6.13.2015

Першая субота жніўня 2015

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

ПЕРШАЯ СУБОТА ЖНІЎНЯ 2015


“БАЦЬКІ ПРЫНЕСЛІ ЯГО Ў ЕРУЗАЛЕМ,
КАБ ПРАДСТАВІЦЬ ПАНУ”
СЯМ’Я – ХАТНІ КАСЦЁЛ

Сям’я – гэта не толькі супольнасць жыцця і любові. Гэта таксама месца, дзе чалавек узрастае “да Бога” і адкрывае, што ён каханы не толькі бацькамі, але таксама і Тым, хто даў яму бацькоў, таму ён павінен рознымі спосабамі рабіць гэту любоў узаемнай і пацвярджаць творчым, поўным любові да Бога і да людзей, жыццём. Сямейная супольнасць – гэта першая школа навукі пра Бога, адносінаў з Ім і вынікаючага з гэтага сэнсу нашага існавання на зямлі, якое з’яўляецца вандроўкай да Дому Айца. Узорам з’яўляецца дзеля нас Сям’я з Назарэту. Пісаў пра гэта св. Ян Павел ІІ у сваёй апостальскай адгартацыі “Familiaris Consortio”, таму што “сутнасць і заданні сям’і канчаткова вызначаныя любоўю”, а “сям’я атрымлівае місію сцерагчы  аб’яўленне і перадаванне любові, якая з’яўляецца жывым адлюстраваннем і сапраўдным дарам Божай любові да чалавецтва, а таксама любові Хрыста да Касцёла, Яго Сужонкі; усе хрысціянскія сем’і павінны стаць падобнымі да Святой Сям’і, гэтага першага хатняга Касцёла. У ёй, праз цудоўны план Божы, укрыта доўгія гады жыў Сын Божы: таму яна з’яўляецца першым узорам і прыкладам дзеля ўсіх хрысціянскіх сямей” (пар. 7). Прыглядаючыся да Святой Сям’і з Назарэту мы лёгка можам заўважыць, як яна выконвае свае рэлігійныя абавязкі адносна Дзіцяці. Юзаф як айцец выконвае прадпісаныя Правам абавязкі. Да іх належаць: абразанне, наданне імя і ахвяраванне ў святыні. Усё гэта перадае нам Евангелле. Так Езус быў уключаны ў суполнасць выбранага народу, а потым, як першародны, прысвечаны Богу. Мы ведаем таксама сцэну, калі дванаццацігадовы Езус пайшоў з Бацькамі ў пілігрымку да святыні ў Ерузалеме. У нас няма поваду сумнявацца ў тым, што Юзаф выконваў таксама заданне забяспечыць Езусу рэлігійнае выхаванне, згоднае з прыказаннем Пісання: “Гэтыя словы, якія я даручаю табе сёння, хай будуць у сэрцы тваім. Паўтарай іх дзецям тваім, гавары іх седзячы ў доме тваім, ідучы па дарозе, засынаючы і абуджаючыся” (Паўт. Закону 6, 6-7). Нічога дізўнага, што Езус “узрастаў у мудрaсцi, у гaдах i ў лaсцы ў Бoгa i ў людзей” (Лк 2, 52). У гэтым усім прысутнічае Марыя, якая “верна захоўвала гэтыя ўспаміны ў сваім сэрцы”. Калі ў Ерузалемскай святыні ён дыскутаваў з вучонымі дактарамі, гэта было не толькі аб’яўленне Яго Божай мудрасці, але таксама плён развіцця Яго чалавечнасці, людзкой натуры, якую Ён прыняў такой, як кожны чалавек, каб яе развіваць і ўдасканальваць. Нельга нам аспрэчваць той факт, што сям’я – гэта падставовая школа выхавання таксама і ў рэлігійнай фармацыі, таму што бацькоў не заменіць ніводны катэхет ці выхаваўца. Прыклад, вынесены з роднага дому, прывіты на каленях айца і на руках маці, наймацней фармуе чалавека. Безадказным з’яўляецца погляд, што выручыць бацькоў у гэтым павінны школа і Касцёл. Гэтыя дзве ўстановы могуць дапоўніць выхаванне, могуць быць дапможным фактарам, але ніколі яны не заменяць сямейнага дому. Прыклад айца, якія становіцца на калені дзеля малітвы, бярэ дзіця на рукі ці за руку і ідзе разам з ім і з маці да касцёла, прыклад бацькоў, якія вядуць сакрамэнтальнае жыццё і жывуць ва ўзаемным паразуменні, з’яўляецца незамянімым.
Бацькі таксама маюць першае і бясспрэчнае права прымаць рашэнне наконт таго, чаму іх дзяцей вучаць у школе. Гэта важна асабліва сёння, калі дзяржава і звязаныя з ёй “недзяржаўныя” ўстановы, а таксама міжнародныя інстанцыі хацелі б заняць месца бацькоў, прасоўваючы свае, часта абсурдныя і небяспечныя, планы.
Паўторым: рэлігійнае выхаванне – гэта не толькі порцыя ведаў, атрыманых падчас лекцыі. Гэта таксама фармаванне жыццёвай паставы праз асабістае сведчанне бацькоў. Няхай дзіця бачыць, што тата моліцца, што Бог з’яўляецца дзеля яго кімсьці важным. Тата мусіць любіць сваіх дзяцей і паказваць ім гэта, бо на ўроках рэлігіі яны даведаюцца, што Бог – наш Айцец. А калі зямны айцец не дарастае да свайго паклікання, то які тады вобраз Бога ўфармуе ў сабе дзіця? “Маліся!”, “Ідзі да касцёла!” – такі стыль выхавання зробіць так, што рэлігія стане дзеля маладога чалавека цяжарам, з-пад якога ён вырвецца пры першай магчымасці. Свой адыход з роднага дому, напрыклад, на вучобу, ён можа ўспрыняць як вызваленне з ланцугоў рэлігійнага прымусу. Таксама ненармальнай з’яўляецца супрацьлеглая сітуацыя, калі бацькі ўвогуле не цікавяцца рэлігіным выхаваннем дзіцяці, абмяжоўваючыся актам хросту, Першай Камуніяй ці бежмаваннем, або традыцыйнай рэлігійнасцю, якая не мае якога-небудзь уплыву на жыццё. Прыглядзімся хаця б да нашых Першых Святых Камуній! Часта гэта проста банкет фанабэрыі дарослых. Бляск успышак, аб’ектывы камер, коштоўныя падарункі, новабагатыя дзядзі і цёці, якія стаяць у кроку ад хору і жуюць гумку. Шкада толькі дзяцей, якім ніхто не хоча дапамагчы зразумець хто і што з’яўляецца найважнейшым. І навошта гэтае шоу ў касцёле? У школе на наступны дзень дзеці хваляцца падарункамі і ні слова пра Бога. Урок пабожнасці ці практычнага матэрыялізму? Часам дзлея ўласнай выгады бацькі арудуюць думкай: “Як вырасце, сам выбярэ”. Што можа выбраць малады чалавек, пакінуты сам сабе? Ці адукацыя, таксама і рэлігійная, і ўся падрыхтоўка да жыцця гэта толькі пытанне самога выбару дзіцяці? Ці не павінна яна заключацца ў пазітыўнах прыкладах, заахвочвання да іх прыняцця? Хто і як павінен навучыць дзіця адказнасці за свае рашэнні, за іншага чалавека, нарэшце за сваю вечнасць? Што можна сказаць пра бацькоў, якія “не маюць часу” на выконванне свайго найважнейшага абавязку? Тут не ідзе гаворка пра нешта неадкладальнае, але, яшчэ раз падкрэслім, пра вечнасць. Выхаванне – гэта таксама практыкаванне дысцыпліны, вучэння патрабаваць ад сябе, якое з’яўляецца мерай сталасці чалавека. Езус вярнуўся з бацькамі ў Назарэт і “быў ім паслухмяны” (Лк 2, 52-52).
Зразумела, што бацькі не павінны быць дэспатамі, але выхаванне не можа быць пазбаўлена патрабаванняў, якія будзе суправаджаць паважная размова і павага да маладога чалавека, каб ён адчуваў, што яго любяць. Вахаванне – гэта не дрэсіроўка, але таксама не прадстаўленне маладому чалавеку цалкавітай вольнасці ў прынятых рашэннях. Нельга нанесці яму большай шкоды. Гэты погляд можа не папулярны ў сённяшняй модзе на “дыялог”, “партнёрства” і іншыя падобныя паняцці, якія самі па сабе не з’яўляюцца негатыўнымі; аднак, сёння ім дадзены змест, з якога нічога не вынікае. Сям’я – гэта хатні Касцёл – месца, дзе чалавек вучыцца быць “дзеля” інышх, дзе ўзбагачае сябе і пазнае праўду пра сябе і пра Бога. Шмат ёсць такіх сямей, бо на нашых вуліцах відаць шмат вельмі цудоўнай моладзі, прысутнай у жыцці Касцёла і ў грамадскім жыцці. Гэта моладзь часта можа пасароміць дарослых. Таму з яшчэ большым клопатам трэба нам звяртаць увагу на вялікую колькасцю моладзі, якая па-розных прычынах згубілася ў жыцці. Яна таксама ахопленая тужлівым поглядам Бога. Давайце пра гэта памятаць, углядаючыся ў сумны твар Фацімскай Спадарыні, і аддаваць Святой Сям’і кожную людзкую драму, і мы кожнага дня будзем працягам Яе любові і цяпла.  

ТАЯМНІЦЫ СВЯТЛА

Хрост Пана Езуса
Езус сустракае Яна Хрысціцеля другі раз, яны ўжо сустрэліся раней, дзякуючы спатканню Маці. Некалі, абедзве, у цішыні дому маленькай мясцовасці, яны змаглі распазнаць надыходзячую радасць – вялікі падарунак, прысутнасць Сына Божага. Цяпер сустрэча Хрысціцеля і Езуса наступае праз гады, публічна, у прысутнасці іншых людзей. Як яны прымаюць аб’яўленне хвалы Божай у Ярдане? Часам і мы б хацелі ўбачыць цуды, але ці ўмеем мы іх заўважыць, калі яны здараюцца вакол нас?
Што азначаў дзеля Марыі хрост Яе Дзіцяці? З першай хвіліны Яна ведала, што гэта Сын Божы, словы з неба над Яраданам толькі пацвярджаюць Яе досвед звеставання і гадоў цішыні дома. Марыя прымае ўсім сэрцам пасланне з неба – Езус не толькі Яе Сын, але перш за ўсё Сын Божы. Яна таксама павінна прыняць Яго навуку, Яна таксама павінна Яго слухаць. Цяжкае гэтае падвойнае пакліканне – Вучаніцы і Маці. Бязгрэшны прымае хрост дзеля адпушчэння грахоў, пакутуе за іншых, гатовы насіць чужы цяжар. Як жа згадзіцца са шляхам жыцця не толькі сваім, але і іншым – пакліканнем свайго Дзіцяці? Лягчэй насіць цяжар за сваё Дзіця, а што рабіць, калі дарослае Дзіця, вырашаецца на тое, каб насіць цяжар іншых? Паглядзім на Марыю, Яна прымае пакліканне Сына Беззаганным Сэрцам, вучымся ж у Яе прымаць любячым сэрцам пакліканне блізкіх нам асоб, згаджацца на цяжкі шлях, вучыцца любіць людзей з іх пакліканнем Яе Сэрцам.

Езус аб’яўляе сябе на вяселлі ў Кане Галілейскай

Гэта першы цуд Езуса, ці ён нас здзіўляе? Можа мы выбралі б нешта больш спектакулярнага, можа некага славутага можна было б аздаравіць, уваскрасіць. Якое практычнае значэнне мае ўратаванне ад недахопаў і рэпутацыі на вяселлі? Любая атмасфера, дапамога маладой пары… Наймацней здзіўляюць паводзіны Марыі: Яе спакойная ўпэўненасць і самадзейнасць адносна гаспадароў, служачых, а таксама Сына. Яе словы да Сына Божага дадаюць вялікага даверу, так кажа медсястра да лекара. Яна паказвае, дзе ляжыць хворы, веручы, што лекар падыйдзе і вылячыць. Марыя ўпэўненая, што Езус не будзе абыякавым да праблемы, досыць Яму сказаць: “не маюць віна”. Яна ўпэўненая, што Езус вырашыць праблему. Ёй досыць адказу Езуса, незразумелага іншым. Маці больш часу прысвячае людзям. Яна падказвае ключавыя словы для ўсіх, хто хоча слухаць Марыю: “Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа”. Маці прадбачыць, што Сын будзе патрабаваць ад людзей супрацоўніцтва і намаганняў, ведае, што людзі будуць здзіўленыя загадам Езуса; Яна рыхтуе месца для дзейнасці Езуса. Мы бачым еднасць Сэрца Марыі з Сэрцам Езуса, іх вялікі давер, зразуменне, Яе цалкавітую адданасць волі Сына, тое ж самае Яна раіць людзям, у якіх мае аўтарытэт. Яе словы, як лямпа на шляху, у пачатку дзейнасці Езуса. Прымем жа і мы Яе навуку, не будзем абыякавымі да слоў Панны Марыі. Просім, каб Яна фармавала нашыя сэрцы на ўзор свайго Сэрца.

Абвяшчэнне Божага Валадарства

Вось сутнасць місіі Езуса: абвяшчэнне Божага Валадарства, заклік да навяртання, абяцанне Божай міласэрнасці. Марыя разумее пакліканне Сына, аднак гэта таксама выпрабаванне дзеля Яе Сэрца: любы Сын адыходзіць. Той, які быў Яе Дзіцём, якога Яна карміла, адыходзіць, каб быць дзеля ўсіх людзей. Ён становіцца публічнай асобай, даступнай кожнаму, вядомай, захапляючай і крытыкаванай. Ён аздараўляе, навучае, узнімае, кажа пра Бога, чакаючага грэшніка, міласэрнага. Марыя ведае, што Сын уступае ў канфлікт з людзьмі, якія захаплялі пабожнасцю, са святарамі, сустракаецца з людзьмі з дрэннай рэпутацыяй. Ці на гэта Яна спадзявалася?
Жыццё Маці засяроджана на Дзіцяці: малое стварэнне, цалкам залежнае ад апекі, паволі расце, становіцца незалежным. Маці, дазваляючы дзіцяці сталець, дае яму вольнасць прыняцця ўласнага шляху. Асоба Маці застаецца ў ценю; яна павінна памяншацца, каб Яно магло расці. Блізкасць не памяншаецца, а прыстасоўваецца да паклікання Дзіцяці. Паглядзім на Марыю. Яна слухае Сына, вучыцца разумець значэнне Яго слоў, думае пра Яго паводзіны. Яна становіцца Маці, спадарожніцай, сяброўкай і вучаніцай Сына. Яна прымае Яго заклік да блізкасці духа, пашырае Сэрца дзеля супольнасці вучняў. Езус запрашае, каб мы вучыліся ў Марыі. Ён абяцае, што кожны, хто слухае Яго словы, можа стаць Яго сястрой, братам і маці. Марыя няспынна насіла ў сэрцы і разважала над словамі Езуса, імкнучыся да еднасці з Ім.

Перамяненне Езуса на Гары Фавор

Што за незвычайны досвед выбраных апосталаў: яны перажываюць хвіліны хвалы, блізкасці і велічы Бога, настолькі вялікага захаплення, што не ведаюць, што ім сказаць, а таму хацелі б затрымаць час. Па паводзінах апосталаў відаць, што яны перажылі вялікае аб’яўленне, якое разрывае іх сэрцы. Успамінам пра такі выпадак можна жыць шмат гадоў, наноў яго адкрываць і ўсё глыбей пераасэнсоўваць, гэта можа даваць моц на ўсё жыццё.
Мы б хацелі перажываць аб’яўленні, як апосталы на гары Фавор, як св. Фаўстына, як шмат іншых святых. Аднак, пасля такіх падзей наступае штодзённасць поўная ўхабістых дзён. На гары Фавор найважнейшыя апосталы даведваюцца пра выпрабаванне, якое павінна адбыцца. Хто з апосталаў, якія бачылі і перажывалі радасць на Фаворы, не ўцёк з-пад крыжа? Большасць з той малой групкі, якая вытрывала, не бачыла перамянення на той гары.
Паглядзім – пад крыжам застануцца самыя блізкія, тыя, што ўмеюць бачыць Езуса без цудаў, укрытага, прыняць Яго ў цярпенні…
Марыі, нашай Маці, на гары Фавор няма.  Яна знаходзіцца пад крыжам. Ці мы выбралі марыйную дарогу? Будзьма блізка ля Маці.

Устанаўленне Эўхарыстыі

Гэта найвялікшы дар Езуса людзям: Ён сам цалкам дае сябе, з намі пасяліўся тут, у Эўхарыстыі, штодзённа даступны ў нашым жыцці. Апосталы не разумелі значэння Апошняй Вячэры, не ўсведамлялі, што ўжо хутка адбудзецца здрада, пакута і смерць, хоць Настаўнік і папярэджваў.
Езус ведае пра ўсё і таму ўжо ў Эўхарыстыі аддае сябе, загадваючы, просячы прымаць Яго такім чынам і станавіцца з Ім адным Целам. Бог прагне аддаваць сябе чалавеку, хоча быць прыманым і каханым – чакае нас, нашай прысутнасці, блізкасці. Ён стаў настолькі даступным, як гэта толькі было магчыма.
 У Эўхарыстыі Езус прагне быць нашым Суцяшальнікам, Успамогай, Лекарам нашых ран. Ці мы прымаем Сына Божага? Ці памятаем пра Яго прысутнасць? Ці вітаем хаця б адным сказам Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце, праяжджаючы або праходзячы каля Касцёла? Ці даем сабе і Богу шанс хаця б на кароткую сустрэчу перад табернаклем?
Папросім Марыю, першую, якая стала табернаклем на зямлі; першую, якая прыняла сэрцам і целам Езуса, каб Яна вяла нас да Эўхарыстыі, каб вучыла нас прымаць Яго, як Яна, з такой любоўю і чыстасцю. Папросім Найчысцейшую Маці, каб, як Яна, мы прытуліліся да Езуса, у Ім знаходзілі суцяшэнне і моц, аздараўленне нашых ран.



ХВАЛЕБНАЯ ТАЯМНІЦА
Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі

Справядлівыя будуць ззяць як сонца
ў Валадарстве свайго Айца

Першая субота жніўня распачынае асаблівы месяц – гэта час пілігрымак, таксама і да марыйных санктуарыяў, падрыхтоўка да Ўнебаўзяцця, запрашэнне да ўстрымання. Адначасова гэта канец вакацыяў, канец лета – як хутка прамінаюць вакацыі ў дзяцей. Дзеля нас гэта чарговы месяц у школе Марыі, як назваў марыйны шлях св. Ян Павел ІІ. Маці Божая запрашала на гэтыя сустрэчы, яны важныя дзеля Яе. Ці яны важныя таксама і дзеля нас? Нашым адказам з’яўляецца наша прысутнасць, наша разважанне над Яе жыццём. Сёння мы атрымліваем вельмі цудоўную таямніцу ружанца – Укаранаванне Найсвяцейшай Марыі Панны.
Папросім Духа Божага, каб Ён дапамог нам дасягнуць глыбіні падзеі – папросім аб мудрасці і адкрытасці сэрца. Пакінем нашу стомленасць і важныя справы – цяпер хвіліна з Марыяй.
Духу Божы, Ты – лек на ўсе немачы. Ты наша сховішча, пэўная надзея, прахалода і ўзмацненне ва ўсіх нашых бедах. Сорамна нам сказаць пра некаторыя рэчы, Духу Святы, але Ты ўсё ведаеш, Ты молішся за нас, Ты вядзеш нашыя сэрцы. Ты дадаеш усё, чаго нам не хапае. Ты ведаеш нашы просьбы яшчэ да таго, як мы пра іх скажам. Ты – крыніца святла ў маёй душы – прыйдзі да нас, просім, вядзі нас, як Ты вёў Найсвяцейшую Панну.
Некаторыя адчуваюць сябе заклапочанымі, разважаючы над гэтай таямніцай Твайго жыцця, Панна моцная. Сёння мала хто носіць карону. Каралі і каралевы – гэта гісторыя, рамантычныя кнігі і фільмы, а калі яны яшчэ сёння і жывуць, то гэта бывае тэмай вялікіх плётак у медыях. Якая Ты Каралева, Марыя, што гэта азначае? Розныя можна пачуць погляды. Адны думаюць, што тытулы – гэта перажытак, без вялікага значэння, іншыя імкнуцца да ўрачыстых, публічных каранацый. Некаторыя думаюць, што калі Ты Каралева, трэба казаць пра Цябе з павагай, наведваць Цябе час ад часу, ушаноўваць Твае абразы і звяртацца да Цябе, як да ўсемагутнай Каралевы, ва ўсіх справах. Некаторыя, разважаючы над Тваім укаранаваннем, бачаць Цябе толькі як далёкую і недасягальную, і адчуваюць сябе звольненымі ад таго, каб вучыцца ў Цябе, наследаваць Цябе, хочуць толькі захапляцца Табой здалёк і аб нечым прасіць. Ты добрая і шчодрая, цярпліва выслухоўваеш самыя марныя просьбы, аднак, па-праўдзе, Ты б хацела быць Каралевай веручых сэрцаў, Каралевай усіх вернікаў, Ты б хацела быць не толькі захаплюячай Асобай, Ты б хацела сапраўды валадарыць. Ты – Каралева як Маці Твайго Сына, Караля ўсяго, Пана ўсяго свету.
Што мы Табе дазваляем, Кралева, на што згаджаемся?
Шмат хто з нас дазваляе Табе выслухоўваць нашыя просьбы і жалі. Ты – Дапаможніца верных – ахвотна выслухоўваеш, адказваеш на шматлікія нашыя малітвы, ласкава і дабразычліва папярэджваеш часта нашыя просьбы. Ты адгадваеш жаданні шматлікіх людзей, заступаешся таксама за тых, хто Цябе аб гэтым не просіць, хто не паважае Цябе, бо Ты – Прытулак грэшнікаў. Твой Сын хацеў, каб Ты была Маці, а маці дбаюць таксама пра няўдзячных дзяцей. Шмат хто перажыў навяртанне сэрца побач з Табой. Шмат хто з нас дазваляе Табе сябе суцяшаць, падтрымліваць, прыходзіць да Цябе за духоўнай падтрымкай. Ты – Суцяшальніца засмучаных – разумееш церпячых, самотных, каля Цябе супакойваюцца параненыя сэрцы.
Аднак, тытул Каралевы азначае нашмат больш. Як паўтаралі святыя, благаславёныя і тэолагі на працягу стагоддзяў, як Каралеве Табе належыць наша падпарадкаванасць. Яна заключаецца ў паслухмянасці ласцы Твайго Сына, у паслухмянасці Твайму загаду: “Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа”.
Што азначае, прыняць Цябе як Каралеву свайго жыцця? Як жа апраўдваецца сітуацыя, пра якую казаў Твой Сын, што трэба нам вучыцца ў іншых людзей, нават не пабожных. Як валадараць у сэрцах людзей зоркі з медыяў? Людзі чытаюць пра іх, хочуць шмат даведацца пра іх жыццё, гавораць пра іх і думаюць. Мы разважаем над Тваім жыццём, Марыя, гаворым пра Цябе, хоць Ты хацела б, каб мы гаварылі да Цябе – маліліся, расказвалі Табе пра нашыя патрэбы, патрэбы нашых сямей і асяроддзя, усяго свету. Людзі захапляюцца зоркамі і імкнуцца іх наследаваць. Прыбіраюцца, як славутыя людзі з медыяў, ядуць тое, што яны, едуць туды, дзе яны. Ты, Каралева, не чакаеш ад нас, каб мы прыбіраліся так, як дыктавала мода іншых эпох, Ты не чакаеш ад нас дыеты са Святой Зямлі – але хацела б, каб мы карміліся, як Ты, Словам Божым і Эўхарыстыяй. Фаны наследуюць сваіх ідалаў, часта ў паводзінах, манерах выказвацца, рухацца, можна здагадацца, якая кіназорка, які спартовец валадарыць у сэрцы падлетка. Ці мы падобныя да нашай Маці? Ці мы хоць трохі падобныя да Цябе, Каралева наша?
Мы павінны быць Табе падпарадкаваныя, нам павінна падабацца тое, што Табе падабаецца, бо Ты наша Каралева. Мы павінны наследаваць Цябе так, каб Табе падабацца, каб быў відаць Твой уплыў, Твой прыклад жыцця, Тваё кіраванне ў сэрцы. Хто кіруе ў нашым сэрцы? Хто сапраўды кіруе нашымі думкамі, пачуццямі… Зробім просты рахунак сумлення… Занадта часта здараецца, што людзі гадзінамі злуюцца, нервуюцца на асобу, якую не любяць. Занадта часта нашыя думкі трымаюцца, як птушка на прывязі, як шмат часу на працягу дня мы займаем нараканнямі?
Людзі часта хвалююцца, ўдзельнічаючы ва ўрачыстай каранацыі абразоў, на якіх Езус на Тваіх руках, а таксама Ты сама, атрымліваеце кароны. Гэта прыгожы звычай часта сапраўды заахвочвае і прымушае людзей да роздуму. Шмат святых пытала ўжо пры нагодзе: ці мы самі карануем Езуса і Цябе ў нашых сэрцах? Што каранацыя практычна азначае дзеля нас саміх?
Прымем жа хоць на гэты месяц Марыю як Каралеву. Дазволім Ёй надаць тонус нашым дням. Можа мы будзем штодзённа хоць 5 хвілін чытаць Евангелле? Дазволім Ёй прыбрацца ў нашым жыцці, дому, думках. Перш чым мы пачнем каму-небудзь рабіць заўвагу, праверым, ці мы самі сапраўды змяняем нашае жыццё? Што б у нас хацела змяніць Каралева?
Марыя, добры Айцец з радасцю прыняў Цябе да Дому, Ты блізка да Любові свайго жыцця, Твайму абранню і ўкаранаванню радуюцца ўсе анёлы і святыя. Усё Тваё жыццё побач з Езусам, пра якое распавядаюць таямніцы ружанца, вяло Цябе да каранацыі. Яна пацвярджае, раз’ясняе і асвятляе ўсё, што Ты перажыла, над чым разважала, прыняла, насіла ў Беззаганным Сэрцы; што імкнулася разумець, што цярпела і што насіла ў маўчанні. Мы не разумеем Цябе, Маці, мы не здольныя прасякнуць у таямніцу Твайго Беззаганнага Сэрца, хоць шмат хто спрабаваў і далей імкнецца апісваць яе. Часам гэтыя апісанні здаюцца нам цікавымі. Ты раіла нам засяроджвацца на разважанні таямніц ружанца, на медытацыі пры дапамозе Евангелля. Памятайма, што казаў Езус – справядлівыя будуць ззяць, як сонца. Ты ззяеш найпрыгажэй за ўсіх, Каралева наша, справядлівая і мудрая.
Маці, мы ведаем, што Ты шчаслівая Каралева пры любячым Айцы, Найсаладзейшым Сэрцы Езуса, поўная дароў Духа Божага, укаранаваная. Ты чакаеш нас. Маці, мы б хацелі ўжо цяпер, каб Твой Сын быў нашым Панам, Каралём нашага сэрца, нашай сям’і, нашага дому, каб Ты была нашай Каралевай. Мы ведаем, што Ты чакаеш ад нас адданасці нашых сэрцаў, нашых сямей! Мы абяцаем, што штодзённа будзем імкнуцца пашыраць Тваё панаванне ў нашых сэрцах.
Папросім Духа Божага, Салодкую радасць сэрцаў, Духа ласкі, няхай Ён ачышчае нас праз Слова Божае, праз сакраманты. Няхай Ён нас выхоўвае, фармуе, няхай нашыя сэрцы будуць падобнымі да Беззаганнага Сэрца Панны, якое верыць Богу, праслаўляе Бога, давярае Яму і любіць. Амэн.


О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе,
давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу ў Цябе прабачэння за тых,
што не вераць у Цябе,
не праслаўляюць Цябе, не давяраюць Табе
і не любяць Цябе.


Кожны дзень з Табой, Марыя
Дабрыня і дабразычлівасць

   Вітай, дабрыня Божая смяротным дабразычлівая,
Вітай, малітвы пахнучае кадзіла,
Вітай, Дзева Абранніца.

Маці Божая, Маці цудоўная, Люстра справядлівасці, Дапаможніца верных! Мы прыходзім да Цябе з просьбамі, з малітвай, з верай, прыносячы нашыя патрэбы і клопаты, мары і прагненні, страхі і радасці. Мы молімся за блізкіх, за сем’і, за нас саміх. Калі мы супакоім нашыя сэрцы, мы пачынаем усё больш захапляцца Тваім Беззаганным Сэрцам, пачынаем бачыць, што Ты прыгожая і цудоўная, Марыя, мы ўжо менш думаем пра сябе, больш пра Цябе, прагнем Цябе пазнаць, пытаемся пра Цябе, Найсвяцейшая.
Хто Ты, Божая Панна? Ты цалкам належыш Богу, цалкам аддаешся Яму, углядаешся ў Яго, жывеш любоўю да Яго, найбліжэй да Яго. Ты заўсёды хацела быць падобнай да Яго, слухаць Яго, вучыцца ў Яго. Паэты і містыкі, святыя і благаславёныя называлі Цябе Вучаніцай Сына, Вучаніцай Панскай, першай Студэнткай Тэалогіі, якая вучыць Слова Божае, Хрыста, наймагутнейшай Вучаніцай Слова Божага. Ты стала люстэркам, якое адлюстроўвае ў сабе прыгажосць і дабрыню Бога, Яго міласэрнасць і справядлівасць. Дзеці з Фацімы параўналі Цябе з крышталем, праз які відаць бляск сонечных промняў. Якая ж Ты прыгожая і добрая, Марыя!
Некаторыя людзі баяцца прыгажосці – яны заўважаюць, што яна можа быць грознай, можа нас недзе звесці, туды, куды мы ісці не хочам, можа нам замуціць пазнаванне. Ты прыгожая добрай прыгажосцю, Ты – сама дабрыня, без ценю дамешкі, як найчысцейшае золата. У Табе не з’явілася ніводнай плямы, у Табе няма нічога, што магло б нас падмануць, у Табе была і ёсць усялякая поўня ласкі і ўсялякае дабро. Мы ведаем, што Цябе выбраў Найсвяцейшы Айцец з неба, асвяціў з найсвяцейшым і ўмілаваным Сынам сваім і Духам Святым Суцяшальнікам. Ты добрая, дабразычлівая да ўсіх, дзеля кожнага Ты маеш Сэрца Беззаганнае, шчырае, як золата. Мы хочам быць бліжэй да Цябе, о Добрая Спадарыня.
Мы ведаем, што Ты найцудоўнейшае стварэнне Духа Святога. Мы ведаем, што гэта Ён, Дух Божы, фармаваў Тваё Беззаганнае Сэрца, даючы Божую любоў, радасць, супакой, цярплівасць, дабрыню, дабразычлівасць… Нам так патрэбныя гэтыя дары, настолькі неабходныя… Мы слабыя, спатыкаемся, упадаем у тыя самыя і новыя праблемы… Ратуй нас, вядзі да прыгажосці і дабра!
Каралева ўсіх святых! У Табе так шмат дабрыні, якая разліваецца на нас усіх, і Цябе радуе святасць кожнага, гэтай святасці Ты прагнеш дзеля іншых. Мы часта, сорамна прызнацца, Марыя, зайздросцім каму-небудзь з-за нечага. Ты, сама Найсвяцейшая, прагнеш, каб наша святасць няспынна ўзрастала. Ты, сама настолькі блізкая Езусу, вельмі хочаш, каб мы былі толькі ля Твайго Каханага, як мага бліжэй. Твая дабрыня, як адлюстраванне дабрыні Божай, бясконцай, разліваючайся, як жыцядайная вада дзеля ўсіх, прыцягвае нас да добрага, да прыгажосці.
Добрая Спадарыня, столькі малітваў Ты выслухала, тых вялікіх, як, напрыклад, аб навяртанні грэшнікаў, аб аздараўленні хворых і ўратаванні тых, што ў цяжкім становішчы! Твае санктуарыі поўныя ўспамінаў і апавяданняў пра Твае цуды, Твае ласкі і падтрымку Тваёй дабрыні. Мы ведаем таксама, што Тваё добрае, нічым не кранутае Сэрца, дабразычлівае да ўсіх, таксама і ў маленькіх і нібы нязначных справах, якія, аднак, важныя дзеля нас, патрэбныя, у якіх мы так зацікаўленыя. Мы ведаем, што Ты сама, у сваёй дабрыні, заўважыла недахоп віна на вяселлі. Нібы такая маленькая справа, хоць маладыя напэўна выслухалі б ад некаторых гасцей нядобрыя заўвагі. Тваё Беззаганнае Сэрца бачыць таксама недахоп віна на вяселлі. Маці, мы асмельваемся прасіць Тваё добрае Сэрца, каб Яно само заўважыла нашыя патрэбы. Марыя, Ты сама ведаеш, што мы не ўмеем прасіць, а часта просім тое, што нам увогуле не патрэбна. Панна добрая, мы аддаем Табе ўсе нашыя просьбы, тыя, што мы ўжо прынеслі Табе, а таксама тыя, якія мы носім у сэрцы, і ўсе тыя, якія яшчэ напэўна ў нас будуць… Марыя, вазьмі ў свае рукі нашыя просьбы і мудрасцю Служабніцы Панскай, мудрасцю Вучаніцы і Спадарожніцы жыцця Езуса міласэрнага і добрага, сама ласкава выбяры тое, што дзеля нас найлепшае. Ты ведаеш, Сталіца Мудрасці, Ты найлепш разумееш волю Божую. Ты ведаеш, што такое сапраўдная дабрыня. Ратуй нас, просім Цябе, Добрая Маці, ад дрэнных прагненняў, сцеражы нас, захавай нас сваімі малітвамі ад злога! Колькі разоў мы не ведалі, што дзеля нас сапраўды добра!
Люстра справядлівасці, Люстра дабрыні Божай, Люстра Божай шчодрасці! Мы аддаем сябе Тваёй дабразычлівай апецы, вядзі нас шляхам марыйным, шляхам Сэрца Беззаганнага, Найчысцейшага. Мы хочам быць блізка ля Цябе, Найсвяцейшая, як Ты, насіць у сабе дабро і прыгажосць ласкі. Дазволь нам наблізіцца да Цябе, дазволь нам вучыцца ў Цябе, выхоўвай нас. Мы хочам ісці марыйным шляхам, шляхам дабразычлівасці да ўсіх, бо мы самі столькі дабра атрымліваем ад Цябе. Хай жа мы будзем Тваёй уласнасцю, у Тваіх добрых руках, у Тваёй апецы.
Твая дабрыня сціплая, Марыя! Гэта нас здзіўляе, гэта нас хвалюе, мы ўражаныя і здзіўленыя, можа часам пасаромленыя. Панна добрая, Панна моцная, Ты дзейнічаеш у Кане Галілейскай: стрымана, з прывабнасцю і ўмеркаванасцю, плённа і без настойлівасці. Хто ацаніў, хто заўважыў цуд, які ратаваў вяселле і рэпутацыю гаспадароў? Няшмат.
Добрая Панна, Марыя, сярод жанчын у свеце не нарадзілася падобная да Цябе, але ўсе мы запрошаныя Езусам, Табой, каб, як Ты, адкрывацца на дары Духа Святога, як Ты, станавіцца падобнымі да самога Бога. Дапаможы нам, Панна добрая і моцная, радавацца, як Ты, святасці іншых, бачыць у людзях ласку Божую, падтрымліваць іншых, весці да Езуса і да Цябе. Вучы нас, добрая Маці, заўважаць дабро ў людзях.
Марыя, Панна дабразычлівая да ўсіх, не дазваляй нам, слугам і сябрам Тваім наракання, засяроджанасці на рэчах дрэнных і няўдалых. Не дазваляй нам, Найчысцейшая, Найсвяцейшая, каб мы размаўлялі на дрэнныя тэмы, паддаваліся бурчанню, жылі крыўднымі ўспамінамі, гадавалі крыўды ў сэрцы. Тваё Беззаганнае Сэрца з’яўляецца нашым прыкладам, нашым адпачынкам, з Табой мы ідзем да Найсаладзейшага Сэрца Езуса. О добрая, шчодрая Маці, поўная ласк Божых, выкінь усе нашыя дрэнныя навыкі, звычкі, упадабанні, якія мы ўвесь час трымаем пры сабе, як дрэнныя цацкі. Няхай нашыя сэрцы, як Тваё, Беззаганнае, шукаюць дабра, бачаць дабро, прагнуць самога дабра. Столькі захаплення злом вакол нас – столькі людзей увесь час кажуць пра дрэнныя справы, паўтараюць дрэнныя навіны, захоўваюць у галаве тое, што забруджвае, псуе, знішчае дух і забірае сілы. Так шмат людзей любіць паўтараць што-небудзь непатрэбнае, дрэннае, так часта дрэннае становіцца цікавым, мае смак навізны. Сорамна сказаць – добрая Маці, Маці Сына, які з’яўляецца Праўдай, Дарогай і Жыццём – але калі нехта кажа, што зараз мы пачуем усю праўду, то трэба чакаць вельмі нямілых, некарысных плётак, даносаў, абвінавачванняў. Гэта наступствы граху, якія так разбураюць нашыя сэрцы – дабро здаецца нам няпоўнай праўдай, зло – больш глыбокім пазнаннем. Добрая Маці, Маці Беззаганная, без ценю зла ў Найчысцейшым Сэрцы, ратуй нас.
Марыя Беззаганная, Ты, што ў сваім Сэрцы спазнала ўсю Праўду – самога Бога – Ты ведаеш Бога як чыстае Дабро, Ты ведаеш, наколькі шкоднае дзеля нас гэта зло. Ты не хочаш зла, Ты не цэніш зло, Ты хочаш весці нас да прыгажосці і дабра. Ты ў кожным з нас бачыш дзіця Божае, у кожнай падзеі – шанс на навяртанне. Сардэчная Маці, якая ўвесь час захапляешся Божай дабрынёй, пагружаная ў Божай міласэрнасці, дапамажы нам пазбягаць зла, не раніць Божага Сэрца, не раніць Твайго Сэрца. Апякунка людзей, барані нас, нясталых, якія не ўмеюць распазнаць дабра і зла. Пакажы нам сапраўднае дабро, вучы нас правільна выбіраць.
Найсвяцейшая Маці, Багародзіца, мы горача просім Цябе, захавай нас ад захаплення злом, кіруй нас да Дабра! Ты сама ўглядалася ў дабро, захаплялася Богам, пра Цябе казалі, што Ты будзеш у непрыязні са злом. Не дазволь нам, каб мы паддаліся зацікаўленасці дзейнасцю Злога, слухалі пра яго дзейнасць. Навучы нас, падтрымлівай, захоўвай сваімі малітвамі, Панна разважная!
Чыстая Маці, з Сэрцам не кранутым ніякім злом, вольная ад граху, Ты, што супраціўляешся ўсялякаму злу, якая ніколі не запляміла сябе злом!
Мы цалкам давяраем Табе: Ты, цалкам Божая, скіроўваеш нас да Дабра, ніколі не аддаляеш ад сваёй Любові, Езуса Міласэрнага. Ты – пэўная, бяспечная Правадніца да Найлепшага Айца, Крыніцы ўсялякай дабрыні і ласкавасці. Маці, Ты нам паказваеш Найсаладзейшае Сэрца Езуса, поўнае дабрыні і любові. Мы хочам ісці за Табой, з Табой да Езуса. Добрая і Прыгожая, вучы нас глядзець на дабро і прыгажосць! Маці, вучы нас шукаць, пазнаваць, любіць Твайго Сына!
Твой Сын, уцелаўлёнае Дабро, Той, які з’яўляецца Праўдай, вучыў нас дабрыні і бачыў таксама і ў нас, грэшных, дабрыню. Ён заўважаў, што шмат хто з нас умее даваць добрыя дары сваім дзецям, казаў нам пра добрага Айца ў небе. Маці, маліся за нас да Ўсемагутнага, прасі за нас. Ад зла ўсялякага барані нас, Марыя.
Панна святая, поўная дароў Духа Святога, Ты такая добрая Маці да нас усіх. Згодна з воляй Божай вучы нас быць добрымі, дабразычлівымі, добра жыць з усімі. Вучы нас пазбягаць зла, амінаць яго.

Маці добрая, ласкавая, шчодрая,
просім, дазволь нам пазнаваць
Тваё Беззаганнае Сэрца,
прымі нас, мы Твае,
Тваімі хочам застацца,
   з Табой да Езуса ісці хочам. Амэн.




Перакладзена з польскага выдання
“Potęga Rodziny. Domowy Kościół,
którego nie przemogą bramy piekła.”