6.13.2014

Першая субота студзеня 2014

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

ПЕРШАЯ СУБОТА СТУДЗЕНЯ

Пятнаццаціхвілёвая сустрэча з Маці Божай

ДРУГАЯ РАДАСНАЯ ТАЯМНІЦА
Наведванне Святой Альжбеты

Няхай душа Марыі будзе ў кожным з нас,
каб праслаўляць Пана.
Няхай дух Марыі будзе ў кожным з нас,
 каб радавацца ў Богу.
Св. Амброзы

  
Сёння першая субота месяца, першая субота года. Гэта час, выбраны для нас. Шмат спраў нас злучае, непакоіць, у нас шмат прагненняў, страхаў, думак – пакінем іх усе на хвіліну, даверым іх міласэрнаму Богу, даверым іх Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
   Духу Святы, ты ўфармаваў такую прыгожую, поўную ласкі, Маці Збаўцы, Маці найцудоўнейшую, Яе Беззаганнае Сэрца, на падабенства з Найсаладзейшым Сэрцам Езуса, згодна з воляй ласкавага Айца. Вядзі нас Духу Святы, Духу Палымнеючы, вядзі нас шляхам марыйным, да Езуса, Сябра грэшнікаў.
   Найсвяцейшая Панна, Дзева, Маці найцудоўнейшая! Прыходзім сёння да Цябе ў першую суботу месяца, хочам разам з Табой разважаць над Тваім і нашым жыццём.
   О, Пані, Ты Беззаганная, а мы – грэшныя.
   Ты нязломная, а мы ўвесь час вяртаемся да нашых злых навыкаў.
   Ты бачыш толькі прыгажосць і дабрыню Бога, а мы бачым таксама шмат спакусаў на нашым шляху.
   Будзь з намі, Правадніца святых, Панна мудрая, пакажы нам Сваё Беззаганнае Сэрца!
   Нядаўна мы перажывалі Божае Нараджэнне, вялікую таямніцу Бога, Найчысцейшай Маці, нас саміх. Наш Бог – гэта не далёкі Бог, Ён пажадаў пасяліцца сярод нас, у сэрцы і целе Найсвяцейшай, Найпрыгажэйшай, бо цалкам Божай, Маці. Сёння мы хочам наноў наблізіцца да таямніцы сустрэчы Езуса, Беззаганнай Марыі, св. Яна Хрысціцеля, св. Альжбеты… Можа мы думаем, што мы ўжо добра ведаем гэтую таямніцу? Прыгледзімся да яе яшчэ раз!
   Маладая Дзяўчына хутка ідзе ў горы. Пачула настолькі дзіўную навіну, настолькі новую, перамяняючую Яе погляд на самую сябе, на ўсё Яе жыццё, паказваючую Яе пакліканне. Марыя яшчэ пад уражаннем ад слоў анёла. Ніхто, апрача Яе, не чуў яго, ніхто не ведае аб тым, што Яна перажыла, ні з кім не можа паразмаўляць. У каго магла б Яна папрасіць паразмаўляць, каму даверыцца і сказаць: я бачыла анёла і ён мне сказаў…? Падумаем, наколькі ўкрытае пакліканне Маці Божай, ніхто пра гэта не ведае, усе глядзяць на Яе па-звычайнаму, як бы нічога не адбылося. Яна носіць у сэрцы словы звеставання, але можа давяраць толькі ўласным пачуццям, яна адна…
   Аднак Айцец міласэрнасці і ўсялякага суцяшэння пра ўсё ведае, анёл папярэдзіў пачуцці Марыі і перадаў Ёй дадатковую інфармацыю, далікатную, ні да чаго не заахвочваючую: старэйшая сваячка таксама чакае дзіця з ласкі Божай, таксама згодна з намерамі Бога. Найсвяцейшая Панна хутка прымае рашэнне ісці да Альжбеты, хоць шлях не быў бяспечны і лёгкі. Вядзе праз горы, як адзначае евангеліст. Паводле старажытнай традыцыі, было гэта ў Аін Карым, недалёка ад Ерузалему. Калі гэта так, то Марыя ішла шмат гадзін на працягу некалькхі дзён, каб прайсці недзе каля 120 км, якія аддзялялі Яе ад Альжбеты. Заўважым, што Дзева, пасля таго, як атрымала вялікія навіны ад анёла, ідзе ў пілігрымку – аддаляецца ад дому, суседзяў, дае сабе час на цішыню, на самотнасць – ёй спрыяе падарожжа, па дарозе  незнаёмыя людзі, новыя краявіды, пустое наваколле. Маладая дзяўчына напэўна ішла, штодзённа разважаючы над тым, што пачула, што перажыла, і молячыся ў дарозе. Адначасова Яна нясе ў сабе Езуса, становіцца Жывой Аркай Запавету, найцудоўнейшым табернаклем Божым. Што за незвычайны досвед пілігрымкі, якая распазнае сваё асабістае пакліканне! Марыі дадзены час толькі для Яе, бо, схаваная ад цікаўнасці іншых, Яна можа ў дарозе займацца толькі сабой і Богам. Гэта каштоўная лекцыя для нас, гэта ўказальнік для нас.
   Марыя прыносіць у дом Альжбеты радасць. Святы Ян, яшчэ ненароджаны, першы раз рухаецца, даючы сваёй маці ясны знак. Святая Альжбета прымае маладую сваячку з верай, гонарам, задавальненнем, пачуццём вялікага дару. Яны разумеюць адна адну з першай хвіліны, абедзьве перажываюць свой блаславёны стан як Божы падарунак, нечаканы і здзіўляючы. Ім так шмат трэба амберкаваць, але ім патрэбны таксама час супольнага маўчання, малітвы, ім трэба вучыцца адна ў адной. Альжбета атрымлівае штодзённую дапамогу, падртымку, не толькі духоўную. Марыя не адна са сваім досведам, Яна дапамагае Альжбеце і можа шмат чаму навучыцца ў яе. Гэта для Яе вельмі важна: Яна з першай хвіліны была прынятая ў сваім пакліканні Маці Збаўцы, з усёй шчырасцю, верай і пакорай. Гэта шчырае хатняе зацішша, супольнасць малітвы і веры, гэта шчодрая, цудоўная падрыхтоўка Панны для наступных таямнічых падзеяў – Божага Нараджэння ў чужым для Яе горадзе, небяспека жыцця Дзіцяці, уцёкі і эміграцыя, жыццё ў чужой краіне…
   Гэтая сустрэча дае нам таксама вялікі прывілей пазнаць малітву Беззаганнага Сэрца. З пакорай слухаем словы Маці. Бо намі не кіруе цікаўнасць, мы хочам прыняць Яе як Настаўніцу малітвы…
   Паглядзім яшчэ раз! Стомленая падарожжам, уражаная найважнейшымі ў Яе жыцці падзеямі, Марыя набліжаецца да Альжбеты. Яна не павінна нічога казаць – Яе вітаюць так, што Яна разумее, што той самы Дух Божы, які напаўняе Яе і вядзе, прасяквае Альжбету. Вялікая таямніца была перададзеная і прынятая Маці Яна. “Адкуль мне гэта, што Маці майго Пана прыходзіць да мяне”. Марыі не трэба нічога растлумачваць і выясняць, Яе ўпершыню прымаюць як Маці Збаўцы. Словы анёла былі дапоўненыя блізкай шанаванай сваячкай. Беззаганнае Сэрца Марыі адчувае сябе зразуметым без слоў. Яно прагне дзякаваць Айцу, праслаўляць Яго: “Праслаўляе душа мая Пана”, “Радуецца дух мой у Богу маім збаўцы”. Гэта малітва ўсяго Яе сэрца. Яна адчувае, наколькі шчодры і добры ёсць Бог, які так Яе абдараваў: “Вялікія рэчы ўчыніў мне Ўсемагутны”. Яна ўсведамляе, што тое, што адбываецца ў ёй, гэта благаславенства не дзеля Яе самой, але таксама дзяля ўсіх пакаленняў, Яна называе сябе шчаслівай. Давайце часта чытаць Магніфікат, паўтараць гэтыя словы – гэта малітва Маці, яна паказвае нам Яе духоўнасць, Яе веру. Беззаганная не аддзяляецца ад свету, ад свайго асяроддзя, народу. Яна перакананая, дзякуе Ўсемагутнаму за тое, што ў Ёй, праз зачацце Езуса, Ён праявіў міласэрнасць для ўсіх, таксама і для Яе народу, Ізраэля. Яна прызнае і здзіўляецца, што Бог адначасова справядлівы і міласэрны – ганарлівых сароміць у іх памылках, пакорлівых, што прызнаюць моц Божую, уздымае, Ён спагадлівы для галодных і слабых. Ці мы заўважаем сціпласць і тактоўнасць Марыі? Салідарная з грэшнікамі, салідарная з мінулымі і будучымі пакаленнямі, з уласным народам, нікому не нагадвае грахоў, нікога не абражае – Яна апісвае дзеянне Бога, Яго моц, Яго ласку. За ўсё дзякуе, праслаўляе, цешыцца Богам. Яна нічога не просіць – разумее і перажывае тое, што Бог на Яе паглядзеў, што Ён міласэрны, што Ён усемагутны, што Ён моцны…
   Ці молімся мы, як наша Маці? Ці мы падобныя да Яе? Вучымся малітве ў Марыі. Праслаўляйма, як Яна! Мы заўсёды знойдзем повад для падзякі. Прымем жа малітву Беззаганнага Сэрца Марыі асабліва пасля Святой Камуніі, калі так, як Яна, мы прымаем Езуса да нашага сэрца і цела. Няхай нашае сэрца моліцца на ўзор Беззаганнага Сэрца Марыі!
   Дзякуючы блаславенствам сваячкі Марыя магла ў пачатку свайго шляху адчуваць сябе зразуметай, яна атрымала падтрымку для перажывання таямніцы, дапамогу і заахвочванне да вытрымкі. Першы раз Яна даведалася, як Бог дзейнічае праз Яе Сына. Альжбета першай вітае Марыю як Маці Пана, Езуса як збаўцу. Гэта адны з тых, што не бачылі, але паверылі. Што за мудрасць, празарлівасць, інтуіцыя! Альжбета, ўжо не маладая жанчына, бачыць маладзенькую сваячку і бачыць у Ёй безпамылковае пакліканне, Яе вялікую абранасць, Яе абдараванасць! Колькі ж разоў хтосьці, хто змяняецца, праходзіць праз вялікія выпрабаванні, яго старыя знаёмыя ці сям’я глядзяць на яго так, як бы нічога не здарылася. Людзі часта, без злых думак, няшмат заўважаюць у справах духа і сэрца. Тут без сумневу можна сказаць, што ў адкрытым удзячным сэрцы Альжбеты дзейнічаў сваёю моцай Дух Святы. Просім жа і мы, каб Ён і ў нас дзейнічаў, каб дакранаўся да нас, адкрываў нам вочы. Ці мы сапраўды распазналі ў маладой дзяўчыне нашую Маці, вялкую святую і Беззаганную? Ці мы падтрымліваем пакліканне маладых асоб – далікатна, чула, сардэчна? Падумаем пра св. Альжбету – гэта незвычайнае спатканне жанчын розных пакаленняў, прысутнасць маладой панны гэта таксама дапамога для старэйшай жанчыны, якая чакала неспадзяванае дзіця. Ці мы з павагай і тактам падтрымліваем пакліканне старэйшых асоб, якія перажываюць нечаканыя змены?
   Паглядзім яшчэ раз на Марыю? Беззаганнае Сэрца становіцца для нас Аркай Запавету, што нясе Хрыста да людзей, як жывая манстранцыя, як жывы найцудоўнейшы табернакль. Прымем жа гэтую таямніцу ў сваё сэрца, бо і мы прымаем Езуса, Збаўленне свету, сэрцам, духам і целам. Мы таксама, як Марыя, атрымліваем Духа Божага і Яго дары падчас святога Хросту, падчас бежмавання і аднаўлення абяцанняў хросту… Адкрываемся ж сардэчна перад Богам, просім, каб Ён напоўніў нас сваёй моцай. Паглядзім на Марыю – вось чалавек адкрыты на Бога, адкрыты на людзей, які нясе найвялікшую радасць – Езуса.

Няхай у нас будзе душа нашай Маці,
поўная радасці і праслаўлення,
якая цешыцца Богам,
якая носіць у сабе Езуса,
праслаўляе міласэрнасць добрага Айца.

Просім Духа Божага, Духа радасці,
каб Ён фармаваў у нас падабенства
да Беззаганнага Сэрца Панны.
Няхай ува ўсіх будзе дух марыйны,
каб праслаўляць Пана;
няхай ува ўсіх будзе дух марыйны,
каб радавацца ў Богу! Амэн.


О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе. Прашу ў Цябе прабачэння за тых, што не вераць у Цябе, не праслаўляюць Цябе, не давяраюць Табе і не любяць Цябе.

Перакладзена з польскага выдання
"Zapraszani do nieba. Jednak różaniec, szkaplerz, sznur pokutny.