысвечаны стагоддзю аб’яўленняў. Сімвалічным пунктам цырымоніі быў
праход пад часовымі варотамі, збудаванымі з нагоды стагоддзя аб’яўленняў у 1917 г.
Кіруючы ўрачыстасцямі біскуп дыяцэзіі Фаціма-Лэйрыя Антоніо Марто, сцвердзіў, што супадзенне пачатку юбілейнага года з пачаткам Адвэнту не выпадковы, а іх супольным назоўнікам з’яўляецца слова “абудзіцца”. – “Сто гадоў таму Маці Божая тут, у Фаціме, заклікала чалавецтва да хутчэйшага навяртання і сыходу са шляху, які веў да ваеннай катастрофы і знішчэння”. – сказаў партугальскі герарх.
Галоўным пунктам юбілейнага года ў Фаціме будзе візіт папы Францішка ў гэтую партугальскую мясцовасць. Ён павінен туды прыехаць 12-13 мая. Святы Айцец павінен прыехаць з Рыму непасрэдна ў Фаціму, прызямляючыся ў бліжэйшым ваенным аэрапорце. Такім чынам ён зробіць так, як гэта зрабіў Павел VI, які падчас свайго візіту ў Партугалію ў 1967 r. прыехаў толькі ў Фаціму. Іншыя папы, Ян Павел II і Бэнэдыкт XVI, наведвалі акрамя Фацімы іншыя партугальскія гарады.
Прадвеснікам візіту папы Францішка быў кастрычніцкі прыезд у Партугалію сакратара Апостальскай Сталіцы кардынала П’етро Пароліна. Герарх наведаў таксама Фаціму і Лісабон, дзе ён прыняў удзел у сімпозіуме ў Партугальскім Каталіцкім Універсітэце.
Сярод мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню юбілейнага года, прысвечанага стагоддзю аб’яўленняў у Фаціме, будуць таксама кангрэсы, калоквіі, выставы, а таксама музычныя канцэрты. Адным з арыгінальных праектаў павінна быць сценгазета онлайн, дзе будуць размяшчацца сведчанні пілігрымаў з усяго свету.
Кіраўнікі санктуарыя лічаць, што на працягу ўсяго 2017 года ў Фаціме будзе арганізавана больш за 150 розных мерапрыемстваў, звязаных са стагоддзем марыйных аб’яўленняў.
Аб’яўленні
ў Фаціме пачаліся 13 мая 1917 года. Тром маленькім пастушкам: Францішку і
Гіяцынце Марто, а таксама Луцыі Сантос на працягу пяці месяцаў аб’яўлялася Маці
Божая, просячы чалавецтва праз іх аб навяртанні, пакуце, набажэнстве да Яе
Беззаганнага Сэрца і перадала ім тры таямніцы.