6.05.2014

Першая субота верасня 2014

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

ПЕРШАЯ СУБОТА ВЕРАСНЯ

І. ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ СУПАКОЮ
(ПРАПАНОВА ДЛЯ КАЗАННЯ)

      
   У мінулым свет жадаў асягнуць супакой шляхам вайны, роўнасць – шляхам рэвалюцыі, справядлівасць – крыўдай пазбаўленых спадчыны, вольнасць і шчасце – праз адрачэнне ад маральнасці. А  ў той час, вайна выключае супакой, рэвалюцыя супярэчыць роўнасці, крыўда – справядлівасці, а гэтая “адкінутая маральнасць” з’яўляецца адзінай гарантыяй асабістых праў адзінкі і народаў.
   У барацьбе за духоўныя і трывалыя каштоўнасці трэба ўжываць зброю, якая не забівае і не калечыць. Хрыстос, абвяшчаючы любоў, не ажыццяўляў сваю навуку праз змаганне з фарысеямі, а толькі, верны Слову, памёр на Крыжы, “каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку” (Ян 10, 10). І таму перамог. Таму не трэба нам ніякай зброі, а толькі любоў і моц ахвяры, якая здабудзецца служэннем іншым. Мы прагнем зямлю падштурхнуць да Бога і чалавека звярнуць да чалавека праз агульную цывілізацыю любові. На арганізаванае зло мы адказваем арганізаваным дабром. Гаворка ідзе пра тое, каб усе мы аб’ядналіся ў гэтым супольным намаганні штодзённай любові для супакою для свету. Гэта дасць моц, якая зможа параўнацца з моцай шалеючага і нібы перамагаючага зла. Мы павінны ўводзіць любоў у грамадскае жыццё праз увядзенне любові ў нашыя сем’і, на месцах нашай працы, у грамадскіх аб’яднаннях, а таксама сродках масавай інфармацыі. А гэтую любоў мы здабудзем толькі ў нашых сэрцах, думках, словах і ўчынках. Такая любоў змяняе ўсё нашае жыццё і робіць так, што ўсё, што мы робім, ажыццяўляецца ў ёй. У праяўленнях – гэта зварот да іншага чалавека з усмешкай дабрыні, і тады мы заслугоўваем перад абліччам Богам супакой і праз гэта прыспешваем Божае валадарства. Цывілізацыя любові дапамагае перамагчы страх перад будучыняй. Няўпэўненасць у заўтрашнім дні можна перамагчы толькі любоўю. Адказам на гэты страх не з’яўляецца прымушэнне ці націск, ці навязванне адной грамадскай структуры ўсяму свету. Адказам на страх, які падае ценем на ўсё чалавечае існаванне пачатку ХХІ стагоддзя, з’яўляецца супольны труд будавання цывілізацыі любові на фундаманце агульных каштоўнасцяў – супакоі, справядлівасці, салідарнасці і вольнасці. Душой жа цывілізацыі любові з’яўляецца культура вольнасці; вольнасці адзінак і народаў, перажыванай у духу ахвярнай салідарнасці і адказнасці. Нам не трэба баяцца будучыні. Нам не трэба баяцца чалавека. Кожная асоба была створаная на вобраз і падабенства Таго, хто з’яўляецца пачаткам усяго, што існуе. Мы носім у сабе здольнасць асягнуць мудрасць і цноты. Дзякуючы гэтым дарам і з дапамогай ласкі Божай мы можам збудаваць у бягучым стагоддзі і для дабра гэтага стагоддзя цывілізацыю годную чалавека, сапраўдную культуру вольнасці. Мы можам і павінны гэта зрабіць! А робячы гэта, мы пераканаемся, што слёзы нашага стагоддзя падтрыхтавалі зямлю для новай вясны людзкога духа.
   Хрыстовае “Не бойцеся!” цывілізацыі любові звяртаецца да свету, у якім чалавек баіцца чалавека, у якім жыцця баіцца так сама або больш, чым смерці, у якім баіцца шалеючай энергіі, якое трымае на прывязі, у якім баіцца ўсяго, а нават і ўласнага страху. У новай цывілізацыі любові знікае страх перад Богам, які для філосафаў гэтага свету з’яўляецца абстрактным Абсалютам. Не бойцеся Бога, кажыце Яму : “Ойча наш”. Не бойцеся казаць: “Ойча!” Жадайце нават быць дасканалымі, як Ён, таму што Ён дасканалы. Будзьце дасканалымі, як ваш Айцец нябесны (пар. Мц 5, 48). Не бойцеся праўды пра нас саміх. Непакой нашага сэрца найлепш ведае сам Хрыстос. Ён ведае, што ёсць у чалавеку (пар. Ян 2, 25).
   Любіць – гэта значыць:
   - сапраўды адчуваць сябе братам усіх людзей і кожнага чалавека, сябра і непрыяцеля;
   - жадаць дабра кожнаму чалавеку, нават тады, калі ў нас саміх не ўсё атрымліваецца. Гэта не так лёгка, але вельмі па-хрысціянску;
   - сумаваць з сумнымі і радавацца з радаснымі, і ўсё, што мы хочам, каб людзі нам чынілі, павінны і мы ім гэта чыніць.
    У святле прыказання любові да бліжняга мы абавязаныя прыйсці з дапамогай да іншага, асабліва, калі той знаходзіцца ў няшчасці, у патрэбе. Але ці можа быць нешта большае за вечнае асуджэнне? Мы павінны прыйсці на дапамогу тым людзям, якія найбольш патрабуюць Божай Міласэрнасці. Зробім гэта па прыкладзе фацімскіх дзяцей: будзем складаць Маці Божай штодзённую ахвяру з нашых малітваў, нашай працы, нашых цярпенняў – за грэшнікаў. Будзем прасіць для іх ласку навяртання і збаўлення.
   Мой муж, добры чалавек – апавядае спадарныя Ірэна – але ўжо шмат гадоў абыякавы рэлігійна, не хадзіў у касцёл і не прыступаў да сакрамантаў. Не дапамаглі ні просьбы ні настойванні. Уся мая надзея цяпер была ў наведванні Маці Божай Яснагорскай. Я малілася, ахвяравала свае цярпенні ў інтэнцыі навяртання мужа. У суботу, за дзень да наведвання, падчас парафіяльнай споведзі, я сказала мужу: “Любы муж, ідзі ў касцёл, паглядзі ці яшчэ шмат людзей да споведзі, бо я хацела б паспавядацца так, каб не чакаць”. І ціха дадала: “А можа б і ты пайшоў?” – “ А ў цябе ёсць кніжачка?” – адказаў. Пайшоў, а я на каленях да Маці Божай малілася. Вярнуўся праз 20 хвілін. “Я быў у споведзі – сказаў ён – ідзі і ты, хутка паспавядаешся”. І ноччу мы прыступілі да Святой Камуніі, а потым таксама і на другі дзень раніцай.
   Маці Божая праз дапамогу Касцёлу (Фаціма, Лурд, шкаплернае аб’яўленне) прагне, каб і мы далучыліся да духоўнай дапамогі іншым: малітва, пост, пакута, ахвяра, апостальства.

ПРЫКЛАД
Узнагарода за вытрымку,
або Дапаможніца верных.

   Гэта гучыць, як гісторыя даўно мінулых часоў – малады ксёндз, забіты сякерай на місіях… А здарылася гэта два гады таму…
   Марэк Рыбінскі, салезіянін, чуючы запрашэнне на місіі, вырашыў паехаць у Афрыку, у край, дзе ён меў права працаваць на карысць дзяцей у пачатковай школе, займаючыся іх выхаваннем, але ён не меў права казаць пра Езуса. Ён меў права шукаць спонсараў, каб яны ўтрымлівалі салезіянскую пачатковую школу для 800 туніскіх, мусульманскіх дзяцей, бо дзяржава не давала грошай. Таму ён распачаў салезіянскі місійны цэнтр; дзякуючы яму ахвярадаўцы з Польшчы аплацілі новыя лаўкі ва ўсёй школе, спартыўную пляцоўку для баскетболу, пляцоўку з дахам для гульняў для дзяцей з дзіцячага садка і школьнікаў… Ён змог паклапаціцца аб фінансаванні розных праектаў, якія развівалі школу. Тры гады ён працаваў з туніскімі дзецьмі, менавіта для дзяцей; паўсюль прысутны, радасны, на кожным перапынку быў сярод вучняў на пляцоўцы. Спачатку яго перасцярожвалі, пагражалі смерцю. Але салезіяніну цяжка ўцячы з месца працы сярод моладзі, калі ананім з пагрозамі з’яўляецца каля дзвярэй у свята заснавальніка, св. Яна Боска.
   Аднак, аднойчы святар не з’явіўся на вячэрняй малітве, не было яго і на ранішняй імшы. Настаяцель, кс. Эссер пачаў шукаць а. Марка ў яго пакоі, а калі і там яго не знайшоў, патэлефанаваў у паліцыю. У школьнай кладоўцы супрацоўнікі знайшлі цела кс. Рыбінскага з перарэзаным горлам. Яму было 33 гады.
   У сваіх нататках ён пісаў: “Мае адносіны да мусульманаў цалкам змяніліся, гэты страх перад тэрарызмам, страх перад экстрэмізмам недзе далёка. Тунісцы цалкам іншыя людзі, чым я ўяўляў сабе раней. Гэтая дабразычлівасць, цеплыня, яны гэтаму мяне вучаць”; “Мусульмане – мае сябры”.
   Пра яго ўзгадвае шмат знаёмых: малады, спартыўны салезіянін, з душой мастака, засяроджаны на Эўхарыстыі… радасны настрой, любіў фотаздымкі, любіў жартаваць… у яго было яшчэ шмат планаў, каб падтрымаць салезіянскую школу для туніскіх мусульманаў. Ён быў душпастырам палякаў у Тунісе, рыхтаваў польскую моладзь да бежмавання…
   Ён быў з вельмі вялікай сям’і. Яго маці, вельмі ўдзячная сваім прыёмным бацькам, пастанавіла каму-небудзь дапамагчы. Марэк быў адзін з сямі дзяцей, калі бацькі пастанавілі ўсынавіць адно дзіця. Аднак у сям’і з’явілася ў дадатак чацвёра…

   Кс. Марэк Рыбінскі ўзгадваў пра сваё пакліканне, якое прыйшло досыць незвычайным чынам – адным з разнастайных, найбольшы ясных для яго знакаў быў абраз, які ён некалі даўно, калі меў шэсць гадоў, атрымаў як самы малодшы ўдзельнік Раратаў. Ён маліўся перад ім штодзённа зранку і ўвечары шмат гадоў, не ведаючы гэтай выявы Маці Божай. Праз нейкі час ён ўзгадваў: “Нічога дзіўнага, што ганарлівы абраў сваю цудоўную ўзнагароду, якая была як стрэльба з раману пісьменніка, прызначаная выстраліць у адпаведным часе… Не мог прачытаць надпісу на абразе-ўзнагародзе, памятцы аб раратах. Прайшло шмат часу, калі тое, аб чым даведаўся, яго  ўразіла”. Сапраўды, праз шмат гадоў, аглядаючы місійную выставу ў Чэрвінску, ён на здзіўленне знайшоў такі самы абраз, сваю ўзнагароду за вытрываласць шасцігадовага хлопчыка на раратах: “Пытаюся ў выпадковага ксяндза, што азначае гэты надпіс. – “Гэта лаціна, а па-польску азначае “Дапаможніца верных”, і дадае: “Гэта наша салезіянская Маці Божая”. “О Божа… Я не ведаў салезіянаў да сённяшняга дня, але ўсё жыццё маліўся зранку і ўвечары да іх Маці. Што гэта можа значыць?”…
   І так узнагарода за вытрываласць для шасцігадовага хлопчыка стала лямпай на сцежцы паклікання…

   Падумаем:

   1. Ці мы адкрытыя на розныя знакі ласкі, пакліканне, указальнікі на дарозе жыцця? Ці мы ўдзячныя за дабро, якое нас спаткала да гэтага дня? Ці мы самі дзякуем за гэтыя ласкі, робячы дабро іншым?
   2. Ці мы памятаем пра місіянераў? Як мы іх падтрымліваем? Ці мы молімся за місіянераў і хрысціянаў у нехрысціянскіх краінах? Ці можам мы ахвяраваць яшчэ нешта акрамя малітвы? А ці молімся мы за маці і айцоў місіянераў?
   3. Ці молімся мы за ворагаў Касцёла? Ці мы можам ахвяраваць нешта ў сваім жыцці за іх навяртанне, просячы аб Міласэрнасці для іх?

ІІ. ТАЯМНІЦЫ РАДАСНЫЯ
(РУЖАНЕЦ)

Звеставанне

   Анёл прыходзіць да марыі і абвяшчае ёй волю Божую – незвычайнае пакліканне, цяжка ў яго паверыць. Беззаганнае Сэрца верыць ў магчымасць сустрэчы з анёлам, давярае яго словам, прымае тое, што для Бога няма нічога немагчымага, згаджаецца на ўсё, што прадказвае Божы пасланнік. Колькі ж даверу, адданасці! Згода на ўсё, адсутнасць нейкіх пярэчанняў, выстаўлення нейкіх умоў. Просім, каб нашыя сэрцы ўмелі распазнаваць знакі волі Божай, нашай дарогі, нашай абдараванасці, прымаць ласкі. Просім, каб шчодрасць Божая сустрэлася з нашымі адкрытымі рукамі, адчыненай галавой, каб мы не закрываліся на дабро, якое Бог падрыхтаваў для нас.

Наведванне св. Альжбеты

   Настолькі абдараваная Найсвяцейшая Панна, поўная ласкі, ведае, што сталася Домам Божым, Маці Сына Божага, Збаўцы свету. Магчыма яна магла б схавацца ад усіх, жыць у самотнасці, разважаючы над сваёй абранасцю, хаваючы Дзіця, якое павінна насіць у сабе найбліжэйшыя месяцы. А аднак гэтае асаблівае пакліканне не закрывае Яе для людзей. Наадварот, Панна мудрая паспешна вырушае ў доўгі шлях да св. Альжбеты, бачучы ў ёй духоўную падтрымку, жадаючы ёй дапамагчы ў падрыхтоўцы да нараджэння абяцанага дзіцяці. Любоў да Бога скіроўвае нас да людзей, не закрывае нас у саміх сабе, не дазваляе нам засяроджвацца на ўласных пачуццях, адкрывае нас на дапамогу іншым. Молімся за ўсіх, што прагнуць аддаць жыццё Богу праз службу Касцёлу, просім, каб яны сустрэлі братэрскую і сястрынскую падтрымку.

Божае нараджэнне

   Сапраўды нашыя думкі – не Божыя думкі, нашыя шляхі – не Божыя шляхі! Ніхто з нас не прыдумаў бы нараджэння ў дарозе, недзе за горадам, у месцы, прызначаным хутчэй для жывёлін, чым для людзей… Стомленая падарожжам Марыя менавіта там нараджае Сына – найцудоўнейшае нараджэнне свету, перажыванае ў самотнасці, убостве, далёка ад сваякоў, знаёмых, у незвычайна сціплых умовах.
   Падумаем, Марыя ўмела нават у такой сітуацыі цешыцца Сынам, перажываючы вялікае свята, адараваць Дзіцятка… Вучымся ў Маці Божай заўважаць у першую чаргу прысутнасць Божую, ласку Божую, няхай будзе ў нас дух Яе адарацыі і праслаўлення Пана.

Ахвяраванне Езуса ў святыні

   Марыя нарадзіла Езуса не для сябе – Яна нараджае Яго для свету, для нас. З самага пачатку Яна ведае, што гэта будзе Дзіцятка не такое, як усе іншыя. Гэта Яна перш за ўсё павінна ў Яго вучыцца, гэта Яна павінна быць паслухмянай Яго пакліканню, Ён перш за ўсё Сын Божы, хоць Ён таксама і Яе Сын… Маці чакаюць вельмі шмат ад дарослых дзяцей, Найсвяцейшая Маці разумее, што Ён павінен ісці за голасам свайго паклікання… Усё гэта становіцца ўсё больш зразумелым у хвіліну ахвяравання: словы Сімяона паказваюць абшар гісторыі збаўлення – Сын, любячы Маці, будзе ісці сваім шляхам, не шкадуючы Ёй цярпенняў. Ахвяруючая Маці разумее, што Яна не толькі аддае Сына Айцу, але і саму сябе: Езус радуе Яе супольным сямейным жыццём, аднак прыйшоў час збавіць грэшнікаў, Ён цалкам для іх. Молімся за ўсіх маці, за іх ахвяру сэрца, каб яны падтрымлівалі пакліканне дзяцей і блізкіх.

Езуса знаходзяць у святыні

   Езус нечакана не вяртаецца з блізкімі, нечакана застаецца ў святыні – сямейная пілігрымка становіцца моцным перажываннем для Маці і Яе Абранніка, які змяняе ўсё жыццё, каб клапаціцца пра Марыю і Сына Божага. Аказваецца, што, хоць паслухмяны ў штодзённым сямейным жыцці, Езус перш за ўсё жыве ў еднасці з Айцом, Ён цалкам падпарадкаваны свайму пакліканню, сваёй справе паяднання людзей з Сабой і з Богам. Гэта радасная таямніца, Сын Божы яшчэ вяртаецца да дому, час для сям’і працягваецца, аднак Маці Сына Божага разважае над Яго словамі, прымае Яго адказ і носіць яго ў сэрцы…
   Молімся, каб мы знаходзіліся ў доме Айца Езуса, умелі распазнаваць нашае пакліканне побач з Ім.


ІІІ. Пятнаццаціхвілёвая сустрэча з Маці Божай
ТРЭЦЯЯ БАЛЕСНАЯ ТАЯМНІЦА
Укаранаванне цернем
Маці Балесная,
маліся за нас!

 
   Сёння першая субота месяца – наш дзень сустрэчы з Евангеллем, з таямніцамі ружанца, які з’яўляецца зместам Евангелля. Маці Божая запрашае нас, каб мы разам з Ёй разважалі над жыццём Езуса і Яе самой вельмі блізка каля Яго. Гэта Яе прагненне, каб мы былі бліжэй да Збаўцы, як Яна, разам з Ім.
   Добры Збаўца, які прыгарняеш грэшнікаў, уздымаеш слабых, тых, што ўпалі. Дапамажы нам, просім. Мы не ўмеем любіць Цябе, не ўмеем наследаваць Цябе, баімся. Мы хацелі б быць падобнымі да Тваёй Беззаганнай Маці, умець любіць Цябе, як Яна. Твая Маці ўказвае нам на сваю найвялікшую любоў, на Цябе. Ты сам адкрый нашыя сэрцы, дапамажы нам ісці за Табой, вучыцца ў Беззаганнага Сэрца, як любіць Цябе, Найсаладзейшае Сэрца Езуса.
   Духу Святы, Беззаганнае Сэрца Марыі – гэта Твая справа, Ты сама любоў, радасць, супакой, Ты даешь вытрымку і мужнасць. Фармуй, Духу ласкі, просім, нашыя сэрцы, няхай яны будуць прыгожыя і чыстыя, напоўні іх Тваёй моцай. Мы хочам быць бліжэй да Маці Божай, пазнаваць Яе жыццё і вучыцца ў Яе, дазволіць Беззаганнаму Сэрцу весці нас.
   Духу Божы, аздаравіцель людскіх сэрцаў, удзялі нам, просім, супакой сэрца. Духу дабра і ласкі, вядзі нас, просім, адкрый нашыя вочы і вушы.
   Маці Божая і нашая, вядзі нас сёння да балесных таямніц, гэта таямніцы жыцця Твайго Сына, Твае таямніцы, але і нашыя. Вядзі нас, Настаўніца наша.
   Вось адна з таямніц жыцця Езуса – укаранаванне цернем. Гучыць страшна, балюча. Укаранаванне здаецца нам вельмі ўрачыстым і цудоўным, каранацыі адбываюцца і сёння і азначаюць вялікую ўзнагароду, недасягальную для большасці людзей. Церні прычыняюць боль, колюць, раняць, карона з церняў раніць цела і галаву…
   Падумаем – Езус атрымлівае карону з церняў, гэта адзін з досведаў пакутаў. Гэта прыдумалі перш за ўсё для таго, каб прынізіць сапраўднага Настаўніка, хвалебнага Цудатворцу, высмеяць Яго і пасароміць. Гэта хвіліна публічнага прыніжэння Езуса. Той, хто выклікаў павагу, у якога пыталіся парады, якога цанілі – цяпер стаіць без пратэсту, супраціўлення, апрануты так, каб абуджаць спачуванне. Той, хто прымаў удзел у дыскусіях, даваў бліскучыя адказы, цяпер маўчыць. Яго бачаць усе, маўчаць або смяюцца з Яго. Недзе стаяць таксама і апосталы, недзе стаіць Маці. Ніхто не можа Яму дапамагчы. Як супрацьстаяць арганізаванай моцы жаўнераў, інстытуту дзяржавы? Ніхто таксама не прызнаецца, што ведае Яго, ніхто не выступае ў Яго абарону, можа нават нельга да Яго падысці праз атрад жаўнераў, да Яго няма подступу. Няма як дапамагчы Езусу, Ён самотны. Гэта толькі пачатак Яго шляху цярпення і мукі, прыніжэнняў і болю.
   Мы можам паказаць тых, хто гэтаму паспрыяў, але Езус церпіць за нас і для нас. Ён прымае нашыя грахі, нашыя правіны, здраду, здзекванні, недахоп любові, трусасць, занядбанні, нашыя ўпадкі і раны, якія мы прычынілі шматлікім асобам.
   Недзе, сярод сабраных, напэўна стаіць Маці. Гэта Яна насіла ў сабе Езуса, як каштоўны скарб, гэта Яна хавала Яго і адаравала, Яна слухала кожнае Яго Слова, глядзела як на Сына Божага. Усім Беззаганным Сэрцам Яна была адданая Яго шляху, Яго пакліканню, але гэтае відовішча разрывае Яе Сэрца, ламае Яе пачуцці. Калі б магла, Яна зрабіла б усё, каб гэтага пазбегнуць, аднак, як? Яна б сама згадзілася на пакліканне Сына, на Яго волю, на Яго міласэрны намер прыняць на Сябе правіны і грахі людзей. Яна сама сказала fiat, згаджаючыся на ўсё, што будзе чакаць ад Яе Бог – для нашага дабра. Езус не захаваў Маці ад цярпенняў – Яна ішла за Ім шляхам веры, любові, надзеі, давярала больш Богу, чым асабістым пачуццям і страхам.
   Маці Божая малілася гэтую таямніцу ружанца, як і ўсе іншыя, асабістым жыццём, асабістым Беззаганным Сэрцам. Цяпер здзяйсняюцца словы Сімяона – Яе душу прйодзе меч. Цяпер паўтараецца Яе ахвяраванне, згода на тое, што Сын Яе любы церпіць за іншых. Маці Езуса прымае волю Сына – за нашую нявернасць, за нашыя правіны Ён прыняў пакуты, крыж і смерць, Маці паслухмяная міласэрнаму Сыну, хоць гэта і вялікі боль Яе Сэрца. Нічога не можа змяніць, нічога не можа палегчыць, нічога прыспешыць. Усё павінна выканацца.
   Прымем жа таямніцу ўкаранавання цернем – болю і прыніжэння, высмейвання і здзекванняў. Ці гэта нас ужо спаткала? Гэтую таямніцу перажывала шмат хрысціянаў ў першыя стагоддзі, у часы гвалтоўных пераследванняў і на працягу наступных стагоддзяў. Гэта таямніца тых, каго часта высмейваюць і хто не можа абараніцца, нічога не можа растлумачыць. Гэта таямніца Касцёла – колькі ж разоў абвінавачвалі Касцёл, і нават святых? Колькі ж святых высмейвалі, прыніжалі… Падумаем пра таямніцы ўкаранавання цернем у нашым жыцці. Часам мы б хацелі, як апосталы, хуткага рэагавання Бога – пяруна на тых, хто абражае Езуса або Касцёл, або нас саміх… Шмат хрысціянаў чакае радыкальных рашэнняў, часам супярэчлівых. Пераследаваны Касцёл часам здаецца занадта пасіўным, як Езус выстаўлены на пасмешышча, у накінутым плашчы, цярнёвай кароне, насунутай на галаву. Чаму ніхто нічога не робіць, пытаем.
   Існуе таксама іншая магчымасць – мы глядзім на ўкаранаваных цернем і задумваемся, што нам трэба думаць. Так часта папракалі святых Касцёла, кажучы, што яны маглі і павінны былі б зрабіць… Нажаль, тыя, што старанна пісалі тыя тэксты, не правялі і паловы таго часу, што святыя і блаславёныя, падтрымліваючы паміраючых, клапоцячыся пра хворых, дапамагаючы бедным… А аднак шмат людзей паддалася спакусе, засумнявалася, захісталася ў сваёй веры, гледзячы на ўкаранаванне Езуса, Касцёла, святых…
   Беззаганнае Сэрца Марыі, Панна верная, будзь Аховай нашай веры, як Маці, якая патрабуе і выхоўвае. Не дазволь нам ніколі засумнявацца пад націскам высмейвання ці здзеквання над нашай верай, над дарагімі нам святымі. О Маці Балесная, гэта з-за нас цярпеў Твой Сын, гэта нашыя правіны ранiлі Яго як церні. Маці Балесная, маліся за нас!
   Панна верная, Каралева Мучанікаў, Ты захавала любоў і веру ў кожным выпрабаванні, Ты захавала Беззаганнае Сэрца. Вядзі нас, просім, Тваім шляхам. Мы ведаем, што Твой шлях ляжыць блізка ля Езуса, які цярпіць за нас, зносіць прыніжэнні за нас. О Маці, падтрымлівай нас, маліся за нас, вучы нас быць адважнымі ў цярпенні, веры і прыніжэннях, вучы вытрываласці ў пакліканні, любові да Касцёла. Амэн.

О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе,
давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу ў Цябе прабачэння за тых,
што не вераць у Цябе,
не праслаўляюць Цябе,
не давяраюць Табе і не любяць Цябе.

ІV. АПЭЛЬ МАРЫЙНЫ

  
   Мы прыходзім сёння да Цябе Марыя, Панна, Маці нашага Збаўцы, думаючы пра Цябе, зацікаўленыя Табой? Хто Ты? Мы ведаем некалькі Тваіх абразоў, партрэтаў, некаторыя з іх вядомыя дзякуючы ласкам і цудам, мы бачым у іх Цябе. Якая Ты?
   Мы шмат разоў чулі, што праз Цябе прыходзіць радасць – гэта Езус, абяцаны для нашага паратунку, збаўлення, шчасця. Ты паказваеш нам Езуса, які заўсёды быў Тваёй радасцю, паказваеш на неба, дзе мы будзем разам, аздароўленыя, шчаслівыя.
   Марыя, ў нашым свеце можна лёгка знайсці кароткую радасць, якая хутка прамінае. Увесь час з’яўляюцца нейкія меньшыя і большыя клопаты, якія адбіраюць у нас радасць. Можна сказаць, што мы пераходзім ад адных цяжкасцяў да другіх. Можа мы ўжо не ўмеем радавацца? Шмат ў нас шкадавання, горычы, часам здаецца, што з цягам часу мы больш губляем, чым атрымліваем. Якім было Тваё жыццё?
   Маці Божая, чаму Ты радавалася? Што напаўняла радасцю Тваё Беззаганнае Сэрца? Настаўніца пабожнасці, Настаўніца любові! Што сказалі б пра Цябе людзі? Ты нарадзіла недзе па дарозе ў горад, павінна была нечакана ўцякаць, баючыся за жыццё Сына. Ты змяніла месца жыхарства, губляючы кантакт з тымі, каго ведала, падтрымлівала кожны дзень, прымала іх падтрымку. Ты была Маці Сына, які ў хвіліну, калі іншыя спыняюцца і будуюць моцны дом, пайшоў за сваім пакліканнем і хадзіў па вёсках і гарадах у шматлікай і разнастайнай кампаніі, і нарэшце не захаваў Цябе ад болю. Ты павінна была бачыць Яго прыніжанага, параненага і згадзіцца з тым, што Ён павінен пакутваць, хоча прыняць страшныя мукі і смерць за людзей, якія адкідваюць сваім жыццём Бога. Ты перажыла вялікую трагедыю Маці – Ты была сведкай пакуты і памірання Сына. Ты перажыла дні самотнасці і слёз. А потым… “Кажуць, што ўваскрос!” 
   Маці Балесная, Ты Маці поўная радасці, праз Цябе прыходзіць Радасць, Езус.
   Маці верная, Ты Маці спрадвечная, Вучаніца свайго Сына, разважаючая над Яго словамі, над Яго жыццём.
   Маці цудоўная, Ты найбліжэйшая Езусу, Ты пазнавала Яго кожы дзень, штодзённа жывучы побач з Ім, у звычайнай і незвычайнай штодзённасці, настолькі поўнай прысутнасці Бога.
   Маці ахвяруючая, гэта з-за нас цярпеў Твой Сын, гэта з-за нас Ён зведаў столькі прыніжэнняў, нашыя грахі прыбілі Яго да крыжа. Ты прабачаеш нам раны, якія мы нанеслі Сыну, згаджаешся з Яго міласэрнасцю да нас.
   Мы не разумеем Твайго Беззаганнага Сэрца, о Найсвяцейшая, Найчысцейшая, Маці Збаўцы. Мы не разумеем Твайго шляху жыцця, хоць і разважаем над Тваім пакліканнем, ідучы слядамі таямніц ружанца. Мы молімся, разважаючы над радаснымі падзеямі, поўнымі святла, балеснымі, хвалебнымі і бачым, што Тваёй радасцю быў Езус, Тваім святлом быў Езус, Тваім болем быў Яго боль, Тваім цярпеннем – Яго цярпенне, Тваёй хвалой з’яўляецца Езус, Яго блізкасць, Яго прысутнасць, жыццё, ўгляданае ў Яго.
   Мы бачым Цябе ўнебаўзятай, зачараванай Богам, шчаслівай, настолькі блаславёнай, што Ты спасылаеш блаславенства іншым, настолькі поўнай ласкі, што яе хапае яшчэ іншым людзям. Мы паўтараем словы Тваёй малітвы, Марыя, Панна наведвання, мы слухаем Твае словы навучання, Маці з Каны Галілейскай, мы бачым Цябе пад крыжам, Маці верная.
   Маці Божая, Маці Касцёла, няхай Тваё жыццё вядзе нас, вучыць нас, як быць падобнымі да Цябе. Вучы нас радавацца, як Ты сама. Вучы нас прымаць нашае пакліканне, як Ты яго прымала, адкрываючы Беззаганнае Сэрца на ўсё, што падтрыхтаваў Айцец Міласэрнасці. 
   Радасная Марыя, поўная Духа радасці, шчаслівая, вольная, з Беззаганным Сэрцам! Ты ведаеш, што мы блукаем і мы слабыя ў нашых пастанаўленнях. Прасі для нас Духа мудрасці, вытрываласці, радасці і мужнасці, вучы нас, просім, адкрываць нашыя сэрцы на дар Божай радасці, плод Духа Божага. Мы хочам быць падобнымі да Цябе, няхай нашыя сэрцы ідуць Тваёй дарогай да Бога. Мы просім, мы называемся Тваімі дзецьмі, мы павінны быць падобнымі да Маці, жыць тым, што для Яе важна, вучыцца ў Яе жыццю. Няхай будзе ў нас Твой дух адданасці Богу, даверу і паслухмянасці, веры, надзеі і любові ў кожным выпрабаванні нашага жыцця. Няхай будзе ў нас дух Магніфікату, праслаўлення Пана.
   Навучы нас жыць Богам, пазнаваць Яго кожны дзень у кожнай падзеі, Панна слухаючая, Панна разважаючая. Мы хочам, як Ты, прымаць Езуса, насіць Яго ў сабе, нараджаць для іншых сваім жыццём і словам, спажываць Яго Цела, слухаць Яго, знаходзіць Яго, калі згубімся самі і згубім Яго з вачэй, вучыцца ў Яго, як Ты, Найсвяцейшая.
   Панна радасная, Панна праслаўлення, Панна моцная, Панна магутная, маліся за нас, вядзі нас, падтрымлівай нас, будзь нашай Маці!
  
“Найсвяцейшая Тройца,
праслаўляю Цябе, мой Божа,
люблю Цябе ў Найсвяцейшым Сакраманце”.

Перакладзена з польскага выдання
“Zapraszani do nieba.
Jednak różaniec, szkaplerz, sznur pokutny”