6.04.2014

Першая субота кастрычніка 2014

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

ПЕРШАЯ СУБОТА КАСТРЫЧНІКА

І. НАБАЖЭНСТВА ДА СЭРЦА МАРЫІ
(ПРАПАНОВА ДЛЯ КАЗАННЯ)

      
Набажэнства да Сэрца Марыі выражае належным чынам Яе вялікую любоў, найвялікшую Яе цноту. Узор любові, які нам паказала Найсвяцейшая Панна Марыя, з’яўляецца для нас заклікам, каб мы па меры нашых магчымасцяў адлюстроўвалі яе ў нашым штодзённым жыцці. Любоў – гэта не толькі найважнейшая цнота, але таксама пачатак і падстава ўсіх учынкаў. Сэрца Марыі, так як сэрца кожнага чалавека, з’яўляецца для нас сімвалам любові і ўсялякіх пачуццяў. Ушаноўваючы гэтае Найсвяцейшае Сэрца, мы думаем перш за ўсё аб дасканалай любові, якая шмат асобаў прыцягнула назад да Бога і Касцёла. У гэтай любові мы таксама знаходзім бязмежны жыццёвы змест. Спатыкаючыся ў сённяшнія часы з несправядлівасцю, нам застаецца толькі звярнуцца да найбольш любячага Сэрца нашай Маці. Малітва, як супольная так і асабістая, якая з’яўляецца ўдзелам у бясконцай любові Бога, робіць нас здольнымі практыкаваць любоў у нашым штодзённым жыцці, а тым самым робіць нашае сэрца падобным да Сэрца Маці – Той, якая дасканала палюбіла. Парада практыкавання гэтай формы культу найсвяцейшай Панны Марыі мае таксама дадатковыя матывы. Мы праслаўляем Бога, які ўпадабаў Сэрца Марыі і праз Яго пажадаў паклікаць нас да годнасці сваіх дзяцей і асвяціць нашыя душы. Таму, праз свой надзвычайны ўплыў, здольнасць большай пашаны, дасканалай любові, больш шчодрай ахвярнасці, больш шчырай узнагароды і дзейнасці, згоднай з воляй Божай, мы аддаемся ў дабраахвотную няволю Яе Сэрца. А тое, што Бог упадабаў Яе Сэрца, азначае, што найбольш годным з’яўляецца тое, каб стаць падобным да Сэрца Марыі, бо несумненна Яно з’яўляецца найбольш істотным прыкладам для дзяцей Божых.
   Можна таксама падумаць над тым, ці набажэнства да Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі і малітва ружанца адпавядаюць сённяшнім знакам часу? Вядома, што ў таямніцах ружанцовых мы разважаем над дасканаласцю Марыі, з’яднанай з Езусам у Яго жыцці, справай адкуплення, уваскрашэння  ў хвале. У сваю чаргу набажэнства да Сэрца Марыі прагне ўшанаваць Яе дасканалую любоў, узор Яе жыццёвай дасканаласці. (…) Ружанец праслаўляе ўсю асобу і жыццё Марыі, як Маці Бога і нашай, а набажэнства да Сэрца Марыі адносіцца да ўсяго Яе жыцця, напоўненага любоўю. Хоць кожнае з гэтых набажэнстваў з’яўляецца асаблівым, яны падобныя ў тых самых таямніцах і ўчынках Найсвяцейшай Марыі Панны. Дасканаласць Марыі паходзіць з таго, што Яна Маці Бога і людзей. Яе святасць і хвала найбольш выразным чынам бачныя ў дасканалым практыкаванні любові на працягу ўсяго зямнога жыцця. Таму па гэтых агульных прычынах набажэнства да Сэрца Марыі залежыць ад ружанцовага набажэнства, бо праслаўляючы дасканалую любоў Марыі, мы ўшаноўваем таксама найвышэйшую дасканаласць Яе мацярынства. Па гэтых самых прычынах ружанец павінен быць дапаўненнем вышэй узгаданага набажэнства, бо ў тым, што датычыцца жыцця Маці Божай, трэба прызнаваць і праслаўляць дасканаласць Яе любові, найвышэйшы выраз Яе пачуццяў і мацярынскага прысвячэння. Ужо сам падзел таямніцаў ружанца на радасныя, светлыя, балесныя і хвалебныя умацоўваюць нас у перакананні, што Марыя ў сваім жыцці перажывала гэтыя падзеі, якія здзяйсняліся праз Сына Езуса.
   Ружанец – гэта магутная малітва, якую Касцёл узносіць да Бога – на хвалу Найсвяцейшай Панны. Ружанец гэта Евангелле, гэта цудоўная навіна, якая абвяшчае, што Бог так палюбіў людзей, што стаўся адным з іх. Вялікая навіна, якая абвяшчае, што мы былі адкупленыя і пакліканыя да годнасці дзяцей Божых. Гэта радасная навіна, якая абвяшчае, што мы прызначаныя да жыцця ў вечнай хвале, разам з праслаўленым Хрыстом. Менавіта гэта і ёсць Евангелле. Таямніца гэтай асаблівай вартасці ружанца вельмі простая: Марыя сказала ў Фаціме, што “толькі Яна можа прыйсці нам на дапамогу”, заступаючыся за нас перад Божай Міласэрнасцю, а даючы ўрачыстую гарантую супакою, сказала: “Маё Сэрца пераможа”!

****
    У ліпеньскім аб’яўленні Найсвяцейшая Маці не толькі казала пра пакаранні, якія Бог можа дапусціць для чалавецтва, калі яно не навернецца, але таксама паказала спосаб, якім чалавек можа папрасіць прабачэння ў Бога. Такім спосабам, дадзеным нам па волі Бога праз Фацімскую Спадарыню, павінна быць нашае набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі.
   Калі ў апошнім Фацімскім Аб’яўленні Найсвяцейшая Панна Марыя аб’явілася тройцы выбраных дзяцей, Яна прыйшла, апранутая ў кармелітанскі хабіт, з бачным шкаплерам, які пакрываў Яе постаць. Яна як бы хацела падкрэсліць, наколькі важнае гэта набажэнства, звязанае з гэтай шатай. Чаму? Бо яно беражэ нас ад вечнага асуджэння.
   Луцыя, якая перажыла візію пекла падчас аднаго з Фацімскіх Аб’яўленняў, так гэта апісвае: “Нечакана мы ўбачылі як бы вялікае мора полымя. У гэты агонь былі акунутыя дэманы і душы, нібы раскалёныя да чырвані вуглі, празрыстыя, чорныя ці карычневыя языкі полымя, якія мелі чалавечыя рысы. Яны ўзносіліся ў пажары, полымя агню распаўзалася навокал разам з клубамі дыму, потым разляталіся, нібы лёгкія іскры. Усё гэта было сярод стогнаў адчаю і крыкаў, якія пужалі і прымушалі чалавека ўздрыгваць ад страху і жудасці. (…) Мы са смуткам глядзелі на Найсвяцейшую Маці, шукаючы ў Яе дапамогі, а Яна сказала: „Вы бачылі пекла, куды ідуць душы бедных грэшнікаў. Каб іх ратаваць, Бог хоча распаўсюдзіць па свеце набажэнства да майго Беззаганнага Сэрца. Тады шмат душаў будзе ўратавана ад пекла.”
   Гэтым набажэнствам да Беззаганнага Сэрца Марыі, мэта якога – ратаванне душаў ад вечнага асуджэння, з’яўляецца набажэнства пяці першых суботаў месяца, сугучнае з набажэнствам святога шкаплера. Яно з’яўляецца прысвячэннем сябе Марыі і цалкавітай адданасцю на Яе службу.

   Адна пэўная асоба прыйшла ў касцёл, бо яе заахвоціла суеседка: “Прыйдзі, Пані, не пашкадуеш. Але прыглядзіся да гэтага Твару Маці Божай – ён настолькі жывы”. Уступіла, пайшла і стала перад Абразом Маці Божай, а яе позірк пагрузіўся ў вачах Гэтай паважнай, смутнай, задумлівай Пані. “Здавалася, што Яна глядзіць толькі на мяне і, калі яна мяне ўбачыла, пасмутнела. Я не вытрымала, укленчыла, і тады нешта ўва мне здарылася, як бы нешта адкруцілася, змянілася. І я адчула гвалтоўную патрэбу скінуць з сябе страшны цяжар, які прыгнятаў мяне 30 гадоў. Душа мая стагнала, сэрца крывавіла, я плавілася ў крыві маіх 12 нявінных дзяцей, забітых. Я паспавядалася. Усё расказала. Я адышла ўжо іншая, а перад гэтым ішла да згубы. О якое ж вялікае і добрае Сэрца Марыі. Усё сваё жыццё я буду праслаўляць Яе блаславёную міласэрнасць.”

   Праслаўляйма міласэрнасць Марыі!
   Ратуйма разам з Ёй вялікіх грэшнікаў!

ПРЫКЛАД
Рашэнне з ружанцам!

   Шмат можна пачуць заўваг пра старэйшых жанчын з ражанцам, пра цёшчаў… Вось гісторыя на кастрычніцкі дзень.
   Падчас вайны гвалт і смерць адбываліся часта. Калі надыходзіць небяспека, вяртаецца пытанне: хто мой бліжні? Марыяна Бернацка з грэка-каталіцкай сям’і займалася вялікай гаспадаркай, пасля смерці мужа жыла з сынам Станіславам і яго жонкай Ганнай. Ня гледзячы на тое, што ішла вайна, яны жылі досыць спакойна – нарадзілася ўнучка, Ганна чакала другое дзіця. У пачатку ліпеня 1943 года немцы за акцыю партызанаў арыштавалі шмат людзей. Пэўнага ранку узброены нямецкі жаўнер прыйшоў па Ганну і Станіслава. Марыяна адразу ўпала да ног эсэсаўца і прасіла, каб ён забраў яе замест нявесткі, кажучы: “Як яна пойдзе? Яе на апошніх тыднях цяжарнасці. Я пайду замест яе”. Немец згадзіўся. Марыяну разам з сынам і іншымі арыштаванымі прывезлі ў вязніцу ў Гродна. Жанчына папрасіла яшчэ ружанец. 13 ліпеня 1943 года Марыяна была растраляная немцамі разам з 49 жыхарамі Ліпска пад Гроднам. Са смуткам ўзгадвалі пра растраляных і пра Марыяну – спакойная, апанаваная, дабразычлівая, любімая ў вёсцы і ў парафіі, але найвялікшае ўражанне зрабіла яе рашэнне, дабраахвотная згода на смерць за іншых. Як пакутніцу яе беатыфікаваў Ян Павел ІІ 13 чэрвеня 1999 года, разам са 108 пакутнікамі Другой сусветнай Вайны.
   Некаторыя думаюць, як гэта сталася? Можа хацела ратаваць чаканае дзіця нявесткі, але ў яе ўжо была адна ўнучка? Чаму не прасіла ўратаваць сына? Гэта таямніца блаславёнай жанчыны з ружанцам, якая адразу ж пажадала памерці за нявестку і яе дзіця. З ружанцам яна ішла на смерць разам з сынам, веручы, што выжывуць нявестка і двое дзяцей – адно двухгадовае, другое павінна было хутка нарадзіцца.
   Падумаем: мы ведаем, што бл. Марыяна прасіла захаваць жыццё нявесткі. Магчыма шмат хто з нас скамянеў бы, убачыўшы жаўнера са зброяй у дзявярах, шмат матак хутка заступіліся б за сваіх дзяцей, але не за нявестку. Гэтае рашэнне ратавала дзве асобы – маці і дзіця. Марыяна суправаджала сына ў вязніцы і ў хвіліну смерці. Сын верыў, што жонка і двое дзяцей у бяспецы. У дарогу бл. Марыяна ўзяла ружанец – цяпер, перад смерцю, можа маліцца ўласным жыццём – дабраахвотнай згодай на смерць за іншых, непавінным цярпеннем, цяжкімі гадзінамі чакання ў вязніцы, прыняццем несправядлівага прысуду, дарогай на растрэл, згодай на смерць уласнага сына і асабістай… верай ва ўваскрашэнне. Бл. Марыяна ўвайшла на шлях міласэрнага Збаўцы і Беззаганнай Марыі.
   Ці молімся мы ружанец уласным жыццём? Напэўна так ужо было, падумаем пра таямніцы ружанца, напэўна ў шматлікіх з іх мы знойдзем свае перажыванні і нашых блізкіх. Ружанец гэта не толькі ўзгадванне таго, што адбылося тысячы гадоў таму; ружанец – гэта наша марыйная школа паклікання, шлях веры – ад Звеставання да Неба. Прымем жа ружанец як нашу школу жыцця, школу жыцця на ўзор Езуса і Марыі.

   Падумаем:
   1. Ніхто ад нас сёння не чакае, каб мы ішлі на растрэл замест некага іншага – Маці Божая запрашае нас, каб мы ахвяроўвалі штодзённасць ў інтэнцыі іншых. Паспрабуем кожнага дня ахвяроўваць нейкі боль, расчараванне ў інтэнцыі іншых, блізкіх нам. Гэта можа быць цалкам дробная рэч. Можа высілак паўстрымаць гнеў, можа адмовіцца ад наракання, можа прабачэнне раздражняючай нас асобы? Складзем ахвяру з гэтых пачуццяў, як бл. Марыяна з жыцця, за некага іншага.
   2. Біскуп элцкай дыяцэзіі Рамуальд Камінскі сказаў, што “прысвячэнне бл. Марыяны Бернацкай схіляе да роздуму над веліччу паклікання цёшчы ў сямейным жыцці”. Памолімся за цёшчаў, вельмі важных жанчын у сямейным жыцці, няхай яны знойдуць сваё пакліканне ў падтрымцы сужонкаў.
   3. Ці мы молімся ружанец з Марыяй, разважаючы над пачуццямі Яе сэрца? Наблізімся праз ружанец да жыцця Найсвяцейшай Маці, прымем нашыя штодзённыя справы ў духу ружанцовага шляху ўпадабнення да Беззаганнай.



ІІ. ТАЯМНІЦЫ РАДАСНЫЯ
(РУЖАНЕЦ)

Звеставанне

   Гэта пачатак дарогі маладой Панны – не ведаем, што адбывалася раней, якія падзеі рыхтавалі Яе да гэтага выключнага паклікання. Анёл кажа, што выбраў Яе, каб Яна была беззаганнай і святой перад Яго Абліччам, каб Яна была добрым месцам для Яго Сына, найпрыгажэйшым Табернаклем, найчысцейшай Святыняй Пана. Мы ніколі не пабудуем касцёла такога ж прыгожага, такога ж годнага, як Беззаганнае Сэрца Марыі. Якая ж вялікая далікатнасць Божая! Дзева можа размаўляць з анёлам, задаваць пытанні, згаджацца. Панна, безумоўна, без якіх-небудзь агаворак згаджаецца быць Маці Збаўцы, Яе Беззаганнае Сэрца прымае ўсё, не абмяжоўваючы Бога.
   Евангеліст паказвае нам таксама звеставанне св. Юзафу. Не пашкадаваў яму часу няўпэўненасці, цёмнай ночы любові, хвіліны хістанняў і здзіўлення ўласнаму пакліканню. Аднак св. Юзаф прымае свой дзіўны шлях бяз слоў, блаславёны, хто не бачыў, а паверыў. Анёл прыходзіць да Юзафа ў сне, каротка растлумачвае сітуацыю, не чакаючы адказу, ведаючы, што Абраннік Найсвяцейшай, Пагроза духаў пякельных, выслухае яго і выканае тое, што ён яму даручыць, нават і з найвялікшай ахвярай.
   Таксама і нас, як запэўнівае Пасланне да Эфесцаў, выбраў міласэрны Бог, каб мы былі чыстыя і святыя перад Яго Абліччам. Таксама і ў нас здараюцца справы, якіх бы мы самі не выбралі, але нас ніхто не пытаў, што мы пра гэта думаем. Просім Беззаганнае Сэрца, просім Абранніка Дзевы аб дапамозе і падтрымцы.

Наведванне св. Альжбеты

   Таямніца ружанца ўводзіць нас у вельмі інтымную сітуацыю – Марыя, напэўна стомленая падарожжам, носячая ў сабе маленькага Езуса, прыходзіць да сваячкі, ведаючы ад анёла аб супольным для іх абедзьвух перажыванні. Абедзьве атрымалі вялікі дар, абедзьве нечакана носяць дзяцей па Волі Божай, абедзьве з’яўляюцца маці прадказаных анёлам сыноў, настолькі важных для гісторыі збаўлення. Абедзьве жадаюць захаваць сваю таямніцу як мага даўжэй толькі для сябе, іх дар патрабуе цішыні, разважання, малітвы, супакою. Абедзьве могуць узаемна падтрымліваць сябе ў гэтай сітуацыі. Іх злучае вера, радасць і любоў.
   Маці не патрабавала публічнага пацвярджэння таго, што Яе Сын – Сын Божы. Яна ўжо чула словы анёла, аднак, гэта вялікая радасць магчы з кімсьці блізкім дзяліцца сваёй верай, пачуць пацвярджэнне таго, што носіш у сэрцы. Ян, яшчэ ненароджаны, ўжо стаўся настаўнікам сваёй Маці, якая ў яго рухах і радасці ўмела распазнаць Маці Збаўцы з Ім самім у сваім улонні. Гэтае спатканне двух святых маці, схаванае ад вачэй усяго свету – ніхто не бачыць, ніхто не чуе, ніхто не разумее, ніхто не здзіўляецца… Яны, аднак, адчуваюць прысутнасць Божую, дар для сябе і ўсяго свету.
   Просім аб духоўнай падтрымцы для ўсіх пакліканых, для ўсіх, што аддаюць сэрца Богу. Дзякуем за тых, што падтрымлівалі нас на нашым шляху.

Нараджэнне Пана Езуса

   Вось падзея, якой чакалі анёлы ў небе, патрыярхі, прарокі… Езус павінен нарадзіцца для нас і для нашага збаўлення. Вялікая падзея для Панны Марыі, якая ўсім Беззаганным Сэрцам чакае нараджэння, якое зменіць Яе мінулае жыццё. Маці, якая перад гэтым насіла Сына Божага ў сваім сэрцы, духу і целе, як найсвяцейшы табернакль, цяпер Яго народзіць, будзе Яго бараніць, клапаціцца аб Ім, пазнаваць Яго, слухаць, суправаджаць Яго ў Яго пакліканні.
   Ахвотна ўявім сабе, што мы прымаем Езуса, што мы далі б Яму месца, годнае Яго нараджэння, якім бы цудоўным госцем была Беззаганная Маці… Аднак і сёння мы можам прыняць Езуса ў Эўхарыстыі ў нашае  сэрца, з такой жа любоўю і чысцінёй, як Яна. Просім, каб мы сталіся добрым месцам для Сына Божага, каб нашыя сэрцы сталіся Яго табернаклем. Молімся, каб Езус знайшоў месца ў шматлікіх сэрцах, каб Ён мог нарадзіцца ў кожным з нашых блізкіх, у нашай сям’і, у нашым асяроддзі. 

Ахвяраванне Езуса ў святыні

   Вось вялікае свята Панны Марыі і св. Юзафа – у самым шанаваным для іх месцы, у святыні яны прыходзяць ахвяраваць свой найвялікшы скарб, іх Дзіця – адначасова Божае, даручанае ім дзіця – адначасова з вялікім пакліканнем Збаўцы свету. Гэта вялікі дзень сапраўднага ахвяравання! Перш за ўсё пацвярджэнне гэтай ахвяры, якая ўжо выканалася – св. Юзаф ужо аддаў Богу ўсе свае прагненні і ўяўленні наконт свайго сужэнства і бацкоўства, Ён давераны Божага Слова, апякун Збаўцы свету, сужонак Дзевы… Панна ў поўні ахвяраваная Богу, Найчысцейшая, прыходзіць да святыні, маючы ў Беззаганным Сэрцы fiat. Абодва чуюць словы, якія вядуць да чарговага ахвяравання – прадказанне Сімяона, словы, якія вядуць і непакояць, якія Марыя будзе ўзгадваць і перажываць, усё больш разумець на працягу шматлікіх гадоў. У Яе Сэрцы згода на пакліканне Сына, які павінен стаць вялікай хвалой Ізраэля, хвалой свайго народу, адначасова радасцю і святлом для ўсіх народаў, згода на ўласнае ўзрастанне і цярпенне, згода на тое, што пакліканне Маці будзе патрабаваць шмат вырачэнняў і саспявання на далейшыя крокі, як сказаў Ян Павел ІІ, у цёмнай пілігрымцы веры.
   Узгадаем уласны хрост, мы таксама былі ахвяраваныя Айцу як дзеці Божыя. Просім аб вернасці нашаму шляху, аб вернасці ўсіх пакліканых. 

Езуса знаходзяць у святыні

   Ці нас часам не здзіўляе, што досвед з такім багатым зместам, належыць да радасных таямніцаў? Вось губляецца Езус… Непакой Бацькоў узрастае з кожнай хвілінай. Здавалася, што ён з сям’ей або знаёмымі, а ў той час яго ніхто не бачыў, нідзе яго няма. Святы Юзаф і Марыя пытаюць, безвынікова шукаюць. Тры дні няўпэўненасці, страху за Дзіця, магчыма поўныя дакораў позіркі сваякоў, у якіх гэта не здарылася…
   Паглядзім з іншага богу… Езус застаецца ў святыні, дзе Яму добра, Бацькі не заўважаюць рашэння Сына, адыходзяць – такая чарга пілігрымкі. Для Езуса гэта, аднак, новы этап жыцця. Як казаў папа Бенэдыкт ХVI, гэтая падзея нагадвае і ўсведамляе наноў Найсвяцейшай Маці і св. Юзафу, што іх Сын, настолькі блізкі, аднойчы пойдзе за сваім пакліканнем; што хоць Ён іх моцна любіць, але найважнейшае для Яго – гэта быць блізка да Айца, згодна з Яго Воляй. Гэта самадзейнасць і незалежнасць Езуса будзе аб’яўляцца ва ўсім Яго жыцці, у еднасці з Айцом, у любові да ўсіх людзей. Езус мог бы правесці рэшту жыцця з любячай, адданай Маці і св. Юзафам, які з вялікай любоўю клапаціўся аб сваёй Жонцы і прыёмным Сыне. Паглядзім на Марыю, наколькі зразумелыя для нас Яе словы: "Айцец Твой і я з болем сэрца шукалі Цябе". Яго адказ для Яе вельмі цяжкі. Евангеліст адзначае, што Яна не разумела, але разважала, памятала і нагадвала сабе ізноў словы Сына. І для нас пакліканне блізкіх або нашае ўласнае можа быць часам цяжкае. І нас могуць здзівіць словы Езуса. Таму ў хвіліну, калі мы скардзімся на наш боль сэрца, з’яднаем нашыя думкі і пачуцці з Беззаганнай – Ёй не было лёгка. Просім Марыію, Вучаніцу Сына і нашу Настаўніцу, каб Яна вяла нас шляхам свайго Беззаганнага Сэрца. 


III. Пятнаццаціхвілёвая сустрэча з Маці Божай
ДРУГАЯ ТАЯМНІЦА СВЯТЛА
Цуд у Кане Галілейскай

“Першы са знакаў, якія ўчыніў Езус -
гэта перамяненне вады ў віно на вяселлі ў Кане –
паказвае нам Марыю
менавіта ў ролі Настаўніцы,
калі Яна заахвочвае слугаў выканаць
загады Хрыста”. (
RVM 14)

“Хрыстос,
перамяняючы ваду ў віно,
дзякуючы ўмяшальніцтву Марыі,
першай з вернікаў,
адкрывае сэрцы вучняў на веру”. (RVM 21)

  
Мы сабраліся ў першую суботу месяца, каб ушанаваць Беззаганнае Сэрца Панны Марыі, каб лепш пазнаць Найсвяцейшую Маці, каб слухаць Яе і вучыцца ад Яе, каб дазволіць сябе праводзіць Беззаганнаму Сэрцу.
   Паслухаем Яе прагненні, Яе просьбы: гэта Яна хоча нас навучыць любіць Езуса, слухаць Яго, ісці за Ім. Яна была Яго найлепшай вучаніцай, Яна прытулілася да Яго ўсім сваім жыццём, усім розумам, усім Беззаганным Сэрцам.
   Езу найлагоднейшы, найлітасцівейшы, дзякуем Табе, што Ты паказаў нам Сваю Маці, што мы можам падтрымлівацца Яе дапамогай, Яе словамі, Яе жыццём.
   Духу Божы, салодкая радасць сэрцаў, вядзі нас шляхам Марыі!
   Найчысцейшая Маці, просім Цябе з усяго сэрца, каб Ты нас суправаджала, каб дазволіла нам наблізіцца да Цябе, мы хочам увайсці ў Твае таямніцы, у справы Твайго Сэрца. Мы прыходзім разважаць над Тваімі словамі, над Тваім захаваннем не з-за цікаўнасці, але ў надзеі суцяшэння, падтрымкі, дапамогі, мы хочам набрацца сіл каля Цябе.
   У кастрычніку, месяцы ружанца, мы запрошаныя, каб асаблівым чынам прыняць мудрасць марыйнай школы, якая выхавала ўжо столькі святых. Чаму сёння хоча навучыць нас Найсвяцейшая Дзева?
   Кана Галілейская заўсёды асацыіруецца ў нас з вяселлем, на якое запрасілі Найсвяцейшую Панну разам з Езусам і вучнямі. Мы бачым, што евангеліст выразна адзначае – перш за ўсё запрасілі Марыю, магчыма Яна была знаёмай бацькоў нявесты або жаніха.  Езус і Яго вучні таксама запрошаныя, аднак Ён яшчэ не хвалебны настаўнік, дзіўны цудатворца. Гэта звычайнае вяселле, у знаёмых Маці, сімпатычная ўрачыстасць жыцця супольнасці гэтай мясцовасці. На такія ўрачыстасці прыходзіла таксама Найсвяцейшая, удзельнічала ў звычайным жыцці, так сама, як Езус. Пабожнае жыццё можа асацыіравацца ў некаторых людзей з касцёлам, з малітвай, з пілігрымкай. Такія падзеі мы бачым таксама ў Евангеллі, аднак большасць жыцця Беззаганнай праходзіла сярод суседзяў, у штодзённых абавязках, гатаванні ежы, пранні, размовах, наведванні суседзяў. Мы бачым Яе на вяселлі, Яна не адказвае за арганізацыю, Яна проста госць. Такая, як усе. Можа большасць асобаў заўважыла, што вельмі мала было падтрыхтавана віна. Гэта лёгка заўважыць падчас прыёмаў, розныя могуць быць рэакцыі. Пра вяселлі, асабліва ў малых мясцовасцях, доўга потым узадваюць. Марыя вельмі далікатная, нават больш, вельмі дабразычлівая, Яна б хацела дапамагчы ў вельмі нязручнай сітуацыі. Звяртаецца з просьбай да Сына, які таксама толькі адзін з гасцей. Дарэчы, Яна нічога не просіць, проста кажа, якая праблема. Не дае Езусу загаду, не адчувае, што магла б загадваць – Яна проста вельмі добра ведае Сына, ведае, чаго можа ад Яго спадзявацца… Яна перакананая, што гэтая справа вартая для Езуса, радасць маладых, добры пачатак сужэнства… Таму кажа вельмі проста: “Не маюць віна”. Заўважым, што гэта вельмі простая інфармацыя, без ацэньвання, без абвінавачвання. Марыя не разважае, ці можна было б пазбегчы гэтай сітуацыі, ці можа гэта чыёсці занядбанне. Яна бачыць клопаты і звяртаецца да Езуса. Гэта вельмі цікава – больш і з большым націскам Яна кажа да людзей. Мае цалкавіты давер да Сына, не баіцца Яго ўмяшальніцтва ў справу добрай рэпутацыі маладой пары і арганізатараў вяселля. Адказ Сына, не вельмі адназначны, не вельмі Яе збянтэжыў. Яна бачыць аднак неабходнасць дакладнага ўказання для людзей.
   Сам евангеліст падкрэслівае – гэта быў першы цуд, учынены Езусам для людзей. Паглядзім на Марыю – гэта таксама Яе першае заступніцтва перад Сынам. Ян, любы вучань, той, хто атрымаў пад крыжам Маці, прагне прадставіць нам Яе перш за ўсё ў ролі правадніцы, выхавацелькі. Як падкрэслівае Ян Павел ІІ, “першы са знакаў, якія ўчыніў Езус, перамяненне вады ў віно, паказвае нам Марыю менавіта ў ролі Настаўніцы, калі Яна заахвочвае слугаў выканаць загады Хрыста” (RVM 14). Біблія ведае прарокаў, як Мірыям, якая суправаджала на шляху праз пустыню, заклікаючы да праслаўлення Пана, як Дебора, якая таксама была суддзёй Ізраіля, ці Юдыта, правадніца і прарочыца перамогі Бога над ворагамі. Аднак жанчыны тады не часта бывалі духоўнымі правадніцамі. Любы вучань паказвае менавіта Маці Езуса, як правадніцу жыцця побач са Сваім Сынам, з Езусам. З Яе досведу, мудрасці, ведання Езуса, штодзённай размовы і жыцця пры Ім выплываюць важныя словы, з усім аўтарытэтам скіраваныя да чужых слугаў, стомленых падрыхтоўкай да вяселля. Мы бачым, якімі важнымі былі словы Маці. Што маглі думаць слугі пасля цэлага дня выконвання загадаў, нашэння, падавання, прыслугоўвання, калі нечакана чужы малады мужчына патрабуе безсэнсоўнай і цяжкай працы – напаўнення вялікіх начынняў вадой. Яе трэба было насіць рукамі! Маці прадбачыць і папярэджвае жаданне Езуса, раіць цалкавітую, бязмежную паслухмянасць, незалежна ад таго, што Езус папросіць. Маці ведае, што Езус будзе нечага чакаць ад людзей, што не дасць ім віна з нічога, хоць і мае такую моц. Патрэбна аднак супрацоўніцтва людзей, іх намаганне. Дзякуючы веры Марыі, Яе даверу і просьбе, вучні таксама пачынаюць верыць у моц Езуса.
   Езус пераўзыходзіць усе чаканні: у замен на высілак нашэння вады ён робіць цуд – з’яўляецца віно ў вялікай колькасці, нашмат лепшае, давартасцяванае вясельным старастай. Усе былі б задаволеныя, калі б атрымалі віно такое ж самае, як мелі да гэтага, аднак Езус не спыняецца на гэтым, Ён больш шчодры.
   Затрымаемся яшчэ трохі на гэтай гісторыі, не вычарпаем яе багацця. На сёння забярэм некалькі думак:
   Умілаваны вучань, той, якому даверылі Маці, хоча прадставіць Яе перш за ўсё як настаўніцу, выхавацельку, правадніцу, св. Ян лічыць, што Маці мае права патрабаваць ад нас намаганняў і супрацоўніцтва з Езусам.
   Езус гатовы да нечаканых, далікатных цудаў, каб падтрымліваць сужэнствы, сям’ю, калі не будзе нам хапаць сіл, думак, цярплівасці, уяўлення, слоў, добрага віна – Ён можа, з нашымі намаганнямі, даць нам яшчэ лепшае віно, аднак, Ён чакае ад нас супрацоўніцтва.
   Марыя хоча быць нашай сапраўднай Маці – якая заўважае, падтрымлівае, моліцца, патрабуе, заклікае, вучыць сваёй паставе адносна Езуса. Марыя просіць нас, каб мы зрабілі ўсё, што Ён нам скажа, каб мы не шукалі скарочаных шляхоў, не чакалі палёгкі для сябе, бо ведае, што мы і так атрымаем віно, лепшае, чым было да гэтай пары.
   Маці добрай рады, Маці з Каны Галілейскай, Настаўніца і Пасрэдніца наша, дзякуем Табе за тое, што Ты вучыш нас, вядзеш, скіроўваеш да Хрыста. О Беззаганнае Сэрца, маліся за нас, каб мы былі бліжэй да Твайго Сэрца, каб мы трымаліся Твайго слова, Твайго прыкладу жыцця, Тваёй любові. О Панна мудрая з Беззаганным Сэрцам, прасі для нас Духа мудрасці, Духа ўдзячнасці, Духа Божага. Няхай нашыя сэрцы будуць падобныя да Твайго Беззаганнага Сэрца. Амэн.
     
О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе,
давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу ў Цябе прабачэння за тых,
што не вераць у Цябе,
не праслаўляюць Цябе, не давяраюць
Табе і не любяць Цябе.


VІ. АПЭЛЬ МАРЫЙНЫ

„Даверым усё Марыі:
Яна ведае, што для нас добра, што для нас найлепш,
аддайма Яе Сэрцу прагненні нашага Сэрца”.
Ян Павел ІІ

  
Маці Божая, Маці Езуса, Марыя, вітаем сёння Цябе, мы хочам пазнаваць Цябе, наблізіцца да Цябе. Пакажы нам Сябе, дазволь нам Цябе лепш зразумець, захапляцца і адпачыць каля Цябе. Ты заўсёды цярплівая, заўсёды добрая, заўсёды сардэчна прымаеш тых, хто просіць аб Тваёй ласцы і шукае Божай Міласэрнасці.
   Мы ведаем, што Ты прыгожая Божымі ласкамі, найпрыгажэйшая сярод жанчын, поўная ласкі і дабра.
   Мы хочам пазнаваць Тваё Беззаганнае Сэрца, настолькі падобнае да Сэрца Езуса, створанае паводле Сэрца Божага, настолькі блізкае Богу і людзям, Сэрца, годнае ўсялякай хвалы, адкідваючае ўсялякі грэх, кожнае зло. Мы захапляемся Тваім Сэрцам, Марыя, Святыня Найвышэйшага Бога, Святыня Панская, Дом Божы. Ты была Яго Жытлом, Яго Шатай, найбліжэйшым і пэўным Сховішчам, Табе Бог мог даверыць Свайго Сына.
   Мы ведаем, што Бог Цябе падрыхтаваў і выбраў за Маці, ведаем, што захаваў Цябе ад граху, каб Ты магла быць вольнай ад таго, што аддзяляла б Цябе ад міласэрнага Бога. Мы не разумеем Цябе, Беззаганная. Мы ведаем, што ты прымаеш нас, грэшнікаў, так як Твой Сын, бо Ты Маці і Вучаніца Твайго Сына.
   Якая ж Ты шчодрая, Марыя! Табе даручыў Бог свайго Сына, Ты прыняла Яго з цалкавітай адкрытасцю Сэрца. Усё Тваё сужэнства, усё жыццё Ты падпарадкавала Сыну, Яго місіі, планам Божым, для ратавання свету, нас усіх, таксама і мяне. Ты на ўсё была гатовая, бо так хацеў Бог, а таму Ты прыняла волю Бога з вялікай вольнасцю, са шчодрасцю кахаючага Сэрца, якое не баіцца ніводнай ахвяры, ніякіх вырачэнняў, прымае ўсё, чаго патрабуе любая асоба. Ты жыла ціха, нікому не апавядаючы Тваіх таямніцаў, схаваная ад свету, пакуль не надышла гадзіна Твайго Сына. Ты прыняла ролю Маці Збаўцы, Сына Божага, патрэбнага свету, ахвярна аддаючы Беззаганнае Сэрца. Не затрымліваеш свайго Сына для сябе, хочаш, каб мы Яго кахалі. Ты запрашаеш таксама нас, грэшных, каб мы жылі лепш, так, як Ты, жылі з Богам кожнага дня, пазнавалі Яго і любілі яшчэ больш.
   Якая ж Ты шчодрая, Марыя! Табе даў Бог Сына, а Ты згадзілася, каб Ён аддаваў Сябе людзям, каб свой час і любоў прызначаў для грэшнікаў, каб ставаўся ўсім для ўсіх, таксама для слабых людзей, якія дрэнна пра Яго казалі, адкідвалі Яго, якія Яго не разумелі, не давартасцявалі Яго любоў. Мы захапляемся Табой, Марыя, Маці ахвярнай любові. Ты згадзілася, каб Твой любы Сын цярпеў з-за нас, молішся і заступаешся за нас, просіш нас, каб мы таксама з Табой маліліся за іншых, ахвяравалі нашыя цярпенні, цяжкасці, клопаты, узнімалі сябе і іншых з граху, ішлі разам з Табой да Хрыста. Ты вытрывала падчас бічавання, крыжовай дарогі і смерці Твайго Дзіцяці, Адзінага Сына, о Марыя, молячыся і з верай зносячы страшныя гадзіны, усё для нас і для нашага збаўлення. Ты не папракаеш нас, не абвінавачваеш, а просіш, каб Твой Сын не цярпеў з-за нас. Ты прагнеш для нас новага жыцця, у шчасці, дапамажы нам зразумець, Марыя, прыгожая вольная ад граху.
   О Маці, Ты запрашаеш нас да свайго дому – да Неба, дзе Ты хочаш нас бачыць разам са святымі, з Тваім Абраннікам св. Юзафам, з Сынам Тваім у любові Духа Святога, вельмі блізка да міласэрнага Айца.
   Марыя, вучы нас Тваёй шчодрасці! Вядзі нас Тваім шляхам за руку, вучы нас цярплівасці і шчодрасці да людзей, да цяжкіх спраў, вучы нас адкрытасці сэрца. Не дазволь нам горычы і знеахвочвання, прывязанасці да граху. Не дай нам быць дробязнымі, прасі Духа Святога для нас, Яго мудрасці і моцы, мужнасці і любові. Няхай Твой ружанец вядзе нас Тваім шляхам,  няхай вучыць нас Тваёй ахвярнасці і паслухмянасці. Ты ні ў чым не супраціўлялася Богу, Марыя, поўная даверу Ты прымала ўсе небяспекі, верыла Яму нават, калі было Табе цяжка – у дарозе да Бэтлеему, у небяспецы жыцця Дзіцяці, падчас уцёкаў ад жаўнераў, у чужым краі, нават, калі ўсё здавалася вельмі няўпэўненым і пагражаючым. Марыя, Правадніца наша, заступайся за нас, вучы нас, вядзі нас, хавай нас ад нашых памылак, згубленасці, грахоў. Ты ведаеш, як часта мы самі не ведаем, аб чым прасіць, што для нас будзе карысным. Не хапае нам мудрасці, о Панна мудрая, не хапае нам веры і вытрымкі, Панна верная. Маці Божая, Сталіца мудрасці, Люстра Справядлівасці, Маці Сына Міласэрнага! Ты ведаеш нас, ведаеш, што нам патрэбна. Будзь з намі, дбай пра нас, мы лічым больш на Цябе і на Тваю шчодрасць, чым на ўласныя абмежаваныя ідэі. Загляні да нашага сэрца, паглядзі, што нам трэба для шчасця. Дапамажы нам выбіраць, вучы нас Твайму шляху, Тваёй малітве, Тваёй шчодрасці жыцця.

“О! Маці мая! Ні аб чым Цябе не прашу,
Бо Ты ведаеш самыя ўкрытыя тайнікі маёй душы:
Ты ведаеш ўсе жаданні, якія я нашу ў сэрцы.
Твае ласкі багацейшыя за людзкія прагненні,
Таму таго толькі ўдзялі мне Сваёй ласкай,
Што згодна з воляй Нябёсаў і Тваёй воляй”.
Уладыслаў Белза (1847-193)
Малітва да Найсвяцейшай Панны Марыі 

Перакладзена з польскага выдання
“Zapraszani do nieba. Jednak różaniec, szkaplerz, sznur pokutny”.