6.13.2013

Першая субота лютага 2013

ТАЯМНІЦА IV РАДАСНАЯ
Ахвяраванне Езуса ў Святыні

   “Было  святло  праўдзівае,  якое  асвятляе  кожнага  чалавека,  які  прыходзіць на свет.  У свеце было Слова, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго” (1, 9-10).
   О Найчысцейшая, Беззаганная Марыя, Маці Даверу, Дзева Ахвярная, Прыгожая Фацімская Спадарыня, будзь прывітаная!
   Святая Марыя! – ціхая і пакорная; Ты з даверам чакаеш, як Сімяон, “суцяшэння Ізраіля” і выглядаеш, як Ганна, “выбаўлення Ерузалему”, будзь прывітаная!
    Дзякуючы Твайму “Так” надзея ўвайшла ў гісторыю свету. Сёння, ў гэтую першую суботу лютага 2013 года, мы хочам дзякаваць Табе, Любая Маці за Тваё нястомнае заступніцтва за нас і за Святы Касцёл.
   Мы прагнем, чаго так выразна прасіў Пан Езус у Фаціме, “узнагародзіць за тых, што публічна імкнуцца пасеяць у сэрцах дзяцей абыякавасць, пагарду, а нават нянавісць да Беззаганнай Маці”. Нявеста Духа Святога! Маці Прыгожай Любові, Ты ўсё сваё жыццё аддала Асобе і Справе свайго Сына, з даверам прымаючы волю Бога. Навучы нас і дапамажы нам захоўваць у сэрцы таямніцу Яго жыцця, захоўваць Яго слова і разважаць над ім у цішыні нашых сэрцаў, так як Ты гэта рабіла. Прыйдзі, Духу Святы; прыйдзі і адкрый нашыя сэрцы, спашлі полымя Тваёй моцы, вывядзі нас з цемры да святла Праўды, каб жыццём мы паццвердзілі прынятае пасланне, адданасць Беззаганнаму Сэрцу Марыі – за жыццё і збаўленне душ.
   Цяпер час збаўлення.
   Марыя і Юзаф, паслухмяныя Волі Божай, адкінулі ўсе прывілеі, і – спаўняючы наказы Права Майсея – прынеслі Дзіцятка Езус да ерусалімскай святыні, каб прадставіць Яго Пану. “Кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; і каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або двух галубіных птушанят” (Лк 2, 22-24). Марыя – першая сярод убогіх Пана, у рэчаіснасці ахвяруе сапраўднага Баранка – Збаўцу света, Адкупіцеля чалавецтва.
   “Падыміце, брамы, вярхі вашы і расчыніцеся, брамы спрадвечныя, і ўвойдзе Валадар Славы. Хто Ён, гэты Валадар Славы? – Госпад магуццяў, вось хто такі Валадар Славы” (Пс 24, 9-10).
   Менавіта гэты псальм павінен гучаць у ерусалімскай святыні, у хвіліну прыходу ўкрытага ў людскім, слабым целе, народжаным у бэтлеемскім жлобку, падданага праву вукупу – Адкупіцеля чалавецтва.
   У гэты час… прыходзіць незаўважаны… святыня маўчыць…
   Толькі старац Сімяон – “чалавек справядлівы і пабожны, які чакае суцяшэння Ізраіля, на якім спачывае Дух Святы, што аб’явіў яму, што ён памрэ пакуль не ўбачыць Месію Госпада” – і прарочыца Ганна, што была на схіле дзён сваіх. Мела 84 гады. Не пакідала святыні, служачы Богу пастом і малітвай ўдзень і ўначы. Прыйшоўшы менавіта ў гэты час, яна хваліла Бога і казала пра Яго ўсім, хто чакаў выбаўлення Ізраіля. Ганна – “ад дзявоцтва свайго з мужам жыла сем гадоў і жыла ўдавой”. Толькі яны бачаць і могуць сведчыць. Калі Сімяон сустракае ў святыні Езуса, Юзафа і Марыю, бярэ на рукі Дзіця і бласлаўляе Пана: “Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару,  паводле слова Твайго, у спакоі” (Лк 2, 29). Давайце перажывем гэтае блаславенства ў хвіліну цішыні…
   “Марыя аддае Дзіця святому старцу Сімяону. Па волі Божай, гэта Марыя – тая, што дае людзям Езуса”.
   Мы таксама можам узяць у свае рукі Дзіцятка Езуса і сэрцамі, поўнымі веры, казаць за Сімяонам: “бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў, святло для асвятлення язычнікаў і хвалу народу Твайго Ізраэля” (Лк 2, 30-32).
   Сімяон у самых простых абставінах пазнаў Бога. Знак настолькі просты, што яго можна не заўважыць… Эўхарыстыя, кансэкрацыя… у штодзённасці гэтай прыгажосці можна не заўважыць. Калі мы будзем чакаць надзвычайнасці, то не заўважым Месіі Госпада, так як убачыў гэта Сімяон.
   Найсвяцейшая Панна Марыя няспынна заклікае да пакуты, навяртання, просіць аб штодзённым ружанцы. У кожным з шасці аб’яўленняў у Фаціме ўвесь час просіць, схіляе да штодзённай малітвы на ружанцы. Сястра Луцыя кажа: “Глыбокае навяртанне не можа мець плёнаў без штодзённага ружанца”. У Фаціме “Дзева Марыя сышла з неба, каб нагадаць нам праўды Евангелля”.
   Таямніца нараджэння вучыць нас, што Бог – хоць укрыты – дзейнічае, каб выканалася Пісанне.
   Таямніца ахвяравання паказвае, што – калі мы хочам, каб усё нашае жыццё было ахвяраванае і прысвечанае, асвечанае, мы павінны дазволіць дзейнічаць Богу. Марыя жыве верай. Поўная ласкі Яна аб’яўляецца ў тым, што верыць. Яна таксама павінна давяраць Богу, даверыцца Яму.
   “Увесь час наноў Бог ужывае Яе як святло, каб весці нас да Сябе (…). Вера развіваецца (…). Гэта звязана таксама з усё мацнейшым уваходам у свет Маці Божай як указальніка, як святла ад Бога, як Маці, праз якую мы можам таксама распазнаць Сына і Айца. Так. Бог даў нам знак. Менавіта ў XX стагоддзі. У нашым рацыяналізме і адносна паўстаючых дыктатур – Ён паказвае на пакору Марыі, якая аб’яўляецца малым дзецям, і кажа тое, што з’яўляецца істотным: вера, надзея, любоў, пакута (…) . Людзі тут знаходзяць вакно” (Бэнэдыкт XVI). “Я бачыў у Фаціме, як сотні тысяч людзей, дзякуючы таму, што Марыя перадала маленькім дзецям, у нейкім сэнсе знаходзяць зрок, які дапамагае аглядаць Бога ў гэтым свеце з яго абмежаванасцямі і ўсёй яго закрытасці” – прызнае папа.
   Езус Хрыстус – Жыццё свету і кожнага чалавека –
Святло, якое асвячае,
Праўда, якая збаўляе і вызваляе,
Любоў, якая вядзе да поўні – вось місія ахвяраванага Дзіцяткі.
   Які мой погляд? Якія вочы майго сэрца? Якая любоў да Бога і чалавека? “Пане, Ты стварыў нас для Сябе, і неспакойнае нашае сэрца пакуль не спачне ў Табе” (святы Аўгустын).
   “Тое, што робіць асобу чалавека вялікай, гэта пячаць Бога, якую яна носць у сабе. Як напісана ў Святым Пісанні, была яна створаная па вобразу і падабенству Бога”.
   Якое месца Бога ў маім жыцці?
   “Дзеля чаго патрэбна жыццё, калі не дзеля таго, каб аддаць яго, і аддаць Усявышняму?” – шмат разоў у сваіх вершах паўтарае гэтае пытанне казахскі паэт Ахмед Ессаў.
   “Трэба навучыцца аддаваць сябе, палаючы перад абліччам Бога, як гэтае святло, запаленае на падсвечніку, асвячаючае людзей якія ходзяць у цемры; як гэтыя лямпачкі, што гараць каля алтара, свецячы, згараюць да канца”.
   Паглядзім на Марыю. Аб чым Яна просіць у Фаціме? 13 мая 1917 году ў першым аб’яўленні Яна запыталася ў Гіцынты, Францішка і Луцыі, ці не хочуць яны ахвяраваць Богу ўсе досведы і цярпенні, якія Ён ім спашле; у інтэнцыі ўзнагароды за гріхі, якімі Яго зневажаюць; у інтэнцыі навяртання грэшнікаў. Дзеці павінны былі ўчыніць гэта ў еднасці з Найсвяцейшай Эўхарыстыяй і праз штодзённую малітву ружанца.
   Наколькі маё сэрца гатовае ахвяраваць радасці і клопаты, цярпенні, непаразуменні, стому, боль? Наколькі я гатовы да  дробных  ахвяр, посту, пакуты – для Бога? У інтэнцыі, аб якой просіць нашая Маці?
   Падчас кожнай Эўхарыстыі мы стаім перад абліччам Укрыжаванай Любові. І сёння Яна бывае жудасна, цалкам адкінутая, высмеяная… У Фаціме Марыя заклікае нас да ўзнагароды Богу за грахі нашыя і ўсяго свету; за багахульствы і зневажанне Божай Любові, якой напоўнена Эўхарыстыя. Можна сказаць, што нават калі б мы выканалі ўсе просьбы, да якіх заклікае нас фацімскае пасланне, і амінулі эўхарыстычнае вымярэнне – просьбу аб Святой узнагараджальнай Камуніі ў першыя суботы месяца – мы б не прынеслі радасці таму, чаго прагне і да чаго заклікае нас Найсвяцейшая Панна Марыя.
   Езус Хрыстус раз назаўсёды праз сваю ганебную, жудасную смерць на крыжы, стаўся найдасканальшай узнагародай Айцу за ўсе нашыя грахі. Аднак Бог, наш Айцец, жадае нашага ўдзелу ў ахвяры свайго любага Сына. Найвышэйшай формай гэтай асабістай узнагароды з’яўляецца Эўхарыстыя, Святая Камунія і адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту.
   У трэцяй візіі – ясны анёл, апрануты ў святло, трымаў у далоні келіх, а над ім Гостыю, з якой сплывалі да келіха кроплі крыві. Цудоўным чынам келіх і Гостыя затрымаліся ў паветры ў ззяючым арэолі, калі анёл укленчыў каля дзяцей, заахвочваючы іх тры разы паўтарыць малітвы:
   “Найсвяцейшая Тройца, Айцец, Сын і Дух Святы, у найглыбейшай пакоры аддаю Табе пашану і ахвярую Табе Найдаражэйшыя Цела і Кроў, Душу і Боскасць Езуса Хрыста, прысутнага на алтарах усяго свету як узнагароду за знявагі, святататства і абыякавасць, якія Яго зневажаюць. Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і Беззаганнага Сэрца Марыі прашу Цябе аб ласцы навяртання бедных грэшнікаў”.
   Потым ён ўзняўся, ізноў узяў келіх у рукі. Гостыю даў Луцыі, а тое, што было ў келіху даў выпіць Гіцынце і Францішку, кажучы: “Бярые і пейце Цела і Кроў Езуса Хрыста, жудасна зняважанага няўдзячнымі людзьмі. Узнагарода за іх злачынствы і суцяшэнне нашага Пана”.
   Сэрцы дзяцей прасякла прысутнасць Божая, прыносячы ім супакой і радасць. З’яднаемся з нашым Боскім Збаўцам, схаванага ў Найсвяцейшым Сакраманце, каб стаць ахвярнай Гостыяй, каб ушанаваць свайго Айца, пакланіцца Яго велічы і святасці Яго імя!
   Эўхарыстычнае Сэрца Езуса – Сэрца настолькі самотнае і прыніжанае, пакінутае, забытае шматлікімі…
   Сэрца Езуса, палаючае любоўю да нашых сэрцаў – змілуйся над намі.
   Ушаноўваю Цябе і праслаўляю. Няхай жыву ўжо не я, але Ты жыві ўва мне… Амэн.
   Давайце адновім сёння прысвячэнне Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Прысвячэнне таго, чым мы з’яўляемся і што маем. Аддадзім Ёй дні добрыя, радасныя і шчаслівыя, але таксама цяжкія і балючыя, нашыя слабасці, хваробы, стомленасць, запрацаванасць; а таксама вялікія і прыгожыя прагненні, якія Бог улівае ў нашыя сэрцы. Давайце будзем узнагароджваць таксама за бацькоў і за ўсіх, што не дазваляюць дзецям кахаць і пазнаваць Марыю, не дазваляюць удзельнічаць у рэлігійных набажэнствах.
   Даручым Яе Беззаганнаму Сэрцу гэтых дзяцей, якіх жорстка пазбаўляюць магчымасці ўзрастаць у веры ў Бога, у якіх адбіраюць надзею і якія не адчуваюць мацярынскай Любові. Прысвецім Найсаладзейшаму Сэрцу Марыі ўвесь свет, народы, сем’і. Заўсёды – у Яе Сэрцы – мы ў бяспецы.
   Наш меч болю – злучым з Яе…
   “Няхай будзе блаславёны Бог і Айцец Пана нашага Езус Хрыста (…). З любові Ён прызначыў нас для сябе” (пар. Эф 3-4).
   Мы Яго справа, мы створаныя ў Езусе Хрысце дзеля добрых учынкаў, якія Бог загадзя прыгатаваў, каб мы іх выконвалі. Ён усё зрабіў паводле плану любові. Ён палюбіў Найсвяцейшую Панну Марыю і ўчыніў Ёй вялікія справы (пар Лк 1, 49). Палюбіў Яе дзеля Сябе. Палюбіў Яе дзеля нас. Даў Яе самому Сабе і даў Яе нам.
   Поўная ласкі, Марыя! Трываючы ў камуніі сэрцаў з любым Святым Айцом Бэнэдыктам XVI, молімся: “Сваім ТАК Ты згадзілася на планы Створцы і адчыніла нам шлях збаўлення, Ты сама навучы нас казаць нашае “так” волі Пана. Няхай гэта будзе “так” з’яднанае з Тваім, без рэшты, каб нарадзіць новага Чалавека, Хрыста, адзінага Збавіцеля свету і гісторыі. Дай нам адвагу казаць “не”, калі нас падманваюць ўлада, грошы, прыемнасці; “не” – недабрасумленнасці, зайздрасці, карупцыі, крывадушнасці, эгаізму і гвалту”.
   Беззаганнае Сэрца Марыі – Брама неба, блаславі нашыя сэрцы, што аддаюцца Табе, Totus tuus, Tota tua, Maryja! Амэн.