1.23.2017

Першая субота ліпеня


І. БЕЗЗАГАННАЕ СЭРЦА МАРЫІ
 ВЯДЗЕ НАС ДА НАЙСАЛАДЗЕЙШАГА СЭРЦА ЕЗУСА,
 СУЦЯШЭННЯ ЎСІХ СЭРЦАЎ

Вітай, столе, што ачышчэнняў багата мае,
Вітай, бо ты рай буйна расквечваеш.
Вітай, бо прытулак для душаў рыхтуеш,
Вітай, Нявеста – Дзева чыстая.

Працягваем традыцыю нашых фацімскіх сустрэч. Нехта з нас можа адчуваць сябе стомленым, нехта ўжо адпачыў, але нас усіх яднае запрашэнне Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта Яна Ініцыятарка нашай сустрэчы, Яна тут Гаспадыня. Мы збіраемся па Яе жаданню, а таму трэба пакінуць на гэты час свае справы, хоць яны важныя і патрэбныя, аднак, цяпер мы будзем гаварыць пра тое, што жадае Найсвяцейшая Дзева ў Фаціме. Будзем Яе слухаць і разважаць над Яе навукай для нас. Дазволім Маці Божай стаць нашай Правадніцай, для нас гэта будзе добра.
Ліпень – гэта сярэдзіна лета, палова года ўжо мінула, гэта час падумаць. На якім этапе жыцця мы знаходзімся? А наша сям’я, нашыя блізкія? На якім этапе развіцця знаходзіцца наша краіна, наш свет? Ці памятаем мы ліпень мінулага года, або пазапрошлага? У краіне, у нашых сем’ях магчыма нешта змянілася. Напэўна сярод розных успамінаў некаторыя ўзгадаюць нейкі смутак, згубленую магчымасць, можа пачуццё віны. Можа тут дапамагла б споведзь. Але сёння мы не прыходзім сюды, толькі каб разважаць над грахамі нашымі або сваіх блізкіх, а каб прызнаць, што патрэбна нашае цярпенне за нас саміх і за іншых. Найсвяцейшая Панна ведала мізэрнасць, слабасць, убогасць нашага свету, у гэтай справе з часоў Назарэту, Галгофы і Фацімы нічога не змянілася. Людзі пасля першароднага граху ўвесь час паўтараюць памылкі, правіны, грахі. Тут нам усім патрэбна навяртанне і пакута.
Гэта добрая навіна для нас. Як добрай навіной з’яўляецца заключэнне лекара, які называе хваробу і пералічвае магчымасці яе вылячыць. Гэта будзе добрая навіна, калі пацыент захоча яе прыняць – прыняць свой стан, свае абмежаванні і зрабіць намаганні вылячыцца. Марыя, літасцівая Лякарка хворых, не прыходзіць, каб прынесці ў Касцёл непакой, страх і разгубленасць. Яе справядліва называюць Каралевай Супакою. Як Панна ласкавая яна называе дыягназ і дае рэцэпт супраць нашай слабасці, паказвае нам сваё Беззаганнае Сэрца, хоча весці нас да еднасці з Найсаладзейшым Сэрцам Езуса, хоча, каб Яе Сын валадарыў сярод нас. Валадарства Божае вельмі блізка ад нас, а мы, слухаючы Марыю, даведваемся, як Яе слядамі набліжацца да Яго.
Заклік да пакуты скіроўвае да Маці Божая, якую спрадвеку называлі Суцяшальніцай засмучаных, Успамогай хрысціянаў. Шмат для каго, а таксама для некаторых з нас, гэта можа быць вялікая неспадзянкай. Калі мы шукаем суцяшэння, то ведаем, да каго звярнуцца і не пачынаем з людзей, якія будуць нас вучыць і звяртаць увагі на нашыя памылкі. Не пойдзем таксама да некага, хто дае вудуманае суцяшэнне, нерэчаіснае і плённае толькі нейкі час. Нам патрэбна сапраўднае суцяшэнне, якое нас сапраўды ўзмоцніць, дадасць нам моцы і пакажа дабро, якое можа нас спаткаць. Нашы параненыя, аслабленыя сэрцы ўжо шмат прайшлі, мы перажылі ўжо шмат расчараванняў і не хочам чарговых. Тое, што нам можа дапамагчы, гэта правільны дыягназ і мудрыя парады.
Панна мудрая, Яна ж адначасова Суцяшальніца засмучаных. Нас гэта не здзіўляе, мы ведаем, што Яе Найсвяцейшае Беззаганнае Сэрца злучанае з Найсаладзейшым Сэрцам Езуса, поўным мудрасці, якое з’яўляецца суцяшэннем усіх сэрцаў. Панна мудрая, поўная ласкі Духа Божага, вучачыся ў Сына Божага, ідучы Яго слядамі, таксама магла стаць Суцяшальніцай засмучаных і занепакоеных. Мы можам Ёй давяраць, можам быць упэўненымі, што як Каралева супакою Яна дапаможа нам убачыць уласнае жыццё, нашу сітуацыю, сям’ю, краіну ў святле мудрасці Духа Суцяшальніка, без хлусні, без ілжывых надзей, у сапраўднай надзеі, веры і любові.
Прымем жа суцяшэнне двух Сэрцаў – Найсаладзейшага Сэрца Божага, у якім супакой і прахалода, міласэрнасць і дабро, а таксама Беззаганнага Сэрца Марыі, якая цалкам належыць Езусу, цалкам Божая, заўсёды адданая волі Божай. Мы таксама можам быць вучнямі і вучаніцамі Духа Святога Суцяшальніка, які з самага пачатку вёў Панну Марыю да Яе лучнасці з Сэрцам Божым. Мы таксама можам ісці марыйным шляхам да неба і запрашаць да гэтага іншых. Мы можам прыняць запрашэнне да еднасці Сэрцаў, далучыцца да іх і ўзмацніць нашае слабое сэрца, якому патрэбна любоў і міласэрнасць. Мы ўжо ведаем, што Божае суцяшэнне нас не ўсыпляе, не запэўнівае нам бяспечнага аддалення ад праблем свету. Дух Суцяшальнік вёў Езуса і Яго Маці рознымі шляхамі жыцця. Мы таксама запрошаныя да таго, каб прыняць у сваім жыцці, як Божы Сын і Найсвяцейшая Дзева, таямніцы святла, гэта значыць працу для іншых, сярод розных людзей, часам вельмі нам чужых, а можа нават тых, якіх мы не любім… Маці Божая згодна з воляй Сына прымала ўсіх, хто ў Яе шукаў суцяшэння, прымірэння і аздараўлення. Нас чакае тая самая місія.
Ці мы прымаем гэты шлях? Ці не паддаемся спакусе схавацца ў суцяшальную прысутнасць Беззаганнага Сэрца наймілейшай Маці, застацца ў цішыні Назарэту? Каралева апосталаў жадае таксама і нас бачыць на шляху збаўлення, з’яднаных з воляй Божай, як Яна, у кожнай сітуацыі жыцця. Давайце будзем слухацца Яе. Гэта вельмі важна, што мы прымаем абавязак супольнай малітвы, нашых сустрэч, жыццё ў духу пакуты, прымаем пакуту за нас саміх, а таксама прывілей пакутваць за іншых. Паглядзім добра – наша Суцяшальніца таксама моліцца і заступаецца за нас, за нашых блізкіх, прабачае ўсе знявагі і вядзе нас, сама поўная ласкі і моцы Духа Суцяшальніка, да міласэрнага Айца. Прымем жа па Яе прыкладзе, на Яе ўзор, місію пакуты, заступніцкай малітвы, паяднання. Пойдзем за Ёй, магутнай Каралевай супакою, разам з Ёй будзем прасіць аб навяртанні і паяднанні людскіх сэрцаў. Калі мы хочам з’яднацца, як Яна, з Сэрцам Божым, тыя самыя пачуцці, тыя самыя прагненні павінны напаўняць нас саміх. Ці згаджаемся мы на еднасць з Беззаганнай, ці згаджаемся мы пакінуць наш жаль, крыўды, раны? Гаворка не ідзе пра тое, каб мы рабілі выгляд, што нічога не здарылася, што мы згубілі памяць, а каб мы ўмелі наноў паглядзець на мінулыя падзеі, змаглі ўбачыць у іх укрыты сэнс, або – калі гэта выходзіць па-за межы нашых магчымасцяў сёння – прызналі, што нейкім таямнічым спосабам Божая Мудрасць некалі гэта высвяліць. Не мы суддзі ў гэтай справе… Прызнаем, як Беззаганная, што Імя Божае святое; ці хочам мы разам з Ёй праслаўляць волю Божую, Божую справядлівасць і Божую міласэрнасць? Просьма нашую Суцяшальніцу, каб Яна заступалася за нас перад сваім Сынам, перад Яго Найсаладзейшым Сэрцам, якое з’яўляецца суцяшэннем усіх сэрцаў.
Папросім дароў Духа Праўды, Духа Суцяшальніка, які так цудоўна падрыхтаваў і вёў Найсвяцейшую Панну, няхай і нас адорыць сваімі дарамі і паставіць ля Беззаганнай, ля Сэрца Божага. Амэн.

ІІ. РУЖАНЕЦ
ТАЯМНІЦЫ СВЯТЛА

1. Хрост Езуса ў Ярдане
Хрост у Ярдане стаў папулярным – туды прыходозілі людзі з найбліжэйшых ваколіц, а таксама здалёк, нават са сталіцы, хоць там не было недахопу ў забавах. Чаму св. Ян Хрысціцель стаў такім вядомым? Магло быць цікавым тое, што сын святара Захарыі адышоў ад людзей, жыве ў самоце і робіць невядомыя, дзіўныя рэчы. Аднак, людзі кідалі абавязкі і прыемнасці: трэба было вызнаць свае грахі, або прызнацца ў сваіх слабых рысах, прыняць патрэбу ўласнай перамены, навяртання, вяртання да Бога, гэта прызнаць, што нешта яны занядбалі, пра нешта важнае забыліся, нешта было не ў парадку. Прыняты хрост пацвярджаў гэтае рашэнне. Да Яна прыходзіць таксама Езус з вучнямі. Ці было здзіўленнем, што сярод людзей, якія лічаць сябе грэшнікамі, нечакана з’яўляецца Настаўнік, якім захапляліся? Што пра гэта думала Маці Божая? Мы не ведаем адказу на гэтыя пытанні, нам не трэба таксама нічога выдумваць – Езус вучыў іх і нас не толькі словамі, але і ўчынкамі. Беззаганны Чалавек з Найсаладзейшым Сэрцам становіцца сярод грэшнікаў, прымаючы хрост Яна.
Якая пакора, якая згода на звычайнасць, якое жаданне прымаць удзел у рэлігійнасці звычайных людзей! Мы бачым еднасць двух Сэрцаў – таксама і Найчысцейшая Дзева разам з усімі маці некалі праходзіла традыцыйнае ачышчэнне. Панна Марыя інтуіцыйна адчувала Волю Божую, якая раіць і хваліць звычайнае жыццё, укрытае, павагу да рэлігійных звычаяў і форм пабожнасці. Цяпер Сын Божы прымае абрад хросту. Ян Хрысціцель адчувае, хто стаіць перад ім – аднак, Езус настойвае. Абрад карануюць словы любові Айца і сыход Духа Святога ў выглядзе голуба.
Гэта важная таямніца для нас. І нам часам могуць здавацца непатрэбнымі або ўвогуле не для нас прызначанымі нейкія жэсты, словы, традыцыі і рэлігійныя абрады. Будзем жа паводзіць сябе, як Езус і Яго Маці. Дух Святы прыйдзе да нас праз даўно вядомыя знакі веры, не трэба нічога надзвычайнага, каб прыйшла моц надзвычайнай ласкі любові Божай.

2. Цуд у Кане Галілейскай
Евангеліст, апісваючы вяселле, спачатку называе Яго Маці, як найбольш вядомую, Ён жа быў запрошаны як Яе Сын. Звычайна запрашалі ўсіх з ваколіцы, а потым доўга ўзгадвалі супольныя ўрачыстасці: што было, як было, што магло быць лепш або інакш. Марыя просіць Сына вырашыць клопат гаспадароў і арганізатараў – няма віна, а гэта значыць галоўнага напою на вяселлі. Сорамна было падаць звычайную ваду з калодзежа падчас такой выключнай падзей. Ці Маці ведае, што Сын можа ўчыніць такі вялікі цуд? Ці Яна ўжо бачыла нешта, што дазваляе Ёй прасіць, або Яна адчувае Сэрцам, ці толькі дапускае? Лягчэй было б папрасіць аб чарговым цудоўным учынку моцы ўжо вядомага цудатворцу.
Здаецца, што тут відаць промык таямніцы Марыі. Евангелісты адзначылі ўжо некалькі разоў, што Яна не разумела, задумвалася, захоўвала ў Сэрцы, імкнучыся зразумець Сэрца Сына, а тут першы раз мы даведваемся, што Яна просіць Сына аб умяшальніцтве. Найсвяцейшая Панна паволі пазнае Сына, так як кожная маці Яна побач з ім у сталенні і духоўным развіцці, аднак Яе Сын з’яўляецца Настаўнікам асаблівым і выключным чынам. Яна разважала ўжо над шматлікімі падзеямі, думала над словамі Езуса, шмат даведалася пра свайго Сына, калі асмельваецца прасіць у не самай важнай справе. Яна таксама разумее, што Сын, хоць можа і не патрабаваць насіць так шмат вады, не хоча ўчыніць цуду без супрацоўніцтва людзей, не хоча зрабіць іх пасіўнымі гледачамі моцы Божай. Марыя разумее Сэрца Сына, ласкавае і поўнае міласэрнасці, а таму запрашае людзей да супрацоўніцтва з ласкай, да намаганняў і працы, веручы, што гэта прынясе яшчэ большыя плёны.
Даверымся Марыі – Яна дае добрую параду, каб мы зрабілі ўсё, што нам скажа Сын Божы. Трэба прыняць неабходнасць намаганняў і працы, нават, калі мы іх не разумеем.

3. Абвяшэнне Божага Валадарства
Жыццё Езуса дабягае да хвіліны распачацця публічнай дзейнасці. Ён пакідае ўкрытае хатняе жыццё, Маці, блізкіх, каб распачаць цалкам новы этап жыцця. Можа яшчэ сустрэне знаёмых з дзяцінства і маладосці, яшчэ будзе бачыць Найсвяцейшую Панну, размаўляць з Ёй, але ўсё ўжо будзе зусім інакш, усё будзе ў рытме публічнай дзейнасці. Езус, некалі засяроджаны на патрэбах сям’і, такі адкрыты для Маці, найбліжэйшы Яе Сэрцу, цяпер будзе “ў справах Айца”, як прадказваў. Цяпер Яго самае цярплівае, поўнае міласэрнасці Сэрца будзе большасць часу праводзіць з іншымі людзьмі, слухаць новых асоб, адказваць на розныя пытанні – разважаныя і выпадковыя, дабразычлівыя і не вельмі. Езус ужо заняты справамі Божага Валадарства, усім сваім Найсаладзейшым Сэрцам.
Вучымся ў Панны Марыі, для Яе ўсё гэта было асабліва цяжкім: Яна таксама была шчаслівая ў блізкай прысутнасці Сына, які адначасова быў Яе Дзіцём і Сынам Божым, Настаўнікам і Панам. Мы таксама хацелі б чулых, прыгожых хвілін з Езусам, сама Яго Прысутнасць аздараўляе і суцяшае, Яго Сэрца лечыць і загойвае нашыя раны, гэта крыніца вялікага суцяшэння. Аднак, ісці за Ім азначае выхад да людзей, цярплівасць да іх, сэрца адкрытае на людзей. Езус не хоча, каб мы закрываліся ад свету ў нашым улюбёным, укрытым месцы з Ім. Ён хоча забраць нас з сабой. Калі мы пойдзем за Ім, мы не можам абурацца на людзей, да якіх Сэрца Езуса прывядзе нас, не можам абражацца на іх або пазбягаць тых, што нам непрыемныя. Ідучы за Езусам, мы апынемся сярод вельмі розных людзей, часта сярод цяжкіх для нас падзей, а нашым суцяшэннем і моцай будзе Яго прысутнасць, Яго словы будуць нас навучаць і весці.
Магчыма мы ўбачым перамену шматлікіх сэрцаў, але Езус перш за ўсё разлічвае на нашую перамену, на лучнасць нашых сэрцаў з Ім і Яго Маці. Ці мы згодзімся, як Марыя, аддаць сябе Сэрцу Езуса, суправаджаць Яго паўсюль, дзе Ён пойдзе і павядзе нас? Ці адкрыем мы нашыя сэрцы, часта яшчэ ўбогія, збалелыя, стомленыя, на аздараўленне ў лучнасці з Сэрцам Езуса? Гэта ў Ім схаваныя ўсе скарбы і ласкі, у Ім жыве ўся поўня Боскасці. Просьма Марыю, каб Яна вяла нас да Свайго Сына, бо гэта прагненне Яе Беззаганнага Сэрца.

4. Перамяненне на Гары Табор
Ці Марыя бачыла Перамененага Сына ў хвале на працягу жыцця, як абраныя Апосталы? Евангеліст нічога нам пра гэта не кажа. Розныя легенды распавядаюць шмат цудоўных падзей падчас укрытага жыцця, але св. Ян Павел ІІ лічыў, што ішла цёмная пілігрымка веры, якая абапіралася больш на словах Анёла падчас звеставання, на паводзінах і словах Езуса, веручы ў Яго яшчэ тады, калі не было мовы пра вялікія цуды і візіі. Труд і высілак веры Найсвяцейшай Панны дзівіла шмат айцоў Касцёла і святых. Яе шляхам звычайнай штодзённасці, побач з Сэрцам Езуса, з цалкавітым даверам і пакорай, часта ў вельмі манатонных умовах, вытрывала і цярпліва, ішло шмат святых, якія без містычных аб’яўленняў, без вялікіх перажыванняў і ўзнёслых захапленняў нязломна верылі ў Сына Божага. Сам Езус кажа пра бласлаўлёных, а значыць шчаслівых, якія не бачылі, а паверылі.
Настаўнік выбірае ня шмат з дванаццаці Апосталаў, каб яны перажылі з Ім дзіўную сустрэчу на гары Табор. Напэўна, Ён не лічыў, што гэта цудоўная падзея была абавязковай ці нават вельмі дапаможнай. Яго перакананасць спраўдзілася пад крыжам. Мы таксама можам апынуцца ў сітуацыі, калі тыя, каго мы дапусцілі да нашых таямніц, будуць побач з намі, калі ўсё будзе добра, а потым знікнуць. Апосталы, калі вярнуліся з гары Табор, напэўна распавядалі пра свае цудоўныя перажыванні, калі пра гэта ведае Евангеліст. Іншыя вучні і Апосталы без сумневу з захвытам слухалі, пыталіся, дзівіліся, можа нават некаторыя зайздросцілі, маручы пра падобныя перажыванні. Як потым глядзелі на тых абраных, якія казалі пра цудоўныя містычныя перажыванні, а потым уцяклі, здрадзілі, пакінулі Настаўніка? Чым большае ўражанне робіць пабожнасць і заангажаванне іншага, тым большае здзіўленне і расчараванне наступае пасля яго падзення.
Памолімся за тых, што страцілі веру, ведаючы пра нашую слабасць як людзей Касцёла. Не асуджайма занадта тых, што падвялі, хоць і ведалі Езуса і Марыю асабіста. Да нас таксама можа прыйсці цяжкі час, мы таксама магчыма будзем павінны адказваць за нашыя словы, якія людзі ўважліва слухалі, верылі, дзівіліся. Таксама і наша еднасць з Бога правяраецца не пасля вяртання з гары Табор, а ў штодзённасці, пасчас спакус, падчас цярпення – побач з Езусам і Марыяй.

5. Устанаўленне Эўхарыстыі.
Звычайна тое, што ў нас ёсць найкаштоўнейшага, найдалікатнейшага, мы захоўваем для самых блізкіх, самых надзейных асоб, можа нават з нейкай асцярожнасцю, можа з апасеннем, ці не выкарыстаюць нас і мы не страцім нешта важнае. Большасць з нас спазнала расчараванне, калі нашыя адкрытыя сэрцы, намаганні, ахвярная праца, выслікі панад нашыя сілы былі недавартасцяваныя, змарнаваныя, асмеяныя… Цяжка выстаўляць сябе на дабразычлівасць і недабразычлівасць людзей… У Езуса няма такіх апасенняў: Ён цалкам і беспаваротна аддае сябе.
Сэрца, пакінутае для нас ў Найсвяцейшым Сакраманце – гэта самае чулае Сэрца, гэта нашыя супакой і паяднанне, аздараўленне нашых ран, крыніца радасці, жыцця, святасці; суцяшэнне ў плачы, узмацненне слабых. Езус у Эўхарыстыі хоча быць суцяшэннем нашага сэрца, так сама, як Ён з’яўляецца радасцю анёлаў і ўсіх святых. Гэта Сэрца Езуса, якое ўпадабаў Айцец, цяпер адкрытае для нас, каб прыгарнуць да сябе, абдараваць і з’яднаць усе сэрцы.
Найсвяцейшы Сакрамэнт занадта часта застаецца, аднак, непрыманым падарункам, адкінутым дарам, як бы не ўсімі жаданым, як бы незразумелым, незаўважаным.
Гэта Найсаладзейшае Сэрца бывае зняважаным, незаўважаным, адкінутым… Просьма за нас саміх, каб мы жылі скарбам Эўхарыстыі, каб мы ішлі да Сэрца Божага з даверам і з чаканнем ласкі, каб мы ўмелі прыняць Яго шчодрасць. Калі мы адкрыемся на лучнасць з Сэрцам Езуса, як Марыя, як Яна зможам усіх весці да Яго.
Лучнасць Сэрцаў, да якой запрашае нас Езус, заўсёды магчымая. Падумаем пра аднаўленне нашых абяцанняў падчас хросту, пра нашую Першую Святую Камунію. Гэта няпраўда, што мы павінны прымаць наступныя Камуніі, як першую: мы ўсё ж такі, як Марыя, вучымся ў Езуса і хочам прымаць Яго ўсім сэрцам, усё больш стала, усё больш свядома. Няхай нашыя сэрцы, як добрай Маці, рыхтуюцца на прыход Езуса, няхай становяцца домам Божым, святыняй самога Бога.

ІІІ. ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЕ РАЗВАЖАННЕ
Унебаўзяцце Марыі

Маці, вось я!
Я побач з Тваім Сэрцам – Маці Езуса і мая Маці. Сёння гэты асаблівы дзень, які Ты сама выбрала – у першую суботу месяца. Дзякую Табе за Тваё запрашэнне і за тое, што Ты паказваеш мне шлях надзеі, што ў гэты асаблівы дзень я асаблівым чынам блізка да Твайго Беззаганнага Сэрца. Адказваючы на Тваю просьбу, я вырушаю шляхам ружанцовых таямніц, каб разважаць над іх зместам, і тым самым лепш пазнаваць Цябе і Езуса. Сёння я прагну разважаць над таямніцай Твайго ўнебаўзяцця. Вось, пасля заканчэння сваёй зямной вандроўкі, з душай і целам Цябе забіраюць да неба, Ты зноў зможаш убачыць, цяпер ужо ў поўні хвалы, свайго Сына.
Евангеліст Лука нагадвае нам словы, сказаныя Табой падчас наведвання Тваёй сваячкі Альжбеты. Калі здзяйсняецца першае прароцтва са звеставання, што Альжбета ў блаславёным стане, Ты кажаш словы, якія з’яўляюцца адказам Тваёй хвалебнай будучыні:
 І сказала Марыя:
«Велічае душа мая Пана, 
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу,
бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі. 
 І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
 Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, 
а імя Яго святое.
 І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне над тымі, хто Яго баіцца.
 Паказаў моц сваёй правіцы,
рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.
 Скінуў магутных з трона 
і ўзвысіў пакорных” (Лк 1, 46-52).
Маці, калі мы сёння ўзгадваем Твае словы, якія праслаўлялі Бога, мы бачым у іх абяцанне таго, што сёння называем таямніцай Твайго ўнебаўзяцца. Гэта таямніца выходзіць па-за межы людскога розуму, каб цалкам у яе паглыбіцца. Тым не менш, Касцёл увесь час паўтарае такую думку:
“Тваё дзявочае цела святое, святыня Бога, а таму захаванае ад ператварэння ў прах. (…) Немагчыма, каб Тваё цела, гэта начынне годнае Бога, рассыпалася ў прах пасля смерці. (…) Тваё дзявочае цела цалкам святое, хоць і цалкам людское. Паколькі яно дасягнула найдасканальшага несмяротнага жыцця (…), яно не можа падлягаць смерці” (св. Герман).
“У той момант, калі быў учынены першы грэх, які асудзіў першую людскую натуру, Бог, прамаўляючы да шатана, які быў у вобразе змея і стаў спакушальнікам першых чалавечых істот, схіляючы іх да злога, сказаў: “Варожасць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе; яна будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яе ў пяту” (Бц 3, 15). Гэта жанчына вызначаная Богам, каб даць Хрысту людскую натуру і стаць разам з Ім Саадкупіцелькай чалавечага роду – “варожасць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, паміж семем тваім і паміж семем яе” – яна не магла апынуцца ў ценю смерці, таму што не трапіла пад прысуд, вынесены чалавецтву. І таму Марыя з’яўляецца пачаткам адкуплення, здзейсненага Хрыстом; дзякуючы заслугам Хрыста Яна была таксама ўзятая ў неба з целам і душой, дзе жыве і валадарыць у Бога разам з Сынам сваім і Спрадвечнага Айца” (с. Луцыя).
Словы, якія нагадваюць гэтую праўду, Касцёл абвяшчае на працягу стагоддзяў, праслаўляючы Цябе як Унебаўзятую Маці Бога; яны падкрэсліваюць Тваю абранасць і хвалу. Таму, дзе ёсць месца, каб Цябе суцяшаць; хутчэй мы можам тут сказаць: гэта мы чакаем ад Цябе суцяшэння. Але ці гэта сапраўды так? Ці сапраўды Тваё Беззаганнае Сэрца адчувае ў такую незвычайную хвіліну толькі радасць і захвыт? Ці маці, пакідаючы сваіх дзяцей, нават на кароткі час, не адчувае непакой? Што перажывае маці, калі адчувае набліжаючуюся смерць, і ведае, што яе дзеці згубіліся на дарогах веры? Колькі ў такія хвіліны плачу, не над сабой, не ад болю, выкліканага хваробай, а з-за клопату аб будучыні, аб збаўленні ўласных дзяцей. Што з імі будзе? – няспынна вяртаецца такое пытанне. А як жа яно раніць сэрца маці, калі дзеці яшчэ малыя і застаюца сіротамі. Хто вамі заапякуецца, гэта ж мой абавязак, я нарадзіла вас, я дала вам жыццё, а цяпер пакідаю вас адных. Колькі тады непакою, болю, клопату, прагнення цуду, каб маці засталася са сваімі дзецьмі. Хвіліны такога развітання ні для каго не будуць лёгкімі, нават чужыя асобы не змогуць абыякава прайсці ў такой сітуацыі.
Маці, я ведаю, што Ты інакш глядзіш на свет; Ты глядзіш вачамі веры, а таму няма ў Табе людскога страху і апасення. Тым не менш Ты маеш людскія пачуцці і эмоцыі. Ні для каго не з’яўляецца таямніцай, што няўпэўненасць ў тым, што нас чакае ў будучыні, не можа не кранацца нашага сэрца. Парог вечнасці, з якога, калі яго перакрочыш, нельга вярнуцца, для кожнага чалавека становіцца выклікам, з якім трэба памерацца. “Каму больш дадзена, з таго больш патрабавацца будзе” – вучыў нас Езус. Ты, Маці, атрымала найбольш сярод людзей. Ты атрымала ласку Беззаганнага Зачацця, захавання ад першароднага граху: ласка, якой ніхто і ніколі не атрымаў і не атрымае. На моцы запавету Твайго Сына, які з вышыні крыжа зрабіў Цябе нашай Маці, Табе было даручана незвычайнае заданне – апекавацца Касцёлам.
У таямніцы ўнебаўзяцця ты стаіш перад Сынам як Валадаром Сусвету; ці ў такія моманты не абуджаюцца людскія пачуцці, парывы і пытанні? Праз дар абрання Бог не пазбавіў Цябе людской і жаночай натуры. Таму Ты перажываеш, як кожны чалавек у такую незвычайную хвіліну, усе пачуцці, звязаныя з гэтай натурай. Як жа важны гэты момант у жыцці кожнага з нас, Ты сама нас так вучыла ў Фаціме, нагадваючы, што такое вечнасць, што такое неба, чысцец і пекла. А растлумачваючы сэнс набажэнства першых суботаў, Ты дала незвычайнае абяцанне тым, што будуць яго практыкаваць: “Скажы ўсім, што я абяцаю прыйсці з дапамогай у гадзіну смерці з усімі патрэбнымі ласкамі”. Калі неба абяцае дапамогу, дапамогу ў дадзенай дакладнай хвіліне, значыць нельга не заўважыць яе асаблівасці і вялікага значэння. Што Ты, Маці, адчувала ў сваім Беззаганным Сэрцы ў гэтую незвычайную хвіліну? Напэўна радасць і надзею на сустрэчу з Сынам. Але таксама і шмат іншых пачуццяў, якія нараджаюцца ў сустрэчы з таямніцай: як гэта будзе, што цяпер адбываецца, як доўга будзе працягвацца, праз што мне трэба будзе цяпер прайсці і гэтак далей.
Дазволь, Маці, я ўзгадаю некалькі момантаў наконт бл. Гіяцынты, якая так моцна захапілася Тваёй прыгажосцю і так моцна па Табе сумавала. Калі з Францішкам і Луцыяй была арыштаваная, сядзела ў вязніцы і напужаная катаваннямі і смерцю, праз слёзы радавалася таму, што зможа ўжо Цябе ўбачыць. Яна не баялася смерці і цярпення; яна цярпела толькі з-за разлукі з мамай, якую ўжо не зможа ўбачыць, з якой не зможа развітацца. Аднак, калі надыходзіць прадказаная Табой, Маці, хвіліна смерці, калі Гіяцынта пасля смерці Франіцшка ўсведамляе, што гэта хвіліна надыходіць таксама і ў яе жыцці, трохі інакш перажывае гэтую хвіліну. Падчас хваробы думае ўжо не толькі пра тое, што зноў Цябе ўбачыць і ўжо ні пра што не клапоціцца, але больш паважна думае пра новую сустрэчу з Табой.
Вось некалькі слоў з успамінаў: “Гіяцынта, аб чым ты думаеш столькі часу? – пыталася маці. Дачка падняла на яе вочы і ўсміхнулася. Праз хвіліну да яе зноў вярнулася тая самая засяроджанасць. Яна сказала Луцыі:
“- Я думаю пра Пана Езуса і Маці Божую, пра грэшнікаў і пра вайну, якая павінна распачацца. Памрэ столькі людзей! І так шмат пойдзе ў пекла! Шмат дамоў будзе знішчана; шмат святароў памрэ! Як шкада! Калі б перасталі зневажаць Бога, вайна б не пачалася, а яны не пайшлі б у пекла. Паглядзі, я іду да неба, а ты, калі ўбачыш уначы святло, пра якое казала Спадарыня, уцячы і таксама прыйдзі туды, на гару.
- Не бачыш, што да неба да нельга ўцячы?
- Гэта праўда, не можаш… Але не бойся, у небе я буду шмат маліцца за цябе, за Святога Айца, за Партугалію, каб вайна сюды не прыйшла, і за ўсіх святароў”.
У размове з сястрой, якая апекавалася Гіяцынтай падчас хваробы, яна сказала: “Я б ахвотна пайшла ў кляштар, але яшчэ больш я хачу пайсці да неба. Каб быць сястрой, трэба быць вельмі чыстай душой і целам”.
Маці, колькі ў тых словах малога дзіцяці клопату аб іншых. Калі маленькая дзяўчынка так перажывае гэтую асаблівую хвіліну ў жыцці кожнага чалавека, калі думае не толькі пра сябе, не толькі пра блізкіх і сваякоў, што тады можа адбывацца ў Тваім Беззаганным Сэрцы? Сэрца, заклапочанае збаўленнем кожнага чалавека. Калі сапраўды любіш, то не думаеш толькі пра сябе; цяжка ў поўні перажываць асабістае шчасце, маючы свядомасць, што бліжні церпіць або знаходзіцца ў вялікай патрэбе. Калі малое дзіця, адчуваючы такое вялікае цярпенне, выкліканае хваробай, непакоіцца за лёс бедных грэшнікаў, не думае пра сябе, а ахвяруе свой боль за іншых; калі дзіця так адказна перажывае сваю хваробу і адыход з гэтага свету, што тады адбываецца ў Сэрцы Беззаганнай Маці?
О Беззаганная, я радуюся з Табой у таямніцы ўнебаўзяцця; але гэты час побач з Тваім Сэрцам дапамог мне ўсвядоміць, што я не магу чакаць збаўлення, калі я не клапачуся аб бліжнім. “Любі бліжняга свайго, як самога сябе” – вучыў Твой Сын. А таму, клапоцячыся аб уласным збаўленні, нельга забыцца пра бліжняга; так як маленькая Гіяцынта я не магу забыцца пра грэшнікаў, бо гэта таксама мае бліжнія. Калі такім вялікім смуткам напаўняе Тваё Сэрца небяспека асуджэння такой вялікай колькасці Тваіх дзяцей, а маіх бліжніх, то я веру, што ўдзельнічаючы з любоўю і верай ва ўзнагараджальнай малітве за іх грахі, я суцяшаю Тваё збалелае Сэрца.
Маці, дзякую Табе за ўсе ўказанні, якія я атрымліваю ад Цябе, ідучы шляхам ружанцовых таямніц. Ave Maria!

IV. АПЭЛЬ МАРЫЙНЫ

Твой Сын – суцяшэнне для ўсіх,
Твой Сын – крыніца ўсялякага суцяшэння,
Твой Сын спасылае Суцяшальніка,
Злітуйся над намі, Багародзіца,
Вядзі нас да Твайго Сына.

Беззаганная Панна, Суцяшальніца засмучаных! Ты нам сёння патрэбная, мы верым, што Ты запрашаеш нас да сябе, мы верым, што Ты, Найсвяцейшая, прымаеш нас і не адштурхоўваеш, хоць мы, слабыя і грэшныя, не падрыхтаваныя, як трэба, прыходзім да Цябе. Мы спадзяемся, што сустрэча з Табой нас не расчаруе, Ты не адпіхнеш нас, бачучы нашае мінулае і цяперашняе; мы верым, што Ты прымеш нас у Сябе і дапаможаш, каб будучыня была бліжэй да Твайго Беззаганнага Сэрца, мы хочам быць Тваімі гасцямі, але і жыхарамі, о найпрыгажэйшая. Гэта радасць для нас, што клічаш нас і маеш час для нас, мы таксама хочам часцей быць для Цябе.
Столькі адбываецца ў нашым сэрцы, столькі розных думак і страхаў, але мы хочам цяпер пакінуць нашу стомленасць, нашыя думкі, мы хочам слухаць толькі Цябе. Мы ведаем, што ўжо казалі гэта, што прасілі прабачэння, што цяпер усё на так, як мы некалі абяцалі сабе, людзям і Табе. Мы верым аднак, што побая з Табой, у святле Твайго Беззаганнага Сэрца, настолькі падобнага да Сэрца Езуса, мы зможам ізноў пазбіраць нашыя думкі, знойдзем суцяшэнне і адпачынак. Ты ведаеш, што нам патрэбна – Ты заўсёды была побач з Сэрцам Езуса, у якім заўсёды можна было знайсці прахалоду і адпачынак, якое загойвала і лячына ўсе раны душы, сэрца і цела. О Панна, мы хочам, як Ты, прыблізіцца да Лекара грэшнікаў, да Суцяшальніка ўсяго свету. Дапамажы нам, навучы нас, Ты была такой дасканалай Вучаніцай Пана, такім вялікім стварэннем моцы Святога Духа, што сама стала Суцяшальніцай засмучаных.
О цудоўная Маці, мы слухаем Цябе, глядзім на Цябе і бачым, што Твёй радасцю і суцяшэннем  быў сам Езус, што Ты сама суцяшала шмат церпячых і сумняваючыхся ў блізкасці Езуса людзей. Панна моцная, мы ведаем, што Ты вядзеш нас, Тваіх вучняў і вучаніц, каб мы, як ты, з’яднаныя з Сэрцам Божым, таксама былі суцяшэннем для іншых – бо Сэрца Божае, крыніца усялякага суцяшэння, будзе нас падтрымліваць, і гэту падтрымку мы павінны даваць іншым, указваючы на Цябе, на  Твайго Сына.
О Маці, навучы нас, як быць натхненнем для іншых, як іх далікатна кіраваць, як Ты, шчодрая Дзева, да Князя Супакою, да Твайго Суцяшальніка, нашага і ўсяго свету. Ты ўкладваеш нам у руку ружанец, указваеш на пакуту за нас саміх і за іншых як на лек супраць пагрозаў для свету – гэта таксама нашае суцяшэнне, моцнае, плённае і пэўнае. Ты, як літасцівая Лякарка хворых, поўная дароў Духа Праўды, не магла схаваць ад нас хваробы ні нашыя, ні краіны, ні свету; Ты разлічваеш на нашую дапамогу у заступніцкай малітве за ўсіх. Возмем жа ў рукі ружанец і будзем памятаць пра тых, каго мы хочам суцешыць, каго хочам узмацніць нашай малітвай, каму патрэбныя сілы духоўныя і фізічныя. Будзем маліцца за тых, хто згубіўся на складанай дарозе жыцця, за тых, хто, смутны і ўжо не радуецца, як некалі, свайму пакліканню і працы. Дазволь нам, Панна Святая, у еднасці з Тваім Беззаганным Сэрцам, з Найсаладзейшым Сэрцам Езуса, стаць суцяшальнікамі тых, хто побач з намі, як Ты, стаць промнем святла, які рассейвае смутак і неахвоту.
Панна ласкавая, Панна добрая, Панна ціхая і цярплівая, Ты найлепшы доказ плённасці Божага Суцяшальніка ў людскіх сэрцах. Дазволь нам адпачыць побач з Табой, набрацца новых сіл, адкінуць неахвоту і смутак, наноў убачыць сябе і наш свет. Пакажы нам Сваё Сэрца, нічым не заплямленае, вольнае, поўнае суцяшэння, навучы нас прымаць суцяшэнне Езуса. Не дазволь нам жыць у смутку і роспачы, так, як бы не было Сэрца Божага. Не дазволь нам закрыцца на суцяшэнне Найсаладзейшага Сэрца Езуса, няхай нашыя сэрцы не застаюцца ў перабіранні даўніх спраў, дрэнных успамінаў. Няхай нашай спадарыняй не будзе паранены гонар, падманутая надзея, няхай не кіруе намі памяць пра чыесьці грахі адносна нас. Няхай нашым Панам і Богам будзе Твой Сын, Вызваліцель, а не Яго супраціўнік, які не хоча нашага суцяшэння і ўваскрашэння. Няхай нашае жыццё належыць Табе, а не нашым ворагам. Ратуй нас, Беззаганнае Сэрца, няхай нашыя сэрцы не будуць зборам папрокаў іншых, нас саміх. Не дазволь нам хадізць па свеце як няспынны дакор сумлення, няхай нашыя сэрцы будуць побач з Тваім Сынам, крыніцай усялякага суцяшэння.

Панна вольная, не дазволь нам гадаваць крыўды, смутак, задаўненыя прэтэнзіі, дапамажы нам насіць у сэрцах суцяшэнне і прыносіць яго інышм, як Ты, што носіш Езуса. Просім, зрабі нашыя сэрцы падобнымі да Твайго Сэрца. Амэн.


Перакладзена з польскай мовы.
Droga przez Serce. Przymierze serc Jezusa, Maryi, naszych.
Sekretariat Fatimski 2016