1.31.2017

Галоўная

 

Што такое Вялікая Фацімская Навэнна

13 мая 2017 года адбудзецца стогадовы юбілей фацімскіх аб’яўленняў, падрыхтоўкай да якога з’яўляецца Вялікая Фацімская Навэнна, якая злучае ўсе сэрцы, адданыя Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Вялікая Фацімская Навэнна не з’яўляецца формай набажэнства, у рамках якога трэба толькі памаліцца дакладнымі малітвамі. Вялікая Фацімская Навэнна – гэта прагненне злучыць усе сэрцы, якія любяць Марыю, каб дапамагаць сучаснаму свету пазнаваць фацімскія пасланні і адказаць на просьбы Божай Маці.

Навэнна распачалася 13 мая 2009 года, аднак далучыцца да яе можна ў любы час кожнаму, хто хоча маліцца і працаваць для Марыі. У Фаціме Маці Божая запрасіла нас да супольнай працы ў справе збаўлення людзей. Сёння, калі мы стаім на парозе стогадовага юбілею Яе аб’яўленняў ў Фаціме, прагнем прыняць у нашых сэрцах заклік актыўна ўдзельнічаць у выратаванні свету. Таму Навэнна – гэта нашыя малітва, ахвяра, катэхэза, апостальства, абвешчанае казанне, запрашэнне да супольнага ружанца ці набажэнства першых суботаў месяца; усё дзеля таго, каб больш людзей на ўсім свеце ведала і любіла Марыю, каб надыйшоў час трыюмфу Яе Беззаганнага Сэрца.

Што азначае далучыцца да Вялікай Фацімскай Навэнны?

 

 1. Разважаць над таямніцамі Святога Ружанца, лепш кожны дзень. Калі хтосьці ніколі не моліцца на Ружанцы, не мае нічога супольнага з Навэннай.
2.Адпраўляць набажэнствы ў першыя суботы месяца, у якіх удзельнічаем прынамсі пяць суботаў месяца, не прапускаючы ніводнай. Хто на працягу Навэнны ні разу не адправіць набажэнства пяці першых суботаў месяца, не з’яўляецца яе ўдзельнікам.
3. Свядома прысвяціць сябе Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Без прысвячэння сябе Найсвяцейшай Маці цяжка казаць аб жыцці фацімскім пасланнем, і тым самым, аб удзеле ў Вялікай Фацімскай Навэнне.
 4. Удзельнічаць у Навэнне праз чытанне малітвы Вялікай Фацімскай Навэнны, напрыклад, раз у тыдзень.
5. Удзельнічаць у фацімскіх набажэнствах кожны трынаццаты дзень месяца. Гэта, аднак, не з’яўляецца абавязковай умовай.
 6.  Пазнаваць яшчэ лепш Марыю праз чытанне літаратуры і вучыцца кожны дзень яшчэ больш Яе любіць. Ніхто з нас не будзе апосталам фацімскага паслання, калі спачатку сам яго не пазнае і не распачне паводле яго жыць.

Больш інфармацыі можна знайсці на старонцы www.sekretariatfatimski.pl, а таксама на старонцы Санктуарыя Маці Божай Фацімскай www.smbf.pl . Матэрыялы Вялікай Фацімскай Навэнны на польскай мове можна замаўляць у Фацімскім Сэкратарыяце:

Sekretariat Fatimski
Os. Krzeptówki 14
34-500 Zakopane POLSKA
e-mail: fatima@smbf.pl
tel. (0-18) 20 66 420

Адміністрацыя старонкі: fatimskayanavenna@gmail.com

1.30.2017

2017 - юбілейны год Фацімскіх абя'ўленняў

ГОД 2017
ДЗЕВЯТЫ ГОД ВЯЛІКАЙ ФАЦІМСКАЙ НАВЭННЫ

“Праз бязмежныя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца
і Беззаганнага Сэрца Марыі
прашу Вас аб навяртанні бедных грэшнікаў”.
Фаціма 1916

 
Мінула восем гадоў нашай працы, заангажавання, апостальства, малітвы і ахвяры дзеля таго, каб хоць на кроплю паспрыяць таму, каб Марыя была больш "вядомая і каханая”, а пра Яе пасланне даведаўся і адказаў увесь свет. Цяпер мы ўваходзім ў апошні год падрыхтоўкі да стогадовага юбілею Фацімскіх аб’яўленняў. Апошні год Навэнны будзе пераплятацца з самім юбілеям, таму галоўнай мэтай падрыхтоўкі было жаданне перажыць гэтую гадавіну не святкаваннем самой даты, а выкананнем просьбы, якую скіравала да свету ў Фаціме Маці Божая. У папярэднія гады мы ўзгадалі просьбу Фацімскай Спадарыні, якая датычыцца набажэнства да Яе Беззаганнага Сэрца, і з’яўляецца сутнасцю Яе паслання.
   У юбілейным годзе найпрыгажэйшым выразам нашага святкавання будзе выказванне ўдзячнасці праз выкананне скіраванай да нас просьбы, а не толькі ўзгадванне факту аб’яўленняў і сухое слова “дзякуем”. Наша падзяка за дар аб’яўленняў у Фаціме, за Пасланне Надзеі, будзе поўнай і шчырай, калі яна будзе адказам на заклік, за які мы дзякуем. Нельга быць удзячным за тое, чаго я не ведаю, за падарунак, які я нават не распакаваў. Таму апошні год Вялікай Фацімскай Навэнны, якая вяла нас да пазнання набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі, будзе пераплятацца з Юбілеям, падчас якога наша ўдзячнасць будзе выражацца ў старанным практыкаванні ўзнагараджальнага набажэнства на працягу пяці першых суботаў месяца, а таксама прысвячэнні Беззаганнаму Сэрцу Марыі: асабістым, сямейным ці парафіяльным. […]
Падчас юбілейнага года заахвочваем вас да разважання над тэмай апошняга года Вялікай Фацімскай Навэнны, якая паказвае саму сутнасць Фацімскага Паслання, якое, як сказаў Ян Павел ІІ: “настолькі ўкаранёнае ў Евангелле і ўсёй Традыцыі, што Касцёл адчувае, што гэтае пасланне накладвае абавязак выслухаць яго” (Фаціма, 13 мая 1982 г.). Кіруючай тэмай на гэты прыгожы і асаблівы час з’яўляюцца словы:

Дарога праз Сэрца.
Лучнасць сэрцаў Езуса, Марыі, нашых.

Звернем увагу на тое, што вельмі часта Фаціму атаясамліваюць толькі з Марыяй, з марыйнай пабожнасцю ці прыватнымі аб’яўленнямі. Апошняя тэма ў нашым паглыбленні ведаў пра Фацімскае Пасланне паказвае нам шлях, каб мы бачылі Фаціму шырэй, а таксама заўважылі “сэрца Фацімы”, якая датычыцца набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі. Добра, каб мы ў сваю чаргу ўсвядомілі, што гэта набажэнства не засяроджвае нас толькі на Марыі, а вядзе да Сэрца Езуса, хоць назва гэтай формы пабожнасці, здаецца, падразумявае нешта іншае. Таму фацімская пабожнасць не можа быць засяроджана толькі на Марыі, але праз Сэрца Марыі павінна весці нас да Сэрца Езуса, што пацвярджае кожная малітва, якой вучылі Фацімскіх Пастушкоў як Анёл Супакою, так і Маці Божая.
Узгадаем змест трох сустрэч Фацімскіх дзяцей з Анёлам Супакою, каб пераканацца, што малітвы, якім Ён іх навучыў, скіраваныя і да Сэрца Езуса, і да Сэрца Марыі. Важна падкрэсліць і тое, што так гучаць не адна, а ўсе малітвы. А таму, накірунак, які паказаў Анёл, аб’яўляючыся маленькім Пастушкам, з самага пачатку быў адназначны і вельмі дакладны.
Сустрэч з Анёлам было некалькі, але тры апошнія настолькі істотныя, што пасля таго, як Анёл пачаў размаўляць, гэтыя сустрэчы былі апісаныя Луцыяй з узгадваннем слоў Анёла, якія ён тады скіраваў да Пастушкоў. Вось як гэта апісвае Візіянерка: “Дату не магу вызначыць дакладна, бо тады не ўмела яшчэ лічыць на гады, ні месяцы, а нават тыдні. Здаецца мне, аднак, што гэта было вясной 1916 года, тады Анёл аб’явіўся нам упершыню ў Лока дэ Кабэсо”. Сама сустрэча прабягала так:

“Наблізіўшыся да нас, ён сказаў:- Не бойцеся, я Анёл Супакою! Маліцеся са мной.
Ён укленчыў і схіліў галаву да зямлі.
Ахопленыя надзвычайнай моцай мы рабілі тое самае і паўтаралі словы, якія ён прамаўляў:
- О мой Божа, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе, люблю Цябе. Прашу ў Цябе, каб Ты прабачыў тым, што не вераць, не праслаўляюць Цябе, не любяць Цябе, не давяраюць Табе.
Пасля таго, як ён паўтарыў гэта тры разы, ён узняўся і сказаў:
- Так вы павінны маліцца! Сэрцы Езуса і Марыі ўважліва слухаюць вашыя просьбы. – І знік”.

Малітва, якой Анёл навучыў дзяцей і якую яны павінны былі паўтараць, уважліва слухае як Сэрца Езуса так і Сэрца Марыі.
На гэтым, аднак не канец, Анёл падчас чарговай сустрэчы увёў Пастушкоў у больш глыбокае разуменне малітвы і звязанай з ёй пакутай.

“Наступнае аб’яўленне было летам. У дні самай вялікай гарачыні, у палудзень мы павялі наш статак да дому, каб вечарам зноў яго выпусціць на пашы. Гадзіны адпачынку апоўдні мы праводзілі ў ценю дрэў, што былі вакол студні, пра якую я ўжо шмат разоў узгадвала. Раптам мы ўбачылі перад намі таго ж самага Анёла:
   - Што вы робіце? Маліцеся! Шмат маліцеся! Сэрцы Езуса і Марыі жадаюць аказаць (свету) вялікую міласэрнасць. Нястомна ахвяруйце Найвышэйшаму малітвы і ўтаймванні.
   - Як нам трэба гэта рабіць? – запыталася я.
   - З усяго, што толькі можаце, складайце ахвяру як узнагароду за грахі, якімі Ён зняважаны, і каб выпрасіць навяртанне грэшнікаў. Такім чынам вы прыцягнеце супакой для вашай Айчыны. Я – Анёл Ахоўнік Партугаліі. Перш за ўсё прыміце і з пакорай зносце ўсе цярпенні, які Бог вам спашле”.

Сэрца Езуса і Сэрца Марыі ўважліва слухаюць малітвы, якія ўзносяць Фацімскія Пастушкі. Іх малітва, аднак, павінна ісці разам з утаймаваннямі, якія яны практыкуюць ці павінны практыкаваць. Вось шлях, каб спазнаць “шмат міласэрнасці”. Часам для некаторых асоб ужо сама малітва здаецца быць вялікай ахвярай і пакутай. Аднак навучанне Анёла не пакідае нам адхілення, і разам з малітвай мы павінны практыкаваць пакутныя акты або ўтаймаванні. Указанні Божага Пасланніка паказваюць нам вельмі важны элемент. Звычайна пакуту мы атаясамліваем з практыкаваннем пэўных учынкаў, якія самі сабе выбіраем і вызначаем іх меру. А Анёл вучыць, што нечым фундаментальным на шляху пакуты і ўтаймавання з’яўляецца ў першую чаргу звяртанне ўвагі на тое, ці прымаю я ў духу паслухмянасці і з любоўю тое, што мне дае Бог. Гаворка не ідзе пра тое, каб паказаць Богу, што мы самі сабе выдумалі, а прыняць тое, што Ён сам нам дае, у духу паслухмянасці на шляху пакуты і ўтаймавання.
 Вось два Сэрца: Сэрца Марыі, якое паслухмяна сказала “так” у хвіліну звеставання, і Сэрца Езуса, якое ў Садзе Аліўным сказала Айцу: “не мая, але Твая воля няхай станецца”. Найсвяцейшае Сэрца Езуса і Беззаганнае Сэрца Марыі ўзгаданыя тут, таму што для кожнага з нас яны самы дасканалы ўзор шляху, які быў паказаны Пастушкам, а таксама кожнаму з нас. Няма сапраўднай пакуты без духа паслухмянасці Божай волі і Божым намерам. Калі я гэтага не разумею, то дапамогай мне павінен стаць прыклад “двух Сэрцаў”, якія з’яўляюцца найлепшым прыкладам, узорам і заклікам да паслухмянасці на шляху пакуты.
Трэцяя сустрэча з Анёлам з’яўляецца чарговай катэхезай, якая вядзе нас да глыбейшага пазнання Божага выхавання. Гэта заканчэнне падрыхтоўкі Дзяцей да сустрэчы з Маці Божай, а перш за ўсё да прыняцца Паслання, якое будзе звязана з малітвай і ахвярай.

Трэцяе аб’яўленне, здаецца мне, адбылося ў кастрычніку ці ў канцы верасня. На гэты раз у гадзіну абедзеннага перапынку мы не былі дома. Як я ўжо згадвала, пішучы пра Гіяцынту, мы перайшлі з Прэг’еры (маленькі аліўны лес, які належыў маім бацькам) да Лока да Кабэса, мінаючы схіл узгорку з боку Альюстрэль і Каза Вэльга. Там мы спачатку памаліліся ружанец і малітву, якой нас навучыў Анёл падчас свайго першага аб’яўлення. 
   Калі мы там былі, нам паказаўся Анёл у трэці раз. Ён трымаў у руцэ келіх, над якім узносілася Святая Гостыя, з якой да келіха сплывалі кроплі Крыві. Раптам келіх з Гостыяй павіс у паветры, а Анёл укленчыў на зямлі і тры разы паўтарыў малітву:
   - Найсвяцейшая Тройца, Ацец, Сын, Дух Святы. З глыбокаю пакораю хвалу Табе аддаю і ахвярую Табе Найсвяцейшае Цела і Кроў, Душу і Боскасць Пана нашага Езуса Хрыста, прысутнага на ўсіх алтарах усяго свету, як перапрашэнне за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якімі Яго абражаюць. Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі прашу ў Цябе ласку навяртання бедных грэшнікаў”.

   Малітва на ружанцы перад св. Імшой; ці такі выраз пабожнасці не перашкаджае сёння некаторым асобам, нават веруючым? Ці не досыць ім толькі св. Імшы? Тут аднак, у нас ёсць прыклад таго, як пасля ружанцовай малітвы дзеці апынуліся перад абліччам Таямніцы Еўхарыстыі і прымаюць Цела і Кроў Езуса. І ў гэтым кантэксце, побач з праўдай пра рэчаісную прысутнасць Бога ў постаці хлеба і віна была нагаданая сувязь, якая злучае Сэрца Езуса і Марыі. Эўхарыстыя – гэта ўвесь Езус, але ці толькі Ён адзін? Ці было магчымым уцелаўленне Сына Божага без fiat Марыі? Ці  ж Цела і Кроў Божага Сына не маюць крыніцы ў Марыі? Ці ж кроў маці не з’яўляецца кроўю дзіцяці, якое ў Ёй зачата? Ці сэрца маці – гэта не сэрца дзіцяці з самага пачатку? Ці маці не “дае цела” дзіцяці, якога носіць ва ўлонні? Калі Бог стаў сапраўдным чалавекам, то ці не “ўзяў” Ён Цела з Дзевы Марыі? Ці ж тое самае Цела і Кроў не складаюцца на алтары падчас кожнай эўхарыстычнай ахвяры? А таму, ці можна аддзяліць Марыю ад Эўхарыстыі, або аддзяліць Сэрца Езуса ад Сэрца Яго Маці? Такія пытанні можна задаваць бясконца, так як бясконцым ёсць сам Бог. Аднак адказ заўсёды будзе адным: немагчыма аддзяляць Езуса ад Марыі, Сэрца Сына ад Сэрца Яго Маці. Таксама і падчас Эўхарыстыі, калі мы засяроджваем усю ўвагу на прысутнасці Бога, мы не можам забыцца пра Марыю, якая з’яўляецца Маці Містычнага Цела Хрыста, а таксама Маці Эўхарыстыі і першым Табернаклем.
 Дарога, паказаная Анёлам не заканчваецца аб’яўленнем Спадарыні з Неба, а знаходзіць сваё паглыбленне і развіццё ў змесце Паслання Маці Божай. У маі, падчас першай сустрэчы са Спадарыняй з Неба, былі сказаныя амаль тыя самыя словы, якія пры першай сустрэчы скіраваў да дзяцей Анёл. Прыгожая Спадарыня з Неба задала тром Пастушкам наступнае пытанне:

“- Ці хочаце вы ахвяравацца Богу, каб зносіць усе цярпенні, якія Ён вам пашле як узнагароду за граіхі, якімі Яго абражаюць, і як просьбу аб навяртанні грэшнікаў?
- Так, хочам!
- Вы павінны будзеце шмат выцярпець, але ласка Божая будзе вашай моцай!"

Ахвяра, пакута, цярпенне – гэта шлях узнагароды за грахі, але таксама і форма просьбы, малітвы аб ратунку за грэшнікаў. Аднак, як можа здавацца, гэта цяжкі шлях і прызначаны ён толькі для абраных. Ці гэта сапраўды так? Звернем увагу на тое, што, як запэўнівае Марыя, ласка Божая будзе нашай моцай. Нам не трэба непакоіцца пра запас, спачатку патрэбна адважнае рашэнне згадзіцца на Божую прапанову. Менавіта такая пастава Духа вядзе нас далей у глыбіню Божых намераў і планаў, якія ў чэрвені, у межах чарговай сустрэчы, паказала Маці Божая такім чынам:

“Я папрасіла аб аздараўленні аднаго хворага.
- Калі ён навернецца, то выздаравіць на працягу года.
- Я б хацела папрасіць, каб Спадарыня забрала нас да неба.
- Так! Гіяцынту і Францішка я хутка забяру. Tы, аднак, застанешся тут на нейкі час. Езус хоча выкарыстаць цябе, каб людзі больш мяне пазналі і пакахалі. Я б хацела ўстанавіць у свеце набажэнства да майго Беззаганнага Сэрца.
- Я застануся тут адна? – запыталася я са смуткам.
- Не, дачка мая! Ты з-за гэта моцна церпіш? Не губляй адвагі. Я ніколі цябе не пакіну, маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і шляхам, які прывядзе цябе да Бога".

Пачатак і канец дарогі, якая вядзе праз Сэрца Марыі, у Богу. Гэта Бог першым стукаецца да Сэрца Марыі і звяртаецца да Яе з просьбай стаць Маці Яго Сына. Гэта Бог прагне ўстанавіць у свеце набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі як паратунак для свету і грэшнікаў. Гэта Езус прагне, каб Яго Маці была вядомая і каханая. Воляй Божай з’яўляецца таксама тое, каб той, хто выбраў шлях, які вядзе праз Беззаганнае Сэрца, дасягнуў збаўлення. Больш таго, як мы можам пераканацца, гэты шлях асаблівы. Хто яго выбраў, будзе аздобай Божага трону. Як жа гэта красамоўна, прыгожа і мабілізуюча. Ці гэтае абяцанне не захапляе, а сёння ці не павінна нас пасароміць тое, што настолькі асаблівы і выключны шлях так мала вядомы і практыкаваны? Падкрэслім яшчэ раз, што нам трэба паглыбляцца ў змест Фацімскага Паслання, глыбей убачыць гэты шлях; трэба, каб мы не глядзелі на Фаціму толькі як на марыйную пабожнасць, а заўважылі неразрыўную сувязь Сэрца Езуса і Сэрца Марыі. Сапраўдная марыйнасць нараджаецца ў Сэрцы Бога і вядзе да Бога, а не затрымлівае нас толькі на асобе Марыі.
 Вось, праз чарговыя выявы, пад кіраўніцтвам Спадарыні з Неба, мы ўзыходзім на вяршыню духоўнай пілігрымкі. У ліпені нам адкрываецца змест трох частак фацімскай таямніцы, а тым самым цалкам адкрываецца праўда пра Беззаганнае Сэрца Марыі, неразрыўна звязанае з Найсвяцейшым Сэрцам Езуса.

“Потым я сказала Ёй некалькі просьб, не памятаю ўжо, якія. Памятаю толькі, што нашая Добрая Спадарыня сказала, што трэба маліцца на ружанцы, каб атрымаць гэтыя ласкі на працягу года. А потым далей працягвала:
   - Ахвяруйцеся за грэшнікаў і часта кажыце, асабліва, калі будзеце прыносіць ахвяры: “O Езу, раблю гэта з любові да Цябе, для навяртання грэшнікаў і для ўзнагароды за грахі супраць Беззаганнага Сэрца Марыі.
Напужаныя, мы ўзнеслі вочы на нашую Спадарыню, шукаючы ў Яе дапамогі, а Яна поўная дабрыні і смутку, сказала нам:
   - Вы бачылі пекла, куды ідуць душы бедных грэшнікаў. Каб іх ратаваць, Бог хоча распаўсюдзіць па свеце набажэнства да майго Беззаганнага Сэрца. Калі будзе зроблена тое, што Я вам скажу, шмат душаў будзе ўратавана ад пекла і ў свеце запануе супакой. Вайна набліжаецца да заканчэння”.

Ратункам для грэшнікаў з’яўляецца Беззаганнае Сэрца Марыі. Гэта шлях, які нараджае шмат пытанняў, таму што Марыя з’яўляецца, як кожны з нас, стварэннем і чалавекам, а не Богам. Мы не можам пра гэта забыцца, а тым больш сціраць неперадольныя межы паміж Створцам і стварэннем. А аднак менавіта Бог прагне ўстанавіць набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі. І на гэты аргумент указвае с. Луцыя, прыводзячы аргументы, якія абасноўваюць менавіта гэтае набажэнства. А таму навошта такое набажэнства? Таму што Бог так жадае – такім быў адказ с. Луцыі – вельмі каротка і адназначна. Аднак, назва набажэнства, якое паказвае на Марыю, гэта адзін аспект, другі – гэта яго ўласцівы змест, а ён паказвае на Езуса, які ёсць адзінай мэтай, да якой мы імкнемся праз Беззаганнае Сэрца Марыі. Таму, хоць назва набажэнства падказвае нешта іншае, аднак сутнасць тут адназначная: Езус, да якога мы ідзем праз сакрамэнтальную споведзь, ружанец, медытацыю, а таксама св. Камунію. А значыцца і гэтая нітачка ўказвае нам на вельмі красамоўную і глыбокую еднасць Сэрца Езуса і Сэрца Марыі. Якія ж прыгожыя словы церпячай Гіяцынты, якая ў апошнія месяцы жыцця, ведаючы, што адыходзіць з гэтага свету, з такім заклікам звярнулася да Луцыі:

“Я ўжо хутка пайду да неба. Ты застанешся тут, каб сказаць людзям, што Бог жадае распаўсюдзіць па свеце набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі. Калі прыйдзе час, каб пра гэта сказаць, не хавайся. Скажы ўсім людзям, што Бог дае ласкі праз пасрэдніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі, што людзі павінны ў Яго прасіць ласкі праз гэта Сэрца, што Сэрца Езуса жадае, каб разам з Яго Сэрцам праслаўлялі Беззаганнае Сэрца Марыі. Няхай яны просяць аб супакоі Беззаганнае Сэрца Марыі, таму што Бог гэтаму Сэрцу даверыў супакой у свеце. Ах, калі б я магла ўкласці ў сэрцы ўсіх людзей полымя, якое палымнее ў глыбіні майго сэрца, і дзякуючы якому я так моцна люблю Сэрца Езуса і Сэрца Марыі!”.

Воля Божая ў тым, каб разам з Сэрцам Езуса мы праслаўлялі Беззаганнае Сэрца Марыі. Немагчыма ўявіць сабе іншай дарогі да Бога, калі Ён сам выбірае такую дарогу, каб праз Беззаганнае Сэрца Марыі стаць Чалавекам. Сам Бог паказвае нам гэтую дарогу, а таму, хоць розум падсоўвае нам шмат сумневаў і пытанняў, нельга дазволіць сябе падмануць, каб дыктаваць Богу нашыя людзкія рашэнні. Вельмі выразна выразіў гэта кард. Ю. Рацынгер у каментары да трэцяй фацімскай таямніцы.

“Каб ратаваць душы ад пекла нам даецца – да здзіўлення людзей англасакскага і нямецкага культурнага кола – культ Беззаганнага Сэрца Марыі. Каб гэта зразумець, досыць кароткае тлумачэнне. На біблійнай мове “сэрца” азначае цэнтр людзкога існавання, якое засяроджвае ў сабе розум, волю, тэмперамент і ўражлівасць, у якім чалавек знаходзіць сваю еднасць і сваю ўнутраную скіраванасць. Беззаганнае Сэрца – гэта паводле Мацвея (5, 8) сэрца, якое дзякуючы абапіранню на Бога дасягнула дасканалай унутранай еднасці і таму бачыць Бога. Культ Беззаганнага Сэрца Марыі азначае набліжэнне да такой паставы, калі fiat – будзь воля Твая – становіцца цэнтрам, фармуючым усю экзістенцыю.

Едансць Сэрцаў Езуса і Марыі – гэта ўзор, дадзены нам Богам, але застаецца яшчэ прытанне пра тое, дзе нашае сэрца. Мы можам разважаць над праўдамі пра Найсвяцейшае Сэрца Езуса і Беззаганнае Сэрца Марыі, але гаворка тут не ідзе пра тэалагічныя спекуляцылі, а пра тое, каб нашае сэрца было як мага бліжэй да Езуса і Марыі. Сам Бог нам на гэта ўказвае, да гэтага запрашае і голасам малога дзіцяці падштурхоўвае нас да таго, каб мы сталі на паказаны нам шлях. Тое, што было прадказана Марыяй у ліпені 1917, што Яна прыйдзе яшчэ раз, каб прасіць аб прысвячэнні Расіі і св. Узнагараджальнай Камуніі ў першыя суботы, таксама выканалася ў 1925 і 1929 годзе.

“10 снежня 1925 г. у Пантэвэдра аб’явілася Найсвяцейшая Панна, а з боку ў святле Дзіцятка. Найсвяцейшая Дзева паклала руку на плячо і паказала аплеценае цернямі сэрца, якое трымала ў другой руцэ. Дзіцятка сказала:
- Спачувай Сэрцу Тваёй Найсвяцейшай Маці, аплеценаму цернямі, якімі няўдзячныя людзі няспынна яго раняць, і няма нікога, хто б актам узнагароды гэтыя церні павыцягваў”.

Бог, як Дзіцятка Езус, клапоціцца, пытаецца, заахвочвае, просіць аб набажэнстве да Сэрца Яго Маці. Паколькі дарога нашай святасці павінна ісці праз Сэрца Марыі, павінна быць выразам нашай любові, таму не здзіўляе факт, што такая форма просьбы супадае са зместам аб’яўлення.
Езус аб’яўляецца не як Пан і Валадар усяго свету, а як Дзіця, якое выпрошвае любоў да сваёй Маці. А таму не павага да аўтарытэту і ўсемагутнасці Бога павінны быць аргументам для выбару паказанага шляху, а шчырая і дабраахвотная любоў. Наш адказ не павінен быць выразам прымушэння ці карысці, ён павінен быць як натуральны адказ на просьбу безабароннага дзіцяці, якое пакорна просіць аб любові да сваёй маці. Ці ж не такі сэнс узгаданых раней слоў, ці не пацвярджае гэта таксама размова с. Луцыі з Дзіцяткам Езусам?

“15 лютага 1926 г. я вярнулася ў звычайны час, сустрэла дзіця, падобнае да таго, і таму запыталася:
- Ці ты маліўся да Маці Божай?
Дзіцятка, звяртаючыся да мяне, запытала:
- А ты распаўсюджваеш па свеце тое, аб чым Маці Божая цябе прасіла?
У гэты момант ён перамяніўся ў хлопчыка, ад якога сыходзіў свет. Я зразумела, што гэта быў Пан Езус, і сказала:
- Мой Езу, Ты добра ведаеш, што мне сказаў мой спавяднік у лісце, які я Табе чытала. Ён сказаў, каб з’ява паўтарылася, каб былі дадзеныя нейкія пацвярджаючыя знакі і, што настаяцельніца сама нічога не зробіць, каб гэта было вядома больш шырокаму колу.
- Гэта праўда, што сама настаяцельніца нічога не можа, але з маёй ласкай яна ўсё зможа. Досыць, што спавяднік дазволіць табе і твая настаяцельніца пра гэта скажа, і напэўна з гэтым згодзяцца нават не пытаючы, каму гэта было аб’яўлена.
- Мой спавяднік пісаў у лісце, што гэтае набажэнства непатрэбна свету, таму што шмат людзей прымае святую Камунію ў першыя суботы месяца ў гонар Маці Божай і пятнаццаці таямніц ружанца.
- Гэта праўда, дачка мая, шмат душаў пачынае, але мала тых, хто скончвае, і тыя, што скончваюць, маюць за мэту атрымаць абяцаныя ласкі. Я, аднак, хачу тых, хто будзе абыходзіць пяць першых суботаў дзеля таго, каб узнагародзіць Беззаганнаму Сэрцу тваёй Нябеснай Маці, а не тых, што абыходзяць пятнаццаць бяздушна і абыякава”.

Дадатак, або таксама тлумачэнне ўсіх элементаў набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі звязаныя з візіяй, якую с. Луцыя мела ў 1929 годзе. Тады была растлумачаная праблема прысвячэння Расіі і форма, у якой гэта акт павінен быць здзейснены. Тут, аднак, ёсць іншы незвычайна істотны элемент. Шлях пабожнасці, звязаны з Беззаганным Сэрцам, мае свае наступствы, якія датычацца не толькі асобы, якая практыкуе такі шлях, але маюць уплыў на ўвесь свет і лёс усіх людзей.

“(Туі, Гішпанія 13.06.1929 г.)
На алтары паказаўся светлы крыж, які даставаў аж да паталка. У больш ясным святле ўверсе крыжа можна было ўбачыць аблічча і верхнюю частку чалавека. На грудзях, галубка, таксама са святла. А да крыжа прыбіта цела другога чалавека. Трохі ніжэй бакоў у паветры вісеў келіх і вялікая Гостыя, на якую спадалі кроплі крыві з аблічча Укрыжаванага і з адной раны на грудзях. З Гостыі гэтыя кроплі сплывалі да Келіха. Пад правай перакладзінай крыжа  стаяла Найсвяцейшая Панна Марыя. Гэта была Маці Божая Фацімская са сваім Беззаганным Сэрцам у левай руцэ, без мяча і ружаў, але з цярнёвай каронай і полымем. Пад левай перакладзінай крыжа былі вялікія літары, як бы з чыстай крынічнай вады яны сцякалі на алтар, утвараючы словы: Ласка і Міласэрнасць. Я зразумела, што мне была пераказаная таямніца Найсвяцейшай Тройцы. І я атрымала натхненне наконт гэтай таямніцы, чаго мне нельга, аднак, расказаць. Потым Маці Божая сказала мне:
- Надышла хвіліна, калі Бог заклікае Святога Айца разам з біскупамі ўсяго свету прысвяціў Расію майму Беззаганнаму Сэрцу, абяцаючы яе ўратаваць пры дапамозе гэтага сродка. Столькі душаў асуджана справядлівасцю Божай з-за грахоў, учыненых, супраць мяне. Я прыйшла для таго, каб прасіць аб узнагародзе. Ахвяруйся ў гэтай інтэнцыі і маліся.
Я сказала пра гэта майму спавядніку, які сказаў мне запісаць тое, што пажадала Маці Божая.
Пазней, пры дапамозе ўнутранага прадчування, Маці Божая сказала мне, скардзячыся:
- Не захацелі выслухаць маёй просьбы! Як кароль Францыі будуць шкадаваць і прысвецяць мне Расію, але будзе занадта позна. Расія распаўсюдзіць свае памылкі па ўсім свеце, правакуючы войны і пераследванне Касцёла. Святы Айцец будзе шмат цярпець”.

Тут быў узгаданы кароль Францыі як перасцеражэнне, каб мы не пагарджалі ўказаннямі, якія Бог дае нам праз Марыю. Той факт, што пра гэта кажа сама Маці Божая, даючы такі прыклад. Трэба заўважыць, аднак, што кажучы пра Беззаганнае Сэрца Марыі, ўзгадваецца карта гісторыі, якая датычыцца культу Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Вось яшчэ адзін каментар наконт караля Францыі, які мы бачым ва “Ўспамінах с. Луцыі”.

“У 1689 г., за год да смерці св. Маргарыта Марыя Алякок спрабуе рознымі спосабамі і чынамі данесці да Караля Сонца, Людовіка ХІV з Францыі, пасланне Найсвяцейшага Сэрца Езуса разам з чатырма пастулатамі: змясціць Найсвяцейшае Сэрца Езуса ў каралеўскім гербе; пабудаваць святыню ў гонар Найсвяцейшага Сэрца Езуса, дзе б Яго ўшаноўваў увесь каралеўскі двор; кароль павінен прысвяціць сябе Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса; павінен таксама ў Апостальскай Сталіцы, выкарыстоўваючы свой аўтарытэт, паспрыяць зацвярджэнню св. Імшы ў гонар Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
Аднак, нічога не было зроблена. Здаецца, што кароль нават не меў магчымасці пазнаёміцца з пасланнем. Людовік ХІV, у 1792 годзе, прымаю ідэю прысвячэння Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Прысвячэнне гэта ён робіць толькі ў вязніцы, абяцаючы выканаць усе пастулаты, перададзеныя праз св. Марыю Маргарыту пасля свайго вызвалення. Аднак, згодна з прысудам Божага Провіду, было ўжо занадта позна: Людовік ХІV быў абязглаўлены на гільятыне 21 студзеня 1793 г.”

Наша думка скіраваная да Сэрца Езуса і Марыі, адкрываючы іх узаемную сувязь, знаходозіць прыгожы адказ у словах самаго Езуса. У адказе на пытанне с. Луцыі, чаму гэта павінна быць “пяць суботаў” у гонар Маці Божай Балеснай, а не дзевяць або сем, мы бачым вобраз еднасці Сэрцаў знутры і бачым іх ўзаемную адданасць. У нас ёсць магчымасць заглянуць, як бы знутры, у гэтую незразумелую повязь узаемнай любові.

“Ноччу з 29 на 30 мая 1930 года, калі я частку ночы была ў капліцы з нашым Панам […] я адчула, як мной авалодала Божая прысутнасць. Калі не памыляюся, мне было аб’яўлена наступнае:
- Дачка мая, матыў вельмі просты: ёсць пяць відаў зняваг і багахульстваў, якія абражаюць Беззаганнае Сэрца Марыі.
1. Першае: Багахульствы супраць Яе Беззаганнага Зачацця.
2. Другое: Супраць Яе Дзявоцтва.
3. Трэцяе: Супраць Божага Мацярынства, калі Яе прызнаюць выключна як Маці чалавека.
4. Чацвертае: Багахульствы тых, хто імкнецца адкрыта пасеяць у сэрцах  дзяцей абыякавасць, пагарду, а нават нянавісць да Беззаганнай  Маці.
5. Пятае: Багахульствы тых, хто зневажае Яе беспасрэдна ў Яе святых абразах.
Гэта, мая дарагая дачка, той матыў, які прымусіў Беззаганнае Сэрца Марыі прасіць Мяне аб гэтым маленькім акце ўзнагароды. Акрамя таго дзеля Яе Я хацеў узрушыць сваю міласэрнасць, каб прабачыць тым душам, якія мелі няшчасце Яе абразіць. Што датычыцца цябе, імкніся нястомна сваімі малітвамі і ахвярамі ўзрушыць Мяне да таго, каб Я аказаў гэтым бедным душам Сваю міласэрнасць”.

Колькі ж у гэтых словах любові, клопату і надзеі. У адносінах Сэрца Езуса да Сэрца Марыі мы бачым, што там ёсць кожны з нас, нават кожны грэшнік. Гэта сам Езус, адкрываючы сваё Сэрца, паказвае сваю ўражлівасць на просьбу Маці, а таксама сам прагне даць Ёй больш, чым Яна Яго просіць. Кожны з нас з’яўляецца дзіцём Марыі, Яна нам Маці з ласкі; Езус жа жадае адчыняць  крыніцы сваёй Міласэрнасці для нас, грэшнікаў, і гэта толькі таму, што мы дзеці Яго Маці. Таму вяртаецца пытанне: дзе нашыя сэрцы? Калі ў гэтай неразрыўнай еднасці Сэрцаў Езуса і Марыі ёсць месца для кожнага з нас; больш таго, Бог жадае гэтай прысутнасці нашага сэрца, і ці можам мы тады застацца абыякавымі? А таму, якім чынам трэба адказаць на гэтае запрашэнне, на гэтую вялікую тугу Бога, тугу Сэрцаў Езуса і Марыі? Можа нехта запытаецца: як я магу адказаць на гэтае запрашэнне, якім чынам я магу стаць у прысутнасці Найсвяцейшага і Беззаганнага Сэрца Марыі? Адказ вельмі-вельмі просты і вядомы ўжо больш за 90 гадоў, а даў нам яго сам Езус, так кажучы да Луцыі:

Спачувай Сэрцу Тваёй Найсвяцейшай Маці, аплеценаму цернямі, якімі няўдзячныя людзі няспынна Яго раняць, і няма нікога, хто б актам узнагароды гэтыя церні павяцягваў”.
Як спачуваць Сэрцу Найсвяцейшай Маці? Адказ нам дае Яна сама, наша Маці:
“Дачка мая, паглядзі, маё Сэрца аплецена цернямі, якімі няўдзячныя людзі няспынна раняць багахульствамі і няўдзячнасцю. Прынамсі ты імкніся прыносіць мне радасць і аб’яві ад майго імя, што Я прыду ў гадзіну смерці з ласкамі патрэбнымі для збаўлення да ўсіх тых, хто на працягу першых пяці суботаў месяца паспавядаецца, прыме Святую Камунію, памоліцца адну частку Ружанца і пятнаццаць хвілін будзе разважаць са мной над пятнаццацю ружанцовымі таямніцамі, ахвяруючы гэта ў інтэнцыі ўзнагароды”.

Менавіта таму такая: Дарога праз Сэрца, а таксама адказ на пытанне аб: Лучнасці сэрцаў Езуса, Марыі, нашых.



Для роздуму!
З “Трактату аб сапраўдным набажэнстве да Найсвяцейшай Дзевы Марыі”
Св. Людовіка-Марыі Грыньёна дэ Манфора

[120]  Нашая поўная дасканаласць — у тым, каб быць падобнымі да Езуса Хрыста, з’яднацца з Ім і прысвяціць сябе Яму. А самае дасканалае з усіх набажэнстваў — тое, што робіць нас падобнымі, яднае і самым дасканалым чынам прысвячае Езусу Хрысту. Марыя ж найбольш падобная да Езуса Хрыста з усіх стварэнняў. Таму набажэнства да Найсвяцейшай Дзевы, Яго Святой Маці, прысвячае і робіць душу найбольш падобнай да нашага Госпада. І чым больш душа будзе прысвечаная Марыі, тым больш яна будзе належаць Езусу Хрысту. Таму дасканалае прысвячэнне Езусу Хрысту — гэта не што іншае, як дасканалае і поўнае прысвячэнне сябе Найсвяцейшай Дзеве. Гэта менавіта тое набажэнства, якому я навучаю, ці, інакш кажучы, гэта дасканалае аднаўленне абяцанняў святога Хросту.
[244] Заўваж, калі ласка, што я кажу проста: «нявольнік Езуса ў Марыі», «нявольніцтва Езуса ў Марыі». Можна, праўда, сказаць, як гэта ўжо рабіў шмат хто дагэтуль: «нявольніцтва Марыі» ці «нявольнік Святой Дзевы». Аднак я лічу, што лепш сказаць «нявольнік» Езуса ў Марыі, як гэта раіў мансеньёр Трансон, генеральны настаяцель Семінарыі Сен-Сюльпіс, вядомы сваёй рэдкай пільнасцю і пабожнасцю. Вось чаму ён гэта раіць:
   [245] 1. Паколькі мы жывем у ганарлівым свеце, і ёсць шмат ганарлівых навукоўцаў, моцных і крытычных, што нават у самых добра ўсталяваных набажэнствах знаходзяць нешта падазронае і вартае крытыкі, лепш казаць пра няволю Езуса ў Марыі і называць сябе нявольнікам Езуса ў Марыі, чым нявольнікам Марыі.

Трыюмф Марыі, Беззаганнага Сэрца

[49] Менавіта праз Марыю пачалося збаўленне свету, менавіта праз Яе яно павінна скончыцца. Падчас першага прыйсця Езуса Хрыста Марыя амаль не паказвалася, каб людзі, якія яшчэ мала ведалі Яе Сына, не адышлі ад праўды, занадта прывязаўшыся да Яе, што магло здарыцца, калі б Яна была вядомая, бо Найвышэйшы абдарыў Яе дзівосным хараством, нават звонку. Святы Дзяніс Арэапагіт напісаў, што, калі б ён Яе ўбачыў і калі б вера не навучыла яго супрацьлегламу, ён прыняў бы Яе за боства з-за Яе дзівоснага хараства і незраўнанай прыгажосці. Падчас другога прыйсця Езуса Хрыста Марыя павінна быць вядомай і раскрытай Духам Святым, каб праз Яе людзі пазналі, упадабалі і служылі Езусу Хрысту. І прычынаў, па якіх Дух Святы хаваў Сваю Сужонку на працягу ўсяго Яе жыцця і так мала распавядаў пра Яе ў Евангеллі, больш не будзе.
[113] Як ніколі раней я ажыўлены верай і надзеяй, што здзейсніцца ўсё тое, што глыбока вырыта ў маім сэрцы і аб чым я прашу Бога ўжо доўгія гады. А менавіта ведаць, што раней ці пазней у Найсвяцейшай Дзевы будзе больш дзяцей, слугаў і нявольнікаў любові, а плёнам гэтага будзе тое, што Езус Хрыстус, мой дарагі Настаўнік, будзе валадарыць у сэрцах як ніколі раней.

Адкрытыя Сэрцы

Калі дзіда адкрывае Сэрца Езуса, у той самы момант Езус адкрывае з крыжа Беззаганнае Сэрца Марыі:
“Беззаганнае Сэрца Марыі, якое мы сёння ўзгадваем у літургіі Касцёла, было адкрыта для нас на Кальварыі словамі паміраючага Езуса: «Жанчына,  вось  сын  Твой». Потым  сказаў вучню: «Вось Маці твая». І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе (Ян 19, 26-27). Пад крыжам Марыя стала Маці ўсіх адкупленых Хрыстом людзей. Яна прыняла пад сваю матчыную апеку Яна і прыняла кожнага чалавека. З гэтага моманту найвялікшы клопат Яе Беззаганнага Сэрца – гэта вечнае збаўленне ўсіх людзей” (Ян Павел ІІ, казанне, Кшэптуўкі, 7.06.1997).
“Я б хацеў у канцы яшчэ раз вярнуцца да ключавых слоў фацімскай “таямніцы”, якія справядліва атрымалі вялікую папулярнасць: Маё Беззаганнае Сэрца пераможа. Што гэта азанчае? Сэрца, адкрытае на Бога і ачышчанае кантэмпляцыяй Бога, мацнейшае за карабіны і ўсялякую зброю. Fiat, якое сказала Марыя, гэта слова Яе сэрца, змяніла ход гісторыі свету, таму што Яна дала гэтаму свету Збаўцу. Таму што дзякуючы Яе “так” Бог мог стаць чалавекам у нашым свеце і застаецца ім назаўсёды. У шатана ёсць моц над гэтым светам, мы гэта бачым і няспынна гэта адчуваем; ёсць моц, таму што наша вольнасць увесь час дазваляе аддаліць сябе ад Бога. А калі, аднак, сам Бог мае людзкое сэрца і дзякуючы гэтаму Ён скіраваў вольнасць чалавека да дабра, да Бога, вольнасць рабіць зло ня мае ўжо апошняга слова. З таго часу набірае моцы слова: “У  свеце  зведаеце  ўціск,  але будзьце адважнымі: Я перамог свет” (Ян 16, 33). Пасланне з Фацімы заклікане нас, каб мы паверылі гэтаму абяцанню” (Ю. кард. Рацынгер, Тэалагічны каментар, у: “Фацімскае Пасланне”, 2000).

Кс. Кшыштаф Чапля SAC
Дырэктар Фацімскага Сакратарыяту

Крыніца: "Droga przez Serce.
Przymierze serc Jezusa, Maryi, naszych".
Sekretariat Fatimski, 2016.



Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

У Фаціме распачалі юбілейны год

У Санктуарыі Маці Божай Ружанцовай у Фаціме распачалі юбілейны год, прысвечаны стагоддзю аб’яўленняў. Сімвалічным пунктам цырымоніі быў праход пад часовымі варотамі, збудаванымі з нагоды стагоддзя аб’яўленняў у 1917 г.

Кіруючы ўрачыстасцямі біскуп дыяцэзіі Фаціма-Лэйрыя Антоніо Марто, сцвердзіў, што супадзенне пачатку юбілейнага года з пачаткам Адвэнту не выпадковы, а іх супольным назоўнікам з’яўляецца слова “абудзіцца”. – “Сто гадоў таму Маці Божая тут, у Фаціме, заклікала чалавецтва да хутчэйшага навяртання і сыходу са шляху, які веў да ваеннай катастрофы і знішчэння”.сказаў партугальскі герарх.

Галоўным пунктам юбілейнага года ў Фаціме будзе візіт папы Францішка ў гэтую партугальскую мясцовасць. Ён павінен туды прыехаць 12-13 мая. Святы Айцец павінен прыехаць з Рыму непасрэдна ў Фаціму, прызямляючыся ў бліжэйшым ваенным аэрапорце. Такім чынам ён зробіць так, як гэта зрабіў Павел VI, які падчас свайго візіту ў Партугалію ў 1967 r. прыехаў толькі ў Фаціму. Іншыя папы, Ян Павел II і Бэнэдыкт XVI, наведвалі акрамя Фацімы іншыя партугальскія гарады.

Прадвеснікам візіту папы Францішка быў кастрычніцкі прыезд у Партугалію сакратара Апостальскай Сталіцы кардынала П’етро Пароліна. Герарх наведаў таксама Фаціму і Лісабон, дзе ён прыняў удзел у сімпозіуме ў Партугальскім Каталіцкім Універсітэце.

Сярод мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню юбілейнага года, прысвечанага стагоддзю аб’яўленняў у Фаціме, будуць таксама кангрэсы, калоквіі, выставы, а таксама музычныя канцэрты. Адным з арыгінальных праектаў павінна быць сценгазета онлайн, дзе будуць размяшчацца сведчанні пілігрымаў з усяго свету.

Кіраўнікі санктуарыя лічаць, што на працягу ўсяго 2017 года ў Фаціме будзе арганізавана больш за 150 розных мерапрыемстваў, звязаных са стагоддзем марыйных аб’яўленняў.

Аб’яўленні ў Фаціме пачаліся 13 мая 1917 года. Тром маленькім пастушкам: Францішку і Гіяцынце Марто, а таксама Луцыі Сантос на працягу пяці месяцаў аб’яўлялася Маці Божая, просячы чалавецтва праз іх аб навяртанні, пакуце, набажэнстве да Яе Беззаганнага Сэрца і перадала ім тры таямніцы.


1.29.2017

Першая субота студзеня



ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЯ СУСТРЭЧА З МАЦІ БОЖАЙ
Хрост Езуса ў Ярдане

Маці, вось я!
Я разам з Тваім Сэрцам, о Беззаганная Маці, у гэты асаблівы дзень, які Ты сама выбрала. Сёння першая субота месяца. А таму – гэта дзень надзеі, якую Ты нясеш тым, што яшчэ ў чысцы, але таксама дзень любові, якой ты агарняешь увесь свет, таксама і грэшнікаў.
Я чую, як б’ецца Тваё Сэрца, Маці, але бачу таксама церні, якія яго аплятаюць і прычыняюць Табе боль. Я прагну сёння выцягнуць хоць адзін шып з Твайго Сэрца. Я ведаю, што магу гэта зрабіць актам узнагароды. Я адкрываю перад Табой сваё сэрца, прагнучы суправаджаць Цябе, каб на працягу гэтых хвілін разважання быць з Табой, каб суцешыць Цябе, каб спачуваць Твайму Сэрцу, Найсвяцейшая Маці.
Маці! Я іду за Табой шляхам ружанцовых таямніц, бо гэта была Твая просьба. Сёння, стоячы побач з Табой, я знаходжуся над Ярданам, дзе Твой Сын прымае хрост.
Евангелле паводле Мацвея так апісвае гэтую падзею. “Тады  Езус  прыйшоў  з  Галілеі  на  Ярдан  да  Яна,  каб  атрымаць  ад  яго хрост. Ян стрымліваў Яго, кажучы: «Гэта мне трэба прымаць хрост ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?» Але Езус сказаў яму ў адказ: «Дазволь цяпер, бо так належыць  нам  выканаць  усё,  што  справядліва».  Тады  Ян  дазволіў Яму. Калі Езус ахрысціўся, адразу выйшаў з вады. І вось раскрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго. І вось голас з нябёсаў прамовіў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў»” (Мц 3, 13-17).
Я адчуваю Твой боль, Маці, і задумваюся над тым, чаму Ты церпіш?
Гэта Езус просіць хросту. Ян, здаецца, здзіўлены і разгублены, але праз хвіліну выконвае просьбу Твайго Сына. І яшчэ голас з неба, які пацвярджае тое, што Ты пачула ў хвіліну звеставання, што Тваё Дзіця будзе названае Сынам Найвышэйшага. У гэты момант здзяйсняюцца словы Арханёла. Я веру і давяраю, што ў Тваім fiat, Марыя, не было нават ценю сумневу, а таму гэта не Табе патрэбныя гэтыя словы, а яны патрэбныя мне, каб яшчэ больш верыць і любіць.
Чаму, аднак, церпіць Тваё Сэрца, о Беззаганная? Я задаю сабе гэта пытанне, прагнучы адначасова аблегчыць твой боль.
Калі Сын Найвышэйшага, Твой Сын Езус Хрыстус просіць хросту, то ці потым сакрамэнт хросту можа быць пагарджаны чалавекам? Калі сам Бог, становячыся чалавекам, прымае хрост, ці можа быць ён нязначным абрадам? Хоць хрост удзяляецца чалавекам простым жэстам, аднак у гэты момант адбываецца нешта большае: адчыняецца неба, сыходзіць Дух Святы, а Бог Айцец кажа, што: “Гэта Яго ўмілаваны Сын”.
Дзякую Табе, Маці, што Ты ўзяла мяне на раку Ярдан, дзе ў мяне цяпер адкрываюцца вочы. Я таксама прыняў хрост, а таксама шмат маіх сясцёр і братоў па ўсім свеце. Хрост – гэта пачатак дарогі да неба, гэта найкатоўнейшы дар, які маглі нам ахвяраваць бацькі. Калі сам Езус просіць хросту, то ці можа чалавек сёння сказаць: мне не патрэбны хрост, або: прашу скрэсліць мяне з кнігі хростаў? А аднак, гэта адбываецца! Калі Маці дзеліцца найкаштоўнейшым дарам са сваім дзіцём, а яно гэты дар занядбоўвае, або зневажае, ці гэтым не ўплятае церні ў яе сэрца? О, Беззаганнае Сэрца! Праз хрост я ўваходжу на дарогу да неба, да вечнасці, да сапраўднага жыцця ў Богу. Ці ж шып, які ўпіваецца ў сэрца не з’яўляецца вобразам дзіцяці, якое пакідае шлях веры і замест удзячнасці кіруе словы папроку: я сам хачу прымаць рашэнні, я сам хачу выбіраць, ніхто не мае права без майго жадання мяне ахрысціць.
Беззаганная Маці! Гэта сам Бог просіць у чалавека хросту і праз яг паслугу атрымлівае гэты дар. Ці ж сэрца любячай маці не будзе балець, чуючы, як яе ўласнае дзіця сцвярджае: навошта мне Касцёл, мне не патрэбна паслуга святара, калі мне будзе трэба, я сам вырашу свае пытанні з Богам. Беззаганная Маці Касцёла і Маці наша, які ж вялікі Твой Боль, калі Твае дзеці ў сваёй ганарлівасці ставяць сябе вышэй за Бога і пагарджаюць Яго дарамі, думаючы, што яны ім непатрэбныя.
Падчас хросту Твайго Сына Езуса ў Ярдане пачуўся голас з неба. Ці ж маці, дзіця якой па нейкай прычыне страціла слых, не церпіць? Калі адсутснасць слыху ў дзіцяці можа быць болем для маці, што тады можна сказаць, калі дзіця не чуе ў сумленні голасу самога Бога, нават больш, увогуле не заўважае яго! Маці з Беззаганным Сэрцам, гэта ж той шып, які ўпіваецца ў Тваё Сэрца. Я веру, што, як вучыць Касцёл, найвялікшым клопатам Твайго Беззаганнага Сэрца з’яўляецца вечнае збаўленне ўсіх людзей. Калі боль маці з-за аднаго сына або дачкі можа быць настолькі вялікім, то які ж тады боль Маці, якая сваім сэрцам ахоплівае ўсіх людзей? Як жа шмат тых, што жывуць так, як бы Бога не было, што забыліся пра свой хрост, што саромеюцца гэтага сакрамэнту, што хочуць сцерці хрост з гісторыі свайго жыцця. А якія наступствы ўсяго гэтага? Ці гэта не сапраўдная пагроза вечнага асуджэння?
Ты перажываеш, Маці, за лёс сваіх дзяцей, таму што, калі яны застануцца ў такім стане, яны пойдуць вельмі небяспечным шляхам. Маці з любові працягвае нам далонь, нагадвае, а дзіця не хоча слухаць. Які боль павінен перапаўняць сэрца маці, якая бачыць небяспеку, а дзіця адкідвае дапамогу? Твой позірк, Марыя, выходзіць за межы часовасці, за межу людзкіх думак чалавека. Рэчаіснасць пекла вельмі іншая з боку Тваёй перспектывы! Патрэбная была вельмі вялікая ахвяра Бога, каб кожны чалавек мог радавацца плёнам святога хросту, і ўсё гэта можа быць змарнавана, воляй чалавека, у пякельнным агні. Ніхто з людзей не ўсведамляе сабе ўсіх наступстваў гэтых слоў, толькі Ты, Маці.
Папа Пій ХІІ, які ў адказ на Тваю просьбу ў 1942 годзе прысвяціў свет Твайму Беззаганнаму Сэрцу, нагадаў усяму Касцёлу: “Людзкі розум, ганарлівы з-за сваёй моцы, адмовіў Богу ў належнай яму паслухмянасці. Людзі занядбалі веру, цалкам перасталі звяртаць на яе ўвагу. Загады рэлігіі адкінулі як нявартыя сябе і свайго часу. Імкнуліся толькі да выгады, да багацця, раскошы. Гэта адпомсціла, таму што, калі адкінуць святасць і рэлігію, наступае вялікая згубленасць у жыцці і нечаканыя катаклізмы. Калі згубіліся, трэба вярнуцца назад. Калі наступае цемра, патрэбна святло праўды. Тыя, што адмовіліся ад рэлігіі, няхай цяпер да яе вернуцца”.
Беззаганная Маці, калі я скажу, што пачынаю разумець гэты ўрок на рацэ Ярдану, ці такім чынам змагу хоць трохі Цябе суцешыць? Я прагну наноў замацаваць сваю асабістую еднасць, якую заключыў з Богам на святым хросце, я буду берагчы гэты дар захоўваючы Божыя прыказанні. Я буду маліцца, на ружанцы ў інтэнцыі тых, што саромеюцца або выракаюцца ўласнага хросту.
Цяпер я разумею словы і інтэнцыі св. Людовіка, які ў сваім Трактаце пісаў так, паказваючы патрэбу набажэнства да Цябе, Маці: “Паколькі ўся наша дасканаласць заключаецца ў тым, каб стаць падобнымі да Езуса Хрыста, з’яднацца з Ім і прысвяціць сябе Яму, таму самым дасканалым набажэнствам з’яўляецца тое, якое самым верным чынам робіць нас падобнымі да Езуса, моцна яднае з Ім і прысвячае нас выключна Яму. А паколькі сярод усіх людзей Найсвяцейшая Панна Марыя найбольш падобная да Езуса, адсюль вынікае, што сярод усіх іншых набажэнстваў набажэнства да Найсвяцейшай Марыі Панны нашу душу найбольш яднае з Панам Езуса і робіць так, што яна становіцца найбольш да Яго падобнай. Чым больш душа прысвечана Марыі, тым бліжэй яна становіцца Езусу. І таму дасканалае прысвячэнне Езусу – гэта нішто іншае, як дасканалае і цалкавітае прысвячэнне Найсвяцейшай Дзеве. Менавіта такім з’яўляецца набажэнства, пра якое я кажу і якое па сваёй сутнасці з’яўляецца толькі дасканалым аднаўленнем абяцанняў святога хросту”.
Найчасцей, аднак, мы не памятаем моманту ўласнага хросту; па гэтай прычыне шмат хто не адчувае абавязку стрымліваць абяцанні, звязаныя з гэтым сакрамэнтам, таму што гэта не яны іх складалі, а бацькі ці родныя. Шлях, які паказвае нам св. Людовік дэ Манфор, гэта шлях да дабраахвотнага і свядомага крочання за Хрыстом, шлях адкрывання таго, што значыць быць хрысціянінам. На гэтым шляху Ты, Марыя, прыходзіш нам з дапамогай. Ты моцай запавету Хрыста, як Маці, клапоцішся пра кожнага з нас, каб мы выканалі сваім жыццём абавязкі, якія вынікаюць з факту прыняцця святога хросту. Як жа павінна балець Тваё Беззаганнае Сэрца, калі Твае дзеці адкідваюць Тваю дапамогу, сцвярджаючы, што яна ім не патрэбная. А што адчувае Тваё Сэрца тады, калі нехта з Тваіх дзяцей асмельваецца сцвярджаць, што Ты, Марыя, засланяеш ім Бога, або памяншаеш іх любоў, якой яны хочуць агарнуць Езуса як свайго Абранніка? Твой Сын на крыжы ўказвае нам на Цябе, Маці, падказвае, што да Цябе мы павінны звяртацца, каб бяспечна крочыць праз жыццё. Святыя на працягу стагоддзяў указваюць на Цябе, навучаючы, якім важным з’яўляецца гэта набажэнства да Цябе, Маці. А таму, ці, бачучы рэчаіснасць пагрозы, якія стаяць на нашым шляху, Ты, Маці, не перажываеш за-за таго, што асобы, якія прынялі сакрамэнт святога хросту, адмаўляюцца ад Тваёй дапамогі?
Я разумею цяпер, Маці, чаму настолькі важная хвіліна разважання, аб якой Ты просіш. Як жа яна патрэбная кожнаму з нас, каб задумацца над праўдай Тваёй прысутнасці побач з Езусам і паразважаць над таямніцай нашага збаўлення.
Беззаганная Маці, дзякую Табе за гэтыя хвіліны побач з Тваім Сэрцам! Ave Maria!



Перакладзена з польскай мовы.
Droga przez Serce. Przymierze serc Jeuasa, Maryi, naszych.

Sekretariat Fatimski 2016.