І. ХЛЕБА НАШАГА ШТОДЗЁННАГА
ДАЙ НАМ СЁННЯ
(МЕДЫТАЦЫЯ)

  Што такое хлеб для чалавека? Бо так бывае, што чалавек, для якога хлеб гэта харчаванне, толькі тады, калі адчувае яго недахоп, пачынае разумець, наколькі вялікім скарбам з’яўляецца кромка хлеба. Памятаю, як кс. Цэзар Юркевіч, мой сабрат, апавядаючы часта гісторыі свайго жыцця, дадаваў словы адной з палатынскіх малітваў: “Ты даў ім хлеб з неба, які мае ў сабе ўвесь смак” – і сказаў, што іх значэнне ён зразумеў толькі ў канцэнтрацыйным лагеры ў Дахаў.
   Калі памёр лекар прафесар Брэйтенбах, тры яго сыны пачалі дзяліць спадчыну пасля айца згодна з яго апошняй воляй. Там былі старыя, выкананая рукамі дубовая мэбля, цяжкія дываны і каштоўныя абразы. Праглядаючы шуфляды, у аднай з іх яны знайшлі дзіўны, цвёрды прадмет завёрнуты ў паперу. Пасля таго, як яго распакавалі, яны ўбачылі скамянелую палову буханкі хлеба. І тады старая гаспадыня расказала здзіўленым сынам гісторыю гэтага хлеба: “Гэта было падчас другой сусветнай вайны. Іх айцец цяжка захварэў. Да гэтай хваробы далучыўся агульны стан вычарпанасці. Трэба было добра есці.
   Былі гэта цяжкія часы. Менавіта ў гэты крытычны момант адзін са знаёмых прыслаў паўбуханкі хлеба. Хоць прафесар вельмі ўзрадаваўся гэтаму падарунку, але не з’еў хлеб. Ён ведаў, што ў суседнім доме дачка настаўніка была хворая і цярпела з голаду. Ён сказаў тады: “Што я… стары чалавек, маладому жыццю гэта больш патрэбна”. І я была вымушаная занесці гэты хлеб да дому настаўніка. Як аказалася пазней, яго жонка таксама не хацела ўзяць гэты падарунак, а аддала яго ўдаве, якая жыла пад дахам. Але і тут не скончылася дзіўнае падарожжа хлеба. Старушка занесла яго да сваёй дачкі, якая жыла разам з дзвума дзяцьмі на суседняй вуліцы ў падвале. У сваю чаргу, дачка, гледзячы на гэты хлеб, узгадала старога лекара, які вылячыў аднаго з яе дзяцей з цяжкай хваробы і не ўзяў за сваю працу грошай. Таму пайшла з гэтым хлебам да дому доктара, а той адразу пазналі гэты хлеб”, скончыла гаспадыня. Калі прафесар зноў трымаў у далонях гэты кавалак хлеба і слухаў апавяданне пра яго падарожжа, быў так глыбока ўзрушаны і сказаў: “Пакуль сярод нас пануе такая любоў, я не баюся за нас”. Але хлеб не з’еў. Толькі сказаў мне: “Дахавай захаваем яго, а калі нас пачне ахопліваць маладушша, досыць таго, што мы на яго паглядзім”.
   Калі гаспадыня скончыла апавядаць, тры браты доўга яшчэ маўчалі. Нарэшце старэйшы з іх сказаў: “Думаю, што мы павінны падзяліць гэты хлеб. Кожны з нас захавае свой кавалак як успамін пра айца, а таксама як нагадванне той укрытай у чалавеку моцы, якая не пакідае яго нават у самай вялікай патрэбе”.
   Кіпрыян Норвід у вершы “Мая песня” ўзняў хлеб аж да вышыні Боскага паходжання.
   “Да таго краю, дзе крошку хлеба
Узносяць з зямлі праз ушанаванне
Для дароў Неба… Я сумую, Пане…”
   Жывучы далёка ад Айчыны, часта можна ўбачыць зняважаны хлеб, пакінуты, які ўжо не мае ніякай каштоўнасці. Што можа нагадваць такі хлеб сучаснаму чалавеку, які слухае пра цуд яго памнажэння? Сучаснасць, як пакуса, якая ўвесь час ідзе за чалавекам і імкнецца спіхнуць Езуса толькі на зямное вымярэнне. Але Хрыстос не дазваляе зачыніць сябе ў такім цесным коле. Таму Ён уздымаецца на гару. Хто хоча ісці за Ім, павінен узяцца за труд уздымання і шукання. І натоўпы ішлі за Езусам і так уважліва Яго слухалі, што нават забыліся пра Ежу. Яго словы: “Шукайце перш за ўсё Валадарства Божага і яго справядлівасці, а ўсё іншае дадзена будзе вам” людзі разумелі даслоўна.
   Езусавы цуд памнажэння хлябоў быў ужо абяцаны ў Старым Запавеце, калі прарок Елісей цудоўна накарміў людзей, маючы толькі дзесяць ячменных бліноў. Але ў гэтым месцы мяне ахоплівае непакой, бо тыя, што былі найбліжэй, не паверылі ў немагчымыя рэчы, якія чыніць Бог. Бо як растлумачыць не здіўленне, а недавер слугі прарока, які пытае: “Як жа я падзялю гэта на сто чалавек?” У Евангеллі Андрэй, брат Сімона Пятра кажа да Езуса: “Ёсць тут адзін хлопец, які мае пяць хлябоў ячменных і дзве рыбы, але што гэта дзеля такой колькасці?”.
   Як вельмі я патрабую Божай моцы, каб магчы далей перажываць сваю людскую немач і ўзносіцца панад тым, што толькі часовае. Бо можна застацца са сваім недахопам даверу, але тады гэта ўжо так, як напісаў кс. Ян Твардоўскі: “Мы бачым толькі хлеб – не бачым Езуса ў Святой Камуніі. Мы бачым цела – не бачым духа. Мы бачым чалавечую дзейнасць – але не бачым Божай ласкі?”

 ІІ. ТАЯМНІЦЫ БАЛЕСНЫЯ(РУЖАНЕЦ)

МАЛІТВА Ў САДЗЕ АЛІЎНЫМ
    Разважай над таямніцай Аліўнага Саду. Ці ты ведаеш, чаму Езус пацеў крывёю? Не ад страху перад цернямі. Не таму, што павінна было адбыцца, а таму, што Яго ўжо сустрэла! Ён ужо тады цярпеў, плакаў! Плакаў, бачучы, што Яго ахвяра не будзе прынятая чалавецтвам, а гэта значыць, што яна будзе ў людзях паміраць, не прынясе поўных плёнаў. Можна засумнявацца ў сэнсе такой ахвяры, це не? Хіба толькі Богу ты давяраеш бязмежна…
   Гэтае цярпенне Аліўнага Саду было звязана таксама і з табой. Але памятай, гэта ўжо не абавязкова. Трэба толькі пачаць жыць так, як гэтага прагне Бог. Табе трэба прыняць ласкі, якія Ён табе дае. Насычаць сябе імі. Несці іх іншым і казаць ім пра Марыю, бо гэтага хоча сёння Бог.
   Сёння ласкі плывуць з Яе Беззаганнага Сэрца.

 БІЧАВАННЕ
    Фізічны боль? Напэўна не адзін раз ты яго адчуваў. Але задай сабе сёння пытанне: “Што ты зрабіў з гэтым цярпеннем? Ці ты ахвяраваў яго Богу за тых, каму пагражае цярпенне, якое нават немагчыма ўявіць?”. Мы ведаем толькі, што яно вялікае і вечнае. Гэта цярпенне вечнага асуджэння.
   Ці ты можаш думаць не толькі пра сябе і свой боль, але таксама пра цярпенне іншых людзей? Наколькі ты станеш падобным да Найсвяцейшай Маці, калі адкрыешся на Бога не толькі ў хвілінах радасці і прыхожых духоўных перажыванняў, але і ў хвіліны цярпенняў, прыніжэнняў, адштурхненняў, прайгравання жыцця! Ад цярпення і болю не ўцячэш, дык што ж з ім рабіць? Выкарыстай яго ў сваім імкненні да святасці і ратавання грэшнікаў.
   Як Збаўца.

 УКАРАНАВАННЕ ЦЕРНЕМ
    Паразважай, ці тваё ўяўленне пра караля, зямнога валадара падыходзіць Езусу – Валадару. Не?  Ці ведаеш чаму? Бо Езус Валадар: Ён сам пра гэта сведчыў, так называлі яго тыя, што адзелі на Яго галаву карону з церняў. Сапраўды, наш Збаўца – Валадар, яле, як Ён сам казаў, Яго Валадарства не з гэтага свету. А Яго карона – з церняў: Ён Твой Пан, бо Ён збавіў нас праз любоў гатовую на кожнае цярпенне.
   Ці ты гатовы валадарыць разам з Езусам? Згадзіцца цярпець разам з Ім, каб уратаваць людзей ад вечнага асуджэння?

КРЫЖОВАЯ ДАРОГА
    Столькі Божых думак стукаецца ў гэтай таямніцы да нашых сэрцаў. Сёння ты глядзіш на сцэну, у якой Езус бярэ крыж на свае плечы. Прыняў крыж, ведаючы, што Яго місія хутка выканаецца. Цяпер усе будуць мець магчымасць удзельнічаць у вечнай радасці. Няхай і цябе агарне прагненне, каб нічога з гэтай ахвяры не было змарнавана. Бог хоча, каб кожная душа была з Ім у нябесным доме. Маліся разам з Марыяй, каб Бог змягчыў душу кожнага чалавека і абудзіў у ім прагненне вяртання да дабра. Вучыся ўдзельнічаць у прагненні Езуса валодаць душамі.
   Тое, каб душы братоў і сясцёр не загінулі, з’яўляецца таксама мэтай твайго жыцця. Нясі свой крыж настолькі ахвотна, як рабіў гэта Езус. Ахвяруй Яму сваю хваробу, цярпенне, клопаты, няўпэўненасць, каб такім чынам выпрасіць для грэшнікаў ласку збаўлення.

 СМЕРЦЬ НА КРЫЖЫ
    Езус памірае на крыжы. Ці ведаеш ты пра тое, што Ён памірае за Цябе? У Бога няма абстракцыі. Калі Збаўца памірае ў пакутах, у Яго перад вачамі дакладнае чалавечае жыццё, дакладныя асобы, а боль, які яго прасяквае, гэта боль справакаваны дакладнымі грахамі. Паміраючы, Ён глядзіць на тваё жыццё. Падумай, колькі Ён церпіць з-за тваіх жыццёвых выбараў, рашэнняў, якія ты прымаеш. Падумай, колькі сёння ў тваім сэрцы зла: непрымання некага, можа нават нянавісці, колькі пагарды, колькі эгаізму, колькі думак пра гэты свет. Ты спавядаешся, жалееш, але пэўныя структуры зла ўсё яшчэ жывуць у табе. А можа нават настала жыве ў табе нейкі грэх?
   Паспрабуй паглядзець на сябе вачамі паміраючага Хрыста. Падумай, колькі Ён бачыць у табе повадаў, каб прыняць на Сябе крыжовую муку.


ІІІ. ПЯТНАЦЦАЦІХВІЛЁВАЯ СУСТРЭЧА З МАЦІ БОЖАЙ
ТАЯМНІЦА ІІ СВЯТЛА
Вяселле ў Кане Галілейскай

   О Марыя, Найчысцейшая, Святая Зямля, Святыня Бога і людзей, Прыгожая Фацімская Пані, будзь прывітаная!
   О Марыя! Ты, што слухаеш Слова! Вядзі нас да Езуса.
   Мы прагнем сёння ў чарговую першую суботу 2013 года ў духу ўзнагароды, як Ты просіш, Маці нашая наймілейшая, суправаджаць Цябе і, углядаючыся праз Цябе ў Езуса, “рабіць усё, што Ён скажа”.
   Мы прагнем разважаць над другой таямніцай святла: таямніцай аб’яўлення Езуса на вяселлі ў Кане Галілейскай. Аддаючыся Твайму Беззаганнаму Сэрцу, давяраючы слову Бога, жывучы ў Яго прысутнасці, мы да канца адкрываем нашыя сэрцы на прыход слова жывога, плённага, прамянеючага.
   Ты, Маці Найдзіўнейшага Слова, вучы нас паслухмянасці Езусу, каб мы рабілі тое, што Ён нам скажа (пар. Ян 2, 5).
   Мы прагнем услухоўвацца ў слова Езуса, каб пазнаваць волю Бога і яе выконваць, і такім чынам станавіцца “маці і братамі Езуса” (Мц 9, 33-34).
    Вясельнае свята – радасная падзея на пачатку публічнай дзейнасці Езуса.
   “А на трэці дзень было вяселле ў Кане Галілейскай, і Маці Езуса была там. Быў  запрошаны  на  вяселле  таксама  Езус  і  вучні  Ягоныя.  І  калі  скончылася віно, Маці Езуса сказаў Яму: «Не маюць віна».  Адказаў Ёй Езус: «Ці гэта Мая або Твая справа, жанчына? Яшчэ не прыйшла гадзіна Мая».  Маці Яго сказала слугам: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце».  Было   ж   там   шэсць   каменных   збаноў,   пастаўленых   для   юдэйскага ачышчэння,  якія  змяшчалі  дзве  або  тры  меры.  Сказаў  ім  Езус:  «Напоўніце збаны вадою». І напоўнілі іх аж да верху.  І кажа ім: «Цяпер чэрпайце і нясіце кіраўніку  вяселля».  І  яны  занеслі.  Калі  ж  кіраўнік  вяселля  пакаштаваў  вады, што  стала  віном  (а  ён  не  ведаў,  адкуль  яно,  ведалі  толькі  слугі,  якія  чэрпалі ваду),  паклікаў  жаніха  і  сказаў  яму:  «Кожны  чалавек  падае  спачатку  добрае віно,  а  калі  нап’юцца,  тады  горшае.  Ты  ж  збярог  добрае  віно  аж  дагэтуль». Такі  пачатак  знакаў  учыніў  Езус  у  Кане  Галілейскай  і  паказаў  славу  сваю,  і паверылі ў Яго вучні Ягоныя” (Ян 2, 1-11).
    Углядаючыся ў Езуса мы бачым, што трэба распазнаваць волю Айца, шукаць знакаў гэтай волі. Калі Марыя кажа: “Не маюць віна”. – Езус адказвае, што Яго час, Яго гадзіна яшчэ не прыйшла, Яго гадзіна, тая гадзіна – гэта крыж. Пачатак цудаў гэта ўваход на шлях крыжа. Аднак калі Марыя звяртаецца да слуг, яна як бы чуе адказу Сына, гэта Езус пачынае дзейнічаць. Распазнае, што цяпер надышоў час. Якая ж глыбокая еднасць паміж Езусам і Яго Маці – поўная дабрыні і пакоры. Поўная веры, даверу і любові.
    Паміраючая Гіяцынта сказала Луцыі:
   “Скажы ўсім, што Бог удзяляе свае ласкі праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі, таму няхай просяць Яе аб гэтым. Езус хоча, каб разам з Яго Сэрцам мы праслаўлялі Сэрца Марыі, бо Бог, Пан наш, даручыў Ёй справу супакою”.
   Марыя ў Кане заступаецца за маладых, што апынуліся ў складанай сітуацыі. Перажывае за іх. І “сваім словам схіляе Сына да першага знаку. Яе прысутнасць, хоць Марыя дзейнічае далікатна і па мацярынску, становіцца рашаючай. (…) Просьба Маці змяшчаецца ў коле Божага плану збаўлення”.
   А як я выконваю просьбу Найсвяцейшай Марыі?
   Ці слухаючы волю Божую, я адкрываюся на знакі? Яны могуць прыходзіць праз блізкіх асоб, а такой асобай была Марыя для Езуса. Такім знакам можа быць хананеянка, якая прыйшла да Езуса, каб Ён аздаравіў яе дачку.
   Наколькі я стараюся сачыць за думкамі і непакоямі сэрцаў маіх блізкіх, сям’і, родных, сяброў, іншых людзей? Ці я адкрываю сваё сэрца на іншага чалавека? Ці я ахопліваю малітвай, падтрымліваю добрым словам, учынкам?
   Найсвяцейшая Маці ў Кане паспрыяла таму, каб паказаць знакі месіянскай моцы Яе Сына. Яе вера дапамагла ўчыніць першы знак, абуджаючы веру ў вучнях. “Зрабіце ўсё…” , што Ён вам скажа. Што скажа – зрабіце. Марыя заўсёды накіроўвае ўсіх да Езуса – Яна шлях да Яго.
   “Прысутнасць Езуса ў Кане аб’яўляе таксама збаўчы план Бога адносна сужнства. У гэтай перспектыве адсутнасць віна можа быць інтэрпрэтавана як намёк на адсутнасць любові, якая, нажаль, часта пагражае сужэнскай еднасці. Марыя просіць Езуса дапамагчы ўсім сужонкам, якіх толькі любоў да Бога можа захаваць ад нявернасці, непаразумення і падзелаў. Ласка сакраманту дае сужонкам гэтую вялікую моц любові, якая можа ўзмацніць іх вернасць таксама і ў цяжкіх абставінах.
    “Пасрэдніца наша, Суцяшальніца наша” агарняючая, чула атуляючая нашую штодзённасць, усё, што мы перажываем, нашыя змаганні, перажыванні, нашыя дробныя падзенні і вялікія прагненні. Поўным любові поглядам Ты агарняеш кожнага чалавека, агарняеш увесь Касцёл. І часам, перш, чым мы заўважым, Ты ўжо бачыш нейкі недахоп і ідзеш з гэтым да Езуса, даручаеш Яму наш недахоп віна, каб Ён пачаў дзейнічаць.
    На вяселлі ў Кане ёсць яшчэ слугі, якім Пан Езус казаў насіць ваду да збаноў тады, калі не было віна. Абсурд. А Езус казаў гэта рабіць: набраць і занесці да адказнага за вяселле… Кіраўнік узяў, пакаштаваў – а гэта добрае віно! Мы не ведаем, калі вада стала віном: ці тады, калі яе насілі да збаноў, ці калі чэрпалі з іх, ці калі пілі. Але гэта не важна. Важна быць як гэтыя слугі. Калі Езус скажа нам насіць ваду да збаноў, мы павінны насіць (не ведаючы дзеля чаго). Так, як пазней Ён скажа занесці ваду кіраўніку вяселля – мы таксама павінны несці. І… здзівіцца, бачучы задавальненне кіраўніка, які піў добрае віно!
   Часам нам здаецца абсурдным тое, што мы робім. Мы адчуваем стомленасць, цяжар “вады, якую носім”… Але прыйдзе такі момант у часе працы, што з гэтага мы маем добрае віно… Важна, каб мы не адмаўляліся, не пераставалі насіць… Водар нашай малітвы павінен няспынна ўзносіцца да нашага Айца – Бога.
   Вяселле ў Кане абяцае “новае віно”, і гэта з сапраўднай вінаграднай лазы. Віно дае дакладнае значэнне словам Езуса: “Кроў Мая з’яўляецца сапраўдным напоем”; нагадвае тэму радасці, духоўнага захаплення, і робіць такім чынам Эўхарыстыю абяцаннем эсхаталагічнай вячэры валадарства і вясельнай вячэры Баранка. Віно мае сувязь з Крывёй; з’яўляецца “Крывёй вінаграда” (Паўт 32, 14).
    Эўхарыстыя – таямніца веры.
   З матчыным клопатам, перакананая падчас вяселля ў Кане, Марыя, здаецца, нама кажа: “Не сумнявайцеся, даверцеся слову майго Сына. Ён, які здолеў перамяніць ваду ў віно, мае моц зрабіць з хлеба і віна сваё Цела і сваю Кроў, ахвяруючы веруючым у гэтай таямніцы жывую памятку сваёй Пасхі, каб такім чынам зрабіць з сябе хлеб жыцця”.
   Марыя ведае, чаго прагне Яе Сын і ўдзяляе нам таго, чаго Ён прагне. Таксама і ў Фаціме нагадвала нам, каб мы любілі Езуса, маліліся, прысвячалі сябе Езусу, і , дзеля Яго, чувалі, пазбягалі здольнасці да граху, каб мы перасталі ўжо грашыць і раніць Сэрца Езуса і Сэрца Беззаганнай.
   У тэалагічным каментары да трэцяй фацімскай таямніцы кардынал Юзэф Рацінгер запісаў асабістае прызнанне: “Сястра Луцыя сказала мне ў размове, што яна ўсё больш усведамляе тое, што мэтай усіх аб’яўленняў было схіліць людзей на няспыннага ўзрастання ў веры, надзеі і любові. Усё іншае павінна весці толькі да гэтага”.
   Заклік да веры – гэта першы заклік скіраваны да нас праз фацімскае пасланне:
   “О Божа мой, веру ў Цябе…”.
   Сястра Луцыя вызнае ў закліках: “Вера – гэта падстава людскога жыцця. Менавіта дзякуючы ёй і праз яе мы вызнаем існаванне Бога, Яго моц і мудрасць, Яго міласэрнасць, Яго збаўчую справу, Яго прабачэнне і айцоўскую любоў. Гэта святло веры кіруе нашымі крокамі, вядзе іх вузкім шляхам, які ўзносіцца да неба”.
   Марыя! Панна Святая, вядзі нас да Езуса, пакажы нам Езуса, блаславёны плод Твайго ўлоння. Твайму Беззаганнаму Сэрцу мы аддаем нашыя сэрцы; блаславі іх і будзь заўсёды памяццю нашых сэрцаў. Навучы нас, як Яго распазнаваць і любіць, каб і мы маглі быць здольнымі да сапаўднай любові і былі крыніцай жывой вады ў гэтым прагнучым свеце. Амэн.
   Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у маі 2010 году сказаў у Фаціме:
   “Памыляецца той, хто думае, што прарочая місія Фацімы скончылася. Тут ажывае план Божы, які зранку яе гісторыі задае пытанне: “Дзе брат твой, Абэль? Голас крыві брата твайго кліча да мяне з зямлі” (Быц 4, 9). Чалавек можа распачаць цыкл смерці і тэрору, але ён не можа яго спыніць. У Святым Пісанні Бог часта апісваецца як Той, хто шукае справядлівых, каб уратаваць горад людзей, і тое самае Ён робіць тут, у Фаціме, калі Маці Божая пытаецца: “Ці хочаце вы ахвяравацца Богу і зносіць усе цярпенні, якія Ён захоча вам паслаць, як акт узнагароды за грахі, якія Яго абражаюць, і як просьбу аб навяртанні грэшнікаў?”
   Які адказ я сёння дам?
   О Марыя, Найчысцейшая, дапамажы нам глыбока пазнаць фацімскае пасланне; дапамажы нам жыць фацімскім пасланнем; дапамажы нам распаўсюджваць пасланне, каб мы былі поўнымі моцы Духа Святога, апосталамі Твайго Беззаганнага Сэрца і абвяшчалі Добрую Навіну.
    Панна Святая,
Марыя! Найсвяцейшая Панна “каля збана”,
Нявеста Эўхарыстыі, дапамажы нам
падданым, паслухмяным, ціхім і пакорным сэрцам
“рабіць усё, што нам скажа Твой Сын”. Амэн.
Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет! Амэн.

IV. АПЭЛЬ МАРЫЙНЫ

    Марыя! Маці Божая! Маці мая!
   Стаю сёння перад Табой, каб вызнаць Табе, што я з Табою, што я памятаю пра Цябе і чуваю каля Твайго Беззаганнага Сэрца. Хачу быць як найбліжэй да Твайго Сэрца, бо ведаю, што калі мне трэба крочыць шляхам наслядоўвання Цябе ў веры ў Бога, у нязломнай надзеі на Яго перамогу ў свеце і сапраўднай любові да Бога і людзей, то я павінен напоўніцца Тваім духам. Каб станавіцца ўсё больш Хрыстовым. Так, каб мае вусны маглі годна вызнаваць таямніцу перамянення, у якой я ўдзельнічаю падчас кожнай Эўхарыстыі. Каб за святаром я мог сказаць святыя словы ахвяравання, я павінен, як Ты, быць адным з Хрыстом, я павінен мець Тваю паставу евангельскай адданасці на службу справе збаўлення.
    Таму  дзеля мяне так важна, Марыя, каб Ты была са мной, каб вучыць мяне на памяць Евангеллю Твайго Сына, каб фармаваць мой дух. Бо дух у “вучаніцтве” Езуса найважнейшы. І я ведаю, што больш істотнае за тое, што я ёсць, гэта тое, што Ты ёсць са мной, ува мне… Няма немарыйнага святарства, няма таксама немарыйнай святасці. Няма хрысціянскай годнасці без Тваёй святасці, укаранёнай у маім сэрцы. Гэта зразумела. Сапраўды. Тыя словы на Кальварыі “вось сын, вось Маці” асаблівым чынам адносяцца да абдараваных духам службовага святарства, але яны скіраваныя да кожнага з нас, што былі пакліканыя да агульнага святарства. Па волі Божай нараджаецца глыбокае духоўнае радство з Адкупцелем, менавіта праз Цябе, праз Маці.
   Чаму праз Цябе, Марыя? Запавет з крыжа дае шмат святла на Тваю ролю ў Касцёле. Езус падкрэслівае Тваю прысутнасць у сваёй справе. Падкрэслівае Тваю незамянімасць, ключавую пазіцыю. Ён праз Цябе ўвайшоў у гісторыю, дзякуючы Тваёй моцнай веры і бязмежнай любові Ён прыйшоў на свет. Ты ж Яго зачала і нарадзіла. Твае мацярынскія далоні фармавалі Яго дух. Ты вучыла Яго глядзець на свет з любоўю. Ты вучыла маліцца і выракацца сябе. Прысутны ў Табе Дух Божы вучыў Яго Евангеллю, якое Ён павінен быў прапавадваць свету.
   У Езуса – Сына быў Твой дух. Так, Марыя, дзякую Табе, што Ты з’яўляешся сэрцам Яго Евангелля. Будзь праслаўлёная, бо без Цябе не было б таямніцы збаўлення. А гэтая таямніца працягваецца. І далей змяшчае ў сабе Тваю творчую прысутнасць. Таму трэба было, каб упалі з вышыні крыжа гэтыя кароткія, завуаляваныя таямніцай словы: “Жанчына, вось сын Твой; вось Маці Твая”. Ты павінна была застацца Маці, застацца з намі, каб працягвалася адкупленне Твайго Боскага Сына, каб таямніца Эўхарыстыі сталася для нас зразумелай.
   Маці Эўхарыстыі! Яднаючыся з Тваім Беззаганным Сэрцам я пачынаю разумець, што словы ахвяравання над хлебам і віном кажуць пра атаясамліванне Хрыста са святаром, які кажа: “Гэта Цела маё, гэта келіх Крыві маёй”. Але ёсць нешта большае. Таямніца Эўхарыстыі абвяшчэе яшчэ нешта. Яна кажа пра неабходнасць забывацца пра сябе, любіць да канца, аддаваць жыццё.
   Бо  чую: “…якое за вас будзе выдана, …якая за вас будзе пралітая”.
   Я чую гэты заклік, які далятае да мяне з глыбіні Твайго Беззаганнага Сэрца. Мне трэба адмовіцца ад сябе, штодзённа аддаваць жыццё, каб людскіх сэрцаў кранулася адпушчэнне грахоў, каб шмат дайшло ў сваёй зямной вандроўцы да месца, дзе заканчваецца час і пачынаецца неба. Гэта заклік, скіраваны да кожнага з нас, бо мы вучні Хрыста.
   Марыя! Не да мяне адносяцца гэтыя словы: “Гэта Цела маё”. Пра мяне кажуць іншыя: “Цела за вас будзе выдана, (…) кроў за вас пралітая”. Ты вучыш мяне, што падчас кожнай Святой Імшы я атрымліваю пакліканне да жыцця для “бедных грэшнікаў”. Рэха гэтага эўхарыстычнага закліку далятае да мяне са столькіх месцаў. Ці Ты не казала пра гэта ў Фаціме? Ці Твой Сыне не аб’явіў гэта св. Фаустыне? Ці гэта не з’яўляецца зместам паслання з Акіты і Кібеха? Паўсюль там, дзе неба схіляецца сёння нізка над намі, Ты аб’яўляеш свету свой клопат аб нашых лёсах і просіш аб узнагародзе і аддаванні жыцця за братоў, каб як найбольш з іх знайшло сваё месца ў вечным валадарстве. Каб было нас “шмат”.
   Ці таму, Марыя, Ты жадаеш, каб мы сталіся жывымі табернакулюмамі Твайго Сына? Каб Эўхарыстыя сталася дэфініцыяй нашага жыцця, нястомнай падзякі Богу, жыцця аддаванага за братоў, жыцця гатовага паміраць, каб прыносіць плён ласкі ў Тваіх дзецях?
   Ты стаяла пад крыжам. Адкупленне выканалася пры Табе – намоленай і веруючай. Ты вучыш мяне гэтаму, дзякую Табе за гэта. І я ведаю ўжо, што ў сакраманце Эўхарыстыі не можа не хапаць Тваёй прысутнасці, бо Ты была тады на Гары Крывавай Ахвяры, якая цяпер няспынна аднаўляецца на ўсіх алтарах свету. Святая Імша гэта нагадвае нам і робіць прысутным нашае адкупленне. Ты ў самым яго сэрцы. “ Гэта Цела маё і мая Кроў”. Эўхарыстыя напоўненая Тваёй прысутнасцю. Яе таямніцу стварае той самы Дух, які некалі сышоў на Цябе ў Назарэце. Цяпер той самы Дух асвячае і перамяняе дары Касцёла, “каб яны сталіся Целам і Крывёю нашага Пана Езуса Хрыста”.
   Калі, выцягваючы рукі над хлебам і віном, мы заклікаем Духа святасці і моцы Божай, мы адначасова заклікаем Тваю прысутнасць. Ты тады сярод нас. Мы становімся сям’ёй, а ахвярныя дары становяцца Целам і Крывёю Твайго Сына. Адчуваецца Твая цеплыня сярод сабраных вакол алтара. Ты з намі. І пра Цябе мы згадваем пакорна ў малітве, просячы, каб Дух Святы зрабіў, “каб і мы сталіся вечным дарам для Бога” і мелі “ўдзел у жыцці вечным з Багародзіцай Марыяй”.
   Так, дапамажы нам, Марыя стаць удзельнікамі жыцця вечнага ў валадарстве Бога Айца, Сына і Духа Святога. Амэн.