6.03.2014

Першая субота лістапада 2014

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

ПЕРШАЯ СУБОТА ЛІСТАПАДА

Пятнаццаціхвілёвая сустрэча з Маці Божай

ПЕРШАЯ БАЛЕСНАЯ ТАЯМНІЦА
Малітва Езуса ў Садзе Аліўным

  
   Сёння першая субота месяца. Гэта час, калі мы прымаем запрашэнне Беззаганнага Сэрца Марыі да супольнага разважання над Яе жыццём ля Езуса. Маці Божая казала ў Фаціме, што Бог хоча, каб мы пазнавалі Яе жыццё на зямлі. Нам трэба Яе ўшаноўваць не толькі ў Яе абразах як Каралеву, як Унебаўзятую, не толькі заклікаць Яе як магутную Спадарыню, але таксама разважаць над Яе пакліканнем, Яе ўкрытай дарогай. Ружанец пракладвае нам шлях, мы бачым, як моцна нам патрэбна школа Беззаганнага Сэрца.
   Найсаладзейшае Сэрца Езуса, збаўленне і радасць усіх святых, Ты не адкідваеш нас, грэшных, дазволь вучыцца ў Тваёй Маці. Няхай Твой Дух вучыць нас любіць Цябе, як Беззаганная, усім сэрцам, усім розумам.
   Духу Святы Суцяшальнік, Духу Божы, які літуешся над намі слабымі і грэшнымі, напоўні нас, адкрый нас, просім Цябе.
   Просім Маці нашага міласэрнага Пана, каб Яна суправаджала нас, каб вяла шляхам марыйным, мы хочам паглыбляцца ў таямніцы Яе жыцця і паклікання, вельмі важныя для Яе і асабістыя справы. Мы хочам набрацца адвагі і сілы ў Яе прысутнасці. Беззаганнае Сэрца Марыі, няхай нашыя сэрцы шукаюць Цябе, мы хочам пазнаваць Цябе, слухаць Цябе, вучыцца ў Цябе, о Найсвяцейшая!
   Лістапад – гэта месяц прамінання, ён спрыяе ўзгадванню памерлых, гэта час мілтвы за іх, ахвяры, пакуты. Падумаем, як дапамагчы тым, што ўжо адышлі. Што мы можам для іх зрабіць? Наша малітва ў іх інтэнцыі вельмі патрэбная. Што мы можам ахвяраваць? Падумаем пра ўдзел усім сэрцам у Святой Імшы ў іх інтэнцыі: шмат людзей памерла і не паспела вырашыць пэўных спраў, магчыма трэба было нешта выправіць, можа з кімсьці злагодзіць цяжкасці, можа неяк узнагародзіць. Ці не маглі бы мы хоць у малой ступені, хоць добрым жэстам паспрыяць вырашэнню нейкіх спраў для іх добрага завяршэння, суцяшальнага для ўсіх? Паглядзім на Марыю! Молячыся словамі Магніфікату, Яна радуецца, што ласка, дадзеная Ёй расцягваецца на ўсе пакаленні. Ці і мы не маглі б нашай малітвай, нашай ахвярай, кранацца спраў нашых блізкіх, як тых, што адышлі, так і тых, што нясуць пэўныя цяжкасці цяпер? Мы бачым, што Маці Божая хоча ўдзельнічаць, як Сын, у паяднанні пакаленняў, у тым, каб прывесці нас усіх да міласэрнага Айца.
   Езус думаў менавіта пра гэта, пра збаўленне для ўсіх, пра паяднанне ўсіх з Айцом у малітве ў Садзе Аліўным. Яго міласэрнае Сэрца прагнула нашага ратунку, згаджалася на пакуту, цярпенне і боль. Адначасова прадчуванне надыходзячай мукі напаўняла Яго страхам, Ён ведаў, на што вырашаецца, меў свядомасць таго, што Яго чакае.
   Мы бачым самотнага Збаўцу, які баіцца шэрагу цярпенняў, прыніжэнняў, раздзіраючага болю, дарогі да пакарання з крыжам, мы бачым чалавека поўнага пачуццяў і прагненняў, страхаў і надзеі. Цяжка нам сабе ўявіць гэтую ноч поўную болю і чакання болю. Езус з цалкавітым даверам маліўся да добрага Айца, згаджаючыся на Яго волю, цалкам яднаючыся з Ім, і адначасова перажываючы вялікі страх, вялікае дрыжанне. Езус ужо церпіць за нас і для нашага збаўлення.
   Марыя таксама не можа дапамагчы Езусу інакш, як толькі малітвай, любячы Сына, Яна згаджаецца з Яго пакліканнем, з Яго справай, з Яго воляй – гэта менавіта любоў да Сына хацела б Яго захаваць ад таго, што балючае і жудаснае. Мы не ведаем, што перажывала Беззаганнае Сэрца Марыі, так моцна з’яднанае з Найсаладзейшым Сэрцам Езуса. Усё жыццё Марыя імкнулася здагадвацца аб жаданнях Езуса, Яго патрэбах, Яго думках, слухала Яго словы, моцна ўглядалася ў Яго… Цяпер з гэтай любові Яна павінна прыняць тое, што Сын ідзе на смерць, поўную цярпенняў…
   Апосталы засыпаюць, ня гледзячы на просьбы настаўніка яны ўвогуле не адчуваюць цяжару гэтай ночы, не падтрымліваюць Езуса. А гэта ж свята Пасхі, калі вернікі традыцыйна чувалі на малітве. Апосталы напэўна чувалі і маліліся перад такім важным святам яшчэ да таго, як сустрэлі Езуса і пайшлі за Ім. Цяпер жа Настаўнік просіць іх чуваць гэтай ноччу, трымацца традыцыі і суправаджаць яго – і менавіта цяпер яны падводзяць…
   Марыя вымушаная прыняць сітуацыю, калі Яна не зможа быць побач з Сынам і захаваць Яго ад цярпенняў. Яна павінна згадзіцца з тым, што Сын у цярпенні будзе самотны, што гэтая балючая самотнасць належыць таксама да тых цярпенняў, якія Ён бярэ на сябе.
   Езус моліцца – мы можам дзякуючы Евангеллю пазнаць малітву нашага Збаўцы ў настолькі інтымным моманце. Якая незвычайная малітва Езуса! Ён кажа да Айца самымі чуллівымі словамі, якія толькі ведае людзкая мова, Ён кліча Айца, як малое, даверлівае дзіця, адначасова ведаючы, што Яго чакае. Якая ж еднасць Сына і Айца! Ведаючы волю Айца, які хоча нас збавіць і ўратаваць коштам незразумелых цярпенняў Сына, Езус поўны любові і даверу, Яго вялікі страх не закрывае Яго на любоў нябеснага Айца. Ніводнай хвіліны Божы Сын не сумняваецца, што Айцец хоча толькі таго, што добрае і неабходнае.
   Заўважым, што Езус запрашае апосталаў, запрашае нас, каб мы Яго суправаджалі. Ён зусім не хоча быць адзін. Шмат разоў Ён просіць аб малітве. Аднак усе падводзяць – не хапіла еднасці з Настаўнікам і Сябрам, ня гледзячы на ўсе запэўніванні.
   Евангелле не падае нам малітвы Марыі. Мы ведаем аднак, што Балесная Маці ўжо як Панна ахвяруючая Сына чула перасцярогі аб цярпенні, аб болю, аб смерці, адрывала сваё Беззаганнае Сэрца згодна з воляй адзінага, умілаванага Сына. Далікатнасць Евангелля не падае нам думак і слоў Балеснай Маці. Мы знаходзім Яе поўную веры і любові на крыжовай дарозе, пад крыжам, на месцы ганьбы, болю, смерці. Маці вытрывае да канца, суправаджаючы любага Сына, молячыся і церпячы разам з Ім, ахвяруючыся за нас.
   Такую Маці Божую мы ведаем з досведу святых. Панна мудрая і верная нікому не абяцала недахопу цярпенняў, не прапаноўвала аздараўленняў, не запэўнівала шчасця ў гэтым свеце. Маці Божая, Каралева Мучанікаў ведае, што мы можам быць упэўненымі ў прысутнасці Божай, у моцы Духа Божага, у любові Езуса.
   Гэта таксама і наша таямніца – яна асвячае нашае жыццё і пакліканне. Кожны з нас мае права баяцца цярпенняў, як Езус, кожны з нас мае права маліцца аб тым, каб пазбегнуць цяжкіх сітуацый. Адначасова па Волі Божай сустракаюць нас розныя выпрабаванні, розныя цярпенні – як Езуса, як Марыю. Ва ўсім нашым жыцці мы можам убачыць таямніцы святога ружанца. Прымем жа ружанец як святло нашага жыцця, як школу, якая рыхтуе нас да перажывання нашых таямніц.
   Наблізімся сёння да таямніцы аліўнага саду. Гэта час, калі Езус у чарговы раз згадзіўся цярпець і памерці для нашага збаўлення, для ўратавання свету. Паглядзім – ня гледзячы на тое, што ён ведаў пра гэта, прадказаў апосталам тое, што павінен цярпець, цяпер, калі хвіліна набліжаецца, ён перажывае духоўнае паміранне. Хоць ён сам прадказаў сваё ўваскрашэнне, хоць Ён бязмежна і безварункова верыць Айцу, церпіць і, як сам кажа, жадаў бы адсунуць гэты келіх.
   Таксама і Марыя, з’яднаная з Сынам – сказала ўжо сваё fiat, згадзілася ва ўсім з воляй Божай, прыняла пакліканне Сына, а аднак, Яе цярпенне таксама ўзрастае, таксама і Яна павінна цяпер у чарговы раз сказаць сваё fiat ужо не як радасная маладая дзяўчына, а як дарослая жанчына, маці дарослага Сына.
   Час аліўнага саду – страх, свядомасць жудаснай мукі, якая набліжаецца. Адзінае суцяшэнне прыносіць пасланнік Айца, анёл.
   Застанемся побач з молячымся, побач з Маці Церпячага. Мы прызвычаіліся да Езуса моцнага. Ці ўмеем мы прыняць Езуса патрабуючага нашай падтрымкі? Няхай гэта будзе час для нас. Апосталы спяць, хоць і абяцалі чуваць. Праўдападобна аднак, шмат людзей моліцца, рыхтуючыся да свята Пасхі, а таму нейкім чынам падтрымлівае Езуса, які таксама рыхтуецца да сваёй Пасхі.
   Ці мы молімся за тых, што перажываюць душэўны разлад? За Тых, што церпяць, перажываюць крызіс? Паспрабуем знайсці сябе ў гэтай сітуацыі, ці мы заснулі, ці не заўважылі, што нехта патрабуе падтрымкі, малітвы… Ці молімся мы з тымі, што перажываюць крызіс, ці мы спакушаем або здзіўляемся, або падтрымліваем? Нашае сэрца падкажа нам, дзе мы. Просім, каб нашая малітва, нашая прысутнасць несла суцяшэнне і падтымку тым, хто ў садзе аліўным. Молімся з Марыяй, Маці церпячых, Маці Касцёла, аб сіле для тых, хто баіцца. Нас не павінна здзіўляць тое, што мы баімся, бо баяўся сам Езус, Найсвяцейшая Маці.
   Застанемся пры Езусе ў таямніцы Яго балеснай малітвы. Суправаджаем у бядзе Сябра, які любіць нас, які вырашаецца несці крыж за нашыя грахі, за грахі іншых…
   О Марыя, Маці нашага Збаўцы, Спадарожніца Адкупіцеля, маліся за нас! Маці Нясучага Крыж, Маці Балесная, Маці Асуджанага! Панна верная, Вучаніца Пана, Маці міласэрнасці, просім, маліся за нас! Прасі Духа Божага, Духа Ажывіцеля, каб Ён адкрыў нашыя вушы і сэрцы, няхай Ён зробіць нашыя сэрцы падобнымi да Твайго Беззаганнага Сэрца. Амэн!

О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе,
давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу ў Цябе прабачэння за тых,
што не вераць у Цябе,
не праслаўляюць Цябе,

не давяраюць Табе і не любяць Цябе.

Перакладзена з польскага выдання
“Zapraszani do nieba. Jednak różaniec, szkaplerz, sznur pokutny”.