Вось ужо мінула дзесяць гадоў з таго часу, як адышоў у вечнасць мудры, вялікі Пантыфік і сапраўдны айцец для многіх хрысціянаў — святы Ян Павел ІІ, у асобе якога мы цяпер маем клапатлівага заступніка. Таму невыпадкова ў выдавецтве «Pro Christo» нядаўна выйшла кніга «Не бойцеся любові! Думкі святога Яна Паўла ІІ пра сям’ю», падрыхтаваная па ініцыятыве Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.
Вялікі Папа з асаблівым клопатам ставіўся
да праблемаў хрысціянскай сям’і ў сучасным свеце, дзе гэтым паняццем,
якое традыцыйна звязана са святым сакрамэнтам, вельмі часта называюцца
адносіны, што спрадвеку былі мярзотныя для Пана Бога. Як чалавеку
знайсці і захаваць сапраўднае каханне? Дзе ўзяць сілы для таго, каб
справіцца з кожнаю спакусаю, што свет прапануе як нармальную ці нават
карысную з’яву? Як зразумець і прыняць цярпенне? Напэўна, сёння гэта
самыя вострыя пытанні для кожнага хрысціяніна. І менавіта пра іх
разважаў святы Ян Павел ІІ у сваіх энцыкліках, апостальскіх лістах,
шматлікіх пасланнях да сем’яў, моладзі, дзяцей, людзей пажылога ўзросту…
Найлепшыя цытаты з гэтых тэкстаў леглі ў аснову кнігі «Не бойцеся
любові!», згрупаваныя ў адпаведныя раздзелы: «Быць чалавекам»,
«Сужэнства — вобраз запавету Бога і чалавека», «Сям’я — супольнасць
жыцця і любові», «Мужчына, муж, бацька», «Геній жанчыны» і інш.
«Выказванні, якія нам пакінуў Вялікі
Папа, зноў пабуджаюць пастыраў і чытачоў паглядзець на сям’ю як на Божы
дар, ахінуты сакрамэнтам сужэнства», — піша ў прадмове да выдання біскуп
Антоній Дзям’янка, старшыня Рады па справах сям’і пры ККББ. Насамрэч
мала хто па-сапраўднаму блізка прымае да сэрца тую праўду, што сужэнства
— гэта менавіта бескарыслівы, невымерна вялікі і нікім да канца не
спасцігнуты Божы дар. Як жа шмат мы ад яго чакаем у параўнанні з тым,
колькі даем! І як рэдка мы задумваемся пра адну з галоўных мэтаў
сужэнства — дапамагчы адно аднаму здабыць святасць, прыйсці да
збаўлення! І чым больш заданняў стаіць перад намі на гэтым шляху, тым
больш выпрабаванняў нас чакае на ім… Ян Павел ІІ настойліва скіроўвае
наш духоўны позірк на гэтыя праблемы: «Якія б цяжкасці ні паўставалі,
нельга адмаўляцца ад абароны той першапачатковай любові, якая з’яднала
дваіх людзей і якую Бог няспынна благаслаўляе. Сужэнства — гэта шлях да
святасці, нават тады, калі ён становіцца крыжовым шляхам».
У святле ўсіх надзённых праблемаў не
выклікае сумнення тое, што выданне кнігі «Не бойцеся любові!» —
надзвычай актуальная і своечасовая падзея. Святары змогуць выкарыстаць
сабраныя ў ёй выказванні падчас казанняў і рэкалекцый, катэхетам гэтая
кніга будзе карысная пры падрыхтоўцы да заняткаў рэлігіі, а свецкія
вернікі знойдуць у ёй натхненне для глыбокага роздуму над сваім жыццём,
сваёю любоўю і сваім цярпеннем.
Адказны за выданне – айцец Пётр Фраштэнга OCD. Над выданнем працавалі – В. Якіменка, Г. Шаўчэнка.
Ганна Шаўчэнка
Для набыцця кнігі звяртайцеся ў краму
«Духоўная кніга» ў Мінску
(вул. М. Багдановіча, 25). Тэл.: 8 (017) 293 17 53.
«Духоўная кніга» ў Мінску
(вул. М. Багдановіча, 25). Тэл.: 8 (017) 293 17 53.