6.13.2015

Першая субота ліпеня 2015

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

ПЕРШАЯ СУБОТА
ЛIПЕНЯ 2015


СУЖЭНСТВА І СЯМ’Я –
ДАР І ПАКЛІКАННЕ

Правільныя адносіны паміж Богам і чалавекам могуць фармавацца толькі тады, калі чалавек будзе ўзрастаць у атмасферы любові і даверу. Адсутнасць гэтых элементаў дэфармуе чалавека. Чалавек як адзіная істота, створаная на “вобраз і падабенства Божыя”, не жыве статкавым жыццём, дзе кіруе толькі інстынкт і права мацнейшага. Можна сказаць: мы жывем, каб любіць. Мы пакліканыя Богам да любові як сужэнскай, так і бацькоўскай. Любоў ляжыць у падставе сямейнага жыцця. Гэта асацыіруецца з пачуццём бяспекі, якое вынікае са свядомасці, што мы каханыя. Як жа інакш узгадваюць дзяцінства людзі з разбітых паталагічных сямей. Любоў дваіх людзей, паблагаславёная Богам, сужонкам “задаецца”. Яны павінны яе памнажаць, узмацняць і разам перамагаць цяжкія хвіліны. “Любоў не стамляецца”. Таму трэба ўмець адрозніваць яе ад хвілёвага захаплення, заўважыць магчымую зацікаўленасць аднаго з бакоў, можа розныя формы недасканаласці, якія будуць потым стаяць на шляху будавання сямейнай супольнасці.
Шкода, што так шмат людзей звяртае ўвагу на вышэй узгаданыя аспекты толькі пасля сакрамэнтальнага акту сужэнства і ў грамадскім судзе шукае вырашэння таго, што ў Бога неразрыўнае. Такая пастава з’яўляецца сведчаннем не да канца адказнага падыходу да важных жыццёвых рашэнняў. Гэта ўздзеянне сучаснага свету, у якім усё ўказваецца як часовае, мімалётнае і простае. Чалавека вучаць пры дапамозе прапаганды медыяў, прадстаўлення фальшывых жыццёвых прыкладаў, папулязавання свабоды звычаяў, што жыццё не павінна быць звязана з адказнасцю, што можа быць як рэклама, у якой усе толькі маладыя, прыгожыя і здаровыя, і ўсё каляровае і банальна простае. Як жа чалавек, выхаваны такім чынам, можа змагацца з сапраўднымі праблемамі, як можа вырашаць сужэнскія праблемы, калі развод, а гэта значыць уцёк ад праблем, з’яўляецца нашмат “прасцейшым”? Ня важнай з’яўляецца крыўда іншай асобы, драма дзяцей. Можа мы з захапленнем глядзім на розных адзінак і на тое, як лёгка яны пакідаюць жонак, дзяцей і звязваюць сябе з кімсьці іншым толькі таму, што той хтосьці малады і прыгожы. Што ж тады з сужэнскай прысягай, дадзенай Богу і людзям, што са звычайнай прыстойнасцю? Езус з вялікай моцай звяртае ўвагу на факт неразрыўнасці сужэнства, падкрэсліваючы, што такім быў план Створцы. Яго сцвярджэнне: “Што Бог злучыў, тое чалавек няхай не раздзяляе”, з’яўляецца не толькі прававой формулай, але хутчэй падкрэсліваннем, што кожная людзкая супольнасць, асабліва сужэнства, закаранёная ў любові, “якая ніколі не стамляецца”, бо мае свой пачатак у Богу, які ёсць Любоўю. Зразуменне гэтага факту патрабуе глыбокага роздуму і разважання, калі мы хочам захаваць сябе ад ужо ўзгаданага моднага “жыццёвага” падыходу да праблемы неразрыўнасці сужэнства, у якім акт прысягі адносіцца да Бога і Ім запячатаны, мы імкнемся перакрэсліць уласнымі паводзінамі, а потым рашэннем людзкой інстанцыі. Таму рашэнне аб сужэнстве павінна быць спелым. Яго распад заўсёды кажа пытаць пра любоў: ці была яна фактычным досведам дваіх людзей, ці можа мы мелі дачыненне з хвілёвым захапленнем або сужэнствам па разліку? Сужэнства – гэта супольнасць. Супольнасць прадугледжвае, што дзве асобы становяцца адным “мы”. Гэта мае свой прататып у супольнасці Святой Тройцы. Мужчына і жанчына роўныя і ў сваёй годнасці дапаўняюць адзін аднаго, прыносячы ў супольнасць ўсё багацце сваёй асобы і рысы, якіх не мае іншы бок. Менавіта таму, “нядобра, каб чалавек быў сам”. Існаванне па-за супольнасцю робіць чалавека больш убогім і спрагнёным любові, а ў яе пошуках можа ён увайсці на дрэнныя сцежкі і шукаць хвілёвай кампенсацыі, якая пакідае яшчэ большую тугу па сапраўдных пачуццях. Ці ж гэта “вандроўка па партнёрах” не з’яўляецца сапраўды няўдалай спробай знайсці сапраўдную любоў? Любоў узбагачае і робіць чалавека шчаслівым, любоў аблудная правакуе няспынную ненасычанасць і фрустрацыю.
Клопат чалавека, які з’яўляецца – як кажа Ян Павел ІІ – дарогай Касцёла, з’яўляецца таксама клопатам пра трываласць сужэнства і клопатам пра сям’ю, якая бярэ свой пачатак у еднасці сужонкаў. Клопат пра тое, каб выканала яна сваю місію і пакліканне, а ўзбагачаючы чалавека, вяла яго адначасова шляхамі збаўлення. Сужэнскую еднасць дзвюх асоб Хрыстос Пан узнёс да ўзроўня сакраманту. У яго моцы сужонкі ўзаемна шлюбуюць сабе любоў, вернасць і сужэнскую павагу, а таксама трыванне ў сужэнскай супольнасці “аж да смерці”. Пакліканы сведкай Бог запячатвае гэтыя словы сваёй павагай, а ў Яго імя робіць гэта супольнасць Касцёла праз святара. Каштоўнасці, пералічаныя сужонкамі, становяцца супольным дабром іх саміх, а таксама новай сям’і. Сапраўдная любоў не замыкаецца на сабе – Касцёл пытае сужонкаў, ці яны гатовыя прыняць і выхоўваць па-каталіцку дзяцей, якія з’яўляюцца дарам Божым. Абавязак прыняць патомства перакрэслівае ўсе іншыя верагоднасці. Патомства, паўторым, з’яўляецца д а р а м і таму не можа быць разглядана як цяжар або нязваны госць, які перашкаджае жыццёвым планам. Зачацце і нараджэнне дзіцяці не з’яўляецца рашэннем толькі саміх бацькоў, таму што яны – супрацоўнікі Бога ў Яго створчым акце, а таму жыццё не можа быць і не залежыць да канца ад іх. Акт зачацця новага жыцця з’яўляецца святым, адсюль супраціўленне Касцёла супраць усялякіх ненатуральных умяшальніцтваў. “Не” антыканцэпцыі ці “in vitro” не з’яўляецца з яго боку выражэннем незразумелай упартасці, а наступствам цалкавітага прыняцця біблійнай праўды пра сужэнства і сям’ю. Ці так званае “папярэджванне нежаданай цяжарнасці” пры дапамозе сродкаў антыканцэпцыі ажно да забойства дзіцяці ва ўлонні маці – гэта не перакрэсліванне ўсяго плану Божага, выразны бунт і сумнеў у праве Божым на гэты свет? Гэта таксама несумненны акт вялікага недаверу Богу або звычайнае выражэнне пакінутай ці перагарэўшай веры. Трэба таксама памятаць, што кожны з нас будзе ў ажыццяўленні свайго паклікання адказваць перад Богам. Гэта занадта паважныя справы, каб адказаць на іх пажаццем плячэй ці нервовым жэстам. Не з’яўляецца напэўна рашэннем тое, каб сказаць ксяндзу, што я не маю паняцця пра жыццё; гэта было б зручным выйсцем з сітуацыі і пазбяганнем адказу на пытанне, ці я сапраўды ў сваім жыцці лічуся з Богам, ці хутчэй вызнаю сваю веру толькі тады, калі гэта мне нічога не каштуе.
Тое, што мы казалі да гэтый хвіліны, з’яўляецца па зместу скарачэннем фрагментаў лісту, які св. Ян Павел ІІ скіраваў да сямей яшчэ ў 1994 годзе. Гэта, можна так сказаць, ідэальная мадэль, да якой трэба імкнуцца. Кожнае сужэнства – гэта асобнае пытанне. Шмат з іх распадаецца па віне аднаго з бакоў, таму настолькі важна быць з пакрыўджанай асобай, асабліва з дзецьмі. Гэта, аднак, не дае нам права ставіць пад сумнеў падставу Божых прыказанняў. Прыгажосць сужэнскай  любові, у якой сужонкі з’яўляюцца адзін дзеля другога дарам “аж да смерці”, так як прыгажосць бацькоўскай любові, калі бацькі з’яўляюцца дарам дзеля сваіх дзяцей, мае свой поўны сэнс толькі ў Богу, які сам з’яўляецца дзеля нас Дарам. Усё, што мы зробім ў гэтай галіне супраць Бога і Яго мудрасці, раней ці пазней прынясе даўкія плёны, ня гледзячы на ўяўнае дабро, якое спачатку можа стаць нашым удзелам.

ТАЯМНІЦЫ РАДАСНЫЯ

Звеставанне Найсвяцейшай Марыі Панне

Маладая Дзяўчына з сапраўды маленькай мясцовасці сустракае анёла – нічога дзіўнага, што Яна ўсхваляваная. Але Яна не ўцякае ў фальшывую сціпласць, ані какетлівасць… Яна магла б пытаць, ці напэўна Яна, чаму менавіта Яна… Яна не вырашае пры гэтым сваіх спраў, не просіць нечага дзеля сябе, ані дзеля сям’і… Яна дзякуе, праслаўляе, радуецца Богу, а сваё пакліканне, вядомасць прымае Сэрцам сапраўды чыстым і беззаганным.
Як людзі звычайна прымаюць пакліканне? Апосталы вельмі доўга не разумеюць свайго паклікання. Шкадуюць, што Месія памёр на крыжы, замест таго, каб вызваліць Ізраэль ад Рымскага прыгнёту. Майсей тлумачыў, што ён не вельмі прыгожа кажа, прарокі не заўсёды былі ў захапленні, часам спрабавалі хавацца за свае недахопы. Марыя не спрачаецца, проста пытаецца пра дробязі, каб быць упэўненай, як Сябе захоўваць. Евангелле выразна падкрэслівае Яе адданасць, адкрытае Сэрца, якое не ставіць Богу ніякіх абмежаванняў. Самае важнае дзеля Яе – гэта зразумець і прыняць Божы план, Божае запрашэнне.
Магчыма ў нашым жыцці не было настолькі важнай хвіліны паклікання. Магчыма наш шлях жыцця складваецца інакш. Аднак мы можам, разважаючы над таямніцай паклікання Марыі, аднавіць нашае прыняцце жыццёвага паклікання, ужо больш стала дзякуючы мінуламу часу, з сэрцам больш багатым дзякучы досведам. Прымем жа яшчэ раз, наноў, нашае пакліканне, вучачыся ў Маці. Так, як умеем, як Яна. Просім у Яе дапамогі прыняць Хрыста так, як Яна. Гэта прынясе Ёй радасць.

Наведванне Святой Альжбеты

Якую ж вялікую далікатнасць Бога мы бачым у гэтай таямніцы! Дзякуючы анёлу сустракаюцца Марыя і Альжбета – абедзве абдараваныя надзвычайным чынам, абедзве патрабуюць зразумення, стрыманасці, любага і лагоднага падыходу, а таксама спакою і самотнасці, каб апынуцца ў незвычайнай сітуацыі. Абедзве здіўленыя таму, што чакаюць дзіця, для кожнай з іх гэта час, які яны самі сабе не выбіралі – адна ўжо ў пазнейшых гадах, другая – занадта рана, бо маладая пара яшчэ не пачала жыць разам. Абедзве з чыстым сэрцам, абедзве не могуць растлумачыць гэта людзям, абедзвум пагражаюць розныя заўвагі, розныя погляды людзей.
У гэтай таямніцы мы агарняем сэрцам усіх маці, якія чакаюць дзіця. Сёння ня лёгка быць маці. Нярэдка можна пачуць заўвагі – занадта рана, занадта позна, не цяпер; адны чуюць, што маюць занадта шмат дзяцей, іншыя – занадта мала; так, як бы людзі чакалі тлумачэнняў, здрады пэўнай інтымнасці; так, як бы лічылі, што ўсё лёгка даецца і лагічна запланаваць і ўсталяваць… Вучымся ў гэтай таямніцы павагі і стрыманасці, дабразычлівасці да маці. У гэты перыяд чакання нараджэння дзіцяці патрэбна падтрымка або хаця б ветлівасць. Мы не ведаем дробязяў, не ведаем, кім будуць дзеці. Замест таго, каб абгаворваць сэнс наступлення цяжарнасці, памолімся за маці, за іх дзяцей, хоць бы кароткай малітвай. Памятаем пра асаблівае спатканне дзвух Жанчын, чакаючых асаблівых Сыноў!

Нараджэнне Пана Езуса

Святы Юзаф апякуецца Марыяй, найлепшым чынам, як умее і можа – але ў падарожжы ён не можа забяспечыць Ёй занадта добрых умоў, таксама і ў Бэтлееме. Маленькаму Езусу таксама нельга заспакоіць усіх патрэбаў. Мы верым, аднак, што там, дзе яны былі, яны радаваліся Яго прысутнасці і св. Юзаф, і Найсвяцейшай Марыя Панна, яны з радасцю глядзелі на Маленькага, маліліся разам… Незалежна ад цяжару і стомленасці, незалежна ад абмежаванняў месца, яны стваралі Святую Сям’ю, сярод іх было неба на зямлі.
Не дазволім жа ашукаць сябе ўласнымі эмоцыямі – Бог тут, з намі. Калі мы не сумеем тут і цяпер, у гэтым умовах, якія маем, паверыць у прысутнасць Божую, Езуса сярод нас, Езуса ў нашым сэрцы, то калі? – усё будзе нешта не так, як бы мы хацелі, заўсёды нешта будзе недасканалым, не досыць цудоўным… Ці хочам мы прымаць Бога толькі ў адпаведна выгадных дзеля нас умовах? Колькі нашых спадзяванняў павінен выканаць Бог, каб мы радаваліся Яго прысутнасці?
Не дазволім ашукаць сябе ўласнымі уражаннямі. Ужо ў часы Езуса былі людзі, якія Яго не ведалі, а паверылі, а таксама тыя, якія бачылі і не верылі. Вучымся ў св. Юзафа, які, гледзячы на Жонку, бачыў Дзеву, якая нарадзіла; вучымся ў Марыі, якая ахінаючы і кормячы Немаўля, бачыла Сына Божага. Дзякуем за прысутнасць Божую сярод нас, у нас, прымаем Святую Камунію з удзячнасцю, не паддаючыся зменлівасці нашых пачуццяў і нашых поглядаў…

Ахвяраванне Езуса ў святыні

Найсвяцейшая Панна нарадзіла Дзіця – цяпер Яна павінна Яго ахвяраваць, павінна пацвердзіць чынам і Найчысцейшым Сэрцам тое, што ведала з першай хвіліны звеставання: гэта Сын Божы, гэта Дзіця Божае, нарадзілася дзеля людзей і дзеля іх збаўлення, прыйшло па справах Айца… Сын не нарадзіўся дзеля таго, каб ажыццявіць мары большасці маці і айцоў, Ён не раз здзівіць Маці, часта будзе выбіраць тое, што будзе дзеля Яе балючым…
Марыя згаджаецца, так як хвіліну звеставання, Беззаганным Сэрцам Яна паўтарае fiat. У чарговы раз Яна згаджаецца на ўсё з цалкаватай перакананасцю, даверам, верай і спакоем. Як адзначае ўважлівы Евангеліст, Найсвяцейшая Панна не ўсё разумее, шмат Яе здзіўляе: тым больш заслуг нясе Яе давер, бо што ж гэта за вера, якая ўсё ведае, усё разумее, усе прадбачыць, нічаму не здзіўляецца…
Шмат святых, благаслаўлёных, містыкаў і тэолагаў захаплялася вялікай верай Маці Божай, цяжкай дзеля нашага зразумення і прыняцця. Мы пожам падтрымліваць сябе Яе моцнай адвагай, даверам, які столькі вытрымаў, Яе вялізнай верай. І нам бывае цяжка, і нам цяжка прызнаць, што нашыя блізкія маюць свой жыццёвы шлях, уласнае пакліканне, свае духоўныя выклікі і таямніцы веры. Можа часам мы б занадта хацелі прадбачыць, запланаваць, хутка ведаць, разумець. Молімся за нашых блізкіх, молімся за сябе саміх, каб адкрытым сэрцам мы прымалі пакліканне члонкаў нашай сям’і.

Езуса знаходзяць у святыні

Мы бачым Марыю як Маці Божую, як Найсвяцейшую Панну Марыю. Мудрасць Касцёла вучыць нас пра Яе цудоўнасць, пра Яе абранасць, Беззаганнае Зачацце, унебаўзяцце… Мы ведаем так шмат, хоць заўсёды хацелі б ведаць яшчэ больш. Можа нас здзіўляе часам, што так шмат людзей увогуле не заўважыла такой вядомай Асобы, можа нам здаецца, што мы б заўважылі?
Ці ніколі нас не здіўляла, што Марыя згубіла Езуса? Ці мы ніколі не задумваліся, як гэта было, што нечакана св. Юзаф і Беззаганная маглі не заўважыць, што побач з імі няма Сына. Можа таксама ні адна знаёмая была здзіўленая, як можна згубіць дзіця!
Мы ведаем, як гэта было – падумаем: а як сёння. Ці мы ніколі не гублялі ў нашым жыцці, у нашай штодзённасці Езуса? Ці мы ніколі не здзіўляліся нашым паводзінам, пасля таго, як факт ужо здзейсніўся, праз нейкі час?
Захаваем спакой і цярплівасць да сябе саміх. Міласэрны Бог дазваляе сябе знайсці ў святыні, у сакрамантах. Усё гэта, што адбылося і яшчэ з намі здарыцца, Дух Святы можа так правесці, што ўсё можа паспрыяць нашаму дабру. Езус дазваляе сябе знайсці, так як Марыі і Юзафу, нават калі мы не разумеем усёй сітуацыі адразу. Як Яны паразважаем, падумаем, дадзім сабе час на тое, каб паразважаць над сітуацыяй. Найважнейшае, што мы знайшлі Езуса, што Ён ужо з намі.


 ТАЯМНІЦА ХВАЛЕБНАЯ
Унебаўзяцце Найсвяцейшай Марыі Панны

Чаго  вока  не  бачыла,
 і  вуха  не  чула,
 тое Бог падрыхтаваў тым,
хто любіць Яго».
1 Кар 2, 9

Сёння наш дзень, наш час сустрэчы з Найпрыгажэйшай сярод жанчын, з самай таямнічай сярод маці. Першая субота месяца – гэта наш падарунак Беззаганнай дзеля нас! Гэта Яна нас запрашае, Яна нас вядзе, прагне наблізіць нашыя сэрцы да Яе Найчысцейшага Сэрца. Радуемся Марыі, Яе прысутнасці, захапляемся сёння хараством Унебаўзятай. Хто ж Яна?
Просім Маці Божую, Унебаўзятую, каб Яна вяла сваёй прыгажосцю і празрыстасцю. Просім, каб Яна пажадала быць з намі, прасіла Духа Божага для нас, каб Ён асвячаў нашыя думкі і сэрцы. Як без дапамогі Духа Святога мы маглі зразумець што-небудзь з жыцця Панны Марыі, цалкам святой? Разважаем над справамі Божымі, якія нас перавышаюць, без дапамогі звыш мы зможам да іх наблізіцца.
Духу Святы, Наймілейшы Госцю, Салодкая прахалода, Духу жыцця і любові, Духу прабачэння і ласкі, дапамажы нам прымаць таямніцы збаўлення нас усіх, таямніцы Евангелля, таямніцы ружанца. Просім Цябе, Духу Божы, адкрый нас, ачышчай, асвячай, вучы нас, як Ты вучыў Беззаганнае Сэрца, вядзі нас у школу Найсвяцейшай Панны, найлепшай Вучаніцы Божай.
Найсаладзейшае Сэрца Езуса, адкрытае для ўсіх людзей, лекаванне грэшнікаў, радасць наша, мы хочам любіць Цябе, як Марыя! Адкрый нашыя сэрцы, просім Цябе, дапамажы нам вучыцца ў Яе Беззаганнага Сэрца.
Сёння мы ідзем да таямніцы, прамянеючай, як сонца – унебаўзяцця. Можа здавацца, што гэта настолькі вядомая і папулярная ўрачыстасць! Можна пачуць, што нехта, хто пачуў цудоўную навіну, быў унебаўзяты… Гэта цудоўная марыялагічная інтуіцыя – Марыя, менавіта ўнебаўзятая, найбольш зачараваная Богам, найбольш прасякнутая Ім, цалкам Божая, цалкам Хрыстовая, гэта найцудоўнейшы і найпрыгажэйшы твор моцы Духа Божага.
Навошта Касцёлу была адкрыта гэта таямніца; каб мы добра ведалі і цанілі гэту таямніцу? Ці гэта толькі аздоба, пахвала, прыгожыя словы пра Маці Божую? Не, гэта сапраўды вельмі важная справа, гэта навука пра чалавека, пра нас, гэта вельмі важны ўрок для нас саміх.
Кім з’яўляецца чалавек? Былі ўжо такія і заўсёды будуць такія, якія лічаць правільным казаць спачатку пра грэх, падрабязна амаўляць кожнае дзеянне і праяўлене зла, паказваць на цалкавіты ўпадак чалавецтва, казаць пра сапсаванасць людзкой натуры… Навука пра чалавека, якую паказвае нам Касцёл, кажа пра міласэрную ласку Божую дзеля грэшнікаў, пра прызначэнне да хвалы Божай, паказвае чалавека такім, якім прагне яго бачыць Бог – паказвае нам Марыю. Гэта Асоба Найсвяцейшай Панны паказвае нам мэту – жыццё пры Езусе, з Езусам, дзеля Езуса; супрацоўніцтва з ласкай дзеля збаўлення ўсіх, і нарэшце шчасце і радасць у любові Божай у небе, дзе Ён вытра нам кожную слязу, дзе будуць суцешаныя ўсе нашыя смуткі, дзе мы самі зможам, дзякуючы міласэрнай моцы Божай, падтрымліваць, як Марыя, такіх, як мы, патрабуючых. Хвалой Божай з’яўляецца жывы чалавек, які праслаўляе Пана, радуецца Богу, прымае дар Сына Божага, знаходзіцца блізка ля Яго Найсаладзейшага Сэрца, як Марыя.
Навошта Маці Божая ў небе? Бо Езус прадказаў, што справядлівыя будуць ззяць, як сонца, у Валадарстве свайго Айца, а Яна, поўная Духа Святога, была справядлівая. Яна ў небе, бо там Езус, а Яна заўсёды была блізка ля Яго, усё жыццё адданая Яму. Яна была прынятая ў неба духам і целам, бо сама прыняла Сына Божага духам і целам, а гэта менавіта Яго прысутнасць стварае неба. Яе дом у небе, бо Яна сама была домам дзеля Езуса, які пасяліўся ў Ёй, а гэта менавіта Ён нясе радасць і шчасце неба. Панна Марыя першая ў небе, бо першая на зямлі прыняла Сына Божага, хоць не бачыла, першая ў Яго паверыла. Нішто на зямлі не магло Яе разлучыць з Хрыстом: ні бяда, ні эміграцыя, ні страта дому і знаёмых, ні жыццё ў чужой краіне, ні наступны пераезд, ні адсутнасць цудаў у штодзённым жыцці, ні мноства цудаў, ні пахвала, ні крытыка, ні пакута Сына, ні ўласная пакута, ні крыжовая дарога, ні смерць любага Сына. Яна лічыла, што ніякіх цярпенняў нельга ставіць нараўне з хвалой прысутнасці Божай, любові Божай, шчасця быць з Ім. Самая ўважлівая Вучаніца Пана не разумела, але прымала; не ведала, але верыла, разважала, вучылася, задумвалася, захоўвала ў сваім сэрцы. Цалкам Божая на зямлі, цалкам Божая ў небе.
Часта на працягу стагоддзяў задавалася пытанне: як гэта сталася? Як Найсвяцейшая скончыла сваё зямное жыццё? Можа, як некаторыя вераць, Яе жыццё, настолькі ва ўсім падобнае да жыцця Яе Божага Сына, скончылася на зямлі смерцю, якая аднак была як засыпанне, а таму не магла зрабіць Ёй ніякай крыўды. Папа Пій ХІІ падкрэсліў, што Маці Езуса апынулася ў хвале з целам і душой. Беззаганнае Сэрца, настолькі падобнае да Найсаладзейшага Сэрца Езуса, яшчэ больш наблізілася да Яго на прыканцы свайго зямного шляху. Тая, што была цалкам Божая у жыцці, засталася цалкам Божай пасля смерці. Гэта Яна належыла Богу з хвіліны свайго Беззаганнага Зачацця, усё жыццё – таксама Яна належыла Богу ў хвіліну пераходу да неба, дому Божага, поўнага бляску і прыгажосці. Маці, Сэрца якой было Домам Божым, дайшла да Дому Божага, да Сэрца міласэрнага Бога.
Што за суцяшальная таямніца ружанца! Гэта жыццё Сяброўкі Бога, Дзевы, адданай духам і целам, паказвае нам, кім мы павінны быць, кім мы можам стаць. Чытаем у Лісце да Ефесянаў, што ад пачатку свету мы былі прызначаныя для Бога, каб быць святымі і беззаганнымі. Кім жа тады з’яўляецца чалавек? Кім з’яўляемсы мы, калі мы сапраўды з’яўляемся сабой?
Некаторым здаецца, што быццю чалавека абавязкова павінна належаць зло, грэх, упадак. Часта культура, фільмы, літаратура хочуць нас пераканаць, што толькі крайні досвед, парушэнне забароны, прынцыпаў, парушэнне закону, адмаўленне ад абяцанняў і абавязкаў даюць вольнасць. Здаецца, што вольнасць заключаецца ў бясконых магчымасцях эксперыментаў і праверкі магчымасцяў, нават калі гэта можа раніць, знішчаць.
Аднак, ці вольнасць заключаецца ў тым, каб рабіць сабе і іншым крыўду? Ці шчасце павінна заключацца ў тым, каб правяраць ці можам мы атруціць сябе, знішчаць іншых, разбіваць спакой чыйгосьці дому? Ці гэта не прымушае задумацца, што дабро шмат каму здаецца нудным, і яны адпачываюць, аглядаючы дзеля рэлаксу людзкія драмы, чытаюць пра няшчасці, ствараючы ўяўныя небяспекі для ўздыму адрэналіну. Аднак тыя ж самыя асобы не хацелі б быць асілкамі гэтых гісторый, не згаджаюцца на тое, каб іх лекары парушалі прынцыпы і маюць надзею, што ўяўная рызыка, якую яны сабе ствараюць, будзе мець happy end.
Унебаўзяцце Найсвяцейшай Маці Божай паказвае нам сапраўдны happy end людзкога жыцця: шчаслівы чалавек, які носіць у сваім сэрцы Хрыста, злучаецца з Ім назаўсёды. Мы не можам уявіць сабе гэтага шчасця, нашыя людзкія паняцці абмежаваныя. Таксама і Езус запэўніваў, што людзкі розум не ахопіць таго, што падрыхтаваў міласэрны і ласкавы Айцец выбраным. Аднак мы давяраем Богу, што Ён падрыхтаваў сваёй Маці і нам нешта цудоўнае, захапляльнае, што варта быць з Ім, варта дайсці да неба, да супольнасці з Богам. Прамяністасць і прыгажосць Найсвяцейшай Маці спрабавалі апісаць шмат містыкаў і святых, усе яны былі аднак бездапаможнымі. Толькі неба пакажа нашую сапраўдную асобу, дух і сэрца, толькі ў небе мы даведаемся пра сапраўдную гісторыю свету, значэнне святых.
Найсвяцейшая Панна Марыя, выгляду якой не апісалі ніводныя сведкі, засяроджваючыся на Яе пакліканні і блізкасці з Езусам, як Унебаўзятая аб’яўляецца ў прыгажосці і хвале, паказваючы сваю незраўнаную святасць. Цела, якое тут, на зямлі, дастаўляе нам часам клопаты, часта з’яўляецца прычынай прыніжэнняў, там, у небе, будзе вобразам хвалы.
Каралева Ўсіх Святых, з Сэрцам Беззаганным, якое не кранула нічога, што магло б разлучыць Яе з Богам, найбольш падобная да Сына, чакае нас у небе. Мы былі запрошаныя да неба. Бог і Маці Збаўцы чакаюць нас, каб мы сталіся прыгожымі і беззаганнымі перад Яго абліччам, каб мы занялі месца, якое нам падтрыхтавана ў небе. Тады будуць суцешаныя нашыя сэрцы, міласрэны Бог, адзіны, хто ведае нашае сэрца, вытра з нашых вачэй кожную слязу, не будзе ўжо смерці, і нічога, што прычыніла б нам боль. Божая Міласэрнасць агарне нас, а абвінаваўца наш і нашых блізкіх будзе скінуты.
Просім жа Марыю, каб Яна вяла нас сваёй дарогай да шчасця. Просім, каб Яна суправаджала нас на кожнай дарозе нашага жыцця, як у таямніцах ружанца – як радасных, так і балесных. Няхай святло веры дапамагае нам знайсці дарогу да неба. У гэтай дарозе, як і Маці Божая, мы запрошаныя да неба, да ахвяры і ўзнагароды, да пыдтрымлівання слабейшых члонкаў Касцёла. Беззаганнае Сэрца Марыі, просім Цябе, каб Ты дапамагала нам цярпліва кожнага дня станавіцца падобнымі да Твайго Сэрца! Не дазволь нам прызвычаіцца да абыякавасці, да слабасці! Няхай Тваё жыццё, якое мы перажываем, молячыся на ружанцы, будзіць нас да працы над сабой, адкрывае нам вочы, акрыляе нашыя думкі, няхай будзе нашым святлом.
Просім Цябе, Унебаўзятая, свяці нам надзеяй на нашых шляхах, з Тваім Сынам, ідзі з намі, вядзі нас да неба! Вядзі, просім, таксама нашыя сем’і і нашых блізкіх. Амэн.
Просім Духа Божага, Салодкую радасць сэрцаў, няхай Ён нас ачышчае праз Слова Божае, праз сакраманты, няхай нас выхоўвае, фармуе! Няхай нашыя сэрцы будуць падобныя да Беззаганнага Сэрца Марыі Панны.
Вядзі нас, Беззаганная, мы хочам быць блізка ля Твайго Найчысцейшага Сэрца! Мы хочам, як Ты, верыць Богу, як Ты праслаўляць Бога, давяраць, як Ты давярала, любіць Твайго Сына, як Ты, Беззаганная!


О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе,
давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу ў Цябе прабачэння за тых, 
што не вераць у Цябе,

не праслаўляюць Цябе, не давяраюць Табе
 і не любяць Цябе.



 Кожны дзень з Табой, Марыя
Цярплівасць

Радуйся, якая людзей вядзеш да вышыні,
Радуйся, якая дэманаў скідваеш да атхлані,
Радуйся, якая топчаш шаленства аблудаў,
Радуйся, якая раскрываеш падман ідалаў.

Беззаганная Панна, абраная, Найсвяцейшая, мы прыходзім да Цябе ўпэўненыя, што Ты прымеш нас у Тваёй вялікай цярплівасці, сваёй ласкавасці, гатоўнасці зносіць нашыя недахопы, нашыя слабасці. Мы верым у Тваю любоў да нас, якую ўлівае ў Тваё Беззаганнае Сэрца Дух Святы. Мы ведаем, што Ты спакойна прымаеш вялікія выпрабаванні, а таксама нашыя ўпадкі, слабасці, адыход. Ты молішся за нас, нястомна падтрымліваеш, просячы Духа Божага аб нашым навяртанні. Ты не саромеешся нас, Панна святая! Вялікая Твая цярплівасць да нас, Прытулак грэшных!
Адкуль у Цябе такая вялікая цярплівасць, шаноўная Панна? У Евангеллі мы бачым, як з самага пачатку Найвышэйшы вельмі чакае ад Цябе вялікай адданасці, вялікай цярплівасці. Усё жыццё Езуса і Тваё, над якім мы разважаем у ружанцовых таямніцах укрытага жыцця, гэта штодзённая школа захавання супакою і цярплівасці, заўважання Езуса як найважнейшага, цярплівай падпарадкаванасці таму, што згодна з Яго місіяй, воляй Айца, пакліканнем. Марыя не выбірала сама падарожжа ў апошнія дні цяжарнасці, не запланавала нараджэння Езуса недзе ў паспешна выбраным месцы ў Бэтлееме. Яна не жадала нечаканай эміграцыі з вельмі малым Сынам, аднак прымае сон св. Юзафа як абавязак, цярпліва і спакойна, без наракання, без папрокаў прымае тое, што здараецца. Твая цярплівасць да жыцця, да Сябе самой, сваёй стомленасці, сваіх прагненняў… як бы вельмі нам прыдалася, Марыя! Як часта мы неспакойныя, тлумачачы гэта прагненнем таго, што найлепшае для нашай сям’і, для нашых дзяцей…
Як жа вялікай цярплівасці вучыла хатняе жыццё Святой Сям’і! Абяцаны Збаўца, Кароль стагоддзяў узрастаў, жывучы ў сціплым асяроддзі, як кожнае дзіця, залежнае ад сваіх бацькоў, сярод штодзённых абавязкаў і заданняў. Ты цярпліва чакала, Марыя, пазнаючы Сына, слухаючы Яго, гледзячы на Яго, у маўчанні, на жадаючы вялікіх падзеяў, дзейсных цудаў, Панна вялікай цярплівасці. Панна мудрая, Ты ўмела чакаць, маўчаць, захоўваць таямніцу, жыць у сціпласці, стрымана, пазнаючы Езуса кожнага дня, пры звычайных занятках, у вельмі простым жыцці. Мы часта хочам прыспешыць развіццё нашых дзяцей, нашых спраў, нашых планаў, якога-небудзь звязу ці супольнасці. Не хапае нам Твайго цярплівага чакання, Панна разважлівая, Тваёй гатоўнасці на час маўчання, час развіцця, час дарастання… Мы б хацелі выразных знакаў, пацвярджаючых, суцяшаючых. Мы не ведаем, якімі знакамі кармілася Твая цярплівасць, поўная любові, якая цаніла прысутнасць Божую, ласку Божую кожны дзень. Хатняе жыццё са св. Юзафам, з Езусам, дзень за днём, гэта Твая таямніца. Евангелісты захоўвалі яе у поўнай павагі сціпласці, ва ўкрытасці, такая была воля Божая, ня гледзячы на вялікую, неўстрыманую цікаўнасць людзей на працягу доўгіх стагоддзяў, ня гледзячы на прагненні шматлікіх аўтараў, літаратараў, дакрануцца да таямніцы Святой Сям’і, ня гледзячы на апісанне шматлікіх візій і ўяўленняў. Таксама і ад нас бог патрабуе вялікай сціпласці, тактоўнасці і цярплівасці, праводзячы нас марыйным шляхам.
Маці поўная цярплівай любові, Ты прымала дарастанне Езуса, Яго рашэнне застацца ў святыні, якая была прадказаннем будучыні – поўнай адданасці справам Айца, дзеля дабра нас усіх. О Ружа Духоўная, як спакойна, цярпліва Ты зносіла людзей, якія па-рознаму адносіліся да твайго Сына, патрабуючы цудаў, адказу на шмат пытанняў, выяснялі непатрэбныя справы, прыносячы плёткі, каментары, апавядаючы сумнеўныя гісторыі. Твая стрыманасць, тактоўнасць, спакойнае і паважлівае прыняцце ўсіх былі часам выпрабавання, як у большасці маці вядомых людзей.
Цяжкае гэта слова – цярплівасць, мы інстынтктыўна адчуваем, што яно злучаецца з цярпеннем, прыняццем нялёгкіх спраў, крыўдных, балючых, колячых у самае сэрца, таксама і Беззаганнае Сэрца. Лёгка часамі быць цярплівым, калі справа дзеля нас не вельмі важная, Марыя, але гаворка, напэўна, ідзе не пра гэта – як моцна Ты любіла Езуса і з вялікай цярплівасцю прымала ўсё, што цяжкае ў Яго пакліканні, Ты любіла Яго разам з Яго пакліканнем. Маці Езуса, Маці наша, цяжка нам справіцца з нецярплівасцю нашага сэрца!
Ты не ўцякаеш ад цярпення, Маці Божая, ці не адсюль Твая цярплівасць, такая вялікая, незраўнаная, падобная да цярплівасці Бога? Ты ведала цярплівасць Твайго Сына, Ты таксама кожны раз, дзень за днём згаджалася на ўсё новыя заклікі, адчыняючы дом і сэрца дзеля людзей, прыходзячых да Езуса, суправаджаючы Яго ў дарозе. Ты цярпліва прымала Яго пакліканне, апосталаў, якія столькі разоў падвялі, прымала вельмі розных людзей – Мацвея мытніка, навярнуўшагася супрацоўніка прыгнятальніка; Юду, у якога Ты магчыма адчувала непакой сэрца; апосталаў, спрачаючыхся наконт першага месца каля Езуса, занятых больш вызваленнем палітычным, чым місіяй Сына Божага, недахоп уважлівасці вучняў. Ты бачыла апосталаў, якія не разумелі, палохаліся, былі расчараваныя, хацелі спектакулярных перамог, а не духоўных. Ты цярпліва зносіла, о Марыя, слабасць вучняў, адсутнасць падтрымкі для Езуса ў Садзе Аліўным! Так шмат людзей было падчас цудаў, памнажэнні хлябоў, а так няшмат іх разам з Табой пад крыжам!
Як лёгка можна сабе ўявіць, Марыя, што хтосьці на Тваім месцы навучаў бы апосталаў, рабіў бы заўвагі вучням, адказваў бы на мноства пытанняў пра дзяцінства Езуса! Евангелле хоць і кажа пра Цябе няшмат, аднак з вялікай павагай, у пакорнай стрыманасці пакідае ў таямніцы ўсе Твае адносіны, таксама і са св. Янам, які так шмат мог бы сказаць. Што за навука дзеля нас: марыйнай стрыманасці, укрытасці, тактоўнасці, цярплівасці… як жа ўсё па-іншаму ў нашыя часы…
Твая цярплівасць, здольнасць зносіць цярпенні без бунту, без гневу, без слова, у маўчанні і апанаванасці, выразна адзначаныя пад крыжам – не хапае нам слоў, так як евангелістам. Тут сапраўды цнота цярплівасці – гэта цнота зносіць настолькі вялікі боль, які толькі можна сабе ўявіць, будучы маці. Баранак Божы, настолькі цярплівы, меў годную сабе Маці – спачуваючую, суправаджаючую, прысутную, верную таксама і ў жудаснай сітуацыі…
Ты цярпліва чакала ўваскрашэння – цярпліва, у таямніцы Беззаганнага Сэрца, якую св. Ян Павел ІІ адкрываў як цёмную ноч веры. Мы ведаем, што Ты не пакінула апосталаў – Ты цярпліва малілася з тымі, што пакінулі Твайго Сына! Разам з імі Ты прасіла аб Духу Святым, аб дарах дзеля іх, бо так хацеў Твой Сын. Ты засталася разам з імі, бо ведала, наколькі яны важныя дзеля місіі Езуса, Ты верыла, чакала. О Панна, колькі моцы было ў Табе, колькі веры. Марыя, Панна цярплівая, мы бачым, што Ты заўсёды была гатовая на цярпенне, толькі б быць з Езусам, блізка ля Яго Сэрца. Тваё Беззаганнае Сэрца было гатовае знесці вельмі шмат, кахаючы Сына, які быў таксама Тваім Збаўцам.
Годная падзіву, Маці верная, Твая цярплівасць да Касцёла! Дзеля нас і нашага збаўлення нарадзіўся Твой Сын, прыняў пакуту за нас усіх, дзеля нашага ратунку, дзеля нас паміраў. Ты здзіўляеш нас, Панна мужная! З-за нас пакутваў Твой Сын, а Ты жадаеш нам дабра, цяплівая Маці, прабачаеш, прымаеш, падтрымліваеш, Каралева Веравызнаўцаў, Дапаможніца верных. Ты бачыш нашу няўдзячнасць, нашы цвёрдыя сэрцы, не палохаешся нас, заступаешся ў кожнай патрэбе… Ці мы ўмеем маліцца за тых, хто раніць нас, хто раніць нашых блізкіх? О Марыя, заўсёды дапамагай нам!
Просім, маліся за нас і з намі аб нашай сіле духоўнай, аб цярплівасці, такой як Твая! Шмат пакутнікаў Ты ўзмацняла, шмат спакушаных вернікаў Ты ўзмацняла сваёй малітвай і прыстунасцю. Панна разважлівая, падтрымлівай нас, просім!
Ты бачыш, так шмат з нас марнуе шчодрыя Божыя ласкі, мы нервовыя, неспакойныя, не ўмеем ані радасна прыняць дабра, якое нас сустракае, ані цярпліва прыняць крыўду. Наша няўстойлівасць раніць Найсаладзейшае Сэрца Езуса…
Ты, настолькі цярлівая Панна, ты вытрывала молішся за нас, цярпліва зносіш нашу духоўную бездапаможнасць, лечыш нашыя параненыя, неспакойныя сэрцы, суцяшаеш і падтрымліваеш у болю, заступаешся за нас.
О цярплівая Маці, Каралева Веравызнаўцаў, Каралева Прарокаў, Каралева Дзеваў!
Будзь з намі кожную хвіліну, вучы нас звычайнай, штодзённай стараннасці, спакойнай вытрываласці, прыняцця выпрабаванняў, крыўды, дробных нялюбых і злуючых спраў у духу ахвяравання, у Тваім духу!
Вазьмі нас, Марыя, Маці вытрываласці, на шлях Тваёй духоўнасці, шлях Беззаганнага Сэрца! Вазьмі з сабой, вядзі нас, Зорка нашага жыцця. Спаглядаючы на Цябе, разважаючы над Тваім жыццём, мы ўбачым таксама і саміх сябе, зразумеем наша пакліканне і жыццё наша і нашых блізкіх, зразумеем, як нам шукаць волі Божай у штодзённым альпінізме.
Маліся за нас, Маці найцярплівейшая!
Цярплівая Выхавацелька святых,
Цярплівая Настаўніца марыйнага шляху,
Цярплівая і чулая Маці наша!

Маліся за нас, разам са Святым Міхалам Арханёлам і ўсімі святымі, да Твайго найсвяцейшага ўмілаванага Сына, нашага Сябра, нашага Пана.   


Перакладзена з польскага выдання
“Potęga Rodziny. Domowy Kościół,
którego nie przemogą bramy piekła.