1.20.2017

Першая субота кастрычніка


І. БЕЗЗАГАННАЕ СЭРЦА МАРЫІ,
МАЦІ КАСЦЁЛА, ВЯДЗЕ НАС
ДА НАЙСАЛАДЗЕЙШАГА СЭРЦА ЕЗУСА

Вітай, пачынальніца духоўнага збудавання,
Вітай, згубцу душаў улады пазбавіла,
Вітай, вернікаў з Госпадам злучэнне,
Вітай, узгадавальніца дзяўчынаў добрая,
Вітай, ахоўніца душам сапраўдная,
Вітай, царкве сцяна незбуральная,
Вітай, валадарству моц непахісная,
Вітай, Нявеста – Дзева чыстая.

Сёння наш дзень сустрэчы з Беззаганнай, мы прыйшлі на заклік Найсвяцейшай Дзевы, годнай Каралевы, Маці Збаўцы. Сёння мы запрошаныя і прывітаныя, мы ў гасцях  Беззаганнага Сэрца Марыі. Гэта Яе ініцыятыва, Яе просьба, Яе думка. Магчыма мы не ў лепшым стане, можа не ўсё сёння было так, як мы хацелі, аднак, напэўна, Маці Божая радуецца нашаму імкненню і нашай прысутнасці, радуецца нашай стараннасці. Нават, калі нашыя знаёмыя і блізкія не разумеюць нашых высілкаў, не заўважаюць нашай добрай волі, нават, калі мы лічым, што да нас няправільна адносяцца, мы можам быць упэўненымі, што Дух Святы пранікае ў наша сэрца, ведае, што гэта нам патрэбна, дапаўняе нашу малітву і нашы недахопы.
Мы напэўна ўсведамляем, што мы тут не адны – вакол нас людзі. Яны таксама запрошаныя і пакліканыя Марыяй. Можа некага мы ведаем, а нехта нам цалкам чужы. Так ёсць – калі б мы запрашалі да сябе блізкіх нам асоб, напэўна ў кожнага з нас было б шмат чаго сказаць. Аднак, тут запрашала Марыя, Яна тут Гаспадыня. Ці мы шчыра шануем рашэнні Беззаганнай Дзевы, Панны лагоднай, Беззаганнай? Ці мы адчуваем сябе гасцямі Маці Збаўцы? Найсвяцейшая Панна Марыя запрашае нас да Сябе, на малітву, на супольнае разважанне над воляй Божай. Гэта Яе прапанова сустрэчы.
У каго вучылася Найсвяцейшая? Хто Яе так вёў? Мы добра ведаем з Евангелля, што Дух Божы, Дух Аздаравіцель цудоўна Яе падрыхтаваў, каб Яна была Маці Уцелаўлёнага Сына Божага. Шчодрая Дзева з радасцю згадзілася на ўсё – на ўцелаўленне, на неспакойнае жыццё побач з вырастаючым Князем Супакою, на зменую чараду лёсу , на таямнцу ўкрытага жыцця, такога мілага Яе Сэрцу, злучанага ў еднасці з Найсаладзейшым Сэрцам самаго Бога, а таксама на таямніцы святла, якія вывелі Сына з сямейнай укрытасці да новых, чужых, розных людзей… Ці ўсе Табе падабаліся, Беззаганная? Ці сама б Ты іх выбрала? Гэта вельмі няслушныя пытанні – Яе Сын так хацеў, а значыць так хацела і Яна, самая блізкая Яму, адданая Яму ўсім Сэрцам. Такім чынам воля Божая вялі Яе і Яна жадала ўзгадняць свае прагненні, свае мары і мэты з Айцом. Яна ведала і вучылася наноў таму, што Сын у справах Айца, Яна ведала, што быць Маці Збаўцы, гэта таксама быць Маці тых, хто побач з Ім, падтрымліваць іх і кіраваць да Сына, ратуючага свет.
Марыя вучылася, што Божае Мацярынства адкрывае Яе на людзей. Прымаючы Божае Сэрца, Яна прымала таксама тых, каго прымала Божае Сэрца, хоць яны Яго і ранілі. Маці Сына клапацілася пра Яго Цела, а гэта значыць і Касцёл. Гэты бедны першы і слабы Касцёл… Недавяраючыя, загадзя напужаныя, закрываючыя дзверы, няўпэўненыя Апосталы… Адзін уцёк, другі здрадзіў, чарговы ўвогуле не паказаўся… Падвялі. Што робіць Маці Цела Хрыста? Яна моліцца за іх, дадае моцы, не губляе цярплівасці… Яна не папракае Сына ў тым, што Ён мог бы знайсці лепшых Апосталаў, супрацоўнікаў, вучняў… Не павучае ні Айца, ні Сына, цалкам Божая, Яна моліцца разам з супольнасцю веруючых аб Духу Божым, аб Духу Праўды. Маці Касцёла просіць дароў для ўсіх, нікога не адштурхоўвае – усіх прагне прытуліць да свайго Беззаганнага Сэрца, усіх прытуліць да Сэрца Езуса, слодычы і любові. Паглядзім на Марыю і будзем вучыцца ў Яе, як гладзець на Касцёл, які мы ведаем.
Паглядзім – гэта Беззаганнае Сэрца верыла ў Сына Божага, бачучы Немаўля; верыла таксама ў развіццё Касцёла, бачучы няўпэненых, хістаючыхся Апосталаў. Марыя не сумняваецца, бо Яе вера не абапіраецца на Яе ўласнай моцы, ані на нашай, Яна заклікае Духа Божага, агонь і жар Суцяшальніка. Вось Яе вялікая мудрасць, вось магутная моц Яе малітвы, якая стала заклікае Святога Духа Ажывіцеля для людзей Касцёла, просячы аб любові, радасці, супакою, еднасці ўсіх сэрцаў з Найсаладзейшым Сэрцам Яе Сына. Панна мудрая просіць аб нашай цярплівасці, бо ведае нашыя схільнасці да паспешнасці, да занадта павярхоўных вынікаў і рашэнняў. У нас хутка былі б такія самыя думкі, як у Апосталаў, якія, як кажа Евангеліст, прапанавалі самому Езусу, спусціць пяруна на тых, што дрэнна да іх адносіліся. Мы часта паводзім сябе, як Апосталы, якія не вельмі хацелі чакаць Духа Божага і Яго дароў, патрабавалі вярнуць вольную дзяржаву, а замест таго, каб слухаць пра пакліканне абвяшчаць Слова, пыталіся пра моцную ўладу.
Станьма сёння пакорна каля Маці Касцёла. Гэта Яна Беззаганная, гэта Яна ведае, што патрэбна Касцёлу – не мы. Прызнаем жа, што Яна лепш ведае і не будзем прапаноўваць Ёй зашмат нашых думак, не будзем кіраваць Касцёлам па-свойму. Сталіца Мудрасці, Панна мудрая поўная дароў Божых і ўсім Беззаганным Сэрцам слухае волю Божую так, як падказвае Ёй Дух Святы. Прымем жа Яе паставу, падпарадкуемся, як Яна, Духу Аздаравіцелю людскіх сэрцаў. Станьма пры Каралеве Супакою, Маці Касцёла, Сэрца якой з’яднана з Сэрцам Сына, схілім галовы, няхай Яна просіць за нас, як за Апосталаў, пачакаем дароў, якія нам патрэбныя. Адкрыем нашыя сэрцы. Памолімся разам з Маці Касцёла. Яна аддае нас Збаўцы, Яна прагне, каб мы разам стваралі Цела Яе Сына, моцай Духа Суцяшальніка. Тут Яна бачыць наша шчасце, наша збаўленне, нашу радасць. Прымем жа погляд і малітву Маці Касцёла, прымем лучнасць сэрцаў.
Ці згаджаемся мы быць члонкамі Касцёла, Цела Хрыста? Гэта не наш Касцёл, а Божы. Тут наважнейшая на наша воля, а Божая. Ці згаджаемся мы прыняць Марыю як Маці Касцёла, па волі Божай? Папросім Яе, каб Яна заступалася за нас і дапамагла нам прыняць Духа Божага, каб мы занялі ў Касцёле наша, клапатліва падрыхтванае для нас, добрае месца ў супольнасці вернікаў. Папросім аб радасці, супакою і любові Беззаганнага Сэрца. Не страшна, калі нашыя сэрцы слабыя і хістаючыяся, Дух Божы ўзмоцніць іх, даверымся апецы Беззаганнай Маці Касцёла. Амэн.

ІІ. РУЖАНЕЦ
БАЛЕСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

1. Малітва Езуса ў Садзе Аліўным
Як часта нашыя сэрцы адчуваюць няўпэўненасць. Мы ведаем, што трэба рабіць, здагадваемся,  што падыходзіць, што патрэбна, аднак, гэты шлях здаецца нам такім цяжкім, няпэўным, што натурыльным чынам хвалююцца нашы думкі, з’яўляецца дакучлівы страх, усё ў нас бушуе перад нейкім выбарам або падзеяй. Як цяжка нам у такіх выпадках быць побач з блізкімі – мы б хацелі захаваць іх ад болю, цярпення, забяспечыць ім супакой, бяспеку. Аднак, лучнасць сэрцаў азначае такую балючую і цяжкую згоду на цярпенне не толькі наша, алі і нашых блізкіх. Лучнасць Беззаганнага Сэрца Марыі з Найсаладзейшым Сэрцам Езуса азначае неабходнасць згоды на тое, што Маці не можа захаваць Сына ад Яго місіі, не можа абараніць Яго перад крывавай ахвярай. Мы таксама не можам захаваць ад цяжкага і патрабавальнага жыцця нашых блізкіх, мы не можам іх вылячыць ад усіх хвароб.
Марыя не крычыць, не папракае, не жадае таго, што было б натуральным прагненнем кожнай з маці. Маці Божая, блізкая Сыну, бачыла так шмат цудаў, аздараўленняў, уваскрашэнняў. А цяпер нічога не просіць, не спасылаецца на свае матчыныя пачуцці, не заклікае, каб Сын не дадаваў Ёй цярпенняў. Яна можа гарача маліцца сама – а Сын цалкам “у справах Айца”, не дома каля Яе. Яе Сын размаўляе са сваім Айцом у Садзе Аліўным.
Паразважаем на згодай Беззаганнага Сэрца на волю Найсаладзейшага Сэрца Езуса. Падумаем, як любіць Маці, даючы вольнасць Сыну Божаму, прызнаючы Яго пакліканне, Яго выбар, не ўказваючы на свае пачуцці, на сябе, згаджаючыся на ўсё больш патрабавальную еднасць двух Сэрцаў.

2. Бічаванне Езуса Хрыста
Шмат Маці з вялікай цяжкасцю перажывае цярпенні дзяцей, яны хочуць аблегчыць іх боль, забяспечыць іх правы і патрэбы. Падчас бічавання Маці нічога не можа зрабіць. Падчас мукі Сына Маці ведае, што лучнасць Сэрцаў азначае прагненне еднасці, што Яна павінна жадаць таго, што і Сын, быць у згодзе з воляй Айца. Яе Беззаганнае Сэрца прымае цярпенне без бунту, без скаргі. Цела Яе Сына, пабітае, рванае ўдарамі бічоў, раздзіранае і закрываўленае, не належыць ужо толькі Ёй, як гэта магло здавацца раней, у Назарэце, калі Яна насіла Езуса, карміла Яго, прытуляла. Дарослы Сын перш за ўсё ў еднасці з Сэрцам Айца, Яна ж з усіх сіл хоча заставацца як мага бліжэй, згаджаючыся на ўсё, толькі б быць блізка з Сэрцам Сына.
Езус прыняў бічаванне, страшную кару, балесную, часта прыводзячую да смерці. Ён верыць, што Маці вытрывае з Ім, з любові, у еднасці Сэрцаў. Лучнасць з Сэрцам Езуса, поўным любові, слодычы, ласкі, прыносіць цярпенне, боль, любоў павінна абараняцца ад спакусы расчаравання і жалю. Паразважаем над згодай Марыі на цярпенні Сына за грэшнікаў, гэта для іх Збаўца прымае чарговыя раны. Молімся разам з Маці Пакутуючага, просім прабачэння за нашу нявернасць, абурэнне, пакрыўджанасць, гнеў і раззлаванасць.
У еднасці з Марыяй памолімся за маці цяжка хворых дзяцей, якія зносяць доўгатрывалыя цярпенні і цяжар па-над сілы. Папросім, каб іх сэрцы ядналіся з церпячай Маці Бічаванага, каб прымалі суцяшэнне Беззаганнага Сэрца Марыі і Найсаладзейшага Сэрца Езуса. Мы ведаем, што Езус атаясамліваецца з нявінна пакутуючымі, падтрымайма іх і іх сем’і малітвай, цярплівасцю, добрым словам, ніколі не будзем пагарджаць імі, падумаем пра Маці і Бічаванага Сына за нас і за нашыя грахі, за грахі ўсяго свету.

3. Укаранаванне цернем
Жорсткія людзі, якія прычыняюць боль Збаўцы праз накладанне кароны, не ведаюць, нават не здагадваюцца, што Ён сапраўды Кароль, не толькі габрэйскі, але і ўсяго свету. Але Ён пабіты, асмеяны, штурханы, прыніжаны. Колькі ж дрэнных, злосных і непатрэбных думак жыве ў сэрцах людзей! Тут ужо нельга казаць пра несправядлівае пакаранне, злы прысуд, тут ужо відаць толькі бяздумная, дурная гульня з людскім цярпеннем, жудасць. Навошта гэта непатрэбная пакута? Хто любіць прычыняць боль для гульні? Ці Езус каго-небудзь пакрыўдзіў?
Гэта ўжо пачатак пакутнага шляху Збаўцы, гэта таксама прадказанне цярпенняў шмталікіх людзей, якія ў імя Хрысту будуць прымаць адказнасць і абавязак кіраваць даручанай супольнасцю, таварыствам, рухам, ордэнам, кляштарам, парафіяй, Касцёлам. Часта незразуметыя, яны будуць сутыкацца з насмешкамі, высмейваннем, здзекамі.
Памолімся за ўсіх настаяцеляў, адказных, папросім пакоры сэрца для іх, аб еднасці сэрцаў з Марыяй, з Езусам. Памолімся за нас саміх і ўвесь Касцёл, каб мы ўмелі падтрымліваць малітвай людзей, пакліканых да адказнасці; кам бы самі не высмейвалі іх, не абражалі, умелі паважаць іх, а калі трэба ўказваць на іх промахі, каб усё адбывалася без непатрэбнага высмейвання, здзеквання і плётак. Папросім аб супакоі ў Целе Хрыста, у Касцёле, аб супакоі і любові, дабрыні і ўзаемнай павазе.

4. Нясенне крыжа
Ужо сама смерць можа нас пужаць, самі хвіліны канання шмат для каго могуць быць страшнымі, але перад гэтым трэба прайсці крыжовы шлях. Вакол Езуса, з боку, недалёка, ідуць або стаяць вельмі розныя людзі – адны зацікаўленыя, другія абыякавыя, можа проста прызвычаеныя глядзець на цярпенні на гэтай дарозе, напэўна ёсць людзі, якія спачуваюць, якія не могуць ні ў чым дапамагчы, але спачуваюць сэрцам. Сын Божы, хоць сам пабіты, замучаны, з апошніх сіл ледзве ідзе, несучы цяжкі знак ганьбы і мукі, заўважае людзей, як яны набліжаюцца да яго, бачыць іх сэрцы. Ён не закрываецца ў сваім цярпенні; ведаючы пра чакаючую Яго ўсё больш балесную дарогу і смерць, Ён думае таксама пра сустраканых асоб. Беззаганнае Сэрца Панны Марыі не можа ані дапамагчы, ані падтрымаць, толькі малітва застаецца знакам і спосабам падтрымаць еднасць з Сэрцам Божым, церпячым аж да смерці.
Нас таксама штодзённа суправаджае людское цярпенне, поспех ці манатоннасць жыцця. Мы праходзім побач, часам нават несвядома, шпіталяў, дамоў апекі, прытулкаў, дзіцячых дамоў. У горадзе каля нас праяжджаюць машыны хуткай дапамогі. У дамах суседзяў часам здараецца так, што гадамі ляжыць цяжка хворы. Памолімся за іх, хоць трошкі, мінаючы гэтыя месцы, узгадаем іх у малітве, заўважым хоць на хвілінку, даючы ім наш час, малітву сэрца. Гэта праўда, што мы не можам усіх аздаравіць, суцешыць, падтрымаць, але мы можам падтрымаць пакінутых, невылячальна хворых, хоць бы нашай малітвай. Папросім за іх сэрцы, няхай цярпенне і боль не зламаюць іх, памолімся, каб яны ўзмацнілі свае сэрцы, няхай яны знойдуць на сваім крыжовым шляху церпячага з імі і за іх Збаўцу, няхай яны трываюць у лучнасці з Сэрцам Беззаганнай Марыі, з Найсаладзейшым Сэрцам Езуса. Памолімся і за нас саміх, каб мы ўмелі несці суцяшэнне, падтрымку, супакой.

5. Смерць на крыжы
Молячыся з ружанцам у руцэ, мы хочам ісці разам з Марыяй, якая прагне быць побач з Сэрцам Езуса. Столькі цярпенняў, столькі зняваг, столькі болі Сына, Яна не можа Яму дапамагчы, не можа нічога вырашыць, толькі збегчы ад жудасці, каб не бачыць страшных гадзін Сына.
Беззаганнае Сэрца Панны выбірае іншую магчымасць – хоча быць разам з Адзіным Сынам, стаяць побач. Найсвяцейшая Маці не хавае сябе ад болю. Жыццё для Езуса і з Езусам азначае для Яе таксама захоўванне лучнасці ў хвіліны Яго смерці, такой жудаснай і балеснай. Маці бачыць – памірае Езус, у муках, Яна не можа Яго суцяшыць і прынесці палёгку.
Як прыняць смерць Сына? Як прыняць смерць Настаўніка, які памнажаў хлеб і рыбу, навучаў і быў такім вялікім аўтарытэтам, аздараўляў і чыніў цуды? Ён паміраў замучаным, настолькі церпячым і слабым, што Яму самому быў патрэбны вялікі цуд, якога аднак не было…
Як звычайна людзі рэагуюць на цярпенне, прыніжэнне? Калі ў нас усё добра, калі можна распавядаць пра поспех, супольна перажываць прыемныя хвіліны, у нас хапае  знаёмых, сяброў. Усё змяняецца, калі прыходзіць хвароба, боль, асабліва такія, якія нельга вылячыь, якія не прадвяшчаюць нічога добрага, не даюць надзеі на выздараўленне і добры канец. Няшмат людзей застаецца, калі нельга нічога зрабіць, акрамя таго, каб быць побач, суправаджаць, суцяшаць. Яны не могуць знайсці ў сабе столькі адвагі, каб наблізіцца да цярпення, адчуваюць стан параненага сэрца і баяцца болю. Марыя мае пад крыжам Сына сваіх блізкіх, на якіх можа разлічваць, хоць сапраўды, нічога нельга зрабіць; яны, аднак, хочуць быць разам з Настаўнікам і з Ёй. Прыгледзімся – быць блізка да Сэрца Марыі азначае таксама згоду на цярпенне, на боль, на самотнасць, на цярпенне самых блізкіх, на нашу бездапаможнасць. Калі мы апынемся ў такім стане, шукайма Сына Божага, шукайма Яго Маці. Няхай еднасць сэрцаў узмоцніць нас, далучымся да Іх, як умеем.

ІІІ. ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЕ РАЗВАЖАННЕ
Цуд у Кане Галілейскай

Маці, вось я!
Я блізка да Твайго Сэрца – Маці Езуса і мая Маці. Разважаючы над зместам ружанцовых таямніц у сённяшнюю суботу, я іду на вяселле ў Кану Галіліейскую. Святы Ян Евангеліст так паказвае нам гэту падзею:
“А на трэці дзень было вяселле ў Кане Галілейскай, і Маці Езуса была там. Быў  запрошаны  на  вяселле  таксама  Езус  і  вучні  Ягоныя. І  калі  скончылася віно, Маці Езуса сказаў Яму: «Не маюць віна». Адказаў Ёй Езус: «Ці гэта Мая або Твая справа, жанчына? Яшчэ не прыйшла гадзіна Мая». Маці Яго сказала слугам: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце». Было   ж   там   шэсць   каменных   збаноў,   пастаўленых   для   юдэйскага ачышчэння,  якія  змяшчалі  дзве  або  тры  меры. Сказаў  ім  Езус:  «Напоўніце збаны вадою». І напоўнілі іх аж да верху. І кажа ім: «Цяпер чэрпайце і нясіце кіраўніку  вяселля».  І  яны  занеслі. Калі  ж  кіраўнік  вяселля  пакаштаваў  вады, што  стала  віном  (а  ён  не  ведаў,  адкуль  яно,  ведалі  толькі  слугі,  якія  чэрпалі ваду),  паклікаў  жаніха і  сказаў  яму: «Кожны  чалавек  падае  спачатку  добрае віно,  а  калі  нап’юцца,  тады  горшае.  Ты  ж  збярог  добрае  віно  аж  дагэтуль». Такі  пачатак  знакаў  учыніў  Езус  у  Кане  Галілейскай  і  паказаў  славу  сваю,  і паверылі ў Яго вучні Ягоныя. Пасля  гэтага  прыйшоў  у  Кафарнаум,  Ён  і  Маці  Ягоная,  і  браты,  і  вучні Ягоныя, і прабылі там некалькі дзён” (Ян 2, 1-12).
Прыгожая сямейная падзея, радасныя супольныя хвіліны для сям’і, якая сустракаецца на вяселлі. Для Цябе, Маці, гэта таксама цудоўны час; Цябе запрасілі на вяселле, як і Твайго Сына. А значыцца Ты можаш правесці з Ім трохі часу, парадавацца Яго прысутнасці, пазнаёміцца з вучнямі, якіх Ён выбраў, і з якімі праводзіць кожны дзень, пакінуўшы родны дом. Ты глядзіш на Яго, як кожная маці, якая нейкі час не бачыла свайго дзіцяці. Можа спрабуеш даведацца, што Ён робіць, дзе навучае, як да Яго адносяцца іншыя або ці Ён проста здаровы, ці сумуе па родных мясцінах. Маці звычайна глядзела б на сваё дзіця, хацела б як мага больш гэтага часу правесці ў размове з уласным сынам. У гэтым выпадку адбываецца інакш; Твая ўвага не засяроджваецца толькі на асабістых справах.
Маці, што адбываецца ў Тваім Беззаганным Сэрцы? Вось Табе дадзена магчымасць сустрэцца з тым, хто з’яўляецца любоўю Твайго жыцця. Нейкі час Яго не было дома; Ты не ведаеш, што адбывалася ў гэты час. Пасля вяселля вашы дарогі зноў рызыйдуцца. Магло б здавацца, што Маці будзе імкнуцца выкарыстаць гэты час для Сябе, на размову з уласным Сынам. Ты аднак, заўважаеш, справы якія сапраўды не датычацца Цябе. Ты запрошаны госць, але праблема, якая з’явілася, не мінула Тваёй увагі. Таму можна зрабіць вынік, што прыватныя справы не паглынулі Цябе і не занялі цалкам Тваёй увагі. Колькі ж павінна быць у Тваім Сэрцы любові, ўражлівасці, адданасці іншым, калі Ты адразу заўважаеш заклапочанасць, занепакоенасць у сям’і, якая арганізавала вяселле. Ці кожны з нас не адчуў бы сябе трохі нязручна, дапытваючыся, што здарылася; можа лепш было б гэтага не бачыць, Ты ж усё ж такі госць. Ты, аднак, Маці, становішся ў цэнтры праблемы, якая з’явілася на вяселлі. Мы не ведаем зместу Тваёй размовы, не ведаем, як здарылася, што не хапіла віна, і як Ты даведалася пра гэтыя цяжкасці. Ведаем, аднак, што іншыя гэтага не заўважылі, не ўбачылі праблемы.
Дзякуючы гэтай сітуацыі, я пачынаю трохі разумець, Маці, што такое любоў. “І  калі  маю  дар  прароцтва,  і  спазнаў  усе  таямніцы,  і  маю  ўсякія  веды  і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я – нішто” (1 Кар 13, 2). Любоў адкрывае вочы на бліжняга, не дазваляе паддацца асляпленню эгаістычнымі прагненнямі. Таму, калі Твае паводзіны і ўражлівасць не такія, як у іншых, я ўсведамляю, што Тваё Беззаганнае Сэрца, Маці, б’ецца інакш, любіць больш чыста, больш у ім уражлівасці на іншых. А можа не настолькі інакш, а я павінен праз такія падзеі вучыцца, як трэба любіць, як трэба правільна паступаць у выпадку, калі другі чалавек у патрэбе.
Беззаганная Маці, якая праз fiat прымаеш удзел у Божым плане збаўлення чалавека, вось і я, прыглядаючыся да Тваёй заклапочанасці, заўважаю больш глыбокі сэнс узгаданых падзей. Гэта падзея адкрывае мне вочы, дазваляе адкрыць, наколькі вялікая Твая любоў і клопат аб кожным з нас. Гледзячы на гэту сцэну на вяселлі ў Кане Галілейскай з перспектывы запавету Езуса на крыжы, я бачу, што Твая заклапочанасць нашмат глыбейшая. Ты не толькі  прагнеш дапамагчы нам вырашыць нашы штодзённыя праблемы. Гэта падзея паказвае, як моцна Ты любіш, а таксама, якая вялікая і значная Твая просьба перад Богам. Як важна для Цябе збаўленне кожнага з нас. Гэты клопат настолькі сапраўдны і шчыры, што можа змяніць Божыя планы. Хоць не надышла яшчэ патрэбная гадзіна, каб Езус паказаў сваю хвалу, для Цябе Ён робіць тое, аб чым Ты просіш. Маці, Ты проста хочаш сказаць нам нашмат больш, Ты звяртаеш нашу ўвагу на тое, як моцна заклапочана намі Тваё Сэрца. Што, аднак, павінна быць прадметам нашых падставовых старанняў і імкненняў? Збаўленне!
Калі Ты можаш выпрасіць у Бога, каб Ён умяшаўся і дапамог у такіх людскіх і зямных цяжкасцях, то наколькі больш гэта будзе магчыма, калі гэта просьба будзе звязана з уратаваннем несмяротнай душы. Маці, тое, што здарылася, з’яўляецца пэўным знакам, які ўчыніў Езус. Дазволь мне, аднак, запытацца: ці не быў гэта таксама першы знак, знак, які Ты ўчыніла, паказваючы нам заклапочанасць Твайго Беззаганнага Сэрца?
Як красамоўна пісаў св. Людовік у Трактаце пра гэту падзею і пра Цябе, Маці: “Ніхто з людзей на атрымаў ніводнага дару, які б не прайшоў праз Яе дзявочыя далоні, таму што воля Божая ў тым, каб мы ўсё мелі праз Марыю. Гэта значыць у нас ёсць настолькі магутная заступніца, што Бог ні ў чым Ёй не адмаўяле; Яна такам мудрая і разважлівая, што ведае вялікую таямніцу здабывання Божага Сэрца. На Яе пакорную прособу Ён перамяніў у Кане Галілейскай ваду ў віно. Быў гэта Яго першы цуд у парадку натуры. Словам, Езус пачаў рабіць цуды праз Марыю і не перастае іх чыніць праз Яе і праз Яе будзе іх рабіць да канца свету”.
Маці, што хаваецца ў Тваім Беззаганным Сэрцы, Сэрцы, якое цалкам належыць Богу, у якім нарадзілася fiat, Сэрцы, якое так моцна любіць? Само fiat усведамляе нам, што Ты думаеш не толькі пра Сябе, а кожны Твой жэст сведчыць, што Ты пакорная Служабніца Пана. Што адбываецца ў Сэрцы, якое ведае таямніцу здабывання Божага Сэрца? Маці, я толькі цяпер усведамляю, што Ты можаш адкрываць Божае Сэрца не з думкай пра Сябе, а каб выпрасіць дары і ласкі для мяне, для свету, для ўсіх Тваіх дзяцей. Цяпер я разумею сэнс слоў Езуса, які, кажучы да с. Луцыі пра набажэнства першых суботаў, тлумачыць, чаму іх павінна быць пяць. Ён указвае на багахульствы і знявагі супраць Беззаганнага Сэрца Яго Маці, Твайго Сэрца, о Беззаганная. Гэта мы, Маці, на розны спосаб зневажаем Тваё любячае Сэрца праз багахульствы супраць Твайго Беззаганнага Зачацця, Твайго дзявоцтва і Божага мацярынства, праз укараненне ў тваіх дзецях абыякавасці да Цябе, або зневажанне Тваіх святых абразоў.
Калі Тваё Сэрца, якое праз fiat стала цалкам адданым Богу, ні ў чым Богу не адмовіла, усё ахвяравала, то і Бог ні ў чым не можа адмовіць Твайму Сэрцу. А Тваё Сэрца, Маці, як тлумачыць Езус, любіць нас і далей, прагне нас ратаваць, выпрошвае ласкі ў Бога, каб мы па справядлівасці не зведалі кары, таму што мы ранім Беззаганнае Сэрца. “Вось, дарагая дачка, прычына, якая прымусіла Беззаганнае Сэрца прасіць у мяне аб гэтым малым акце ўзнагароды. І дзеля Яе Я б хацеў узрушыць маю міласэрнасць, каб прабачыць тым душам, якія мелі няшчасце Яе абразіць. Што датычыцца цябе, імкніся сваімі малітвамі і ахвярамі выпрасіць, каб Я аказаў гэтым бедным душам міласэрнасць”. Ці гэтыя словы Езуса не нагадваюць нам падзеі ў Кане Галілейскай і Твой клопат пра кожнага з нас?
Маці, Ты атрымліваеш ад нас пагарду, і ня гледзячы на гэта, далей нас любіш; больш таго, нястомна заступаешся за нас, каб мы па справядлівасці не зведалі кары. Твая любоў, Тваё Сэрца змяняе Божыя планы і прысуды, а з нашага боку атрымлівае цярпенні. Папрокам павінны сёння гучаць для нас словы с. Луцыі: “Дачка мая, паглядзі, Сэрца маё аплецена цернямі, якімі няўдзячныя людзі няспынна Яго раняць праз багахульствы і няўдзячнасць. Прынамсі Ты імкніся Мяне суцешыць (…)”. Маці, цяпер я паволі пачынаю разумець, што цуд у Кане Галілейскай быў таксама знакам ад Цябе, каб мы сёння не забыліся пра Тваё магутнае заступніцтва ў Божага Трону. Каб мы падумалі, адчулі хаця б кроплю ўдзячнасці, каб на Тваю любоў адказаць любоўю, і такім чынам суцешыць Тваё Беззаганнае Сэрца.
Папа Павел VI навучаў: “Як кожная людская маці не можа абмяжоўваць свайго задання толькі нараджэннем чалавека, але павінна таксама выкарміць дзіця і выхаваць, так, напэўна, робіць Найсвяцейшая Дзева Марыя.
Перш за ўсё Яна дапамагае няспыннай малітвай, якую насычае самай гарачай любоўю. Хоць Святая Дзева радуецца ў сузіранні Найсвяцейшай Тройцы, аднак, Яна не забываецца пра дзяцей, якія – як некалі Яна сама – ідуць сваім шляхам у пілігрымцы веры. Бачучы іх у Богу і адчуваючы іх патрэбы, з’яднаная з Езусам Хрыстом, які жыве навечна, каб заступацца за нас, Яна з’яўляецца іх Пасрэдніцай, Дапаможніцай, Пасрэдніцай”.
Маці, углядваючыся ў Тваю заклапочанасць на вяселлі ў Кане, я ўсведамляю, як моцна Ты мяне любіш; я адчуваю, што на Тваю любоў я павінен адказаць любоўю. Ave Maria!

IV. АПЭЛЬ МАРЫЙНЫ

Апякунка Варшавы, Апякунка Вільна,
Апякунка Польшчы, Апякунка Беларусі,
Апякунка Афрыкі і абодвух Амерык,
Маліся за нас, Маці.

Найсвяцейшая Панна, цудоўная Маці Касцёла, Найчысцейшая! Шмат хто з нас умее называць Цябе Маці, шмат хто лічыць Цябе Маці сваёй духоўнай супольнасці, свайго ордэну або краю. Мы прызнаем, што Ты выбрала, о Маці, нашу сям’ю, асабліва нашу краіну. Побач з Табой мы адчуваем сябе ў бяспецы. Маці дбаюць пра сваіх дзяцей, яны адкзаныя за іх, яны могуць спадзявацца на іх, мы лічым, што маці павінны займацца сваімі дзецьмі і падтрымліваць іх, а ў цяжкай сітуацыі ратаваць з усёй моцы. Мы ахвотна заклікаем Цябе, Маці, Каралева, як Апякунку нашай супольнасці, нашай краіны, нашага беларускага Касцёла.
Мы ведаем, Марыя, што Ты таксама Апякунка іншых стварэнняў, іншых гарадоў, іншых ардэноў, што не толькі мы і нашыя блізкія прысвечаныя Табе. Мы чулі пра Тваю апеку ад іншымі людзмі, ведаем сведчанні шмат іншых асоб, можа нават бачым, што яны радуюцца больш вялікаму поспеху, чым мы, што атаясамліваем з Тваім заступніцтвам. Мы часам не ведаем, што думаць пра нашу сітуацыю і пра нас саміх, Панна моцная. Мы ведаем таксама, што Ты Маці Касцёла, усяго Касцёла, а гэта значыць і тых, каго мы мала ведаем. Яны таксама заклікаюць Цябе як Маці і веруць у Тваю дапамогу.
Маці Касцёла, Ты не пагарджаеш намі і нічога ў нас Цябе не здзіўляе. Ты таксама стаяла сярод Апосталаў, якія маглі здзіўляцца выбару Езуса, хоць і не адважваліся крытыкаваць Настаўніка. Ты глядзела таксама на першую супольнасць пакліканых людзей, такіх розных, часта такіх цяжкіх характараў, а ўсё ж такі ўсіх іх паклікала Сэрца Езуса, крыніца паяднання ўсіх сэрцаў. І Ты, Беззаганная, прыстасавала сваё Сэрца, у лучнасці з Сынам, да Яго волі, паклікання, мэты. Ты таксама, Панна моцная, прымала тых, каго выбраў Твой Сын, для іх адкрывала сваё Беззаганнае Сэрца і малілася за іх, каб яны знайшлі супакой і ўзаемную любоў да сябе, як Цела Твайго Сына - Касцёл.
Маці Касцёла, Ты паслухмяна, цярпліва, сардэчна прымала тых, каго выбраў і паклікаў Твой Сын. Ты ведала, што Найсаладзейшае Сэрца лепш ведае і бачыць, што адбываецца ў кожным чалавеку. Ты агарняла сваёй апекай Цела Сына, калі яно было яшчэ слабое і яму пагражала небяспека, Ты таксама малілася за слабы Касцел, які таксама быў у небяспецы. Панна цярплівая і моцная, Панна вольная з Беззаганным Сэрцам, прымі і нас, вучы нас жыць у Касцёле. Мы хочам, як Ты, бачыць у людзях, што жывуць побач з намі, члонкаў Цела Хрыста, падтрымліваць іх малітвай, з павагай і надзеяй глядзець на ўсіх. Мы хочам бачыць тых, каго паклікаў Езус, падтрыманымі Табой.
Найсвяцейшая Панна, Маці члонкаў Цела Хрыстовага, мы хочам задумацца над Тваёй пакорай і лаяльнасцю да Сына. Мы добра бачым у Евангеллі, што гэта не Ты кіравала Касцёлам, не Ты выбірала Апосталаў, не Ты прызначыла св. Пятра на першага з Апосталаў. Не ты выбірала сяброў для Езуса. Усе маглі лічыць на Тваё Беззаганнае Сэрца, усе разумелі, што Ты, самая верная, клапоцішся пра іх усіх. Тваім адказам на нявернасць Твайму Сыну, Сыну Божаму, з’яўляецца малітва аб дарах Духа Божага, аб асвячэнні, аб ласцы. Ты не абвінавачваеш Збаўцу, не папракаеш у дрэнных выбарах, не прымаеш за Яго рашэнняў. Ты, заўсёды верная, заўсёды з’яднаная з Сэрцам Божым, поўным велічы, заўсёды вольная ад неахвоты адносна волі Божай. Мы бачым, што Ты жадала хутчэй прыняць цярпенне, чым аддаліцца ад Езуса. Для Яго Ты была гатовая зносіць тых, што ранілі Цябе і Яго. Мы вырашаемся ісці па Тваіх слядах, Марыя, хоць нам гэта здаецца вельмі цяжкім, непрыемным і мы хацелі б спакойна жыць, адны, з Табой, схаваныя ў Тваім Беззаганным Сэрцы.
   Дапамажы нам быць Тваімі памочнікамі ў клопаце аб Целе Хрыста, Панна мудрая. Вучы нас сваім жыццём, сваім прыкладам, сваім словам, сціпласцю і любоўю. Мы хочам быць блізка да Твайго Беззаганнага Сэрца, якое б’ецца для Езуса, любіць Яго Цела, Божы Касцёл. Маці Касцёла, маліся за нас, маліся з намі, выхоўвай нас, зрабі нашыя сэрцы падобнымі да Твайго, вядзі нас да лучнасці з Табой, Маці Касцёла, з Езусам, Панам Касцёла. Амэн.

Перакладзена з польскай мовы.
Droga przez Serce. Przymierze serc Jezusa, Maryi, naszych.
Sekretariat Fatimski 2016