6.13.2013

Першая субота сакавіка 2013

ТАЯМНІЦА  I  БАЛЕСНАЯ
Малітва Пана Езуса ў Садзе Аліўным

  “Цяпер усхвалявана душа мая;  і  што  Мне  сказаць?  Ойча,  захавай  Мяне  ад  гэтай  гадзіны.  Але  ж  дзеля гэтай  гадзіны  Я  і  прыйшоў.  Ойча,  услаў  імя  сваё!” (Ян 12, 27-28).
    О Марыя, Найчысцейшая Маці, Панна ласкавая, Прыгожая Фацімская Панна, Маці Балесная, Каралева Ружанца Святога – будзь прывітаная!
    Маці Балесная! З’яднай нас з сабою, каб сёння ў першую суботу сакавіка 2013 году, у чарговую суботу Вялікага Посту, мы ішлі разам з Езусам па слядах Яго крыві, падзяляючы Яго страшную муку і Твой боль.
   Пасля Вячэры, перад пачаткам справы Адкуплення, Езус маліўся ў Садзе Аліўным – Гефсіманіі.
   “Выйшаўшы,  Ён  пайшоў,  як  звычайна,  на  Аліўную  гару.  За  Ім  пайшлі таксама вучні.  Калі прыйшоў на месца, сказаў ім: «Маліцеся, каб не паддацца спакусе».  А  сам  адышоў  ад  іх,  укленчыў  і  маліўся, кажучы: «Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца».  І з’явіўся Яму анёл з неба, суцяшаючы Яго.   І, моцна пакутуючы,  Ён  маліўся  яшчэ  больш.  А  пот  Ягоны  быў,  быццам  кроплі  крыві, што падалі на зямлю.  Калі ўстаў пасля малітвы і прыйшоў да вучняў, убачыў, што  яны  заснулі,  змучаныя  тугою.  І  сказаў  ім:  «Чаму  вы  спіце?  Устаньце  і маліцеся, каб не паддацца спакусе” (Лк 22, 39-46).
    Езус выбраў ноч і сад; тут Ён адчуваў трывогу; “тут Езус зведаў канчатковую самотнасць і ўсю немач існавання чалавека. Тут бяздонная атхлань граху і ўсяго зла прасякла да самай глыбіні Яго душы. Тут Ён перажыў ашаламленне блізкай смерці. Тут пацалаваў Яго здраднік. Тут пакінулі Яго ўсе вучні. Тут Ён змагаўся таксама за мяне” – запісаў у кніжцы “Езус з Назарэту” кардынал Ю. Рацінгер – Святы Айцец Бэнэдыкт XVI.
   Боскі Настаўнік бярэ с сабой у Аліўны Сад тых, каго любіў больш за ўсё: Пятра, Якуба і Яна, якія былі сведкамі Яго Перамянення на Гары Фавор. Цяпер Ён жадае зрабіць іх сведкамі сваёй пакуты. Ён просіць: “Маліцеся, каб не паддацца спакусе, каб не ўвайсці ў спакусу…”.
   Гэта гадзіна цемры. Гефсіманія і трывога канання працягваецца…
   У 1991 годзе бл. Ян Павел II пасля вяртання з Фацімы, казаў: “Пасланне з Фацімы гэта заклік да навяртання і пакуты, гэта першы і падставовы заклік Евангелля. Сёння яно найбольш настойлівае, як ніколі раней, бо зло пагражае нам аблудамі, звязанымі з адрачэннем ад Бога. Фацімскае пасланне заклікае нас да чування. Яно заклікае нас таксама, каб праз акт прысвячэння мы наноў наблізіліся да Крыніцы Міласэрнасці. Марыя хоча, каб мы наблізіліся да іх; кожны з нас, кожны народ і ўвесь свет”.
   Сядайце тут… маліцеся… а сам адышоў ад іх на адлегласць кідка камяня – упаў на зямлю ў нязмерным смутку. Якая далікатнасць любові… Якая нязначнасць вымаганняў. Езус хоча толькі, каб Апосталы былі побач… просіць аб прысутнасці. Калі Ён памнажаў хлябы, суцішаў навальніцы, прадказваў, аздараўляў, яны не мусілі быць каля Яго. Цяпер Ён просіць, каб яны былі блізка. Цяпер “гучна і з плачам Ён заносіць горкія просьбы і малітвы да Таго, хто мог Яго збавіць ад смерці і быў выслуханы дзякуючы сваёй паслухмянасці”.
     “Ойча, калі хочаш… калі гэта магчыма…”. Цярпенне і любоў. Не адмаўляецца. Ад самага пачатку прымае ўсё вялікадушна… без рэшты. Ён заўсёды робіць тое, што падабаецца Айцу… Заўсёды выконвае Яго волю.
   Агонія – вялікае змаганне – не тое, што Я хачу, але тое, што Ты… – няхай станецца.
   Гэта таямніца хрысціянскай малітвы: узняцца на тую вышыню, каб з сэрца выплывалі словы: як Ты хочаш бо Ты ведаеш усё маё жыццё… Вытры кожную слязу… бо гэта сляза – сляза Твайго дзіцяці, калі толькі яна чыстая – мае вялікую вартасць у Тваіх вачах.
   “Убачыў, што яны паснулі са смутку… Чаму спіце… маліцеся…”.
   Апосталы – Касцёл – спіць! Мы ў нашых супольнасцях сямейных, парафіяльных, манаскіх… можам заснуць побач з цярпеннем… А гэтая гадзіна ўжо не паўторыцца. Мы можам не мець гэтай далікатнасці і не заўважыць, што побач нехта церпіць…
   Бог хоча толькі, каб мы былі пры Ім, калі Ён збаўляе, каб мы былі сведкамі.
   Сумны вобраз Касцёла: з вялікай радасцю, ахвотай быў пры Ім , калі Ён памнажаў хлябы… але, калі праяўляе слабасць… не ўжывае сілы, гвалту… застаецца адзін.
   “Вы ўсе засумняваецеся ўва мне, пакінеце Мяне аднаго. Але я не адзін, бо Айцес са Мной”.
   Езус просіць вытрываць пры Ім у такіх сітуацыях… “Сказаў вам гэта, каб мелі ўва Мне супакой. У свеце вы спазнаеце смутак, але адвагі! Я перамог свет” (Ян 16,33).
   Вам нельга засумнявацца, паддацца спакусе. Выртрывайма пры Ім да канца, да апошняй кроплі Яго, нашай крыві.
   Колькі выцярпеў Хрыстос… і далей – так моцна церпіць у сваім Касцеле. У рымскім Калізеі 25.03.2005 г. падчас крыжовай дарогі, з вуснаў і сэрца кардынала Ю. Рацінгера гучалі балесна ўзрушваючыя, праўдзівыя словы: “Колькі ж разоў злоўжываецца Сакрамэнтам Яго Прысутнасці, у якую ж пустэчу і злосць сэрца Ён так часта ўваходзіць! Колькі ж разоў мы кіруем Ім, не зважаючы на Яго нават увагі!”.
   Колькі ж разоў Яго слова перахвачанае і надужыванае! Як жа мала веры ў гэтых тэорыях, колькі пустаслоўя. Колькі бруду ў Касцёле, і менавіта сярод тых, што праз святароў павінны цалкам належыць Яму. Колькі ж ганарлівасці і самалюбства! Як жа мала мы цэнім сакрамэнт паяднання, у якім Ён чакае, каб узняць нас з нашых падзенняў! Усё гэта прысутнічае ў Яго пакутах.
   Здрада вучняў, нягоднае прыняцце Яго Цела і Крыві, гэта напэўна самы вялікі боль, які перажывае Яго Сэрца. Нам не застаецца нічога іншага, як звярнуцца да Яго з самай глыбіні душы, заклікаючы: “Kyrie elejson, ратуй, Пане!!!”.
   Адкрыем нашыя сэрцы на фацімскі заклік, заклік да таго, каб абудзіцца са сну. Каб гэтае святло, якое Марыя перадала маленькім пастушкам, магло прасякнуць глыбіні нашых сэрцаў, пабуджаючы да ўзнагароды за грахі нашыя і ўсяго свету, да пакуты… да штодзённай малітвы на ружанцы, практыкавання першых субот месяца, да споведзі, да св. узнагараджальнай Камуніі. Каб па прыкладу Францішка, Гіяцынты і Луцыі мы забываліся пра сябе і памяталі просьбы Фацімскай Пані, Яе абяцанні.
   Калі ў Фаціме Марыя заахвочвала, прасіла прысвяціць свет у ахвяры Яе Беззаганнаму Сэрцу, то не скіроўвала гэтага жадання дзеля сябе. Марыя прагне толькі ўшанавання Сына.
    О мой Езу, у тую ноч, што была цудам Тваёй бясконцай любові, калі Ты ўзяў на сябе нашыя слабасці, грахі, калі Ты цярпеў, канаў… колькі ж добрых шляхетных душ, узрушаных Тваімі балеснымі скаргамі, было пры Табе, удзельнічала ў Тваёй горычы і смертных пакутах?
   “Будзь узмоцнены шэрагамі душ, што ў гэтую самую цяжкую хвіліну, лепш за Апосталаў дзеляць з Табой смутак Твайго Сэрца, супрацоўнічаюць з Табой для збаўлення свайго і іншых”.
   Каб жа і мы маглі прынесці Табе суцяшэнне… і ахвярамі ўзнагародзіць Богу за грахі, якімі Яго няспынна так моцна зневажаюць. Як важны гэты адказ нашых сэрцаў на заклі Фацімскай Спадарыні. Наш адказ, а адначасова адказнасць за лёс свету і збаўленне душ. Молімся адзін за аднаго, каб наш адказ быў поўны гарачай веры, надзеі і любові.
   Марыя – Фацімская Спадарыня, Маці нашая, дапамажы нам слабым і грэшным, узняцца да новага жыцця ў еднасці з Богам.
   “Маці Адкупіцеля, марская Зорка, да неба сцежка найпэўнейшая, Ты брама ўваходу да вечнага раю, падтрымай гінучы люд, заблытаны ў сваіх грахах, які прагне з іх паўстаць…”.
   Будзь Маці ўбогіх,
Будзь Маці еднасці і супакою,
Будзь Маці надзеі.
   Усе мы аддаемся Табе з даверам. Пастанаўляем ісці з Табой за Хрыстом, Адкупіцелем чалавека і няхай нас не затрымлівае стомленасць, праца няхай не спазняе нашых крокаў, перашкоды няхай не згашаюць у нас адвагі, а смутак радасці сэрца.
   Давяраючы Тваёй мацярынскай апецы, о Марыя, і даручаючы Табе ўсё, чым мы ёсць і што маем, мы пастанаўляем ісці з Табой за Хрыстом да перамогі Твайго Беззаганнага Сэрца. Амэн.