6.13.2013

Першая субота студзеня 2013

ТАЯМНІЦА  V БАЛЕСНАЯ
Смерць Пана Езуса на Крыжы
   
        "Прагну" (Ян 19, 28).
   О Марыя, Найчысцейшая, Балесная, Прыгожая Пані Фацімскага Паслання – будзь прывітаная!
   “Ты, о Найсвяцейшая Дзева,
Ты прыходзіш да нас у цемры,
Як Святладайны факел,
Запальваючы нематэрыяльнае святло,
Вядзеш усіх да пазнання Бога,
Сваім бляскам разсейваеш думкі
Нашым заклікам ушанаваная:
Вітай, праменю духоўнага сонца,
Вітай, маланка, асвячаючая душы,
Вітай, гром, які паражае непрыяцеляў…
Вітай, Дзявочая Сужонка”.
Прыйдзі, Духу Святы! Духу Любові, Моцы і Праўды, Духу Святла.
Прыйдзі, адчыні нашыя сэрцы – Прывядзі
да крыніцы – нашага Адзінага Збаўцы,
да адкрытага Бога нашага Адкупіцеля,
у расчыненыя рукі Марыі – нашай Маці.
Дапамажы нам цалкам прытуліцца да ўкрыжаванага Пана.
   Марыя, Маці нашая, Маці Прыгожай Любові – Маці Ўкрыжаванай Любові – мы прагнем быць з Табой, трываць пад крыжам – на гэтым месцы нашага Адкупіцеля і яшчэ раз – з найглыбейшай удзячнасцю прыняць – усім сэрцам -  у нашае жыццё – Цябе, о Балесная Маці Касцёла; пералей у нашыя сэрцы сваю веру, надзею, любоў.
   Ты – бедны і маўклівы пілігрым, не шукаеш суцяшэння; не, гэта Ты Суцяшальніца свету, стукаеш і просіш, каб Цябе прынялі, бо Ты – Маці, што прагне падзяліцца дарам свайго Сэрца – Надзеяй.
   Мы ўзносім да Цябе нашыя сэрцы, узносім нашыя вочы, поўныя даверу, адданасці, даручэння Твайму Беззаганнаму Сэрцу і Міласэрнаму Сэрцу Езуса – Гостыі.
   “Пасля  гэтага  Езус,  ведаючы,  што  ўжо  ўсё  збылося,  каб  здзейснілася Пісанне,  кажа:  «Прагну».  Стаяла  пасудзіна,  поўная  воцату.  Тады  ўздзелі  на ісоп  губку,  намочаную  воцатам,  і  паднеслі  да  Ягоных  вуснаў.  Калі  Езус пакаштаваў воцату, сказаў: «Здзейснілася!» І схіліўшы галаву, аддаў духа. (…) толькі адзін  з  жаўнераў  прабіў  дзідаю  Ягоны  бок,  і  адразу  выцекла  кроў  і  вада” (Ян 19, 28-30, 34).
   “Стаялі  ж  каля  крыжа  Езуса  Маці  Ягоная  і  сястра  Маці  Ягонай,  Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена.  Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога  Ён  любіў,  сказаў  Маці:  «Жанчына,  вось  сын  Твой».  Потым  сказаў вучню: «Вось Маці твая». І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе” (Ян 19, 25-27).
   Езус – Князь Супакою, Баранак без змазы, найпрыгажэйшы з людскіх сыноў, Збаўца свету. Ён памірае на крыжы – паслухмяны аж да смерці; і то смерці крыжовай. Як асуджаны памірае на гэтым дрэве… У падножжа крыжа – з’яднаная са сваім Сынам у Яго знішчэнні – Марыя ўдзельнічае праз веру ў жудаснай таямніцы гэтага знішчэння. Гэта хіба найглыбейшае ў гісторыі свету “праяўленне  веры”. Праз веру Марыя бярэ ўдзел ў смерці Сына – а гэта смерць адкуплення. Езус з Назарэту праз Крыж на Галгофе канчаткова пацвердзіў, што ён гэта той “знак, якому супраціўляцца будуць” (Лк 2, 34), паводле слоў Сімяона. Адначасова здзейсніліся там яго словы, скіраваныя да Марыі: “А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў” (Лк 2, 35).
   Меч прайшоў Яе Сэрца, нараджаючы невыказаны боль, найвялікшую пакуту прыгатаваную на шляху веры, калі ішла за Хрыстом. Заўсёды верная. Ад FIAT –“Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 35).
   У Фаціме Маці Божая пытаецца: “Ці хочаце вы ахвяравацца Богу і зносіць усе пакуты, якія Ён захоча вам паслаць, як акт узнагароды за грахі, якімі Яго абражаюць і як просьбу аб навяртанні грэшнікаў?”. Які я дам сёння адказ?
   Св. Павел вучыць: мы ўсе члонкі таго самага Цела. Хрыстос жыве ў людзях. Калі мы кранаемся, зраньваем, наносім боль чалавеку, то зраньваем, надаем боль Езусу. Калі да другога чалавека мы не адносімся з павагай, то якія тады мае – нашыя – адносіны да Езуса? Прыняцце Яго Цела і Крыві? Якая мая Камунія?
   “Я  ўжо  не  называю  вас слугамі, але сябрамі” (Ян 15, 15).
   Нават Юда яго сябра – назаўсёды; “Сябра, чаго ты  прыйшоў?” (Мц 26 50) – запытаў Езус, калі здраднік даў знак: “Каго я пацалую, той і ёсць; схапіце Яго і вядзіце асцярожна” (Мк 14, 44). У такіх людзях Хрыстос ужо раз цярпеў. Езус не хоча, каб мы апраўдвалі грахі, толькі прызналі і вызналі, і тады мы будзем жыць у святле “Калі ходзім у святле, як Ён ёсць у святле, то маем еднасць  паміж  сабою” (1 Ян 1, 7),  бо пакорным і скрушаным сэрцам Ты, Божа, не пагарджаеш.
   А калі Яго высмеялі… знялі з Яго плашч… і завялі на ўкрыжаванне… Балесная таямніца.
   Яны здзіраюць з Яго шаты, прычыняюць боль. Вучаць той любові, што ні перад чым не адступае. У тую ноч Ён – Баранак без змазы – палюбіўшы сваіх, да канца іх палюбіў. І гэта роля Касцёла: трываць на малітве і праслаўляць. Толькі любоў Езуса вызваляе і збаўляе свет. Трывайма ў Яго любові. Калі мы ёй не жывем, то ўсё нашае хрысціянскае жыццё робіцца пародыяй хрысціянства, фарсам, забавай, гульнёй. А дзеля Яго – укрыжаванага з любові да нас – гэта боль, гэта церні, прабіваючыя Сэрца Беззаганнай. І шатан з усмешкай насміхаецца… Крыжовая дарога, якой ішоў Езус, гэта любоў, якая пераўзыходзіць ўсялякае разуменне. Ужо з першай стацыі мы бачым, як свет адносіцца да Бога. Гэта не Бог судзіць, гэта свет… судзіць Бога. І Бог сам нам кажа: “Не судзіце, і не будуць судзіць вас” (Лк 6, 37). Трэба любіць, каб не судзіць, бо “вусны  гавораць  тое,  чым перапоўнена  сэрца” (Мц 12, 34).  Гэтая поўня – малітва. Езус не бачыць катаў, Ён бачыць Бога Айца: “Ойча, прабач ім”.
   Гіяцынта ў адной з візій убачыла Святога Айца цяжка пакутуючага: “Я ўбачыла Святога Айца ў вельмі вялікім доме, ён кленчыў каля століка, твар закрыў далонямі і плакаў. Звонку было шмат людзей, некаторыя кідалі ў яго камяні, іншыя выкрыквалі і казалі брыдкія словы. Бедны Святы Айцец, мы павінны шмат за яго маліцца”.
   Падчас трэцяга аб’яўлення Маці Божая прадказала распаўсюджванне камунізму: “Бязбожная прапаганда распаўсюдзіць сваю аблудную навуку па ўсім свеце, выклікаючы войны і пераследванне Касцёла, справядлівыя будуць замучаныя, а Святы Айцец будзе шмат пакутаваць. Згінуць розныя народы.
   У канцы, аднак, маё Беззаганнае Сэрца затрыюмфуе. Святы Айцец прысвеціць мне Расію, якая навернецца і на нейкі час у свеце запануе супакой”.
   Марыя не перастае прасіць нас аб супрацоўніцтве ў збаўленні свету, у ратаванні душ. Яна – балесная Маці Касцёла. Як я захоўваю вернасць крыжу і Евангеллю? Ці я памятаю ў сваіх малітвах пра Святога Айца, любага Бэнэдыкта XVI, так балесна выпрабаванага?
   Калі Хрыстос збаўляе свет, Ён мае Цела Дзевы Марыі, Сэрца, якое любіць. Усё, што Яму засталося – гэта Цела, якое Ён прыняў з Дзевы Марыі і Сэрца здольнае любіць. Тое, што Ён атрымаў ад Бога. Сам пакутуючы Хрыстос прысутнічае ў Эўхарыстыі: “Я за іх прысвячаю самога сябе” – гэта Любоў, гэта не справа пачуццяў. Дзякуючы гэтай Любові мы таксама пакліканыя, каб прыносіць плён – любоў”.
   Таямніца Любові ў Пакуце, Пасіі. Трывае Яна ў Эўхарыстыі і трывае ў нас, бо мы носім у сабе кананне Езуса. Бясконцую любоў можна выразіць толькі праз цалкавітую ахвяру, адданне жыцця – “кропля за кропляй…” Наш Збаўца – падняты на крыжы, пазбаўлены ўсяго. “Езус ведае, што Марыя мусіць быць не толькі далучаная да ахвяры, складанай Айцу, але і ў Яго адданні людзям. (…) Яе таксама – у акце найвышэйшага вынішчэння – Ён даў свету, перш чым сваю місію дапоўніў ахвярай асабістага жыцця”.
   Вось Сын Твой,
Вось Маці Твая,
Ойча, у Твае рукі…
і схіліўшы галаву, аддаў духа.
   Гэтая смерць сталася пачаткам Новага Жыцця. Крыж стаўся брамай. Трэцяга дня ўваскрос і… забраў страх смерці: “Я памёр, а цяпер жыву”.
   “Пане Езу Хрысце, у гадзіну Тваёй смерці сонца пакрылася цемрай. Ты кожны раз нанова прыбіты да крыжа. Менавіта ў гэтую гадзіну гісторыі мы перажываем адсутнасць Бога. З-за няспыннага цярпення і людскога каварства аблічча Бога, Тваё аблічча, здаецца схаваным, нераспазнавальным. Але менавіта на крыжы Ты даў сябе пазнаць. Гэта таму, што Ты, які пакутуеш і любіш, узвышаны. Менавіта там Ты затрыумфаваў. Дапамажы нам распазнаць Тваё аблічча ў гадзіну цемры і разгубленасці. Дапамажы нам паверыць у Цябе і ісці за Табой у гэтую гадзіну. Зрабі, каб аб’явілася Тваё збаўленне”.
   Святая Марыя, нашая Маці, вучы нас усё глыбей пазнаваць, усё мацней любіць і ўсе больш верна наслядоўваць Езуса. Вучы нас трываць пад крыжам, прымаць крыж, ахвяроўваць жыццё – у еднасці з Езусам: “Я – хлеб жыцця. Хто спажывае маё Цела і п’е маю Кроў, мае жыццё вечнае” (Ян 6, 35, 34).
   У Фаціме Ты аб’явіла Францішку, Гіяцынце і Луцыі – сваё балеснае Сэрца, а таксама жудасную візію пекла. Яно сапраўды існуе і да яго ідзе так шмат, шмат душаў. “Яны ідуць туды, бо няма нікога, хто б за іх маліўся і складаў ахвяры, пакутаваў” – казала Ты з боллю.
   Ці я адкрываю сваё сэрца для ўсіх, хто патрабуе дапамогі, хто знаходзіцца ў небяспецы вечнага асуджэння?
   Давайце адзін за аднаго маліцца, каб з яшчэ большым запалам выканаць просьбы – заклік Фацімскай Спадарыні; каб наш адказ, наша адказнасць за лёсы свету і збаўленне душ была поўная даверу і веры ў трыюмф Беззаганнага Сэрца Марыі і надыходу эўхарыстычнага валадарства. Трывайма ў Яго Любові, у промнях любові і міласэрнасці. Амэн.