6.13.2015

Першая субота лістапада 2015

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!

ПЕРШАЯ СУБОТА ЛІСТАПАДА 2015 


 ТАЯМНІЦА БАЛЕСНАЯ
Укрыжаванне Пана Езуса

Гэта не цвікі Цябе прыбілі,
а мой грэх.

Сёння, у першую суботу месяца, мы хочам адказаць на запрашэнне Беззаганнага Сэрца. Ці гэта не дзіўна? Такая цудоўная Асоба, Маці Караля, Маці Збаўцы, Маці нашага Пана так вельмі хоча, каб мы праводзілі час з Ёй, дзеля Яе. Мы прыносім Ёй радасць, а таксама лечым і ўзмацняем нашыя сэрцы. Гэта час, выбраны для нас, час, які лечыць і ўзнімае наш аслаблены дух. Лістапад бывае цяжкім месяцам, ён распачынае цяжкую пару года дзеля нас усіх. Тым больш нам патрэбна Твая прысутнасць, Твая дапамога, Панна моцная, Панна мудрая!
Найсвяцейшая Панна, Найчысцейшая, Беззаганная, Маці добрая, Маці цудоўная! Мы прыходзім сёння да Цябе, у першую суботу месяца, прымаем Тваё ласкавае запрашэнне, каб так, як Ты хацела, мы разам з Табой разважалі над Тваім жыццём, такім блізкім Богу, а таксама нашым жыццём. Будзь з намі, Панна ласкавая, пакажы нам сваё Беззаганнае Сэрца! Пакажы нам шлях да Найсаладзейшага Сэрца Езуса!
Духу Святы, Ойча ўбогіх, Даўца шматлікіх дароў, мы клічам Цябе на дапамогу ў нашым разважанні. Просім Цябе, узнімі нас, Тваёй лагоднай моцай прыцягні да разважання над жыццём Тваёй Абранніцы, Панны Марыі, нашай Правадніцы. Пакажы нам, просім, шлях Марыі ля Езуса, з Езусам, да Езуса. Ты сам вёў Марыю ў Яе штодзённасці, з Богам і да Яго, вядзі таксама і нас, кіруй нашым жыццём, Духу Суцяшальніку. Просім, вядзі нас шляхам марыйным, да Езуса, нашага Брата, нашага міласэрнага Пана, Лекара грэшнікаў.
Пане Езу, міласэрны і літасцівы, Ты прыняў на сябе правіны тых, што мяне раняць, раздражняюць, што мяне пакрыўдзілі. Салодкі Збаўца, Ты ўзяў на сябе таксама і ўсе сітуацыі, калі мы падвялі, пакрыўдзілі іншых. Ты прыняў усё, узяў на плечы як крыж, усё ўзяў на сябе. Як мне стаць перад Тваёй любай Маці – бо Ты ж церпіш з-за мяне, Пане. Па волі Айца Беззаганнае Сэрца прыняло Цябе, о Пане мой, Ты быў адзіным, наймілейшым, сардэчна прынятым Дзіцём дзявочай Маці. Па волі Айца, Панна Марыя насіла Цябе і радавалася Табе, пазнавала Цябе і вучылася Тваёй мудрасці, Тваёй любові кожнага дня. Цяпер Ты, Яе любы Сын, пакутуеш з-за мяне, за грахі мае, маёй сям’і, маіх блізкіх, майго народу, усяго свету.
Мы так неахвотна прымаем цярпенні, о Езу! Мы імкнемся яго пазбягаць, або прынамсі паменшыць. Страшнае, а яшчэ страшнейшае цярпенне – гэта цярпенне і боль тых, каго мы любім! О Езу, як перажыць цярпенне нашых блізкіх? Як прабачыць тым, хто прычыняе боль нашым каханым? А Твая Маці нам прабачае, прагне толькі, каб мы не павялічвалі больш Тваіх цярпенняў, каб мы ўжо Цябе не крыўдзілі! Твае раны, о Сыне Божы, бачыла Беззаганным Сэрцам Твая Маці. Што Яна перажывала, што адчувала, хто з нас грэшных можа гэта зразумець! Як цяжка Маці прымаць хваробы дзяцей, іх смерць – што горшага можа яшчэ быць… 
Здавалася б, што столькі людзей заўсёды было каля Цябе. Табе, о Пане, прыходзілася хавацца ад людзей, каб памаліцца, адпачыць. Цяпер каля Цябе так пуста, о Езу! Пад крыжам Твая Маці і так няшмат блізкіх… Колькі людзей бегала за Аздаравіцелем, колькі прасіла пра цуд, як шмат людзей Твая моц зрабіла здаровымі, моцнымі, бачучымі… Дзе яны цяпер? Як шмат людзей хацела ўбачыць Цябе і Тваю Маці тады, калі Ты чыніў цуды, падчас памнажэння хлябоў! Цяпер пад крыжам няма гэтага натоўпу…
Нам гэта вядома, такія горкія сітуацыя не чужыя нам, Пане наш. Калі ўсё добра ў нас ідзе, калі нам ёсць чым пахваліцца, колькасць нашых знаёмых павялічваецца. Досыць публічнага, нават самага малога поспеху, каб у нас было шмат гасцей, каб людзі казалі, што ведаюць нас, каб нагадвалі сабе і іншым, што яны ведалі нас, некалі сядзелі побач з намі… Аднак, калі напаткае нас доўгая хвароба, калі прыйдзе нейкая бяда, неяк ўсё менш знаёмых. Калі здараецца ў нас нешта сарамлівага, калі мы прыніжаныя, як хутка знікаюць людзі, як няшмат з іх застаецца… Як мала такіх людзей, як Твая Маці, о Езу, што застаюцца побач з прыніжанай, высмеянай асобай, якая ўжо не прыносіць славы, якой ужо нельга пахваліцца. Твае Апосталы, о Пане! Колькі ж яны маглі распавесці, як блізка ля Цябе яны стаялі, калі радаваліся Тваёй абранасці, Тваёй моцы, Твайму аўтарытэту… Яны ўмелі спасылацца на Цябе, прызнавацца, што яны менавіта абраннікі такога вядомага Аздаравіцеля, такога цудоўнага Настаўніка, а цяпер – толькі адзін стаіць побач з Тваёй Маці!
Сорамна нам, Пане, бо ці вытрывалі б мы? Ці мы б не ўцяклі? Ці хапіла б нам адвагі, а можа – гэтай святой абыякавасці да таго, што кажа натоўп, на адзнаку з боку? Лёгка ганарыцца знаёмымі, цяжэй застацца побач з высмейваным, абванавачаным, наведваць вязняў, быць лаяльным да асоб, якіх публічна адкідваюць…
Побач  з Табой, Пане, засталася Твая Маці, з некалькімі сябрамі, сапраўды вернымі. Вось Панна сапраўды моцная, колькі б маці згубілі прытомнасць, розум – а Твая Маці стаіць пад крыжам. Гэта Панна бясстрашная, Маці Балесная. Яна ўжо столькі прайшла, столькі бачыла Тваёй пакуты, о Пане. Ты не захаваў любай Маці ад болю, не забраў Яе раней да неба. Ты хацеў, каб Яна стаяла ля Цябе, была Табе патрэбнай у цярпенні. Ты хацеў таксама мець каля сябе апосталаў, вучняў, Ты рыхтаваў іх, папярэджваў, каб іх узмацніць, Ты паказваў сваю моц на гары Фавор. Яны бачылі столькі знакаў Тваёй моцы – аднак няма іх тут, калі цвікі раздзіраюць Тваё цела. Дзе падзелася столькі вучняў і апосталаў? Застаўся адзін апостал, засталіся жанчыны, якія сталі сяброўкамі падчас перыяду славы, толькі яны побач з Тваёй Маці. 
Тая, што цярпела разам падчас бічавання, падчас крыжовай дарогі, знаходзіць яшчэ ў Беззаганным Сэрцы любоў і сілу, каб да канца стаяць пад крыжам. Яна ведала, што Ты не падвядзеш. На Яе Ты можаш разлічваць, Яна не падвядзе, не спалохаецца, не адыдзе. Яна ўсе свае пачуцці і раны Беззаганнага Сэрца ахвяруе свайму Умілаванаму. Маці Укрыжаванага – Укрыжаванага за нас, дзеля нашага збаўлення! Яна не адкідвае нас. Мы ранілі Яе Сына, а Яна за нас моліцца, каб мы больш гэтага не рабілі, Яна прагне нашага збаўлення, нашага ратунку. Сапраўды – цудоўная Маці!
Маці Балесная, Маці спачуваючая, Маці Балесная, Маці поўнаю болю – усе гэтыя тытулы паказваюць, як Яе асабісты боль, так і Яе спачуванне Сыну, з-за нас, дзеля нас. Яна настолькі любіць свайго Сына, згаджаецца з Яго місіяй – з Яго пакліканнем.
Падыдзем да Церпячай Маці, Яна нас сюды запрасіла. Прымем просьбу Беззаганнага Сэрца, прымем заданне і прывілей падтрымліваць Яе, вытрываць побач з Ёй, суправаджаць Найчысцейшую Панну, якая ў сваім цярпенні, на ўзор свайго Сына, не адштурхоўвае нас, не асуджае, Яна міласэрная, як сам Езус. Маці Балесная, Маці Асуджанага, маліся за нас!
Вось марыйная дарога! Вось духоўнасць Беззаганнага Сэрца. Маліцца за тых, што нас раняць, што прычыняюць нам боль; а таксама маліцца за тых, што пакрыўдзілі дарагіх нам асоб, якія смяяліся з таго, што дзеля нас найважнейшае, якія здзекваліся з таго, што дзеля нас каштоўнае. Прабачыць – не азначае забыцца, але маліцца, прасіць аб навяртанні, аб змене зацвярдзелых сэрцаў, аб пакуце, самому прыносіць ахвяры за іншых, самому ахвяроўваць сваё сэрца…
О, якая ж цяжкая Твая дарога, Марыя! Як Тваё Беззаганнае Сэрца перажыло гэты цяжкі досвед, гэтыя раны сэрца! Ты ведала, памятала, разважала ў Сваім Сэрцы над тым, што Тваё Сэрца пройдзе меч. Як шмат ты перажыла крочачы ў гэтай пілігрымцы веры, поўная ласкі і дароў Духа Божага,!
Ты запрашаеш нас, Панна Балесная, каб мы суправаджалі Цябе на гэтым шляху! Гэта вялікі гонар і прывілей дзеля нас, але як жа гэта цяжка! Мы б хацелі суправаджаць Цябе падчас Божага Нараджэння і спяваць такія хвалюючыя каляды… Мы б хацелі разам з Табой праходзіць радасныя таямніцы, хвалебныя таямніцы… аднак у Тваім жыцці ёсць розныя таямніцы, вельмі цяжкія. Ты пытаеш нас, ці згаджаемся мы, каб нас вялі так, як Цябе, марыйным шляхам?
Маці Церпячага, Маці Укрыжаванага, мы хочам маліцца разам з Табой за ўсіх Маці, асабліва за маці хворых дзяцей, асабліва невылячальна хворых… За маці дзяцей згубленых духоўна, губляючых веру, кранутых няшчасцем…
Маці паміраючага, мы просім Цябе за ўсіх Маці, якія страцілі дзяцей, за маці паміраючых дзяцей. Стань побач з імі пад іх крыжам, падтрымлівай Тваёй прысутнасцю, дадай моцы, не дазволь ім згубіцца ў роспачы. Ты іх разумееш, Ты найлепш ведаеш, што ім патрэбна.
Марыя, Маці Божая, суцяшай іх, будзь з намі, падтрымлівай, маліся за нешчаслівых маці, самотных, церпячых! Будзь блізка ля іх, няхай Тваё Беззаганнае Сэрца будзе блізка ля параненых сэрцаў! Прасі дзеля іх Духа любові, Духа моцы, Духа Суцяшальніка, Айца ўбогіх, суцяшэння ў плачы…
Будзь з намі, Выхавацелька святых, Панна мудрая, ласкавая, пакажы нам сваё Беззаганнае Сэрца! Вядзі нас, Беззаганная, мы хочам быць блізка ля Твайго Найчысцейшага Сэрца. Вядзі да Твайго Сына, пакажы нам Найсаладзейшае Сэрца Езуса, Лекара нашых душаў! Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца вучыць маё сэрца, няхай Тваё Сэрца затрыюмфуе ў маім сэрцы!
Папросім Духа Божага, Духа святла і любові! Няхай Ён ачышчае нас праз разважанне Слова Божага, праз святыя сакарманты. Няхай Ён вядзе нас, фармуе, няхай таксама і нашыя сэрцы будуць яшчэ прыгажэйшыя, бліжэйшыя Беззаганнаму Сэрцу, якое верыць Богу, праслаўляе Бога, давярае Яму і любіць Яго. Амэн.


О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе,
давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу ў Цябе прабачэння за тых,
што не вераць у Цябе,
не праслаўляюць Цябе, не давяраюць Табе

і не любяць Цябе.

Перакладзена з польскага выдання
“Potęga Rodziny. Domowy Kościół,
którego nie przemogą bramy piekła.”