Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!
ПЕРШАЯ СУБОТА МАЯ 2015
СВЯТАЯ СЯМ’Я –
ШКОЛА ВЫКОНВАННЯ ВОЛІ БОЖАЙ.
МАРЫЯ, МАЦІ АДКУПІЦЕЛЯ
ШКОЛА ВЫКОНВАННЯ ВОЛІ БОЖАЙ.
МАРЫЯ, МАЦІ АДКУПІЦЕЛЯ
Апошняе аб’яўленне Маці Божай у Фаціме 13 кастрычніка 1917 года – гэта не
толькі цуд сонца, які адбываўся на вачах дзесятак тысяч людзей як пацвярджэнне
паслання, заклікаючага чалавецтва да пакуты і навяртання. Падчас апошняй візіі
дзеці бачылі таксама аб’яўленне святой Сям’і: Юзафа, Марыі і Дзіцяткі Езуса.
Магчыма гэта было ўказаннем, у якім мы мала падкрэсліваем, што Фацімскае
Пасланне павінна ажыццяўляцца таксама у сем’ях і праз сем’і.
Аднова свету можа адбыцца праз аднову канкрэтных людзей, а найлепшым чынам
гэтага можна дасягнуць ў сямейнай супольнасці. Можа гэта быў заклік Марыі,
скіраваны да маці, і заклік Юзафа, звяртаючагася да айцоў: “глядзі на мяне!”.
Навошта мы да некага прыглядаемся? Розныя на гэта прычыны, але часта гэта для
таго, каб узяць прыклад, “навучыцца жыццю”.
Таму прыглядзімся да Марыі. На абразах мы бачым Яе ў залатых і срэбраных
сукенках, каронах, аздобленых каштоўнасцямі. Аднак у Назарэце Марыя так не
апраналася. Гэта мы Яе так апранулі, жадаючы так, як зможам, выказаць нашыя
пачуцці да Яе. Там на канцы свету ў маленькім Назарэце, дзе ўсе ведалі ўсіх,
Яна была толькі звычайным падлеткам, дзяўчынай, вонкава нічым не адрознівалася
ад іншых. У доме Якіма і Ганны Яна “жыла проста, звычайна, як мы”. Аж да
хвіліны, калі перад Ёй стаў Боскі Пасланнік, каб абвясціць Ёй волю Божую
адносна Яе. Прыняць Божую волю… Як проста гэта гучыць. Марыя прыняла словы
арханёла з прастатой і даверам. Яна не выясняла, не ўдакладняла. “Вось я
служабніца Панская, няхай мне станецца паводле твайго слова”… Ці кажучы гэта,
Яна магла ведаць наступствы свайго рашэння падпарадкавацца Волі Божай?
Абсалютна не. А яны былі, гледзячы па-людзку, багатыя наступствамі. З гэтага
моманту Яна сталася Маці Ўцелаўлёнага Слова – Адкупіцеля чалавека. Знешне
нічога не змянілася. Анёлы не насілі Яе на руках, Ёй нічога не падалі на
залатым падносе. Цяпер, пасля Звеставання, Яна адправілася ў Айн-Карым, бо там
немаладой і цяжарнай сваячцы Альжбеце будзе патрэбна дапамога. Ёй застаецца тры
месяцы. А пасля вяртання ў Назарэт усе пачалі заўважаць, што Яна ў благаславёным
стане. Колькі ж несправядлівых асуджэнняў, думак, колькі ж Яна павінна была
знесці, асабліва ўнутранага цярпення? А за блуд, у якім Яе напэўна падазравалі,
Ёй пагражала пакаранне згодна з правам. Юзаф, “муж справядлівы”, прагнуў, ня
гледзячы ні на што, Яе ўратаваць ад людзкой справядлівасці. Ён хацеў Яе
патаемна адпусціць, можа недзе схаваць? Заспакоены анёлам ў начной візіі, ён
“узяў Марыю да сябе”. А потым – падарожжа ў Бэтлеем і нараджэнне Дзіцяці ў
вядомых абставінах, а потым чарговы заклік анёла: “Юзэфе, устань, вазьмі Дзіця
і яго Маці, і ідзі ў Егіпет, бо Ірад хоча забіць Дзіця”. Сярод ночы, у чужую
краіну, у чужы свет, у невядомае, з трывогай у сэрцы… Колькі ж драматычнасці
мае ў сабе гэта сцэна. Калі Ірад памёр, яны вярнуліся, але ўжо не ў Бэтлеем, а
ў Назарэт. Менавіта адтуль дванаццацігадовы Езус пайшоў з імі ў Ерузалем на
свята… “Згубіўся” у іх. Калі яны Яго знайшлі праз пару дзён і Марыя звярнулася
да Яго з папрокам, Ён упершыню нагадаў ім, што Ён павінен быць “у справах
Айца”. Не зразумелі…
Надышоў момант, калі надышла поўня часу. Яна напэўна сачыла за падарожжам
Сына па сцежках Палестыны, калі нават прыйшла да Яго са сваякамі, калі Ён
навучаў. Гэта стала нагодай, каб мы пачулі, што той Яму “маці, айцец і браты”,
хто выконвае Волю Айца… Ажно надышоў час Галгофы. Яна стаяла пад крыжам з
умілаваным вучнем Сына, а вочы напэўна ўжо былі сухія, бо выплакала ўсе слёзы.
Як жа мы ўжо прызвычаіліся да гэтай сцэны; яна ўжо не ўражвае нас. У той жа час
цяжка сказаць, што нешта больш трагічнага і балеснага можа сутрэць маці, калі
яна бачыць агонію, жудасныя пакуты любага дзіцяці. Яна ніяк не магла Яму
дапамагчы, магла толькі глядзець. Што Яна тады перажыла, колькі выцярпела,
ведае толькі Бог. А Яна напэўна зразумела тады словы старца Сіямона пра “меч болю”,
які прасякне Яе Сэрца. Маці Божая Балесная… Ты трымала на сваіх руках мёртвае
цела Сына, прытуляла яго да свайго Сэрца і глядзела ў наш бок, так як глядзіць
з П’еты Міхал Арханёл… Як бы хацела сказаць нам: “Глядзіце, колькі вы Яму
каштавалі…” Яна дачакалася ўрэшце раніцы ўваскрашэння, а потым была пры
ўнебаўшэсці і спасланні абяцанага Духа Святога. Яна сталася сведкай нараджэння
Касцёла, які, як Ян, “возьме Яе да сябе”, называючы сваёй Маці.
Калі мы прыглядзімся да лёсу Марыі, напэўна лёгка кожны з нас можа ў Яе
жыцці ўбачыць частку свайго жыцця. Менавіта клопат пра нашчадкаў, пра хлеб на
стале і дах над галавой, штодзённая праца, якая суправаджала Марыю і ў
Назарэце, можа нейкая жыццёвая драма, трагедыя. Колькі ж сучасных матак балесна
чувае часам ля ложка сваіх хворых дзяцей, гледзячы з болем, як яны згасаюць…
Падчас пахавання бл. кс. Папялушкі я стаяў не далёка ад трумны. На працягу
некалькіх гадзін я мог назіраць за тварам яго мамы, белым, як крэйда, сціснутым
болем… Такая сучасная Балесная Маці. Я ўсвядоміў сабе з часам іх агульныя рысы.
З вуснаў Марыі ніколі не вырвалася слова скаргі, прэтензіі, або папроку ў адрас
Бога. Яна ўсё прымала з глыбокім даверам да Таго, з воляй якога згадзілася. Яна
ведала, што Бог з кожнай драмы можа зрабіць дабро, што кожная Галгофа і Крыж
скончацца ўваскрашэннем. Нашыя людзкія шляхі не суправаджае ніякі фаталізм! Бог
часам дапускае зло, каб ратаваць і грэшнікаў. Часам непавінная смерць можа быць
адкупленчай дзеля грэшнікаў, бо злучаецца з Пакутай Хрыстовай.
Нагадаем сабе візію трэцяй фацімскай таямніцы, у якой анёлы збіраюць
нявінную кроў пакутнікаў і напэўна ўсіх добрых людзей. Яна не плыве марна, яна
не бессэнсоўная. Гэта таксама вялікая таямніца веры і сапраўды патрэбны дар
Божы, каб яе несці. А мама бл. кс. Папялушкі? Памятаем яе выказванні. Няма ў іх
ані жалю, ані роспачы… Зато якая жыццёвая мудрасць, колькі ж звычайнага,
унутранага даверу Богу і якое ж прыгожае жыццё, прыгожае хоць і поўнае працы,
ахвяры, а таксама матчынага болю. Сапраўды, не дактараты і не макіяжы ўпрыгожваюць
чалавека! Як жа адрозніваюцца гэтыя прыклады ад сённяшніх “вызваленых жанчын”,
якія ўцякаюць ад таго, што з’яўляецца найпрыгажэйшым у пакліканні жанчыны – ад
мацярынства, якія панічна баяцца любой ахвяры, вырачэння. Які ж чужы ім Крыж
Хрыста. Мы бачым іх часам на экранах тэлевізараў: ганарлівыя, упэўненыя ў сабе,
дзёрзкія, часам вульгарныя. Дзеля іх “нараджэнне” – гэта толькі “рэпрадукцыя”,
а “дзіця” – гэта толькі “плод”. Які ж іншы гэты свет, які ж бедны, як жа
бязмежна пусты і бессэнсоўны, і як вельмі патрабуючы нашага ружанца. Толькі я
павінен і сябе пытаць: да якога з гэтых светаў мне бліжэй…. Фацімская Маці,
вучы нас не баяцца Крыжа…
ТАЯМНІЦЫ ХВАЛЕБНЫЯ
Уваскрашэнне Пана Езуса
Калі б не ўваскрашэнне, можна было б падумаць, што Езус – гэта адзін з тых
шматлікіх, якія сапраўды захаплялі натоўпы прыгожымі і моцнымі словамі, але
нічога акрамя ўспамінаў пасля яго не засталося. Езуса некалі лічылі таксама
рэвалюцыянерам, якога перамагла імперская ўлада. Часам вялікім грамадскім
дзеячам і абаронцам убогіх, або адным са шматлікіх аздаравіцеляў, магаў,
лекараў, якога, нажаль, забілі. Можна здзіўляцца, што жудасна забілі некага,
хто аздараўляў так шмат людзей, але ж усе мы ведаем што смерць нельга
перамагчы.
Аднак для Езуса ўваскрашэнне было незвычайна важнае, бо Ён жа папярэджваў,
што праз тры дні паўстане з мёртвых. Той, што ўваскрашаў памерлых, быў таксама
ўваскрэсены моцай любячага Айца. Гэта абяцанне таксама і для нас.
Страшную смерць Сына перажыла таксама і Маці. Праз тры сапраўды цяжкія дні
Яна дачакалася ўваскрашэння. Падумаем пра сябе, ці мы, як Марыя, верым, што
тое, што памерла, можа ўваскрэснуць? Ці мы гатовыя чакаць? Калі мы верым ва
ўваскрашэнне, мы цалкам інакш убачым Езуса, і сябе. Звернем увагу на словы
Езуса, цудоўныя аздараўленні, абарону слабых, але таксама нязломна будзем
насіць надзею, што таксама і наш боль, нашы раны, зламаныя сэрцы можа
аздаравіць Уваскрослы Езус. Падумаем цяпер пра наша жыццё: добры Айцец сапраўды
вытра кожную слязу. Нашу слязу.
Унебаўшэсце Пана Езуса
Ой, хіба не на гэта спадзяваліся апосталы!
Самі казалі па дарозе ў Эмаус, што Месія павінен вызваліць краіну, народ,
усталяваць парадак! Яны б хацелі выгнаць чужую армію, якая кіруе, імкнецца
паказаць сябе, навязвае свае звычаі. Выгнаць кіраўнікоў, якія захоўваюць сябе,
як усемагутныя, бо супрацоўнічаюць з іншаземнай уладай; адразу тыя, што
супрацоўнічалі, павінны былі б перастаць даносіць, можна было б нават паказць
іх злачынствы. Тады было б відаць, хто справядлівы, можна было б узнагародзіць
тых, што засталіся вернымі, вытрывалі, і перастаць высмейваць пабожных. Тады
можна было таксама вярнуць добрыя традыцыі.
Што ж дрэннага ў такіх марах? Нічога, бо ўсё гэта было б прыгожым. Аднак
Езус адыходзіць, пакідае апосталаў, іх вучняў, а значыць і нас разам з Марыяй,
каб мы паволі, цярпліва, самі навярталі, самі былі справядлівымі, падтрымлівалі
добрыя традыцыі, паказвалі, пра што мы клапоцімся, а таксама стрымана і
тактычна, з годнасцю захоўвалі добрыя звычаі.
Тое самае, што і з апосталамі, няспынна здараецца на працягу соцен гадоў з
новымі пакаленнямі. Мы таксама стаім, бездапаможна ўглядаючыся ў вышыню. Мы не
чакаем анёла. Разам з Марыяй задумаемся цяпер над якім-небудзь дробным крокам,
які можна зрабіць, каб наблізіць Божае Валадарства – што я магу зрабіць малога
ці добрага сёння? Не далёка адсюль, але тут, побач са мной, у сябе дома, у
сваім асяроддзі?
Спасланне Духа Святога
Мы ахрышчаныя, былі ў споведзі, памятаем пра наш сакрамэнт канфірмацыі. Мы
прыступаем да Святой Камуніі. Молімся, чытаем Святое Пісанне. Посцімся.
Штодзённа імкнемся знайсці добрае слова, зрабіць добры жэст, добры ўчынак. Мы
працуем над сабой. Разважаем над таямніцамі ружанца думкай, сэрцам і жыццём.
Гэта вельмі добра, гэта ставіць нас блізка ля Езуса, разам з Марыяй. Яна
прыняла звеставанне, Яна ўсім Беззаганным Сэрцам разважала над усімі словамі
Сына, паслухмяная волі Божай, хоць гэта і патрабавала з Яе боку моцы асілка.
Цалкам Божая, поўная дароў Духа Святога, поўная любові, цярплівасці,
лагоднасці, стрыманасці. Мы бачым, што Яна няспынна развівалася духоўна,
задумвалася над сваім жыццём, над жыццём Езуса. Мы бачым, як Яна просіць з
апосталамі Духа Божага – дзеля сябе, дзеля іх, дзеля нас.
Гэта наша таямніца: нам патрэбны Дух Святы, мы таксама просім Духа
Суцяшальніка дзеля нашых блізкіх, дзеля ўсяго свету. Цяпер, з Марыяй, просім,
молімся – разам.
Унебаўзяцце Панны Марыі
Касцёл запрашае нас прысвяціць наш час і наша сэрца настолькі важнай
інтымнай таямніцы жыцця нашай Маці. Мы называем яе ўнебаўзяццем, забіранне да
неба ўсёй Марыі. Яна ў небе, блізка ля Бога, захопленая Ім усёй душой, усім
сэрцам, усім розумам, усім целам. Паразважаем над поўняй шчасця найсвяцейшай
Панны.
Традыцыя, жывая і настолькі важная для шматлікіх святых, пацвярджае нашу
перакананасць, што пасля жыцця ў блізкасці з Богам на зямлі Марыя жыве ў
блізкасці з Богам у небе, у радасці, дзе няма слёз, дзе наймілейшы Айцец усіх
запрашае да Божага Сэрца. Ніхто з нас не можа сабе ўявіць такога ўсеабдымнага
шчасця – мы проста не можам…
Падумем пра гэта: разважаючы над жыццём Езуса і Панны Марыі, мы думалі пра
Іх таямніцы ўкрытага, публічнага жыцця, балеснага і поўнага прыніжэнняў. Тут
нам дадзены як абавязак час разважання над радасцю і шчасцем Маці Божай.
Падумаем, якая важная радасць у Богу, шчасце ў Богу, які важны гэты плён дзейнасці
і моцы Духа Божага для нашага збаўлення! Ці мы згаджаемся разважаць над шчасцем
і радасцю, якія нам дасць прабыванне ў блізкасці з Найсаладзейшым Сэрцам Езуса,
як Марыя?
Укаранаванне Марыі на каралеву неба і зямлі
Нагадаем сабе цяпер – хоць на хвілінку – калі нас адзначылі, калі мы сабой ганарыліся? Сапраўды, павінен быў быць такі момант, калі нас узнагародзілі, хвалілі, побач стаялі задаволеныя бацькі, задаволеныя сябры… можа тады лягчэй знайшоўся той, хто нас прывітаў, бо гэта была вядомая асоба!
Цяпер перад намі ўкаранаванне Марыі! Сапраўды, ніхто з людзей ніколі не
бачыў гэтага, а можа мы бачылі розныя візіі мастакоў – прыгожая Маці ў цэнтры,
Айцец радуецца, накладаючы Ёй карону, шмат святых навокал, шмат анёлаў… Можа
гэты вобраз трохі наіўны ва ўяўленні, але вельмі значны ў сваёй мудрасці. Гэта
радасць самой Марыі і радасць усіх святых, усёй Яе сям’і, Яе маці, Яе айца,
цёцяў і дзядяў, Яе бабуль і дзядуль, усіх Яе сваякоў, сяброў, знаёмых, Яе
народу… Яе прыхільнікаў, нас…
Ці мы думалі пра тое, наколькі важны гэты духоўны поспех для вельмі вялікай
колькасці людзей? Наколькі вялікае значэнне мае нашае жыццё? Наколькі важна для
нашых продкаў, бабуль, дзядуль, сваякоў, бацькоў і сяброў тое, каб мы сталі
святымі? Колькі пакаленняў дзяцей, іх дзяцей, будзе радаваць, удахнаўляць наша
асоба? Колькім асобам мы можам дапамагчы?
Няма патрэбы выкручвацца – мы патрэбныя; наша жыццё, чым бліжэй яно да
святасці, тым важнейшае яно будзе для вялікай колькасці людзей, і будзе радасцю
для шматлікіх!
ТАЯМНІЦА РАДАСНАЯ
Езуса знаходзяць у святыні
Пане, я згубіла Цябе.
Дазволь мне шукаць Цябе, як
Марыя,
знайсці Цябе, як Марыя,
прыняць Цябе, як Марыя.
Бегінка
Сёння мы сустракаемся ў першую суботу месяца – гэта дзень Марыі ў месяцы
маі. Мы прыйшлі спецыяльна дзеля Яе, да Яе, каб быць з Ёй, як Яна прасіла. Мы
верым, што Яна сама запрашае нас, гасцінна прымае, маючы цярплівасць да нашых
падзенняў, грахоў, клопатаў. Не прыгнятае Цябе наша слабасць і бездапаможнасць,
Беззаганная, Ты поўная радасці, супакою, цярплівасці, вытрываласці.
Духу Святы, гэта Ты ўліваеш цярплівасць і супакой у Беззаганнае Сэрца,
настолькі поўнае Тваё радасці. Духу Божы, салодкая радасць Сэрцаў, узнімі нас,
просім Цябе. Мы хочам хоць на хвіліну адкласці наш цяжар і падтрымлівацца Тваёй
моцай, як Панна Марыя. Мы хочам прыняць таямніцу жыцця Езуса, Прыяцеля
грэшнікаў і Маці Божай, цалкам святой, цалкам Божай, поўнай Тваіх дароў, Духу
Святы.
Добры Езу, дзякуем Табе, што Ты даў нам Сваю Маці за Правадніцу і
Настаўніцу нашых сэрцаў, мы вельмі хочам слухаць навуку Беззаганнага Сэрца,
хоць гэта і цяжка для нас слабых, зменлівых у рашэннях. Мы занадта
засяроджваемся на сабе, Пане, Лекару душ нашых. Мы абяцаем аднак разважаць над
жыццём Тваім і Тваёй Маці, Пане, так як Яна нас прасіла.
Сёння перад намі таямніца, якой нельга надзівіцца. Чаму традыцыя Касцёла
заўседы змяшчала яе сярод радасных падзей? Каб Езуса знайсці, Яго спачатку
трэба было згубіць. Перш чым знойдзецца дзіця, шмат бывае непакою, страхаў,
нерваў, пошукаў, бездапаможнасці… Ці не здзіўляе нас, што такую таямніцу нам
далі для разважання? Які айцец, якая маці ахвотна прызнаюцца, што згубілі
дзіця? Калі яго згубілі, то напэўна не заўважылі, як яно аддалілася, можа
ўвогуле занядбалі нагляд? Ці мы самі не памятаем сітуацыі, калі нехта – можа мы
– згубіў дзіця з вачэй на пляжы, на плошчы поўнай людзей? Якія думкі можна
пачуць! Шмат гледачоў гатовых адчуць сябе суддзямі, усязнаўцамі і
прадбачлівымі. А колькі ж страху, што сталася з дзіцём! Ці хацелі б мы, каб
нехта змясціў такую непрыемную падзею ў нашай скарочанай біяграфіі? Ці
ганарыліся б мы гэтым?
Аднак Касцёл не сумняваецца, што трэба яе змясціць у ружанцовыя таямніцы,
каб над ёй разважалі ўсе вернікі на працягу стагоддзяў. Дух Святы сам пераканаў
людзей Касцёла, як евангеліста, што гэта падзея шмат чаму нас навучыць – пра
Езуса, пра Марыю, пра нас саміх… кожнае пакаленне ХХ стагоддзя карыстаецца
гэтым кароткім апісаннем.
Ці заўважылі мы пакору і падпарадкаванасць Марыі, якая з радасцю прымае
кожную волю Божую, што гэта сітуацыя няспынна ўзгадваецца, разважаецца? Тут мы
вучымся перш за ўсё погляду на саміх сябе – ацэньваць тое, што са мной
адбываецца, менавіта, як Яна. Ці з непрыемнага для нас досведу мы вучымся
нечаму пра Бога, пра сябе? Ці мы лепш бачым самаго Бога? Калі нешта дзіўнае
адбываецца ў нашым жыцці. Запытаемся згодна з логікай гэтай таямніцы – што мы
даведваемся пра Езуса, пра Сябе? І ці ў такой сітуацыі не паставіў Бог ужо
загадзя самой Беззаганнай Марыі, а таксама іншых святых?
Юзаф і Марыя ідуць сярод людзей, размаўляюць, моляцца. Як сужонкі яны
дамовіліся ісці разам. Хоць жанчыны не мелі абавязку удзельнічаць у пілігрымцы,
уся сям’я перажывала вельмі прыгожы час: “пайшлі туды, як загадваў святы
звычай”. Езусу, як відаць, далі вольнасць належную падлетку. Яны яму таксама
давяраюць, ведаюць Яго. Мы таксама ведаем, на каго можам спадзявацца, чаго
можна чакаць ад некага блізкага. Яны найлепш ведаюць Сына, выхоўваюць Яго,
моляцца з Ім штодзённа, размаўляюць, працуюць, займаюцца шматлікімі хатнімі
абавязкамі. Яны штодзённа Яго бачаць са знаёмымі, сябрамі, сваякамі. Яны бачылі
яго ўжо ў столькіх сітуацыях, Ён ніколі іх не падвёў. Як жа цяпер магло быць
інакш? Яны ведаюць Яго таямніцу, аднак жывуць вельмі стрымана, прызвычайваючыся
да штодзённасці з Ім. Напэўна ў глыбіні сэрцаў Яны адчуваюць, што гэта некалі
адбудзецца, што поўная спакою штодзённасць скончыцца, але не сёння, не цяпер…
“Свята скончылася, яны вярталіся да дому”. Вяртанне са святыні, з
пілігрымкі яшчэ больш супакойвае. Мы былі ў святым месцы, адчулі сябе
ўзмоцненымі, спакойнымі, прыгарнутымі Божым Провідам. Шмат людзей лічыць, што
яны адыходзяць з новымі ласкамі, а гэта значыць, што нічога дрэннага не
павінна, проста не можа здарыцца. Зрэшты, штогод, як запісаў Евангеліст, Святая
Сям’я хадзіла ў пілігрымку ў Ерузалем, значыцца гэта была адна са шматлікіх
такіх сітуацый. Магчыма, яны лічылі, што ўжо вялікі Сын можа ісці са знаёмымі,
не павінен увесь час ісці з імі. Можа Юзаф ішоў у групе знаёмых мужчын, Марыя ў
групе жанчын, можа кожны з Іх быў перакананы, што Езус ідзе ў іншай групе? Не
ведаем. Дванаццацігадовага хлопчыка ў тыя часы лічылі досыць самастойным.
Нечакана яны заўважаюць, што Езуса няма. Напэўна праўду яны ўсведамляюць
паволі, пытаюць, правяраюць, шукаюць. Усведамляюць сабе, што Яго не бачылі ўжо
на працягу нейкага часу, але колькі? Паспрабуем уявіць сабе час пытанняў,
адказаў, няўпэўненасці, усё большага непакою. Няма Езуса. Ніхто не бачыў Сына.
Невядома, дзе Ён!
Евангелісты падыходзяць да Маці Божай з вялікай павагай, рэдка адважваюцца
апісваць Яе пачуцці, яшчэ радзей прапаноўваюць сваю ацэнку сітуацыі. Шкада, што
не ўсе захоўваюць павагу і стрыманасць у адносінах да Беззаганнай, найбольш
таямнічай Жанчыны свету, найбліжэйшай Богу…
Мы не ведаем, што думае і адчувае Марыя, але досвед маці, якія хоць на
хвіліну згубілі з вачэй дзіця і шукалі яго, адлюстроўвае тое, што незапісана і
невыказана. Магчыма спачатку Юзаф і Марыя ішлі яшчэ кавалак дарогі з людзьмі,
пытаючыся пра Сына. Ішлі ўжо другі дзень падарожжа, гэта нямала. Яны шукаюць
Яго другі дзень, ідучы ў групе. Нарэшце вяртаюцца, ўсё больш занепакоеныя.
Мінае чарговы дзень дарогі ў Ерузалем, там разам, ужо без сваякоў і знаёмых, з
пачуццём не столькі святочных успамінаў, колькі нарастачага непакою. Евангелле
адразу інфармуе чытача, што “Езус быў у Ерузалеме, яле Яго бацькі пра гэта не
ведалі”.
Паглядзім уважліва – зрэшты гэта не Сын згубіўся, гэта Бацькі Яго згубілі.
Ен проста застаўся на месцы, Яны ж пайшлі далей. “Праз тры дні знайшлі Яго ў
святыні: Ён сядзеў сярод настаўнікаў, прыслухоўваўся да іх і задаваў ім пытанні”.
Як бы мы адчулі сябе на месцы Марыі? Якія пачуцці б нарадзіліся ў нас, магчыма
шмат розных пачуццяў?
Езус не занепакоены, і спецыяльна не зацікаўлены тым, дзе Яго бацькі,
здаецца, што Ён не адчувае, што Яму некага не хапае. Ён робіць уражанне вельмі
занятага, засяроджанага на сваіх справах. Ён застаўся ў тым месцы, дзе Яму
спадабалася, адчуў сябе, як у сябе дома, Яму тут падабаецца. Ён увогуле не
згубіўся, увогуле не меў намеру адсюль адыходзіць. Нават больш, Ён радуецца
выбранай супольнасці, якая таксама лічыць, што Ён на сваім месцы: “усе,
слухаючы Яго, не маглі надзівіцца Яго мудрасці і адказам”.
Сапраўды варта, каб мы затрымаліся і на хвіліну ўявілі сябе на месцы Юзафа
і Марыі!
Сын іх здзівіў, Сын і далей працягвае іх здзіўляць. Не досыць таго, што Ён
проста знік з вачэй, не досыць, што яны перажывалі, Ён увогуле не выглядае
разугубленым, не апраўдваецца, не просіць прабачэння.
Што за размова! “Айцец Твой і я з болем сэрца шукалі Цябе”. – “Ці вы не
ведалі, што я павінен быць у доме Айца?”
Над гэтым варта падумаць. Можа спачатку над далікатнасцю Марыі, якая кажа
спачатку пра св. Юзафа, не пра Сябе. Гэта таксама дае нам свет на пачуцці
Юзафа, спрадвеку абранага на мужа Марыі, на айца зямлі, на найбольш сціплага
мужчыну. Ці здзіўляе нас рэакцыя Марыі? Якая ж Маці не выказвала б такіх
пачуццяў? Падумаем пра Юзафа, які шчодрым сэрцам прыняў Дзіця Жонкі, Дзіця
Божае. Ён выхоўваў Яго з найвялікшай любоўю і пяшчотай, а цяпер боячыся за
Сына, шукаў Яго, і нечакана чуе, што Айцец у небе – першы. Юзаф ведаў пра гэта,
сапраўды, але…
А Езус, ці Ён чакаў, што Яны самі здагадаюцца пра тое, што Ён хацеў тут
застацца? Ці хацеў даць знак, што ведае, што Ён пакліканы да паслухмянасці перш
за ўсё Айцу ў небе?
Юзаф і Марыя з хвіліны Божага Нараджэння глядзяць на Езуса, лепш пазнаюць
Яго, вучацца кожнага дня, слухаюць Яго словы. Іх штодзённае жыццё засроджваецца
на Сыне – падрастаючым, спеючым да публічнай дзейнасці Езуса. Сёння асаблівы
дзень – як пробліск, незразумелае прадказанне будучыні. Езус не прыйшоў
выканаць спадзяванні Бацькоў, хоць Ён іх і вельмі любіць. Пакліканне Езуса –
“быць у справах Айца”. Езус вельмі любіць Юзафа і Марыю, аднак перш за ўсё Ён
выконвае волю ласкавага Айца.
Падумаем хвілінку над тым, чага мы чакаем ад Езуса? Ці мы прызнаем, што
Езус мае права адносіцца да нас, як да Марыі і Юзафа? Ці мы абражаемся, калі
адыходзім вельмі далёка і губляем Яго з вачэй, ці як Маці Божая, шукаем Сына
Божага?
Пане, мы згубілі Цябе, хоць нам здавалася, што мы так блізка. Прабач нам.
Ты ў справах Айца, а мы аддаліліся ад Цябе. Мы хочам вярнуцца да Цябе, хочам
знайсці Цябе. Ты важны для нас.
Пане, дазволь нам шукаць Цябе, як Марыя і Юзаф, з болем сэрца, з пачуццём
недахопу найважнейшай Асобы ў нышым жыцці, вытрывала, паўсюль. Нам дрэнна без
Цябе, мы далёка ад Цябе і не хочам прызвычаіцца да гэтага аддалення ад Тваго
Найсаладзейшага Сэрца.
Пане, дазволь нам, просім, знайсці Цябе, як Марыя і св. Юзаф з палёгкай
выслухаць Твае словы, нават калі мы іх не разумеем. Вучы нас насіць у сабе Твае
словы, разважаць над імі, прыняць Цябе, як Марыя.
Беззаганнае Сэрца, якое ўглядаешся ў Бога, суправаджай мяне ў дарозе! Амэн.
О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе,
давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу ў Цябе прабачэння за тых,
што не вераць у Цябе,
не праслаўляюць Цябе,
не давяраюць Табе і не любяць Цябе.
Кожны дзень з Табой Марыя.
Радасць
Маці Божая, Маці Езуса, Маці нашая, шмат хто з нас прыходзіць да Цябе са
сваімі патрэбамі, чакаючы Тваёй падтрымкі, суцяшэння. Цябе стагоддзямі
заклікалі як Суцяшальніцу засмучаных, заклапочаных, хвалюючыхся, тых, што ў
роспачы. Так шмат людзей прыходзіла з цяжкім сэрцам, часта не бачучы выхаду з
сітуацыі, шукаючы паратунку, чакаючы падтрымкі. Маці суцяшэння, побач з Табой,
у Тваёй прысутнасці столькі людзей плакала, не ўмеючы нават выказаць сваёй
малітвы, не ведаючы, як уратавацца ў розных выпадках.
Мы прыходзім сёння да Цябе, Марыя, Панна Найсвяцейшая, Маці нашага Пана і
Сябра, нашага Збаўцы, ружанец набліжае нас да Твайго жыцця, паказвае нам падзеі
жыцця Езуса і Твайго. Ты сама зведала столькі радасці і суцяшэння ад Бога, Ты
ўмела адкрываць Беззаганнае Сэрца на радасныя таямніцы, радавацца прысутнасці
Езуса, прымаць радасць. Ты насіла Радасць і Суцяшэнне, Езуса, у сабе. Ты была
найпрыгажэйшай Святыняй Бога, Аркай Запавету. Ты насіла Таго, хто носіць усё і
ўсіх.
О Маці, Суцяшальніца шматлікіх пакаленняў, Суцяшальніца засмучаных,
Прытулак грэшных, мы хочам сёння прасіць Цябе: навучы нас прымаць радасць, о
Марыя!
Хто вучыў Цябе радасці, Найсвяцейшая Панна? Мы чытаем, што Ты была поўная
Духа Святога, Салодкай радасці сэрцаў, гэта Ён напаўняў Цябе, Тваё Сэрца,
сваімі дарамі. Менавіта Ты, Беззаганная, не кранутая ніводным грахом, магла
найбольш прыняць ласку радасці. Ты, Беззаганная, поўная дароў Духа Святога,
сапраўды чыстая, магла цалкам адкрыцца. Нішто не аддзяляе Цябе, о Найсвяцейшая.
ад Божага Суцяшальніка, ніякі грэх, і таму менавіта Ты, цалкам Божая, цалкам
падпарадкаваная моцнай і салодкай моцы Духа, магла стаць таксама Суцяшальніцай.
Панна радасная, поўная дароў Божых, поўная радасці Божай, настолькі блізкая
Езусу, вучы нас радасці. Так шмат у нас страхаў, смуткаў, дрэнных успамінаў,
горычы, жалю… Панна з добрым Беззаганным Сэрцам будзь з намі!
Паглядзі ў нашыя сэрцы, Панна Марыя Пакажы нам Тваё Сэрца! Ты маеш Сэрца
Беззаганнае, чыстае, як крышталь. Ты бачыш Бога, Яго міласэрнасць з пакалення ў
пакаленне, Ты бачыш моц Божую, мы ж перш за ўсё бачым нашую слабасць, нашую
бездапаможнасць, Панна радасная, Панна моцная! Будзь нашым натхненнем, будзь
нашай Правадніцай, просім Цябе!
Мы ведаем дары і плады Духа Святога: мы ведаем, што гэта Ён, Дух Божы,
дзейнічае ў сэрцах і тады мы прымаем любоў, радасць, супакой, цярплівасць,
дабрыню, дабразычлівасць, лагоднасць, стрыманасць. Самі па сабе мы няшмат
можам, так лёгка нас пераварочвае нават маленькая перашкода, крыўда,
расчараванне!
Маці, Настаўніца жыцця, пакажы нам радасць жыцця, навучы нас, просім Цябе,
радасці!
Якія былі Твае радасці, о Панна? Было іх напэўна шмат, а Дух Святы паказаў
нам столькі з Твайго жыцця ў Евангеллях, колькі нам было патрэбна для нашага
збаўлення. Мы хочам з павагай думаць пра Тваё жыццё, як пра жыццё нашай Маці,
мы не хочам шукаць тое, што з’яўляецца толькі Тваёй таямніцай, таямніцай
дзейнасці Бога ў Тваім жыцці, захаванай толькі для Цябе, для Тваёй Сям’і, для
самога Бога. Што кажуць нам Евангелісты пра Твае радасці, о Марыя?
Мы ведаем, што Тваёй вялікай радасцю было звеставане, першая радасная
таямніца, якая адкрыла Тваё пакліканне. О Панна Найсвяцейшая, Панна мудрая, Ты
ўмела прыняць нечаканае, невядомае, вельмі дзіўныя навіны з радасцю,
узрадавацца Божаму дару, прыняць Езуса як Радасць, хоць і ведала, што ў
абяцанага Месіі будзе нялёгкае жыццё. Ты ведала, што трэба будзе згаджацца на
планы Божыя. Мы глядзім на Цябе ў радасці звеставання і бачым, які вялікі трэба
мець давер да Айца добрага і ўсемагутнага, каб прыняць радасць. Ты,
Найчысцейшая, умела прыняць радасць звеставання, перажыць яе як радасную
таямніцу. З такім даверам, як дзіця, якое прымае падарунак ад Айца, які дае
добрыя дары сваім дзецям. Вучы нас, Панна мудрая, Панна ласкавая, працягваць
рукі да Айца, як Ты, з Сэрцам чыстым, адкрытым, з даверам на ўсё гатовым. Як мы
прымаем наш шлях паклікання? Са страхам, з бояззю? Ці так, як Ты?
Мы ведаем, што Тваёй радасцю была сустрэча з Альжбетай. Беззаганае Сэрца
дазволіла весці сябе да сваячкі, старэйшай жанчыны. Ты прыняла, Маці, рызыку
падарожжа, рызыку сустрэчы. Твая радасць умее прывітаць радасць некага іншага,
умее радавацца дзеянню Божаму дзеля іншых, у іншых. Праз Цябе прыходзіць
радасць да Альжбеты, да малога Яна Хрысціцеля. Твая прысутнасць узмацняе іх у
пакліканні да адданасці Айцу міласэрнаму і ўсемагутнаму, заклікае да блізкасці
Божай. Твой прыход дадае ім моцы і адвагі, прыносіць надзею і супакой. Навучы
нас, Настаўніца сустрэчы, Настаўніца радасці Божай, радавацца з іншымі,
падтрымліваць радасці іншых, быць дзеля іх радасцю!
Тваёй радасцю, як мы ведаем, было нараджэнне Бога – Ты ўзяла Езуса на рукі,
Ты бачыла Таго, у якога верыла. Маці моцная верай, Маці поўная даверу, Ты
першая сярод тых, што не бачылі, а паверылі! Па слову анёла Ты паверыла, хоць і
не магла ніяк спраўдзіць, што носіш у Сабе Сына Божага… Цяпер, калі Ты
нарадзіла, Ты радуешся Яму – ня гледзячы на ўсе цяжкасці, верыш, радуешся Сыну
Айца і Твайму, бачыш толькі малое Немаўля. Колькі ж даверу і веры было ў Тваёй
радасці, Маці… Як мы можам вучыцца ў Цябе – так, без ніякіх знакаў – верыць у
прысутнасць Божую ў штодзённасці?
Тваёй радасцю, Марыя, было ахвяраванне – Ён радаваў Цябе ў святыні, Ты,
такая блізкая Богу, аддавала ў дар Яму, які Сам Табе даваў, Ты Яму аддавала,
згаджаючыся на ўсе вялікія цяжкасці паклікання Твайго і Твайго Сына. Ты з верай
прымала ўсё, што Айцец прадбачыў і запланаваў для дабра ўсіх людзей. Ты
радавалася ўсім Беззаганным Сэрцам, чуючы што Сын Твой будзе гонарам і хвалой
Ізраэля, Твайго народу. Адкрытым, шчодрым Сэрцам Ты згадзілася з радасцю, што
Ён будзе таксама збаўленнем язычнікаў. Тваё чыстае Сэрца ахоплівала ўсіх. Словы
Сімяона пра меч, які пройдзе Тваё Сэрца, Ты таксама прыняла, хоць і здзіўлялася
ўсяму, імкнулася прымаць, разумець, разважаць. Ты ўмела радавацца гэтай
сустрэчы, хоць быў у ёй неспакой, прадказанне цярпення. Навучы нас, Маці,
просім Цябе, прымаць радасць, навучы нас не пагарджаць радасцю таксама і тады,
калі з’яўляюцца цяжкасці, няясная будучыня. Тваю радасць мы бачым таксама ў
знаходжанні Езуса ў святыні – хоць і цяжкая гэта была радасць прымаць
падрастаючага Езуса, ўсё больш засяроджанага на пакліканні, на шляху жыцця для
Айца, для людзей. Ты прыняла, Найсвяцейшая найцудоўнейшая Маці, Езуса разам з
Яго місіяй, Яго воляй, Яго пакліканнем.
Твая радасць – гэта не толькі радасныя таямніцы. Ты радавалася навучанню
Езуса, хоць і ведала, што ёсць таксама недабразычлівыя галасы, Ты радавалася
навяртанням сэрцаў, аздараўленням. Тваёй радасцю быў Езус, Суцяшальнік
засмучаных, Аздараўленне хворых, Той, што ўзнімаў упаўшых і пагарджаных,
адкінутых і асуджаных, які нікім не пагарджаў. Навучы нас, Панна мудрая,
радавацца Езусу! Навучы нас, як Ты, бачыць Езуса, вядзі нас да радасці! Тваёй
радасцю была Яго прысутнасць у спакойныя дні ў Назарэце, без вялікіх падзей,
без вялікіх цудаў. Ты ўмела таксама радавацца цуду ў Кане, радавацца сціплай
дапамозе Езуса падчас вяселля. Радавала Цябе вера апосталаў, вучняў… Як жа
вялікая Твая радасць была з уваскрашэння Сына! У дзень спаслання Духа Святога
Ты ў чарговы раз атрымала Духа Божага, а таксама дары радасці! О Марыя, Панна
радасная! Ты ўмела прымаць Беззаганным Сэрцам тое, што прыходзіць. Ты не рабіла
ніякіх абмежаванняў, не мела ніякіх жаданняў. Будзь нам, як Маці, настаўніца
радасці. Просім Цябе, не дазволь нам пагрузіцца ў жаль і боязь, у страх і
хворае ўяўленне. Ты паказваеш нам Езуса, які заўсёды быў Тваёй радасцю,
паказваеш нам неба, дзе мы будзем разам, аздароўленыя, шчаслівыя. Мы святкуем
таксама Тваю радасць унебаўзяцця, дзе цалкам Божая, шчаслівая, Ты злучылася з
Сынам, у радасці Духа Святога, да радасці Айца.
Тваёй найвялікшай радасцю быў сам Езус, Ён быў шчасцем Твайго Беззаганнага
Сэрца, о Найсвяцейшая і Найчысцейшая! Дапамажы нам, Маці Радасная, радавацца
Богу, насіць у сэрцы Духа Суцяшальніка! Прасі з намі аб дарах і пладах Духа
Святога, просім Цябе, Панна магутная!
Дапамажы нам быць таксама Тваёй радасцю, Маці. Мы вельмі хочам быць радасцю
Беззаганнага Сэрца, Тваім суцяшэннем, прынесці Табе нашую ўдзячнасць і радасць.
Маці хочуць радавацца сваім дзецям. Мы хочам быць падобнымі да Цябе, о
найпрыгажэйшая! Мы хочам несці радасць Духа Божага людзям, як Ты, быць іх
падтрымкай, дапамогай, адпачынкам.
Ты – Маці поўная радасці, праз Цябе праходзіць Радасць, Езус. Ты ўмела
радавацца Езусу кожнага дня, жывучы ў блізкасці з Ім, у штодзённасці звычайнай
і незвычайнай, настолькі поўнай прысутнасці Бога, Ты ўмела радавацца Богу.
Мы хочам жыць з табой і так, як Ты, Беззаганная Марыя. Маці, маліся з намі,
маліся за нас, прасі Духа Божага для нас, каб Ён пасяліўся ў нас, як у Табе.
Няхай нас вядзе Салодкая радасць сэрцаў, Салодкі адпачынак. Святая Панна,
мудрая і добрая, вучы нас даверлівай радасці, пакажы нам сваё Беззаганнае
Сэрца, не кранутае злом, адкрытае на радаць Божую.
Вучы нас радасці, Панна мудрая, Панна вольная ад граху, вольная ад горычы,
вольная ад злосці і знеахвочвання. Панна поўная радасці Божай, прасі з намі
Духа мужнасці, мудрасці, вытрываласці, радасці. Так, як Ты, мы хочам часцей
несці радасць у нашыя сем’і, да месцаў нашай працы. Няхай будзе ў нас Твой дух,
які радуецца Богу, які праслаўляе Пана, свайго Збаўцу.
Мы хочам, як Ты, радасна прымаць Езуса, насіць у сабе, спяваць дзеля Яго,
радавацца з Ім, як Ты, Беззаганная.
Панна радасная, Панна праслаўляючая,
Панна мудрая, маліся за нас,
вядзі нас, падтрымлівай нас,
будзь нашай Маці! Амэн.
Перакладзена з польскага выдання
“Potęga Rodziny. Domowy Kościół,
którego nie przemogą bramy piekła.”
“Potęga Rodziny. Domowy Kościół,
którego nie przemogą bramy piekła.”